Деяния 4 1-37

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 4:1-37

Мы ўжо бачылі ў папярэднім разьдзеле, як Пётр, сьмела і рашуча, пачаў сваю пропаведзь-абвяшчэньне пра Ісуса Мэсію. І ўсё гэта адбывалася ў Ерусалімскім Храме, пры вялікай колькасьці народу і, безумоўна, у прысутнасьці сьвятароў і начальнікаў. Ці было гэта небясьпечным для Пятра і Яна? Безумоўна што так. І тут узьнікае пытаньне: «Чаму Добрая Вестка, якая нясе ў сабе збаўленьне праз Ісуса Хрыста, так устрывожыла і абурыла начальнікаў (ды і ня толькі) народа?» Адказ будзе просты. Калі ты маеш над народам уладу і кіруеш усім, што тычыцца Храма, і калі ты адчуваеш, што гэты новы рух Ісуса намагаецца скінуць цябе з пасаду «твайго прэстыжу» і адабраць уладу над Божым народам, дык таму мы і бачым адпаведную
рэакцыю сьвятароў і начальнікаў.


Дзеі 4:1-12
«Калі яны гаварылі да народу, сталі перад імі сьвятары, і начальнікі варты сьвятыні, і садукеі, узлаваныя, што яны навучаюць народ і прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне з мёртвых. І ўсклалі на іх рукі, і аддалі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар. А многія з тых, якія чулі слова, паверылі; і быў лік такіх мужоў каля пяці тысячаў. А назаўтра сталася, што сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія, і старшыні, і кніжнікі, і Анна першасьвятар, і Каяфа, і Ян, і Аляксандар, і ўсе, хто быў з роду першасьвятарскага, і, паставіўшы іх пасярод, пыталіся: “Якою моцаю, ці якім іменем вы ўчынілі гэта?” Тады Пётр, напоўніўшыся Духам Сьвятым, сказаў да іх: “Начальнікі народу і старшыні Ізраілю! Калі нас сёньня дапытваюць за дабрадзейства нядужаму чалавеку, кім ён аздароўлены, няхай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраіля, што ў імя Ісуса Хрыста з Назарэту, якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, праз Яго ён стаіць перад вамі здаровы. Ён – Камень, пагарджаны вамі, будаўнічымі, Які стаўся галавою вугла, і ні ў кім іншым няма збаўленьня, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мусілі мы быць збаўленыя”» (Дзеі 4:1-12).

Каб зразумець усю гэтую негатыўную рэакцыю кіраўніцтва Ізраіля на хрысьціянскі рух, трэба разабрацца ў тым, што азначала для гэтых людзей навіна пра ўваскрасеньне Ісуса Хрыста з мёртвых. І чаму Лука ўзгадвае сярод начальнікаў Ізраіля садукеяў? А справа ў тым, што садукеі ня верылі ў уваскрасеньне з мёртвых, як і ў тое, што ёсьць жыцьцё пасьля сьмерці. Дзіўна. Як так здарылася, што найбольш уплывовая частка Ізраіля ня верыць у жыцьцё пасьля сьмерці? Справа ж ў тым, што пасьля вяртаньня гебраяў з Бабілонскага палону, садукейская плынь засяродзіла на сябе ўладу як духоўную, так і сьвецкую. Ва ўсякім выпадку, яшчэ да нараджэньня Ісуса Хрыста, першасьвятарская ўлада ў Юдэі прыналежала менавіта садукеям, якія лічылі сябе захавальнікамі закона Майсея, бо вызнавалі ягонае пяцікніжжа. Ці былі ў іх разгагалосьсі з фарысэямі? Былі, але ў часы жыцьця Ісуса Хрыста мы неяк гэта не заўважаем. А вось раней, паводле Язэпа Флавія, амаль што сто гадоў да таго, паміж імі была шасьцігадовая вайна, якая каштавала фарысэям 50 тысячаў ахвяраў. Так, садукеі мелі сапраўдную ўладу над Храмам і народам Ізраіля.

