Лук 18 1-43
Лук 18:1-43
Мы зноў уваходзім у сьвет прыповесьцяў, настаўленьняў і цудаў Ісуса Хрыста. Разам з Ісусам мы ўваходзім у залю суда, дзе разглядаецца справа настойлівай удавы неправедным судзьдзёй. Мы назіраем таксама за «малітоўнай спрэчкай» фарысэя і мытніка. Мы бачым настаўленьне маладога багатага начальніка і ацаленьне сьляпога жабрака. Навошта нам гэта? Каб чытаючы слова, слухаючы Ісуса і бачачы Ягоныя дзеі, мы, разважаючы, спазнавалі праўду Божага Валадарства і ўмацоўваліся ў Ісусе Хрысьце. Але, усё па парадку.
Лук 18:1-14
«Сказаў таксама ім прыповесьць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не журыцца, кажучы: “У адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым жа горадзе была ўдава, і, яна прыходзіла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад супраціўніка майго”. І ён доўгі час не хацеў. А пасьля сказаў сам сабе: “Хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромлюся, але, як гэтая ўдава дакучае мне, абараню яе, каб яна, прыходзячы бясконца, ня вымучала мяне”» (Лук 18:1-5).
Ісус, зьвяртаючыся з гэтай прыповесьцю да вучняў, вучыць іх цярпліва і настойліва маліцца за праўду, якая канчаткова прыйдзе з другім прышэсьцем Хрыста. Ён кажа ім пра нейкую ўдаву, якая зьвярталася да аднаго судзьдзі за абаронай па нейкай матэрыяльнай справе. У тым, што судзьдзя не баяўся Бога, маецца на ўвазе тое, што ён быў несумленны, а слова пра тое, што ён не саромеўся людзей, - што ён быў пазбаўлены спачуваньня. Адзіная зброя для ўдавы ў гэтай справе, была яе настойлівасьць і вера ў непазьбежную справядлівасьць. Удава сымбалізуе сабою вучняў Ісуса Хрыста, якія павінны верыць і настойліва маліцца, чакаючы свайго Госпада.
Ісус тлумачыць ім сэнс сказанага Ім: «Чуеце, што кажа судзьдзя няправедны? А Бог ці ж не абароніць выбраных Сваіх, якія клічуць да Яго дзень і ноч, і доўга цярпець будзе іх? Кажу вам, што хутка абароніць іх. Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?» (Лук 18:6-8).
Гэтыя пытаньні Ісуса ня кажуць пра тое, што Ён «ня ведае», што будзе на зямлі пад час Ягонага наступнага прышэсьця. Застануцца на зямлі веруючыя ці не? Наш Госпад ведае ўсё, але гэтыя пытаньні павінны былі стацца стымулам для вучняў, каб тыя старанна маліліся пра веру на зямлі. Такім чынам, мы бачым яшчэ адзін добры ўрок ад Ісуса усім нам, які быў выкладзены на прыкладзе дзеяньняў няправеднага судзьдзі.
«Сказаў жа і да тых, якія былі пэўныя сябе, што яны праведнікі, і пагарджалі другімі, гэткую прыповесьць: “Два чалавекі ўвайшлі ў сьвятыню памаліцца: адзін – фарысэй, а другі – мытнік”. Фарысэй, стаўшы, гэтак маліўся за сябе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як другія людзі: рабаўнікі, няправеднікі, чужаложнікі, або як гэты мытнік. Пошчу тры разы ў тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”. А мытнік, стаўшы здалёк, не хацеў нават падняць вачэй у неба, кажучы: “Божа! Будзь міласьцівы да мяне, грэшніка” Кажу вам, што гэты пайшоў апраўданым у дом свой, а ня той: бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны» (Лук 18:9-14).
