Деяния 9 1-43

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 9 1-43

У гэтым разьдзеле мы пабачым самую вядомую гісторыю навяртаньня ў хрысьціянства. Паспрабуем жа, па магчымасьці, зразумець вобраз думкі будучага апостала Паўла і, калі гэта атрымаецца, мы ўбачым, што ягонае навяртаньне не было вельмі нечаканым. Думкі пра адкрыцьцё і сьмерць Стэфана не пакідалі яго: «Ці мог так памерці дрэнны чалавек?» Сумнёў Саўла правёў яго па краю ягонай дзейнасьці. Ён перасьледаваў хрысьціянаў у Ерусаліме, але тое, што ён бачыў прыводзіла яго да пытаньня: «Што давала гэтым простым людзям здольнасьць спакойна і мужна сустракаць небясьпеку, пакуты, а нават і сьмерць?» Але, усё па парадку.


Дзеі 9:1-9
«Саўл жа, яшчэ дыхаючы пагрозай і забойствам на вучняў Госпадавых, падыйшоў да першасьвятара і прасіў у яго лісты ў Дамаск да сынагогаў, каб, знойдзе некага, хто ёсьць на гэтым шляху, як мужчынаў, так і жанчынаў, зьвязаўшы, весьці ў Ерусалім. А калі ён ішоў, сталася, як ён наблізіўся да Дамаску, што неспадзявана агарнула яго сьвятло з неба. І, упаўшы на зямлю, ён пачуў голас, які гаварыў яму: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?” Ён жа сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” А Госпад сказаў: “Я – Ісус, Якога та перасьледуеш. Цяжка табе суапрць ражна ўпірацца”. І ён, дрыжачы і жахаючыся, сказаў: “Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў?” І Госпад кажа да яго: “Устань і ідзі ў горад, і будзе табе сказана, што ты мусіш рабіць”. А мужы, якія спадарожнічалі яму, аслупяніўшы, чуючы голас, а нікога ня бачачы. Саўл жа устаў з зямлі, і, адчыніўшы вочы свае, нікога ня бачыў; і ўзяўшы за руку, увялі яго ў Дамаск. І тры дні ён ня бачыў, і ня еў, і ня піў» (Дзеі 9:1-9).

Ліст дадзены Саўлу сынэдрыёнам меў сілу ў любым месцы, дзе былі юдэі. Павал ведаў, што расьсеяныя хрысьціяне знайшлі сябе і ў Дамаску, да якога ад Ерусаліму было прыкладна 220 км. Вандраваньне такога працягу складала прыкладна адзін тыдзень шляху і вось, давайце ўявім сабе некаторыя дэталі гэтага шляху, тым больш, што гэты шлях пралягаў праз Самрыю і Галілею. Веліччу сваёй сустракала і суправаджала падарожнікаў гара Гэрмон. Асобным чынам адбівалася ў сэрцы Саўла і мора Галілейскае, дзе кожны камень казаў пра Ісуса жывога. Саўл асабіста ня чуў знакамітую Нагорную пропаведзь Ісуса, але шмат хто мог расказаць яму сапраўдныя словы вучэньня Ісуса. Ці мог хто-небудзь прайсьці ў той час па гэтаму шляху абыякавым? Так, але ня Саўл. Падаецца, што сэрца Саўла ўздрыганулася, а ягоны розум апынуўся ў роздуме і сумненьні. І вось ужо бачны і Дамаск. Але.

Лука паказвае нам гісторыю навяртаньня Саўла. Бог ня толькі скарыў яго Сваёю ўладаю, але і зрабіў з яго новага чалавека. Лука кажа, што Саўл быў надзелены сілай і сродкамі, каб нанесьці значную шкоду Царкве Ісуса Хрыста. І ня толькі мужчынам, але і жанчынам, што толькі падкрэсьлівае нядобры намер Саўла. Мы ж памятаем, што пад час укрыжаваньня Хрыста, побач Яго свабодна стаялі жанчыны, якія спачувалі Яму і ніхто з іх не чакаў зьнявольваньня. Але ўсё зьмянілася пасьля гвалтоўнай сьмерці Стэфана, калі і хрысьціянскія жанчыны сталі разглядацца ворагамі юдэяў.

