Три книжицы малышам на бел. мове

МАЛЫШАМ

Алег Сцёрты

    М А Л Ы Ш А М

Вершыкi для дзiцячых размалёвак
на  беларускай  мове


    1) Малышам
Ад аўтара
Мячык-зайчык
Кацянё
Памочнікі
У падарунак
Пра воўка і сяброўку
Вожык
Нешта вырасце
Лайка
Добрае сэрца
Што рабіць?
Папугай Фрыц
На дзень нараджэння
Жвавы і соня
Як у казцы
У лютым
Пад Новы год

  2)  Маленства
Ад аўтара
Вышывальшчыца
Лічылка
Следапыты
Сябры
Бабуля-залатуля
Гоша
Скульптары
Вясною
Абедзенная загадка
Рамонкавае пытанне

 3) Жартаўнікі
Ад аўтара
Крыўдлівы хлопчык
На вёсцы ў дзядулі
Круты каўбой
Жартаўнікі
Тры гады ўсяго
Мячык
Здагадка
Іван разумны
У маіх кішэнях
Успамін

На беларускай мове

Вершыкi для дзiцячых размалёвак


1. Малышам

Ад аўтара

Столік, крэсла, размалёўка,
пэндзлік з фарбамі, алоўкі –
ўсё, што трэба, малышы.
Дык малюйце ад душы!


Мячык-зайчык

У мяне ў далонях мячык.
Плясь! Далонькай – мячык скача.
Скок у норку мячык-зайчык,
цемра там, а ён не плача!


Кацянё

З’ела шынкі паўкуска,
напілося малака...
Кацянё мяўкае:
– Мяў! Шкварку мне!


Памочнікі

– Ці ў хованкі згуляць?
– Ці пайсці памаляваць?!
Пойдзем у агарод, брацік,
будзем бабцы памагаць!

У падарунак

У нас сёння ў хаце свята –
прыляціць з зімоўкі тата.
Ён – палярнік. Намалюю
з пінгвінамі татулю!


Пра воўка і сяброўку

Зляплю воўка з пластыліну
ў помсту... Ды сяброўку Зіну...
Не пайшла са мной гуляць –
буду казку выдумляць!..


Вожык

У лесе вожыка шукалі.
Знайшлі. Цукрам частавалі.
Пад яліну цукар знёс…
Вожык-божык грыб прынёс!


Нешта вырасце

У зямельку пасадзілі
дзеці зерне ды палілі.
Нешта вырасце ўлетку...
Мо радыска? Можа, рэпка?


Лайка

Нарадзіла нам шчанят.
Нагуляцца быў бы рад.
Але брэша на мяне.
Шчаня ў рукі не дае!


Добрае сэрца

У лясочку зайцу холадна,
узімку вельмі голадна...
Рукавічкі зайку дам
і капустачкі качан!


Што рабіць?

Танечка разбіла вазу...
Ёй не склеіць усё адразу!
Можа, на ката ўзваліць?
Горка ж праўду гаварыць...


Папугай Фрыц

Чаму ў клетцы папугай
на мяне сварыцца?
Толькі ж попкай абазваў
я яго ды Фрыцам?!


На дзень нараджэння

На дзень нараджэння
падарылі пеўня.
Завадная цацка.
Даць вам пагуляцца?


Жвавы і соня

Верабей, верабей,
ты за голуба спрытней!..
Кінуў крошак – ураз здзяўбаў!
Галубок, чаго ж ты спаў?


Як у казцы

Спяклі круглы піражок,
з вочкамі, румяны бок,
стынуць клалі ля акна…
Бачаць – там яго няма!..


У лютым

Крэпасць снежную ляпілі.
Насы, вушы застудзілі.
Холадна. Мароз злуецца.
Пойдзем лепей ў хату грэцца!


Пад Новы год

Яліну прыбіраць,
Новы год сустракаць
усе ў садзік пойдзем,
ты, ды я, ды шэры коцік!


2. Маленства

Ад аўтара

Гэтую кніжку рабілі для вас
мастак і паэт, які бачыў Парнас.
Мілыя дзеткі, любіце, шануйце
родную мову, таксама малюйце.
(Ды і свае вершы рыхтуйце!)