Гэтая прыповесьць (як, дарэчы, і папярэдняя) пра апраўданьне. Яна, спачатку, выглядае, як нейкі эпізод рэлігійнага жыцьця, але, пры далейшым разглядзе, яна ўжо бачыцца яшчэ адной карцінай суду. Фарысэй, стоячы перад Богам, распавядае Яму пра свае добрыя якасьці і кажа пра дрэнныя якасьці іншых людзей, у тым ліку і стоячага ў сьвятыні мытніка. Іншымі словамі фарысэй робіць заяву Госпаду, што ён, на гэтым месцы, больш дарэчны, чым «гэты мытнік». Іншыя людзі былі для фарысэя мераю ягонай асабістай праведнасьці.
Што ж тычыцца мытніка, дык для яго мерай праведнасьці быў Бог. І маючы перад сабою гэтую меру, ён шчыра перажываў за сваю грэшнасьць. Мытнік усьведамляў, што яму нічога іншага не застаецца, як маліць Госпада пра прабачэньне, спадзяючыся на Ягоную міласьць.
Малітва мытніка, як і яе вынікі – гэта і ёсьць тое, што кажа слова апостала Паўла: «Апраўданьне па веры». І, калі мы хочам прадугледзець сёньня канчатковае і сапраўднае апраўданьне, будзем жа шукаць сапраўднае пакаяньне, спадзяючыся на вялікую Божую міласьць, каб адчуць самыя суцешныя словы Эвангельля: «Гэты пайшоў апраўданым у дом свой»
Лук 18:15-30
«Прыносілі да Яго і немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Убачыўшы гэтае, вучні сварыліся на іх. А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Валадарства Божае”. Сапраўды кажу вам: “Хто ня прыме Валадарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго”» (Лук 18:15-17).
Ісус, на працягу ўсяго свайго служэньня, вучыў (вучыць і зараз) усіх, хто слухаў і слухае Яго пра пакору і падзяку. Ён вядзе нас да Ерусаліму, кажучы пра Валадарства Божае, якое прыйшло ў Ім на гэтую зямлю. Лука, распавядаючы пра гэты шлях, аб’ядноўвывае ў адно ўсе часткі гэтай цудоўнай карціны, якая паўстае перад нашым позіркам. І вось зараз, ён дадае да гэтай карціны яшчэ адну частку – малых дзяцей. Лука наўмысна падкрэсьлівае малы ўзрост тых дзяцей, якіх прыносілі да Ісуса. Дакора ж Ісуса да вучняў гучыць у сьвеце і сёньня, дзе дзяцей намагаюцца адхіліць ад Госпада, ставячыся да іх, як да непаўнавартасных. Ісус нязгодны з гэтым, кажучы, што менавіта дзеці па сапраўднаму паказваюць нам, што значыць прыняць Божае Валадарства і ўвайсьці ў яго. Ёсьць нешта такое ў бездапаможнасьці дзяцей і ў іх даверы да тых, хто іх любіць і клапоціцца пра іх, што ў дасканаласьці зьяўляе тую пакорлівую веру, пра якую ўвесь час кажа Ісус. Пры гэтым Ён наўрад ці ідэялізуе дзяцей, бо будучы старэйшым сярод дзяцей у Сваёй сям’і, Ісус добра ведаў усе бакі характару падрастаючых дзяцей. Але Яму бачна самая сутнасьць таго, што азначае прыняць Божае Валадарства, бо гэта тое ж, што піць матчына малако ці ўсьміхацца пазнаўшы матчын твар.
«І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў, кажучы: “Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае? А Ісус сказаў яму: “Чаму гаворыш Мне «добры»? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “не забівай”, “не крадзі”, “ня сьведчы фальшыва”, “шануй бацьку твайго і маці тваю”. Ён жа сказаў: “Усё гэта я захоўваў ад юнацтва майго”. Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: “Яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, ідзі за Мною”. Ён жа, пачуўшы гэта, стаўся смутным, бо быў надта багаты» (Лук 18:18-23).
