Лук 22 1-71

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ


Лук 22 1-71

Прайшло ўжо амаль што дзьве тысячы год ад сьмерці, за ўсіх нас, Ісуса Хрыста на Крыжы ў Ерусаліме. Што зьмянілася з тых часоў? Разбураны Храм Ерусаліма, але будуецца Царква Хрыста сярод паганаў Рыма і далей. Разбураюцца імперіі і сьвет запальваецца войнамі. Шматлікія памылкі, а нават і злачынствы хрысьціянаў, прыводзяць да Рэфармацыі. Прамысловая рэвалюцыя прывяла да сучаснага жыцьця з інтэрнэтам і засільлем лібральнай думкі. Ці паменьшылася зло ў гэтым сьвеце? Ніяк. І таму мы мусім даваць адказы на пытаньні сучасьнікаў пра Ісуса Хрыста і нашае пакланеньне Яму. Ці сучасна ўсё гэта? Сучасна, але нашыя адказы такія ж, як і адказы хрысьціянаў першага стагодзьдзя, бо мы ведаем, што сказаў усім нам Ісус перад той вячэрай з апосталамі, на якой Ён Сам стаўся Пасхай. А Ён сказаў нам пра ўсё тое, што мы ведаем з гісторыі і бачым сёньня. І заклікаў да бадзёрасьці і цярпеньня, каб у малітве і надзеі, вывучэньні Пісаньня і сьведчаньні, даваць плады Духа Сьвятога ў чаканьні Ісуса Хрыста. Пакуль жа вернемся ў Ерусалім, бо набліжаецца сьвята праснакоў, якое называецца Пасхай.


Лук 22:1-23
«Набліжалася ж сьвята праснакоў, называнае Пасха І шукалі першасьвятары і кніжнікі, каб забіць Яго, бо баяліся народу. А шатан увайшоў у Юду, названага Іскарыётам, аднаго з ліку Дванаццаці, і той, адышоўшы, гутарыў з першасьвятарамі і начальнікамі варты, як Яго выдаць ім. І яны ўзрадаваліся, і дамовіліся даць яму грошы, і ён абяцаў, і шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры натоўпе. Прыйшоў жа дзень праснакоў, калі мусілі рэзаць пасхальнае ягня» (Лук 22:1-7).

Лука, ужо ў (9:31) свайго Эвангельля казаў нам пра тое, што Ісус павінен ісьці ў Ерусалім, каб зьдзейсьніць «новы Выхад». І вось, Ісус прыйшоў у Ерусалім, каб зрабіць для Ізраіля і ўсяго сьвету тое, што зрабіў Бог праз Майсея ў першым Выхадзе. Бог прынёс суд на Егіпет і збавіў Ізраіля. Знакам жа і сродкам як суду, так і збаўленьня была Пасха, якая, праз анёла сьмерці, пакарала Егіпет і не кранула Ізраіля, бо касякі дзьвярэй у дамах гебраяў былі памазаны крывёю ахвярнага ягняці. Зараз жа, у новым Выхадзе, мы бачым дасканалае Божае Ягня – Ісуса Хрыста, Які будзе забіты, каб перамагчы зло і збавіць Свой народ ад сьмерці вечнай. Бо шукалі ўжо першасьвятары і кніжнікі, каб забіць Яго, а шатан ужо ўвайшоў у Юду Іскарыёта.

Юда, які шукаў ужо нагоды, каб выдаць Ісуса, толькі забясьпечыў тое, што шукалі першасьвятары і кніжнікі – магчымасьць арыштаваць Ісуса, калі каля Яго ня будзе натоўпу. І кожны з бакоў меў свой план. Ісус меў план Божы стацца Пасхай, каб Сваёй ахвярай прынесьці збаўленьне для Свайго народу. Што ж тычыцца першасьвятароў, дык яны, па ўсёй верагоднасьці, вельмі хваляваліся за тое, што Ісус мае нейкія тайныя планы менавіта на Пасху, каб скарыстаўшыся ўвагаю натоўпаў, якія прыйшлі на гэтыя дні ў Ерусалім, адняць у іх уладу над Храмам, а значыць і над народам. Лука паказвае нам, што Юду выкарыстоўвае сам шатан, заўсёдная мэта каторага – абвінавачваньне. Ісуса павінны абвінаваціць у тым, што Ён падманшчык, ілжэпрарок, а самае галоўнае – самазваны Мэсія, які падштурхоўвае Ізраіля да небясьпекі. Так што здрада Юды – гэта першы крок у гэтым абвінавачваньні. Але, усё па парадку.

