Деяния 7 1-60

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 7:1-60

«І ўсе тыя, што сядзелі ў сынэдрыёне, углядаючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, нібыта аблічча анёла» (Дзеі 6:15). Гэта пра Стэфана, які зараз прамовіць самую доўгую пропаведзь ва ўсёй кнізе Дзеяў апосталаў. Лука кажа, што гебрай грэцкага паходжаньня Стэфан усім сваім жыцьцём і сваім словам мужна пракладаў шлях Эвангельлю, пакрысе выводзячы яго за межы юдаізму. Стэфана абвінавацілі ў блюзьнерстве супраць Закону і Храма, але не асабістай абароне прысьвяціў ён сваю прамову ў сынэдрыёне, а агляду гісторыі Ізраіля і Божых спраў у ім. Навошта? Толькі з мэтаю абараніць правасьць хрысьціянства. І вось мы назіраем, як Стэфан, напоўнены Духам Сьвятым, трымае сваю прамову ў сынэдрыёне Ерусаліма.

Дзеі 7:1-16
«А першасьвятар сказаў: “Ці ж гэта так?” Той жа мовіў: “Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі той быў у Мэсапатаміі, перш чым пасяліўся ў Харане, і сказаў да яго: “Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу”. Тады выйшаўшы з зямлі Халдэйскае, ён пасяліўся ў Харане; адтуль пасьля сьмерці бацькі ягонага Бог перасяліў яго ў гэтую зямлю, ў якой вы цяпер жывяцё. І ня даў яму ў ёй спадчыны ані на стапу нагі; і абяцаў яму даць яе ў валоданьне яму і насеньню ягонаму пасьля яго, а ня меў ён дзіцяці. Сказаў жа яму Бог, што насеньне ягонае будзе прыхаднем у зямлі чужой, і зьняволяць іх, і будуць рабіць ім зло чатырыста гадоў. “І народ, які зьняволіць іх, Я буду судзіць, - сказаў Бог, - і пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць у гэтым месцы”. І даў яму запавет абразаньня. І гэтак ён нарадзіў Ісаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень; і Ісаак – Якуба, і Якуб – дванаццаць патрыярхаў. І патрыярхі, зайздройсьцячы Язэпу, прадалі яго ў Егіпет; і Бог быў з ім, і выбавіў яго з усіх прыгнётаў ягоных, і даў яму ласку і мудрасьць перад фараонам, валадаром Егіпту; і той паставіў яго за начальніка над Егіптам і над усім домам сваім. Прыйшоў жа голад на ўсю зямлю Егіпта і Ханаана, і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці. А Якуб, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Егіпце, паслаў спачатку бацкоў нашых, і за другім разам Язэп быў пазнаны братамі ягонымі, і фараону выявіўся род Язэпавы. А Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якуба і ўсіх родзічаў сваіх, душаў семдзесят пяць. Якуб жа зыйшоў у Егіпет, і памёр сам і бацькі нашыя, і перанесьлі іх у Сыхем, і паклалі ў магілу, якую набыў Абрагам за цану срэбра ў сыноў Гемора Сыхемава» (Дзеі 7:1-16).

У пытаньні першасьвятара, а гэта быў Каяфа, чыталася наступнае: «Ці праўда, што ты вучыш разбурэньню Ісусам Храма і зьмене звычаяў, якія перадаў нам Майсей?» Заўважым, што Каяфа не пытае ў Стэфана, якія прычыны былі ў таго так вучыць і не запрашае яго абараніць гэтыя прычыны. Для першасьвятара важна адно: казаў ці не казаў? І калі казаў, дык гэта азначала б пацьверджаньне віны Стэфана. І калі б, напрыклад, Стэфан сказаў: «Так», дык суд сынэдрыёну быў бы скончаны за некалькі хвілін. Але ў паводзінах Стэфана мы бачым нечаканае дзеяньне. Ён не аспрэчвае напроста абвінавачваньне, але пачынае вельмі здалёк. Як заўважыў на гэты конт Жан Кальвін, ён пачаў, як кажуць, «танчыць ад печкі». Стэфан як бы запрашае прысутных паглядзець уважліва на біблійную гісторыю пад некалькі іншым вуглом, дзе адкрываецца дзеяньне Бога праз Ісуса Хрыста. І пачынаецца гэтае дзеяньне ад Абрагама, а дакладней ад Бога: «Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму». Заўважым таксама, што Стэфан выкарыстоўвае гэтую эвангелізацыйную магчымасьць, няхай і коштам свайго жыцьця, каб данесьці гэтаму даволі вялікаму сьвятарскаму сходу праўду Ісуса Хрыста. Але, ўсё па парадку.