Што гэта быў за начальнік і якую займаў пасаду нам невядома, але мы ведаем, што начальнікамі называлі як пэўных служыцелей сынагогі, так і чальцоў сінедрыёну. Ягоныя словы «успадкаеміць жыцьцё вечнае» маюць той жа сэнс, што і «увайсьці ў Валадарства Божае». І гэты малады начальнік называе Ісуса, як і ўсе фарысэі, Настаўнікам. Прычым добрым. Чаму? Можа таму, што Ён Сваімі справамі заслужыў гэта ў вачах Госпада?
Ісус паказвае начальніку на неабходнасьць выкананьня сёмай, шостай, восьмай, девятай і пятай запаведзяў (Вых 20:12-16), якія тычацца адносінаў чалавека да чалавека. І з адказу багатага начальніка, мы ўяўляем яго, як «узорнага грамадзяніна», бо ўсе гэтыя запаведзі ён захоўваў ад свайго юнацтва. Але тут Ісус сказаў тое, што яму не хапала: «Прадай усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, і ідзі за Мною». Ня быў гатовы да такога кроку багаты начальнік, бо стаўся смутным. Ён быў вельмі прывязаны да сваёй маёмасьці, болей за тое, чым шукаць скарб у небе, а значыць і вечнага жыцьця. Ісус добра бачыў гэта ў сэрцы начальніка і таму дадае наступнае, як выснову іхняй размовы.
«Як цяжка таму, хто мае багацьце, увайсьці ў Валадарства Божае. Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вушка, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае» (Лук 18:24-25).
Як часта багацьце «засланяе» ад чалавека тое, што зьяўляецца ў жыцьці самым важным – ісьці за Хрыстом і разам з Ім. Ісус выкарыстоўвае тут гіпербалу, якая выказвае ідэю «немагчымасьці»: «Лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вушка». Ісус кажа, што цяжка ўвайсьці багатаму ў Божае Валадарства, але Ён не сказаў, што гэта немагчыма і тым самым пакінуў надзею кожнаму, каму багацьце засланяла шлях да Ісуса Хрыста. І мы пабачым гэта на прыкладзе Закхея ў наступным разьдзеле Эвангельля ад Лукі. Але, як адрэагавалі на гэта вучні Ісуса?
«А чуўшыя сказалі: “І хто ж можа быць збаўленым?” Ён жа сказаў: “Намагчымае для людзей магчыма для Бога”. А Пётр сказаў: “Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою”» (Лук 18:26-28).
Вучні Ісуса былі, нейкім чынам, ашаломленыя. Яны, падобна фарысэям, памылкова лічылі, што багацьце – гэта знак Божага дабраславеньня. І, калі гэты багаты начальнік ня можа збавіцца, дык хто тады можа? Ісус кажа ім, што і багатым людзям не зачыняецца дзьвер збаўленьня, але толькі з дапамогаю Госпада, бо немагчымае людзям, магчыма Богу.
У адказ жа на рэпліку Пятра, Ісус кажа, што тых, хто пайшоў за Ім, чакае вялікая ўзнагарода: «Няма нікога, хто, пакінуўшы дом, або бацькоў, або братоў, або жонку, або дзяцей дзеля Валадарства Божага, не атрымаў бы шмат больш у гэты час, а ў веку будучым – жыцьцё вечнае» (Лук 18:29-30).
Кажучы адносна «гэтага часу», Ісус, па ўсёй верагоднасьці, меў на ўвазе грамадзтва веруючых (Царкву), якая будзе заўсёды падтрымліваць вучняў пад час іхняга служэньня.
Лук 18:31-43
«Узяўшы ж Дванаццаць, сказаў ім: “Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё, напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага, бо Ён будзе выдадзены паганам, і будуць зьдзеквацца, і зьневажаць, і пляваць на Яго, і, бічаваўшы, заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне. І яны нічога з гэтага не зразумелі; і словы гэтыя былі схаваныя для іх, і яны не разумелі таго, што гаварылася» (Лук 18:31-34).
