Лук 17 1-37

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ


Лук 17:1-37

Адзін чалавек напісаў кнігу, назіраючы за жыцьцём грамадзтва і сваім асабістым жыцьцём у ім. Яна называлася «Пра пакору і пра тое, як я гэтага дасягнуў». Назва гэтай кнігі супярэчліва настолькі, наколькі супярэчліва назва «Добры Самаранін» у прыповесьці Ісуса Хрыста. Калі ж мы кажам пра пакору, дык адзін з парадоксаў пакоры ў тым, што ўладальнік гэтага пра тое і не здагадваецца. Думку пра пакору мы можам бачыць у розных выказваньнях Лукі і ўсе яны накіроўваюць нас на вывучэньне Эвангельля, каб несьці вучэньне пра збаўленьне да ўсіх тых, хто сустракаецца на нашым шляху жыцьця.
Пакора, прабачэньне і вера – гэта менавіта тое, што і патрэбна ў нашым чалавечым жыцьці.


Лук 17:1-10
«І сказаў вучням Сваім: “Згаршэньні ня могуць не прыйсьці, але гора таму, праз каго яны прыходзяць. Лепей яму, калі камень ад жорнаў вісіць у яго на шыі і ён кінуты ў мора, чым каб ён згоршыў аднаго з малых гэтых» (Лук 17:1-2).

Што меў на ўвазе Ісус, калі казаў пра «малых гэтых»? Толькі тое, што некаторыя людзі могуць стаць камянём сутыкненьня для людзей (малых гэтых) і, уводзіўшы ў грэх, ня даць ім шляху да Божага Валадарства. Дык што яны ў такім разе заслугоўваюць? Так, жоран на шыю і шлях камяня у мора. Ісус, у першую чаргу, указвае на фарысэяў і кніжнікаў, якія намагаюцца не дапусьціць да Валадарства мытнікаў і грэшнікаў. Ён перасцярагае і вучняў не ствараць спакушэньняў каму б тое не было. Так, наогул, пазьбегнуць спакушэньняў у гэтым жыцьці ня здолее ніхто, але гора таму, праз каго яны прыходзяць.

«Сьцеражыцеся. Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, дакарай яго і, калі навернецца даруй яму. І калі сем разоў у дзень саграшыць супраць цябе, і сем разоў у дзень зьвернецца да цябе, кажучы: “Каюся”, даруй яму» (Лук 17:3-4).

Прасьцей за ўсё займаць пазіцыю «большага» ў падобнай спрэчцы, які, «так і быць», прабачае вінаватага. А, калі гэта трэба рабіць сем разоў у дзень, дык, наогул, гэта выглядае, як выбітны ўчынак ці сур’ёзная трэніроўка сваёй стрыманасьці і цярплівасьці. Падыход Ісуса да гэтай праблемы іншы, бо калі мы кагосьці прабачаем, дык не становімся, у гэтым выпадку, гаспадарамі. Наадварот, мы робім сябе слугамі, бо сваёй пакораю здымаем праблему, створаную грэхам. Мы павінны быць пакорнымі і не карыстацца асабістай перавагаю ў падобнай сітуацыі, а шчодра і шчыра прабачаць іншых людзей, як і Ісус Хрыстос першым прабачыў (і кожны дзень неаднаразова прабачае) нас. Ісус – адіная сапраўдная крыніца пакоры, адкуль мы і павінны чэрпаць гэтую жывую ваду. Гэта міласьць жывога Бога да ўсіх нас. Якая ж рэакцыя на гэта апосталаў Ісуса?

«І сказалі апосталы Госпаду: “Дадай нам веры”» (Лук 17:5).

Зусім ня дзіўна, што вучні Ісуса адчулі, што такія высокія стандарты патрабуюць ад іх большай веры, чым яны мелі, слухаючы Ісуса. Ён жа адразу адказвае ім: «Калі б вы мелі веру, як зерне гарчычнае і сказалі гэтаму фігаваму дрэву: “Будзь вырванае з каранём і перасаджанае ў мора”, яно паслухала б вас» (Лук 17:6).