Зразумела з гэтага, што першасьвятарам зусім не падабалася ідэя «уваскрасеньня» і таму яны пытаюцца ў Пятра і Яна: «Якім імем вы ўчынілі гэта?» Мы павінны разумець, што і да Хрыста зьяўляліся асобныя людзі, якія абвяшчалі сябе Божымі памазанікамі. Але, пасьля іхняй сьмерці, вельмі хутка пра іх забывалі, а іхнія вучні наогул не адкрываліся. А тут такое. Быццам бы з гэтым Ісусам было скончана. Ён памёр, а Ягоныя вучні разьбегліся. Усё, як заўсёды. Але чаму яны зьявіліся ў сіле вучэньня свайго Настаўніка? Галаўная боля ня зьнікла, але паўтараецца ўжо ў Ягоных вучнях. Сітуацыя, безумоўна, зусім незвычайная. Але, паслухаем Пятра, які праяўляе сябе дзіўным чынам, кажучы, што Ісус – Камень, пагарджаны будаўнікамі, але Які стаўся галавою вугла, на якім адраджаецца народ Божы. Так, Пётр зьвяртаўся да псальма 117, які абвяшчаў пра новы храм, каб адсьвяткаваць новы дзень Божы і ўзрадавацца пра сваё збаўленьне. Але, кіраўнікі Ізраіля адкінулі Збаўцу і, як маглі, перашкаджалі завяршэньню «Божага будаўніцтва».


Дзеі 4:13-22
«І ўбачыўшы адвагу Пятра і Яна і спасьцярогшы, што яны людзі някніжныя і простыя, зьдзіўляліся; пазналі ж іх, што яны былі з Ісусам. Бачачы ж аздароўленага чалавека, які стаяў з імі, не маглі нічога запярэчыць. Загадаўшы ж ім выйсьці з сынэдрыёну, радзіліся між сабою, кажучы: “Што мы зробім з гэтымі людзьмі? Бо, праўда, вялікі знак, які стаўся праз іх, яўны для ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме, і мы ня можам адмовіць гэта. Але, каб больш не разыходзілася гэта ў народзе, пагрозамі забаронім ім, каб ужо не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзей”. І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісуса. А Пётр і Ян, адказваючы ім, сказалі: “Судзіце, ці справядліва перад Богам слухаць вас больш, чым Бога? Бо мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі”. Яны ж, пагражаючы, вызвалілі іх, не знаходзячы, як пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася. Бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім стаўся знак аздараўленьня» (Дзеі 4:13-22).

Людзі някніжныя і простыя цытуюць з Старога Запавету, даючы даволі глыбокае тлумачэньне Пісаньня. У вачах першасьвятароў гэта выклікае вельмі сур’ёзнае зьдзіўленьне. А куды дзенеш аздароўленага чалавека, якога ведалі вельмі многія юдэі? І што тут за сакрэт? Сакрэт для першасьвятароў, але не для вучняў Ісуса Хрыста. Яны былі з Ісусам. І ў дзень і ў ноч. Яны бачылі і слухалі, як Ён маліўся і тлумачыў ім Пісаньне. Па новаму і творча, знаходзячы ў ім пакліканьне для вучняў. І вось яны зьявілі сьвету тое, што ўспрынялі ад свайго Настаўніка і Госпада ў Духе Сьвятым. Разгубленасьць сынедрыёну відавочная, але ці можна вось проста так адпусьціць сітуацыю? Пётр і Ян атрымліваюць сур’ёзнае папярэджаньне - не рабіць больш нічога ў імя Ісуса Хрыста.

Аддаючы такое прыказаньне, яны павінны былі разумець ягоную неэфектыўнасьць, бо чалавек, які знойшоў імя, якое аздараўляе хворых, ці ня будзе гэта рабіць толькі таму, што яму гэта забаронена начальнікамі. Адказ жа Пятра адлюстроўвае глыбокі багаслоўскі сэнс і, больш таго, фармуе аснову хрысьціянскага супраціву ўладам гэтага сьвету ва ўсе часы існаваньня чалавецтва. Пётр дае прыклад усім нам. Сьвет можа казаць што заўгодна, але Пётр і ягоныя сябры не зьбіраюцца перапыняць гаворку ў імя Ісуса пра ўсё тое, што Бог зьдзяйсьняе праз іх.

