Лук 19 1-48
Лук 19:1-48
У папярэднім разьдзеле мы казалі пра дзьве сюжэтных лініі, якія праводзіць Лука ў сваім аповядзе. Першая лінія – гэта тое, пра што Ісус папярэджвае Сваіх апосталаў, калі кажа ім пра Сваю сьмерць у Ерусаліме. Другая лінія – гэта неразуменьне вучняў сказанаму Ісусам, якія «бачылі» для сябе зусім іншы фінал іхняга ўваходу ў Ерусалім. Ці перасякаліся гэтыя лініі? Пакуль не. Папярэджаньні Ісуса не дасягаюць вушэй узбуджаных надзеяй людзей. Тоўпы, ухваляючыя Бога, спадзяюцца, што Валадарства вось-вось прыйдзе. Яны не дапушчаюць нават і думкі пра тое, што Ісус, у хуткім часе, будзе арыштаваны і памрэ на Крыжы. Лініі сюжэту перасякуцца. І перасякуцца таму, што Ісус прымае на Сябе ўсе сілы старога веку, а ў рэшце рэшт і самую сьмерць дзеля таго, каб паўсюдна забіла ключом новае жыцьцё. Але пакуль, мы на пыльнай дарозе ад Ерыхона на Ерусалім.
Лук 19:1-10
«І, увайшоўшы праходзіў Ён праз Ерыхон. І вось, чалавек, чалавек, якога звалі імем Закхей, і быў ён начальнік мытнікаў і чалавек багаты. І ён шукаў убачыць Ісуса, які Ён, і ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам. І забегшы наперад, узьлез на фігавае дрэва, каб убачыць Яго, бо Ён меўся праходзіць каля яго. І калі прыйшоў на гэтае месца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: “Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім”. І той пасьпешна зыйшоў, і прыняў Яго з радасьцю» (Лук 19:1-6).
Паказваючы гісторыю Закхея, Лука як-бы ўраўнаважвае той смутны эпізод з багатым начальнікам, які мы бачылі ў папярэднім разьдзеле і выкарыстоўвае яе, як апошнюю рыску перад апісаньнем уваходу Ісуса Ў Ерусалім. Па ўсёй верагоднасьці, Лука хоча сказаць, што Ісус для таго і прышоў, каб рабіць такія ацаленьні і даваць людзям менавіта такое новае жыцьцё. Але ці так будзе ў Ерусаліме?
А пакуль што, як мы бачым, другі чалавек у Ерыхоне вераю прыйшоў да Ісуса Хрыста. Гэта Закхей, які, падобна сьляпому, жыў сярод юдэяў як ізгой, але не па прычыне нейкай фізічнай заганы, а таму, што ён працаваў на рымлянаў, не забываючы, безумоўна, і пра сябе. Як і «багаты начальнік», Закхей таксама меў немалое багацьце, але на заклік Ісуса ён адгукнуўся зусім ня так, як гэта зрабіў папярэдні багацей. Закхей быў багаты, але ён усьведамляў сябе грэшнікам і таму, калі Ісус паклікаў яго, ён з радасьцю прыняў Яго. Выпадак з Закхеем пацьверджвае словы Ісуса пра тое, што Богу «усё магчыма», бо гэты багаты мытнік атрымаў збаўленьне, нягледзячы на сваё багацьце.
Закхей шукаў убачыць Ісуса. І гэта вельмі важныя словы Лукі, якія паказваюць нам імкненьне сэрца мытніка. Гэтае імкненьне вядзе да доволі сьмешных паводзінаў, бо Закхей, чалавек багаты і ўплывовы, бяжыць наперад натоўпу і забіраецца на фігавае дрэва, каб убачыць Ісуса. Паводзіны Закхея даюць нам напамін пра словы Ісуса, што калі людзі не ўпадобняцца дзецям, дык ня змогуць увайсьці ў Божае Валадарства: «Сапраўды кажу вам: “Хто ня прыме Валадарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго”» (Лук 18:17).
Ісус жа, зьвяртаецца да «начальніка мытнікаў» па імяні, безумоўна ведаючы пра яго ўсё. Ісус прапануе Закхею зыйсьці з дрэва, каб прыгатаваць для Яго вячэру і адпачынак. І мы бачым, што Закхей, які і спадзявацца на такое ня мог, прымае Яго з вялікай радасьцю.
