Деяния 1 1-26
Дзеі 1:1-26
Другая кніга Лукі - незвычайная кніга, бо яна пра тое, што Ісус працягвае рабіць і чаму працягвае вучыць. Можа гэта крыху і дзіўна, але гэта так. Дык вось, незвычайнасьць аповяду Лукі складаецца з таго, што мы павінны яго разглядаць на трох узроўнях. Што гэта азначае? З аднаго боку, гэта аповяд пра першапачатковую Царкву Ісуса Хрыста, які мае, непазьбежна, выбарчы характар (бо пра ўсё не напішаш) і дзе асьветлены характэрныя праблемы і пытаньні хрысьціянскага грамадзтва. З другога боку, гэта кніга пра Ісуса, як галоўную дзеючую Асобу ў ёй. І гэта нармальна, бо такіх прыкладаў у сусьветнай драматургіі хапае, калі дзеі на сцэне круцяцца вакол нейкай асобы, якая на сцэне не зьяўляецца (у нашым выпадку мы бачым Ісуса толькі ў першых дзевяці вершах гэтай кнігі). І вось трэці ўзровень чытаньня – гэта ёсьць мы з вамі. Заслона сцэны адкрываецца і мы апынаемся сярод удзельнікаў гэтых незвычайных і дзіўных дзеяў. Але, трэба ўважліва і разважліва прачытаць пачатак гэтай кнігі, каб правільна зразумець характар гэтае драмы.
Дзеі 1:1-5
«Што праўда, першае слова ўчыніў я, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і навучаць да таго дня, у які быў узьнесены, даўшы праз Духа Сьвятога загады апосталам, якіх выбраў, і перад якімі зьявіў Сябе жывым пасьля цярпеньняў Сваіх са шматлікімі доказамі, на працягу сарака дзён паказваючыся ім і кажучы пра Валадарства Божае. І, сабраўшы іх, загадаў ім: “Не адыходзьце з Ерусаліму, але чакайце на абяцаньне Айца, пра якое вы чулі ад Мяне, што Ян хрысьціў вадою, а вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым» (Дзеі 1:1-5).
«Першае слова» - гэта ёсьць Эвангельле паводле Лукі. Хто такі Тэафіл, мы дакладна ня ведаем, але тое, што менавіта да яго зьвяртаецца Лука ў абодзьвух сваіх кнігах, кажа пра тое, што той быў для Лукі чалавекам блізкім. І хутчэй за ўсё – хрысьціянінам. Кажучы пра гэта Тэафілу, Лука разглядае сваю кнігу як другую частку «справаздачы» пра служэньне і вучэньне Ісуса Хрыста на гэтай зямлі, якія, дарэчы, будуць Ім працягнутыя ў вяках праз Ягоных пасьлядоўнікаў. Лука жадае, каб мы зразумелі дзьве вельмі важныя рэчы, якія фігуруюць у ягонай кнізе.
Па-першае, яны грунтуюцца на ўваскрасеньні Ісуса Хрыста. Апошнія разьдзелы Эвангельля паводле Лукі, як, дарэчы, і апостала Яна, паказваюць нам уваскросшага Ісуса ў адноўленым Целе, якое набыло новыя якасьці. Ісус можа зьяўляцца і зьнікаць, а таксама праходзіць скрозь замкнёныя дзьверы.
Нам можа здавацца, што такое цела – «не зусім цела». Але гэта і не прывід, бо аўтары, якія даюць нам уяўленьне пра адноўленае Цела Хрыста, кажуць пра тое, што «новае» Цела Ісуса – гэта нешта нашмат большае, чым проста Цела. Ягонае «новае» Цела – гэта нешта новае, новае тварэньне: «Ён дзейнічаў у Хрысьце, уваскрасіўшы Яго з мёртвых і пасядзіўшы праваруч Сябе ў небе, вышэй за ўсякае начальства, і ўладу, і сілу, і панаваньне, і ўсякае імя, названае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым, і ўсё Ён скарыў пад ногі Ягоныя і даў Яго за галаву над усім у Царкве, якая ёсьць Цела Ягонае, поўня Таго, Які ўсё ў-ва ўсім напаўняе» (Эф 1:20-23).
Неба і зямля зьяднаюцца. Уваскросшае Цела Ісуса - гэта нашмат больш, чым тое, што мы можам бачыць у звычайным целе. Уваскросшае Цела Ісуса дае пачатак той нябеснай рэальнасьці, якая добра сябе адчувае сябе ў сьвеце. Але зараз ёсьць повад усьвядоміць, што без уваскрасеньня няма Добрай Весткі, як ня можа быць і «Дзеяў Апосталаў». Дзеяў Ісуса, Які памёр пад цяжарам сусьветнага зла, каб стаць падмуркам новага сьвету – таго Божага сьвету, які зьмяшчаецца ў сэрцы веруючага чалавека.
