Деяния 2 1-47
Дзеі 2:1-47
Каб зразумець гэты разьдзел, трэба, наогул, вызначыцца са словам «Пяцідзясятніца». Наш, сучасны век, разумеее яго як рэлігійны пратэстанскі рух – «пяцідзясятнікі», што ў свой час атаясамляецца з нейкім асаблівым хрысьцьціянскім жыцьцём. Шмат гаму, размахваньне рукамі і прамаўленьне нейкіх незразумелых словаў на невядомых мовах. Але ці памятаем мы, што ад першай новазапаветнай Пяцідзясятніцы маюць свой пачатак усе хрысьціяне, а ня толькі тыя, што клічуць сябе пяцідзясятнікамі. І ці ня трэба нам паглыбіцца ў гісторыю выхаду Ізраіля з Егіпту, каб зразумець гісторыю гэтага цудоўнага сьвята – Пяцідзясятніца?
Дзеі 2:1-4
«І як надыйшоў дзень Пяцідзясятніцы, былі ўсе аднадушна разам. І стаўся раптам шум з неба, быццам ад наляцеўшага гвалтоўнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, і паселі на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць» (Дзеі 2:1-4).
У гебраяў часоў нараджэньня Ісуса Хрыста Пяцідзясятніца – гэта штогодняе сьвята, якое сьвяткавалася пагодзячы 49 дзён пасьля Дня першых пладоў. У гэты дзень гебраі прыносілі Богу першае ад ураджая, каб астатні ўраджай быў у добрым выглядзе сабраны. Але галоўнае ў гэтым сьвяце было тое, што яно было вельмі асаблівым (ня меньш чым Пасха), бо менавіта ў гэты дзень Майсей, на гары Сыён, атрымаў ад Бога закон для Ізраіля. Іншымі словамі, Пяцідзясятніца, пяцідзясяты дзень пасьля Пасхі, зьвязаны ня толькі з першымі пладамі новага ўраджаю, але (і гэта самае галоўнае) гэта тое, што Бог даў Свайму народу шлях жыцьця, якім ён і павінен быў кіравацца.
Усё гэтыя зьвесткі вельмі важныя для разуменьня аповяду Дзеяў апосталаў ад Лукі пра першую хрысьціянскую Пяцідзясятніцу. Лука, як чалавек хрысьціянскага веку, ведаў і на будучае, што людзі зразумеюць тое, што выкананьне Духам сьведчаньне пра Ісуса і Ягонае ўваскрасеньне – гата той самы пачатак новага эсхалагічнага ўраджаю, які людзі прыносяць да Госпада, каб атрымаць нашмат большае. Аднойчы Майсей узышоў на гару Сыён да Госпада, каб сыйсьці да людзей з законам на каменных скрыжалях. Ісус жа ўзыйшоў на нябёсы, каб даць нам закон у Духе Сьвятым, які пішацца Ім у нашых сэрцах.
Мы бачым у Лукі пра шум з неба і гвалтоўны вецер. А што ёсьць гвалтоўны вецер? Гэта тое, што, звычайна, назіраюць метэаролагі і даюць нам зьвесткі пра тое, як мы павінны да гэтага ставіцца. Але зусім ня так з Сьвятым Духам, бо тут важна прыняць Яго, адкрыўшы да гэтага сваё сэрца. І няхай Ён ператворыць слабага чалавека ў чалавека, чыё сэрца гарыць агнём Божай любові. Недарма ж мы чытаем у Лукі пра агнявыя языкі, якія дасягаюць сэрца чалавека. Менавіта праз Сьвятога Духа даецца чалавеку творчая сіла Бога, каб ператварыць зямлю нябеснай сілаю. І больш таго, людзі ператвараюцца, калі яны разам, бо менавіта так Лука і кажа. Чаму? Таму, што Сьвяты Дух аб’ядноўвае, а не наадварот. Дух, Які зыйшоў на вучняў Хрыста, як бы падкрэсьлівае ўзьнясеньне Ісуса. Іншымі словамі, Увасросшы Ісус – гэта прысутнасьць у Валадарстве Божым новай «зямной» рэальнасьці. Пасланы ж Дух – гэта прысутнасьць нябёсаў і Ісуса ў нашых сэрцах, а значыць і жыцьці.
