Деяния 3 1-26

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 3:1-26

Мы ўжо бачылі шмат знакаў ад апосталаў. І вось Лука паказвае яшчэ адзін знак, які атрымае вельмі вялікі рэзананс у тагачасным грамадстзе. Ён кажа, што нейкі кульгавы чалавек, які не хадзіў ад нараджэньня, раптам атрымаў поўнае аздараўленьне. Лука падрабязна апісвае абставіны, здольныя растлумачыць гэты цуд. Хваробу ад нараджэньня выправіць вельмі цяжка і кажучы, што кульгавага чалавека насілі, Лука хоча сказаць, што ногі гэтага чалавека былі нібыта мёртвыя. Просячы ж кожны дзень міласьціну, ён стаў вядомым вялікай колькасьці народу, што збіраліся ў Храме Ерусаліма. І тое, што здарылася пад час малітвы, узрушыла многіх і вестка пра гэта разьляцелася, як маланка, па ўсяму Ерусаліму.


Дзеі 3:1-10
«Пётр жа і Ян ішлі разам у сьвятыню а дзевятай гадзіне малітвы. І нейкі чалавек, кульгавы ад чэрава маці сваёй, якога насілі і кожны дзень лажылі ля дзьвярэй сьвятыні, называных Прыгожымі, прасіць міласьціну ў тых, якія ўваходзяць у сьвятыню, убачыўшы Пятра і Яна, што меліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны. А Пётр, які з Янам углядаўся на яго, сказаў: “Паглядзі на нас”. Ён жа ўзіраўся на іх, чакаючы нешта ад іх узяць. А Пётр сказаў: “Срэбра і золата няма ў мяне. А што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!” І, узьняўшы яго за правую руку, падняў. І адразу ўмацаваліся ногі і косткі ягоныя, і ён, падскочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы і скачучы, і хвалячы Бога. І ўвесь народ бачыў яго, як хадзіў і хваліў Бога. І пазналі яго, што ён быў той, які дзеля міласьціны сядзеў ля прыгожых дзьвярэй сьвятыні; і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад таго, што здарылася з ім» (Дзеі 3:1-10).

Уявім сябе сярод тых людзей у Ерусаліме, якія спяшаюцца на вечаровую малітву ў Храм. Дзевятая гадзіна малітвы – гэта час, калі дзень пачынае хіліцца да вечару. Паколькі дзень, ад усходу да заходу, мае дванаццаць гадзін, увесь гэты час падзяляўся на чатыры часткі. Так што дзевятая гадзіна – гэта апошняя чвэрць дня: ад шасьці да дзевяці гадзін вечара. Мы бачым, як апосталы Пётр і Ян праходзяць каля кульгавага ад нараджэньня чалавека, які доўгія годы сядзеў на «сваім» месцы каля сьвятыні, каб прасіць міласьціну. Ён і папрасіў у Яна і Пятра. Але атрымлівае ён нашмат больш. Адказ Пятра зразумелы: грошай у яго няма, але ёсьць нешта надзвычайна большае і лепшае. Мы назіраем, як Бог, звыш усякай надзеі, даў аздараўленьне кульгаваму, які лічыў сваю хваробу невылечнай і клапаціўся толькі за сродкі для свайго харчаваньня. Петр нават і не запытваў кульгавага ці хоча ён аздараўленьня. Проста ўзяў і аздаравіў яго імем Ісуса Хрыста.

Аднак заўважым, што перад гэтым апосталы вельмі напружана глядзелі на хворага і прасілі, каб ён таксама паглядзеў на іх Чаму? Перад намі глыбокі чалавечы кантакт і дзеяньне Божае. Пётр ня проста кажа: «Устань і хадзі», як напэўна сказаў бы сам Ісус. Ён ясна паказвае, каму прыналежыць гэтая аздараўляльная сіла: «У імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі». Мы бачым, што з гэтага моманту імя Ісуса мае неверагодную сілу і вялікую ўладу. Менавіта гэтая сіла зрабіла жабрака-інваліда, ля храмавых варот, у поўнага жыцьця веруючага чалавека. Безумоўна, што ня кожны чалавек можа скарыстаць імя Ісуса Хрыста, каб вырашыць нейкія пытаньні. Але той, хто адданы Ісусу і служыць Яму, будзе здольны скарыстаць гэта на добрыя справы.