Устрывожаныя садукеі зноў жа клапоцяцца пра сваю ўладу. Аздараўленьне аздараўленьнем, але, калі кожны будзе карыстацца імем Ісуса, дык дзе гарантыя таго, што яны ня згубяць уладу, бо так можна будзе абгрунтаваць і паўстаньне супраць іх. Першасьвятары не разумеюць, што яны ўжо жывуць, адносна апосталаў, у розных вымярэньнях, бо вучні Ісуса жывуць ужо новай рэальнасьцю з сілай Сьвятога Духа. Яны вяртаюць у Ісусе Хрысьце тую рэальнасьць, якую згубілі людзі праз Адама ў Эдэмскім садзе. Яны маюць сілу Божага Валадарства, як сфармуляваў гэта апостал Павал: «Бо Валадарства Божае ня ў слове, але ў сіле» (1 Кар 4:20). Там, дзе сіла Божая аздараўляе, зьменьвае і стварае новае жыцьцё, людзі, якія заклікаюць імя Ісуса Хрыста, могуць стаць і перад уладамі, каб сьмела сказаць, што яны дзейнічаюць ад імя Бога. Можа і з пагрозай для жыцьця, але словы іхнія будуць праўдай.


Дзеі 4:23-31
«Калі ж іх вызваліі, яны прыйшлі да сваіх і паведамілі ўсё, што ім сказалі першасьвятары і старшыні. А яны, пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: “Уладару! Ты – Бог, Які ўчыніў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх. Праз вусны Давіда, слугі Твайго, Ты сказаў: “Чаму бунтуюцца пагане і народы задумваюць марнае? Паўсталі валадары зямлі і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Ягонага”. Бо сапраўды сабраліся супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, Якога Ты памазаў, Ірад і Понці Пілат з паганамі і народам Ізраіля, каб учыніць усё, што рука Твая і рада Твая прадвызначылі, каб сталася. І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія, і дай слугам Тваім з усёю адвагаю гаварыць слова Тваё, а Ты працягні руку Тваю на аздараўленьне, і каб рабіліся знакі і цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса”. І, як памаліліся, захісталася месца, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе былі напоўненыя Духам Сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагаю» (Дзеі 4:23-31).

Мы бачым прыклад малітвы, якая вельмі патрэбна, калі мы пачынаем нешта рабіць для Ісуса Хрыста. Гэта вельмі важная малітва, бо хто не адчуваў супрадзеяньня сілаў зла супраць нашых памкненьняў служыць Ісусу? А дзе супрадзеяньне, там і барацьба. Так, барацьба і часам ня меньшая, чым у дні служэньня апосталаў Ісуса. Нейкія зьнешнія абставіны імгненна ўзьнікаюць, каб перашкодзіць нашай працы ці хаця б адцягнуць яе на нейкі нявызначаны тэрмін. Але ня меньшую ролю адыграваюць і ворагі, якія дзейнічаюць унутры нас. Лянота, нежаданьне паглыбляцца ў Божую праўду, а плыць па паверхні Пісаньня, адчуваньне нейкай няўпэўненасьці пры пастаноўцы задач. Ды ці мала што яшчэ? Ідзе зусім рэальная бітва з ворагам, бо як бы тое не было, але, калі мы пачынаем гаварыць ці пісаць пра Ісуса, Ягоную крыжовую сьмерць і ўваскрасеньне, пра новае жыцьцё і духоўную свабоду, дык адразу ж зьбіраюцца нейкія сілы, якія гэтаму намагаюцца перашкодзіць. Таму мы і назіраем, як апосталы заклікаюць да Бога як Валадару і Творцу.

Мы бачым, як апосталы зьвяртаюцца да псальма 2:1-2, а калі яны прамаўляюць вершы 26-28, дык яны ня проста так гэта робяць, але таму, што гэта вельмі яскрава гаворыць пра Мэсію як Божага Сына, Якому наканавана валадарыць над гэтым сьветам. Апостал Павал пацьверджвае гэта ў сваім пасланьні да Рымлянаў: «Пра Сына Ягонага, Які паводле цела стаўся з насеньня Давідавага, вызначаны Сынам Божым у моцы паводле духа сьвятасьці праз уваскрасеньне з мёртвых, пра Ісуса Хрыста, Госпада нашага, праз Якога мы атрымалі ласку і апостальства на паслухмянасьць веры ва ўсіх народах, дзеля імя Ягонага» (Рым 1:3-5).

