Деяния 6 1-15
Дзеі 6: 1-15
Эліністы – гэта юдэі, якія паходзілі з розных краінаў грэка-рымскага сьвету. Магчыма, што ня ўсе яны валодалі арамейскай моваю, на якой размаўлялі ў Юдэі, бо, магчыма, асноўнай іхняй моваю была мова грэцкая. У групу «эліністаў» маглі ўваходзіць і празэліты з язычнікаў, якія таксама, як і юдэі, прынялі Ісуса Хрыста. Паміж гэтымі людзьмі і хрысьціянамі зь юдэяў, магчыма што існавалі напружаныя адносіны і якія, на жаль, маглі быць перанесеныя і на першахрысьціянскую царкву.
Дзеі 6:1-7
«А ў гэтыя дні, калі памножылася вучняў, сталася нараканьне эліністаў на гебраяў, што ў штодзённым служэньні занядоўбваюцца ўдовы іхнія. Дванаццаць жа, паклікаўшы мноства вучняў, сказалі: “Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць пры сталах. Дык нагледзьце спасярод вас, браты, сем засьведчаных мужоў, поўных Духа Сьвятога і мудрасьці, якіх мы паставаім на гэтую патрэбу, а мы будзем трываць у малітве і служэньні слова”. І спадабалася слова гэтае перад абліччам усяго мноства, і выбралі Стэфана, мужа поўнага веры і Духа Сьвятога, і Філіпа, і Прохара, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая Антыяхійца, празэліта. Іх паставілі перад апосталамі; і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі. І слова Божае расло, і вучні ў Ерусаліме вельмі множыліся лікам, і вялікая колькасьць сьвятароў паслухалася веры» (Дзеі 6:1-7).
Як мы ўжо ўбачылі раней, вучні Ісуса, ад пачатку, мелі агульную маёмасьць. І тут ня трэба шукаць нейкія «сэнсы», накшталт стварэньня камуны ці чаканьня тэрміновага канцу сьвета. Сэнс гэтага мерапрыемства быў у іншым: яны былі пакліканы жыць адной сям’ёю. Яны ёсьць пачатак адноўленага Ізраіля і, падобна любой сям’і тагачаснага сьвету, супольнікі прылічвалі любую сваю маёмасьць да агульнай. Але што рабіць і як кіраваць гэтай гаспадаркай, калі колькасьць членаў першахрысьціянскай абшчыны ў разы павялічылася? І гэта было лагічным, бо пропаведзь вучняў Хрыста давала свае плады. Ды і па часе існаваньня, гэтая першахрысьціянская сям’я пераступіла ўжо ня меньш за дзесяць гадоў ад той памятнай Пяцідзясятніцы. І, каб не было на гэты конт сумнёву, зробім некаторыя гістарычныя падлікі. Возьмем прамежак часу ад сьмерці Ісуса Хрыста да зьяўленьня Тэўды, пра якога казаў Гамаліэль у сынэдрыёне, калі ён пэўным чынам абараняў апосталаў ад сьмяротнага пакараньня. Тэўда зьявіўся пад час цэзара Клаўдзія, які прызначыў у гэты час на пасаду пракуратара Юдэі Кусьпія Фада. Да Клаўдзія ж былі пяць гадоў цэзара Тыберыя і тры з паловай гады Калігулы. Калі ж здагадацца, што Гамаліэль не казаў пра рух Тэўды, як падзеі толькі скончаныя, дык мы можам налічыць ўжо дзесяць гадоў існаваньня першахрысьціянскай царквы. Дык і ня дзіўна, што за гэты час і выявіліся пэўныя агульнагаспадарчыя праблемы.
Зараз мы назіраем узьнікшае пытаньне пра ўдоваў эліністаў. Мы бачым, што ідэя першапачатковай хрысьціянскай царквы «жыць адной сям’ёй» мае як станоўчы, так і адмоўны бок. Праблема ўдоваў эліністаў падказвае нам, што заклік да юдэяў хрысьціянаў жыць разам у адной сям’і, прынялі ў вялікай колькасьці гебраі, якія жылі па-за Юдэяй у розных месцах імперыі Рыма і для якіх больш звыклай моваю была грэцкая. Людзі прадавалі сваю маёмасьць і ехалі ў Ерусалімскую хрысьціянскую абшчыну. І не заўсёды са згодай сваёй сям’і. А далей, як і бывае ў жыцьці. Муж памірае, а ўдава застаецца на апеку хрысьціянскай царквы. А як бы тое не было, размежаваньне паміж тымі, хто прыехаў і мясцовымі гебраямі, па ўсёй верагоднасьці, існавала. Чаму? Гебраі Юдэі і Галілеі адчувалі паміж сабою большую роднасьць, чым з гебраямі дыяспары. Відавочны адміністрацыйны крызіс першай хрысьціянскай царквы. І гэта ня дзіўна, бо нават невялікая колькасьць людзей, якая намагаецца жыць разам пры аб’яднаньні сваёй маёмасьці, можа мець складанасьці на глебе паходжаньня і культуры існаваньня.