«І ўсе, якія бачылі ўсё гэта, наракалі, кажучы, што Ён увайшоў да грэшнага чалавека. А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: “Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддам убогім, і, калі каго чым скрыўдзіў, аддам учацьвёра”. Ісус жа сказаў яму: “Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён – сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы» (Лук 19:7-10).
Зноў мы чуем нараканьні на Ісуса за тое, што Ён мае справу з грэшным чалавекам, але мы ведаем, што Ён прыйшоў знайсьці і збавіць загінуўшае. «Знойдзены» Закхей, аддаўшы палову сваёй маймасьці убогім, публічна абвесьціў усім пра тое, што сустрэча з Ісусам зьмяніла ягонае жыцьцё. Аддаўшы палову свайго багацьця, ён зрабіў падобнае таму, што прапанаваў Ісус «багатаму начальніку». Словы Ісуса пра тое, што дом Закхея збаўлены, азначаюць ягонае прымірэньне з Богам, а ягоная шчодрасьць – гэта знак таго, што Закхей атрымаў новае жыцьцё ў Ісусе Хрысьце.
Лук 19:11-27
«А тым, што слухалі гэтае, працягваючы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерусаліму, і яны думалі, што адразу маюць убачыць Валадарства Божае» (Лук 19:11).
Нагодай для гэтай прыповесьці паслужыла тое, што слухачы Ісуса ў доме Закхея (у тым ліку і вучні Хрыста) думалі, што вельмі хутка, у Ерусаліме, Ён адновіць ім Валадарства. І таму мэта прыповесьці павінна быць накірована на тое, каб папярэдзіць расчараваньне Сваіх пасьлядоўнікаў. Але гэтую прыповесьць Ісус накіроўвае ня толькі да вучняў, а і цалкам да гебрайскага народу, які таксама меў сваю адказанасьць перад Богам. У прыповесьці Ісус хоча даць разуменьне таго, што калі Ізраіль не зьвярнецца да Яго, дык будзе за гэта пакараны.
«Нейкі чалавек высокага роду пайшоў у далёкі край узяць сабе валадарства і вярнуцца. Паклікаўшы ж дзесяць слугаў, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: “Гандлюйце, пакуль прыйду”. А грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьледам за ім пасольства, кажучы: “Ня хочам, каб гэты валадарыў над намі”. І сталася, як ён вярнуўся, атрымаўшы валадарства, сказаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што зрабіў. І прыйшоў першы, кажучы: “Пане! Міна твая прынесла дзесяць мінаў”. І ён сказаў яму: “Добра, добры слуга! За тое, што ў малым быў верны, будзеш мець уладу над дзесяцьцю гарадамі”. І прыйшоў другі, кажучы: “Пане! Міна твая зарабіла пяць мінаў”. Сказаў і гэтаму: “І ты будзь над пяцьцю гарадамі”. І трэці прыйшоў кажучы: Пане! Вось твая міна, якую я меў, завязаўшы ў хустку, бо я баяўся цябе, што ты чалавек строгі, бярэш тое, што не лажыў, і жнеш тое, што ня сеяў”. Той жа кажа яму: “Паводле вуснаў тваіх буду судзіць цябе, злы слуга. Ты ведаў, што я – чалавек строгі, бяру тое, што не лажыў, і жну тое, што ня сеяў. Чаму ж ты не аддаў срэбра майго на стол мянялам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам? І сказаў тым, што побач стаялі: “Вазьміце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў”. І сказалі яму: “Пане, ён мае дзесяць мінаў!”. “Кажу вам, што ўсякаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе забрана і тое, што мае. А ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і страцьце перада мною”» (Лук 19:12-27).
Ніхто ня мог стаць валадаром у Юдэі без дазволу Рыма і таму прэтэндэнты на валадарства (людзі высокага роду) дамагаліся гэтага права ў цэзара. Так паступіў Ірад Вялікі. Ягоныя сыны, Анцыпа і Архелай, таксама хадзілі ў Рым дамагацца пасаду валадара. Аповяд гісторыка Флавія пра Архелая дзіўным чынам супадае са сказаным у гэтай прыповесьці. Пасьля сьмерці Ірада Архелай выправіўся ў Рым, каб атрымаць права на валадарскі пасад. За ім жа сьледам, да цэзара, пайшло пасольства, каб прасіць яго ня ставіць Архелая валадаром. І хаця, прамых гістарычных дакумантаў помсты незадаволеным грамадзянам не захавалася, Флавій кажа пра жорсткасьць Архелая ў адносінах да «унутраных ворагаў». Цікава і тое, што палац Архелая зноходзіўся ў Ерыхоне - там, дзе знаходзіўся і Ісус, калі распавядаў гэтую прыповесьць. Ці простае гэта супадзеньне? Магчыма, што і не.
