Лук 20 1-47

ЭВАНГЕЛЬЛЕ АД ЛУКІ


Лук 20:1-47

Калі Ісус прыйшоў у Ерусалім і выгнаў гандляроў з Храма, Ён дзейнічаў як гаспадар у сваім доме. Ён дзейнічаў як чалавек, які ўпэўнены ў сваіх паўнамоцтвах. Але ў Храме даўно ўжо існавала свая герархія ўлады. Гэткая вертыкаль с ахоўнікамі ўнізе да галоўных сьвятароў наверсе. І над імі ўсімі быў пасаджаны першасьвятар. Дык што надумаў Ісус пра Сябе, калі ўвайшоў у Храм бяз пэўных паўнамоцтваў і пачаўшы там распараджацца? Натуральнае пытаньне з боку рэлігійнага кіраўніцва Ізраіля.


Лук 20:1-8
«І сталася, калі з тых дзён Ён навучаў народ і дабравесьціў, прыйшлі першасьвятары і кніжнікі са старшынямі, і сказалі Яму, кажучы: “Скажы нам, якою ўладаю Ты гэтае робіш, ці хто даў Табе ўладу гэтую”. Адказваючы, Ён сказаў ім: “Спытаюся і Я ў вас адно слова, і скажыце Мне: “Хрышчэньне Янава з неба было ці ад людзей?”» (Лук 20:1-4).

Адказ Ісуса падаецца нечаканым і нават шакуючым. З чаго гэта Ісус раптам успамінае Яна? Можа таму, каб выставіць фарысэяў і кніжнікаў дурнымі перад народам? Але гэта ня так. Ісус абвяшчае Сваю ўладу над Храмам, як Валадар і Мэсія, бо менавіта на Янавым хросьце, пры шматлікіх сьведках, Ён атрымаў паўнамоцтвы Айца. Сьвяты Дух у выглядзе голуба і голас з неба падказваюць нам гэта. Ян быў сапраўдным прарокам, а Ісус – сапраўдным Валадаром. І калі б Ян быў сумнёўным авантурыстам, дык і дзеяньні Ісуса былі б незаконнымі (менавіта так і думала большасьць фарысэяў, але паспрабуй гэта выкажы перад народам). Лука надае вялікую важнасьць служэньню Яна і тым самым тлумачыць вялікую важнасьць гэтага эпізоду Эвангельля.

«І адказалі: “Ня ведаем адкуль”. І сказаў ім Ісус: “Тады Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае раблю» (Лук 20:7-8).

Першасьвятары і кніжнікі са старшынямі разважылі над пытаньнем Ісуса вельмі «дыпламатычна», адказаўшы: «Ня ведаем адкуль». Яны ведалі, што народ высока шануе Яна як прарока і таму ня вырашыліся выступіць супраць натоўпу. Ісус жа адмовіўся адказаць ім пра Сваю ўладу, але Ён, як бы, гэтым кажа першасьвятарам і кніжнікам са старшынямі: «Сваю працу Я выконваю ўладаю, якую атрымаў пры хросьце Яна – уладаю Айца Нябеснага». Першасьвятары ўжо ясна бачылі, што ўлада, якую яны мелі, пачала адчувальна хістацца і таму яны яшчэ больш упэўніліся ў тым, што, для захаваньня сваёй улады, Ісуса трэба «выкрэсьліць» з грамадзкага жыцьця Ізраіля. І, маючы для гэтага ўладныя магчымасьці, яны даб’юцца свайго, але, нават і на Крыжы, Ісус будзе дзейнічаць той жа ўладаю, уладаю збаўляючай і ацаляючай любові для ўсяго сьвету.


Лук 20:9-19
«Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і здаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час. І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб яны далі яму пладоў з вінаградніку, але вінаградары, зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым. Яшчэ паслаў іншага слугу, зьбіўшы і зьняважыўшы, адаслалі ні з чым. Яшчэ паслаў трэцяга; але яны і таго, зраніўшы, выгналі. І сказаў гаспадар вінаградніку: “Што мне рабіць? Пашлю сына майго ўлюблёнага. Можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца”. Убачыўшы ж яго, вінаградары разважалі між сабою, кажучы: “Гэта спадкаемца; пойдзем, заб’ем яго, каб нашаю сталася спадчына”. І, выгнаўшы яго вон з вінаградніку, забілі. Дык што зробіць з імі гаспадар вінаградніку? Прыйдзе і выгубіць, і аддасьць вінаграднік другім. Тыя, што чулі гэтае, сказалі: “Няхай ня станецца!”» (Лук 20:9-16).

