Лук 24 1-53
ЛУК 24:1-53
Ісус укрыжаваны і пакладзены ў магілу. Але мы ўбачылі ў гэтым і будучае. У цемры, і ня толькі літаральнай, але і духоўнай, заслона ў Храме пасярэдзіне разьдзёрлася. І ў гэтай цемры мы чуем моцны вокліч Ісуса: «Ойча, у рукі Твае аддаю Дух Мой». А потым, калі яшчэ ніхто не адчуваў будучае ўваскрасеньне Хрыста, рымскі сотнік скажа за ўсіх тых, як безумоўна спадзяецца Лука, убачыць у гэтым укрыжаваньні ня проста шэраговую сьмерць, але надзею ўсяго сьвету: «Гэты чалавек быў невінаваты і Ён памёр за ўсіх нас».
Лук 24:1-12
«А ў першы дзень пасьля суботы вельмі рана прыйшлі яны да магілы, нясучы падрыхтаваныя духмянасьці, і разам з імі некаторыя другія. І знайшлі камень, адвалены ад магілы. І ўвайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса. І сталіся яны зьбянтэжаныя ад гэтага, і вось, сталі перад імі два мужы ў бліскучым адзеньні. Калі ў страху схілілі яны абліччы да зямлі, тыя сказалі ім: “Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут, але Ён уваскрос. Узгадайце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць выдадзены ў рукі людзей грэшных, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць”. І ўзгадалі яны словы Ягоныя. І, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі пра гэта ўсім Адзінаццаці і ўсім іншым. А былі гэта Марыя Магдалена, і Яанна, і Марыя Якубава, і іншыя з імі, што сказалі пра гэта апосталам. І падаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім» (Лук 24:1-11).
Людзям часам здаецца немагчымым паверыць у тое, пра што ім кажуць. Апосталы і тыя, што былі з імі, не паверылі жанчынам, якія бачылі свамі вачамі ня толькі пустую магілу, але і анёлаў у бліскучых адзеньнях, якія сказалі ім пра тое, што адбылося з Ісусам Хрыстом. Чаму ж так? На працягу значнай частцы Свайго служэньня, Ісус неаднаразова казаў пра Сваю сьмерць і Сваё ўваскрасеньне. І усе чулі, але і ня «чулі» гэтага. Таму і ня варта зьдзіўляцца, як былі зьдзіўлены вучні таму, што здарылася ў той першы пасхальны ранак. Нікому і галаву не магло прыйсьці, што забіты чалавек выйдзе з магілы ў адноўленым целе, тады як у сьвеце ўсё застаецца па-ранейшаму. Не чакалі жанчыны, якія ішлі да магілы з духмянасьцямі, але як быць з апосталамі? Чаму яны не паверылі ў ўваскрасеньне адразу, калі ім пра гэта сказалі жанчыны? Ці яны проста не паверылі жанчынам, у якіх розум, магчыма, быў пашкоджаны сьлязьмі ад перажытага?
Вучні Ісуса былі зьбянтэжаны, але гэта, у нейкім сэнсе, і зразумела. Юдэі ўспрымалі «ўваскрасеньне», як падзею вельмі буйнога маштабу. Бог створыць гэта на прыканцы гісторыі, даўшы адноўленыя целы ўсім памёрлым праведнікам – ад Абрагама да апошніх праведных пакутнікаў. Прыйдзе канец скрухам Ізраіля і ўсім дзецям народа Божага будуць дадзены новыя целы і новае жыцьцё. Так думалі і апосталы Ісуса, бо толькі так можна патлумачыць тое, што яны чуючы Ісуса не «пачулі» Яго.
«А Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, бачыць прасьціну, што ляжала асобна, і адыйшоў, зьдзіўляючыся ў сабе з таго, што сталася» (Лук 24:12).
Такім чынам, мы бачым першыя эмоцыі таго пасхальнага ранку. Зьдзіўленьне, страх і замяшаньне – вось тыя асноўныя складаючыя пачуцьця людзей, якія даведаліся пра тое, што Ісус уваскрос. Так, Ісус неаднаразова казаў пра гэта, але яны ня ведалі што адбываецца і што будзе далей.
