Лук 23 1-56

ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ ЛУКІ


Лук 23:1-56

Шмат хто запытае і сёньня, што азначае тое, чаму Ісус памёр за грахі сьвету. Лука адказвае на гэта сваім эвангельскім тэкстам. Неразуменьне вучняў, здрада Юды, слабасьць Пятра, няпраўда ў судзе, зьдзекі жаўнераў – усё гэта, ды і шмат яшчэ што, прывялі Ісуса на Крыж. І гэта не багаслоўская спрэчка, але рэальны грэх, што ёсьць бунт чалавека супраць Бога: «І шмат іншага, блюзьнячы, гаварылі на Яго». Не пазналі? Але гэта пра нас з вамі. Таму, калі Лука зьвяртае наш погляд на Крыж, ён жадае зьвярнуць нашую ўвагу ня толькі на жаль і скруху, але і на наш сорам.


Лук 23:1-12
«І, падняўшыся, усё мноства іх павяло Яго да Пілата. І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: “Гэтага знайшлі мы, што Ён псуе народ і забараняе плаціць падаткі цэзару, называючы Сябе Хрыстом Валадаром”. А Пілат спытаўся ў Яго, кажучы: “Ты – Валадар Юдэйскі?” Ён жа, адказваючы яму прамовіў: “Ты кажаш”. А Пілат сказаў першасьвятарам і натоўпам: “Я не знаходжу аніякае віны ў гэтым Чалавеку» (Лук 23:1-4).

Чаму ж Пілат сказаў, што Ісус невінаваты ў тым, у чым Яго абвінавачваюць першасьвятары? І чаму Ірад, крыху пазьней, не падтрымаў першасьвятароў у іхніх абвінавачваньнях да Ісуса? Ісус ніяк не выглядаў, як тыя самазваныя «валадары юдэйскія», якія ўзначальвалі бунты супраць уладаў. Нешматлікія вучні разьбегліся, зброі ў іх не было, а сам Ісус нікому не пагражае і не супрацівіцца ўладным людзям. Понці Пілат, як дарэчы і Ірад Анцыпа, добра бачылі, што адзіная прычына гэтага сьледства ёсьць тое, што першасьвятары намагаліся любым чынам пазбавіцца ад Ісуса.

«І, падняўшыся, усё мноства іх павяло Яго да Пілата». Амаль што ўсе ратманы сынэдрыёну (а гэта немалая колькасьць) павялі Ісуса да рымскага намесьніка, каб асудзіць Яго на сьмерць. Чаму ў такой колькасьці? Таму што толькі так яны мелі магчымасьць паўзьдзейнічаць на Пілата, каб той адмовіўся ад свайго імкненьня адпусьціць Ісуса. Мы бачым і хлусьню першасьвятароў пра тое, што Ісус забараняў народу плаціць падаткі цэзару. Больш таго, Ісус, як быццам, называючы Сябе Хрыстом Валадаром, ставіў Сябе супернікам цэзару. Усе гэтыя «аргумэнты» павінны былі пераканаць Пілата ў вінаватасьці Ісуса і вызначыць, у выніку, сьмяротнае пакараньне. І вось, пачуўшы апошні «довад» пешасьвятароў пра тое, што Ісус падбухторвае юдэйскі народ на бунт аж ад самой Галілеі і вызнаўшы, што гэты Чалавек – Галілеец, Пілат адсылае Яго да Ірада, які ў гэты час быў у Ерусаліме.

«А Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно хацеў убачыць Яго, бо шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць нейкі знак, які Ён учыніць. І пытаўся ў Яго многімі словамі, а Ён нічога не адказваў яму. А першасьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы Яго. Ірад жа з жаўнерамі сваімі, пагардзіўшы Ім і пазьдзекваўшыся з Яго, апрануў Яго ў сьветлае адзеньне і паслаў Яго да Пілата. І сталіся ў той дзень Пілат і Ірад сябрамі, бо раней мелі варожасьць між сабою» (Лук 23:8-12).