Лука паказвае нам пэўную напругу паміж дзьвума сюжэтнымі лініямі свайго аповяду. Першая лінія – гэта тое, што Ісус раскрывае вучням мэту іхняй вандроўкі ў Ерусалім. Ён кажа пра Сябе, калі Сын Чалавечы будзе выдадзены паганам, будзе забіты, але на трэці дзень уваскрэсьне. Ёсьць і другая лінія - лінія неразуменьня вучнямі таго фіналу, пра які казаў ім Ісус. Усё гэта зусім ня тое, што сабе ўяўлялі вучні, ідучы з Ім у Ерусалім. Яны вельмі часта не разумелі Ісуса, таму, можа і зараз меркавалі, што Ён кажа ім пра гэта не літаральна, а нейкім чынам таямніча. Мы хутка ўбачым, як гэтыя лініі перасякуцца на Крыжы і перад вучнямі адкрыецца тое, дзеля чаго і прыйшоў у гэты сьвет Ісус Хрыстос. Але гэты момант праўды яшчэ не настаў і мы, разам з вучнямі Хрыста, набліжаемся да Ерыхона.
«І сталася, як набліжаўся Ён да Ерыхона, нейкі сьляпы сядзеў ля дарогі, жабруючы. Пачуўшы, што праходзіць натоўп, ён спытаўся: “Што гэта такое?” Яму паведамілі, што Ісус з Назарэта ідзе. І закрычаў ён, кажучы: “Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!” І тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў, а ён яшчэ мацней закрычаў: “Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!” Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падыйшоў, спытаўся ў яго, кажучы: “Што ты хочаш, каб Я ўчыніў?” Той сказаў: “Госпадзе, каб мне глядзець”. І сказаў яму Ісус: “Глядзі! Вера твая збавіла цябе”. І ён адразу стаў бачыць, і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, бачачы гэтае, аддаў хвалу Богу» (Лук 18:35-43).
Мы бачым сьляпога жабрака, які так давярае Ісусу, што яму выпадае выказаць сваё запаветнае жаданьне бачыць (замест таго, каб папрасіць грошай ці ежы). Яшчэ аднаму чалавеку (сьляпому) Ісус можа сказаць, што ягоная вера стала сродкам ягонага збаўленьня і аздараўленьня. Мы бачым і тое, што гэты чалавек ідзе за Ісусам, праслаўляючы Яго. Простыя словы сьляпога: «Каб мне глядзець», сьведчаць пра веру ў тое, што Ісус меў сілу аздаравіць яго. Слова ж Ісуса: «Вера твая збавіла цябе», не азначае, што аздараўляльная сіла была заключана толькі ў веры сьляпога жабрака. Ён быў аздароўлены сілаю Мэсіі, у Якога ён паверыў. І гэта вельмі важнае назіраньне, бо калі б тагачасны Ізраіль паверыў у Мэсію, дык і ён пазбавіўся б духоўнай сьлепаты.
Ісус ідзе ў Ерусалім, каб у Сваёй сьмерці ўзяць на Сябе ўсю сьлепату і адчай гэтага сьвету. І гэта такі надмерны цяжар, што ніхто з людзей ня можа адчуць і зразумець гэта ў поўнай меры. Лука кажа нам, што, калі мы пойдзем за Ісусам Хрыстом, дык Ён возьме на Сябе ўвесь цяжар таго зла, які ціснуў на нас з вамі. Ісус зрабіў гэта на Крыжы і калі мы з Ім, мы можам не баяцца цяжкасьцяў, якія выпадуць нам у нашым жыцьці. Нам ужо шмат што дадзена, бо з таго моманту, як Ісус пачуў наш вокліч: «Каб мне глядзець» і аздаравіў нашыя вочы, мы ўбачылі тое, што раней ня бачылі. Мы ўбачылі Госпада і Ягоную сілу, якая абуджае нас славіць Яго ў-ва ўсе дні нашага жыцьця.
Свидетельство о публикации №226011701862