Лука ж пачынае казаць нам пра плод гэтага цуду, пра тое, як кульгавы чалавек радаваўся свайму аздараўленьню, славячы пры гэтым Госпада. І ўсё гэта на вачах шматлікага натоўпу людзей, што былі пад час малітвы ў Храме. Лука схіляе нас да разуменьня плоду ад створанага Госпадам цуда, бо Ён дзеля гэтага гэта і рабіў, каб людзі, зьвярнуўшы на гэта ўвагу, убачылі сілу і славу Ісуса Хрыста і гэтаму паверылі. І можна быць упэўненым у тым, што пэўная колькасьць людзей з гэтага натоўпу паверыла ў Ісуса Хрыста. Дзякуючы відавочнаму аздараўленьню кульгавага ад нараджэньня чалавека. Але і ня толькі, бо ёсьць яшчэ і яскравая пропаведзь апосталаў.


Дзеі 3 11-16
«Бачачы гэта, Пётр адказаў народу: “Мужы Ізраільцяне! Што зьдзіўляецеся гэтаму, ці што так углядаецеся на нас, нібыта мы сваёю сілай або пабожнасьцю зрабілі, каб ён хадзіў? Бог Абрагама, і Ісаака, і Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы выдалі і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той судзіў вызваліць Яго. Вы ж ад Сьвятога і праведнага адракліся і прасілі дараваць вам чалавека забойцу, а Самога начальніка жыцьця забілі. Яго Бог падняў з мёртвых, і мы – сьведкі гэтага. І дзеля веры ў імя Ягонае ўмацавала імя Ягонае таго, каго вы бачыце і ведаеце і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад усімі вамі» (Дзеі 3:11-16).

Пётр пачынае з папроку, але гэты папрок не за зьдзіўленьне, бо яно карыснае для народу. Ён папракае іх за тое, што славу Божай справы яны прыпісвалі чалавеку. Пётр як бы кажа пра тое, што людзі памыляюцца, калі глядзяць на апосталаў і не глядзяць на Бога і Ісуса Хрыста. Ён нязгодны з тымі, хто адносіць цуды да чалавека, думаючы, што ўсё гэта крыецца ў людской сьвятасьці. Так пачынае сваю прамову Пётр.

Храм – месца прыкметнае. Сам Ісус вучыў тут і мабыць таму Пётр працягвае сваю прамову ўрачыста і нават афіцыйна: «Бог Абрагама, і Ісаака, і Якуба, Бог бацькоў нашых». Фактычна ён цытуе верш з кнігі Выхаду, калі Бог зьяўляецца Майсею з палаючага куста і заклікае яго ісьці ў Егіпет, каб вывесьці народ Ізраіля з палону. Пётр, як бы хоча сказаць, што сітуацыя ў нечым паўтараецца. У тыя часы Бог зьдзейсьніў вялікія цуды і, выконваючы Свае абяцаньні, збавіў Свой народ з рабства. Збаўленьне ж адбылося, калі ўпершыню прыносілася ў ахвяру пасхальнае ягня, калі Ізраіль прайшоў праз мора, атрымаў Тору і пайшоў у зямлю абяцаную. Усе гэтыя тэмы маюць месца ў Новым Запавеце і ўсе яны зьвязаныя пытаньнем: «Хто такі Ісус і як праз Яго дзейнічае Бог?» Пётр і скажа пра гэта народу, кажучы дзіўныя рэчы пра Ісуса Хрыста.