На працягу ўсяго Эвангельля Лука не выводзіў Ірада на першы план свайго аповяду. Мы памятаем толькі намер Ірада схапіць Ісуса яшчэ ў Галілеі, калі разглядалі разьдзел 13 (верш 31) Эвангельля ад Лукі. І вось, толькі зараз, сумнёўны валадар Ірад сустракаецца з сапраўдным Валадаром. Ірад хацеў гэтага імгненьня, бо ўспрымаў Ісуса як асобу, якая складалася з харызмы Яна Хрысьціцеля і незвычайных здольнасьцяў ствараць нейкія цуды. Але Ісус расчароўвае Ірада, бо нічога гэткага ня робіць, а нават і не размаўляе з ім. Што хацеў ад Ісуса Ірад? Лука кажа, што нейкі знак. Можа паводзінаў Майсея ў палацы фараона, калі той пагражаў фараону Божым судом ці што яшчэ? Ісус маўчыць і таму, у прынцыпе, становіцца нецікавым Іраду, які адсылае Ісуса назад Пілату, ня ўзяўшы на сябе адказнасьці сьмяротнага (ды і ніякага) прысуду.

Але, яшчэ адно назіраньне. Лука кажа, што Пілат і Ірад сталі пасьля гэтага сябрамі. І ў гэтым ёсьць нейкая іранічнасьць. Пілат адпраўляе Ісуса Іраду, каб ня ўдзельнічаць у пакараньні нявіннага Чалавека. У сваю чаргу Ірад пазьбягае адказнасьці, вяртаючы Ісуса Пілату для пакараньня. Дзе тут падставы для ўзьнікненьня сяброўства паміж валадаром юдэяў і паганскім намесьнікам паганскага цэзара? Але яна ёсьць. Яна павінна быць, бо не бывае сяброўства безпадстаўным. І сяброўства не трымаецца на сумесным зле, бо гэта будзе не сяброўства, а нейкі зьвяз двух нядобрых людзей. Што ж добрага мы знойдзем у-ва ўзаемаадносінах Ірада і Пілата? Ісуса Хрыста! Яны не знайшлі ў Ім ніякай віны і не асудзілі Яго ў сэрцы сваім. Гэта і было падставаю для сяброўства.

Лука даводзіць да нас тое, што дабравесьце дасягне іншых краёў і выйдзе за межы юдэйства, каб аб’яднаць юдэяў і паганаў, ненавісных самаранаў і мытнікаў. І вось зараз, нават ня маючы веры ў Ісуса, прымірыліся Ірад і Пілат. Безумоўна што нельга параўноўваць сяброўства гэтых кіраўнікоў Юдэі з эвангельскім сяброўствам паміж веруючымі юдэямі і прадстаўнікамі іншых народаў. Але Лука, захоўваючы здаровы сэнс свайго апавяданьня, чакае і ад нас таго ж разуменьня, што сьвет становіцца новым праз Ісуса Хрыста і Яго ўкрыжаваньне. Калі нават Ірад і Пілат праз гэта сталі сябрамі, дык і мы сёньня павінны з усімі прымірыцца, калі толькі апынуліся ля Крыжа Ісуса Хрыста.


Лук 23:13-26
«Пілат жа, склікаўшы першасьвятароў, і начальнікаў, і народ, сказаў ім: “Вы прывялі да мяне Чалавека гэтага, як таго, хто адварочвае народ; і вось я, пры вас дапытваючы, не знайшоў у Чалавеку гэтым ніякай віны, у якой вы Яго абвінавачваеце. І таксама Ірад, бо я пасылаў вас да яго, і вось, нічога ня знойдзена ў Ім, вартага сьмерці. Таму, пакараўшы Яго, вызвалю”. А яму трэба было на сьвята вызваліць ім аднаго вязьня. А ўсё мноства закрычала, кажучы: “Вазьмі Яго! А нам вызвалі Бараббу! А той быў кінуты ў вязьніцу за паўстаньне, якое ён учыніў у горадзе, і забойства. Тады Пілат ізноў прамовіў, хочучы вызваліць Ісуса. А яны крычалі, кажучы: “Укрыжуй, укрыжуй Яго!” Ён жа трэці раз сказаў ім: “Якое зло Ён учыніў? Аніякай сьмяротнай віны я не знайшоў у Ім; дык пакараўшы Яго, вызвалю”. Яны ж дамагаліся моцным голасам, просячы, каб Яго ўкрыжавалі. І перамаглі галасы іхнія і першасьвятароў. І Пілат прысудзіў, каб сталася паводле просьбы іхняй: вызваліў ім таго, хто за паўстаньне і забойства быў кінуты ў вязьніцу, якога яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю. І як вялі Яго, узяўшы нейкага Сымона Кірэнэйца, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам» (Лук 23:13-26).

