Деяния 5 1-42

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 5:1-42

Аднойчы, знакаміты ангельскі прапаведнік Чарльз Сьперджан, пад час сваёй пропаведзі, нечакана для сябе пачаў выкрываць прысутнага, але незнаёмага чалавека ў тым, што той падмануў на грошы свайго наймальніка і, пакуль што, гэта яму сыйшло з рук. Але, нягледзячы на гэта, ён павінен пакаяцца, бо калі ня так, дык яго чакае выкрыцьцё ў ягоным злачынстве. Пасьля пропаведзі Сьперджан быў зьбянтэжаны і ўстрывожаны: адкуль гэта ўзялося пад час пропаведзі? Пра што і чаму ён гэта казаў? Але вось, да яго падыйшоў чалавек, які прызнаўся ў гэтым злачынстве і паабяцаў прапаведніку вярнуць свайму наймальніку ўсе скрадзеныя грошы. Гэты аповяд невыпадковы, бо ён, у нейкім сэнсе, дапаможа нам лепш зразумець тое, што адбылося на пачатку разглядаемага намі разьдзелу.

Дзеі 5:1-11
«А нейкі муж, на імя Ананія, з Сапфіраю, жонкаю сваёю, прадаў маёмасьць сваю, і прыхаваў з цаны з ведама жонкі сваёй, і, прынёсшы нейкую частку, палажыў ля ног апосталаў. А Пётр сказаў: “Чаму напоўніў шатан сэрца тваё, каб схлусіць Духу Сьвятому ды прыхаваць з цаны за поле? Ці ж не тваё было, што ты меў, і праданае ці ж не ў тваёй уладзе было? Навошта ты палажыў рэч гэтую ў сэрца сваё? Ты схлусіў не людзям, але Богу”. Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў нежывы. І вялікі страх стаўся на ўсіх, якія чулі гэта. А юнакі, устаўшы, узялі яго і, вынесшы, пахавалі. Сталася ж гадзіны праз тры, прыйшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася. А Пётр спытаўся ў яе: “Скажы мне, ці за гэтулькі аддалі вы поле?” Яна ж сказала: “Так, за гэтулькі”. А Пётр сказаў да яе: “Навошта змовіліся вы спакусіць Духа Госпадава? Вось, пры дзьвярах ногі тых, якія пахавалі мужа твайго, і яны вынясуць цябе”. Яна ж адразу ўпала ля ног ягоных нежывая. А юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую і, вынесшы, пахавалі каля мужа яго. І стаўся вялікі страх на ўсёй царкве і на ўсіх, якія чулі гэта» (Дзеі 5:1-11).

Прачытаныя намі радкі вельмі няпростыя для разуменьня сучаснага чалавека. Ды і ня толькі, бо нават і тады рэакцыя першых хрысьціянаў на гэтую падзею была блізкай да шоку. Не дарма ж Лука кажа, што стаўся вялікі страх па ўсёй царкве і на ўсіх, якія чулі гэта. Мы бачым, што гэтая падзея горача кранула і тых, хто ня быў у асяродзьдзі прыхільнікаў Ісуса Хрыста. Менавіта таму мы і павінны вельмі разважліва разглядзець гэтую гісторыю, якая адбылася ў жыцьці першай хрысьціянскай царквы. Скажам шчыра, што большасьці з нас было б лягчэй, калі б выкрытыя Ананія з Сапфіраю пакаяліся ў сваёй ілжы з далейшымі варыянтамі: аддаць тое, што яны схавалі, ці прызнаць, што яны пакуль што не гатовыя на такі радыкальны крок. Але, замест гэтага, на іх прыходзіць такі хуткі суд. Які, дарэчы, не зусім тыповы для Бібліі, бо для большасьці народаў і людзей ён мае даволі працяглы характар, а калі суд наступае, ён мае вельмі нечаканыя формы. Чаму ж тут ня так і што хоча гэтым сказаць Лука?