І вось Дамаск, які ўжо праглядаецца вокам чалавека. І нічога добрага, як быццам бы, не чакаецца для мясцовых хрысьціянаў, якія аселі тут. Бог жа мае і тут Свой план. План на жыцьцё гэтага «непрымірымага барацьбіта» з хрысьціянствам. Каб скарыць Саўла, Хрыстос паказвае яму Сваю веліч, адкрыўшы яму Свой твар. Трэба, пры гэтым, падкрэсьліць, што Саўл быў, у значнай ступені, фанатычным фарысэем, а таму меў дачыненьне да малітоўных практыкаў з элементамі паглыбленых уяўленьяў славы Божай. І вось, Хрыстос засьведчыў яму Сябе, даючы Саўлу нейкую частку страху, каб ён зразумеў, што яму процістаіць сіла Самога Бога.

Усё перавярнулася ў Саўле. Страх, сорам, жах і захапленьне агарнулі яго. Пазьней, ён напіша пра гэта: «Таму што Бог сказаў з цемры зазьзяць сьвятлу, Сам зазьзяў у сэрцах нашых дзеля прасьвятленьня нас пазнаньнем славы Божае ў абліччы Ісуса Хрыста» (2 Кар 3:6). І хаця ён кажа пра свой вопыт таго што адбылося, яму, як і для Стэфана перад сьмерцю, рассунуліся нябёсы паміж небам і зямлёю. Зямным вокам ён убачыў нябесную рэальнасьць. Таму, у будучым, ён скажа і карынцянам: «Ці я не апостал? Ці я ня вольны? Ці я ня бачыў Ісуса Хрыста, Госпада нашага? Ці вы – не мая справа ў Госпадзе?» (1 Кар 9:1).

Тое, што ўбачыў Саўл, азначае вельмі многае. Яно пацьвердзіла ўсё чаму вучылі Саўла. Так, Закон і прарокі праўда, але яму адкрыўся новы сьвет і ў гэтым сьвеце зьявілася сапраўднасьць існуючага стварэньня. Саўл убачыў, што Бог Абрагама, Ісаака і Якуба выканаў Свае абяцаньні і выканаў гэта вось такім чынам - праз Ісуса Хрыста.

І вось мы бачым упакоранага Саўла, але таго, які яшчэ ня стаўся вучнем Ісуса Хрыста. Так, у ім зьнік гнеў да ўсяго хрысьціянскага, але ня ўсё так проста, і таму, пакуль-што, ён быў толькі здольны выслухаць і выканаць загад Хрыста ісьці ў Дамаск, каб чакаць далейшага дзеяньня. Хрыстос зьявіўся Саўлу ў Сваёй славе. Ці ўбачыў ён Хрыста, як Стэфан, здаля ў небе, ці ўсё ж блізка ад сябе. Мы гэтае ведаць ня можам, але тое, што Саўл на тры дні ад гэтага згубіў свой зрок, можа толькі падказаць нам, што зьзяньне славы Ісуса было вельмі і вельмі моцным, а значыць і блізкім ад яго. Але і гэта яшчэ ня ўсё, бо пакараньне Саўла можа азначаць яшчэ і тое, што Саўл, да гэтага часу, з адкрытымі вачамі, быў духоўна сьляпым у адносінах да праўды Ісуса Хрыста. А потым і тое, што Ананія, у хуткім часе, пакажа Саўлу цуд Божага аздараўленьня.


Дзеі 9:10-20
«Быў жа ў Дамаску адзін вучань на імя Ананія. І сказаў да яго Госпад у відзежы: “Ананія!” Ён жа сказаў: “Вось я, Госпадзе!” А Госпад да яго: “Устаўшы, ідзі на вуліцу, называную Простай, і ў доме Юды пашукай Тарсяніна на імя Саўл, бо вось, ён моліцца і бачыў у відзежы мужа на імя Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў”. Ананія ж адказаў: “Госпадзе, я чуў ад многіх пра мужа гэтага, колькі ліха ўчыніў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме; і тут ён мае ўладу ад першасьвятароў зьвязваць усіх, хто прызывае імя Тваё”. А Госпад сказаў да яго: “Ідзі, бо ён – Мая выбраная пасудзіна, каб несьці імя Маё перад паганамі, і валадарамі, і сынамі Ізраіля, бо Я пакажу Яму, колькі ён мусіць перацярпець за імя Маё”. Ананія пайшоў, і ўвайшоў у той дом, і ўсклаўшы на яго рукі сказаў: “Саўле, браце, Госпад паслаў мяне, Ісус, Які зьявіўся табе на дарозе, па якой ты ішоў, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым”. І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і стаў бачыць у той жа момант, і ўстаўшы, быў ахрышчаны, і, прыняўшы ежу, умацаваўся. І быў Саўл колькі дзён з вучнямі, што ў Дамаску, і адразу абвяшчаў у сынагогах Хрыста, што Ён ёсьць Сын Божы» (Дзеі 9:10-20).