Барабба ня быў пасрэдным злачынцам. Мы бачым, што ён апынуўся ў вязьніцы за ўчыненае паўстаньне і забойства ў Ерусаліме. Што гэта было за паўстаньне Лука не ўдакладняе. Больш таго, тагачасны гебрайскі гісторык Язэп Флавій, у сваіх летапісах, ня кажа пра нейкае паўстаньне гэтага часу ў Ерусаліме. Але, мы можам выказаць здагадку, што падобныя «мерапрыемствы» мелі ўстойлівы характар у Юдэі, бо непакорлівыя гебраі ніколі не пагаджаліся з уладаю Рыма і таму нйкія такія сутычкі з уладамі ўзнікалі даволі часта.

Лука апісвае гэтую падзею так, што кожны чытач Эвангельля ад Лукі разумее гэта правільна. Барабба вінаваты ва ўчынённых забойствах, а ўсю віну ўскладаюць на невінаватага Ісуса, бо замест Бараббы павінен памерці Ісус. Замест прыхільніка гвалту павінен памерці Той, Хто прапанаваў шлях прымірэньня. І ў выніку Ісус павінен памерці сьмерцю, якая была вызначана сьвецкай уладаю бунтару Бараббе. Прыпамятаем, у сувязі з гэтым, словы Ісуса ў папярэднім разьдзеле: «Бо кажу вам, што мусіць зьдзейсьніцца на Мне ўсё гэта, што напісана: “І да беззаконьнікаў залічаны”» (Лук 22:37). Мы прызвычаіліся бачыць Ісуса разам з мытнікамі і грэшнікамі, бо ў гэтым была любоў, якая зьвяртаецца да ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу. І вось зараз ня меньш вялікая справа – памерці сьмерцю злодзея-бунтара.

Гэты момант вельмі важны ў аповядзе Лукі, бо да гэтага ён нас і гатаваў. Усе людзі, якія б яны не былі (Пятром, Ірадам ці мы з вамі), пакліканы ўбачыць у вобразе Бараббы самога сябе, бо толькі тады мы зразумеем, што Ісус прыходзіць стаць на нашае месца, каб быць абвінавачаным у нашых грахах і заганах. І памерці за нас, за нашыя грахі, як бунт супраць Бога. Дзіўная справядлівасьць Бога, бо яна ніяк не суадносіцца з «справядлівасьцю» сьвету. Божая міласэрнасьць ідзе туды, куды ня можа дайсьці «міласэрнасьць» чалавечая, бо яна ня толькі падзяляе лёс грэшнікаў, але і замяшчае яго.

Ісус казаў Сваім вучням, што ім трэба ўзяць свой крыж і ісьці за Ім. Мы разумеем, што наш крыж – гэта крыж Ісуса Хрыста, бо менавіта Ён быў укрыжаваны за нас. Лука ж зьвяртаецца тут да Сымона Кірэнэйца, які прыйшоў паломнікам у Ерусалім з нейкай паўночнаафрыканскай гебрайскай грамады і стаўся паломнікам зусім іншага кшталту. Ён нёс на Галгофу частку Крыжа Ісуса Хрыста. Чаму гэта так, Лука нам ня кажа, але зусім магчыма, што Ісус ня быў здольны гэта зрабіць Сам пасьля зьдзекаў, якія Ён пацярпеў пад час сьледства. Тым ня меньш, Сымон мае быць прыкладам для ўсіх тых, хто ў сьвятасьці і служэньні крочыць за Ісусам Хрыстом на шляху пакоры, скрухі і нават сьмерці.

