Деяния 19 1-41

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 19:1-41

Эфэс стаўся тым месцам, адкуль пачыналіся маршруты Паўла пад час яго трэцяй місіянэрскай вандроўкі. Горад быў знакаміты сваім храмам Артэміды (адзін з сямі цудаў старажытнага сьвету), які, сваімі памерамі, ў чатыры разы перавышаў Парфенон у Атэнах. Эфэс быў буйным гандлёвым цэнтрам і галоўным горадам правінцыі Азія. Але гісторыя не пашкадавала яго, бо, з цягам часу, рака Кэйстэр, на якой стаяў горад, занесла ілам ягоную гавань, і гэтае месца прыйшло ў запусьценьне. Але ў часы апостала Паўла, гэта быў буйны і квітнеючы горад.


Дзеі 19:1-10
«Сталася ж, калі Апалёс быў у Карынце, што Павал, прайшоўшы вышэйшыя краіны, прыйшоў у Эфэс і, знайшоўшы некаторых вучняў, сказаў да іх: “Ці прынялі вы Духа Сьвятога, паверыўшы?” Яны ж сказалі яму: “Але ж мы ня чулі, ці ёсьць Сьвяты Дух”. І ён сказаў да іх: “Дык у што вы хрысьціліся?” Яны ж сказалі: “У хрышчэньне Янавае”. А Павал сказаў: “Ян хрысьціў хрышчэньнем навяртаньня, кажучы народу, каб верылі ў Таго, Які ідзе за ім, значыць у Хрыста Ісуса”. Пачуўшы ж, яны былі ахрышчаныя ў імя Госпада Ісуса. І, як усклаў Павал рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і гаварылі мовамі, і прарочылі. А было іх усіх каля дванаццаці мужоў. Увайшоўшы ж у сынагогу, ён адважна гаварыў тры месяцы, вядучы гутаркі і перконваючы пра Валадарства Божае. А як некаторыя закамянелі і ня верылі, праклінаючы гэты шлях перад мноствам, Павал, адышоўшы ад іх, аддзяліў вучняў, штодня ведучы гутаркі ў школе нейкага Тырана. Дзеялася ж гэта два гады, так што чулі слова Госпада Ісуса ўсе жыхары Азіі, юдэі і грэкі» (Дзеі 19:1-10).

Пад вышэйшымі краінамі, з якіх Павал прыйшоў у Эфэс, маюцца на ўвазе нагорныя тэрыторыі, унутраныя правінцыі Малой Азіі - Фрыгія і Галятыя, якія знаходзіліся паўночней Эфэсу. Адразу ж па прыбыцьці Павал сустрэўся з некаторымі вучнямі (чалавек каля дванаццаці), якія ведалі Мэсію, але як бы заставаліся ў першым класе школы Хрыста пад кіраўніцтвам Ягонага малодшага настаўніка - Яна Хрысьціцеля. Яны ня ведалі Духа Сьвятога. Якая ж розьніца паміж хрышчэньнем Янавым і хрышчэньнем у імя Ісуса Хрыста? Пропаведзь Яна істотна адрозьніваецца ад пропаведзі Ісуса, бо пропаведзь Яна гучала пагрозай, а пропаведзь Ісуса была дабравесьцем.

Пропаведзь Хрысьціцеля зьяўлялася прыступкам на шляху Таго, Хто ішоў за ім. Але гэты прыступак ёсьць рэч неабходная, бо шлях да веры мае два прыступкі. На першым мы ўсьведамляем сваю бездапаможнасьць і асуджанасьць. Гэты прыступак зьвязаны з жаданьнем добрых учынкаў, але гэта выніку ня мае, бо чалавек мае спадзяваньне на свае асабістыя высілкі. На другім жа прыступку мы ўсьведамляем, што нашае абвінавачваньне можа быць зьнятым толькі ласкаю Ісуса Хрыста. З гэтым другім прыступкам непарыўна зьвязана ўсьведамленьне, што нашыя асабістыя высілкі кіруюцца і ўзмацняюцца Сьвятым Духам. Менавіта з Ім мы можам зрабіць тое, на што, самі па сабе, не зьяўляемся здольнымі. Гэтыя дванаццаць вучняў, якіх сустрэў Павал у Эфэсе, усьведамлялі сваю асуду, як і маральны доўг жыць лепш, але яны ня ведалі ні ласкі Хрыста, ні дапамогі Сьвятога Духа. Іхняя рэлігія вылівалася ў асабістую барацьбу з самімі сабою, а таму яны ня мелі ўнутранага супакою і міра. Усё зьмянілася пасьля сустрэчы з апосталам Паўлам, бо яны зразумелі, што ня можа быць сапраўднага хрысьціянства без прысутнасьці Сьвятога Духа.