Агонь і вецер – сілы вельмі моцныя. Можа таму можна і зразумець кожнага, хто прысутнічаў пры гэтым дзеяньні. Напэўна было і радасна, і страшна. І гэта вельмі добра, калі жыцьцё чалавека перамяняецца такім вось незвычайным чынам – з ветрам і агнём. Але далей, Лука будзе казаць нам пра іншы спосаб дзеяньня Сьвятога Духа, спосаб асноўны ў жыцьці Царквы Хрыста: ціхі і спакойны, які ненавязьліва, але настойліва перамяняе жыцьцё хрысьціянаў. Зараз жа, гэта абгрунтованае дзеяньне Сьвятога Духа, бо Лука хоча патлумачыць нам тую неверагодную сілу, якую атрымалі яшчэ ўчора напалоханыя і зьбянтэжаныя людзі і якія, так хутка, сталіся настолькі сьмелымі, што з імі прышлося лічыцца астатняму сьвету.
Лука даводзіць да нас яшчэ адну важную рэч. Людзі, якія атрымалі Сьвятога Духа, пачалі гаварыць на розных мовах. Так, далей мы пабачым і пералік гэтых моваў, але зараз мы разгледзем той фенамен, які, за апошнія сто гадоў, атрымаў значнае распаўсюджаньне ў жыцьці царквы. Хаця, да гэтага, яго практычна не існавала. Гласалія – прамаўленьне малітваў ці заклік да Госпада, на мовах, якія, акрамя безумоўна Госпада, ніхто не разумее. Як, дарэчы, і той, хто гэта прамаўляе. Многія хрысьціяне лічаць, што свае эмоцыі, пры размове з Госпадам, трэба, у значнай ступені, стрымліваць. Між тым гласалія і іншыя падобныя зьявы вельмі часта выказваюць глыбінныя, патаемныя эмоцыі, якія выходзяць на паверхню ў хвале, скрусе ці своеасаблівай малітве. І сапраўды, ці гэта не натуральна, што чалавек створаны і адноўлены Богам, будзе паводзіць сябе і размаўляць па новаму? Мы пакліканыя, каб быць народам слова Божага, а Божае слова нельга ўтрымаць у нейкіх рацыяналістычных ці моўных межах.
Але, тут існуе і іншы эмацыйны фон. Некаторыя хрысьціяне з «пяцідзясятнікаў» шчыра лічаць, што калі нехта ня мае гэтага дара ад Сьвятога Духа маліцца на іншых мовах (гласаліі), дык ён, наогул, Сьвятым Духам і ня хрышчаны. Адносна гэтага скажам наступнае. Па-першае, Бог дзейнічае індывідуальна, з кожным па рознаму. Гласалія – гэта дар ад Госпада і даецца ён ня кожнаму, як ня кожнаму даюцца іншыя дары: «Ёсьць адрозьненьні ў дарах, але Дух той самы; і ёсьць адрозьненьні ў служэньнях, але Госпад той самы; і ёсьць адрозьненьні ў дзеяньнях, але Бог той самы, Які ўсё ва ўсіх робіць. А кожнаму даецца выяўленьне Духа дзеля карысьці. Бо аднаму даецца праз Духа слова мудрасьці, а другому – слова веданьня праз таго самага Духа; а іншаму – вера ў тым самым Духу; а другому – дары аздараўленьня ў тым самым Духу; іншаму – рабіць цуды, іншаму – прароцтва, іншаму – распазнаваньне духаў, іншаму – разнастайныя мовы, а іншаму – тлумачэньне моваў. А ўсё гэтае робіць адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Ён хоча» (1 Кар 12:4-11).