Будучы асьлепленым яркім сьвятлом, Павал памятаў, упаўшы на зямлю, словы Ісуса «Я – Ісус, Якога ты перасьледуеш». Не выходзіла з галавы тое, што людзі, якіх ён намагаўся зацягнуць у вязьніцу, былі сям’ёю Ісуса, бо калі ён перасьледаваў гэтых людзей, ён перасьледаваў і Ісуса. У гэтым шаку ды перажываньні і знаходзіўся Саўл у Дамаску, адмовіўшыся ад ежы і пітва. Але Бог робіць Сваю справу і таму мы бачым нейкага хрысьціяніна Ананію. Лука не казаў пра яго раней, не пачуем мы пра яго і далей, але зараз ён павінен выканаць тое, што кажа яму Госпад. Мы ведаем пра яго толькі тое, што ён быў вучнем Ісуса і ведаў, як чуць голас Божы. А галоўнае, што ён быў гатовы выканаць любое даручэньне Госпада, хаця, у дадзеным выпадку, і не без сумнёву. А як таму і ня быць, калі чуткі пра ганіцеля Саўла ўжо разыйшліся па ўсяму Дамаску, але Ананія давяраўся ў-ва ўсім слову Госпада і пайшоў туды, куды паслаў яго Бог.

Калі праўда, што сьмерць Стэфана, у вялікай ступені, узьдзейнічала на Саўла, дык навяртаньне яго да Царквы Хрыста абавязана і братэрскім адносінам да яго Ананіі, які з любоўю выканаў даручэньне Госпада. А Госпад адкрыў яму, што на гэтага Саўла ўскладаецца вялізарная праца абвяшчэньня сьвету Ісуса, бо недарма Госпад назваў яго Сваёй выбранай пасудзінай. Менавіта Саўлу належала стаць Паўлам, апосталам для паганаў, уключаючы і іхніх валадароў. Мы яшчэ пабачым, у гэтым рэчышчы, Фелікса, Фэста і Ірада Агрыпу. Не выключаецца і тое, што Павал мог сьведчыць і перад цэзарам Неронам. Павал, безумоўна ж, сьведчыў і Ізраілю – таму народу, дзе былі ягоныя карані. І гэта вельмі дзіўна, што той, хто бязьлітасна перасьледаваў хрысьціянаў, зрабіўся такім гарачым дабравесьнікам і нястомным сьведкай Ісуса Хрыста.

Ананія пайшоў па паказанаму Госпадам адрасу і сказаў тое, што і даручыў яму Бог: «Саўле, браце, Госпад паслаў мяне, Ісус, Які зьявіўся табе на дарозе, па якой ты ішоў, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым». Наколькі ж суцяшальнымі павінны былі быць гэтая словы для Саўла, бо гэта былі першыя запісаныя хрысьціянскія словы сказаныя Саўлу, а яны, па вызначэньню, ня могуць ня несьці ў сабе хрысьціянскай любові. Ананія ўсклаў свае рукі на Саўла, каб даручыць таго Госпаду. Дарэчы, гэты юдэйскі звычай ускладаньня рук пры ахвярапрынашэньні, перанялі у сваім служэньні і хрысьціяне. Мы бачылі гэта ў апосталаў, бачылі ў Філіпа і, вось зараз, бачым і ў Ананіі. Чаму Ананія быў здольны перадаць Паўлу Духа Сьвятога? Таму што Анананіі было даручана Госпадам настаўніцкае служэньне. Саўл зноў пачынае бачыць і атрымлівае з рук простага вучня Ісуса Хрыста Духа Сьвятога, а гэта кажа пра тое, што хрысьянства – гэта, па-перш, рух простых вучняў Хрыста, бо на іх усё і трымаецца.