Калі Павал наведаў Эфэс упершыню, ён абяцаў юдэям у сынагозе, што вернецца да іх, калі будзе на гэта Божая воля. І вось Павал зноў у Эфэсе. Ён зноў ідзе ў сынагогу і, на прыцягу трох месяцаў, пераконвае юдэяў пра Божае Валадарства. Ён гутарыць з імі, зьвяртаючыся да розуму і ўпэўнівае юдэяў вераю прыняць Хрыста Мэсію. І тут трэба заўважыць, што Павал не прапаведаваў Эвангельле Валадарства, бо пра гэта дабравесьціў Ісус Хрыстос, Які ў будучым працягне гэтую пропаведзь. Павал жа казаў пра Валадарства Божае, якое ўжо зараз прысутнічае ў сьвеце, напаўняючы сабою сэрцы хрысьціянаў.

Тры месяцы пропаведзі і гутарак у сынагозе - выпадак у служэньні Паўла ўнікальны. Магчыма, жывучы ў такім вялікім і касмапалітычным горадзе як Эфэс, юдэі былі больш цярплівыя, але і гэтаму часу прыйшоў канец. Некаторыя юдэі, якія ня верылі пропаведзі Паўла паўсталі супраць яго, праклінаючы гэты шлях да Валадарства перад народам. Можна быць упэўненым, што Паўла ня вельмі зьдзівіла рэакцыя гэтых юдэяў і ён, з пачуцьцём выканага абавязку, сыйшоў з сынагогі, разам з вучнямі, у іншае месца.

Павал пачаў іх вучыць кожнадзённа ў школе нейкага Тырана, які, па ўсёй верагоднасьці, быў грэкам і валодаў гэтай школай, даючы ў ёй урокі філасофіі і рыторыкі. Гісторыкі сьцьвярджаюць, што існуюць грэцкія сьвіткі, якія пацьверджваюць гэты факт. Становіцца вядомым, што Павал вучыў у гэтай школе з 11 гадзін раніцы да 4 гадзін папаўдні. Чаму так? Таму што гэта быў самы сьпякотны час, калі жыцьцё горада з-за гэтага замірала і памяшканьне было вольным. Кажуць, што ў 1 гадзіну папаўдні ў Эфэсе адпачывала больш людзей, чым у 1 гадзіну ночы. Па ўсёй верагоднасьці, з ранку і ў вечары, Павал займаўся добра знаёмым яму рамяством. Тым больш, што Акіла і Прыскіла былі побач, а мы ведаем і тое, яны ўжо працавалі разам у Карынце. Павал вельмі сур’ёзна ставіўся да гэтага навучаньня, а хрысьціяне, у сваю чаргу, рупліва ставіліся да вучэньня Паўла, не губляючы магчымасьці вучыцца ў той час, калі іншыя людзі адпачывалі. Прыклад для ўсіх тых, каму «не хапае часу» для вывучэньня Божага Слова. Нам жа можна ўпэнена казаць, што Лука паказвае нам першую добра арганізаваную хрысьціянскую школу па падрыхтоўцы праведнікаў і лідараў царквы. Каля двух гадоў апостал гатаваў вучняў, пасылаючы іх прапаведаваць іншым. Менавіта такім чынам, па ўсёй правінцыі Азія, жыхары і пачулі пропаведзі пра Госпада Ісуса. Як юдэі, так і эліны. Але ня толькі гэтым адзначыўся Павал сваім служэньнем ў Эфэсе.


Дзеі 19:11-22
«І Бог чыніў незвычайныя цуды праз рукі Паўла, так што хусткі і паясы ад цела ягонага ўскладалі на нядужых, і пакідалі іх хваробы, і духі злыя выходзілі з іх. А некаторыя з вандроўных эгзарцыстаў юдэйскіх немагаліся над апанаванымі злымі духамі называць імя Госпада Ісуса, кажучы: “Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Павал”. Былі ж нейкія сямёра сыноў Скевы, першасьвятара юдэйскага, якія рабілі гэта. А злы дух, адказваючы, сказаў: “Ісуса ведаю, і Павал вядомы; а вы хто будзеце?” І чалавек, у якім быў злы дух, кінуўшыся на іх і апанаваўшы іх, адолеў іх, так што яны голыя і параненыя ўцяклі з таго дому. Гэта сталася вядомым юдэям і грэкам, што жылі ў Эфэсе, і ахапіў страх іх усіх, і ўзьвялічылася імя Госпада Ісуса. І многія з тых, што паверылі, прыходзілі, вызнаючыі апавядаючы ўчынкі свае, і даволі з тых, што займаліся непатрэбнымі вучэньнямі, папрыносіўшы кнігі, спалілі перад усімі, і палічылі кошт іхні, і знайшлі пяцьдзясят тысячаў срэбнікаў. З гэткай моцай расло і крапчэла слова Госпадава. А калі гэта споўнілася, Павал палажыў у духу ісьці ў Ерусалім, прайшоўшы Македонію і Ахаю, кажучы: “Пабыўшы там, мушу я і Рым убачыць”» (Дзеі 19:11¬22).