Па-першае. Адкуль апостал Пётр ведаў, што Ананія хлусіць адносна цаны за прададзенае поле і чаму, наогул, ён распачаў пра гэта гаворку? А чаму прапаведнік Сьперджан, не гатуючыся да гэтага, пачаў выкрываць у сваёй пропаведзі незнаёмага чалавека? Так, гэта дзеяньне Сьвятога Духа, Які падказаў і таму і другому, што трэба рабіць і што трэба казаць і ў тым і ў другім выпадку. Па-другое ж, Лука кажа нам, што першахрысьціянская абшчына ўяўляла сабою альтэрнатыву Храма. Гэта было месца сьвятасьці, дзе любая нячысьціня адразу ж выяўлялася і каралася. Мы памятаем гісторыю Старога Запавета, калі гебрай Оза імгненна памёр пасьля таго, як крануўся да Божага каўчэгу пад час перавозкі яго ў Ерусалім. Мы ведаем і тое, што хуткае пакараньне было зьвязанае ня толькі з Храмам, але і з паводзінамі людзей сярод Ізраіля. Кніга Ісуса сына Нава мае аповяд, які чымсьці падобны на гісторыю Ананіі і Сапфіры. Нейкі Ахан з роду Юды, пасьля разбурэньня Ерыхона, узяў сабе з заклятага Госпадам, а значыць скраў у Яго. Злачынства Ахана было выкрыта, а сам ён стаўся ахвяраю хуткага суду звыш.

Так, прыемнага мала. І невядома, як адрэагавалі на гэта некаторыя пасьлядоўнікі Ісуса і ці дадало гэта дынаміцы росту суполцы першых хрысьціянаў. Дарэчы на гэты час пасьлядоўнікаў Ісуса яшчэ не называлі хрысьціянамі, бо гэта адбудзецца ў больш позьні час, калі пропаведзь апосталаў дасягне поўначы Сірыі. Для нас жа гэта ня так важна, але важна тое, што тыя, хто ідзе за Хрыстом – гэта хрысьціяне. Прыемнага мала, але ці не захапляла нас тое, як першыя хрысьціяне зьдзяйсьнялі аздараўленьні, супрацьстаялі ўладам і навярталі шмат каго да Ісуса Хрыста, ды і жылі адной суполкай? І з гэтага трэба разумець, што калі яны ёсьць альтэрнатыва Божага Храму, дык ня трэба і зьдзіўляцца, калі Бог прымае іх сур’ёзна і патрабуе ад іх тое ж. І таму Ён мае права зьдзяйсьніць пэўны суд не адкладваючы, як кажа на гэта апостал Павал: «Не падманвайцеся, з Бога не пасьмяешся. Бо што чалавек сее, тое і будзе жаць» (Гал 6:7).

Духам Сьвятым Пётр тлумачыць Ананіі, што яго ніхто не прымушаў ня тое што хлусіць, але нават і прадаваць той кавалак зямлі. Але навошта яны схлусілі, бо маглі проста сказаць: «Вось частка, якую мы вырашылі ахвяраваць на супольства». І ўсё. Ці яны вырашылі быць перад усімі «не хужэй» за Барнабу? Таму і кажа Пётр да Ананіі: «Ты схлусіў ня людзям, але Богу». Больш таго, Ананія паклаў гэтыя грошы ля ног апосталаў. Як і Барнаба. Вельмі цікавая думка на конт таго, што Ананія паклаў грошы ля ног апосталаў ад Жана Кальвіна: «Глядзі, наколькі моцная тут ганарлівасьць. Ананія не пасаромеўся ставіць сябе за аднога з лепшых. Хаця ён быў сквапным, але для набыцьця славы ў людзей пазбавіў сябе часткі маёмасьці. Такім чынам, Ананія больш шануе ногі апосталаў, чым вочы Бога. Тым больш належыць нам берагчыся ў добрых учынках дамагацца славы сярод людзей. І не дарма кажа Хрыстос: “У ахвяры сваёй вельмі карысна, каб левая рука ня ведала, што робіць правая”».

«Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў нежывы». Апостал Пётр, у больш позьні час, напіша пра гэта: «Бо час пачацца суду ад дому Божага. А калі спачатку ад нас, дык які канец тых, якія не скарыліся Эвангельлю Божаму» (1 Пят 4:17). Жорсткасьць гэтага суду тлумачыцца тым, што гэтаму злачынству і наступным яго пакараньнем прызначана было стацца прыкладам ва ўмовах Новага Запавету, як лёс Ахана зрабіўся прыкладам для старазапаветнага Ізраіля.


Дзеі 5:12-16
«А праз рукі апосталаў рабілася шмат знакаў і цудаў у народзе, і былі ўсе аднадушна ў прысенках Салямонавых. А з іншых ніхто не адважваўся прыстаць да іх, але ўзвялічваў іх народ. А тых, што вераць у Госпада, дадавалася яшчэ больш, мноства мужчынаў і жанчынаў, так што выносілі хворых на вуліцы і лажылі на ложках і насілках, каб хоць цень Пятра, які ішоў, ацяніў каго з іх. Зыйшлося таксама ў Ерусалім мноства з навакольных гарадоў, несучы хворых і апанаваных нячыстымі духамі, якія ўсе былі аздароўленыя» (Дзеі 5:12-16).

Зноў і зноў Ісус зьдзяйсьняў праз Сваіх апосталаў шмат якія знакі і цуды. Але, вельмі цікава тое, што месцам іх сустрэчаў былі Салямонавы прысенкі Ерусалімскага Храма. Апосталы, як сапраўдныя юдэі, спачатку маліліся ў Храме, а потым, у прысенках Салямона, абвяшчалі Вестку пра Ісуса Хрыста. І ўсё гэта перад вачамі першасьвятароў і начальнікаў народу. Зразумела, што ў гэтых умовах ніхто не адважваўся прыстаць да іх, бо гэта патрабавала сьмеласьці пагрэбаваць магчымымі непрыемнасьцямі з боку начальнікаў. А можа кагосьці трымаў і страх пасьля сьмерці Ананіі і Сапфіры. Гэта, безумоўна, здагадкі, але, прызнаючы сілу Госпада ў апосталах, людзі выносілі хворых на вуліцы, па якім хадзілі апосталы, з вялікай надзеяй на аздараўленьне. І гэта працавала, бо хворыя аздараўляліся нават і ценьню апостала Пятра.

І тут важна зразумець сэнс гэтых аздараўленьняў. Гэта адмысловае дзеяньне сілы Божай. Дзеяньне дзіўнае па сіле, але не такое дзіўнае ў сьвятле ўваскрасеньня Ісуса. І ўсё ж. У аздараўленьнях Ісуса і апосталаў ёсьць моманты вельмі незвычайныя, якія больш нідзе не сустракаюцца. Цень Пятра аздараўляла хворых, але ці чуў хто-небудзь нешта падобнае? Ці вось яшчэ прыклад аздараўленьняў праз апостала Паўла: «І Бог чыніў незвычайныя цуды праз праз рукі Паўла, так што хусткі ці паясы ад цела ягонага ўскладалі на нядужых, і пакідалі іх хваробы, і духі злыя выходзілі з іх» (Дзеі 19:11-12). Мы часам мяркуем, што Бог робіць нешта аднолькава для ўсіх, але, як мы бачым, гэта ня так. Бо як патлумачыць тое, што вельмі хутка загіне Стэфан і апостал Якуб – брат Яна, а Пётр застанецца жыць? А сам Ян, адзіны з апосталаў, памрэ сваёй сьмерцю ў амаль што стогадовым узросьце. Такая воля Бога і справа ня ў сьвятасьці Пятра, калі ён аздараўляе людзей, але ў тым, што Бог можа зрабіць усё, калі Яму з вераю памаліцца. Такім чынам, аздараўленьне мноства людзей у Ерусаліме – гэта ня толькі ўзьнікненьне нейкай аздараўляльнай сілы, але гэта ўзьнікненьне новай рэальнасьці пры вялікай колькасьці людзей і ў небясьпечным для апосталаў месцы.


