Деяния 14 1-28

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 14:1-28

Небясьпека для жыцьця, якая стварылася ў Антыёхіі Пісідзскай, прывяла Паўла і Барнабу ў горад Іконію, які знаходзіўся прыкладна ў 140 км. на ўсход ад Антыёхіі. Гэта быў старажытны горад, які меў гісторыю нават большую за Дамаск. Іконія - фрыгійскі горад, які, у свой час, грэкі зрабілі горадам-дзяржаваю (полісам). У больш жа позьні час, пры цэзары Аўгусьце, гэты горад зрабіўся адміністрацыйным цэнтрам Галятыі - правінцыі імперыі Рыма.


Дзеі 14:1-7
«Сталася ж у Іконіі, што ўвайшлі яны разам у сынагогу юдэйскую і гаварылі гэтак, што паверыла вялікае мноства юдэяў і грэкаў. А юдэі, якія ня верылі, паднялі і раз’юшылі супраць братоў душы паганаў. Аднак яны былі там даволі часу, адважна гаворачы пра Госпада, Які сьведчыў пра слова ласкі Сваёй і чыніў знакі і цуды праз рукі іхнія. І падзялілася мноства ў горадзе, і адны былі з юдэямі, а другія - з апосталамі. А калі пагане і юдэі з начальнікамі сваімі намерваліся зьняважыць і ўкаменаваць іх, яны, даведаўшыся, уцяклі ў гарады Лікаонскія Лістру і Дэрбу, і ў ваколіцу, і былі там, дабравесьцячы» (Дзеі 14:1-7).

У Іконіі, як і ў іншых месцах, дзе меліся сынагогі, Паўлу і Барнабе дазволілі прапаведаваць згодна звычаям, якія існавалі ў тыя часы сярод юдэяў. Сьвяты Дух умацаваў іхняе слова такой сілаю, што вялікае мноства юдэяў і грэкаў паверыла ў Госпада Ісуса, што вельмі не спадабалася той частцы юдэяў, якія адмовіліся прыняць Добрую Вестку пра Ісуса Мэсію. Заўважым і падкрэсьлім, што незадаволеныя юдэі падбухторылі супраць прапаведнікаў паганаў. Лука ўжо неаднаразова паказваў, ды і яшчэ пакажа, што няверуючыя юдэі, як арганізатары ганеньняў, часьцей за ўсё дзейнічалі не сваімі рукамі, а падбухторвалі дзеля гэтага іншых людзей. Так і зараз, яны «майстэрскі» выкарысталі паганаў, каб зьдзейсьніць свае бязбожныя планы.

Але нягледзячы на тое, што становішча даволі сур’ёзна напружваецца, Павал і Барнаба мужна працягвалі казаць у імя Госпада, Які пацьверджваў тое, што іхняя пропаведзь ад Бога, даючы ім здольнасьці зьдзяйсьняць знакі і цуды. Наогул знакі і цуды – гэта словы, якія выяўляюць звышнатуральныя падзеі. Слова «знак» азначае, што ў падзеі зьмястуецца пэўны ўрок, у той час як «цуд» павінен выклікаць пачуцьце сьвятога трапятаньня. Усё гэта так, але галоўнае тое, што сітуацыя ў горадзе становілася небясьпечнай, бо выразна вызначыліся две непрымірымыя групоўкі. Юдэі і тыя, што былі на баку Паўла і Барнабы. У выніку няверуючыя з паганаў і юдэі справакавалі сутычку, каб забіць апосталаў. Лука кажа, што, даведаўшся пра гэта, яны ўцяклі ў Лікаонскія Лістру і Дэрбу, дзе, як заўсёды, дабравесьцілі. Мы павінны адзначыць, што, апісваючы гэтыя гістарычныя падзеі, Лука намагаецца быць дакладным ва ўсім калі кажа: «Лікаонскія гарады Лістра і Дэрба».Справа ў тым, што Іконія таксама была «лікаонскім» горадам, але насельніцтва яго, пераважна, складалі фрыгійцы. У Лістры і Дэрбы ж размаўлялі па лікаонскі. Але чаму іхняе дабравесьце не «даходзіла»да значнай частцы тагачасных юдэяў?