Каб ніхто не абвінавачваў яго ў блюзьнерстве супраць Бога айцоў, Стэфан пачынае сваю прамову ад Абрагама, значнасьць якога для разуменьня юдаізму, ды і для ўзьнікшага ў ім хрысьціянства, найвышэйшая. Менавіта з Абрагама пачалася гісторыя гебрайскага народу, калі кніга Быцьця пачынае казаць нам пра тое, як Бог пачаў сваю канкрэтную працу па выпраўленьню гэтага сьвету, каб вырашыць праблему чалавечага грэху – гэтай глабальнай маральнай катастрофе, апісанай на пачатку кнігі Быцьця: «І сказаў Бог: “Хто сказаў табе, што ты голы? Ці ня еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есьці? Адам сказаў: “Жонка, якую Ты даў мне, яна дала мне з дрэва і я еў» (Быц 3:11-12). Менавіта пад гэтым вуглом Стэфан і прапануе юдэям паглядзець на гісторыю Ізраіля, бо менавіта з Абрагама Бог пачаў ствараць тое новае, што, у рэшце рэшт, прывядзе да вяртаньня чалавекам той рэальнасьці, якую ён згубіў у Адаме. Заклік да Абрагама быць іншым, пакінуць дом продкаў і ісці ў новую зямлю – гэта Божы спосаб вызначыць яго і даць яму новае пакліканьне.

Радзімай Абрагама была Мэсапатамія, зямля Халдэйская, - краіна, дзе жыхары пакланяліся ідалам. І вось адсюль, паэтапна, Бог выводзіў Абрагама ў тую зямлю, якую Ён паабяцае яму для ягоных нашчадкаў. Па ўсёй верагоднасьці, калі Бог упершыню зьвярнуўся да Абрагама, Ён зьявіўся яму ў нейкім відавочным вобразе, як Бог славы, каб усталяваць з ім пэўна вызначаныя адносіны. І ў далейшым, Бог ніколі не парываў гэтых адносінаў з Абрагамам і, па неабходнасьці, час ад часу, размаўляў з ім, але ўжо не зьяўляючыся яму відавочна як Бог славы. Заўважым для даведкі, што выраз «Бог славы» сустракаецца ў Пісаньні толькі адзін раз: «Голас Госпада над водамі, Бог славы загрымеў, Госпад над вялікімі водамі» (Пс 28:3).

Заклік пакінуць радзіму і ісьці туды, куды пакажа табе Бог. У гэтых словах зьмястуецца вобраз нашага агульнага пакліканьня. Нам няма неабходнасьці кідаць радзіму, але мы павінны разьвітацца з асабістаю волей і жаданьнямі цела. Абрагаму дадзены просты запавет перасяленьня з родных мясьцін, а для нас гэты запавет умоўны. Абрагам – гэта прыклад і айцец усіх веруючых людзей, якія, як і Абрагам, павінны адмовіцца ад сябе, каб цалкам аддаць сябе Госпаду. Мы павінны пазнаваць Бога на ўсіх нашых шляхах і быць вельмі ўважлівымі да Ягоных прыказаньняў. Ня сказана, што Абрагам перасяліўся сам, але сказана, што перасяліў яго ў новае месца Бог. Абрагам проста ішоў за Ім. Так і мы павінны ісьці за Госпадам з простай верай і пакораю, як гэта рабіў Абрагам.