Лук 24:13-27
«І вось, у той жа дзень двое з іх ішлі ў мястэчка, што на адлегласьці ў шэсьцьдзясят стадыяў ад Ерусаліма, называнае Эмаус. І яны гутарылі між сабою пра ўсе гэтыя здарэньні. І сталася, калі яны гутарылі і разважалі між сабою, вось, Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі. Вочы ж іхнія былі стрыманыя, дык не пазналі Яго» (Лук 24:13-14).
Мы пачынаем разглядаць цудоўнейшы аповяд Лукі пра двух падарожнікаў, якія ідуць з Ерусаліму ў Эмаус пасьля таго, што здарылася на гары Чараповай і ў магіле, дзе быў пахаваны Ісус. У гэтым аповядзе ёсьць усе складаючыя драмы. Смутак, нявызначанасьць і пробліскі сьвятла, бо сам Ісус падыйшоўшы, пайшоў з імі. Мы пабачым пасьля і далейшае – воплеск узрушанасьці і актыўнасьць тых, хто пазнаў Ісуса Хрыста. Але зараз, пакуль што, яны не пазналі Яго, а Ён гаварыў з імі.
«Ён жа сказаў ім: “Што гэта за словы вы гаворыце між сабою, ідучы, і чаму вы панурыя?” Адказваючы, адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму: “Ці ты адзін з вандроўнікаў у Ерусаліме і ня ведаеш, што сталася ў ім у гэтыя дні?” І Ён сказаў ім: “Што?” Яны ж сказалі Яму: “Пра Ісуса з Назарэта, Які быў прарок, магутны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам; як выдалі Яго першасьвятары і начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і ўкрыжавалі Яго? А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць той, Які мае адкупіць Ізраіль. Але да гэтага вось ужо трэці дзень сёньня, як тое сталася”» (Лук 24:17-21).
«Двое ідуць па дарозе ў Эмаус» - гэта назва цудоўнай мастацкай стужцы, дзе паказана гісторыя, якую апісаў Лука і дзе мы бачым двух падарожнікаў, якія слухаюць Ісуса і размаўляюць з Ім. Мы бачым у Лукі і імя аднаго з іх – Кляопа. Хто ж быў другім падарожнікам мы ня ведаем, але, зусім магчыма, што гэта была жонка Кляопы Марыя, якая (калі гэта той самы Кляопа) была тым часам у Ерусаліме: «А каля крыжа Ісуса стаялі маці Ягоная і сястра маці Ягонай Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена» (Ян 19:25). І гэта зусім верагодна, бо мы ведаем, як кожны год хадзілі паломнікамі ў Ерусалім бацькі Ісуса Язэп і Марыя. Тым больш, што калі гэта так, гэтыя двое падарожнікаў прыходзіліся сваякамі Ісусу. Магчыма гэта і ня так, але гэта можа быць цудоўным дабраславеньнем для мужоў і жонак, якія разам слухаюць Ісуса, прымаюць Яго ў сваім доме і пазнаюць Яго. Але, уявім сабе гэты пыльны шлях ( прыкладна 10 км) ад Ерусаліма да мястэчка Эмаус, па якім ідуць двое і з імі ідзе ўваскросшы Ісус.
Кляопа кажа Ісусу пра тое, што яны думалі ўсе гэтыя дні. Яны бачылі ў Ісусе прарока і, нават, больш за прарока, бо былі ўпэўненыя, што ў цудах і вучэньні Яго суправаджала сіла Бога і ў іх не было ніякага сумнёву ў тым, што Ён – гэта выбраны Богам Чалавек. Яны бачылі ў Ім Таго, Хто павінен быў збавіць Ізраіля ад рымскага прыгнёту і аднавіць валадарства Давіда, каб служыць Богу ў міры і сьвятасьці. І вось, сьмерць Ісуса, Які павінен быў перамагчы паганаў, а не памерці ад іхніх рук. Ісус жа, бачачы іхнія сэрцы, вырашае дапамагчы ім убачыць тое, што адбылося на самой справе. Яны, як і ўсе юдэі, чыталі Пісаньне своеасаблівым чынам, бачачы ў ім доўгі аповяд пра тое, як Бог збаўляў Ізраіля ад пакутаў, але ня бачылі галоўнае – як Бог збавіць іх праз пакуты, праз тыя пакуты, якія возьме на Сябе Мэсія.