Дзеі 5:17-26
«А першасьвятар і ўсе, што з ім, якія былі з герэзіі садукейскай, паўстаўшы, напоўніліся зайздрасьцю, і ўсклалі рукі свае на апосталаў, і зьмясьцілі іх у вастрог грамадзкі. А анёл Госпадаў уначы адчыніў дзьверы і, вывеўшы іх, сказаў: “Ідзіце і, стаўшы, гаварыце ў сьвятыні да народу ўсе словы жыцьця гэтага”. Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі раніцаю ў сьвятыню і навучалі. А першасьвятар і тыя, што з ім, прыйшоўшы, склікалі сынэдрыён і ўсю старшызну сыноў Ізраіля і паслалі ў вязьніцу прывесьці іх. Паслугачы ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы і, вярнуўшыся, паведамілі, кажучы: “Вязьніцу знайшлі мы замкнёную надзейна і вартаўнікоў, якія звонку стаялі перад дзявярыма; але, адчыніўшы, усярэдзіне нікога не знайшлі”. Калі ж пачулі словы гэтыя сьвятар і начальнік варты сьвятыні, і першасьвятары, зьбянтэжыліся, што б гэта сталася? А нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім, кажучы, што вось мужы, якіх вы зьмясьцілі ў вязьніцу, стаяць у сьвятыні і навучаюць народ. Тады начальнік варты, пайшоў з паслугачамі, прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх» (Дзеі 5:17-26).

Невядома колькі апосталаў было арыштавана, але ўлічваючы, што яны гэтымі днямі трымаліся разам, дык можа мабыць і ўсе дванаццаць. Анёл ад Госпада незвычайным чынам вызваляе іх і гэта ёсьць першы цуд вызваленьня з вязьніцы з трох, якія апісаны ў Новым Запавеце. І вось вельмі важны момант. Анёл загадвае ім ісьці на «сваё» месца ў сьвятыні і казаць народу усе словы жыцьця гэтага. Гучыць не зусім звычайна, але сэнс гэтага зразумелы. Пра якое жыцьцё яны павінны былі казаць? Пра сваё, новае жыцьцё ў Ісусе Хрысьце. Яны жылі па новаму і ніхто да іх так ня жыў, але людзі павінны ведаць гэта, пачынаючы ад Ерусаліма па ўсёй Юдэі і, праз Самарыю, да краю зямлі. І ня проста ведаць, але таксама і жыць гэтым новым жыцьцём. Жыць па новаму – гэта значыць жыць «адной сям’ёй» з усімі, хто падзяляе веру ў Ісуса Хрыста. Не дарма ж мы кажам адзін адному: «Брат ці сястра». Мы разам молімся, разам славім Госпада, разам пераламляем хлеб, шануючы ахвяру ў Ісусе Хрысце. Але ёсьць яшчэ нашмат большае. Гэта ёсьць шлях Жыцьця вечнага, якое ўрываецца ў нашую будзёнасьць і перамагаючы сьмерць, скарае сьвет, усё яшчэ поўны грэху. Менавіта гэтае Жыцьцё будзе весьці ня толькі апосталаў, але і ўсіх нас праз хвалі і нягоды гэтага сьвету.

Гэтая пропаведзь яшчэ больш раздражняе ўлады. Першасьвятар і герэзія садукейская палічылі новы рэлігійны рух пагрозай свайму статуту і сваёй уладзе. І было чаму. Новы рух пасьлядоўнікаў Ісуса пашыраецца, новыя знакі і новыя цуды адбываюцца на вуліцах Ерусаліма ў вялікай колькасьці. Гэта выклік. Выклік уладзе садукееў і першасьвятароў, якія мелі ролю ахавальнікаў самай галоўнай сьвятыні ў сьвеце. Ніякіх саступак гэтай новай пропаведзі ня будзе. І ня будзе ўведзены Ізраіль з «правільнага» шляху, бо Бог паклікаў і сабраў гэты народ вакол сымбаляў Храма, Зямлі абяцанай і Закона. І таму, любой пагрозе гэтым сымбалям трэба даваць жорсткі адпор. І вось, апосталы зноў у сынэдрыёне, куды прывёў іх начальнік варты па загаду першасьвятароў.