Ісус гэтым кажа апосталам, што важны ня сам памер веры, у якой мы маем патрэбу, але тое, які, праз гэту веру, вялікі Бог. Вера – гэта акно, праз якое мы бачым Госпада. І ня так істотны памер гэтага акна, бо, нават і маленькая (гарчычнае зерне), дае нам магчымасьць разгледзець Яго ва ўсёй Сваёй уладзе і моцы. Недарма ж Ісус прыводзіць, як прыклад, фігавае дрэва, якое мае вельмі глыбокія карані, але па веры, гэта дрэва можа быць вырвана Госпадам і перасаджана ў глыбіні марскія. Безумоўна і тое, што моцаю нашага Госпада нельга карыстацца для нашых асабістых капрызаў, але што важна для нашых адносінаў з Богам, дык гэта пакора і яшчэ раз пакора. Але, што тычыцца пакоры.

«А хто з вас, маючы слугу, які арэ ці пасьвіць, калі ён прыйдзе з поля, скажа: “Ідзі хутчэй, узьляж?” Але ці ня скажа яму: “Падрыхтуй мне вячэру і, падперазаўшы, паслугуй мне, пакуль буду есьці ды піць, і пасьля гэтага еш і пі сам”? Ці дзякуе ён слузе гэтаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю. Так і вы, калі зробіце ўсё, што загадана вам, кажыце: “Мы – слугі нягодныя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць”» (Лук 17:7-10).

Гэта ўсё пра нас, бо ў гэтым мы знаходзім яшчэ адно шакуючае настаўленьне Ісуса Хрыста. Што б мы не рабілі для Госпада, гэта не дае нам ніякага права нешта патрабаваць ад Яго. Мы вельмі часта можам бачыць прыклады такога жыцьця чалавека, калі ён наракае на Бога за тое, што ён ня бачыць адказу за ягоныя нібыта «добрыя ўчынкі». Я так добра працаваў, ахвяраваў грошы на Божую справу, дык чаму я ня бачу неабходнага адказу з боку Госпада? Гэта ёсьць бачаньне чалавека, але ўсякае сапраўднае служэньне складаецца з падзякі, а не з таго, каб што-небудзь на гэтым зарабіць. Сказаць, што мы слугі нягодныя ніяк не азначае, што нам нестае адчуваньня добрай якасьці і любові да сваёй асобы. Ніяк не. Але, мы павінны разумець простую праўду, што Бог нам ніколі і нічога не павінен.


Лук 17:11-19
«І сталася, як ішоў у Ерусалім, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй. І калі ўваходзіў Ён у адно мястэчка, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк. І ўзвысілі голас свой, кажучы: “Ісусе, Настаўнік! Зьлітуйся над намі» (Лук 17:11-13).

Лука распавядае пра шэраг падзеяў, якія адбыліся на шляху Ісуса ў Ерусалім. На гэтых падзеях Ісус і вучыць апосталаў правільным адносінам да Божага Валадарства. Тое, што дзесяць пракажоных сталі здалёк і ўзвысілі свой голас, кажа ні пра што іншае, як пра тое, што яны выконвалі Закон Майсея, які патрабаваў, каб пракажоныя жылі па-за жыцьця іншых людзей: «У пракажонага, на якім гэтая струпля, павінна быць разадраная вопратка, і галава ягоная павінна быць не пакрытая, і па вусны ён павінен быць закрыты і крычаць: “Нячысты, нячысты. Усе дні, пакуль на іх струпля, ён павінен быць нячысты, нячысты ён; ён павінен жыць асобна, па-за табарам жытло ягонае» (Ляв 13:45-46). Якая ж рэакцыя на гэта Ісуса? І ня толькі Яго.

«І ўбачыўшы, Ён сказаў ім: “Ідзіце, пакажыцеся сьвятарам”. І сталася, калі яны ішлі, былі ачышчаныя. Адзін жа з іх, бачачы, што аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам славячы Бога, і ўпаў на твар ля ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў самаранін» (Лук 17:14-16).

