Лук 12 1-59

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ


Лук 12:1-59

Мы працягваем нашую вандроўку, разам з Ісусам, у Ерусалім. Шмат чаго ўжо мы пачулі і шмат чаго ўжо ўбачылі. Мы ўбачылі служэньне спачатку дванаццаці, а потым і семідзесяці вучняў, якое ўжо адбылося па ходу руху Ісуса ў Ерусалім. Мы ўбачылі і пачулі настаўленьні Ісуса да вучняў, як і Ягоныя спрэчкі з фарысэямі ды законьнікамі. Мы пачулі і тое, як трэба правільна маліцца да Госпада. Але зараз мы назіраем папярэджаньне Ісуса на тое, як належыць паводзіць сябе ў святле ўзмацняючага процістаяньня з сіламі дзяржаўнай і рэлігійнай уладаў. Ды і ня толькі.


Лук 12:1-12
«Тым часам сабраўся шматтысячны натоўп, ажно ціснулі адзін аднаго, і Ён пачаў гаварыць спачатку да вучняў Сваіх: “Сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць. Бо няма нічога прыхаванага, што б не адкрылася, і тайнага, пра што б не даведаліся. Дык што вы кажаце ў цемры, будзе пачута ў сьвятле; і што скажаце на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў”» (Лук 12:1-3).

Лука дае нам убачыць, як, па меры набліжэньня да Ерусаліма, павялічваецца небясьпека і процістаяньне з тымі, хто не схацеў прыняць вучэньне Ісуса. І таму Ісус прапануе тым, хто пайшоў за Ім, быць вельмі ўважлівымі, асьцярожнымі і гатовымі на ўсё. Барацьба за Божае Валадарства пачалася. Вельмі сур’ёзная барацьба. Ісус патрабуе ад вучняў вялікай ўвагі, бо інакш яны ня здолеюць пазьбегнуць бяды. Ісус заклікае іх да мудрасьці, бо сказанае імі ў цемры ці паміж сабою ў пакоях, абавязкова будзе вядома ў сьвятле ці абвешчана з дахаў. Так, вучні Ісуса не павінны выказвацца нямудра, але і баяцца ворагаў з ліку сьмяротных людзей яны таксама не павінны, бо сапраўдны вораг – гэта той, хто стварае накірунак чалавеку ў геену.

Ісус заклікае вучняў, называючы іх сябрамі, баяцца не людзей, якія здольныя забіць толькі цела, але Бога, Які мае ўладу ўкінуць у пекла: «Кажу ж вам сябры Мае: ня бойцеся тых, якія забіваюць цела і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць; Перасьцярагаю ж вас, каго баяцца: бойцеся Таго, Хто мае ўладу, забіўшы, укінуць у геену. Так кажу вам, Яго бойцеся» (Лук 12:5).

Геена – гэта назва даліны каля Ерусаліма ў паўдзённым напрамку ад яго, дзе спальвалі гарадзкое сьмецьце. У народзе ўкаранілася гэтая назва ў якасьці метафары пяклянага агню. Але гаворка ідзе не пра тое, што веруючаму чалавеку трэба баяцца Бога нейкім жывёльным страхам. Зусім не. Гэта тычыцца людзей няверуючых, якіх як раз і чакае такая незайздросная будучыня пасьля сваёй сьмерці, бо ад Бога схаваць нічога немагчыма. Веруючы ж чалавек не павінен баяцца Бога, але ў некаторых сэнсах страх перад Госпадам бывае вельмі карысным. Богу трэба выказваць давер, бо калі Ён клапоціцца нават за вераб’ёў, дык наколькі даражэйшыя за вераб’ёў Ягоныя сыны і дочкі, якія ў любых жыцьцёвых абставінах будуць вернымі Госпаду: «Хто прызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі, а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, ад таго адракуцца перад анёламі Божымі» (Лук 12:8-9).

Мы павінны ісьці за Ісусам Хрыстом, будучы ўпэўненымі ў Ім, але і разумеючы, што барацьба з гэтым сьветам мае вельмі жорсткі характар. І тут Ісус кажа Сваім вучням даволі дзіўныя словы: «І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана, а хто будзе блюзьніць на Духа Сьвятога, таму ня будзе адпушчана» (Лук 12:10).

Такая перасьцярога Ісуса можа прывесьці многіх у тупік разважаньняў. Як разумець гэтыя словы Ісуса? Чаму за слова супраць Ісуса Хрыста можа быць прабачэньне, а за блюзьнерства ў адносінах да Сьвятога Духа - не?

