Деяния 8 1-40
Дзеі 8:1-40
Усё пачалося са Стэфана і толькі потым лютасьць юдэяў перанеслася на астатніх хрысьціянаў. Д’ябал – бацька ўсякай няпраўды, спачатку пазбаўляе чалавечнасьці тых, хто спазнаў невінаватай крыві, а потым і наогул нараджае ў іх смагу гэтай няпраўды. Зразумела, што самасуднае забойства Стэфана нейкім чынам «зыйшло з рук» сынэдрыёну, а таму і стала магчымым гэтае першае масавае ганеньне на першахрысьціянскую царкву. Царква, у асноўным, расьцярушылася па іншых тэрыторых, але працу сваю не спыняла. Больш таго, з гэтага ўзьніклі шматлікія цэрквы па-за Ерусалімам. Такім чынам цела Хрыста распаўсюджвалася нашмат хутчэй і далей, чым калі яно было закрытае мурамі Ерусаліма.
Дзеі 8 1:13
«А Саўл згаджаўся на забойства яго. Сталася ж у той дзень вялікае перасьледваньне царквы ў Ерусаліме. І ўсе, акрамя апосталаў, былі расьцярушаныя па ваколіцах Юдэі і Самрыі. А Стэфана пахавалі мужы пабожныя і ўчынілі па ім галашэньне вялікае. Саўл жа нішчыў царкву, уваходзячы ў дамы, і, цягнучы мужчынаў і жанчынаў, аддаваў іх у вязьніцу. А тыя, што расьцярушыліся, хадзілі, дабравесьцячы слова. Філіп жа, зыйшоўшы ў горад Самаранскі, абвяшчаў ім Хрыста. І натоўпы прыслухоўваліся да ўсяго, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і бачачы знакі, якія ён чыніў. Бо з многіх, якія мелі духаў нячыстых, яны выходзілі, крычучы моцным голасам, а шмат спараліжаваных і кульгавых былі аздароўленыя. І сталася радасьць вялікая ў горадзе тым. А быў раней у гэтым горадзе муж на імя Сымон, які чараваў і зьдзіўляў народ Самарыі, называючы сябе некім вялікім. І прыслухоўваліся да яго ўсе ад малога да вялікага, кажучы: “Ён ёсьць вялікая моц Божая”. Прыслухоўваліся да яго дзеля таго, што ён даволі часу чараваньнем зьдзіўляў іх. А калі паверылі Філіпу, які дабравесьціў пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, былі ахрышчаны як мужчыны, так і жанчыны. Дый Сымон і той паверыў, і, ахрысьціўшыся, трываў пры Філіпе. А бачачы знакі і цуды вялікія, што рабіліся, дзівіўся» Дзеі 8:1-13).
І зноў мы чуем імя Саўла. Безумоўна, што ведаючы ягоную будучыню, незразумела, як ён быў такім непрымяручым ворагам хрысьціянства. Але ж так было і Саўл вёў актыўны перасьлед першай хрысьціянскай царквы. Вынік гэтага – расьцярушаньне царквы па ваколіцах Юдэі і Самарыі. Безумоўна, што прамова Стэфана, ягоная сьмерць, а можа і ягоныя апошнія словы, не маглі не пакінуць свой сьлед у сэрцы Саўла, які, пакуль што, удзейнічаў у ганеньні на першых хрысьціянаў. Так, хрысьціяне царквы Ерусаліму расьцярушыліся. Але, ці стала гэта канцом царквы Ісуса Хрыста? Безумоўна, што не. Калі гэта справа Бога, дык так быць і ніяк ня можа. Такім вось чынам, Ісус паслаў іх на тое служэньне, пра якое Ён ужо, дастаткова гадоў таму, казаў ім: «Ідзіце на ўвесь сьвет і абвяшчайце Эвангельле ўсяму стварэньню» (Мар 16:15).
Але тлумачыцца і тое, што апосталы і царква служылі Яму такі працяглы час толькі ў Ерусаліме: «І вось, Я пасылаю абяцаньнеАйца Майго на вас. Вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не апранецеся моцаю звыш» (Лук 24:49). І яны апрануліся, пайшоўшы абвяшчаць Эвангельле кожнаму стварэньню па-за Ерусалімам. А іхнія пасьлядоўнікі – аж да краю зямлі.