«І паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: “Ідзіце, падрыхтуйце нам есьці Пасху”. Яны ж сказалі Яму: “Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?” Ён жа сказаў ім: “Вось, пры ўваходзе вашым у горад, сустрэнецца вам чалавек, які нясе збан вады; ідзіце за ім у дом, у які ён увойдзе, і скажыце гаспадару дома: “Настаўнік гаворыць табе: “Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху з вучнямі Маімі? І ён пакажа вам залю вялікую, засланую; там падрыхтуйце”. Пайшоўшы ж, яны знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху» (Лук 22:8-13).

Нават і ў гэтыя апошнія часы Свайго зямнога жыцьця Ісус працягваў рабіць цуды. Ці ж гэта ня так, калі Ён сказаў Яну і Пятру, як і што мае адбыцца на шляху таго, як яны падрыхтуюць Яму і ўсім астатнім вучням пасхальную ежу? Прадказаньне Ісуса зьдзейсьніліся, бо як можна было не пазнаць чалавека, які нясе збан вады? Ці не таму, што звычайна ваду ў дом насілі жанчыны? А тут? Але, як бы тое не было, той чалавек прывітаў іх і запрасіў да сябе, каб тыя зрабілі тое, пра што прасіў іх Ісус. І гэта, магчыма, кажа пра тое, што гэты чалавек быў адным з тых, хто паверыў у Ісуса Хрыста і таму аддаў значную частку свайго дому для гэтай пасхальнай вячэры Ісуса. І вось, Ісус і Ягоныя вучні ў гэтай залі, дзе была падрыхтаваная Пасха.

«І калі прыйшла гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім. І Ён сказаў ім: “Жаданьнем жадаю Я есьці з вамі гэтую Пасху перш, чым маю цярпець пакуты. Бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль ня споўніцца ў Валадарстве Божым” І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, сказаў: “Вазьміце гэтае і падзяліце паміж сабою, бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Валадарства Божае” І ўзяўшы хлеб, падзякаваўшы, паламаў і даў ім, кажучы: “Гэта ёсьць Цела Маё, Якое за вас даецца. Рабіце гэтае на ўспамін пра Мяне”. Гэтак сама і келіх узяў пасьля вячэры, кажучы: “Гэта келіх Новага Запавета ў Крыві Маёй, якая за вас праліваецца» (Лук 22:14-20).

Погляд Ісуса пільна накірованы на гэты пасхальны стол і на вучняў, якія, разам з Ім, узьлягалі тут. Для Ісуса гэта быў той момант, калі Ён мог канкрэтна і ў апошні раз, пад час іхняга сумеснага служэньня, патлумачыць, што чакае Яго і якім чынам гэта можа стацца дабраславеньнем для іх саміх. І зусім не дарма, Лука ўплятае ў гэты аповяд гісторыю здрады Юды Іскарыёта, які прысутнічаў пад час усёй вячэры і зьнік для зьдзяйсьненьня свайго ўчынку пасьля яе.

«Але вось, рука таго, хто выдае Мяне, са Мною, за сталом. І сапраўды, Сын Чалавечы ідзе паводле таго, як вызначана, але гора таму чалавеку, які Яго выдае. І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто гэта з іх меўся зрабіць гэта» (Лук 22:21-23).

Злучэньне сьвяткаваньня і здрады пад час вячэры гатуе нас да злучэньня трыумфа і трагедыі ўкрыжаваньня Ісуса Хрыста. Ён зьдзяйсьняе Сваё пакліканьне, калі прымае на Сябе Божае пакараньне за тых, хто яго заслугоўвае. Але, калі сілы зла вырашаюцца на тое, каб укрыжаваць Таго, Хто нясе Божае збаўленьне, Бог выкарыстоўвае гэта, каб перамагчы гэтыя сілы. Мы ж, вучні Ісуса Хрыста, калі зьбіраемся ў пэўны час, каб пераламляць хлеб і піць віно ў Ягоную памяць, маем быць саўдзельнікамі гэтага збаўленьня. Сілы цемры могуць яшчэ дзейнічаць падобна фараону, які, са сваім войскам, перасьледаваў гебраяў пад час іхняга выхаду з Егіпта. Але гэтыя сілы, як мы ведаем, ужо пацярпелі паразу, а мы, як народ Божы, атрымалі збаўленьне.