Саўл, пасьля сустрэчы з Ананіяй, напаўняецца сілаю, бо да гэтага, на працягу трох дзён, ён знаходзіўся пад вялікім цяжарам, які ціснуў на ягоную душу і дух. Але, прыняўшы хрост, і атрымаўшы Сьвятога Духа, ён прыняў і ежу, што, у сукупнасьці, хутка ўмацавала яго. І гэта дае яму магчымасьць наблізіцца да іншых вучняў Хрыста ў Дамаску, каб быць з імі, умацоўваючыся ў веры. Дзейная натура Паўла, кіруемая Сьвятым Духам, не магла не прывесьці яго ў сынагогі, каб дабравесьціць пра Ісуса Хрыста. Так, у тыя самыя месцы, дзе ён сам прапаведаваў супраць Хрыста і аддаваў на пакараньне Ягоных вучняў. Але зараз Ісус напоўніў ягонае сэрца настолькі, што ён ня мог не абвяшчаць юдэям Добрую Вестку. Ён абвяшчае Ісуса Хрыста і аднойчы стаўшы прапаведнікам, ён, з гэтага часу, будзе трымацца гэтага пакліканьня заўсёды. Бо мы не сябе прапаведуем, будзе казаць ён, але Хрыста і Хрыста ўкрыжаванага. Ён будзе прапаведаваць Сына Божага, як дабраславеньне і для тых, хто знаходзіцца ў Ім. І нічога болей.


Дзеі 9:21-31
«А ўсе, хто чуў, дзівіліся і казалі: “Ці ня гэта той самы, які нішчыў у Ерусаліме тых, хто прызывае імя гэтае, і сюды прыйшоў дзеля таго, каб іх, зьвязаўшы, весьці да першасьвятароў?” А Саўл больш умацоўваўся і трывожыў юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты Ісус ёсьць Хрыстос. Калі ж споўнілася даволі дзён, юдэі зрабілі нараду, каб забіць яго. А Саўл даведаўся пра змову іхнюю. І яны сачылі ля брамаў дзень і ноч, каб яго забіць. А вучні, узяўшы яго, спусьцілі праз мур у кашы. Прыйшоўшы ж у Ерусалім, Саўл спрабаваў прыстаць да вучняў, і ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён – вучань. А Барнаба, узяўшы яго, прывёў да апосталаў і распавёў ім, як у дарозе той бачыў Госпада, і што Ён гаварыў яму, і як ён у Дамаску адважна гаварыў у імя Ісуса. І быў ён разам з імі, уваходзячы і выходзячы ў Ерусалім, і адважна гаворачы ў імя Госпада Ісуса. Гаварыў таксама і спрачаўся з эліністамі, а тыя намагаліся яго забіць. Браты ж, даведаўшыся, вывелі яго ў Цэзарэю і выправілі яго ў Тарс. А цэрквы па ўсёй Юдэі, і Галілеі, і Самарыі мелі супакой, будуючыся і ходзячы ў страху Госпадавым, і праз пацяшэньне Духа Сьвятога памнажаліся» (Дзе 9:21-31).


Лука кажа, што Саўл, адразу пасьля навяртаньня і аздараўленьня, пачаў дабравесьціць у сынагогах Ісуса Хрыста, быўшы пэўны час з хрысьціянамі Дамаска. Як жа ўспрымалі таго, хто зьдзекваўся над вучнямі Хрыста ў Ерусаліме і прыйшоў з аналагічным даручэньнем сынэдрыёну ў Дамаск? Зьдзіўленьнем і насьцярожанасьцю, але і ўсьведамленьнем, што такая зьмена ў сэрцы чалавека ня можа ўтварыцца бяз Божага ўдзелу. І вось тут трэба зрабіць паўзу, каб больш дэтальна адсачыць гэты перыяд жыцьця і дзейнасьці Паўла. Лука ня кажа нам пра ягоную вандроўку ў Арабію, напэўна, ня лічачы гэта важным. Але, улічваючы, што гэты перыяд расцягнуўся на гады, мы, усё ж, зьвярнемся да самога Паўла: «Калі ж спадабалася Богу, Які аддзяліў мяне ад улоньня маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй, адкрыць у-ва мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, я адразу не зьвярнуўся да цела і крыві і не ўзыйшоў у Ерусалім да апосталаў, якія былі раней за мяне, але пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск. Пасьля, праз тры гады, я ўзыйшоў у Ерусалім пабачыцца з Пятром і быў у яго пятнаццаць дзён» (Гал 1:15-18).