З кропкі погляду звычайнага чалавека, для веруючых гэта былі жудасныя дні. Стэфан пазбавіўся жыцьця, ды і на іх палявалі такія, як Саўл. Але, з кропкі погляду Бога, гэта зусім не было дарэмным, бо кінутае ў зямлю зерне, непазьбежна павінна было прывесьці да ўраджаю. Хвалі пакутаў разносілі семя Добрай Весткі да самых далёкіх куткоў гэтага сьвету і хто мог бы ацаніць памеры ўраджаю? Вяртаючыся ж крыху назад, калі мы чуем, што ўсе расьцярушыліся, акрамя апосталаў, мы павінны разумець, што гэта была значная частка царквы, але ня ўся, бо, як бы тое не было, царква Ерусаліма працягвала сваё існаваньне. Існуе ж думка, што першымі аб’ектамі для перасьледу былі эліністы. Чаму? А хто быў Стэфан? Таму, пасьля забойства Стэфана і расьцярушэньня царквы Ерусаліма, царква стала, як і адразу пасьля сьмерці Ісуса, больш мясцова-гебрайскай. А гэта, з другога боку, азначала, нейкім чынам, пачатак расколу паміж хрысьціянскай царквой і юдэйствам сярод яе.
І вось Філіп, адзін з тых сямі дыяканаў, які быў выбраны разам са Стэфанам, таксама быў вымушаны быў бегчы з Ерусаліму ў Самарыю, дзе, як кажа Лука, ён горача абвяшчаў Ісуса Хрыста. Філіп, гебрай грэцкай культуры, як і Стэфан, быў адукаваным і верным вучнем Ісуса Хрыста. Горад Самарыйскі азначае горад Самарыю, які быў разбураны Гірканам, адноўлены Ірадам і меў тагачасную назву Сэбастэ. Гэта зьвесткі ад Язэпа Флавія, які дае іх у сваёй кнізе Старажытнасьцяў. Дык вось, гэты Філіп, у гэтым самарыйскім горадзе, зьдзяйсьняў многія цуды і знакі ў імя Ісуса Хрыста. Пра тое хто такія самаране, гісторыю іхняга зьяўленьня ў Ізраілі і даволі варожыя адносіны Самарыі і тагачаснай Юдэі, напісана даволі шмат, а таму мы ня будзем засяроджвацца на гэтым, але прыпамятаем словы Ісуса: «Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа» (Мац 28:19).
Філіп і рабіў гэта, бо ведаў сваё пакліканьне, але што адбывалася вакол гэтага? Лука кажа пра тое, што натоўпы прыслухоўваліся да яго, бачачы знакі, якія ён чыніў. Але вось, нейкі муж на імя Сымон меў вялікае ўзьдзеяньне на той жа самы натоўп, бо сваім чараўніцтвам сур’ёзна ўплываў на жыцьцё жыхароў Самарыі. Божая праца Філіпа супраць чараўніцтва Сымона. Вынік гэтага супрацьстаяньня, безумоўна ж, на баку Госпада і Філіп, які агучваў Ісуса Хрыста, быў нашмат мацнейшы ў рыторыкі за мясцовага і знакамітага Сымона. Той Сымон, убачыўшы ды пачуўшы Філіпа і ня толькі яго, але і натоўпы, якія паверылі ў Ісуса, таксама паверыў і, хрысьціўшыся, хадзіў за Філіпам. Але, гэта толькі пачатак распаўсюджваньня праўды Хрыста, бо ёсьць і працяг гэтай гісторыі.
Дзеі 8:14-25
«Апосталы ж, што былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб атрымалі Духа Сьвятога, бо Ён на нікога з іх зышоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса. Тады яны ўсклалі на іх рукі, і яны атрымалі Духа Сьвятога. Сымон жа, пабачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы, кажучы: “Дайце і мне гэткую ўладу, каб той, на каго ўскладу руку, атрымаў Духа Сьвятога”. Пётр жа сказаў яму: “Няхай срэбра тваё будзе з табой на згубу, бо дар Божы ты думаў за грошы здабыць. Няма табе часткі і жэрабя ў слове гэтым, бо сэрца тваё ня шчырае перад Богам. Дык навярніся ад гэтай ліхоты тваёй і прасі Бога, можа, будзе адпушчана табе задума сэрца твайго. Бо бачу цябе ў гарчыні жоўці і ў вузьле неправеднасьці”. А Сымон, адказваючы, сказаў: “Маліцеся вы за мяне да Госпада, каб не прыйшло на мяне тое, што вы сказалі”. Яны ж, засьведчыўшы і расказаўшы слова Госпадава, вярнуліся ў Ерусалім, дабравесьцячы ў многіх мястэчках самаранскіх» (Дзеі 8:14-25).