«І Ён сказаў ім: “О, бяздумныя і павольныя сэрцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі! Ці ж ня гэтак трэба было цярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю? І, пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім усё, што напісана пра Яго» (Лук 24:25-27).
Ісус патлумачыў ім з Пісаньня, ўсё што ўказвала на будучае выкананьне прадказаньняў магло адбыцца толькі тады, калі Сын Божы возьме пакуты і грахі Ізраіля і ўсяго сьвету на Сябе, з гэтага цяжару памрэ, але ўвасрэсьне як Першынец новага Божага народу. Так павінны было быць, так і сталася. Але, чаму яны адразу не пазналі Ісуса Хрыста? Можа гэта тычыцца адноўленага цела Ісуса? Яно было тое ж, але ўсё ж такі іншае. Калі гэта так, дык гэта ёсьць таямніца, якую мы не разгадаем пры сваім зямным жыцьці і толькі пры нашым увасрасеньні, атрымаўшы адноўленыя целы, мы будзем здольныя зразумець тое, што сталася з целам Хрыста. Але тое, што яны не пазналі Ісуса вельмі сугучна з тым, што спадарожнікі Ісуса не маглі ўгледзець у нядаўнім крыжовым здарэньні Божае адкупленьне, якое было прадказана ў Пісаньні. Магчыма, гэтым самым, Лука хоча сказаць, што пазнаць Ісуса Хрыста магчыма толькі тады, калі мы навучымся глядзець на Яго з пункту гледжаньня гісторыі Бога, Ізраіля і ўсяго сьвету. Больш таго, мы павінны быць гатовымі выслухаць папрок Ісуса за тое, што мы чыталі Біблію як «бяздумныя і павольныя сэрцам». І толькі калі мы будзем шчыльна ўнікаць у сэнс Слова Божага, сэрцы нашыя будуць гарэць у нас і накіроўваць у прысутнасьць Ісуса Хрыста.
Лук 24:28-35
«І наблізіліся яны да таго мястэчка, куды ішлі; і Ён паказаў, што ідзе далей. І яны затрымлівалі Яго, кажучы: “Застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся да вечара”. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. І сталася, калі Ён узьлягаў разам з імі, Ён, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў і даў ім. І адчыніліся вочы іхнія, і Яны пазналі Яго, а Ён стаўся нябачным для іх. І казалі яны адзін аднаму: “Ці ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дорозе і калі адчыняў нам Пісаньне?” І, устаўшы ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам Адзінаццаць і тых, што з імі, якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону. І яны распавялі, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хлеба» (Лук 24:28-35).
Ісус, уваскросшы з мёртвых, ёсьць пачатак і знак новага сьвету. Ён ня проста вярнуўся да жыцьця, як дачка Аіра ці сын удавы ў Наіне, бо ім, усё ж, выпадала аднойчы зноў памерці. Ісус жа, пераадолеўшы сьмерць, выйшаў у сьвет, дзе сьмерці ўжо няма, а ёсьць адноўлены сьвет з характарысьцікамі сьвету фізічнага. Лука вядзе свой аповяд так, каб мы маглі адчуць гэта як мага падрабязьней. Тлумачэньне Пісаньня Ісусам накірована і ў нашыя сэрцы, каб яны загараліся так, як яны гарэлі ў Кляопы і Марыі, калі яны слухалі свайго Госпада. Адзінства розуму і сэрца, любові і спачуваньня – гэта той пажаданы вынік, які павінен стацца як узнагарода пры старанным вывучэньні Бібліі. І мы можам дасягнуць гэтага выніку ў тым выпадку, калі будзем глядзець на біблійную гісторыю не сваімі вачамі ці вачамі пэўнай культуры, але вачамі Госпада. Мы зразумеем Ісуса Хрыста, калі ўбачым, што менавіта на Яго, пасьлядоўна і старанна, ўказвае ўсё Пісаньне. Калі ж мы гэта зразумеем, мы адчуем, як гарыць Божым полымем нашае сэрца.