Разважым зараз і пра ролю гэтых малых персанажаў у гэтай вялікай драме. Барабба і Сымон. Так, гэта эпізадычныя героі аповяда Лукі, але іхнія імёны засталіся і застануцца на ўсе вякі існаваньня сьвету. Мы ня ведаем чалавечых якасьцяў Бараббы, акрамя таго, што ён здабываў свабоду Ізраілю так, як ён гэта разумеў. І ягоная асабістая роля ў сьмерці Ісуса ніякая, акрамя таго, што ён, па ўсёй верагоднасьці, меў пэўную падтрымку ў пэўнай частцы насельніцтва. Але, менавіта ягоную сьмерць замясьціў Ісус. І таму ягонае імя – гэта нашае імя ў грэху, бо і за нас памёр Ісус Хрыстос.

Сымон Кірэнэец – чалавек богабаязны і які прыйшоў у Ерусалім на сьвяткаваньне Пасхі. Чаму яго прызначылі несьці Крыж Хрыста невядома. Можа таму, што ён быў фізічна вельмі моцным (як гэта паказана ў мастацкіх стужках), а можа і таму, што была нейкая ўнутраная сардэчная сувязь з Ісусам, Якому ён жадаў паслужыць? Але, як бы тое не было, ягонае імя таксама застанецца ў вяках, як сымбаль пакоры і служэньня Ісусу Хрысту. І гэта ўсё для нас, бо калі мы крочым за Хрыстом і нясем Яго Крыж, мы можам быць упэўненымі, што Бог скарыстае нашую сьціплую працу ў Сваёй Божай справе. А імёны нашыя Яму добра вядомыя.


Лук 23:27-43
«А за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчынаў, якія плакалі і галасілі па Ім. Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: “Дочкі Ерусалімскія! Ня плачце па Мне, але плачце па сабе і па дзецях вашых, бо прыходзяць дні, калі скажуць: “Шчасьлівыя няплодныя, і чэравы, якія не нараджалі, і грудзі, якія не кармілі”. Тады пачнуць гаварыць горам: “Упадзіце на нас”, і ўзгоркам: “Прыкрыйце нас!” Бо калі з зялёным дрэвам гэтае робяць, дык з сухім што станецца?» (Лук 23:27-29).

Вельмі няпростыя, а нават і загадкавыя словы Ісуса, дзе Ён параўноўвае «зялёнае» і «сухое» дрэва. Ісус не ўчыняў ніякіх паўстаньняў і таму ня быў «сухім» дрэвам. Наадварот, Ягонае служэньне несла прымірэньне і пакаяньне, што адкрывала жыцьцё дрэва «зялёнага», як Валадарства Божага. Але, кажа Ісус, калі такое робяць з Ім, дык што будзе з Ерусалімам, калі яго напоўняць тыя маладыя бунтары, якія ўжо народжаныя ці яшчэ будуць народжаныя «дочкамі Ерусалімскімі», да якіх зьвяртаўся Ісус, ідучы на Галгофу. Маці ўбачаць, як узросшыя дзеці паўстануцть супраць Рыма, а потым убачаць і пакараньні сьмерцю сваіх дзяцей. А пакуль што ідзе на сьмяротнае пакараньне Ісус, а разам з Ім яшчэ два іншыя злачынцы.