Лука зноў падкрэсьлівае адносіны Ісуса да неюдэяў (самаранаў ці паганаў), якія, падобна самараніну з іншай прыповесьці, сваім прыкладам саромяць юдэяў, якія атрымалі аздараўленьне і не падзякавалі за гэта Госпада. Безумоўна, што яны пабеглі да сьвятара, каб атрымаць пацьверджаньне пра сваё аздараўленьне. Больш таго, няма сумненьня ў тым, што яны атрымалі яго, але, чаму толькі адзін з дзесяці аздароўленых прыйшоў да Госпада, каб падзякаваць і праславіць Яго? У тым, што дзевяць іншых аздароўленых не вярнуліся падзякаваць Ісуса, бачыцца сымбаль непрыняцьця Яго ізраільскім народам, які ішоў да Яго за аздараўленьнем, але ня здолеў прыняць у Ім Мэсію.

Лука выкрывае тут ня толькі гэтых дзевяць аздаравіўшыхся пракажоных, ён выкрывае і ўсіх тых з нас, хто ня дзякуе Госпада «заўсёды і за ўсё». Апостал Павал кажа, што Бог хоча чуць ад Сваіх дзяцей падзякі: «За ўсё дзякуйце, бо такая для вас воля Божая ў Хрысьце Ісусе» (1 Тэс 5:18). Мы павінны яшчэ і яшчэ раз даваць сабе напамін пра тое, што ўсё нашае ў жыцьці – гэта ад Госпада. Кожны кавалак нашай ежы, нашая праца і нашае служэньне, усьмешка дзіцяці і мелодыя гімна праслаўленьня, кожны ўдох і выдах, ды і тысячы іншых рэчаў, а нават і дробязяў – усё ад Госпада, усё па міласьці Яго.

«І сказаў яму: “Устань, ідзі. Вера твая збавіла цябе”» (Лук 17:19).

Апошнія словы Ісуса да самараніна маюць вельмі глыбокі сэнс. Слова «устаць» першыя хрысьціяне суадносілі з уваскрэсеньнем. Гэты самаранін, падобны на таго сына з прыповесьці Ісуса, які «быў мёртвы і ажыў». Новае жыцьцё і вера прыйшлі ня толькі аздароўленаму чалавеку, але, разам з ім, і ў ягоную вёску. Вера і падзяка – гэта тое, што і азначае быць хрысьціянінам у кожныя вякі. Ад нараджэньня Царквы Ісуса Хрыста і да нашага часу.


Лук 17:20-37
«Запытаны ж фарысэямі, калі прыйдзе Валадарства Божае, адказаў ім і сказаў: “Не прыходзіцьВаладарства Божае відавочна” І ня скажуць: “Вось, яно тут”, ці: “Вось, яно там”. Бо вось, Валадарства Божае ўнутры вас ёсьць. Вучням жа сказаў: “Прыйдуць дні, калі зажадаеце бачыць хоць адзін дзень Сына Чалавечага, і ня ўбачыце”. І скажуць вам: “Вось, тут”, ці: “Вось там”, - не хадзіце і не ганяйцеся, бо як бліскавіца, мільгануўшы, з аднаго краю неба сьвеціць, так будзе і Сын Чалавечы ў дзень Свой» (Лук 17:20-24).

Пытаньне фарысэеў пра прышэсьце Валадарства мае быць лагічным, бо Ісус неаднаразова казаў пра ягонае набліжэньне. Адказ Ісуса няпросты і складаецца з двух частак. Спачатку Ён кажа фарысэям, што Валадарства ня прыйдзе прыкметным чынам – відавочна. Але потым кажа: «Валадарства Божае ўнутры вас ёсьць». І тут, у гэтых словах, хаваецца магчымасьць няправільнага разуменьня, бо ці мог Ісус даць такую надзею людзям, які ня толькі сэрцам, але і відавочна не прымалі Яго? Хутчэй за ўсё Ён меў на ўвазе Сябе: «Валадарства Божае пасярод вас, але вы не заўважаеце Яго». Ісус, стоячы сярод іх, дае ім новы сьветапогляд як новае жыцьцё. Але ці бачым мы, што Божае Валадарства ўкараняецца ў іхнія сэрцы?