Лук 22:24-38
«Узьнялася ж спрэчка між імі, хто з іх лічыцца большым. Ён жа сказаў ім: “Валадары народаў пануюць над імі, і тыя, што маюць над імі ўладу, дабрадзеямі называюцца. Вы ж ня гэтак, але большы сярод вас станься як меньшы, і правадыр – як служыцель. Бо хто большы: той, які ўзьлягае за сталом, ці той, які паслугуе? Ці ня той, які ўзьлягае? А Я сярод вас, як той, які паслугуе. Вы ж тыя, хто застаецца са Мною ў спакусах Маіх, і Я пераказваю вам Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой, каб вы елі і пілі за сталом Маім ў Валадарстве Маім; і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць каленаў Ізраіля”» (Лук 22:24-30).

І гэта даволі дзіўна. У той час, калі стаіць пытаньне, што адзін з Дванаццаці мае сваім намерам выдаць Ісуса, яны ўзьнялі спрэчку пра тое, хто з іх лічыцца большым сярод апосталаў. Больш таго, Ісус кажа ім, што Ён ня будзе больш піць з імі віна пакуль ня прыйдзе Божае Валадарства. Яны ж пачалі вызначаць таго, хто ўзначаліць іх у адсутнасьць Настаўніка. Гэта быў паваротны момант гісторыі, але вучні выказалі поўную негатоўнасьць да гэтага, спрачаючыся адзін з адным, хто з іх вышэйшы. Ісус жа адказвае ім тым, што пераварочвае разуменьне «велічы» як такой. Яны прызнаюць Яго большым сярод усіх (ня толькі іх), а Ён ім слугуе. Такім чынам Ісус дае ім урок, як запавет, на ўсе будучыя часы. Што тычыцца, безумоўна, і ўсіх нас.

У-ва ўсёй гэтай гісторыі праглядаецца адіноцтва Ісуса. І ня толькі на вячэры, - мы пабачым гэта і далей. На гары Аліўнай пад час малітвы, пасьля арышту і да самой Сваёй сьмерці на Крыжы. Сярод пачуцьцяў Ісуса ў гэты момант, калі Ён павінен быў панесьці ўвесь увесь цяжар грэху і ганьбы як Ізраіля, так і ўсяго сьвету, акрамя іншых было і пачуцьце адзіноцтва. Але, сярод гэтага, мы можам бачыць і сьвятло, якое Ісус нясе Сваім вучням праз цемру адзіноцтва.

Па-першае, Ён слугуе вучням, чым дае стандарт паводзінаў у любой хрысьціянскай працы і хрысьціянскім служэньні, бо гэта і ёсьць Ягоная сутнасьць. Па-другое, Ісус выконваў прароцтва Старога Запавета, як, дарэчы, і тое, што Ён будзе залічаны да зладзеяў: «Пасьля гэтага Я дам Яму долю паміж вялікімі, і з моцнымі будзе дзяліць здабычу, за тое, што аддаў душу Сваю на сьмерць, і да зладзеяў залічаны быў, тады як Ён панёс на Сабе грахі многіх і за злачынцаў зрабіўся хадайнікам» (Іс 53:12). І, па-трэцяе, Ён кажа, што Валадарства для вучняў ўжо настае, бо тое, што абяцаў Яму Айцец, Ён перадае ім, нягледзячы на тое, што яны не разумеюць што гэта за Валадарства і як яно прыходзіць. І гэтае «нелагічнае», з пункту гледжаньня чалавека, дзеяньне Бога, Які шчодра дае Сваю ласку, дзіўным чынам усьцяшае. У-ва ўсе часы – будзь гэта ў першым ці дваццаць першым стагодзьдзі. Гэта ўсё праглядаецца ў бліжэйшым будучым, а пакуль што Ісус зьвяртаецца да Пятра, адкрываючы яму бліжэйшы час.

«І сказаў Госпад: “Сымоне, Сымоне! Вось, шатан зажадаў прасейваць вас, як пшаніцу, а Я маліўся за цябе, каб не паменьшала вера твая; і ты, некалі павярнуўшыся, умацуй братоў тваіх” Той жа адказаў Яму: “Госпадзе! З Табою я гатовы ісьці і ў вязьніцу, і на сьмерць!” Ён жа сказаў : “Кажу табе, Пётр, не прапяе певень сёньня, як ты тройчы адрачэшся, што ведаеш Мяне» (Лук 22:31-34).