Мы ня будзем зайздросьціць адзін адному па ягоных дарах ад Госпада (гэта тычыцца і гласаліі), а толькі радавацца адзін адному. І памятаць словы Ісуса Хрыста: «Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, што просяць у Яго» (Лук 11:13). Бог жадае даць нам Духа і ад нас патрабуецца толькі папрасіць гэтага. А як выявіць Сябе ў нас Дух, дык тое загадзя сказаць немагчыма. Але, будзем гатавацца і да ветру з агнём, бо можа Бог хоча даць нам такую сілу, што мы выйдзем, як Пётр, і будзем прапаведаваць гэтаму сьвету, нягледзячы на магчымую небясьпеку, каб сваім жыцьцём праславіць Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Дзеі 2: 5-13
«Былі ж у Ерусаліме пасяліўшыся юдэі, мужы пабожныя, з усякага народу пад небам. А як стаўся голас гэты, зыйшлося мноства і ўстрывожылася, бо кожны чуў, што яны гавораць ягонай мовай. Усе ж дзівіліся і зьдзіўляліся, кажучы адзін аднаму: “Вось, усе гэтыя, што гавораць, ці ж не галілейцы? І як мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? Парты, і Мэды, і Эляміты, і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі, Фрыгіі і Памфліі, Егіпту і межаў Лібіі каля Кірэнэі, і прыйшоўшыя рымскія юдэі, і празэліты, Крыцяне і Арабы, - чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую?” Дзівіліся ж усе і бянтэжыліся, кажучы адзін аднаму: “Што гэта можа быць?” А іншыя, насьмяхаючыся, казалі, што яны напіліся маладога віна» (Дзеі 2:5-13).
Цікава, якой жа мовы яны чакалі? Бадай, што ўсе яны ведалі мову грэцкую, якая, за чатыраста гадоў з моманту заваёвы гэтага краю, сталася, як сёньня, для сьвету ангельская. Кожны сваю? Дык і дачакаліся. Але зьдзівіліся, бо гэтымі мовамі казалі галілейцы. Як так? А так, што ў дзень Пяцідзясятніцы апосталам не прыходзілася клапаціцца пра пераклад гэтых моваў, бо ўсе разумелі тое, што кажуць вучні Ісуса Хрыста. Усё здарылася, як бы само сабою. Але, на ўсё воля Бога і ня нам вызначаць Ягоныя межы і шляхі, якімі Ён хоча данесьці Добрую Вестку да людзей.
Магчыма, гэта патрабуецца чалавеку, якога трэба сур’ёзна падтрымаць? Ці як? Дакладна мы гэтага ня ведаем. Але Бог дае нам гэтыя магчымасьці, каб Валадарства Божае з нашага сэрца пераходзіла ў сэрцы іншыя. Бо сказана: «Будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі». Іншымі словамі мы ўсьведмляем тое, што сказаў у свой час Бог Абрагаму: «Я вывяду ад цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і праслаўлю імя тваё, і будзеш ты ў дабраславенстве. Я дабраслаўляю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну; і дабраславяцца ў цябе ўсе плямёны зямныя» (Быц 12:2-2). Лука кажа пра мноства моваў, якія сталі даступнымі вучням Ісуса. Але вось што выклікае інтарэс.
Абяцаньне Абрагаму, у кнізе Быцьця, ідзе пасьля цікавага разьдзелу пра будаўніцтва Бабілонскай вежы, дзе людзі займелі жаданьне пабудаваць самую высокую вежу ў сьвеце, каб зрабіць сабе імя. Што з гэтага выйшла? Наяўнасьць шмат якіх моваў, каб людзі не змаглі разумець адзін аднога, а таму і не пабудаваць гэтую вежу. Бог зьмяшаў мовы людзей, каб яны ня здолелі працаваць над стварэньнем грамадзтва, якое ня мае патрэбы ў Богу. Мы ж бачым, што кажа нам Лука. Ён кажа, што Пяцідзясятніца гэты праклён адмяняе. Але, ня проста адмяняе, а адмяняе таму, што абяцаньне Абрагаму зьдзяйсьняецца і ўсё чалавецтва чуе Добрую Вестку пра Ісуса Хрыста. Тыя юдэі ці празэліты сталі сьведкамі таго, што адбылося і таму іхняе ўраджаньне было незвычайным. Таму і рэакцыя на гэта была неаднабаковай.