Стэфан засяроджвае ўвагу слухачоў на той момант, дзе Бог заключае запавет з Абрагамам і папярэджвае, што ягоныя нашчадкі будуць пакутаваць чатырыста гадоў пад ігам іншага народу, але Ён вывядзе іх з рабства і дасьць ім тую самую зямлю, дзе Абрагам жыве пакуль што, як чужаземец. Бог узяў на Сябе абавязак быць Богам Абрагама і ягоных нашчадкаў, а таму і, дзеля гэтага, быў дадзены Богам запавет абразаньня, як пячатка сувязі паміж чалавекам і Госпадам. Так, паклапаціўшыся пра бясьпеку нашчадкаў Абрагама, Бог пачаў множыць гебраяў. Абрагам нарадзіў Ісаака, Ісаак нарадзіў Якуба, а Якуб – дванаццаць патрыярхаў. І тут Стэфан устаўляе ў сваю прамову адную істотную дэталь, якая паказала ня толькі разьвіцьцё гэтай гісторыі, але і тое, што ўсё ідзе па Божаму плану.

Адзін з патрыярхаў – Язэп пацярпеў ад сваіх братоў, якія, па зайздрасьці, адпрэчылі яго і прадалі яго ў Егіпет. Бог жа быў з ім і, у выніку, паставіў яго кіраваць ня толькі домам фараона, але і ўсім Егіптам. Ці ж ня бачым мы тут Ісуса Хрыста, Якога адпрэчылі юдэі, будучы, па сутнасьці, Яму братамі. І вось, калі ім вельмі патрабавалася ежа, яны прыйшлі да чалавека, якому яны зайздросьцілі і якога адпрэчылі. Але ўсё для іх сталася добра, бо ён быў міласьцівы да іх і даў ім усё неабходнае. Хаця яны і не заслугоўвалі гэтага. Яны ж пакаяліся перад Язэпам за сваю несправядлівасьць, атрымаўшы прабачэньне і любоў брата. Так і мы павінны пакаяцца перад Госпадам за тое, што прадавалі Яго нашымі грахамі ў нашым жыцьці. А Ён міласьцівы і, як той Язэп, дасьць нам прабачэньне і Сваю бязьмежную любоў.


Дзеі 7:17-34
«А як набліжаўся час абяцаньня, наконт якога прысягаў Бог Абрагаму, народ рос і памнажаўся ў Егіпце да часу, калі паўстаў іншы валадар, які ня ведаў Язэпа. Той, хітруючы супраць роду нашага, рабіў зло бацькам нашым, каб яны выкідалі немаўлят, каб тыя не жылі. У той час нарадзіўся Майсей, і быў мілы Богу; яго гадавалі тры месяцы ў доме бацькі ягонага. Калі ж выкінулі яго, узяла яго дачка фараона і гадавала яго за сына сабе. І быў настаўлены Майсей ва ўсёй мудрасьці егіпцянаў, і быў ён магутны ў словах і ўчынках. Калі ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму на сэрца даведацца братоў сваіх, сыноў Ізраіля. І, убачыўшы, як некага крыўдзілі, заступіўся за яго і адпомсьціў за пакрыўджанага, ударыўшы егіпцяніна. Ён жа думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог рукой ягонай дае ім выбаўленьне, а яны не зразумелі. І на наступны дзень ён зьявіўся ім, як яны біліся, і вёў іх да згоды, кажучы: “Мужы, вы – браты! Чаму вы крыўдзіце адзін аднога?” А той, хто быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі? Ці хочаш забіць мяне, як забіў учора егіпцяніна?” Праз гэтае слова ўцёк Майсей і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыям, дзе нарадзіў двух сыноў. А калі споўнілася сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні пад гарою Сынай анёл Госпадаў у полымі агню куста. Майсей жа, убачыўшы, зьдзівіўся відзежу, і калі ён набліжаўся, каб прыглядзецца, быў да яго голас Госпада: “Я – Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба”. Трасучыся, Майсей не адважвўся ўглядацца. А Госпад сказаў яму: “Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, - зямля сьвятая. Гледзячы, Я ўбачыў гора народу Майго ў Егіпце, і пачуў стагнаньне іхняе, і зыйшоў выбавіць іх. І цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Егіпет”» (Дзеі 7:17-34).