Тое, што апосталы не абурыліся гэтым канфліктам, сьведчыць пра іхнюю цярплівасьць і справядлівасьць. Тое ж, што яны своечасова выпраўляюць узьнікшае зло, толькі кажа пра іхнюю мудрасьць і клопат пра царкву, бо свара, якая набірала сілу – гэта ёсьць цяжкавылечная рана. Так што скліканьне сходу актыва царквы кажа толькі пра тое, што царква жыла ў праўдзе і з розумам. Апосталы ясна даюць усім астатнім зразумець, што яны пакліканы Госпадам да служэньня малітвы і пропаведзі, але не да служэньня пры сталах. А крызіс царквы трэба вырашыць абавязкова тэрмінова і з Божай мудрасьцю. Мы памятаем падобны крызіс пры выхадзе Ізраіля з Егіпту, калі Майсей, па прапанове цесьця Ётора, вызначыў здольных людзей і паставіў іх начальнікамі народу, каб яны займаліся рознымі адміністратыўнымі справамі. Мы памятаем і тое, як Ісус прызначыў семдзясят вучняў, каб яны ішлі ў розныя мястэчкі Юдэі ды Галілеі і казалі тое, што павінен быў ім сказаць Ісус. Так і зараз. Ісус кіраваў апосталамі і ў гэтым вучэньні пра царкву. І вось вынік.
Стэфан, Філіп, Прохар, Ніканор, Тымон, Пармэн і Мікалай празэліт сталі першымі дыяканамі царквы, якія павінны былі ўзначаліць усю гаспадарчую дейнасьць хрысьціянскай суполцы. Што ж тычыцца апосталаў, дык яны, у гэтай сітуацыі, дзейнічалі зыходзячы з прыярытэту слова Божага і малітвы, бо мы памятаем словы анёла Божага да апосталаў: «Ідзіце і, стаўшы, гаварыце ў сьвятыні да народу ўсе словы жыцьця гэтага» (Дзеі 5:20). І таму сьведчаньне апосталаў цьвёрдае: важней за ўсё слова Божае і малітва. Лука недарма падкрэсьлівае важнасьць малітвы апосталаў. Ён кажа, што менавіта на апосталаў ускладзены абавязак вельмі глыбокай і вельмі сур’ёзнай малітвы на карысьць усёй царквы. А калі да гэтага дадаць яшчэ вучэньне і пропаведзь, дык і атрымаецца кожнадзённая і напружаная праца ў славу Госпада Ісуса Хрыста.
Дзеі 6:8-15
«А Стэфан, поўны веры і сілы, чыніў цуды і знакі вялікія ў народзе. Паўсталі ж некаторыя з сынагогі, называнай Лібертынскай, і Кірэнэйскай, і Александрыйскай, і тых, што з Кілікіі Азіі, спрачаючыся са Стэфанам, і ня здолілі супрацьстаць мудрасьці і Духу, якім ён гаварыў. Тады падбілі мужоў сказаць: “Мы чулі яго, як гаварыў словы блюзьнерскія на Майсея і Бога”. І падбурылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў, і, стаўшы, схапілі яго, і прывялі ў сынэдрыён. І паставілі яны хлусьлівых сьведкаў, якія казалі: “Гэты чалавек не перастае гаварыць словы блюзьнерскія супраць гэтага сьвятога месца і супраць Закону, бо мы чулі, як ён казаў, што Ісус з Назарэту зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей”. І ўсе тыя, што сядзелі ў сынэдрыёне, углядаючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, нібыта аблічча анёла» (Дзеі 6:8-15).