Узьнікае, усё ж, пытаньне: «Толькі дванадцаць апосталаў засвоілі пералічаныя Лукой мовы ці вучняў-паліглотаў было, як мінімум, сто дваццаць чалавек?» Можна толькі меркаваць, што іх было дванаццаць. І вось чаму. Па-першае тое, што іх лічылі галілеянамі і па-другое (мы гэта яшчэ пабачым) гэта тое, што Пётр зрабіў выступ перад народам, абараняючы «адзінаццаць». Хаця і гэта ня факт, бо гэты дар ад Госпада маглі атрымаць і ўсе астатнія, што адчулі на сабе агонь і вецер Духа Сьвятога. Спасылкі ж на дванаццаць апосталаў можна патлумачыць і тым, што менавіта яны стаялі на чале гэтай вялікай грамады, што мелі ўжо ў сэрцы сваім Духа Сьвятога. Заўважым толькі, што ўсе, хто атрымаў гэты дар ад Бога, славілі Госпада на розных мовах, якія прысутнічалі ў гэты дзень у Ерусаліме. Безумоўна, што гэта быў цуд, але ці зразумелі гэта няверуючыя юдэі (і ня толькі), якія насьміхаліся , кажучы: «Яны напіліся маладога віна». Зноў мы бачым, што праца Ісуса Хрыста сутыкаецца ня толькі з натхнённым успрыманьнем, але і з недаверам, а нават і з насьмешкамі. Але Сьвяты Дух дзейнічае і вынікі абавязкова будуць.
Дзеі 2:14-21
«Пётр жа, з Адзінацацьцю, устаўшы, падняў голас свой і прамовіў да іх: “Мужы юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта вядома, і выслухайце словы мае, бо яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ трэцяя гадзіна дня. Але гэта ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля: “І будзе ў апошнія дні, - кажа Бог, - вылью Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і юнакі вашыя будуць бачыць відзежы, і старыя вашыя будуць сьніць сны. І на слугаў Маіх і на служак Маіх вылью ў тыя дні Духа Майго, і будуць прарочыць. І дам цуды ў небе ў гары і знакі на зямлі ўнізе: кроў і агонь, і куродым. Сонца пераменіцца ў цемру, і месяц – у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і слаўны. І будзе: кожны, хто закліча імя Госпада, будзе збаўлены”» (Дзеі 2:14-21).
Спачатку, трэба вызначыцца па часе. Справа ў тым, што трэцяя гадзіна дня азначала, у гебрайскім вымярэньні, толькі дзевяць гадзінаў ад пачатку дня. Якая п’янка? Мяркую, што нават і ў Ерусаліме, пад час сьвяткаваньня Пяцідзясятніцы, людзі не дазвалялі сабе такога. Але гэта кажа толькі пра недавер таму, што адбылося з вучнямі Ісуса Хрыста. І чаму Пётр цытуе менавіта старазапаветнага прарока Ёэля і кажа пра апошнія дні? Наогул, тагачасныя гебраі ведалі Стары Запавет і прадказаньні прарокаў. І, падаецца вельмі лагічным, што многія юдэі ў размовах паміж сабою ці ў малітвах разважалі на тэму «апошніх дзён». А зараз, громкагалосна, яны чуюць гэта ад Пятра, які, да таго ж, зьвязвае гэта з массавым выліваньнем на людзей Сьвятога Духа. Безумоўна ж яны ведалі, што Бог, калі-некалі, вылівае Свой Дух, але толькі на асобных людзей і для выкананьня нейкага важнага Божага даручэньня. А тут такое. Больш за сто дваццаць чалавек атрымалі Духа ад Бога. І зусім не прарокі, валадары ці нехта са сьвятарства, але людзі самыя простыя, а нават і неадукаваныя. Ці сапраўды спраўджваецца прароцтва Ёэля і пачынаюцца так званыя «апошнія дні», а гэтыя людзі становяцца цэнтрам сапраўднага народа Божага? Больш таго, гэта адбываецца не ў Храме а ў нейкім доме, дзе сабраліся гэтыя сто дваццаць чалавек і хто бачыў Ісуса ўваскросшым. І вось яны, гэтыя людзі, напоўненыя сілай Духа, ужо ня могуць маўчаць і распавядаюць пра жыцьцё ды ўваскрасеньне Хрыста. Пра ўсё тое, што яны бачылі ці чулі.
І гэта ёсьць праца Сьвятога Духа Які дзейнічае дзе хоча і ўзьдзейнічае на ўсе катэгорыі людзей, узросты і сацыяльныя групы. Але гэта тыя, хто заклікае імя Госпада. Такім чынам, і гэта вельмі важна, у Лукі пачынаецца практычная і вельмі складаная тэма: збаўленьне.
Свидетельство о публикации №226012001981