Безумоўна, што Ісус ня мог казаць людзям станоўчае пра Архелая (хаця ня толькі зло было і ў ім), а слухаючыя Яго не маглі ня ўбачыць у словах Ісуса Архелая. Але ў тым і сэнс, што прыповесьць абвінавачвае некаторых гебраяў у тым, што яны супрацівяцца Ісусу, як Валадару, так, як быццам гэта Архелай. Гэта вельмі моцны бок прыповесьці, якая набывае іншы, павучальны сэнс. І яшчэ застаюцца пытаньні. Хто ёсьць той валадар? Хто слугі? І калі адбываецца суд?
У гісторыі царквы, часьцей за ўсё, прыповесьць разумелі як вобраз апошняга суду, калі напрыканцы гісторыі Ісус Хрыстос вернецца, каб узнагародзіць Сваіх верных і пакараць няверных. Безумоўна, што Лука верыў у другое прышэсьце Хрыста, але, па ўсёй верагоднасьці, тагачаснае разуменьне прыповесьці ў тым, што павінна было здарыцца пад час служэньня Ісуса.
Ісус распавядае нам пра валадара, што вярнуўся, каб паглядзець, чым займаліся ягоныя слугі, якія ня толькі атрымалі свае міны, але і загад працаваць, каб іх памножыць. Ён раскрывае гэтую гісторыю па той жа самай прычыне, што і ўсе астатнія прыповесьці. Ісус намагаецца патлумачыць, што робіць Ён сам і ў чым сэнс Яго дзеяньняў. Ён ідзе ў Ерусалім, каб дасягнуць мэты Свайго зямнога служэньня. І Ён вымушае сваіх слухачоў разглядаць усё гэта, як доўгачаканае вяртаньне Бога Ізраіля, ягонага законнага Валадара. Менавіта такім быў захаваны сэнс Ягонага шляху ў Ерусалім. Менавіта так павінна было б усё і выглядаць, калі Бог вяртаецца на Сыён.
Прарокі казалі пра гэты дзень: «Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад Мною, і нянаджана прыйдзе ў храм Свой Госпад, Якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы жадаеце; вось, ён ідзе, кажа Госпад Саваоф» (Мал 3:1). Юдэі верылі, што ў адбудованы калісьці Храм, жывы Бог яшчэ не вярнуўся, каб жыць у ім. Але зараз, кажа Ісус, гэта адбываецца і Мэсія прыйшоў у народ Свой. Як жа ставіцца да часу ад Малахіі да Ісуса Хрыста? Адказ на гэта дае прыповесьць. Гэта быў час, дадзены Ізраілю на выкананьне Божых даручэньняў. І вось, Валадар вяртаецца, каб праверыць вынікі дзейнасьці слугаў Сваіх. Ісус папярэджваў і раней, што суд спасьцігне нацыю, горад і нават Храм, калі юдэі, у рэшце рэшт, ня прымуць Яго. Яны, у выніку, і не прынялі Яго, як не хацелі прымаць сваім валадаром Архелая. Якія ж высновы мы можам вылучыць для сябе з гэтай прыповесьці? Іх тры.
Па-першае, яна абвяшчае людзям, што Вадарства Божае ўжо прыходзіць, але нясе з сабою ня толькі міласьць, але і суд.
Па- другое, яна кажа, што з моманту ўваходу Ісуса ў Ерусалім над горадам, які адкідвае Мэсію і Ягоную Вестку, ужо навіс меч Божага суду. І калі юдэі ня прымуць абвяшчэньне Валадарства, дык нічога ўжо выправіць будзе нельга.
І, па-трэцяе, прыповесьць драматычна звязвае вандроўку Ісуса ў Ерусалім з вяртаньнем самога Бога і, тым самым, раскрывае таямніцу, Яго папярэдняга служэньня. Ісус ня проста кажа пра Божае Валадарства. Ён усё гэта паказвае. Сын Божы нарэшце вяртаецца ў горад і Храм, каб даць людзям мір, супакой і прымірэньне.