Паставім пытаньне наступным чынам. Пропаведзь Паўла ў Антыёхіі Пісідзкай нейкім чынам падобна на пропаведзь Пятра ў дзень Пяцідзясятніцы. Адны ўзрадаваліся, а іншыя абурыліся. Вестка Паўла, як і Пятра складаецца з таго, што Божыя абяцаньні выконваюцца ў Ісусе і праз Ісуса як Мэсію Ізраіля ня толькі для Ізраіля, але і для ўсяго астатняга сьвету. Ізраіль - гэта гебраі Юдэі, Галілеі і дыяспары, якая была раскінута па многіх мясьцінах тагачаснай рымскай імперыі. Мэсія - для Ізраіля, а праз Яго - гэта і дабраславеньне для сьвету. Адны гэта зразумелі, а іншыя не. А калі і разумелі, дык вось гэтае адчуваньне прыніжэньня своеасаблівасьці перад паганамі (тым больш неабрэзанымі), фармавала з іх партыю ваяўнічых супернікаў пропаведзі Дабравесьця. Лука паказвае нам, што менавіта сярод дыяспары адбываюцца найбольш жорсткія выпадкі супраціву пропаведзі Паўла, Барнабы, ды і (і ў гэтым наўрад ці ёсьць сумненьні) іншых прапаведнікаў. Сучаснае хрысьціянства таксама мае і будзе мець такія вось партыі супраціву, бо калі нашае Эвангельле жывое, заўсёды будуць зачэплены чужыя інтарэсы. Жыцьцё ж і пропаведзь Паўла ды Барнабы заўсёды павінны быць усім нам жывым прыкладам.


Дзеі 14:8-20
«І нейкі чалавек у Лістры, немачны на ногі, сядзеў, бо ад чэрава маці сваёй быў кульгавы і ніколі не хадзіў. Ён слухаў Паўла, які гаварыў, і той, глянуўшы на яго і бачачы, што ён мае веру дзеля збаўленьня, сказаў моцным голасам: “Стань на ногі твае проста!” І ён падскочыў і хадзіў. А натоўп, бачачы, што зрабіў Павал, падняў голас свой, кажучы па лікаонску: “Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас!” І назвалі Барнабу Зэўсам, а Паўла - Гермэсам, бо ён быў правадыром у слове. А сьвятар Зэўса, што стаяў перад горадам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі да брамаў, хацеў разам з натоўпам закалоць іх у ахвяру. Апосталы ж Барнаба і Павал, пачуўшы пра гэта, разьдзёршы адзеньне сваё, кінуліся ў натоўп, крычучы і кажучы: “Мужы! Што вы гэта робіце? І мы падобныя да вас людзі, якія дабравесьцім вам, каб адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога Жывога, Які стварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі, ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя!” І, гаворачы гэтае, ледзь супакоілі натоўп, каб не заколвалі ахвяры для іх. А з Антыёхіі Іконіі прыйшлі юдэі і, намовіўшы народ і ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі яго за горад, думаючы, што ён памёр. Калі ж акружылі яго вучні, ён, устаўшы, увайшоў у горад і на заўтра выйшаў з Барнабам у Дэрбу» (Дзеі 14:8-20).