Па-другое ж, мы бачым сілу і дзеяньне Сьвятога Духа. Дакладней, мы гэта яшчэ ўбачым, а зараз Ісус дае вучням напамін пра Янавае хрышчэньне вадою і разам з гэтым абяцае, праз некаторы час, хрышчэньне Духам Сьвятым. Бог мае намер стварыць у сьвеце нешта новае, каб у арбіту гэтага новага прыцягнуць людзей гэтага сьвету. І пачынае Ён гэты працэс з вучняў, якія згрупаваліся вакол Яго. Але Ісус папярэджвае іх пра недапушчальнасьць нецярплівасьці, калі кажа: «Не адыходзьце з Ерусаліму, але чакайце на абяцанае ад Айца, пра якое вы чулі ад Мяне». Вельмі важная парада ад Ісуса, бо ва ўсе далейшыя часы знаходзіліся людзі, якія, ледзь ведаючы пра Хрыста, кідаліся выпраўляць гэты сьвет на свой лад і густ. Таму Ісус і кажа гэтыя словы. Трэба, слухаючы Хрыста, маліцца за дзеяньне і надхненьне Сьвятога Духа, Які падкажа, што і як рабіць, дадаўшы для гэтага і пэўныя сілы. А што ж вучні?
Дзеі 1:6-8
«А яны, зыйшоўшыся пыталіся ў Яго, кажучы: “Госпадзе, ці ня ў гэты час Ты адновіш валадарства Ізраіля?” Ён жа сказаў ім: “Ня вам ведаць час ці пару, якія Айцец паклаў ва ўладзе Сваёй, але вы возьмеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ў-ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі”» (Дзеі 1:6-8).
Уявім сабе вучняў, якія ўжо тры гады хадзілі разам з Ісусам і якія зараз цікавяцца ў Яго пра валадарства Ізраіля. Тры гады таму яны пайшлі за Ісусам, як бы мовіць, уступаючы ў рух аднаўленьня. Яны безумоўна верылі, што Бог вызначыў Ісуса сапраўдным Валадаром Ізраіля. Верылі, нягледзячы нават на тое, што большасьць суайчыньнікаў адносілася да гэтага з недаверам і адмаўленьнем. Для вучняў жа Ён быў падобны да старазапаветнага Давіда, які быў самым паважаным валадаром Ізраіля.
Мы памятаем і тое, што некаторыя вучні нават і прасілі Яго пра будучыя высокія пасады каля Ягонага пасаду. Гэтыя ўяўленьні чарпаліся гебраямі ў старазапаветных Пісаньнях: «І ўведаюць, што Я – Госпад Бог іхні, калі, расьсеяўшы іх сярод народаў, зноў зьбяру іх у зямлю іхнюю і не пакіну ўжо там ніводнага з іх. І ня будуць ужо хаваць ад іх твару Майго, бо Я вылью дух Мой на дом Ізраілеў, кажа Госпад Бог» (Ез 39:28-29). Можа таму і настала гэтае пытаньне, калі Ісус распавёў ім пра Духа Сьвятога? І чаму яны не зразумелі, што гэтае пытаньне тычыцца ня толькі Ізраіля, але і ўсяго астатняга сьвету?
Усё гэта можна пачуць у пытаньні: «Ты аднановіш валадарства Ізраіля?». Такія былі іхнія надзеі ад пачатку, але як зараз? Ісус уваскрос і гэта, для іх, было відавочным. Дык можа зараз усё і спраўдзіцца? Адказ на гэтае – і так, і не. Спраўдзілася тое, што на Владарства Божае трэба глядзець у сьвятле сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса Хрыста. І ня толькі, бо Ісус ужо казаў вучням пра тое, што, каб знайсьці сапраўднае жыцьцё, трэба сваім жыцьцём і ахвяраваць.
Лука кажа нам пра думкі Ісуса, але ці так мы здольныя ўспрымаць гэта? Чаму? Таму што многія ўспрымаюць гэта як тое, што не існуе сапраўднае зямное, але ёсьць сапраўднае нябеснае. Лука, дарэчы, нязгодны з гэтым, бо кажа словамі Ісуса наступнае: «Ня вам ведаць час ці пару, якія Айцец паклаў ва ўладзе Сваёй». Іншымі словамі Ісус папярэджвае нас, што гатовага і выразнага адказу ў гэтым пытаньні быць ня можа. Але галоўнае ня ў гэтым. Галоўнае ж у словах Ісуса: «Але вы возьмеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ў-ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі».
