Лук 16 1-31
Лук 16:1-31
Прыповесьць – ня проста гісторыя. У самым шырокім сэнсе – гэта распаўсюджаная аналёгія. Бог прымае і прабачае навярнуўшыхся грэшнікаў, як любячы бацька прабачае і прымае блуднага сына. Гэты разьдзел Эвангельля паводле Лукі зноў уводзіць нас у сьвет прыповесьцяў, сказаных Ісусам вучням (ня толькі дванаццаці). Паслухаем жа Ісуса і мы з вамі.
Лук 16:1-18
«Сказаў жа да вучняў Сваіх: “Адзін чалавек быў багаты і меў аканома, і данясьлі яму на яго, што ён марнуе маёмасьць ягоную. І, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Дай справаздачу з гаспадараваньня твайго, бо ты ня можаш больш гаспадараваць”. Сказаў сам у сабе аканом: “Што мне рабіць, бо пан мой забірае ад мяне гаспадараваньне? Капаць ня здолею, жабраваць саромлюся”» (Лук 16:1-3).
Прыповесьцю пра нявернага аканома Ісус казаў Сваім пасьлядоўнікам простыя, але мудрыя рэчы. Ён заклікаў іх карыстацца зямным багацьцем для дасягненьня мэтаў Божага Валадарства. Дзеля гэтага Ён і распавядае ім прыповесьць пра аканома, які марнаваў маёмасьць свайго пана. Неправедныя справы аканома былі выкрытыя і ён, перад сваім звальненьнем, павінен быў даць справаздачу пану па кіраваньню даручанай яму маёмасьцю. Безумоўна ж, страчваючы сваю пасаду, аканом задумаўся над тым, што рабіць яму ў далейшым, каб забясьпечыць сваю будучыню. І ён знайшоў выхад: «Ведаю, што зраблю, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адстаўлены буду ад гаспадараваньня» (Лук 16:4). Што ж зрабіў ён для гэтага?
Аканом прыдумаў наступнае. У асобе двух даўжнікоў свайго пана, ён набыў сабе сяброў на будучае, даўшы ім магчымасьць перапісаць пазыковыя паперы ў бок значнага паменьшаньня колькасьці іхняй пазыкі (сто мер алею - на пяцьдзясят і сто мер пшаніцы – на восемдзесят). А зараз адчуем велічыню ўгоды паміж аканомам і даўжнікамі. Сто мер (батаў) алею – гэта каля 3000-3500 літраў, што маглі даць прыкладна 150 аліўкавых дрэваў. Сто мер (кораў) пшаніцы – гэта амаль што 30 тон зерня, што можна было сабраць з 40 га зямлі на працягу ўсяго года. У кожным выпадку аканом зьнізіў пазыку для гэтых людзей перад панам прыкладна аднолькава – на 500 дынараў, што было вялікімі грашамі. Лічбы ўнушальныя, а гэта кажа пра тое, што даўжнікі былі людзьмі далёка ня беднымі, а гэта, у сваю чаргу, давала магчымасьць аканому неяк забясьпечыць сваю будучыню ў далейшым. Але, як сябе паводзіць у гэтым выпадку пан?
«І пахваліў пан аканома няправеднага, што мудра ўчыніў; бо сыны веку гэтага мудрэйшыя за сыноў сьвятла ў пакаленьні сваім» (Лук 16:8).
Чаму пан (і тым больш Ісус) хваліць аканома за няправедныя ўчынкі? Вельмі цяжкае пытаньне, бо падаецца, што яго, наадварот, трэба асудзіць. Менавіта так і павінна было б быць, але прыповесьці носяць нерэалістычны характар і таму ў такім павароце сюжэту няма нічога дзіўнага. Пан пахваліў аканома за кемлівасьць, здагадлівасьць, а нават і мудрасьць, якія дапамаглі яму паклапаціцца за дзень будучы. Безумоўна, што Ісус не заклікаў вучняў да неправедных учынкаў, але ў гэтай прыпавесьці Ён іншасказальна выказваў думку пра дасягненьне духоўных мэтаў коштам матэрыяльнага багацьця. Іншымі словамі, на дрэнным прыкладзе Ісус даваў добры ўрок, бо аканом, як сын гэтага веку, ведаў, як скарыстацца сістэмай на сваю карысьць, а сыны сьвятла ня ведаюць, як жыць мудра ў сваёй сістэме, што ёсьць Валадарства Божае. І вось тое, што Ісус кажа далей і наогул зразумець вельмі цяжка, калі б не агульны кантэкст гэтай прыповесьці.