Лука паказвае нам посьпех ласкі Божай сярод самаранаў праз Філіпа, які, сваім служэньнем ўразіў вельмі многіх. Нават і чараўніка Сымона, які, дарэчы, хрысьціўся разам з натоўпам у імя Ісуса Хрыста. Праз Філіпа Бог прывёў самаранаў да веры. І вось зараз Ён пасылае ў Самарыю Пятра і Яна, каб менавіта яны прынесьлі ім ад Госпада дар Сьвятога Духа. Менавіта так закладалася Госпадам адзінства Царквы, калі апосталы дамагаліся аднога – яднаць паміж сабою ня толькі людзей, але і іхнюю супольнасьць – мясцовую царкву. Безумоўна, што Бог мог даць дар Духа Сьвятога самаранам і праз Філіпа, але, каб навучыць самаранаў шанаваць братэрскае адзінства, Ён пасылае да іх юдэйскіх апосталаў Пятра і Яна (а мы памятаем, якая варожасьць існавала паміж самаранамі і юдэямі). Але чаму? Гэты момант ня толькі важны для распаўсюджваньня Добрай Весткі, але, і, як каштоўны вопыт, для зьняцьця шматгадовай напружнасьці паміж народамі і аб’яднанья ў адным Целе Ісуса Хрыста.
Лука кажа, што самаране былі толькі ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста, але не былі надзелены Сьвятым Духам. І тут узьнікае пытаньне: «Хрост – фармальная працэдура, пазбаўленая сілы і ласкі Божай, ці гэта мае сілу і ласку пад узьдзеяньнем Духа Сьвятога?» У хросьце мы абмываемся ад грахоў, бо гэтак і Павал кажа, што абмыцьцё – справа Духа Сьвятога. Вада хросту ёсьць сымбаль крыві Хрыста, бо і апостал Пётр кажа, што менавіта Дух Сьвяты апранае нас крывёю Ісуса Хрыста: «Паводле прадбачаньня Бога Айца, праз асьвячэньне Духа, дзеля паслухмянасьці і пакрапленьня крывёю Ісуса Хрыста: ласка і супакой няхай вам памножыцца» (1 Пят 1:2).
У Хрысьце ўкрыжоўваецца наш стары чалавек, каб мы ўваскрэсьлі да новага жыцьця. Адкуль усё гэта, як не ад Сьвятога Духа? Таму і нельга адмаўляць, што самаране, якія ахрысьціліся, не атрымалі Духа Сьвятога. Вельмі верагодна, што Лука кажа тут не пра агульную ласку Духа, якую Бог дае нам, Сваім дзецям, але пра нейкія асабістыя дары, якімі Бог ўзнагароджваў (узнагароджвае і зараз) некаторых тагачасных хрысьціянаў, каб узмацніць Божую працу па збаўленьню гэтага сьвету.
Апосталы ўсклалі рукі і маліліся, каб яны прынялі асобныя дары Духа Сьвятога, што, да таго ж, азначала апостальскае пацьверджаньне і салідарнасьць з новай мясцовай царквой. Яны пацьверджвалі ўваходжаньне новай групы людзей у Царкву Ісуса Хрыста. У выніку здарылася тое, ці амаль тое, што мы бачалі на дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусаліме. Казаньне на іншых мовах пацьверджвае гэта, але галоўным было тое, што на месца аднаго народа Ізраіля, прыйшла Царква, якая пачала складацца з юдэяў, паўкроўных з юдэямі самаранаў, празэлітаў і самае галоўнае – паганаў. Для дэманстрацыі адзінства Царквы і неабходна было тут, у Самарыі, тое, што здарылася на дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусаліме.
І вось Сымон, які, хрысьціўшыся, знаходзіўся ў страху. Але, ці сапраўдным было гэтае пакаяньне, ці гэта было простае жаданьне пазьбегнуць наступстваў сваіх грахоў? З наступных падзеяў мы пабачым, што Сымон не атрымаў нараджэньня звыш, бо заставаўся ў сваіх грахах. Тое, што апосталы давалі сваёй уладаю ласку Духа Сьвятога, вельмі ўразіла Сымона. Ён не зразумеў гэтага глыбокага духоўнага дзеяньня і, па ўсёй верагоднасьці, разглядаў Сьвяты Дух, як нейкую звышнатуральную сілу, якая магла б быць вельмі карыснай у ягоным рамястве. І таму, каб завалодаць гэтай сілай, ён і прапанаваў апосталам нямалыя грошы. Але ці можна купіць Духа Сьвятога на свае асабістыя патрэбы?