Дзеі 1:9-14
«І, сказаўшы гэтае, Ён быў падняты, калі яны глядзелі на Яго, і воблака ўзяло Яго ад вачэй іхніх. І калі яны ўглядаліся ў неба, як Ён адыходзіў, вось, два мужы сталі перад імі ў белым адзеньні і сказалі: “Мужы Галілейскія! Чаго вы стаіцё, гледзячы ў неба? Гэты Ісус узяты ад вас у неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, што ідзе ў неба”. Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, называнай Аліўнай, што блізка ад Ерусаліму, за дзень суботні ходу. І, калі прыйшлі, узыйшлі ў залю, дзе былі Пётр, і Якуб, і Ян, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якуб Алфеяў і Сымон Зілот, і Юда Якубаў. Усе яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі, і І Марыяй, маці Ісуса, і братамі Ягонымі» (Дзеі 1:9-14).
Вучні ўглядаліся ў неба, куды адыходзіў Ісус. Як яны адчувалі, пры гэтым, нябёсы і што кажа пра гэта Біблія? Звычайны чалавек глядзіць на неба, як на паветраную прастору, што складае атмасферу вакол зямлі. Біблія глядзіць на гэта некалькі інакш. Неба і зямля – гэта дзьве паловы створанага Богам сьвету, якія дадаюць адна адную і маюць іншае вымярэньне, іншую рэальнасьць. І рэальнасьць такая, што неба – гэта прастора для Бога, а зямля – прастора для чалавека.
«Неба» - гэта ня проста нейкая цудоўная прастора, куды пераселяцца праведнікі пасьля сваёй фізічнай сьмерці. Біблія кажа, што згодна Божаму плану нас чакае «новае неба і новая зямля»: «І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля прамінулі, і мора ўжо няма» (Адкр 21:1), якія назаўсёды аб’яднаюцца ў Божай рэальнасьці. Магчыма, што неба і стане нашым «часовым домам» пасьля сьмерці, але наш шлях ідзе да новага сьвету - адзінаму і зьмянённаму Госпадам. І калі гэта здарыцца, у цэнтры гэтага сьвету будзе адноўлены Ісус Хрыстос.
Ісус раптоўна прыходзіць і зьнікае, праходзячы скрозь замкнёныя дзьверы. І вось зараз Ён, на гары Аліўнай, узносіцца перад вучнямі праз воблака, якое схавала Ісуса ад вачэй прысутных пры гэтым. Воблака – гэта сымбаль Божай прысутнасьці. Мы бачылі гэта ў Старым Запавеце, калі, напрыклад, народ Ізраіля выходзіў з Егіпту. Таксама і прарок Данііл казаў пра гэта: «Бачыў я ў начных уявах, вось, з аблокамі нябеснымі ішоў як бы Сын Чалавечы, дайшоў да Спрадвечнага днямі і падведзены быў да Яго» (Дан 7:13). Тагачасныя хрысьціяне добра памяталі прароцтва Данііла і верылі ў тое, што гэтае прароцтва зьдзейсьнілася ў Ісусе, Які, узьнёсшыся, адрымаў ад Айца ўсю ўладу над небам і зямлёй.
Калі хто быў па турыстычнай нагодзе ў Рыме і аглядаў старажытны Форум, мог бачыць выяву духа, які ўзносіцца на неба з цела памёрлага кесара. Заўважым, што ў гэтым выпадку ўзносіцца толькі дух чалавека. Усё ня так з Ісусам Хрыстом. Лука паказвае нам, што узьнеслася ня толькі душа Ісуса, але і ўсё Ягонае адноўленае і цялеснае «Я». Дзе там блізка былі ўсемагутныя валадары Рыма? Ісус – гэта рэальнасьць, а кесары – толькі слабая падабенства гэтага. Ісус – гэта сапраўдны Валадар сьвету, Які сядзіць праваруч Айца. І таму мы павінны пакланяцца Яму ў малітвах і праслаўленьні.
Менавіта так і паводзілі сябе вучні, якія вярнуліся ў Ерусалім з гары Аліўнай. Разам з маці і братамі Ісуса, яны ў малітве чакалі абяцанага Ісусам Духа Сьвятога. Усе, хто заклікае імя Ісуса Хрыста, пакланяецца Яму і чуе Яго, пакліканы да набажэнства і малітве. Чаму? Таму што Ісус працягвае вучыць і ператвараць нас. Мы можам, у далейшым, пабачыць, што і апосталы, з іхнімі рознымі памылкамі, знаходзілі шляхі праўды толькі таму, што імі працягваў кіраваць Ісус Хрыстос. Пасьля ўзьнясеньня Хрыста гісторыя вучняў адбывалася адначасова, як бы, ў дзьвух вымярэньнях – нябесным і зямным. А, па-сутнасьці, гэта азначае, што сэрца веруючага чалавека напоўненае новым небам і новай зямлёю, якія аб’ядноўваюцца ў адно. Паглядзем жа, як Лука паказвае нам далейшае служэньне вучняў Ісуса Хрыста пасьля ўзьнясеньня.