Нам жа, сучасным людзям, якія чакаюць другога і канчатковага прышэсьця Ісуса Хрыста ў гэты сьвет і Божага суду, варта сур’ёзна падумаць над гэтым гістарычным уваходам Ісуса ў Ерусалім як над прадвесьцем і прадбачаньнем Ягонага вяртаньня на гэтую зямлю.
Лук 19:28-40
«І сталася, калі наблізіўся да Бэтфагі і Бэтаніі, да гары, якую называюць Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх, сказаўшы: “Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, у якім, увайшоўшы, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога ніхто з людзей ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.” І калі хто спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?” – скажыце яму так: “Госпад патрабуе яго”. Пайшоўшы, пасланыя знайшлі, як Ён сказаў ім» (Лук 19:29-32).
Паміж Ерыхонам, які разьмешчаны ў самай ніжэйшай кропцы на зямлі і Ерусалімам, - 24 км. пыльнага шляху па юдэйскай пустыні, які падымаецца ў гору на 1 км. Калі мы пройдзем палову гэтага шляху, дык дасягнем узроўню паверхні мора, а далей перад намі немалое ўзгор’е. І вось, мы бачым, як ідуць да гары Аліўнай Ісус са шматлікімі Сваімі вучнямі. Усё ішло па Ягонаму плану. Ён добра ведаў, што чакала Яго наперадзе і быў гатовы да гэтага. Ён абвяшчаў Божае Валадарства, бо абвяшчаў Сябе Госпадам. Жывы Бог аздараўляў і збаўляў у Ім і праз Яго, а сілы сьмерці і зла процістаялі Яму, як фараон з войскам намагаліся перашкодзіць Выхаду гебраяў з Егіпту. Але, ужо хутка, павінен адбыцца новы Выхад, вялікая Пасха Божая і нічога не магло перашкодзіць Ісусу ўрачыста зьдзейсьніць яе.
Вучні Ісуса, па Яго патрабаваньню, прыводзяць з мястэчка асьляня, каб споўнілася сказанае ў прарока Захарыі: «Весяліся ад радасьці, дачка Сыёна: Радуйся дачка Ерусаліма: вось, Валадар твой ідзе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле, сыне пад’ярэмнай» (Зах 9:9). Так пачынаецца ўрачысты ўваход Ісуса ў Ерусалім.
«І прывялі яго да Ісуса, і, накінуўшы адзеньне сваё, пасадзілі на яго Ісуса. І, калі Ён ехаў, пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё. Калі ж Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў з радасьцю хвалілі Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія бачылі, кажучы: “Дабраслаўлёны Валадар, Які ідзе ў імя Госпада! Супакой на небе і слава на вышынях!” І некаторыя фарысэі з натоўпу сказалі Яму: “Настаўнік! Забарані вучням Тваім!” І, адказваючы, Ён сказаў ім: “Кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык камяні закрычаць”» (Лук 19:35-40).
Бэтфагія і Бэтанія разьмешчаны на гары Аліўнай і, калі вандроўнік ці паломнік праходзіць гэтыя мястэчкі і пачынае спуск з гары, перад яго вачыма блішчыць у сонечных праменях сам Ерусалім. Для Ісуса гэта валадарскі ўезд, як і сказана ў Пісаньні. Вучні Ісуса, зразумеўшы ўсю ўрачыстасьць моманту, пачынаюць сьпяваць гімн хвалы. Але, тут як тут незадаволеныя фарысэі, якія, ідучы побач, просяць Ісуса забараніць гэты сьпеў, бо, ня бачачы ў Ім Мэсію, яны баяцца за тое, што ўлады Ерусаліма палічаць гэта за мэсіянскае шэсьце. А як можа быць інакш, калі ў Ерусалім уваходзіць сам Госпад? Нават і камяні будуць вітаць Яго, калі гэта будзе неабходным.
Калі мы, ў думках сваіх, ўваходзім разам з Ісусам у Ерусалім, мы павінны адказаць самі сабе: «Ці гатовыя мы пець гімны хвалы ня толькі да таго часу, калі Ісус нешта робіць для нас і па нашаму жаданьню. Нашае пыльнае вандраваньне па дарогах жыцьця дае большасьці з нас дастаткова часу, каб зразумець матывы таго, каб крочыць за Ісусам Хрыстом. І ісьці за Ім ня толькі сярод сьвята жыцьця, але і тады, калі ёсьць выпрабаваньні і пакуты за служэньне Госпаду Ісусу Хрысту. Дык вось, тады, на ўваходзе ў Ерусалім, настаў кульмінацыйны момант чалавечай гісторыі – Мэсія адкрыў Сябе ўсім і Богу было ўгодна, каб людзі прызналі Яго.