Лука закладае ў гэтым вершы вельмі глыбокі сэнс. Той, хто бачыў справы Ісуса ці чуў пра іх, мог адразу і не зразумець Яго, а таму і выказацца супраць. Але такі чалавек не пазбавіўся магчымасьці прыняць Хрыста, пакаяўшыся перад Ім у сваіх беззаконьнях. Прыкладам такой нязгоды з Ісусам могуць быць Ягоныя браты, якія спачатку не паверылі Яму: «Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго» (Ян 7:5). Але мы бачым, што ў далейшым ім не закрылася дзьвер да Хрыста: «Усе яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі, і Марыяй, маці Ісуса, і братамі Ягонымі» (Дзеі 1:14). Той жа, хто адмаўляе працы Сьвятога Духа, тым самым самастойна закрывае доступ дабратворнага ўплыву Духа на сэрца чалавека. Гэта ж азначае нішто іншае, як закрыцьцё ў сваё сэрца шляху нават і думкі пра пакаяньне, што ў сваю чаргу пазбаўляе чалавека збаўленьня ў Ісусе Хрысьце.

Далей Ісус кажа вучням наступнае: «А калі прывядуць вас у сынагогі, і да начальнікаў, і да ўладаў, не клапаціцеся, як ці што будзеце адказваць, ці што будзеце гаварыць, бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што мусіце гаварыць» (Лук 12:11-12).


Той, хто давярае Госпаду ўбачыць, што ў выпрабаваньнях на вернасьць Ісусу, яму будзе дадзена звыш, што казаць і як дзейнічаць, бо Сьвяты Дух навучыць яго, калі гэта спатрэбіцца.


Лук 12:13-34
«Нехта з натоўпу сказаў Яму: “Настаўнік! Скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай”. Ён жа сказаў яму: “Чалавеча, хто паставіў Мяне судзьдзём ці разьмеркавальнікам паміж вамі?”. Пры гэтым сказаў ім: “Глядзіце і захоўвайце сябе ад хцівасьці, бо жыцьцё чалавека ня ў мностве маёмасьці яго”» (Лук 12:13-15).

Пазіцыя гэтага чалавека, які дбае за сваю спадчыну, вельмі характэрная для старажытнага Ізраіля, бо валоданьне хоць нйкім кавалкам Сьвятой зямлі было вельмі важным для гебраяў. Гэта было важным гебрайскім сымбалем і таму гебраі вельмі моцна трымаліся сваёй спадчыны як па рэлігійным, так і па эканамічным прычынам. Але Ісус прыйшоў ня дзеля таго, каб дзяліць спадчыну, а дзеля таго, каб зьмяніць звыклыя каштоўнасьці. Ён бачыў у гэтым чалавеку Ізраіля, які намагаўся забясьпечыць сябе надзейным багацьцем на неабмежавана працяглы час. Цэлыя народы і асобныя людзі імкнуцца да гэтага, але Ісус Хрыстос кажа ім ўсё тое ж: «Вар’яты! Жыцьцё для сябе і Божае Валадарства – гэта нешта зусім іншае». І ў дадатак да гэтага распавядае ім прыповесьць пра неразумнага багацея.

«У аднаго багатага чалавека быў добры ўраджай у полі, і ён разважаў у сабе, кажучы: “Што мне зрабіць, бо ня маю, куды злажыць плады мае?” І сказаў: “Вось што зраблю: раскідаю сьвірны мае, і пабудую большыя, і зьбяру туды ўсю пшаніцу маю і ўсё дабро маё, і скажу душы маёй: “Душа! Шмат дабра ляжыць у цябе на шмат год; супакойся, еш, пі, весяліся. А Бог сказаў яму: “Неразумны! У гэту ноч душу тваю возьмуць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты прыдбаў?” Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее» (Лук 12:16-21).

Пра што гэтая прыповесьць і чаму яна можа нас навучыць? Мы бачым гісторыю сьмерці асобнага чалавека, які набыў значнае багацьце. Але тут няма і намёку на Божае пакараньне гэтага чалавека. Прыповесьць кажа пра непрадказальнасьць і далікатнасьць чалавечага жыцьця, але галоўная тэма прыповесьці – Божая адзнака тых, хто спадзяецца на свае багацьці. Умяшальніцтва сьмерці парушае планы чалавека і выяўляе ўсю ягоную неразумнасьць, бо багацьце ня можа быць надзейным падмуркам для бясьпекі ў жыцьці. Ісус кажа, што чалавек практычна непадуладны над асабістым жыцьцём, што б ён пра гэта ня думаў. Бяда гэтага чалавека ў тым, што ён не ўключыў у свае разьлікі Бога і шукаў для сваёй душы маёмасьці, якая ня ёсьць гарантам надзейнасьці і бясьпекі жыцьця чалавека. Прыповесьць каротка і ясна паказвае нам, што сэнс жыцьця не складаецца з клопатаў для набыцьця багацьця і забясьпячэньня будучыні, а пачуцьцё задаволенасьці ад асабістага багацьця – гэта толькі ілюзія.