Пабыўшы некаторы час з вучнямі ў Дамаску, Павал не пайшоў адразу ў Ерусалім, а выправіўся ў Арабію. Чаму так, сэнсу тлумачыць няма, бо вядомасьць Саўла-ганіцеля была на слыху ў Ерусаліме. Гэта першае, а другое гэта тое, што ён быў прызначаны Госпадам быць прапаведнікам імяні Ісуса Хрыста, у першаю чаргу, сярод паганаў. Ёсьць яшчэ і трэцяе. Арабія – гэта нераспаханая ніва дабравесьця, дзе Павал і вучыўся прапаведаваць паганам. Іншымі словамі – гэта ягоны «універсітэт» пропаведзі Ісуса Хрыста. А практыка – гэта тыя тры гады працы ў Дамску, куды ён вярнуўся пасьля вандроўкі ў Арабію. Лука даводзіць да нас пэўныя вынікі гэтай працы, кажучы, што Саўл умацоўваўся і трывожыў юдэяў пропаведзьдзю пра Ісуса Хрыста. Юдэі змовіліся забіць яго, бо так і не прабачылі яму «здрады» юдэйскага стаўленьня да Ісуса і вучняў Ягоных. Такія вось прыступкі хрысьціянскага росту Паўла. Не пасьпеўшы стаць хрысьціянінам, ён становіцца прапаведнікам, а далей і мучанікам, бо ўжо навісла над ім небясьпека пакутлівай сьмерці. Такім вось чынам Бог дае нам Сваю вялікую ласку, а разам з ёю і вялікія выпрабаваньні.

І вось, прыблізна праз чатыры гады, Павал вяртаецца ў Ерусалім. Безумоўна, што памяць людзей, за гэткі час проста так не сьціраецца і страх ганеньняў ад Саўла яшчэ жывы ў хрысьціянскіх сэрцах. Паўлу можна толькі паспачуваць, бо ён не знаходзіць прытулку сярод тых, каго ён, ня так і даўно, перасьледаваў. Павал выходзіў з Ерусаліма непрымірымым ворагам хрысьціянства, але волею Госпада ён вяртаецца дабравесьнікам. У Дамаску яму дапамог Ананія, а ў Ерусаліме ён здабыў вернага сябра Барнабу, які сваё імя «Сын пацяшэньня», у поўнай меры, выявіў і ў адносінах да Паўла. У рэшце рэшт ерусалімскія хрысьціяне, якіх Барнаба ўпэўніў у вернасьці Паўла, прынялі яго ў сваё асяродзьдзе, дзе той мог сьмела прапаведаваць у імя Госпада Ісуса, выходзячы з Ерусаліма і ўваходзячы ў яго.

Лука кажа нам пра спрэчкі Паўла з эліністамі, па сутнасьці з тымі ж самымі гебраямі грэцкага паходжаньня, з якімі спрачаўся і Стэфан. Ці ня дзіўна, што Павал працягваў справу свайго нядаўняга «ворага», у сьмерці якога, пэўным чынам, прымаў удзел і ён сам? Нічога не зьмянілася ў Лібэртынскай сынанагозе, бо эліністы, як і ў выпадку са Стэфанам, змовіліся, нейкім чынам, забіць Паўла. Ерусалімскія ж браты вырашылі за лепшае адаслаць Паўла Цэзарыю, марскі порт, які знаходзіўся ў 100 км. ад Ерусаліма, каб адтуль, на караблі, ён дасягнуў роднага гораду Тарса ў Кілікіі. А, між тым, жыцьцё хрысьціянскіх цэркваў працягвалася ў адносным супакоі, як працягвалася і праца апосталаў Ісуса Хрыста.