Дзеі 5:27-42
«А прывёўшы, паставілі іх у сынэдрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар, кажучы: “Ці не пагрозамі забаранілі мы вам навучаць пра імя гэтае? І вось, вы напоўнілі Ерусалім навукай вашай і хочаце сьцягнуць на нас кроў Чалавека Гэтага”. І, адказваючы, Пётр і апосталы сказалі: “Больш трэба слухацца Бога, чым людзей. Бог бацькоў нашых уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве. Яго, Начальніка і Збаўцу, Бог правіцай Сваёй узвысіў, каб даць Ізраілю навяртаньне і адпушчэньне грахоў. І сьведкі Ягоныя на словы гэтыя – мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго”. Тыя ж, пачуўшы, раз’юшыліся і пастанавілі пазабіваць іх» (Дзеі 5 27-33).

Першасьвятар абвінавачвае апосталаў у непадпарадкаваньні папярэдняму загаду сынэдрыёну пра забарону спасылацца на імя Ісуса сярод юдэяў. Але, разам з гэтым, ён выдае сябе тым, што баіцца пакараньня за ганебнае забойства Хрыста, калі кажа: «Вы хочаце сьцягнуць на нас кроў Чалавека Гэтага». Што гэта як ня боязь выніку пропаведзі апосталаў – бунту супраць начальнікаў Ізраіля. І сапраўды, калі паслухаць апосталаў, выходзіла, што першасьвятары і частка народу ўкрыжавалі не таго, каго трэба было б укрыжаваць (ці не разумелі яны, што сапраўдным злачынцам быў Барабба?) і зараз трэба каяцца за гэткі ўчынак, бо менавіта яны і ёсьць галоўныя грэшнікі Ізраіля. Не, сітуацыя не павінна выйсьці з-пад іхняга кантролю і таму гэтай «агіднасьці» трэба пакласьці канец.

Адказ Пятра раз’юшвае першасьвятароў яшчэ болей, бо зноў яны чуюць пра адмаўленьне загадаў улады на карысьць Бога. Як так? Першасьвятары так не лічылі. Яны былі ўпэўненыя ў тым, што існуе іншае правіла: калі хочаш слухацца Бога, трэба слухацца загадаў першасьвятароў, бо тое, што скажуць яны, будзе адзіна правільным сярод народу. Петр жа так ня лічыць і адкрыта абвяшчае вінаватых у забойстве Ісуса, як і тое, што Бог ня толькі уваскрасіў Ісуса Хрыста, але і ўзвысіў Яго з пэўнай мэтаю – даць шанец Ізраілю для навяртаньня і адпушчэньня грахоў. Заява Пятра пра тое, што больш трэба слухацца Бога, чым людзей, мае характар пытаньня да ўсіх нас - ад часоў Пятра і да часу нашага: «Ці будзем мы слухацца ўлады ад людзей больш за тое, што кажа нам Бог?»

Лука, вуснамі Пятра, дае адказ на гэтае пытаньне: «Больш трэба слухацца Бога, чым людзей». Так, Бог ставіць над намі начальнікаў, але ставіць так, што адначасова ўтрымлівае за Сабою поўную ўладу па-над усім. Такім чынам, уладам трэба падпарадкоўвацца да таго часу, пакуль не парушаецца ўлада Бога. Пытаньне застаецца і трэба вызначыцца: выконваць чалавечыя пастановы, якія ідуць насуперак Эвангельлю, ці захоўваць вернасьць нават і цаной грамадзянскага непадпарадкаваньня? Лука і дае нам на гэтае пэўныя адказы на працягу ўсяго свайго апавяданьня. Але вернемся да Пятра, які зьвяртаецца да сынэдрыёну.