Вышывальшчыца

Вышывала ружу Лола.
Раптам пальчык укалола.
Не хныч, Лола, вось напарстак. –
Патрабуецца ўпартасць.
(Не ўсялякая праца
павінна падабацца,
але «ўзяўся за гуж –
не кажы, што не дуж!».)


Лічылка

Раз, два, тры, чатыры, пяць –
выйшаў Пеця пагуляць.
Злы сабака выбягаў,
брэша. Хлопчык уцякаў.
Шэсць – мільгаюць пяткі.
Сем – усё ўпарадку.
Восем – ён маленькі, –
гэта шчаня – Генькін.
Дзевяць – вырасце ў аўчарку,
вось тады бяжыце шпарка.
Напаследак – лічба дзесяць,
таму Рэксу толькі месяц.


Следапыты

Лыжы ўзялі, ў лес пайшлі.
Сляды свежыя знайшлі.
Гэта вось заячы след –
збег ад лісачкі абед.
След вавёркі, побач – птушкі.
Навастрылі хлопцы вушкі.
Чые гэтыя капыты?
Разгадаюць следапыты!


Сябры

Змайстравалі мы кармушку.
Гэй, шпарчэй да корму, птушкі!
Вось зярняты вераб’ям
і рабіна снягірам.
Ёсць і сальца для сініцы,
і вадзіца, каб напіцца.


Бабуля-залатуля

Вам трэба ведаць,
што
бабуля-чараўніца
чарніцы і суніцы
прынесла паснедаць
і тое, што
наведаць
прыехалі зімою
брацік з сястрою
яе,
каханую бабулю,
бабулю-залатулю!


Гоша

Аб машынцы марыць Гоша,
але ў маці няма грошай.
Ну, нічога, намалюе
ён машынку завадную.
Засталося ключ завесці.
«Мам, пракацімся пад дзвесце?»


Скульптары

Ляльку Барбі з пластыліну
я зляпіла, Ганна – з гліны.
Вось вам дзве скульптуры
з заходняе натуры.
Фарбы не шкадуйце,
лялек размалюйце!


Вясною

Калі ўжо і ў лесе
сумёты знікаюць,
да нас на Палессе
буслы прылятаюць.
Крыламі машуць...
Каго прывітаюць?
Песні спяваюць
ды гнёзды шукаюць…


Абедзенная загадка

Янка балаваўся з лыжкай.
Шастала ў норцы мышка.
На печы спаў кот Маркіз.
Тая шкварка раптам уніз!..
Хто хутчэй да гэтай шкваркі?
Мышка, кіска, лыжка Янкі?


Рамонкавае пытанне

У рамонкаў  усе пялёсткі
адарвалі... «Лёс які?» –
варажылі дзьве дзяўчынкі
пад вярбою ля ракі.
Сумныя пайшлі падлеткі.
Вінаваты  ў чымсьці кветкі?


3. Жартаўнікі

Ад аўтара

Гэта, дзеткі, вам вядома:
бегчы раніцай у школу,
адвучыцца гадзін пяць –
некалі і пагуляць!

Трэба рыхтаваць урокі,
ды ў хаце шмат марокі...
Дзе ж дзяцінства? Дзе яно?
Мабыць, толькі ў кіно?!

Ну, нічога, Галкі, Ніны,
Мішкі, Васількі, Максімы...
Не пушчаюць вас гуляць?
Тады сядзьце маляваць!

(Вы на крыўдачкі наплюйце,
пэндзлік у фарбу – ды малюйце!)¬


Крыўдлівы хлопчык

Маша з Сашаю гуляла,
незнарок пацалавала.
Той схапіў свае забаўкі,
кажа: «Я пайду да Слаўкі!

Ёсць у сябра танк ды пушка.
Лепш гуляцца з ім у вайнушку.
Часам Слаўка мяне б’е,
але ж бусяк не дае!»


На вёсцы ў дзядулі

Мы шпакоўню майстравалі.
«Дзякуй!» – нам шпакі казалі.
Будку сам я будаваў, –
злы Палкан хвастом віляў.

Мой малодшы брацік Федзька
клетку змайстраваў для Пецькі.
Певень у клетку не жадаў.
Пецька Федзьку закляваў:

«Я – ратнік-саратнік!
Вяртай мяне ў куратнік!»


Круты каўбой

Драўляны конік. Я скачу.
У кішэнях кулькі. Рагачу.
На мне каўбойскі капялюш.
Я з раніцы аб’еўся груш!