Вяртаючыся ж да малітвы апосталаў, мы бачым, як яны зьвяртаюцца да Госпада: «І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія, і дай слугам Тваім з усёю адвагаю гаварыць слова Тваё». Так, перашкоды існуюць і Бог ўсё гэта бачыць. Але, ці дапаможа Ён, калі ня ўбачыць заклік нашых сэрцаў да Яго, каб Ён зірнуў на гэтую сітуацыю? І калі Ён убачыць малітвы і памкненьні нашага сэрца да служэньня Яму, Ён абавязкова прыбярэ перашкоды і дасьць нам усё неабходнае, каб зьдзейсьнілася ўсякая праца, якая праслаўляе Госпада нашага Ісуса Хрыста. Трэба сьмела абвяшчаць пра Ісуса, каб Божай сілай весьці людзей да новага жыцьця. Як таго калеку, які быў ім больш за сорак гадоў ад нараджэньня. Гэта тычыцца ўсіх часоў і ўсіх цэркваў, якім, зноў і зноў, трэба адчуваць Божую прысутнасьць і Ягоную сілу. Тую сілу, якая аднаўляе нас, напаўняе Духам Сьвятым і дае сьмеласьці з адвагаю абвяшчаць Эвангельле ва ўсіх народах, ведаючы, што Бог чуе нас і ніколі не пакіне нас сам насам з сіламі зла гэтага сьвету.


Дзеі 4:32-37
«А ў мноства тых, якія паверылі, было адно сэрца і адна душа, і ніхто нічога з маёмасьці сваёй не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае. І з вялікай сілай апосталы давалі сьведчаньне ўваскрасеньня Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх. Бо не было сярод іх нікога, хто меў нястачу, бо ўсе, хто меў палі ці дамы, продаючы іх, прыносілі цану праданага і клалі ля ног апосталаў; а кожнаму давалася тое, якую хто меў патрэбу. А Ёсія, названы апосталамі Барнабам, што значыць “Сын пацяшэньня”, лявіт, родам з Кіпру, які меў сваё поле, прадаўшы яго, прынёс грошы і паклаў ля ног апосталаў» (Дзеі 4:32-37).

Лука кажа, што першыя хрысьціяне прадавалі маёмасьць і жылі адным сэрцам і адною душою. Яны былі ў супольнасьці. Лука, некалькі раней, ужо казаў пра гэта, але чаму ён вяртаецца да гэтай тэмы больш падрабязна?

Першыя хрысьяне не былі першымі ў справе супольнага жыцьця, бо мы ведаем прыклад эсэяў – трэцяй, па колькасьці, плыні ў рэлігіі тагачаснай Юдэі. Эсэі, у адрозьненьні ад фарысэяў і садукеяў, былі даволі закрытай рэлігійнай сектай, якія стваралі асобныя замкнёныя суполкі і ня вельмі зносіліся з астатнімі людзьмі. Дасьледчыкі ведаюць так званую кумранскую суполку, якая называла сябе «абшчына Запавету» і якая кіравалася нейкім «Настаўнікам праведнасьці», які абвесьціў, што праз ягонае служэньне Бог усталяваў ім «новы Запавет», пра які казалі прарокі Ерамія і Езэкіль. Трэба адзначыць, што такая суполка мела агульную маёмасьць, гаспадарку і даволі жорсткую дысцыпліну. Чатырохузроўневая гэрархія жыцьця суполцы рабіла яе вельмі складаным грамадзкім механізмам. Але галоўнае для нас тое, што яны мелі агульную маёмасьць і лічылі сябе народам новага Запавету. А зараз вернемся да супольнага жыцьця першых хрысьціянаў.

Нешта падобнае мы бачым і ў першых хрысьціянаў. Мы разумеем, што ўсе яны былі юдэямі і добра ведалі пра «Новы Запавет» ад Ераміі і Езэкіля. І той, хто паверыў у сапраўднага Настаўніка Ісуса, адчулі сябе народам гэтага новага Запавету, але узялі для сябе толькі частку ад эсэяў – агульную супольнасьць. Яны верылі, што зьяўляюцца той суполкай, у якой адбудуцца ўсе Божыя абяцаньні.