Петр кажа, што Ісус, як Начальнік і Збаўца, прапануе ўсім пакаяньне і прабачэньне грахоў, а гэта як раз тое, што ёсьць абавязкам Храма. Ці ня дзіўна, што гэта кажа першасьвятарам неадукаваны рыбак? Зноў паўстае пытаньне пра месца Ерусалімскага Храма ня толькі сярод юдэяў, але і ў Божым плане. Пётр кажа пра пакаяньне, што ёсьць ня толькі чалавечы заклік да Бога праявіць міласэрнасьць, але і тое, што гэта – дар ад Бога, які даецца Духам Сьвятым. Першасьвятарам гэта сталася незразумелым, але першыя хрысьціяне ўжо пачалі жыць такім жыцьцём, бо інакш Пётр не казаў бы гэтага. І як бы тое не было, а Пётр нагаварыў у сынедрыёне на тое, што раз’юшаныя першасьвятары пастанавілі пазабіваць арыштованых апосталаў. Але падзеі ў сынедрыёне прымаюць даволі нечаканы працяг.

«А адзін фарысэй у сынэдрыёне, на імя Гамаліэль, законавучыцель, знаны ўсяму народу, устаўшы, загадаў на трохі часу вывесьці апосталаў, і сказаў ім: “Мужы ізраільцяне, сьцеражыцеся людзей гэтых, што маеце ўчыніць. Бо перад гэтымі днямі паўстаў Тэўда, кажучы пра сябе як пра некага, і да яго прыстаў лік мужоў, каля чатырохсот: ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьцярушыліся і сталі нічым. Пасьля гэтага ў дні перапісу паўстаў Юда Галілеец і пацягнуў за сабою даволі народу; і ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся. І цяпер кажу вам: адыйдзіце ад гэтых людзей і пакіньце іх; бо калі ад людзей рада гэтая ці справа гэтая, будзе зьнішчаная, а калі ад Бога, вы ня здолееце зьнішчыць яе, і каб самі не апынуліся змагарамі з Богам”. Яны ж паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, зьбіўшы, загадалі ім не гаварыць пра імя Ісуса, і вызвалілі іх. Тыя ж пайшлі ад аблічча сынэдрыёна, радуючыся, што сталіся вартымі зьневажэньня за імя Ягонае. І кожны дзень у сьвятыні і дома не пераставалі навучаць і дабравесьціць пра Ісуса Хрыста» (Дзеі 5:34-42).

Гамаліэль – знакаміты і набожны фарысэй, які вельмі добра ведаў Закон і меў шэраг сваіх вучняў, сярод каторых быў і Саўл (Павал) з Тарса. У тыя часы існавалі дзьве асноўныя багаслоўскія школы: настаўнікаў Шамая і Гілеля, якія стварыліся за пакаленьне да нараджэньня Ісуса Хрыста. Шамай займаў даволі жорсткую багаслоўскую пазіцыю, бо лічыў, што да выкананьня Закону трэба ставіцца патрабавальна і калі гэта азначае гвалт супраць парушальнікаў Торы, дык няхай так і будзе. Гілель жа разважаў інакш. Бог хоча, каб Ізраіль выконваў Закон, але, паколькі выкананьне Закона – гэта ўнутранае пытаньне стану сэрца чалавека, дык прымушаць людзей зусім неабавязкова. Фарысэй Гамаліэль працягваў традыцыі школы Гілеля і меў сярод габрэяў вялікі аўтарытэт і пашану. Але цікава і тое, што вучань Гамаліэля Саўл (Павал) больш схіляўся да вучэньня Шамая, калі вёў жорсткую барацьбу з першахрысьціянскай царквою. Але вернемся ў сынэдрыён, дзе разварочваюцца цікавыя падзеі.