Але вось і непрыемны бок, калі гэтая прыповесьць б’е амаль што кожнага з нас па балючаму месцу, бо ці ня хочам мы сказаць, як той багацей, сваёй душы: «Шмат дабра (ці грошай) ёсьць у мяне на многія гады: супакойся, еш, пі, весяліся». Прыповесьць падкрэсьлівае хрупкасьць чалавечага жыцьця, нягледзячы на вялікую маёмасьць. Гэта ведаюць многія сучасныя людзі, а тым больш хрысьціяне. Але паводзяць яны сябе так, як быццам бы гэтая гісторыя сказаная не для іх, хаця, пры гэтым, робяць тое ж самае, што і багацей з прыповесьці. Ісус жа кажа: «У Бога багацейце», што азначае прыносіць духоўны плод, адлюстроўваючы Божы характар у-ва ўсіх нашых узаемаадносінах.

Ісус працягвае вучыць, кажучы вучням: «Дзеля таго кажу вам: “Не клапаціцеся дзеля душы вашай, што вам есьці, ані дзеля цела, у што адзецца”. Душа большая за ежу, і цела за адзеньне. Паглядзіце на груганоў, якія ані сеюць, ані жнуць, няма ў іх камораў, ані сьвірнаў, і Бог жывіць іх. Наколькі ж вы лепшыя за птушак?» (Лук 12:22-24).

Ісус адкрывае вучням праўду таго, што павінна быць скарбам душы чалавека. Сапраўдны скарб – гэта ня ежа і адзеньне, а прысутнасьць Госпада, бо Той, Хто жывіць груганоў, якія не ствараюць анічога, тым больш не пакіне Сваіх дзяцей і дасьць ім усё неабходнае для жыцьця. Нават і лілея, якая, сама па сабе, нічога ня можа, прыгажэйшая за самую прыгожую вопратку Саламона. Ісус заклікае вучняў не разьменьвацца на штодзённыя клопаты сьвету, кажучы ім: «І вы не шукайце, што вам есьці, ці што піць, і не турбуйцеся. Бо ўсё гэта шукаюць народы гэтага сьвету; а ваш Айцец ведае, што вам гэта патрэбна» (Лук 12:29-30).

І сапраўды, калі мы дзеці свайго Айца, Які можа ўсё, дык, як дзеці, будзем спадзявацца на Яго, пераклаўшы на Яго нашыя штодзённыя клопаты, прыслухаўшыся да словаў Ісуса: «Найбольш шукайце Валадарства Божага, і тое ўсё дадуць вам» (Лук 12:31).

Ісус заклікае не зьбіраць скарб на зямлі, які ў любы момант можа быць зьнішчаным, але зьбіраць скарб нябесны, які не зьнішчаецца, бо сэрца чалавека там, дзе ёсьць ягоны скарб: «Бо дзе ёсьць скарб ваш, там будзе і сэрца вашае» (Лук 12:34).


Лук 12:35-48
«Няхай будуць паясьніцы вашыя падперазаныя, і сьвечкі запаленыя, і вы – падобныя да людзей, якія чакаюць вяртаньне гаспадара свайго з вясельля, каб, як прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму» (Лук 12:35-36).

Калі мы зьбіраемся ў нейкую вандроўку, мы намагаемся прадумаць усё да дэталяў, каб узяць з сабою усё неабходнае. І калі мы ўсё ж нешта забываем, дык ці здольны вярнуць сітуацыю назад, калі мы ўжо далёка ад дому? Ісус дае людзям параду, якую мы ўжо бачылі ў кнізе Выхад, калі гебраі зьбіраліся выйсьці з Егіпта: «Хай будзе паясьніца ваша падперазаная, абутак ваш на нагах вашых і кіі вашыя ў руках вашых» (Вых 12-11).

Параўнаем са словамі Ісуса: «Няхай будуць паясьніцы вашыя падперазаныя і сьвечкі запаленыя». Ісус заклікае вучняў бадзёрыцца і быць вернымі Яму. Тут няма гаворкі пра другое прышэсьце Хрыста. Не паспеў час. Ісус ведае, што набліжаецца момант, калі сілы сьвятла і цемры вельмі хутка сыйдуцца ў бітве, вынікам якой стане Ягоная сьмерць і перамога над сіламі цемры. Акрамя гэтага іх чакае катастрофа, якая ў хуткім часе напаткае Ерусалім. Гэтыя падзеі зьявяцца для вучняў Ісуса сур’знай праверкай і таму яны не павінны паслабляцца і думаць, што калі яны з Ісусам, дык будзе ўсё цудоўна. Ісус ведае ўсё і, як бы набліжае гэты час ідучы ў Ерусалім. Ісус гатуе вучняў да гэтага, паказваючы ім вобраз гаспадара і ягоных слугаў.