Цуды, створаныя Госпадам праз Паўла, вельмі падобныя да тых, якія былі дадзеныя апосталу Пятру: «А тых, што вераць у Госпада, дадавалася яшчэ больш, мноства мужчынаў і жанчынаў, так што выносілі хворых на вуліцы і лажылі на ложках і насілках, каб хоць цень Пятра, які ішоў, ацяніў каго з іх» (Дзеі 5:14-15). І таму няма сумненьня ў тым, што на Паўлу была дабраслаўляючая рука Госпада. Відавочна, што хусткі і паясы апостала Бог зрабіў адчуваемымі сымбалямі Сваёй сілы, якую Ён выяўляў праз Паўла, бо самыя гэтыя рэчы ніякай Божай сілы ня мелі. Мы павінны зразумець, што Госпад заўсёды шукае рукі і сэрцы, каб выкарыстаць іх, бо самастойна мы няздольныя на гэта, але, аддаючы нашыя сэрцы Госпаду, Ён можа выкарыстаць нас у справах, якія Ён вызначыў для гэтага сьвету. Але хапае ў гэтым сьвеце і тых, хто хоча выкарыстаць імя Госпада ў сваіх карысных мэтах і сваёй асабістай значнасьці.

Лука паказвае нам каларытны эпізод эфэскага жыцьця, бо тамтэйшыя людзі верылі, што хваробы і немачы выклікаюцца злымі духамі, якія пасяліліся ў целе чалавека. І таму выгнаньне гэтых духаў было звычайным рамяством многіх людзей. Калі заклінальнік ведаў імя духа мацнейшага за таго, які быў у целе хворага, дык ён перамагаў апошняга і выганяў яго. Розум чалавека - дзіўная рэч, але Божая міласэрнасьць можа прымаць на ўвагу нават і рэлігійныя забабоны. Але некорыя эгзарцысты (маюцца на ўвазе вандроўныя з Юдэі), бачачы як Павал выганяе зь нядужых злых духаў імем Ісуса Хрыста, вырашылі выкарыстаць гэта і ў сваёй практыцы, не разумеючы галоўнага. Не Павал выганях духаў, а Ісус, Які дзейнічаў праз Паўла.

Гэтая ж сямёрка эгзарцыстаў мусіла «прыстасаваць» Ісуса да сваёй справы, якая прыносіла ім грошы і, па ўсёй верагоднасьці, не малыя. Гэта рабілі сем сыноў, як кажа Лука, нейкага першасьвятара Скевы, якія зараблялі на пражыцьцё эгзарцызмам. Ці сапраўды гэты Скева быў першай сьвятарскай асобай у Ерусаліме невядома. Хутчэй за ўсё ён быў адным з начальнікаў сьвятарскіх чэргаў, якія служылі ў Ерусалімскім храме. Сем сыноў, які не пайшлі бацькавым шляхым. Не адзін нейкі «блудны» сын, а сямёра. Унікальная зьява для гебрайскага грамадзтва, хаця Стары Запавет і прыводзіць нам прыклад праведнага Ёва, шматлікія дзеці якога вялі няправеднае жыцьцё. Унікальнасьць гэтага яшчэ і ў тым, што юдэі займаліся чараўніцтвам і эгзарцызмам. Неверагодная справа. Так, мы памятаем самараніна Сымона, які прынёс грошы Пятру, каб той даў яму ўладу Сьвятога Духа. Мы памятаем і паганаў, якія займаліся падобным рамяством, але толькі ня юдэя. Але рацыянальны Лука палічыў неабходным паказаць нам і гэты надзвычайны факт.

Гэтыя юдэі, пры выгнаньні шэраговага злога духа казалі: «Заклінаем Ісусам, Якога абвяшчае Павал». Заклінаем Ісусам. Неверагоднае словаспалучэньне як па форме, так і па сэнсу, бо ні адзін сапрадны хрысьціянін да гэтага дадумацца ня мог бы. Гэтыя словы раззлавалі нават і гэтага дэмана, які пагаджаецца з уладаю Ісуса Хрыста і Ягонага апостала Паўла. І як вынік, апанаваны чалавек атрымаў ад дэмана такую неверагодную сілу, што жорстка зьбіў усіх семярых братоў-эгзарцыстаў. Безумоўна ж, што гэты выпадак імгненна стаў вядомым па ўім горадзе, а тых, хто займаўся падобным рамяством, ахапіў страх і многія з іх пакаяліся, вызнаючы свае ўчынкі. Больш таго, папрыносіўшы свае чараўнічыя кнігі, яны прылюдна спалілі іх налічыўшы немалы кошт гэтых кнігаў - пяцьдзясят тысячаў срэбнікаў. Вельмі яскравая праява Божай сілы. Але Лука кажа пра грошы, а гэта трывожны званочак у апавяданьні аўтара і мы павінны падгатавацца да нейкіх непрыемных падзеяў. Як і ў Філіпах, бо калі дабравесьце кранае фінансавыя пытаньні, небясьпека не прымушае сябе чакаць.