Зьвяртаючы ж да вучняў Сваіх, Ісус дае ім некалькі тлумачэньняў адносна Божага Валадарства. Прыйдзе час і яны ня ўбачаць Яго, нават калі і зажадаюць. Але настане будучы час і Ён прыйдзе да іх. Ня так, што Яго ўбачаць асобныя людзі і на гэта ня сьлед і разлічваць. Прышэсьце Хрыста будзе такім, што ня ўбачыць Яго ня здолее ніхто, бо гэта будзе падобна на час патопу ў дні Ноя і суду над Садомам у той дзень, калі Лот выйшаў з яго. Ісус паказвае гэтым Валадарства ў ягоным «караючым асьпекце», бо, калі прыйдзе Ён, каб канчаткова ўсталяваць Сваё Валадарства, будзе суд, на якім і высьветляцца тыя, хто ня ўвойдзе ў Божае Валадарства.

Ісус кажа вучням, што, калі людзі будуць празьмерна прывязаныя да свайго багацьця пад час прышэсьця Ісуса Хрыста, дык тыя, падобна жонцы Лота, будуць асуджаны і згубяць усё: «У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме, няхай не зыходзіць узяць іх; і хто будзе ў полі, няхай не варочаецца. Памятайце жонку Лота» (Лук 17:31-32).

«Кажу вам, у тую ноч будуць двое на адным ложку, адзін будзе ўзяты, а другі – пакінуты; дзьве будуць малоць разам, адна будзе ўзятая, а другая – пакінутая; двое будуць у полі, адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. І адказваючы, кажуць Яму: “Дзе, Госпадзе?” Ён жа сакзаў ім: “Дзе цела, там зьбяруцца і арлы”» (Лук 17:34-37).

Існуюць розныя варыянты тлумачэньня гэтага ўрыўка. У адным з іх прапануецца бачыць «узятых», як тых верных Хрысту, якія ў гэты час будуць узятыя ў неба – Божае Валадарства. Другі варыянт мае прызямлёны характар, бо разглядае «узятых», як ахвяраў рымскага войску ў 70 годзе па Р.Х., пад час разбурэньня Ерусаліма. І, як пацьверджаньне гэтага, выкарыстоўваецца выява «арлоў» на адзеньні рымскіх жаўнераў, як знак вялікай моцы цэзара. Аўтар жа гэтых радкоў прапануе разглядзець іншы варыянт тлумачэньня, які, на яго погляд, бліжэй да сэнсу, сказанага Ісусам.

Гаворка ідзе пра «узяцьце» людзей на суд. Геаграфічна гэта можа выглядаць наступным чынам. У адной частцы сьвету гэта адбудзецца ноччу, калі людзі будуць адпачываць у сваіх ложках. У другой жа частцы ўсё адбудзецца днём, калі людзі будуць працаваць у полі ці малаціць зерне на сваім двары. Ці будуць займацца нейкімі іншымі справамі. І зусім ня важна, хто і чым будзе займацца, але важна тое, што значная частка людзей будзе «ўзятая на суд» Ісуса Хрыста. Тыя ж, хто застаўся, увойдуць у Божае Валадарства на вякі вякоў.
Пытаньне вучняў да Ісуса: «Дзе, Госпадзе?», хутчэй за ўсё, мае на ўвазе месца, дзе павінна ўсё гэта адбыцца. Адказ Ісуса можна тлумачыць па рознаму, але ўяўляецца, што сэнс яго наступны: усюды, дзе будуць жыць людзі, будуць тыя, хто будзе асуджаны на вечныя пакуты, і тыя, хто ўвойдзе ў вечнае Божае Валадарства. Злых, а таму асуджаных людзей, Ён параўноўвае з «мёртвым целам», якое прываблівае да сябе птушыных драпежнікаў (арлоў), якія, у сваю чаргу, сымбалізуюць суд. Няхай жа разважыць пра гэта кожны і зробіць пэўныя высновы.


Рецензии