Дзеі 9:32-43
«Сталася ж, што Пётр, абыходзячы ўсіх, прыйшоў і да сьвятых, што жылі ў Лідзьдзе. Знайшоў жа ён там аднаго чалавека на імя Энэй, які восем гадоў ляжаў у ложку, бо быў спараліжаваны. І сказаў яму Пётр: “Энэй, цябе аздараўляе Ісус Хрыстос; устань і пасьцялі сабе” І ён адразу ўстаў. І бачылі яго ўсе, што жылі ў Лідзьдзе і Сароне, якія зьвярнуліся да Госпада. А ў Ёппе была адна вучаніца, на імя Табіта, што ў перакладзе азначае Сарна. Яна была поўная добрых учынкаў і міласьцінаў, якія рабіла. Сталася ж у тыя дні, што, занядужаўшы, яна памерла. Яе памылі і палажылі ў залі. А як Лідда была блізка ад Ёппы, дык вучні, пачуўшы, што там Пётр, паслалі двух мужоў да яго, просячы прыйсьці да іх не марудзячы. Устаўшы, Пётр прыйшоў да іх, і, як прыйшоў, завялі яго ў залю; і стаялі перад ім усе ўдовы, галосячы і паказваючы вопраткі і адзеньне, якія паспраўляла Сарна, як была з імі. А Пётр, выслаўшы ўсіх вонкі, укленчыўшы, маліўся і, зьвярнуўшыся да цела сказаў: “Табіта, устань!” Яна ж адчыніла вочы свае і, убачыўшы Пятра села. А ён, даўшы ёй руку, падняў яе і, клікнуўшы сьвятых і ўдоваў, паставіў яе перад імі жывую. І сталася ведама па ўсёй Ёппе, і многія паверылі ў Госпада. Сталася ж, што ён даволі дзён заставаўся ў нейкага Сымона, гарбара» (Дзе 9:32-43).

Лідда – горад, які знаходзіўся непадалёк ад мора ў паўночна-заходнім накірунку ад Ерусаліма. Па ўсёй верагоднасьці гаворка ідзе пра старажытны горад Лод, што знаходзіўся на тэрыторыі калена Веньямінавага (1 Лет 8:12; 1 Эзд 2:33). Далей, у гэтым жа накірунку, праз 16 км., знаходзіўся горад-порт Ёппа, які мае сучасную назву Яффа. Пабудаваны на высокай скале, ён быў бачны нават з Ерусаліма, які таксама зьмяшчаецца на вышыні гары. Гэты горад вядомы яшчэ і тым, што менавіта адсюль прарок Ёна намагаўся на караблі бегчы ад аблічча Госпада (Ёна 1:3).

Лука, будучы майстрам аповяду, вельмі добра шэрагуе падзеі напружаныя і глабальныя з будзёным і мірным служэньнем. Таму мы зноў бачым Пятра, які вырашыў абыйсьці хрысьянаў, якія жылі ў даліне Сарона і, у прыватнасьці, у горадзе Лідзьдзе. Там ён знаходзіць спараліжаванага Энэя і, імем Ісуса Хрыста, аздараўляе яго. Энэй – імя грэцкае. Мы ня ведаем ці быў элініст Энэй хрысьціянінам, але Пётр і не запытвае яго пра гэта, а проста дае яму аздараўленьне. Энэй быў вядомым чалавекам і таму людзі не пакінулі гэты цуд без увагі, бачачы, што ўсё гэта адбылося дзякуючы сіле Хрыста і праз Ягонае імя. У выніку многія людзі пакідаюць юдэйства і зьвяртаюцца да хрысьціянскай веры, прымаючы вучэньне Ісуса Хрыста, дзеля збаўленьня і настаўленьня ў далейшым жыцьці.