Многім з нас цяжка ўявіць, што азначала жыць у грамадзтве, якое, праз вялікія беды і нязгасныя надзеі, захавала памяць пра падзеі, які адбыліся ня меньш за пятнаццаць стагодзьдзяў таму, калі Бог даў Свайму народу Закон праз Майсея. Фігура Майсея ўзвышаецца над усім юдаізмам болей за ўсіх прарокаў, знакамітых валадароў Давіда і Саламона, а нават і за бацьку ўсіх веруючых – Абрагама. Менавіта праз Майсея Бог даў Закон з усімі дэталямі яго выкананьня. І хаця, у тагачаснай Юдэі, існавалі розныя школы тлумачэньня Закона Майсея, усе тлумачальнікі былі адзінадушна згоныя з тым, што менавіта Закон павінен вызначаць вобраз жыцьця народа Божага. Іншымі словамі Закон – гэта зафіксаваная і нязьменныя воля Божая.

Стэфана абвінавацілі ў тым, што ён выступае супраць Закону, а значыць супраць Майсея. І таму, Стэфан зьвяртаецца да гісторыі Майсея і прапануе паглядзець на яе, зноў жа, пад іншым вуглом зроку. Ён пераказвае гэтую гісторыю, зьвяртаючы ўвагу сынэдрыёну на тры найважных асьпекты жыцьця Майсея на момант сустрэчы з Госпадам, каб ісьці ў Егіпет для вызваленьня Божага народу з няволі.

Першае. Бог, Сваім цудоўным дзеяньнем, зрабіў так, што дзяцінства і маладыя гады Майсея прайшлі як падрыхтоўчы час для выхаваньня ў ім ролі правадыра свайго народу. Стэфан паказвае папярэдні час, калі Бог памножыў у вялікай колькасьці народ, каб выканаць абяцанае Абрагаму. Новы ж фараон, які нічога ня ведаў пра Язэпа, быў вельмі ўстрывожаны такой колькасьцю гебряў і таму загадаў забіваць усіх народжаных гебрайскіх хлопчыкаў. Больш таго, раней за гэта, бо падаецца нелагічным загад забіваць немаўлятаў у адносінах да вольных людзей, ён разважыў, што будзе «несправядлівым» жыць гебраям не ў сваёй краіне, маючы вялікія прэфэрэнцыі і вольнасьці яшчэ з часоў Язэпа. Так, пакрысе, гебраі страцілі свае вольнасьці і сталі таннымі рабамі. Хаця гісторыя пераўтварэньня вольных гебраяў у рабоў ня можа быць такой адназначнай. Напрыклад Жан Кальвін мяркуе, што гебраі належным чынам не скарысталі ласку Божую, якую яны атрымалі ў гэтай зямлі праз Язэпа і праз сваю няўдзячнасьць і пэўную разбэшчанасьць самі, у вялікай ступені, паставілі сябе ў гэткае незайздроснае становішча. Але, як бы тое не было, народ Божы апынуўся ва ўмовах вельмі жорсткага прыгнёту з боку валадара Егупту.

Майсей і нарадзіўся пад час гэтага ганебнага загаду, але цудоўным чынам ён пападае да дачкі фараона, якая выхоўвае Майсея, як свайго сына. У выніку Майсей атрымаў добрую адукацыю, якая ставілася ў тагачасным сьвеце вельмі высока і адрозьнівалася закамітай егіпецкай мудрасьцю. Іншымі словамі, Бог вёў Майсея па жыцьці так, каб ён атрымаў усё неабходнае для свайго будучага пакліканьня. Стэфан кажа, што Майсей выхаваўся магутным у словах і ўчынках. І тут ёсьць заўвага. Падаецца, што Стэфан, нейкім чынам, ідэялізуе Майсея ў вачах сынэдрыёну, бо мы ведаем, што сказаў Майсей Госпаду каля палаючага куста: «О, Госпадзе! Чалавек я не гаваркі, і такі самы быў і ўчора і заўчора, і калі Ты пачаў гаварыць з рабом Тваім: я цяжка гавару і гаркавы» (Вых 4:10). Чаму Стэфан ідэялізуе Майсея? Напэўна таму, што постаць Майсея традыцыйна было ўжо прынята лічыць ідэяльнай.