Лука паказвае нам, як Бог разбурае задумы ворагаў Хрыста. Гамаліэль, паважаны фарысэй, выступае пасярэднікам паміж апосталамі і сынэдрыёнам. Ён прыводзіць доказы, што гвалт супраць апосталаў зараз непажаданы, бо існуе тэарэтычная магчымасьць апынуцца ў непрыемнай сітуацыі праціўнікаў Госпада. Гамаліэль кажа, што ніякія чалавечыя высілкі ня здольныя разбурыць тое, што ад Бога. І наадварот, тое, што ад людзей вынішчыцца само сабою. Ці паверыў Гамаліэль апосталам і іхняму вучэньню ад імя Ісуса Хрыста? Гэта наўрад ці, але гэта і дзіўна, бо мудры Гамаліэль ня мог ня ведацьць пра цуды і знакі Ісуса, як і тое, што рабілі вучні ад Ягонага імя. Ва ўсякім разе Лука ні зараз, ні потым ня кажа пра навяртаньне Гамаліэля. Больш таго, мы не пачуем голасу Гамаліэля пры асуджэньні сынэдрыёнам Стэфана на сьмерць праз укаменаваньне.

Але зараз Гамаліэль упэўнівае першасьвятароў і ўвесь сынэдрыён у тым, што задуманая імі справа вельмі сумнёўная, а таму і ня трэба гэтага рабіць. Пакуль што ня трэба, а далейшы час падкажа сам. Гамаліэль ня ўпэўнны ня ў чым і таму прапануе адкласьці вырашэньне гэтага пытаньня на пэўны час, які і пакажа добра гэта ці дрэнна. У выніку ж ён з правільных прынцыпаў робіць няправільную выснову, бо тое, што павінна служыць веры, Гамаліэль перакладае на зьнешняе служэньне і зьнешні спосаб дзеяньня. Іншымі словамі ён выкарыстоўвае ў гэтай справе сваю асабістую чалавечую мудрасьць і асьцярожнасьць.

Гамаліэль кажа сынэдрыёну, што ў недалёкім мінулым ужо былі падобныя рухі. Ён кажа пра Тэўду, які пры пракуратары Кусьпіі Фадзе, пад час кесара Клаўдзія, вызначаў сябе за прарока. Пасьля гэтага, кажа Гамаліэль, зьявіўся Юда Галілеец, які паходзіў з гораду Гамала. Гэты Юда паўстаў супраць перапісу пад час консульства Квірынія. У прамове Гамаліэля мы заўважае пэўную гістарычную недакладнасьць, бо калі зьвярнуцца да Язэпа Флавія, вызначыцца, што рух Юды адбываўся раней за рух Тэўды. Флавій апісвае выступ Юды ў 18 кнізе «Юдэйскія старажытнасьці», а гісторыю Тэўды ў 20 кнізе. Але, хутчэй за ўсё, Лука хоча сказаць, што Гамаліэль паказвае дзьве падобных падзеі не прывязваючы іх да часу. Гэта просты пералік. І таму словы «пасьля гэтага», трэба разумець як «акрамя таго». Нягледзячы на пэўную некарэктнасьць параўнаньня рухаў махляроў і злачынцаў з хрысьціянскім рухам, Гамаліэль дасягае свайго і збаўляе ад сьмерці апосталаў. Гамаліэль не «прынізіў» сябе дасьледваньнем вучэньня Ісуса, але ў ягоным умяшальніцтве ў гэтую справу добра тое, што ён утрымлівае сынэдрыён ад злачынства, бо няма нічога жахлівей, як выступіць супраць Бога.

Першасьвятары і сынэдрыён паслухаліся Гамаліэля і вызвалілі апосталаў. Але апосталаў зьбіваюць і забараняюць іх вучыць ад імя Ісуса. Гамаліэль заклікаў першасьвятароў не чапаць апосталаў, але тыя паводзяць сябе вельмі нястрымана, не разумеючы, што зьбіцьцём вучняў Ісуса яны абразілі самога Госпада. Але што гэта было за пакараньне? Вядома, што за парушэньне Закона і невыкананьне загадаў начальнікаў народу, ужывалася тыповае пакараньне бічамі з лікам удараў «сорак без аднога». Даволі цяжкае пакараньне, але апосталы пайшлі радуючыся, што сталіся вартымі зьневажэньня за імя Ісуса Хрыста. Гэтая радасьць надала ім сілы і, нягледзічы на цяжкія пабоі, яны працягвалі вучыць і дабравесьціць пра Ісуса Хрыста.


Рецензии