Лука кажа нам: «І адчыніліся вочы іхнія і яны пазналі Яго». Кляопа і Марыя пазналі Ісуса Хрыста праз ламаньне хлеба. Лука жадае паказаць нам, што за сталом, у мястэчку Эмаус, упершыню адбылося тое, пра што казаў Ісус на апошняй вячэры: «Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне». І, нягледзячы на тое, што Ісус болей не прысутнічаў фізічна на ламаньні хлеба, яны, як і ўсе мы, павінны былі адчуць, што Ён жыве з намі і ў нас пад час гэтага Таемства. Вось жа што важна. Пісаньне і Таемства незвычайным чынам аб’яднаныя. Выдаліце адсюль Пісаньне і Таемства, як прысутнасьць Ісуса Хрыста, ня мае сэнсу. І наадварот. Аб’яднаем іх і мы атрымаем сэрца хрысьціянскага жыцьця. Менавіта гэта і намагаўся данесьці да нас Лука. Дарога ў Эмаус – гэта толькі пачатак нашага хрысьціянскага шляху, але ісьці з Ім далей праз усё жыцьцё – гэта азначае чуць Хрыста ў Пісаньні і пазнаваць Яго ў ламаньні хлеба.
Лук 24: 36-53
«Калі ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стаў сярод іх і кажа ім: “Супакой вам!” Яны ж жахнуўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа. І Ён сказаў ім: “Што вы стрывожыліся? І чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя? Паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае, бо гэта Я Сам. Дакраніцеся да Мяне і пабачце, бо дух цела і костак ня мае, што, як бачыце, Я маю”. І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.Калі ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і зьдзіўляліся, Ён жа сказаў ім: “Ці маеце тут якую ежу?” Яны ж далі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду. І, ўзяўшы, Ён еў перад імі» (Лук 24:36-43).
Што ж на самой справе здарылася ў гэтыя пасхальныя дні? Чаму так спалохаліся вучні, убачыўшы Ісуса? Яны ўжо чулі ад Кляопы і ад Сымона, што Ісус адкрыўся ім у ўваскросшым целе. Але, ўсё роўна жахнуліся. Якое ж цела зараз у Ісуса? Як яно можа зьяўляцца і знікаць, калі яно мае косткі і цела, ды яшчэ мае магчымасьць ужываць печаную рыбу? Ды і быць потым узьнесеным? Яны бачылі розныя цуды ад Ісуса, нават і ўваскрасеньне. Але ўваскросшыя Ісусам людзі не былі на тое здольныя. Гэта былі звычайныя целы, якіх, у рэшце рэшт, зноў напаткае сьмерць. І вось, цела Ісуса. Якое яно? І якія целы будуць у нас пасьля нашага, аднойчы, увасрасеньня? Вельмі няпростае пытаньне для ўсіх пакаленьняў хрысьціянаў, уключаючы і нас з вамі: «Але скажа нехта: “Як уваскрэснуць мёртвыя? Ды ў якім целе прыйдуць?”» (1 Кар 15:35).
Так, гэта апостал Павал, які прысьвяціў гэтаму пытаньню цалкам пятнаццаты разьдзел свайго першага пасланьня да карынцянаў. Вось, што ён кажа пра тое, што хвалюе ўсіх нас: «Вось, кажу вам тайну: “Ня ўсе мы памром, але ўсе пераменімся, у адзін момант, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць незнішчальнымі, і мы пераменімся. Бо знішчальнае гэтае мусіць апрануцца ў незнішчальнасьць, і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады станецца напісанае слова: “Паглынутая сьмерць перамогаю”» (1 Кар 51-54). Новае цела, якое будзе дадзена Госпадам ня будзе, у пэўным сэнсе, падобным на ранейшае. Бог створыць новы від матэрыі, які ня будзе падпарадкаваны сьмерці, бо «сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць». У выпадку з Ісусам, гэта адбылося адразу, але ня так будзе з намі, бо тым целам, якіх чакае распад, а нават і спаленьне, неабходны будзе новы акт Божага тварэньня.