Другое. Майсей стаўся адпрэчаным збаўцам. Ён, ведаючы сваё паходжаньне, бо мамчыла Майсея ягоная родная маці, намагаўся неяк палегчыць жыцьцё суайчыньнікаў. Спроба Майсея пацярпела поўны крах, але Стэфан зьвяртае ўвагу не на гэта. Ён хоча падкрэсьліць, што чалавек пасланы Богам збавіць свой народ (хаця ён быў яшчэ не гатовы для гэтага, ды і Госпад яму такіх паўнамоцтваў яшчэ ня даў), быў адпрэчаны гэтым народам. Майсею так і сказалі: «Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю?» Такім вось чынам Майсей стаў прыхаднем у зямлі Мадыям.

І трэцяе. Майсею і праз Майсея па новаму адкрыўся Бог славы, Бог Абрагама, Ісаака і Якуба. Майсей, які сорак гадоў пасьвіў авечак для свайго цесьця, у далечыні ад свайго народу, сустракаецца каля палаючага цярновага куста з Госпадам, Які кліча яго на новае служэньне. У гэты момант, каля гэтага незгараючага куста, сустрэліся неба і зямля, і пасьля гэтага ні Майсей, ні Ізраіль, ні сьвет ужо ня будуць ранейшымі, бо Бог пачаў дзейнічаць вельмі актыўна. Стэфан як бы кажа, што Бог, Які адкрывае Сябе ў Ісусе – гэта той самы Бог, Які даў аднойчы абяцаньне збавіць іх з Егіпецкага рабства.

Стэфан нічога не сказаў адмоўнага пра Майсея. Наадварот, ён паказвае Майсея ў найлепшым сьвятле. Пры гэтым жа, Стэфан кажа яшчэ адну вельмі важную рэч: «А Госпад сказаў яму: “Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, - зямля сьвятая». Узьнікае новае адчуваньне сьвятой зямлі, нашмат старажытней, чым сам Храм. Дзе б Бог не адкрываў Сябе, як Збаўца Свайго народу, гэта месца становіцца сьвятым. Адпаведна і тое, што Бог ужо зрабіў і зробіць у Ісусе Хрысьце, вышэй за сьвятасьць Храма. Якія высновы з гэтага павінны зрабіць мы? Разумець тыя месцы ў гісторыі і ў нашым асабістым жыцьці, дзе Бог адкрывае Сябе ў нечаканы спосаб. Так, як аднойчы Ён адкрыўся Майсею, каб усім сваім жыцьцём служыць Госпаду.


Дзеі 7:35-53
«Таго Майсея, якога яны адракліся, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю?” – яго Бог за начальніка і выбавіцеля паслаў рукой анёла, які зьявіўся яму ў кусьце. Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і знакі ў зямлі Егіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пыстыні сорак гадоў. Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраіля: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце”. Гэта той, які быў у пустыні ў зборы з анёлам, які гаварыў на гары Сынай з ім і бацькамі нашымі, які прыняў словы жывыя, каб даць нам, якому не хацелі быць паслухмяныя бацькі нашыя, але адапхнулі яго і павярнулі свае сэрцы да Егіпту, кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці наперадзе нас, бо з Майсеем гэтым, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім”. І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся ў справах рук сваіх. А Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: “Дом Ізраіля, ці прыносілі вы Мне бітае і ахвяры сорак гадоў у пустыні? І паднялі вы намёт Малоха і зорку Бога вашага Рэмфана, абразы, якія вы зрабілі, каб ім пакланяцца. І Я перасялю вас ажно за Бабілон”. Намёт сьведчаньня быў у бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Які гаварыў Майсею зрабіць яе паводле вобразу, які ён бачыў. Яе, узяўшы, занесьлі бацькі нашыя з Егошуам у валоданьні паганаў, якіх Бог выгнаў ад аблічча бацькоў нашых, ажно да дзён Давіда, які знайшоў ласку перад Богам і прасіў, каб знайсьці будыніну Богу Якуба. Салямон жа пабудаваў Яму дом. Але Найвышэйшы не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі, як кажа прарок: “Неба – пасад Мой, а зямля – падножжа ног Маіх. Які ж дом вы пабудуеце Мне, - кажа Госпад, - або якое месца супачынку Майго? Ці ж не Мая рука ўчыніла ўсё гэтае?” Людзі з цьвёрдым каркам і з неабрэзанным сэрцам і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы. Каго з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя, і пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся, вы, якія ўзялі Закон паводле пастановы анёлаў і не захавалі яго”» (Дзеі 7:35-53).