Пры ўсёй сваёй відавочнай прастаце, гэта адна з самых значных, а значыць і няпростых прыповесьцяў Ісуса Хрыста. Яна зьяўляецца ня толькі працягам дыялога Ісуса з першасьвятарамі, але ўвогуле і тым, што тлумачыць Ягоны ўваход у Ерусалім. Любы юдэй таго часу ведаў, што азначаюць асноўныя дзеючыя асобы гэтай прыповесьці. Гаспадар вінаградніку сымбалізуе Бога, вінаградары – Ізраіля, а слугі – прарокаў. Ісус жа дадае ім, што гаспадар, вычарпаўшы ўсе сродкі папярэдняга дыялогу, пасылае да іх свайго сына, якога вінаградары забіваюць. Хто ёсьць сын? Так, гэта Ісус Хрыстос. Ён, як Сын Божы, прыйшоў да Ізраіля, каб завершыць працу ранейшых прарокаў і яшчэ раз заклікаць гебраяў аддаць Богу належную чэсьць і выканаць тое, што ім было гістарычна даручана.

Ізраілю было дадзена даручэньне прынесьці плод праведнасьці ў сваім жыцьці і зьявіць Божую ласку ўсяму астатняму сьвету. Але Ізраіль не зрабіў гэтага, лічачы, што Божая ласка прызначана толькі для іх, жывучы, пры гэтым, неправедным жыцьцём. Яны гналі і забівалі прарокаў, якія заклікалі народ да праведнасьці і пакоры Госпаду. І вось зараз яны павінны забіць і апошняга вястуна на гэтым шляху – Сына Божага.

Ісус ставіць перад слухачамі пытаньне пра магчымы вынік гэтай гісторыі і Сам на яго адказвае: «Прыйдзе і выгубіць, і аддасьць вінаграднік другім». Гэта кульмінацыйны момант вучэньня Ісуса, які кажа пра тое, што многія пагане і людзі, пагарджаныя грамадзтвам, увойдуць у Валадарства Божае, у той час, як многія юдэі туды ня ўвойдуць. Слухачы Ісуса добра гэта зразумелі, бо таму і занепакоіліся, кажучы: «Няхай ня станецца». Словы Ісуса былі даволі яснымі і казалі пра тое, што сістэма юдаізма сябе вычэрпвае, бо першасьвятары і кніжнікі са старшынямі адпрэчылі Яго. Лука падкрэсьлівае ўсю сур’ёзнасьць сітуацыі, калі даводзіць нам наступныя словы Ісуса: «Што тады значыць тое, што напісана: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла”. Усякі, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раздушыць» (Лук 20:17-18).

Мы бачым, як Ісус глядзіць у вочы тым, хто Яго слухае, калі прароцкі цытуе Пс 117:22. Вобраз камяня, які падаўся будаўнікам нягодным, на самой справе стаўся асноўным, бо стаўся галавою вугла. Ісус кажа, што Яго, значней Якога яшчэ не было ў гебрайскім народзе, адкінулі, але, у рэшце рэшт, Ён зойме Сваё найвышэйшае месца. Больш таго, Ён стане камянём суду над Ізраілем. Безумоўна, што жорсткасьць такіх словаў не магла ня ўразіць першасьвятароў і кніжнікаў, якія зразумелі на каго былі накірованы словы Ісуса і таму шукалі забіць Яго: «І шукалі ў гэтую гадзіну першасьвятары і кніжнікі, каб налажыць на Яго рукі, але баяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прыповесьць» (Лук 20:19).