Апостал Павал кажа: «І як мы насілі вобраз зямнога, будзем насіць і вобраз Нябеснага» (1 Кар 15:49). І з гэтага мы разумеем, што новае цела будзе прыналежыць двум вымярэньням Божага сьвету – зямнога і нябеснага, як мы бачым у кнізе Адкрыцьця, дзе неба і зямля аб’ядноўваюцца ў нейкае новае фармаваньне: «І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля прамінулі, і мора ўжо няма» (Адк 21:1). Безумоўна, што ўваскрасеньне Ісуса рухаюць наш розум і нашае ўяўленьне далей чым мы звыклі ўяўляць у звычайным жыцьці. Больш таго, ад нас патрабуюцца пэўныя высілкі, каб, у-ва ўмовах грэху і сьмерці, прыняць новы Божы сьвет, а менавіта да гэтага нас і заклікае Эвангельле. Ісус Хрыстос не абмяжоўваецца дэманстрацыяй Самога Сябе, але Ён адчыняе праз Пісаньне наш розум і дае практычны запавет на будучы час.
«І сказаў ім: “Вось тыя словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што мусіць споўніцца ўсё, што напісана пра Мяне ў Законе Майсея, і ў Прарокаў, і ў Псальмах”. Тады адчыніў ім розум дзеля зразуменьня Пісаньня. І сказаў ім: “Так напісана і так належала цярпець Хрысту, і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень. І будзе абвешчана ў імя Ягонае навяртаньне і адпушчэньне грахоў у-ва ўсіх народах, пачынаючы ад Ерусаліма. А вы – сьведкі гэтага. І вось, Я пасылаю абяцаньне Айца Майго на вас. Вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не апранецеся моцаю звыш”. І вывеў іх вонкі да Бэтаніі, і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх. І сталася, калі дабраслаўляў іх, стаў аддаляцца ад іх і быў узьнесены на неба. І яны, пакланіўшыся Яму, вярнуліся ў Ерусалім з вялікай радасьцю, і былі ўсьцяж у сьвятыні, хвалячы і дабраслаўляючы Бога. Амэн.» (Лук 24:44-53).
Гэтыя словы Ісуса Хрыста ня проста тлумачаць праз Пісаньне сэнс Ягонай сьмерці і ўваскрасеньня, але і паказваюць усёй будучай Царкве яе шлях і прызначэньне – абвяшчаць у імя Ісуса Хрыста навяртаньне і адпушчэньне грахоў у-ва ўсіх народах, пачынаючы ад Ерусаліма. Ісус адчыніў вучням розум дзеля зразуменьня Пісаньня, а гэта азначае, што Царква павінна жыць па Пісаньню і актыўна выконваць сваё прызначэньне. Біблія заўсёды казала, што, калі Бог выканае Свае абяцаньні, якія Ён даў Абрагаму, Майсею і прарокам, увесь сьвет атрымае гэтую збаўляючую і ацаляючую Божую любоў і ласку. І вось зараз, кажа Ісус Хрыстос, гэта павінна здарыцца. Ісус абяцае Сваім пасьлядоўнікам, што яны атрымаюць моцу звыш, каб атрымаўшы сілу ад Бога вырашаць тыя задачы, якія паставіў перад імі Хрыстос. Эвангельле паводле Лукі закончваецца там, дзе і пачалося – у Храме Ерусаліма, бо пакланеньне жывому Госпаду ў Ісусе Хрысьце і складае, па разуменьню Лукі, сутнасьць жыцьця хрысьціяніна.
Свидетельство о публикации №226011802148