«А Стэфан, поўны веры і сілы». Мы ня проста так паўтараем гэты радок, бо далей мы ўбачым, як Лука кажа пра новую бітву царквы, дзе слава Эвангельля заўсёды злучана з крыжом і рознымі скрухамі. На аднога, вельмі шчырага хрысьціяніна, зрабілі напад, як на ўсю першахрысьціянскую царкву. Стэфан быў ня толькі дыяканам, але і выбітным прапаведнікам. Ён казаў словы Ісуса Хрыста. Ці не таму супраць Яго і былі прад’яўлены абвінавачваньні ў блюзьнерстве сьвятога месца і Закону? Мы яшчэ ня бачылі сьмяротных ахвяраў сярод царквы, бо да гэтага мы толькі бачылі вязьніцу і пакараньне бічамі. Але ня ўсё і не адразу. Мы ўбачылі, як юдэі (пры чым з розных месцаў імперыі), якія прыналежалі да Лібертынскай сынагогі падпальваюць лютасьць шматлікіх прысутных у Ерусаліме. Як пакажа нам Лука, менавіта правінцыйныя юдэі больш за ўсіх варожа ставіліся да Ісуса Хрыста і Ягоных вучняў.
Мудрасьць і Дух – гэта ёсьць тое, з чым ніяк не маглі супернічаць сваёй варожасьцю юдэі перад Стэфанам. Лука кажа, што яны не маглі нешта супрацьпаставіць Сьвятому Духу і, паколькі Хрыстос абяцаў гэта кожнаму Свайму вучню, таму і ўсе мы будзем, як Стэфан, сьведчыць пра праўду Ісуса, просячы ў Яго прамудрасьці і красамоўства. Але, вяртаючыся ў тыя часы, пагледзем як гэта было няпроста апынуцца ў становішчы Стэфана. І гэта зрабілася даволі хутка, бо, як бы патлумачыў амаль што любы гебрай першага стагодзьдзя, існуюць пэўныя сымбалі, якія і вызначаюць Ізраіля сярод астатняга паганскага сьвету. Любы чалавек, ня толькі Стэфан, быў бы асуджаны на сур’ёзныя непрыемасьці, калі б вырашыўся на нешта падобнае – на парушэньне сымбаляў юдаізму. Што гэта?
Гэтых сымбаляў некалькі. Ерусалімскі Храм, які суадносіцца з Законам, а потым сьвятая зямля ў цэнтры якой і быў Храм. Далей ідзе нацыянальная этнічная прыналежнасьць, як сям’я ўсіх гебраяў і празэлітаў. Кожны гебрай ведаў, што трэба прыляпіцца да Бога Абрагама, Ісаака і Якуба і, акрамя таго, не дапушчаць ніякіх кампрамісаў, якія могуць накіроўваць да паганства. Менавіта таму і адпаведная рэакцыя да Стэфана: «Ты парушаеш Закон Майсея і кажаш супраць Храма. Наогул жа ты блюзьнерыш супраць Бога». Вось такая рэакцыя. Трэба сказаць, што выпадак са Стэфанам пакладае новы этап у гісторыі хрысьціянства. Складаецца ўражаньне, што да яго апосталы, дзень за днём, вучылі народ у прысенках Храма. Але, што да Стэфана, ён вучыў у грэкамоўнай сынагозе Ерусаліма, дзе зьбіраліся юдэі з усяго рымскага сьвету. Лука кажа нам пра Стэфана, што ён быў чалавекам Духа і мудрасьці. Выяўляецца ж і тое, што ён мог вельмі добра адстойваць сваю хрысьціянскую пазыцыю. І вось мы бачым, як людзі, падманам, паставілі Стэфана пасярод сынэдрыёну. А што Стэфан?
Ён не пахіснуўся і, калі на яго глядзелі, твар ягоны быў вельмі падобны на твар анёла. Чаму так кажа Лука? І хто можа сказаць пра тое, як выглядае твар анёла? Падаецца, што Лука хоча нам сказаць пра нейкае ўнутранае сьвятло, якое выходзіла са Стэфана. Ён быў спакойны, пакорны і, што немалаважна, вельмі ўпэўнены ў сабе. Сярод аргумэнтаў, спрэчак і ілжывых абвіначваньняў ён стаяў як Храм, дзе сустракаюцца неба і зямля. Ягоная будучая пропаведзь і сьмерць – гэта шлях сьведчаньня пра ўваскросшага Ісуса і пра слова Божае, якое тлумачыла пра тое, хто ёсьць Ісус Хрыстос.
Свидетельство о публикации №226012201195