Дзеі 1:15-26
«І ў тыя дні Пётр, устаўшы сярод вучняў, сказаў, - а была грамада імёнаў разам каля ста дваццаці: “Мужы браты! Мусіла споўніцца тое Пісаньне, якое казаў раней Дух Сьвяты праз вусны Давіда пра Юду, што стаўся павадыром тых, якія схапілі Ісуса, што быў ён палічаны з намі, і выпала яму жэрабя служэньня гэтага. Ён, што праўда, прыдбаў поле за нагароду няправеднасьці і, рынуўшыся, разьдзёрся напалове, і вываліліся ўсе ўнутранасьці ягоныя, і сталася гэта вядома ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, так што поле тое названае на іхняй мове Акельдама, гэта ёсьць Поле крыві. Бо напісана ў кнізе Псальмаў: “Няхай станецца двор ягоны пустым, і няхай ніхто не жыве ў ім”, і: “Урад ягоны няхай возьме іншы”. Дык з тых мужоў, якія зыходзіліся з намі праз увесь час, калі прыходзіў і выходзіў да нас Госпад Ісус, пачынаючы ад хрышчэньня Янавага ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас, адзін з іх мусіць стацца разам з намі сьведкам уваскрасеньня Яго”. І паставілі двух: Язэпа, называнага Барсабам, якога звалі Юстам, і Мацея, і, молячыся, сказалі: “Ты, Госпадзе, Які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў узяць жэрабя служэньня гэтага і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці на месца сваё”. І кінулі жэрабя пра іх, і ўпала жэрабя на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў» (Дзеі 1:15-26).
У тыя дні (паміж Узьнясеньнем і Пяцідзясятніцай) Пётр, прызначаны Ісусам пасьці Ягоныя авечкі, устаў перад даволі вялікай групай вучняў (каля ста дваццаці імёнаў). Пачаўшы гаварыць перад імі, Пётр узьняў тэму здрады Юды Іскарыёта, зьвяртаючыся, дзеля гэтага, да Старога Запавета. Пётр кажа, што Давіда, які пісаў Псальмы, натхняў Сьвяты Дух і што, менавіта праз вусны Давіда, было прадказана здрадная дзея Юды. Чаму так? Таму што герой Псальмаў Давід лічыўся правобразам Мэсіі, а гэта, у сваю чаргу, азначае, што ворагі псальмапеўцы – гэта ворагі Мэсіі. Адсюль і выснова Пятра пра тое, што Давід ужо тады прадказваў Юду Іскарыёта.
Але Пётр не абмяжоўваецца гэтым, бо цытуе верш з яшчэ аднаго Псальма: «Хай дні ягоныя будуць кароткія, і пасад ягоны іншы хай прыймае» (Пс 108:8). Пётр кажа гэтыя словы дзеля таго, каб высокае месца дванаццатага апостала Ісуса заняў нехта з верных пасьлядоўнікаў Хрыста. Што ж тычыцца самога Юды Іскарыёта, дык мы ведаем ад Лукі і Мацьвея дзьве версіі хуткай сьмерці здрадніка Юды. Мацьвей, у сваім Эвангельлі, кажа пра ягонае самагубства, а Лука кажа пра жахлівую хваробу Юды: «І вываліся ўсе ўнутранасьці ягоныя, і сталася гэта вядома ўсім, хто жыве ў Ерусаліме». Але, як бы тое не было, гэта ня мае прынцыповага значэньня. Наадварот, гэта кажа толькі пра тое, што эвангелісты не капіравалі адзін аднога, падаючы свае крыніцы ў асьвятленьні гэтых падзеяў.
Паставіўшы двух вучняў – Язэпа, якога звалі Юстам і Мацея, апосталы, з малітваю, кінулі жэрабя, якое ўпала на Мацея. Як праводзіўся гэты працэс, мы ня ведаем, але мы бачым, што нейкія маральныя пытаньні да кандыдатаў не ставіліся. Відавочна, што гэтыя вучні разглядаліся, як роўныя ў служэньні і вернасьці да Хрыста. І яшчэ адно назіраньне. Тое, што гэтая працэдура жэрабя лічылася выяўленьнем Божай волі, мы бачым у Старым Запавеце: «Жэрабя кідаюць у заўлоньне, але ад Госпада ўсе суды яго» (Прып 16:33). Мы ня ведаем, як склаўся жыцьцёвы лёс нявыбранага Язэпа Юста, але ўсім нам трэба добра ведаць, што да высокага пакліканьня трэба адносіцца бяз усякай гордасьці, а да нізкага – бяз сораму, але з радасьцю.
Свидетельство о публикации №226012000860