Такім чынам, думка Лукі становіцца зразумелай. Ён кажа пра гэта яшчэ ў сваім Эвангельлі, калі Ісус чытаў з Ісаі ў сынагозе Назарэту: «Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздараўляць скрышаным сэрцам, абвяшчаць вязьням вызваленьне і сьляпым – вяртаньне зроку, пусьціць змучаных на свабоду, і абвяшчаць год Госпадаў прыемны» (Лук 4:18-19). А што ёсьць год Госпадаў прыемны (ці юбілейны)? Гэта прабачэньне грахоў і даўгоў праз Сваю крыжовую сьмерць. Першыя хрысьціяне будуць ня толькі прабачаць даўгі, але ў іх будзе ўсё агульнае. Гэта не азначае, што яны павінны былі прадаць усё, што мелі і жыць так, як жылі ў свой час кумраніты. Гэта не азначае і тое, што ў іх ня будзе сваіх дамоў, бо ў кожнага з іх былі свае сем’і, але значная агульная маёмасьць у іх была, бо гэтая першая хрысьціянская суполка налічвала ўжо каля васьмі тысячаў чалавек. Мы бачым тут і процілеглую сітуацыю, якая складалася ў Ерусаліме. З аднога боку агульная хрысьціянская супольнасьць, якая жыла (ці пачала жыць), як і павінен жыць народ Божы. З другога ж боку мы бачым Храм, які па-ранейшаму кіруецца першасьвятарамі-садукеямі, якія карыстаюцца сродкамі Храма так, як яны самі лічылі правільным.

«Адно сэрца і адна душа», - гэта ня толькі згода па спрэчным пытаньням, але і гатоўнасьць адносіцца да патрэбаў іншых людзей, як да сваіх асабістых. «І дам вам адно сэрца і адзін шлях» (Ер 32:39), - абяцае Бог Ераміі. І ўсё гэта, кажа Лука, споўнілася праз Ісуса Хрыста. Адсюль мы бачым, што грамадзтва Ісуса – гэта сапраўдны сход народа Божага, а тыя, хто кіруе Храмам – гэта падробка. І такі вось расклад павялічвае канфлікт паміж вучнямі Ісуса і ўладаю Храма. Мы яшчэ пабачым, што гэты канфлікт, у хуткім часе, стане вельмі і вельмі войстрым.

Лука выкарыстоўвае тэму агульнай маёмасьці першых хрысьціянаў, каб увесьці ў свой аповяд новы персанаж – Ёсію Барнабу. Ён быў лявітам, з якога выходзілі сьвятары другога ўзроўню. Барнаба ў Лукі – гэта прыклад чалавека, які ахвяруе сваёй маёмасьцю на карысьць агульных патрэбаў народа Новага Запавету. Але тут, усё ж, трэба высьветліць адну акалічнасьць. Лука кажа, што Барнаба быў лявітам і меў сваё поле, магчыма на Кіпры. Кніга Лікаў кажа, што гэта не павінна было быць: «І сказаў Госпад Аарону: “У зямлі іхняй ня будзеш мець надзелу і долі ня будзе з табою сярод іх; Я доля твая і надзел твой сярод сыноў Ізраілевых; а сынам Лявіі, вось, Я даў у надзел дзесяціну з усяго, што ў Ізраіля, за службу іхнюю, за тое, што яны правяць службы ў скініі сходу» (Лік 18:20-21). Лявіт жа Барнаба меў сваё поле. Тут можа быць некалькі адказаў. Магчыма гэты закон дзейнічаў толькі на тэрыторыі Ізраіля, а можа быць і тое, што з цягам часу гэтая пастанова згубіла сваё абавязковае выкананьне; пра гэта нам кажа лявіт Ерамія: «Такое мне было слова Госпада: “І вось Анамэіл, сын Салумаў, дзядзькі твайго, ідзе да цябе сказаць: “Купі сабе поле маё» (Ерам 32:6-7).

Мы яшчэ пабачым Барнабу ў далейшых дзеях апосталаў, як і тое, што названае імя Барнаба (Сын пацяшэньня) апраўдалася ў далейшым ня толькі гатоўнасьцю дзяліцца маёмасьцю, але і гатоўнасьцю дапамагаць людзям, якія знаходзіліся ў цяжкіх сітуацыях. Лука паказвае нам гэтага чалавека, каб усе ўбачылі тое, як павінен выглядаць на практыцы шлях чалавека, які ідзе за Ісусам Хрыстом.


Рецензии