«І калі прыйшлі на месца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, а другога – з левага боку. Ісус жа сказаў: “Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць” А тыя, што дзялілі шаты Ягоныя, кінулі жэрабя. І стаяў народ, гледзячы. Насьміхаліся ж разам з імі і начальнікі, кажучы: “Другіх збаўляў, няхай жа Сябе Самога збавіць, калі Ён – Хрыстос, Выбранец Божы”. Зьдзекваліся з Яго і жаўнеры, падыходзячы, і прыносячы Яму воцат, і кажучы: “Калі Ты – Валадар Юдэйскі, збаў Сябе Самога” І быў над Ім надпіс, напісаны пісаньнямі грэцкімі, рымскімі і гебрайскімі: “Гэта – Валадар Юдэйскі”. Адзін з павешаных злачынцаў блюзьніў на Яго, кажучы: “Калі Ты – Хрыстос, збаў Сябе і нас”. Адказваючы, другі забараняў яму, кажучы: “Ці ж ты не баішся Бога, бо і сам маеш такі самы прысуд? І мы сапраўды справядліва, бо атрымалі вартае таго, што мы зрабілі, а Ён нічога благога не зрабіў”. І сказаў Ісусу: “Узгадай пра мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Валадарства Тваё!” І сказаў яму Ісус: “Сапраўды кажу табе: сёньня будзеш са Мною ў раі”» (Лук 23:33-43).

Лука паказвае нам месца, дзе, сярод злачынцаў, укрыжавалі Ісуса. Ён параўноўвае гэтых злачынцаў, укрыжаваных з левага і правага бакоў. Адзін з іх насьміхаецца, але другі выказвае погляд самога Лукі на ўсё тое, што адбываецца ў Ерусаліме. Каля Крыжа ж, на зямлі, мы бачым зьдзекі і насьмешкі жаўнераў ды першасьвятароў. Яго «вітаюць» як Валадара і нават падносяць Яму «віно» у выглядзе воцата. Больш таго, над Ім, на Крыжы, быў надпіс: «Гэта – Валадар Юдэйскі». На самой жа справе гэты надпіс – фармулёўка абвінавачваньня, якая тлумачыць прычыну Ягонай пакутлівай сьмерці. Але Ён і ёсьць сапраўдны Валадар, веліч Якога праяўляецца ў малітве і абяцаньні. Ісус не праклінае Сваіх ворагаў, якія зьдзекваліся над Ім. Наадварот, Ён моліцца за дараваньне іхняга зла, бо ня ведаюць што робяць. Таксама ж і адносна абяцаньня. Ён, як сапраўдны Валадар, абяцае злачынцу, які просіць у яго міласьці, што той будзе бліжэйшым часам, разам з Ім, у раі. Прабачэньне нясе на зямлю нябеснае жыцьцё і дае сапраўдную Божую будучыню.


Лук 23:44-56
«А было каля шостае гадзіны, і сталася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае, і зацьмілася сонца, і заслона ў бажніцы была разьдзертая пасярэдзіне. І ўсклікнуўшы моцным голасам, Ісус сказаў: “Ойча, у рукі Твае аддаю Дух Мой”. І, сказаўшы гэтае, аддаў духа. Сотнік жа, убачыўшы ўсё, што сталася, праславіў Бога, кажучы: “Праўдзіва, Чалавек гэты быў праведнік”» (Лук 23:44-47).

Здарылася. Ісус памёр, каб уваскрэснуць. Лука даносіць да нас гэты факт і гэтаму мы ня можам ня верыць. Ён абяцаў нам ад пачатку, што ягоны аповяд будзе надзейна грунтавацца на відавочцаў і паслугачоў Слова. Лука абяцаў нам сапраўдныя сьведчаньні людзей і ён застаўся верным гэтаму слову. Вось, мы бачым сотніка, які быў увесь час побач, і ўбачыўшы сьмерць Ісуса, выказаў сваю думку пра гэта. Так, гэта ня той сотнік, які глядзеў на Ісуса з вераю (мы бачылі гэта ў сёмым разьдзеле Эвангельля ад Лукі), але Лука атаясамляе сваю аудыторыю з такімі людзьмі, як гэты сотнік – цьвярозым рымскім грамадзянінам, якога нельга падмануць нейкімі фокусамі. Таксама і натоўп людзей, які ішоў дадому пасьля гэтага, бьючы сябе ў грудзі, дае нам сьведчаньне праўды таго, што адбылося на Чараповай гары.