У Лістры з Паўлам і Барнабай адбыўся даволі дзіўны, а нават і трагікамічны выпадак. Гісторыі, падобныя той, якая адбылася з прапаведнікамі-місіянэрамі ў Лістры, адбываліся і на працягу многіх стагодзьдзяў пасьля, калі хрысьціяне, у місіянэрскіх падарожжах, намагаліся эвангелізаваць розныя плямёны гэтага сьвету. Выпадак жа з Паўлам і Барнабай можа казаць пра тое, што ў гэтым горадзе не было сынагогі, бо людзі адзінадушна верылі ў антычных багоў, якія, у чалавечым выглядзе, быццам бы калісьці зьявіліся ў гэтым горадзе. І гэтымі багамі былі Зэўс і Гермэс. Міт, які добра ведалі жыхары, казаў пра тое, што ніхто не прыняў іх, акрамя старога селяніна Філямона і ягонай жонкі Баўкіі. За гэта багі строга пакаралі насельніцтва горада, а Філямона і Баўкію зрабілі вартаўнікамі цудоўнага храму. Пасьля ж іхняй сьмерці, яны абярнуліся ў два вялікія дрэвы. І таму ня дзіўна, што калі Павал аздаравіў хворага, жыхары Лістры вырашылі не паўтараць былых памылак. Барнаба - чалавек больш сталы і таму больш падыходзіў на ролю Зэўса. Гермэс жа быў весьнікам багоў, а таму што Павал асноўным прапаведнікам, жыхары Лістры вызналі яго за Гермэса.

Што было далей? Мы бачым, як Павал і Барнаба прыклалі нямала намаганьняў, каб упэўніць жыхыроў гэтага горада, што гэта зусім ня так і яны зусім не багі. Лука кажа, што прамаўлялі да лістраўцаў абодва апосталаў, а ня толькі, як звычайна, Павал. І іхняя пропаведзь не была нейкай эвангелізацыйнай. Яна была звычайнай юдэйскаю пропаведзьдзю пра адзінага Бога, Які стварыў неба і зямлю і Які дае ўсім людзям дажджы і ўраджай, напаўняючы сэрцы людзей радасьцю. Зьвярнем увагу на тое, што Павал і Барнаба не цытавалі гэтым паганам Стары Запавет, бо яны яго наўпрост ня ведалі. Яны ж распавялі ім гісторыю стварэньня, якая заўсёды цікавіла кожнага чалавека. Апосталы патлумачылі, што Бог даў магчымасьць кожным народам хадзіць сваімі шляхамі, але, тым ня меньш, Ён любіць іх, даючы ім усё для іхняга жыцьця. Пропаведзь апосталаў узымела свой вынік і жыхары Лістры, адмовіліся, хаця і неахвотна (бо была магчымасьць пасьвяткаваць з засмажанымі ахвярнымі валамі) ад таго да чаго іх заклікалі служыцелі Зэўса. Але нерпыемнасьці для апосталаў яшчэ ня скончыліся.

Лука кажа, што ў Лістру прыйшлі юдэі з Антыёхіі Пісідзскай і Іконіі дзеля таго, каб пакараць прапаведнікаў. Прыйшлі да паганаў, якім Павал і Барнаба выказалі толькі тое, што б выказалі і яны самі. Толькі пра адзінага Бога жывога. Але. Юдэі намовілі народ супраць апосталаў і прынялі ўдзел супраць іх і самі. Але чаму здарылася менавіта так? Юдэі прыйшлі помсьціць за іхнюю мінулую пропаведзь і за тое, што яны ўцяклі ад іхняга рашэньня іх ўкаменаваць. А што пагане? Чаму яны падтрымалі тых, каго не разумелі? Яны сустрэлі апосталаў як багоў, але яны, як пацьвердзілі юдэі, апынуліся нейкімі шарлатанамі, якія, дарэчы, «спаганілі» ўвесь гэты дзень. І вось вынік. Павал, зьбіты камянямі, тым ня меньш устаў па-за горадам, каб ісьці далей у Дэрбу. Ці быў Павал сапраўды памершым пасьля таго, як яго пабілі каменьнямі? Калі ў другім лісьце да Карынцянаў узгадваецца пра гэта, дык Павал сам дакладна пра гэта ня ведае: «Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць год таму, ці ў целе - ня ведаю, ці па-за целам - ня ведаю, Бог ведае, быў падхоплены да трэцяга неба» (2 Кар 12:2). Мы можам сказаць толькі тое, што аздараўленьне Паўла было цудоўным. Ці ня Ісус Хрыстос быў з ім, калі пасылаў яго ў гэтую небясьпечную, але такую неабходную вандроўку?