Безумоўна, што апосталы не зьдзяйсьнялі ніякія цуды, калі не былі ўпэўненымі ў волі Бога, ад чаго і залежылі вынікі іхніх дзеяньняў. Бо ніхто ня мае такой сілы Духа, каб самастойна і свабодна аздараўляць такіх вось «цяжкіх» хворых, ды і ня толькі такіх. І вось яшчэ што. Як Сам Ісус выкарыстоўваў цуды ў неабходную меру, так і праз апосталаў Ён робіць толькі тое, што найбольш карыснае ў дадзеным выпадку. Гэта пра магчымае пытаньне: «Ці ж адзін Энэй меў патрэбу аздараўленьня ў гэтым горадзе?» Пётр маліўся, а Дух Сьвяты, кіруючы ўсімі цудамі, дзейнічаў праз Пятра, даючы яму накірунак і выбар у асобе Энэя. Ды і ня толькі, бо мы яшчэ пабачым цуд уваскрашэньня Табіты. Пётр – выканаўца цудаў, якія ідуць ад сілы Хрыста, бо гэтым праслаўляецца імя Госпада Ісуса.

А мы пераносімся ў горад Ёппу, дзе Пятру, у хуткім часе, належала зьдзейсьніць яшчэ большы цуд ад Ісуса Хрыста, бо гаворка ўжо ішла пра ўваскрасеньне вучаніцы Хрыстовай, якая вызначалася міласэрнасьцю і шматлікімі добрымі справамі. Па гебрайскі яе клікалі Табіта, а па-грэцкі – Дорка, што ў любым перакладзе азначала Сарна. Яна шмат дабрачынна працавала, каб дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу і не дарма яе аплаквалі ўдовы, якім яна, сваімі рукамі, рабіла добрае адзеньне. Вучні Хрыста, засмучаныя нечаканай сьмерцю гэтай дабрачыннай жанчыны, запрасілі да сябе Пятра, бо, магчыма, мелі нейкую надзею на ўваскрашэньне, памятаючы ўваскрасеньне Ісусам Лазара, які, на той момант, чатыры дні праляжаў у магіле. Таму яны і спадзяваліся на Пятра – галоўнага з апосталаў Ісуса. І Бог адказаў на малітвы вучняў, бо дапамагаючы ім у іхніх патрэбах, Ён, адначасова, умацоўваў у іхніх сэрцах эвангельскую веру.

Такім чынам выяўляецца багаты плод ад зьдзейсьненага Госпадам цуда. Бог суцешыў бедных і вярнуў Царкве дабрачынную хрысьціянку, а з гэтым заклікаў многіх да веры ў Ісуса Хрыста. Пётр жа, праз якога Госпад стварыў гэты цуд, не трымае людзей пры сабе і для сябе, але ўсім сваім жыцьцём накіроўвае іх да Ісуса Хрыста.

Адзначым яшчэ адзін момант у гэтай гісторыіі, якую распавёў нам Лука. Табіта, нейкім чынам, атаясамляе многіх і многіх жанчын хрысьціянак, якія былі ў-ва ўсе вякі і якія рабілі ўсё што маглі ў славу Госпада Ісуса Хрыста. Калі б ня Пётр, яна, магчыма, і не папала б на старонкі Новага Запавету. Яны, гэтыя жанчыны, у веры і надзеі, у скрухе і радасьці, несьлі сваё служэньне астатнім людзям як выкананьне Эвангельля, накіроўваючы свае здольнасьці і стараньне ў славу Божую. Лука робіць тут вельмі вялікую справу, калі зьвяртае нашую ўвагу ня толькі на падзеі сусьветнага масштабу, але і на гэтыя, з выгляду дробныя, каб мы не забывалі пра такіх простых хрысьціянаў, якія і фармуюць самое сэрца Царквы.

Пасьля ўваскрасеньня Табіты, Пётр застаецца ў гэтым горадзе на пэўны час і знаходзіцца тут як апостал да таго часу, пакуль Бог не пакліча яго ў нейкае іншае месца. Але ён не застаецца ў доме заможнай жанчыны Сарны, а пасяляецца ў Сымона, гарбара – звычайнага рамесьніка. Мы бачым з гэтага прыклад сьціпласьці з боку Пятра. Але і ня толькі, бо ўспамін пра рамяство Сымона, мае асобны сэнс. Юдэі лічылі гарбарства справай нячыстай, бо кантакт з трупамі жывёлаў апаганьваў прававернага юдэя. І той факт, што Пётр жыў у гэтага Сымона кажа пра тое, што ён ужо адрываўся ад гэтых юдэйскіх забабонаў.


Рецензии