Адказ Пятра вельмі глыбокі па свайму складу, які дае нам магчымасьць упэўніцца, што Сымон ня стаўся верным Хрысту, бо не нарадзіўся звыш. Вызначым, дзеля гэтага, некаторыя словы Пятра:
• Няхай срэбра тваё будзе з табой на загубу. Пётр не пазбаўляе Сымона надзеі на збаўленьне, але кажа пра тое, які фінал чакае яго, калі ён будзе працягам гэтай няпраўды. Пётр не адмаўляе таго, што сказаў потым і Ян: «Бо так Бог палюбіў сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго не загінуў, але меў жыцьцё вечнае» (Ян 3:16).
• Няма табе часткі і жэрабя таго ў слове гэтым. Іншымі словамі, ён не ўвайшоў у новую самаранскую царкву. І ці войдзе ён у іншую?
• Бо сэрца тваё ня шчырае перад Богам. Гэта вельмі дакладныя словы, бо яны характарызуюць нязбаўленага чалавека.
• Бо бачу цябе ў гарачыні жоўці і ў вузьле неправеднасьці. Ці можна сказаць такое пра адроджанага ў новае жыцьцё чалавека?
Пётр не пакідае дадзеныя Госпадам магчымасьці прыняць пакаяньне і маліцца за гэтую няпраўду, каб Бог гэтае прабачыў. Але Сымон просіць Пятра быць пасярэднікам паміж ім і Богам. Такім чынам Сымон зьяўляецца першым для тых, хто мае перавагу зьвяртацца да пасярэдніка-чалавека, чым непасрэдна да Госпада. Тое ж, што з боку Сымона мы ня бачым сапраўднага пакаяньня, кажуць ягоныя словы: «Маліцеся за мяне да Госпада, каб не прыйшло на мяне тое, што вы сказалі». Безумоўна, што Сымон шкадаваў пра гэтую «няўдалую» размову, але не за свой грэх, а толькі за магчымыя наступствы ад яго. Так, можна разважыць і пра тое, што Сымон мог і пакаяцца за гэта, але айцы Царквы данесьлі да нас і адваротнае. Клімент, напрыклад, кажа пра даволі жорсткія трохдзённыя размовы гэтага Сымона з Пятром у Рыме, якія, з боку Сымона, мелі вельмі антыхрысьціянскі сэнс. У пацьверджаньне апіснага мы можам чытаць пра гэта ў лісце Аўгустына да Януарыя. Але, яшчэ крыху пра Сымона.
Ягонае імя дало нам такое сучаснае слова «сымонія» - бізьнес на сьвятых справах ці выкарыстоўваньне сьвятога ў карысных інтарэсах. Гэтае паняцьце мае, на жаль, старадаўнія традыцыі. Можна прыпамятаць, як у даўнішнія часы прадавалі «сьлёзы і валасы» Ісуса Хрыста ў вялікай колькасьці, бо, як казаў той жа Жан Кальвін, у тыя часы налічваліся дзясяткі тысячаў розных рэчаў, зьвязаных з Ісусам Хрыстом ці Ягонымі апосталамі. Ці гэта не камерцыя на сьвятым? Але гэта тэма для асобнай размовы, а мы павінны ісьці далей ў нашым падарожжы па гэтай цудоўнай кнізе.
Дзеі 8:26-40
«А анёл Госпадаў прамовіў да Філіпа, кажучы: “Устань і ідзі на поўдзень, на шлях, які зыходзіць з Ерусаліму ў Газу, той, які пусты”.І, устаўшы, ён пайшоў. І вось, муж Этыёпскі, эўнух, можны Кандакіі, валадаркі этыёпаў, які быў над усімі скарбамі ейнымі і прыйшоў у Ерусалім пакланіцца, вяртаўся назад, і сядзеў на калясьніцы сваёй, і чытаў прарока Ісаю. А Дух сказаў Філіпу: “Падыйдзі і прыстань да калясьніцы гэтай”. Прыбегшы Філіп пачуў, што той чытае прарока Ісусю, і сказаў: “Ці разумееш тое, што чытаеш?” Той жа сказаў: “Як жа я магу, калі нехта не растлумачыць мне?” І папрасіў Філіпа, узыйшоўшы сесьці з ім. А ўрывак Пісаньня, які ён чытаў, быў гэткі: “Як авечку на зарэз вялі Яго; і яе ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ, гэтак Ён не адчыняе вуснаў Сваіх. У паніжэньні Ягоным суд Ягоны ўзяты. А паходжаньне Ягонае хто распавядзе? Бо жыцьцё Ягонае будзе ўзята ад зямлі”. Адказваючы, эўнух, сказаў Філіпу: “Прашу цябе, пра каго прарок гаворыць гэтае? Пра самога сябе ці пра каго іншага?”