Дзеі 14:21-28
«І дабравесьціўшы гэтаму гораду, і навучыўшы многіх, яны вярнуліся ў Лістру і Іконію, і Антыёхію, умацоўваючы душы вучняў, просячы трываць у веры і што шмат мукаў мусім мы ўвайсьці ў Валадарства Божае. А рукапалажыўшы ім старостаў у кожнай царкве, яны, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога яны паверылі. І, прайшоўшы праз Пісідзію, прыйшлі ў Памфілію. І, прамовіўшы слова ў Пэргіі, зыйшлі ў Аталію. Адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі. Прыйшоўшы і сабраўшы царкву, яны расказалі, што ўчыніў з імі Бог і як расчыніў дзьверы веры паганам. І былі яны там немалы час з вучнямі» (Дзеі 14 21-28).

Як мы бачым, апосталы не зьвярталі ўвагі на абставіны асабістай бясьпекі. Лістра, Іконія і Антыёхія - гэта той шлях, на якім Павал і Барнаба сустрэлі вялікі негатыў з боку юдэяў, а Павал, нават, быў пабіты камянямі. Але, у той жа час, яны пасеялі на гэтым шляху семя Эвангельля, якое дало неблагі плод. Утварыліся хрысьціянскія цэрквы, да якіх і прыйшлі апосталы з Дэрбы, каб умацаваць душы і веру хрысьціянаў у гэтых цэрквах. Калі служэньне місіянэраў ў Лістры завяршылася, яны наведалі Іконію і Антыёхію Пісідзкую, дзе ўжо былі заснаваныя хрысьціянскія цэрквы. Мэтаю іхняга наведваньня на гэты раз было ня толькі эвангелізацыя, але, у першую чаргу, праца з нованавернутымі хрысьціянамі. Эвангелізацыя - гэта толькі першы этап працы для Госпада, другім і абавязковым этапам служэньня было і ёсьць умацаваньне навернутых у веры, тлумачачы ім вучэньне пра Царкву Хрыста і яе месца ў Божым плане збаўленьня. З чаго ж складалася гэтае настаўленьне?

Першае. Трэба было ўмацаваць душы вучняў Хрыста ў веры праз разуменьне Слова Божага. Павал кажа пра гэта ў сваім лісьце да Каласянаў: «Якога мы прапаведуем, настаўляючы ўсякага чалавека і вучачы ўсякага чалавека ўсякае мудрасьці, каб нам паставіць усякага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе, дзеля чаго я і працую, змагаючыся паводле дзеяньня Яго, якое дзейнічае ў-ва мне магутна» (Кал 1:28¬29).

І другое. Апосталы настаўлялі іх знаходзіцца ў веры, нягледзячы на многія мукі, якія яшчэ будуць на ўваходзе ў Божае Валадарства. Так, чалавек уваходзіць у Божае Валадарства праз нараджэньне звыш, бо ганеньньні і мукі не збаўляюць. Але ж шлях да гэтага, як кажа Павал, поўны мукаў: «Гэты Дух сьведчыць духу нашаму, што мы - дзеці Божыя. А калі дзеці, дык і спадкаемцы, спадкаемцы Божыя, суспадчыньнікі Хрыста, калі церпім з Ім, каб з Ім і ўславіцца. Бо лічу, што пакуты цяперашняга часу ня вартыя тае славы, што мае адкрыцца ў нас» (Рым 8:16-18).

