Лук 21 1-38

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ


Лук 21:1-38

У гэтым разьдзеле Ісус прароцкі кажа пра ўсё тое, што павінна здарыцца ў Ягоную будучую адсутнасьць: пасьля вяртаньня да Айца і да другога Ягонага прышэсьця. Мэта гэтага вучэньня – падгатаваць людзей да Божага Валадарства, якое Ён канчаткова ўсталюе, калі прыйдзе да нас. Як і ўсе прароцтвы ў Пісаньні, гэта таксама мела непасрэднае і практычнае значэньне для пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста. Перад тварам будучых падзей яны папярэджваліся пра неабходнасьць весьці праведнае жыцьцё.


Лук 21:1-4
«Глянуўшы ж, убачыў Ён багацеяў, якія кідалі дары свае ў скарбніцу. І ўбачыў адну бедную ўдаву, якая кінула туды дзьве лепты, і сказаў: “Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава кінула больш за ўсіх, бо ўсе тыя з лішку свайго кідалі ў дар Богу, а яна з нястачы сваёй кінула ўсё ўтрыманьне сваё, якое мела”» (Лук21:1-4).

Вельмі лагічным падаецца пераход Ісуса ад ўдоваў, якіх аб’ядалі кніжнікі (Лук 20:46-47), да беднай удавы, якая паклала ў храмавую скарбніцу ўсё, што яна мела. А мела яна вельмі мала, бо лепта – гэта мелкая, грэцкага паходжаньня, манета, якая складала 1/128 частку рымскага дынара. Лепта, як грашовая адзінка, мае месца ў сучаснай Грэцыі і па сёняшні дзень. Але чаму размова ідзе менавіта пра дзьве лепты?

Ня толькі таму, што больш грошай у гэтай беднай жанчыны не было. Па юдэйскіх правілах гэта быў мінімальны памер дабраахвотнага ахвяраваньня. Але, на незабясьпечаную ўдаву гэтае правіла не распаўсюджвалася і яна магла адну лепту пакінуць сабе. Мы ж бачым, што яна ўсе ж кідае ў скарбніцу ўсё што мае – дзьве лепты. Чаму ж яна не паклапацілася пра сябе? Пытаньньне да кожнага з нас, бо як бы зрабілі мы, апынуўшыся ў такім «далікатным стане»? Уявім сабе, што мы планавалі пэўнае ахвяраваньне, але здарылася нешта незапланаванае тое, на што мы не разьлічвалі. І засталося, ну амаль што тое, што мы планавалі ахвяраваць. Ці пазбавім мы сябе гэтых, амаль што апошніх, грашовых сродкаў? Ці зробім так, як зрабіла гэтая бедная ўдава? Мяркую, што вельмі мала хрысьціянаў можа станоўча адказаць на гэтае пытаньне, бо знойдуцца тысячы аргумэнтаў, якія «апраўдаюць» іншае рашэньне. Ніяк не хачу казаць нічога дрэннага ў гэты адрас, бо сапраўды жыцьцё, нават і ў наш час, нашмат складаней жыцьця той незабясьпечанай жанчыны. Але.

Робячы свой сапраўды ахвярны дарунак Госпаду, бедная ўдава цалкам даверылася Яму, спадзяючыся на тое, што Бог паклапоціцца пра яе. Прыклад гэтай удавы – прыклад для любога хрысьціяніна, бо Бог бачыць усе патрэбы сваіх сыноў і дачок і калі Ён бачыць такую ахвярнасьць для Яго, дык ці ня дасьць Ён нашмат болей і для нас?


Лук 21:5-19
«І, калі некаторыя гаварылі пра сьвятыню, што яна аздоблена каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў: “Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які б ня быў зруйнаваны” Спыталіся ж у Яго, кажучы: “Настаўнік! Калі ж гэта мае быць? І які знак, калі гэта мае стацца?”» (Лук 21:5-7).