Лук 19:41-48
«І калі наблізіўся, убачыўшы горад, заплакаў па ім, кажучы: “Каб і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў, што дзеля супакою твайго! Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі зьнішчаць дашчэнту цябе, і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе камяня на камяні дзеля таго, што не зразумеў ты час адведзінаў тваіх”» (Лук 19:41-44).
Лука, у сваім Эвангельлі, ужо паказваў нам сьлёзы розных людзей. Наінская ўдава, сям’я Аіра і іншыя людзі, якія ў сваіх пакутах прыходзілі да Ісуса за аздараўленьнем і новым жыцьцём. Хутка мы ўбачым сьлёзы ерусалімскіх жанчын і па Ісусу, калі Ён будзе пакутаваць на Крыжы. І вось, Ён плача па Ерусаліму і ніхто ня можа Яго супакоіць. Мы можам бачыць слёзы Ісуса па Лазару ў Эвангельлі ад Яна, але мы бачым вынік гэтага суму – уваскрасеньне Лазара. А як быць тут?
Сьлёзы Ісуса – гэта ня момант слабасьці ці чагосьці такога, што магло б быць таму прычынай. Мы бачылі і памятаем, што на працягу Свайго зямнога служэньня Ён неаднаразова папярэджваў пра тое, што Божы суд пагражае гораду і Храму. І вось зараз Ён стаіць перад Ерусалімам, дзе Понці Пілат ужо забіў паломнікаў, зьмяшаўшы іхнюю кроў з ахвярнай. Хутка ў гэтым горадзе будзе забіты яшчэ адзін Чалавек, дзе ўжо разбурылася Сілаамская вежа і дзе, у недалёкім часе, будуць разбураны і астатнія вежы, а нават і Храм. Жахлівы суд, які быў абвешчаны і які, у хуткім часе, павінен быў зьдзейсьніцца – гэта не праява жорсткасьці, але праява любові, якая жадае людзям добрага і якая зараз павінна процістаяць у плачы і смутку тым людзям, якія паставілі свае справы вышэй за справы і інтарэсы Госпада.
«І, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, якія продалі ў ёй і куплялі, кажучы ім: Напісана: “Дом Мой ёсьць дом малітвы”, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў”. І навучаў кожны дзень у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і першыя ў народзе шукалі, як загубіць Яго, і не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ гарнуўся да Яго, слухаючы Яго» (Лук 19:45-48).
Плач Ісуса і Ягоныя дзеяньні ў сьвятыні суадносяцца з сабой у поўнай меры. Ісус ня проста пратэстуе супраць камерцыйнай складаючай Храма, Ён мае сур’ёзнае прароцкае папярэджаньне, у якім чуюцца словы Ераміі і іншых прарокаў: «Калі Храм будзе заставацца месцам дзеяньня разбойнікаў (у літаральным і пераносным сэнсе), дык ён адчуе на сябе ўвесь цяжар Божага суду». Як і ў дні Ісаі, Ізраілю даецца папярэджаньне: «Калі абяцаньню Госпада ня будуць адпавядаць вера і паслушэнства, абяцаньне будзе скасаванае і пераўтворыцца ў праклён».
Ня цяжка здагадацца, што такая вестка ад Ісуса была недаспадобы першасьвятарам і начальнікам народа. Служэньне Ісуса ў Храме сталася той «апошняй кропляй», якая і вызначыла Ягоны арышт. Як набліжаючыя хмары нясуць нам стыхію з громам і маланкаю, так і Лука малюе нам непазьбежнасьць трагічнага працягу гэтай гісторыі. Але гэта было таму, што так «павінна было быць», бо толькі так мог ажыцьцявіцца Божы план нашага збаўленьня.
Калі мы разважаем над служэньнем Ісуса і Ягонымі папярэджваньнямі пра Божы суд, будем жа памятаць пра сьлёзы Ісуса, бо гэтыя сьлёзы – гэта ня проста чалавечая рэакцыя на небясьпечную сітуацыю. Гэта – сьлёзы Бога любові.
Свидетельство о публикации №226011702111