Да свайго вучэньня, як таго і патрабавалі абставіны, Пётр дадае і абвінавачваньне, бо ня вызнаўшы свой грэх, юдэі ня здольныя прыйсьці да Ісуса. Яны забілі Таго, Каго Пілат намагаўся вызваліць і больш таго, яны вызвалілі сапраўднага забойцу замест Начальніка Жыцьця, а Праведніка і Сьвятога яны ўкрыжавалі. Але Бог уваскрасіў Ісуса і з гэтага юдэі павінны зразумець, што яны абвесьцілі Богу вайну. Пётр, сьведка ўваскрасеньня, кажа пра веру ў імя Ягонае, маючы на ўвазе тое, што вера і Ягонае імя – гэта і ёсьць тая стваральная сіла, што ўмацавала хворага чалавека і аздаравіла яго перад усімі людзьмі. Лука хоча сказаць, што нашая вера ўзыходзіць да Бога толькі тады, калі яна грунтуецца на Хрысьце, глядзіць на Хрыста і на Яго апіраецца. Такім чынам, ня можа быць сапраўднай веры без Ісуса Хрыста і, на прыкладзе гэтага аздароўленага чалавека, юдэі павінны ўбачыць узор дзеяньня і сілы імя Ісуса Хрыста. І пакаяцца.


Дзеі 3:17-26
«І цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы гэта, як і начальнікі вашыя, а Сам Бог, Які прадвесьціў праз вусны ўсіх Сваіх прарокаў, каб цярпець мукі Хрысту, тое і споўніў. Дык навярніцеся і вярніцеся, каб сьцерліся грахі вашыя, каб прыйшлі часы асьвяжэньня ад аблічча Госпада, і каб Ён паслаў Ісуса Хрыста, Якога вам наперад абвясьціў, і Якога мусіла неба прыняць да часу напраўленьня ўсяго, пра што гаварыў Бог праз вусны Сваіх сьвятых прарокаў ад вякоў. Бо Майсей сказаў бацькам: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне. Яго слухайце ў-ва ўсім, што будзе казаць вам. І будзе кожная душа, якая не паслухае прарока гэтага, будзе вынішчана з народу”. І ўсе прарокі ад Самуіла і па чарзе, якія толькі гаварылі, прапаведвалі ў гэтыя дні. Вы – сыны прарокаў і запавету, які заключыў Бог з бацькамі нашымі, кажучы да Абрагама: “І ў насеньні тваім дабраслаўлёныя будуць усе народы зямлі”. Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуўся кожны ад зласьлівасьці сваёй» (Дзеі 3: 17-26).

Пётр, дакарыўшы юдэяў у злачынстве супраць Ісуса Хрыста, тым ня меньш, дае ім надзею і ў гэтым ёсьць вялікая мудрасьць, якую уклаў яму у сэрца Сьвяты Дух. Бо калі няма надзеі на прабачэньне, страх перад пакараньнем разьлютуе душы зацьцятасьцю. Давід пацьверджвае гэтую надзею, калі кажа: «Хай спадзяецца Ізраіль на Госпада; бо ў Госпада літасьць і вялікае ў Яго збавеньне, і Ён збавіць Ізраіля ад усіх беззаконьняў ягоных» (Пс 129:7-8). Пётр зьмякчае грэх свайго народу няведаньнем, бо ці вытрымалі б людзі ўсьвядоміўшы, што яны дабраахвотна адракліся ад Сына Божага і забілі Яго? Але мы не павінны спісваць усё на няведаньне, бо тут прысутнічала і крывадушнасьць. І тое, чаго тут было больш і вызначае, як кваліфікаваць гэтае дзеяньне. Пётр вызначае гэтае дзеяньне, як няведаньне і з гэтага мы бачым, што большасьць юдэяў ня ведалі што тварылі.