Хаця гістарычна гэтая прыповесьць прывязана да размовы Ісуса Хрыста з храмавым сьвятарствам, тэмы гэтай гісторыі тычацца і ўсіх нас. Прыповесьць заклікае нас адгукнуцца. Гатовыя мы прызнаць права Бога на нашае жыцьцё ці мы адпрэчым гэтае права дзеля асабістых інтарэсаў? Ці гатовыя мы прыносіць плод і «аддаваць належнае» Богу? Прыповесьць кажа нам пра тую высокую чэсьць, якую мы маем, калі жывем з Богам. Як маем і адказнасьць за тое, што даў нам Бог. Ніхто – ні хрысьціяне, ні любыя іншыя людзі – не павінны лічыць, што Божыя дары (розум, здольнасьці, таленты) дадзены нам у вечнае валоданьне ці яны ў нас ёсьць самі па сабе ад нараджэньня. Яны дадзены нам, як магчымасьць жыць у зносінах з Госпадам, абапіраючыся на слова Божае. І мы павінны памятаць, што Божае Валадарства нясе для нас ня толькі бязьмежную ласку Бога, але і вялікую адказнасьць.

Калі Ісуса не прынялі ў Ерусаліме, дзе грамадзтва было даволі высокарэлігійным, дык што казаць пра нашае сучаснае грамадзтва, дзе ліберальныя «каштоўнасьці» ставяцца вышэй за Бога, а нават і адмаўляюць Яго. Сьвет ня хоча прымаць Ісуса Хрыста, як не прыняў Яго Ерусалім. Ён хоча «забіць» Яго ў Ягоных пасьлядоўніках, як забіў Яго Ерусалім. Нічога істотна не зьмянілася за дзьве тысячы гадоў і Эвангельле выклікае адмаўленьне, а часам і гвалт. Сьвет баіцца гэтага сьвятла, а таму і прыдумляе што заўгодна, каб толькі не дапусьціць сьвятло Ісуса Хрыста ў сваю «звыклую і прыемную» цемру, дзе старанна захоўваюцца грэх і несправядлівасьць. Але апошняе слова за Ісусам Хрыстом, Які памёр за нас, каб паказаць усім, што адноўлены вінаграднік дае ўсё болей пладоў, што будуецца новы Храм і ягоны краевугольны камень ужо заняў сваё пачэснае месца.


Лук 20:20-26
«І, сочачы за Ім, паслалі шпегаў, якія ўдавалі сябе за праведнікаў, каб яны падлавілі Яго на слове, каб выдаць Яго начальству і ўладзе ваяводы. І тыя спыталіся ў Яго, кажучы: “Настаўнік! Мы ведаем, што Ты слушна гаворыш і навучаеш, і не глядзіш на аблічча, але паводле праўды шляху Божага навучаеш. Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не?”» (Лук 20:20-22).

Ну чым не крымінальная гісторыя, дзе ў асяродзе ворага засылаюцца шпегі, якія выдаюць сябе за сяброў ці духоўна блізкіх людзей. Мэта – дыскрыдытацыя ці заманка ў сітуацыю, якая прывядзе да арышту і гібелі апанента. А для гэтага трэба дэталёва і шчыльна прадумаць план аперацыі пад умоўнай назвай «Падлавіць». І вось, аперацыя пачалася. Навошта гэта ўсё? Улады шукаюць повад, каб, як-небудзь, абвінаваціць Ісуса, пакуль Ягонае вучэньне не распаліла сапраўдны мяцеж. Для гэтага да Яго пасылаюцца людзі, якія ўдаюць сябе за дабрачынных і добрых юдэяў і якіх, як і многіх у той час, непакоіць пытаньне: «Калі яны трымаюцца Закона Божага, дык як яны могуць плаціць падатак паганскаму валадару?» Тым больш, што рымскія дынары – гэта ўжо абраза юдэйскага Закона, бо на іх ёсьць выява чалавека (кесара) з надпісам, што гэта сын Бога. А з другога боку, які ў іх выбар, бо калі не заплаціш, будзе толькі хужэй.

Хітрасьць шпегаў добра бачна Ісусу і таму Ён адказвае так, як не чакаў ніхто: «Чаму вы Мяне спакушаеце? Пакажыце Мне дынар. Чый на ім вобраз і надпіс? Яны, адказваючы, сказалі: “Цэзараў”. Ён жа сказаў ім: “Дык аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а што Божае, - Богу» (Лук 20:23-25).