А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад Пісаньня гэтага, дабравесьціў яму Ісуса. А як ехалі па дарозе, прыйшлі да вады; і кажа эўнух: “Вось вада. Што перашкаджае мне быць ахрышчаным?” А Філіп сказаў: “Калі верыш з усяго сэрца, можна”. Ён жа, адказваючы, сказаў: “Веру, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы”. І загадаў спыніць калясьніцу. І зыйшлі абодва ў ваду, як Філіп, так і эўнух, і ахрысьціў яго. Калі ж выйшлі яны з вады, Дух Госпадаў падхапіў Філіпа, і эўнух больш ня бачыў яго, бо паехаў у сваю дарогу, радуючыся. А Філіп апынуўся ў Азоце; і праходзячы, дабравесьціў па ўсіх гарадах, пакуль прыйшоў у Цэзарыю» (Дзеі 8:26-40).
Лука пераходзіць да новага аповяду, які кажа пра тое, як Эвангельле дайшло да Этыёпіі. Хоць мы і ўбачым, як да веры ў Хрыста прыйшоў толькі адзін з іх, але ягоны вялікі стан у Этыёпіі дае неблагую падставу, што хрысьціянская вера будзе распаўсюджанай ў этыёспскім грамадзтве. І вось мы бачым эўнуха, які быў у Ерусаліме, каб пакланіцца Богу Ізраіля. Мы ня ведаем ягонага імя, але ці важна гэта? Важна ж тое, што гэты эўнух чытаў Біблію і на гэты момант намагаўся зразумець урывак кнігі Ісаі. Эўнух ня мог быць нават і празэлітам, бо быў пакладанцам, якімі і былі вышэйшыя слугі валадарыні Этыёпіі. Але, ці можа зразумець Пісаньне чалавек, які ня мае ў сабе Духа Сьвятога? Так было і з эўнухам, але Бог, бачачы ўсё гэта, даў яму на дарозе Свайго пасьвячонага слугу Філіпа. Эўнух чытаў 53 разьдзел Ісаі і, менавіта з гэтага разьдзелу Філіп паказаў яму Ісуса Хрыста.
Філіп хрысьціў гэтага этыёпскага вяльможу той вадою, якую яны сустрэлі на сваім шляху, але што гэта азначала?
• Яно сымбалізавала ачышчэньне. Як цела чалавека абмывалася вадою, так і ягоная душа купалася ў міласэрнасьці Ісуса Хрыста.
• Яно сымбалізавала поўную зьмену свайго жыцьця, а гэта і мае сваю назву – нарадзіцца звыш.
• Хрост, які адбыўся, азначаў сапраўднае яднаньне з Хрыстом. Калі чалавек апускаецца з галавою ў ваду, ён, як бы, памірае разам з Ісусам Хрыстом і калі выходзіць з вады, чалавек з Ім уваскрасае да новага жыцьця і напаўняецца Духам Сьвятым.
Этыяпіец навярнуўся да дому хрысьціянінам і з радасьцю, а таму мы можам быць упэўненымі, што ён ня мог не падзяліцца гэтай радасьцю з астатнімі. Гісторыя пацьверджвае гэта, бо мы ведаем, што Этыёпія мае і пад час сёньняшні значную частку насельніцтва прыхільнікамі Ісуса Хрыста.
Філіп апынуўся у Азоце – старажытнай сталіцы філісьцімлянаў. На шляху ад Азота да Цэзарэі, ён дабравесьціў усяму насельніцтву. У Цэзарэі, па ўсёй верагоднасьці, Філіп і застаўся, бо, як мы ўбачым пазьней, праз дваццаць гадоў, ён яшчэ быў у гэтай мясцовасьці. Ён, безумоўна, меў магчымасьць прапаведаваць як у Цэзарэі, так і ў ваколіцах, вандруючы ў розных месцах гэтага краю. Пазьней, у гэтыя мясьціны наведаўся і апостал Пётр, якога Бог накіраваў, каб прапаведаваць сотніку Карнэлю. Але гэта наперадзе.
Свидетельство о публикации №226012301662