Калі апосталі спрачаліся паміж сабою за сваю «большасьць», Ісус зьвяртаецца да Пятра, кажучы, што менавіта яму Ён даручае гэтую ролю. І дзеля гэтага Ён, раней за спакушэньне, якое дасягне Пятра, ставіць абарону, каб ён, павярнуўшыся, ўмацаваў іншых вучняў, якія разьбягуцца пад час арышту Ісуса. Пётр быццам бы ня згодны з Ісусам, калі ўпэўнівае Яго пра сваю вернасьць. Але, ён, Пётр, дакажа адваротнае, калі тройчы адрачэцца ад Ісуса ў ноч арышту, але вернецца да Яго, каб умацаваўшыся, умацаваць і братоў сваіх. Ісус умацоўвае ня толькі Пятра, але і ўсіх, хто прысутны і слухае Яго.

«І сказаў ім: “Калі Я пасылаў вас бяз кайстры, і бяз торбы, і без абутку, ці мелі вы нейкую нястачу?” Яны адказалі: “Аніякай”. Тады Ён сказаў ім: “Але цяпер, хто мае кайстру, няхой возьме таксама і торбу, і хто ня мае, няхай прадасьць адзеньне і купіць меч. Бо кажу вам, што Мусіць зьдзейсьніцца на Мне ўсё гэта, што напісана: “Да беззаконьнікаў залічаны”. Бо ўсяму, што адносна Мяне, надыходзіць канец”. Яны ж сказалі: “Госпадзе! Вось, тут два мячы! А Ён сказаў: “Даволі”» (Лук 22:35-38).

Вучням належыць вытрымаць час выпрабаваньняў і яны ўжо ня будуць мець тую ўладу і абарону, якую даваў ім Ісус, калі пасылаў іх наперад Свайго шляху да Ерусаліма. Ісус ужо атрымаў папярэднюю, але першапачатковую перамогу на сіламі зла (мы памятаем спакушэньне Ісуса ў пустыне пасьля Янавага хросту). Зараз жа Яму мае быць асноўная бітва, у якой Ён будзе ўдзельнічаць як беззаконьнік і сярод беззаконьнікаў. І калі Ён, без усякай абароны, стане перад апошнім ворагам, дык і Яго пасьлядоўнікам трэба асьцерагчыся. Іншая справа, што вучні не разумеюць тое, што Ён гаворыць ім пра гэта вобразана і таму кажуць Яму пра два меча, напэўна для таго, каб абараняцца фізічна. Ісус жа кажа ім: «Даволі». Што меў на ўвазе Ісус, кажучы гэта? На погляд уважлівага чытача толькі тое, што не для фізічнага дзеяньня былі словы Хрыста і таму Ён стомлена кладзе канец гэтай размове, у якой вучні, як падаецца, так нічога і не зразумелі.


Лук 22:39-53
«І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; а за Ім пайшлі і вучні Ягоныя. Прыйшоўшы ж на месца, Ён сказаў ім: “Маліцеся, каб не ўвайсці ў спакусу”. І Ён адыйшоў ад іх як кінуць камень, і, укленчыўшы, маліўся, кажучы: “Ойча, калі хочаш, пранясі келіх гэты міма Мяне. Аднак не Мая воля, але Твая няхай станецца” Зьявіўся ж Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. І, будучы ў барацьбе сьмяротнай, пільней маліўся, а быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю. І, устаўшы ад малітвы, Ён прыйшоў да вучняў і знайшоў іх, што яны сьпяць ад смутку. І сказаў ім: “Што вы сьпіцё? Устаньце, маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу» (Лук 22:39-46).

Ісус ведаў, што будзе ўзяты першасьвятарамі на пакуты і сьмерць, але Ён ведаў і тое, што гэта ёсьць той Божы план, дзеля якога Ён і прыйшоў у гэты сьвет. Але вось, вучні. Ісус павінен зьберагчы іх. Вучні, якія, пакуль, амаль што не разумелі словы і дзеі Ісуса, павінны быць захаванымі для далейшай працы ў імя Ісуса Хрыста для Божага Валадарства. Нам, сучасным чытачам Эвангельля ад Лукі, рэтраспектыўна, гэта больш меньш, зразумела, але ў той час апосталы самі пра сябе яшчэ не чыталі і таму ў іх было больш пытаньняў чым адказаў. Ісус ведаў гэта і рабіў усё, каб яны не пацярпелі разам з Ім. Акрамя гэтага Ён ведаў і тое, што павінен у адзіноцтве і на якісьці час апынуцца пад уладаю цемры. Ягоная місія была памерці за авечак, але ня ў тым, каб гэтых авечак таксама забілі. І таму Ён моліцца за Пятра, каб ён і ўсе астатнія вучні пазьбеглі таго, што чакала Яго ў бліжэйшыя часы.