Стэфан, у сваёй прамове, кажа далёка ня ўсё, але выбірае галоўнае. Юдэі павінны зразумець, што іхнія бацькі былі выбаўлены не таму, што заслужылі гэта сваёй набожнасьцю. Наадварот – гэта была Божая міласьць для недастойных. Мы ж памятаем, як гебраі, сорак год таму, ужо закрывалі шлях да служэньня таму, каго Бог гатаваў на служэньне выбаўленьня Ізраіля. І вось зараз, даючы аўтарытэт Свайму слузе Майсею, Бог пасылае яго да Ізраіля для выкананьня гэтай задачы. Майсей дабрасумленна выконвае яе, бо выводзіць Ізраіля з рабства. А што народ? Ён ня плаціць Майсею павагай, бо мы бачым злосьць і нараканьне, а нават і бунт.

Што гэта, як не пагарджэньне да ласкі Божай? Мы бачым, што недастойнасьць Ізраіля заўсёды пераважала, і гэта дзіўна і цікава, што Богу трэба было, з вялікай цярплівасьцю, «змагацца» з гэтымі людзьмі, якія мелі цьвёрды карак і неабрэзанае сэрца. Таму і неўспрымаюць юдэі словы Майсея: «Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце». Зразумела, што Майсей казаў пра Ісуса Хрыста, Які ўзьняўся над усімі прарокамі і Які прынёс сьвету дасканалае вучэньне. А калі так, дык павінна быць зразумелым, што Бог і паставіў Ісуса на самую вышэйшую пасаду, быць праваруч Яго.

Усе мы разумеем, што азначае «ручная праца». Гэта нейкія штучныя вырабы зробленыя не станком, а непасрэдна рукамі майстра. Такія вырабы маюць немалы кошт і агульную ўвагу. Але ня так гэта ўспрымалася ў старажытным Ізраілі, бо рэч зробленая рукамі чалавека і выстаўленая на ўсеагульную ўвагу і павагу, магла прынесьці яе ўладальніку вялікія непрыемнасьці. Чаму? Таму што гэта магло палічыцца за ідалапаклонства. Безумоўна, што мы маем прыклады таго, калі ствараліся цудоўнейшыя рэчы рукамі чалавека, але яны былі зроблены для Бога і санкцыяваныя Ім. Як адзін з прыкладаў, мы памятаем стварэньне майстрамі скініі Госпада. Гэта калі для Госпада.

А ідалы, якія ствараліся людзьмі, у тым ліку і гебраямі, ёсьць праца ручная, што мы і бачым сярод Ізраіля ў пустыні: «І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся ў справах рук сваіх». Больш таго, яны паднялі намёт Малоха і зорку бога Рэмфана, а таксама пачалі пакланяцца зробленым абразам. І гэта пасьля усіх тых цудаў і знакаў, якія стварыў для іх Бог. Яны запамятавалі іх вельмі хутка і пачалі вяртацца да егіпецкіх забабонаў. Поўная неразумнасьць.