Ерусалімскі Храм – гэта пэрліна і таму прадмет нацыянальнай гордасьці ўсяго Ізраіля. Цудоўнейшы будынак, які стагодзьдзямі упрыгожваўся з любоўю і найвышэйшага ўзроўню майстэрствам. Храм Ерусаліма, які займаў цэнтральнае месца ў народным жыцьці, рэлігіі, адукацыі і нават творчасьці. І вось гэты Храм будзе разбураны. Скажыце сёньня грамадзяніну ЗША, што будзе разбураны Белы дом ці статуя Свабоды. Храм, які ад валадара Саламона атаясамляў сувязь Бога з Ізраілем будзе ляжаць у руінах. Ну і справы. Але, калі гэта будзе і які для гэтага будзе дадзены знак? Наогул, у часы Ісуса (безумоўна і раней) былі людзі, якія назіралі за начным небам, каб вызначаць нешта незвычайнае. Яркія і незвычайныя з’явы, па тыпу камет, зьвязваліся з нейкімі сур’ёзнымі здарэньнямі на зямлі. І калі вучні запытваліся ў Ісуса адносна знаку разбурэньня Храма, яны маглі мець на ўвазе нешта падобнае. Ісус не дае ім гэтага знаку, але Ён дае ім нешта іншае. Ён кажа ім, як ім перажыць будучыя дні.

«Глядзіце, каб вас не падманулі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і гэты час наблізіўся. Не хадзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і бязладзьдзе, не жахайцеся, бо гэта мусіць стацца спачатку, але не адразу канец. Тады сказаў ім: “Паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства, а месцамі будуць вялікія землятрусы, і голад, і пошасьць, таксама страхі і знакі з неба вялікія будуць. А перад усім гэтым ускладуць на вас рукі і будуць перасьледаваць вас, выдаючы ў сынагогі і вязьніцы, вядучы да валадароў і ваяводаў дзеля імя Майго. А станецца гэта дзеля сьведчаньня вам» (Лук 21:8-13).

Сказанае Ісусам, што належыць вучням перацярпець у будучыя дні, відавочна кажа пра тое, што Яго з імі ўжо ня будзе. Але гэта кажа і пра тое, што ў будучым існуе небясьпечнасьць зьяўленьня асобных людзей, якія будуць выдаваць сябе за непасрэдных прадстаўнікоў Ісуса Хрыста, а можа і за Яго самога. Будуць войны і рэвалюцыі, будуць прыродныя і тэхнагенныя катастрофы. І будуць ганеньні. Але, папярэджваючы пра гэта, Ісус дае вучням канкрэтныя парады, як паводзіць сябе ў гэтых выпадках.

«Дык палажыце ў сэрцах вашых не абдумваць раней, як адказваць, бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць пярэчыць, ані супрастаяць усе супраціўнікі вашыя» (Лук 21:14-15).

Ісус дае абяцаньне даць Сваім вучням усё неабходнае ў гэты час чаканьня (вусны і мудрасьць), але гэта зусім не азначае абыякавасьць. Ісус Хрыстос заклікае да шчырасьці і працавітасьці. Абяцаньне Ісуса адносіцца да тых часоў, калі прыхільнасьць да Хрыста будзе несьці для прыхільнікаў сур’ёзную пагрозу жыцьця. Прароцтвы Ісуса споўніліся ўжо ў першым пакаленьні хрысьціянаў, калі яны пабачаць гэта ці пачуюць пра разбурэньне Ерусаліма і Храма ў 70 годзе па Р.Х. І няма сумненьня ў тым, што многія з тагачасных хрысьціянаў маглі засьведчыць пра тое, што Ісус наспраўдзе быў з імі і навучыў іх, што ім рабіць і што казаць. Але ня ўсё так і проста.

«А будзеце выдадзеныя і бацькамі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі; і некаторых з вас пазабіваюць, і будуць ненавідзець вас усе дзеля імя Майго, але і волас з галавы вашай не прападзе. У цярплівасьці вашай здабывайце душы вашыя» (Лук 21:16-19).

Тое, што мы зараз чытаем, адносіцца ня толькі да першага пакаленьня хрысьціянаў, але і да ўсіх наступных пакаленьняў. Мы разумеем і ведаем, што гэта ёсьць і зараз, у-ва многіх месцах нашай зямлі. І дзе б гэта не было нашыя браты і сёстры маюць патрэбу ня толькі ў нашай малітве, але ў словах Ісуса Хрыста: «Глядзіце, каб вас не падманулі»; «І станецца гэта дзеля сьведчаньня вам»; «Я дам вам вусны і мудрасьць»; «У цярплівасьці вашай здабывайце душы вашы». Гэтыя каштоўныя словы трэба пакласьці на сэрцы і памятаць іх заўсёды, асабліва тады, калі прыйдзе да нас нягода.