Ісус кажа вучням: «Маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу». Пра якую спакусу кажа Ісус? Упэўнены, што вучні зноў не зразумелі Ісуса, як, дарэчы, могуць не разумець гэта і сучасныя чытачы. Але ёсьць упэўненасьць у тым, што гаворка ідзе пра вытрымку і розум, каб захаваць вучняў ад той цемры, якая хутка накрые Ісуса. Безумоўна і тое, што Ісус заклікае іх да таго, каб яны выбралі вернасьць і паслушэнства Госпаду пад час выпрабаваньняў і не адыйшлі ад Яго. І вось зараз Ён пакідае вучняў, каб маліцца, бо час зла ўжо настае. Ісус ведаў, што Яму трэба ператрываць усю глыбіню зла і богапакінутасьці, дзе часткай гэтага выпрабаваньня была ўнутраная барацьба. Безумоўна што выходзіць на паверхню прыклад Абрагама, калі ў самы апошні момант, Бог не дазволіў ахвяраваць сынам і замяніў гэтую ахвяру на авечку. Ісус моліцца Айцу і ўнутраная напруга выліваецца ў тое, што пот Ісуса быў, як кроплі крыві. Сучасныя дасьледваньні пацьверджваюць тое, што у вельмі складаных і стрэсавых сітуацыях гэта зьява вельмі магчымая. І вось Ісус, умацованы анёлам, ідзе насустрач злу, якое захопіць часова прастору, але на Крыжы пацерпіць паразу канчаткова.

«Яшчэ Ён гаварыў, аж вось натоўп, а наперадзе іх ішоў адзін з Дванаццаці, называны Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Ісус жа сказаў яму: “Юда! Пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?” А тыя, якія былі з Ім, бачачы, што мае стацца, сказалі Яму: “Госпадзе! Ці ня ўдарыць мячом?” І адзін з іх ударыў слугу першасьвятара, і адсек яму правае вуха. Адказваючы ж, Ісус сказаў: “Пакіньце гэта”. І дакрануўшыся да вуха ягонага, аздаравіў яго. А першасьвятарам і начальнікам варты сьвятыні, і старшыням, якія прыйшлі супраць Яго, сказаў Ісус: “Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі. Кожны дзень, калі быў Я з вамі ў сьвятыні, вы ня выцягнулі на Мяне руку, але гэта ваша гадзіна і ўлада цемры» (Лук 22:47-53).

Мы памятаем на працягу ўсяго Эвангельля, пачынаючы ад Назарэта, колькі разоў ворагі Ісуса шукалі схапіць і забіць Яго. Але безвынікова, бо не прыйшоў час. І вось зараз, Ісус сам аддаецца ў рукі першасьвятароў і кніжнікаў, ведаючы, што ідзе на сьмерць. Вучні, якія былі з Ім не зразумелі гэтага кроку, як не зразумелі, што ёсьць Валадарства Хрыста і Ягоны заклік да прымірэньня. Іхнія спробы абараніць Ісуса ня маюць сэнсу, як ня мелі сэнсу мячы і калы тых, хто прыйшоў арыштаваць Ісуса. Ён не бунтар і да бунту не заклікае. Але час для заклікаў і тлумачэньняў скончаны. Прыйшла гадзіна ды ўлада цемры і ніхто нічога не зразумее, пакуль, праз тры дні, ня ўзыйдзе новы сьвітанак.