Адначасова з гэтым настаўленьнем апосталы рабілі рукапалажэньне старостаў у кожнай царкве, якія стварыліся за гэты час. І гэта вельмі цікавы момант у дзейнасьці першахрысьціянскіх цэркваў. Мы ня бачым у Лукі тое, што апосталы, стварыўшы царкву, тэрмінова прызначалі старосту і ішлі далей. Не. Усё было, як бы мовіць, «эвалюцыйна». Цэрквы самі самаўсталёўваліся і вызначалі свайго лідара ¬ старосту. Логіка падказвае нам, што гэтыя лідары (напэўна ў большасьці) былі гебраямі, якія «выйшлі» з сынагогаў, а таму добра велалі Пісаньне. Гэта пацьверджвае і сам Павал у сваім першым лісьце да Цімафея, калі пералічвае жыцьцёвыя якасьці, якія павінен мець кіраўнік царквы: «Мусіць быць не з нованавернутых, каб, узьбіўшыся ў пыху, ня трапіў пад прысуд з д’яблам» (1 Цім 3:6). Чаму мы спасылаемся менавіта на гэты верш? Таму што Цімафей паходзіў з Лістры і, ня будучы гебраем, але, атрымаўшы сур’ёзную падрыхтоўку пад кіраўніцтвам Паўла, быў (як гэта бачыцца) кіраўніком галятыйскіх цэркваў. Што ж тычыцца часу сёняшняга, дык нічога прынцыпова зьмяніцца і не павінна. Мы ведаем з пасланьняў Паўла да Цімафея і Ціта, якімі якасьцямі павінны валодаць кіраўнікі царквы. Такім чынам, кожная царква павінна ўмець распазнаваць сярод сябе людзей, якія адпавядаюць патрабаваньням, якія прад’яўляе Бог служыцелям Сваёй Царквы.

Пасьля таго, як Павал і Барнаба маліліся з постам, яны перадавалі цэрквы (і старостаў) ў рукі Госпада. І гэта вельмі важная дэталь апавяданьня Лукі. Місіянэры ня мелі магчымасьці падоўгу заставацца на адным месцы, каб грунтоўна ўдзельнічаць у жыцьці і настаўленьні царквы. Але паглядзем на вынікі. Цэрквы пасьпяхова існавалі, хаця і не без праблемаў, што мы бачым з лістоў апостала Паўла да першахрысьціянскіх цэркваў. Справа ж Госпада пасьпяхова разьвівалася і пашыралася, дзякуючы магутнай сіле Сьвятога Духа. І гэтая сіла праяўлялася ў жыцьці людзей, падобных Паўлу і Барнабе, якія, сваім прыкладам, вялі людзей да Ісуса Хрыста. Іхняя пропаведзь - гэта каштоўнейшае служэньне Таму, Хто памёр за ўсіх нас, за нашае збаўленьне.

Павал і Барнаба ня скончылі на гэтым сваю першую місіянэрскую вандроўку і пайшлі праз Пісідзію ў Памфілію, а адтуль, прыйшоўшы ў Пэргію прапаведывалі там. І калі яны праз Аталію дабраліся морам ў Антыёхію Сірыйскую, іх сустрэла царква, адкуль апосталы выйшлі ў гэтае місіянэрскае падарожжа. Павал і Барнаба распавялі царкве, як Бог шчодра адчыніў дзьвер веры пагаам. Такім чынам скончылася першая місіянэрская вандроўка Паўла і Барнабы, якая працягвалася каля двух гадоў. Дасьледчыкі падлічылі, што яны, пад час вандроўкі, прайшлі пешкам калі 1000 км. і праплылі па мору каля 700 км. Важнейшае значэньне працы апосталаў у тым, што дзякуючы ім быў, у цэлым, разбураны «мур», які падзяляў юдэяў і паганаў, хаця наперадзе быў яшчэ першы Ерусалімскі сабор, які павінен быў замацаваць гэтае дасягненьне. А Павал і Барнаба, будучы ў Антыёхіі, убачылі Божае дабраславеньне у сваім служэньні для Яго. Яны атрымалі адносны адпачынак, але дзейны Павал, ведаючы праблемы галятыйскіх цэркваў, піша да іх свой першы ліст, які атрымае ў Новым Запавеце афіцыйную назву - Пасланьне да Галятаў. Лука ж дае нам нейкі час на разважаньне таго, што ён распавёў нам у гэтым разьдзеле і запрашае нас у далейшае падарожжа па старонках сваёй цудоўнейшай кнігі.


Рецензии