Лук 21:20-33
«Калі ж убачыце Ерусалім, акружаны войскам, тады разумейце, што наблізілася спусташэньне яго. Тады тыя, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы; і хто пасярод гораду, няхай выходзяць; і хто ў ваколіцы, няхай не ўваходзяць у яго, бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё напісанае. Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні; бо будзе вялікае бедства на зямлі і гнеў на народзе гэтым. І ўпадуць ад войстрага мяча, і павядуць іх у палон да ўсіх паганскіх народаў, і Ерусалім будуць таптаць пагане, пакуль ня скончацца часы паганаў» (Лук 21:20-24).

Набліжаецца час крызісу, калі Ізраіль і Ерусалім спасьцігнуць няшчасьці за адмову пакаяцца і ісьці шляхам Валадарства Бога. Таго Валадарства, якое прапануе ім Ісус Хрыстос. Прыдуць рымляне, акружаць Ерусалім і, у рэшце рэшт, возьмуць яго штурмам. Ісус, у гэтым выпадку, дае вельмі канкрэтныя парады на тое, як належыць сябе паводзіць і што трэба рабіць. Ягоныя пасьлядоўнікі не павінны думаць, што з пачуцьця «нейкага патрыятызму», яны абавязкова павінны застацца ў Ерусаліме і разам з ім загінуць. Хрысьціяне павінны пакінуць горад да таго, як ён будзе блакаваны варожым войскам. Гвалтоўная сьмерць ці палон чакае тых, хто будзе схоплены заваёўнікамі. Сам Ерусалім і Храм – гэтыя сьвятыні Ізраіля, будуць зруйнаваныя, а ўсе каштоўнасьці будуць забраныя паганамі. Гэтыя папярэджаньні Ісуса былі зьдзейсьненыя ў 70 годзе па Р. Х. Але гэта толькі пачатак, а што далей?

«І будуць знакі на сонцы, і месяцы, і зорках, і на зямлі ўціск народаў у зьбянтэжанасьці, як зараве і забушуе мора. І дрантвець будуць людзі ад страху і чаканьня таго, што прыйдзе на сусьвет, бо сілы нябесныя захістаюцца. І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць у воблаку з моцаю і славаю вялікаю. Калі ж пачне гэтае дзеяцца, выпрастуйцеся і падніміце галовы вашыя, таму што набліжаецца адкупленьне вашае» (Лук 21:25-28).

Калі адчуць вобразны погляд тагачаснага чалавека на розныя касьмічныя зьявы, дык, у гэтым выпадку, можна зразумець літаральна, што гэта магло б азначаць. Вялікія народы і валадарства зямлі адчуюць значныя перамены і нават разбурэньні. Мы ведаем прыклад распаду імперыі Рыма, таго самага Рыма, які ў свой час разбурыў Ерусалім і Ерусалімскі Храм. Гісторыя, з тых часоў, дасьць яшчэ не адзін прыклад зьдзяйсьненьня таго, што казаў Ісус у Ерусаліме.

Кажучы пра Сваё вяртаньне на зямлю, Ісус карыстаецца словамі прарока Данііла, які бачыў як бы Сына Чалавечага, Які атрымлівае ўладу ад Бога Айца. Ісус Хрыстос прыме тое Валадарства, якое Ён прапаведаваў ад пачатку Свайго служэньня. Гэтае прароцтва кажа пра той суд, на якім Бог-Судзьдзя апраўдае Свой народ дзеля Сына Чалавечага і асудзіць тых, хто не прыняў Ісуса Хрыста.


Лук 21:34-38
«Пільнуйце ж самі сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя абжорствам, і п’янствам, і клопатамі жыцьцёвымі, і каб дзень той не прыйшоў да вас неспадзявана. Бо ён, як пастка, спадзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі. Дык чувайце, молячыся ва ўсякі час, каб вам быць вартымі ўцячы ад усяго, што мае стацца, і стаць перад Сынам Чалавечым» (Лук 21:34-36).

Ісус упэўнівае вучняў, што Ягоныя словы абавязкова адбудуцца, але Ён заклікае іх быць гатовымі да гэтага ва ўсякі час. Абжорства, п’янства і жыцьцёвыя клопаты не павінны абцяжарваць сэрца хрысьціяніна, бо ўсё гэта перагарожвае шлях да Божага Валадарства. Глядзіце за сабою і бадзёрцеся ў кожны час – настойліва паўтарае Ісус Хрыстос, зьвяртаючыся да Сваіх пасьлядоўнікаў.


Рецензии