Лук 22:54-71
«Схапіўшы Яго, яны павялі і прыйшлі ў дом першасьвятара. А Пётр ішоў за Ім здалёк. Калі ж распалілі агонь сярод панадворку і паселі разам, сядзеў і Пётр сярод іх. Убачыўшы ж яго нейкая служка, якая сядзела ля сьвятла і прыглядалася да яго, сказала: “І гэты быў з Ім”. Ён жа адрокся ад Яго, кажучы: “Жанчына! Я ня ведаю Яго”. І неўзабаве іншы, убачыўшы яго, сказаў: “І ты з іх”. А Пётр сказаў: “Чалавеча! Ня я гэта”. І, як прайшло каля адной гадзіны, нехта другі настойваў, кажучы: “Праўда, і гэты быў з Ім, бо ён – Галілеец”. А Пётр сказаў: “Чалавеча, ня ведаю, што ты гаворыш”. І тады, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень. І павярнуўшыся, Госпад паглядзеў на Пятра, і ўзгадаў Пётр, як Ён казаў яму: “Перш, чым прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне”. І, выйшаўшы вон, Пётр горка заплакаў» (Лук 22:54-62).

Пачынаючы апісаньне той ночы, калі Ісуса прывялі ў дом першасьвятара, Лука паказвае нам паводзіны апостала Пятра, які ня так даўно казаў: «Госпадзе! З Табою я гатовы ісьці і ў вязьніцу, і на сьмерць». У той час, калі жаўнеры зьдзекваліся над Ісусам, зьдзяйсьняюцца Ягоныя прадказаньні пра Пятра, які адмаўляецца нават ад таго, што знаёмы з Ісусам. Тройчы адмовіўся ад Ісуса Пётр, калі прапяяў певень. І ў гэтай, выдатна намалёванай літаратурнай карціне Лукі, стаіць Ісус, які з жалем, разуменьнем і надзеяй глядзіць на Пятра, за якога Ён маліўся, каб ён павярнуўся і ўмацаваў іншых апосталаў.

Варта глыбей унікнуць у тую сітуацыю, якая склалася з Пятром. Ён захоўваў вернасьць па меры таго, як складаліся абставіны з бясьпекай свайго асабістага жыцьця. Адна справа – заява, але другая – дзеяньне і адказнсьць за сказанае. Пётр зрабіў так, як любы чалавек у небясьпецы. Але, ён злавіў погляд Ісуса і прыпамятаў Ягоныя словы. І гэтага было дастаткова для пакаяньня. Ісус вёў Пятра да таго, кім ён стаў у далейшым. Мала, хто з хрысьціянаў адважыцца асуджаць Пятра, бо большасьць з нас пагадзіцца, што так яно ў жыцьці і ёсьць. На жаль. Вяртаючыся да Ісуса, мы бачым, як жаўнеры і тыя, хто былі з імі зьдзекваліся над Ім і білі Яго. Але вось ужо разьвіднела і настаў дзень.

«І калі настаў дзень, сабраліся старшыні народу, першасьвятары і кніжнікі, і прывялі Яго ў свой сінэдрыён, кажучы: “Ці Ты – Хрыстос? Скажы нам” Ён жа сказаў ім: “Калі скажу вам, вы не паверыце. Калі ж Я спытаюся, не адкажаце Мне і ня вызваліце. Ад цяпер Сын Чалавечы сядзе праваруч моцы Божай”. А ўсе сказалі: “Дык Ты – Сын Божы?” Ён жа прамовіў ім: “Вы кажаце, што Я”. Яны сказалі: “Якое яшчэ патрэбна нам сьведчаньне? Бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных”.» (Лук 22:66-71).

Уявім сабе залю суда – сінэдрыёна. У цэнтры суда стаіць Ісус, а вакол Яго, на нейкай адлегласьці, старшыні народу, першасьвятары і кніжнікі, якія маюць рэальную ўладу, хаця мае месца і сур’ёзная залежнасьць ад Рыма. Яны ўспадкавалі традыцыю веры Ізраіля ў справядлівага Бога і хваляцца тым, што менавіта Ізраіль прынясе сьвету справядлівы суд. І вось, перад імі Ісус. І гэты «справядлівы» суд мае галоўную мэту – любымі сродкамі пазбавіцца ад Ісуса, а ўсё астатняе ня так ужо і важна. Што б не казаў Ісус, яны, як вопытныя і спрытныя палітычныя гульцы, знойдуць за што зачапіцца, каб абвінаваціць Яго і паслаць на сьмерць. Ісус добра гэта бачыць і таму не дае развярнуцца гэтаму «юрыдычнаму» сьпектаклю. На іхняе зьдзіўленьне, Ён не абараняецца, а адразу кажа тое, што ім, па сутнасьці, і было патрэбна, каб нявінны Чалавек стаўся ахвяраю.


Рецензии