Двухсэнсоўны адказ Ісуса пераварочвае ўсю гэтую драму з ног на галаву. З аднаго боку мы бачым захаваны сэнс вярнуць кесару ягоныя абразьлівыя грошы, а з другога мы бачым сур’ёзны выклік сьвятарству: «Аддавайце Богу тое, што прыналежыць Яму». І гэта вельмі важная заява. Ісус прапануе аддаваць Госпаду саміх сябе, бо як дынар нясе на сабе вобраз кесара, так і чалавек – вобраз Бога. Ісус, пры гэтым, абвінавачвае юдэяў у тым, што яны пераўтварылі Храм у пячору разбойнікаў і не выконваюць перад Богам тое, што павінны рабіць. Папраўце гэта і пытаньне з кесарам вырашыцца само сабой (безумоўна што рукою Божай).

Так, спроба абвінаваціць Ісуса такім чынам не ўдалася, але мы яшчэ пабачым, што менавіта гэты ілжывы доказ будзе адным з асноўных паказчыкаў арышту Ісуса. Начальнікі народу аддавалі кесару ня толькі манету з выявай рымскага валадара і надпісам: «Сын Бога», але і сапраўднага Божага Сына, Які па праву меў гэты тытул. Першасьвятары, самі таго не разумеючы, прапанавалі Богу ў ахвяру Таго, Хто Сам ішоў стацца гэтай ахвяраю за ўсіх нас. Крыж, як гэта ня дзіўна, паставілі два бакі, - кесар праз загад Понці Пілата і Бог. Такім чынам Крыж, як кесарава зброя пакараньня, станецца выключнай Божай зброяй збаўленьня.

Пераносячы гэты дзіўны дыялог паміж Ісусам і шпегамі на жыцьё сучаснага хрысьціяніна, мы абавязаны зьвярнуць увагу на тое, што трэба аадаваць кесару кесарава, а Богу Божае. Гэта, у нашым выпадку, азначае ўзаемаадносіны царквы і дзяржавы, а таксама хрысьціянства і палітыкі. Гэтыя няпростыя пытаньні – тэмы для асобнай размовы, але кожны думаючы хрысьціянін, так ці інакш, кранаецца гэтых пытаньняў і таму нам належыць бачыць правільныя прыярытэты.


Лук 20:27-39
«Прыйшоўшы ж, некаторыя з садукеяў, якія пярэчаць, што ёсьць уваскрасеньне, спыталіся ў Яго, кажучы: “Настаўнік! Майсей напісаў нам: “Калі памрэ нечый брат, які меў жонку, і памрэ бязьдзетным, дык брат ягоны мае ўзяць жонку ягоную і аднавіць насеньне брату свайму”» (Лук 29:27-28).

Сэнс далейшага аповяду, сказанага садукеямі, у тым, што сем братоў, ня маючы сваіх дзяцей, бралі за жонку адну і тую ж жанчыну, якая была, па-першае, ўдавою старэйшага брата, а потым і ўсіх астатніх. У рэшце рэшт памерла і яна. Дык вось пытаньне садукеяў да Ісуса: «Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку» (Лук 20:33).

Садукеі ня верылі ў уваскрасеньне мёртвых, але сваё пытаньне яны задаюць ня дзеля таго, каб высьветліць тое, што іх цікавіла, але з мэтаю паставіць Ісуса ў нязручнае становішча. Безумоўна, што «выпадак», пра які яны распавялі быў неверагодным і цалкам прыдуманым, хаця і пабудаваным на старажытнай габрэйскай традыцыі «левірата», якая зыходзіла ад Майсея.