І вось Храм. Стэфан паказвае ў гэтай частцы прамовы, што юдэі менавіта так з Храмам і паступаюць. Вельмі небясьпечная заява, бо Стэфан пераходзіць да сур’ёзных абвінавачваньняў. Ізраільцяне адпрэчылі Майсея і не пакланіліся Богу пасьля таго, як Ён іх збавіў, а пакланіліся ідалам. Што ж тычыцца Храма, дык сітуацыя тут двухсэнсоўная, паколькі Бог не жыве ў дамах, зробленымі людзьмі і Храм можа пераўтварыцца ў нешта накшталт ідалу. Нехта можа і запярэчыць, бо Бог загадаў Давіду падгатаваць усё для будаўніцтва Храма, а Салямону пабудаваць яго. Усё так і гэта ніхто не аспрэчвае, але ўзвялічваньне Храма і адпрэчваньне Ісуса Хрыста – гэта знак таго, што юдэі адыйшлі ад сваіх традыцый. Так, яны дзеці Абрагама, але яны ня слухаюцца Бога так, як слухаўся Яго Абрагам. Яны нашчадкі Майсея, праз якога ім дадзены быў Закон, але яны захоўваюць яго толькі нейкім зьнешнім бокам. Яны, да таго ж, як і папярэднія пакаленьні гебраяў, забіваюць пасланых Богам прарокаў і праведнікаў.
Атрымліваецца, што пакаленьне Ісуса ня толькі адпрэчыла выбранага Збаўцу, але мае віну перад Богам за здраду. Абвінавачваемы Стэфан становіцца судзьдзёю. Так, Храм пабудаваны па загаду Госпада, але ўжо ў Ісаі Бог кажа: «Неба – пасад Мой, а зямля – падножжа ног Маіх; і дзе месца спакою Майго? Бо ўсё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта было, кажа Госпад. А вось, на каго Я пагляджу: на ўпакоранага і зламанага духам і на таго, хто трымціць перад словам Маім» (Іс 66:1-2). Мы павінны памятаць, што гэтыя словы прарок Ісая напісаў прыкладна за шэсьцьсот гадоў да выступу Стэфана ў сынэдрыёне.

Ужо ў той час Бог кажа, што Храм ёсьць справаю Ягоных рук, але ці зьяўляецца ён месцам супакою Госпада? Чаму так? Можа таму, што Ён ня бачыў сярод гебраяў упакораных і тых, хто па сапраўднаму трымціць у сэрцы сваім перад словам Божым? Так, апелюючы да юдэйскіх Пісаньняў, Стэфан перавярнуў усю тагачасную багаслоўскую сістэму Храма. Бог не жыве ў такіх будынках, бо Яго ня здольны зьмясьціць нават і сусьвет, які створаны Ім жа. Замест гэтага Бог пажадаў увайсьці ў гэты сьвет як Чалавек - Праведнік, каб збавіць Свой народ. Але, падобна сваім продкам, першасьвятары адпрэчылі пасланага Збаўцу і аддалі перавагу сваёй самаробнай рэлігійнай сістэме і будынку пад назваю Храм. І таму мы бачым, што Майсей і ўсе прарокі аб’ядноўваюцца разам са Стэфанам у абвінавачваньні першасьвятароў, фарысэяў і кніжнікаў. Але мы памятаем, якія пакуты ад гэтага набывалі многія прарокі ў папярэднія часы гісторыі Ізраіля. Так, на жаль, будзе і са Стэфанам.


Дзеі 7:54-60
«А слухаючы гэта, яны раз’юшыліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго. Ён жа, напоўнены Духам Сьвятым, углядаючыся ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, Які стаіць праваруч Бога, і сказаў: “Вось, бачу неба адчыненае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога”. Яны ж, закрычаўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае, і аднадушна рынуліся на яго, і, выгнаўшы за горад, каменавалі яго. І сьведкі кінулі адзеньне сваё ля ног дзяцюка, называнага Саўл, і каменавалі Стэфана, які прызываў Бога і казаў: “Госпадзе Ісусе, прымі дух мой! І, укленчыўшы закрычаў моцным голасам: “Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага!” І, сказаўшы гэта, памёр» (Дзеі 7:54-60).

Стэфан лічыцца першым пакутнікам хрысьціянскай Царквы, якога забілі юдэі за веру і адданасьць Ісусу Хрысту. Так гэта ці не, дакладна невядома, бо ад сьмерці Ісуса да сьмерці Стэфана прайшло ня меньш за дзесяць год. Ці можа пропаведзь Эвангельля дастаткова мірна ўжывалася ў сьвятыні і сынагогах сярод юдэяў? Ці можа злосьць першасьвятароў і сынэдрыёну абмяжоўвалася простым зьбіцьцём, як пакаралі раней апосталаў Хрыста? Хутчэй за ўсё, бо рымскі закон не дазваляў сынэдрыёну сьмяротнага пакараньня, а тое, што здарылася са Стэфанам, ёсьць ня што іншае, як самасуд. Але, як бы тое не было, мы маем перад сабою першы выпадак пакутлівай сьмерці выбітнага вучня Хрыста, афіцыйна зацьверджанай ў Новым Запавеце.