«І Я кажу вам: “Здабывайце сабе сяброў мамонай няправеднай, каб яны, як зьбяднееце, прынялі вас у вечныя намёты. Верны ў малым, і ў многім верны, і няправедны ў малым, і ў многім няправедны. Дык вось, калі вы ў няправеднай мамоне не былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае? І калі вы ў чужым не былі верныя, хто дасьць вам вашае? Ніякі слуга ня можа служыць двум панам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне”». (Лук 16:9-13).
Тры вывады робіць Ісус са Сваёй прыповесьці, калі зьвяртаецца да вучняў, якім належала жыць сярод няверуючых людзей. Па-першае, багацьцем неправедным трэба карыстацца для прыцягваньня людзей у Божае Валадарства. Мудра і з розумам распараджаючыся зямным багацьцем, магчыма заклікаць і прыцягваць новых людзей у лік пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста. Па-другое, той, хто мудра распараджаецца малым (зямным багацьцем), будзе дастойны атрымаць сапраўднае багацьце, што ёсьць багацьце духоўнае, якое будзе дадзена веруючым у Валадарстве Божым. Трэці вывад мы бачым у тым, што любоў да грошай уводзіць чалавека ад Бога, і наадварот – любоў да Бога не дазваляе чалавеку бачыць у грашах галоўную каштоўнасьць свайго жыцьця.
Фарысэі, якія чулі гэтыя словы, сьмяяліся над Ім. Сьмяяліся таму, што не разумелі, як гэтыя людзі, будучы беднымі, могуць вучыць іх распараджацца грашыма. Ісус адказвае ім, што Бог, ведаючы сэрцы людзей, не прымае зьнешнюю праведнасьць у сукупнасьці з багацьцем і таму будзе суд, дзе апошняе слова прыналежыць Богу, Які ацэньвае чалавека па ягонаму ўнутранаму стану. Фарысэі не зразумелі Госпада згодна Запавету, заключанага Ім з Ізраілем. Яны мяркавалі, што калі чалавек багаты, дык гэта азначае, што Бог дабраслаўляе яго за праведныя паводзіны. Яны не заўважалі таго, што многія праведнікі старазапаветных часоў ня мелі зямнога багацьця, тады як многія, што жылі недастойна, мелі яго. Ісус кажа фарысэям, што Закон і прарокі былі да Яна Хрысьціцеля, а зараз прапаведуецца Валадарства Божае і толькі тыя (таксама і фарысэі), хто прыкладзе да гэтага пэўныя намаганьне ўвойдзе ў яго.
Ісус выкрывае фарысэяў у самаправеднасьці, які не жылі згодна Закона Майсея і, як прыклад, паказвае гэта на практыцы разводаў: «Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, чужаложыць, і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чужаложыць» (Лук 16:18).
Ісус ведаў, што казаў, бо фарысэі, пад час служэньня Ісуса, глядзелі на гэтую зьяву «скрозь пальцы» і ня бачылі ў гэтым ніякага чужаложства. Але Ісус бачыў у гэтым навочны прыклад самаапраўданьня, які, дарэчы, дзейнічаў толькі на людзей і толькі не на Бога.
Лук 16:19-31
«Адзін чалавек быў багаты, і апрануўся ў пурпур і вісон, і кожны дзень гучна весяліўся. А нейкі ўбогі Лазар, ляжаў ля брамы ягонай увесь у скулах, і жадаў насыціцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі, прыходзячы, лізалі скулы ягоныя. І сталася, убогі памёр і аднесены быў анёламі на ўлоньне Абрагама; памёр і багацей, і быў пахаваны» (Лук 16:19-22).
Прыповесьць пра багацея і Лазара адрозьніваецца ад іншых яркімі кантрастамі і дзіўным малюнкам прасторы. Дзьве асобы і іхнія лёсы старанна ўраўнаважаны, бо менавіта для гэтага Ісус паказвае нам браму, па розныя бакі якой мы бачым нашых дзеючых асобаў. Багацей жыве ў раскошы і пашане па адзін бок брамы, а Лазар у хваробе і жабрацтве – па другі бок гэтай жа брамы. Цікавая асаблівасьць гэтай брамы ў тым, што яна не адкрывалася ад багацея ў бок жабрака Лазара і таму яна зьяўляецца адлюстраваньнем той прорвы, якая раскрыецца паміж дзеючымі асобамі пасьля іхняй сьмерці. І вось, пасьля іхняй сьмерці ўсё дыяметральна зьмянілася, бо Лазар апынуўся на ўлоньні Абрагама, а багацей апынуўся ў пекле: «І ў пекле, пакутуючы, ён, падняўшы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным, і, загаласіўшы, сказаў: “Ойча Абрагаме! Зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым”» (Лук 16:23-24).