Ды з рэвальверу – піў-паў-паў!
«У каго, маляўкі, не паў–паў?!»
Насустрач Янкін брат ідзе,
старэйшы брат, з дубцом у руцэ.

«Прабачце ўсе, ў каго паў-паў! –
Я так казаў. – Я не жадаў!»
А сам дадому паскакаў
ды вось усе кулькі пагубляў!


Жартаўнікі

Жартаўнікі Русланчык з Мілай
у клас прынеслі кракадзіла.
Ён надзіманы, што жывы.
Вох, ды спалохваліся б вы!
Адчыніць дзверы хтосьці –
ды чмякнецца ад млосці!
Чакалі Ізабэлу,
а тая захварэла...

Ды нечакана ў клас зайшоў
дырэктар Фёдар Куляшоў!


Тры гады ўсяго

Мы пяклі, пяклі, спяклі мы,
ды не з глебы, не з мякіны,
а з цудоўнейшай мукі
каравай на імяніны
браціку
ІГ–НА–ЦІ–КУ!

Паклікалі маленькага прынесці свечкі.
А ён, шкоднік, прыкінуўся авечкай,
прыбег, давай з кішэняў петарды вымаць,
у наш цуда-каравай устаўляць!

Вось які дурненькі
брацік наш маленькі!


Мячык

Сядзіць дзядзечка і плача.
Ён падбіў нагою мячык.
Цішэй, дзядзечка, не плач,
быў не просты гэты мяч.

Як гулялі ў футбол,
хтосьці мячык прапароў.
Доўга вось не сумавалі,
камяні ў той мяч паклалі.

Сталі хлопцы падзываць:
«Дзядзечка, падбейце мяч!»


Здагадка            

Я дзядулю не ў абузу,
ён пільнуе кукурузу. –
Вартаўнік. Ды ёсць ружжо.
Солі ўсыпаў ён ужо.

Пайшлі поле пільнаваць.
Дзед даў стрэльбы патрымаць.
Сам прылёг у шалашы.
Захрапеў: «Хру-бжы-пшы-пшы...»

Я ж са стрэльбаю хаджу,
прытамлюся, пасяджу.
Бачу, злодзеі ў масках,
на галовах у іх каскі.

Перасеклі яны роў.
Я пальнуў ды з двух ствалоў.
Тыя – бегчы. Ўстае дзед.
Злодзеяў прастыў і след!

Калі ў вёску я прыйшоў,
у госці да сяброў зайшоў.
Зразумеў тады адразу,
які меткі я, зараза!


Іван разумны

Маня з Галкай сябравала.
Маня Ванечку кахала
ды да Галкі раўнавала.
Маня Ванечку казала:

«Не хадзі з ёй на каток.
 Ды які ж у гэтым толк?
 Не дае яна спісаць,
 можа толькі абяцаць!
 Я ж табе заўсёды дам,
 я не хцівая, Іван!»

Маня добрая, напэўна,
ды вучылася вось дрэнна...
Ваня ж, каб пашанцавала,
пайшоў з Галяй у кіназалу!


У маіх кішэнях

Ёсць пілка, цвік, сцізорык.
Пайшоў у суседні дворык.
Там Леў на скутары снуе
туды-сюды ды не дае
нікому пакатацца.
Пара з ім разабрацца!

Даць скутара на нейкі час
яго прасілі сотні раз.
Я падышоў ды зноў спытаў:
«Дасі ці не?» «Не!» – адказаў.

Я дакрануўся да кала,
як быццам выпадкова...
«Да пабачэння, Лёва!» –
сказаў, пайшоў да школы.

Не ведаў Лёва Бенях,
ШТО ў маіх кішэнях!


Успамін

Успамінаю зноў ды зноў:
пасвіў з дзяцькам я кароў.
Ён стаміўся ды прылёг,
а я з пугаю ўцёк.

У тым статку быў казёл,
у капусту ён зайшоў.
Стаў казла я праганяць,
ну, а той мяне – бадаць!

Я пабег – казёл за мною.
Трасе, дурань, барадою.
Рогамі б’е ў спіну, ў бок.
Добра, дзяцька дапамог!

Палкай ён казла вучыў,
мне ж у навуку гаварыў:
«На зямлі каб добра жыць,
трэба ўсіх казлоў лупіць!»


Рецензии