Пётр кажа народу, што яны ня ведалі праўды, як і іхнія начальнікі. І тут ёсьць нейкая недакладнасьць. Як мы бачылі ў Эвангельлях, як бачым мы і ў дзеях апосталаў, кніжнікі і сьвятары былі напоўненыя злосьцю адносна Ісуса, а зараз і адносна да вучняў Хрыста. Менавіта яны падбухторвалі народ на забойства Праведніка Ісуса і вызваленьне злачынцы Бараббы. Безумоўна, ня ў усіх начальнікаў быў падобны настрой і таму Пётр зьвяртаецца да тых старшынь народу, якія яшчэ былі здольныя да пакаяньня і навяртаньня да Ісуса Хрыста. Бог абвінавачвае народ у сьмерці Хрыстовай, але адначасова навяртае іхнюю віну да збаўленьня. Навяртаньне ж гэта – вялікая справа міласэрнасьці Божай, якую ўсім нам трэба прыняць з радасьцю і пакорай.
Трэба адзначыць, што Бог падгатаваў прабачэньне ад грахоў для ўсіх людзей, нягледзячы на тое, якое месца яны займаюць у гэтым сьвеце. Але, ці можна каго-небудзь падштурхнуць да пакаяньня, калі не прапанаваць ім збаўленьня? Пётр і абяцае ім гэта, кажучы: «Дык навярніцеся і вярніцеся, каб сьцерліся грахі вашыя». Гэта падобна на тое, як ануча сьцірае на школьнай дошцы напісанае мелам абвінавачваньне. Так і Бог сьцірае грэх прабачанага чалавека. Трэба навярнуцца, кажа Пётр, ад свайго папярэдняга жыцьця да жыцьця новага – жыцьця пад уладаю Ісуса Хрыста. Гэта і ёсьць пакаяньне.

А калі так, дык Бог дасьць «часы асьвяжэньня», як пачатак таго поўнага «асьвяжэньня», якое прыйдзе пры завяршэньні Божага плану і канчатковай пабудовы Божага Валадарства. Гэтае разуменьне «часу асьвяжэньня» - новая зьява ў Новым Запавеце, але яна зразумелая ў кантэксьце хрысьціянскага вопыту. Якога? Богаслужэньне, таемства, вывучэньне Пісаньня, хрысьціянскае братэрства і малітва – гэта тое, што мы можам адчуваць, чакаючы будучае яднаньне неба і зямлі. Мы пачынаем адчуваць і разумець дзеля чаго створаныя, як і той будучы сьвет, дзе мы будзем у вечнай радасьці з Ісусам Хрыстом. І для тых, хто гэты сьвет шукае, ён адкрыты ўжо тут і зараз. А, каб гэта сталася магчымым, трэба прыслухацца да словаў апостала Пятра: «Бог паслаў Ісуса Хрыста, якога вам наперад абвясьціў».

Абяцаньне Госпада пра канчатковае аднаўленьне – справа вырашаная. Пётр падкрэсьлівае, што нічога асабіста не выдумляе, бо пра гэта казалі яшчэ старазапаветныя прарокі. Мы бачым тут вялікія імёны: Майсей, найвялікшы з прарокаў; Самуіл, які памазваў першых валадароў Ізраіля; нарэшце і Абрагам, які ў якасьці прарока не ўспрымаецца, але які атрымаў першае і найвялікшае абяцаньне: «І дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя» (Быц 12:3). Заўважым, што Пётр разглядае Стары Запавет як адзін вялікі аповяд, які глядзіць у будучыню, пра што сьведчылі Майсей, Самуіл, Ісая і іншыя прарокі. Гэтая будучыня і ёсьць аднаўленьне ўсяго, калі ўсё павінна быць выпраўлена да Божага стандарту. І гэта ўжо здарылася ў Ісусе Хрысьце, але кожны чалавек можа быць удзельнікам гэтага: «Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуўся кожны ад зласьлівасьці сваёй».


Рецензии