Мы бачым, што багацей мучыцца па адзін бок прорвы, а Лазар знаходзіцца ў супакоі і пашане па другі бок, але перайсьці гэтую прорву ўжо ніхто ня можа. Жаласны лёс Лазара пры жыцьці падобны на жаласны лёс багацея пасьля сьмерці. Адзін пакутаваў пры жыцьці, а другі пакутуе пасьля сьмерці. Тым ня меньш, багацей можа размаўляць з Абрагамам, які кажа багацею, што немагчыма выканаць тое, што ён запрошваў пры дапамозе Лазара. Абрагам прыгадаў багацею пра тое, што, калі ён, у зямным жыцьці, меў усё з лішкам, ён ніяк і нічым не дапамог пакутуючаму Лазару. Дарэчы імя Лазар азначае «Бог дапамагае». Бог і дапамог Лазару пасьля сьмерці набыць «старазапаветны» рай побач з Абрагамам. Улоньне Абрагама яўна ўвасабляе пашану і блізкасьць да Бога, але, хутчэй за ўсё, Лука дае нам уяўленьне нябеснага піру, на якім Лазар займае пачэснае месца побач з Абрагамам. Напэўна, нешта зразумеўшы, багацей просіць Абрагама паслаць Лазара ў дом бацькі свайго.
«Тады прашу цябе, ойча, каб ты паслаў яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў; няхай ён засьведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакутаў. Кажа яму Абрагам: “Маюць Майсея і прарокаў, няхай іх слухаюць” Ён жа сказаў: “Не, ойча Абрагаме! Але калі хто з памёршых прыйдзе да іх, навернуцца” Сказаў жа яму Абрагам: “Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, нават калі хто і з памёршых уваскрэсьне, не павераць”» (Лук 16:27-31).
Як мы бачым, багацей, у прыповесьці Ісуса, яўна сымбалізуе фарысэяў, якія ўвесь час патрабавалі ад Яго азнакі – настолькі відавочнай, каб проста нельга было пасьля гэтага не паверыць. Але Госпад ведаў, што яны, не жадаўшыя верыць Пісаньню, не паверылі б і ніякаму знаку. Прыповесьць абвяргае ўсякі пратэст пра асабістае няведаньне. Фактычна, калі багацей просіць паслаць Лазара да ягоных братоў, ён дае нам зразумець, што ён сам проста ня ведаў пра свой абавязак клапаціцца пра жабракоў. Але Абрагам абвяргае яго, кажучы, што Майсей і прарокі заўсёды казалі пра тое, як важна рабіць справядлівае і клапаціцца пра бедных. Божае Валадарства, якое прыйшло разам з Ісусам, чакала ад людзей таго, што Бог патрабаваў ад іх і заўсёды. Канец прыповесьці так і застаецца адкрытым. Ці пакаюцца пяць братоў багацея ці не? Няхай кожны разважыць сам.
Як і прыповесьці пра добрага самараніна, пра дзьвух даўжнікоў і пра авечак ды казлоў, гэтая прыповесьць кажа пра здольнасьць убачыць побач з сабою чалавека, маючага патрэбу, каб паклапаціцца пра яго. Эгаізм і жыцьцё ў раскошы перашкаджаюць багацею ўбачыць Лазара, а мы ведаем, што здольнасьць такое бачыць – гэта прыкмета духоўнага ўзрастаньня ў Ісусе Хрысьце. Ёсьць і іншыя ўрокі, якія дае нам гэтая прыповесьць. Яна дае нам напамін, што для спазнаньня Божай волі не патрэбны якія-небудзь адмысловыя азнакі. Больш таго, ніякія азнакі ня ўпэўняць таго, хто ня хоча падпарадкавацца Госпаду.
Безумоўна і тое, што застаецца мноства пытаньняў пра тое, як нам дапамагаць тым, хто мае вялікія патрэбы ў сваім жыцьці. Трэба думаць і разважаць, як нам дзейнічаць і якіх небясьпекаў нам трэба пазьбягаць. Але ня дай нам Госпадзе не заўважаць бедных, не клапаціцца пра іх і ня весьці барацьбы з праблемай жабрацтва. Адкрыем свае вочы, бо Лазар усё яшчэ ляжыць каля нашай брамы.
Свидетельство о публикации №226011700799