А хто ёсьць «пакутнік»? Як вядома, адпаведнае грэцкае слова літаральна азначае «сьведка». Але чаму мы называем загіблых за веру людзей «сьведкамі»? Адказ відавочны. Сваёй сьмерцю такія людзі сьведчаць, што іхняя вера ня проста нейкая прывабная тэорыя, але нешта больш важнае, чым самое жыцьцё. Але перанясемся зноў у сынэдрыён, дзе Стэфан сьведчыць пра сваю веру і адданасьць Ісусу Хрысту.

Рэакцыю рэлігійных уладаў на прамову Стэфана даволі лёгка можна было б прадказаць. Лука кажа, што слухаючыя Стэфана скрыгаталі зубамі і раз’юшваліся ў сэрцы сваім, чым толькі пацьверджвалі тую характарысьціку, якую даў ім Стэфан: «Людзі з цьвёрдым каркам і з неабрэзаным сэрцам і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы». Стэфан не спужаўся гэтай лютасьці і ведаў, што ягонае зямное жыцьцё хутка скончыцца і таму ён зьвяртаецца да Ісуса, Які стаіць праваруч Айца. Ён убачыў Ісуса, бо Госпад разамкнуў яму вочы, як калісьці такое здарылася з Елісеем і яго слугой: «І маліўся Елісей і казаў: “Госпадзе! Разамкні яму вочы, каб ён убачыў. І разамкнуў Госпад вочы слузе, і ён убачыў, і вось, уся гара напоўнена канямі і калясьніцамі вогненымі вакол Елісея» (4 Вал 6:17). Нешта падобнае здарылася і са Стэфанам. Замест зямнога суду, Стэфан раптоўна ўбачыў суд нябесны. Ісус стаяў перад ім з апраўданьнем, у той час, як суд зямны пасылаў яго на сьмерць.

Такім чынам сэнс «пакутніцтва» ня толькі ў тым, што такая сьмерць пацьверджвае веру хрысьціяніна, але ў гэтым ёсьць нешта большае. У выпадку Стэфана, ён здольны быў бачыць, як сыходзяцца зямны і нябесны сьвет. Для Лукі гэта вельмі важны момант, бо для юдэяў гэты момант мог быць толькі ў Храме, а Стэфан паказвае нам, што гэтая сустрэча адбываецца ў Ісусе Хрысьце. Цікава і тое, што Стэфан ніяк не пагражае юдэям нейкімі будучымі Божымі пакараньнямі за тое, што яны намерыліся зрабіць. Наадварот, калі яшчэ ў яго ляцяць камяні, якія крышаць ягонае цела, ён моцна заклікае да Госпада не палічыць ім гэтага грэху.

І гэтае дзеяньне сэрца роўнае з тым, што ёсьць адкрытыя нябёсы і Ісус, як ягоны абаронца. Існуе тут яшчэ і горкая іронія, бо згодна закону Майсея камянямі павінны былі быць пабітымі іхнія бацькі, якія ў пустыні пачалі пакланяцца Малоху: «І наказаў Госпад Майсею сказаць: “Скажы гэта сынам Ізраілевым, хто з сыноў Ізраілевых і з прыхадняў, што жывуць сярод ізраільцянаў, дасьць з дзяцей сваіх Малоху, хай будзе аддадзены сьмерці: народ зямлі хай паб’е яго камянямі» (Ляв 20:1-2).

Стэфан памёр пад час малітвы, паказваючы гэтым, што ня можа памерці ў міры, не памаліўшыся за сваіх ворагаў. Вялікі прыклад для ўсіх нас, бо няхай сонца нашага жыцьця ня зойдзе ў гневе нашым. А Стэфан памёр у Госпадзе, агорнуты Ягонай любоўю. Амэн.


Рецензии