«Сказаў жа Яму Петр: “Госпадзе! Ці да нас гаворыш гэтую прыповесьць ці да ўсіх?”» (Лук 12:41).

Пытаньне Пятра нясе ў сабе важную думку: «Ці разумець вучням, што сказанае Ісусам тычыцца іх (слугаў Ісуса), ці гэта накірована і да ўсяго Ізраіля?» Гэта так, словы Ісуса накірованы і да ўсяго Ізраіля, бо таму Ён і працягвае: «Хто ёсьць верны і мудры аканом, якога пан паставіць над слугамі сваімі раздаваць ім ў свой час меру хлеба? Шчасьлівы той слуга, якога пан ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта» (Лук 12:42-43).

Але Ісус папярэджвае людзей і пра адваротнае, калі людзі не паслухаюцца свайго гаспадара: «Слуга ж той, які ведаў волю пана свайго, і ня быў гатовы і не рабіў паводле волі ягонай, будзе моцна біты» (Лук 12:47).

Словы Ісуса накірованы і да сучасных духоўных настаўнікаў, якіх Ён ставіць на працу для Госпада і якія павінны дабрасумленна выконваць свае абавязкі перад Богам. Бо што будзе, калі прыйдзе пан і засьпее зьнянацку, ўбачыўшы несумленную працу свайго слугі?


Лук 12:49-59
«Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і як хачу, каб ён ужо загарэўся! Бо хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і як Я сьціснуты, пакуль гэта ня зьдзейсьніцца! Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць супакой гэтай зямлі? Не, кажу вам, але разьдзяленьне. Бо адкуль пяцёра ў адным доме падзеляцца, трое супраць двох і двое супраць трох» (Лук 12:49-52).

Жорсткія словы. Ці ня так? Усё пераварочваецца з ног на галаву. Ісус – Гаспадар разьдзяленьня? Сям’я, якая пачуе такую навіну, набудзе відавочны разлад, а любові ад гэтага ніяк не дадасца, як гэта напісана ў Міхея: «Бо сын ганьбуе бацьку, дачка паўстае супраць маці, нявестка – супраць сьвякрові сваёй; ворагі чалавека – хатнія ягоныя» (Міх 7:6). Мы павінны памятаць, што Міхей кажа пра крызіс Ізраіля, які адвярнуўся ад Бога да паганскіх балванаў. Мы памятаем, чым гэта скончылася для Ізраіля. Заваёва асірыйцамі і палон.

Дарэчы, слова «крызіс» - «крысіс» перакладаецца са старажытнай грэцкай мовы як «суд». Над Ізраілем і быў суд, калі дзесяць каленаў Ізраіля былі пазбаўлены зямлі абяцанай і фактычна выдалены з улоньня зямлі. І вось, мы ўжо адчуваем новы крызіс – крызіс Юдэі, узмацненьне якога добра бачыць Ісус і ў якім павінен вызначыцца Ягоны асабісты лёс: «Бо хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і як Я сьціснуты, пакуль гэта ня зьдзейсьніцца». Ісус «сьціснуты», бо гебраі не разумеюць Яго, як разумеюць азнакі надвор’я. Гебраі ня здолелі заўважыць самога Сына Бога, Які хадзіў з імі і сярод іх, як той самы момант, якога так чакала ўся гісторыя Ізраіля. А гэта і ёсьць крызіс, а значыць і хуткі суд.

«Крывадушнікі! Аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не распазнаяцё? Чаму ж вы сябе саміх ня судзіце праведна? Бо калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальніка, па дарозе аддай заробленае, каб пазбыцца яго, каб ён не прывёў цябе да судзьдзі, і судзьдзя не аддаў бы цябе кату, і кат ня кінуў бы цябе ў вязьніцу. Кажу табе: Ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі яму і апошняй лепты» (Лук 12:56-59).

Калі б гебраі пачулі і зразумелі Ісуса, дык ім было б магчымым параіць нешта тэрмінова рабіць, як гэта зрабілі жыхары Нінівіі дзеля свайго збаўленьня. Але яны, калі і пачулі, дык не зразумелі, бо прыйшлі рымляне для пакараньня – улады, судзьдзі, начальнікі, - і ў 70 годзе па Р.Х. Ізраіль скончыў тым, што вымушаны быў аддаць рымлянам усё, нават і апошнюю лепту.


Рецензии