Цікава заўважыць і тое, што калі юдэі (а мы будзем казаць пра фарысэяў) разважалі пра ўваскрасеньне, яны даводзілі да ўсіх гісторыю Ізраіля ад Абрагама да свайго часу і далей, ад свайго часу да будучага моманту, калі Бог увасрэсіць усяго Ізраіля і створыць для іх новы сьвет. Яны чакалі незвычайнага здарэньня ў будучым, у выніку чаго мёртвыя ажывуць і ўсё ў сьвеце выправіцца. Дык вось, як раз гэтую думку і не прымалі садукеі. Можа таму, што бачылі ў гэтым залішнюю магчымую радыкальнасьць у паводзінах існуючага сьвету, што магло прывесьці да страты маёмасьці і ўлады. А мы памятаем, што садукеі – гэта прадстаўнікі сьвецкай арыстакратыі тагачаснай Юдэі. І вялікая верагоднасьць таго, што садукеі і распавядалі такія неверагодныя гісторыі, каб паказаць усім, наколькі ёсьць глупствам любая думка пра ўвасрасеньне. А што Ісус?

У адказ Ісус прыводзіць два асноўных моманту гэтага пытаньня. Па-першае, жыцьцё ўваскросшых людзей адрозьніваецца ад зямнога жыцьця чалавека. Сьмерці ўжо ня будзе, а таму ня будзе патрэбы працягненьня роду чалавечага. І таму шлюбных (сэксуальных) адносінаў паміж людзьмі больш ня будзе. А па-другое, Ісус кажа, што кніга Выхаду, якую прызнавалі і садукеі, вучыць пра ўваскрасеньне, калі апісвае Бога як «Бога Абрагама, Ісаака і Якуба». Гэтыя патрыярхі жывыя для Бога, але ня ў тым сэнсе, што яны ўжо ўваскрэсьлі з мёртвых. Яны, у дадзены момант, жывуць у Божай прысутнасьці, чакаючы канчатковага ўваскрашэньня. Садукеі гэтаму адмаўлялі, а фарысэі верылі ў гэта. Ісус жа, ў гэтым пытаньні, падтрымлівае бок фарысэяў: «Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых, бо ў Яго ўсе жывыя. Адказваючы, некаторыя з кніжнікаў сказалі: “Настаўнік! Ты добра сказаў» (Лук 20:38-39).


Лук 20:40-47
«Ён жа сказаў ім: “Чаму кажуць, што Хрыстос ёсьць Сын Давіда? А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў: “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”. Дык Давід называе Яго Госпадам, і як жа Ён – сын ягоны?» (Лук 20:40-44).

Сам Ісус пайшоў у «наступ», калі запытаў у людзей пра прыроду Месіі, спасылаючыся далей на Пс 109:1, у якім Давід называе Мэсію Госпадам сваім і кажа, што Ён быў узьнесены праваруч Бога. І з гэтага ёсьць два вывады. Па-першае, «сын Давідаў» - гэта адначасова і Госпад Давіда па сіле ўваскрасеньня. Гэта пацьверджвае і апостал Пётр, калі кажа: «Гэтага Ісуса ўваскрасіў Бог, і ўсе мы – сьведкі гэтага. Дык узьнесены правіцаю Бога і ўзяўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што вы цяпер бачыце і чуеце. Бо Давід не ўзыйшоў у неба, а ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх» (Дзеі 2:32-35). І па-другое, Давід павінен быў усьведамляць, што Сын, Якому мела быць стацца Мэсіяй, павінен быць паходжаньня ад Бога і таму ён называе Яго Госпадам сваім.

«І калі ўвесь народ слухаў, Ён сказаў вучням Сваім: “Сьцеражыцеся кніжнікаў, якія хочуць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць вітаньні на рынках, і першыя месцы ў сынагогах і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах, якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд”» (Лук 20:45-47).

Мы не павінны зьдзіўляцца, што звычайныя чалавечыя меркі няслушныя і недарэчныя. Кніжнікі вымяраюць сваю каштоўнасьць памерам сваіх шатаў, лісьлівымі вітаньнямі і пачэснымі месцамі на публічных мерапрыемствах. Яны маюць сваю шкалу, але толькі ў Бога шкала сапраўдная. Яны ў прыватным парадку выкарыстоўваюць свае веды Закона, каб аб’ядаць удоваў, за якіх няма каму заступіцца. Іхняя рэлігія – прытворства, але Бог усё гэта бачыць. І ўсё, што трэба з гэтага ведаць кожнаму з нас - гэта тое, што яны атрымаюць за гэта цяжэйшы прысуд, бо на тых, хто больш ведае, ляжыць і большая адказнасьць перад Госпадам.


Рецензии