У аповядзе Лукі, мы можам пабачыць чатыры моманты, якія вызначаюцца пад час сьмерці Ісуса на Крыжы. Па-першае, ён кажа пра два сымбалічныя здарэньні, якія адкрыліся пад час пакараньня. Цемра сталася на зямлі і пакрывала яе на працягу трох гадзінаў і гэта вельмі сугучна словам Ісуса пры Ягоным затрыманьні: «Але гэта вашая гадзіна і ўлада цемры». Цемра сталася па прычыне Ягонага ўкрыжаваньня. Другое ж сымбалічнае здарэньне сталася ў Храме, дзе заслона раздзёрлася пасярэдзіне. Тая самая заслона, якая аддзяляла народ ад месца Божай прысутнасьці. Што гэта аэначала? Тое, што праз сьмерць Ісуса Хрыста людзі атрымалі магчымасьць вольнага доступу да Бога. З гэтага моманту ня будзе ўжо ахвярных жывёлаў, бо Ісус Хрыстос стаўся той адзінай Ахвярай, Якая дае ўгодныя Богу ўзаемаадносіны з людзьмі. Па-другое, Ісус дабраахвотна аддаў Сваё жыцьцё і Свой Дух Богу. Па-трэцяе, Лука кажа пра рымскага сотніка, які прыйшоў да высновы, што Ісус праведнік і праславіў за Яго Бога. І ў чацьвёртых, Лука сьведчыць пра пакаяньне народа, які вяртаўся да сваіх дамоў пасьля ўкрыжаваньня.

«А ўсе знаёмыя зь Ім і жанчыны, якія ішлі за Ім з Галілеі, стаялі здалёк, гледзячы на гэта. І вось чалавек на імя Язэп, які быў ратманам, чалавек добры і праведны, які не згаджаўся з радай і ўчынкам іхнім, з Арыматэі, гораду Юдэйскага, які таксама чакаў Валадарства Божага, прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса, і, зьняўшы Яго, абкруціў палатнінаю і палажыў Яго ў магіле, якая была высечаная ў скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пахаваны. Дзень быў днём прыгатаваньня, і надыходзіла субота. І жанчыны, што былі прыйшоўшы з Ім з Галілеі, пайшлі глядзець магілу і як было пакладзена цела Ягонае. А вярнуўшыся, падрыхтавалі духмянасьці і міра. І ў суботу супачывалі паводле прыказаньня» (Лук 23:49-56).

Людзі, якія ўдзельнічалі ў пахаваньні Ісуса былі богабаязнымі юдэямі, што шанавалі Закон Майсея. Язэп з Арыматэі быў чальцом сынедрыёна і які быў нязгодны з рашэньнем рады адносна Ісуса. Жанчыны, якія прысутнічалі пры пахаваньні не пасьпявалі намазаць цела Ісуса духмянасьцямі, бо з заходам сонца пачынаецца субота і яны, ў праведнасьці, павінны яе выконваць. І толькі раніцай у нядзелю яны будуць мець магчымасьць выканаць тое, да чаго гатаваліся яшчэ ў пятніцу.
Лука дастаткова кажа і непасрэдна пра пахаваньне Ісуса. Тагачасныя ўсходнія людзі добра разумелі гэтую даволі складаную працэдуру пахаваньня. Нам жа важна разумець, што гэта была за магіла. Яна была новая і ёй яшчэ ніхто не карыстаўся. Цела Ісуса ў ёй было адзіным. І гэта важна ў тым сэнсе, што тут не магло быць ніякай памылкі ці падмены, бо ў звычайнай магіле магло ляжаць і па чатыры целы. Такім чынам аповяд Лукі пра сьмерць і пахаваньне Ісуса скірованы наперад – да сьвету паганаў, якія павінны былі ведаць галоўныя факты сьмерці, пахаваньня і, у далейшым, уваскрасеньне Ісуса Хрыста. Але здарылася тое, што здарылася. Ёсьць магіла, у якую пакладзены Ісус. Ён не апрацаваны духмянасьцямі, таму што ўжо сонца было на захадзе і жанчыны на гэта ўжо ня мелі часу. Ёсьць і камень, якім звычайна закрывалася магіла. І вось зараз аповяд Лукі, як быццам бы, робіць прыпынак, гатуючы нас да незвычайных рэчаў, якія неўзабаве і адбудуцца.


Рецензии