Дзеі 19:23-41
«У гэты ж час сталася хваляваньне немалое што да шляху Госпадава, бо нейкі залатар, на імя Дэмэтры, што рабіў срэбныя бажніцы Артэміды і даваў майстрам немалы заробак, сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў такога самага рамяства, сказаў: “Мужы, вы ведаеце, што гэтае работы - наш дабрабыт. І вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Павал, пераканаўшы, даволі народу адвярнуў, кажучы, што гэта ня богі, якія рукамі зробленыя. А гэта ня толькі пагражае, што нашае рамяство прыйдзе ў заняпад, але і што сьвятыня вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, і зьнішчыцца веліч тае, якой пакланяецца ўся Азія і ўвесь сусьвет”. Пачуўшы ж гэта і напоўніўшыся ярасьцю, яны закрычалі: “Вялікая Артэміда Эфэская!” І ўвесь горад напоўніўся ўзрушэньнем, і падхапіўшы Гая і Арыстарха, македанцаў, спадарожнікаў Паўла, рынуліся аднадушна ў тэатр.

А калі Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не дазволілі яму. І некаторыя з начальнікаў Азійскіх, якія былі сябрамі ягонымі, паслаўшы да яго, прасілі не ісьці ў тэатр. Дык кожны крычаў нешта сваё, бо збор быў узрушаны, і большасьць ня ведала, дзеля чаго сабраліся. А з натоўпу паклікалі Аляксандра, якога выпхнулі юдэі. Аляксандр жа, зрабіўшы знак рукою, хацеў адказваць перад народам. Калі ж даведаліся, што ён юдэй, узьняўся крык у адзін голас, і крычалі каля дзьвух гадзінаў: “Вялікая Артэміда Эфэская!” Пісар жа, суцішыўшы натоўп, кажа: “Мужы Эфэсцы! Які ж чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служыцелем вялікае багіні Артэміды і Дыяпэта? А як гэта бяспрэчна, вы мусіце суцішыцца і нічога неразважна не рабіць. Бо вы прывялі гэтых мужоў, якія ані сьвятыні не абакралі, і ня блюзьнілі супраць багіні вашае. Дык калі Дэмэтры і майстры, што з ім, маюць супраць некага слова, ёсьць суды і ёсьць праконсулы, няхай адны адных абвінавачваюць. А калі шукаеце нечага іншага, няхай будзе вырашана на законным зборы. Бо мы ў небясьпецы быць абвінавачанымі ў паўстаньні дзеля сёняшніх падзеяў, ня маючы ніякае прычыны, каб магчы даць справаздачу пра гэты сход”. І, сказаўшы гэта, распусьціў збор» (Дзеі 19:23-41).

«З гэткай моцай расло і крапчэла слова Госпадава» (Дзеі 19:20). Гэтыя словы Лукі кажуць пра той цудоўны плод школы Паўла, які на працягу двух гадоў выхоўваў новых прапаведнікаў слова Госпадава. Дзякуючы гэтаму ўся правінцыя Азія даведалася пра Ісуса Хрыста. І зусім ня дзіўна, што памяньшэньне колькасьці паганаў непрыемна кранула некаторых зацікаўленых асобаў. Асабліва тых, чыё рамяство і дабрабыт залежалі ад захаваньня культа Артэміды. І вось Лука выводзіць на сцэну нейкага залатара Дэмэтра, які спецыялізаваўся на вырабу срэбных сувенірных мадэлях храму Артэміды Эфэскай і продажу іх шматлікім паломнікам і вандроўнікам, якія прыходзілі пакланіцца багіні Артэміды. Наогул імя Артэміды насілі дзьве багіні. Адна - нявіньніца Артэміда, багіня паляваньня, прыналежала да грэцкага пантэёну багоў (у рымскім пантэёне ёй адпавядала багіня Дыяна).

Артэміда ж, якой пакланяліся ў Эфэсе, была шматгрудай багіней урадлівасьці. Кажуць, што першапачатковая яе статуэтка, была кавалкам метэарыту, які быў падобны на жанчыну, маючую шмат грудзей. Храм гэтай багіні ў Эфэсе калісьці быў спалены Герастратам ў дзень народзінаў Аляксандра Македонскага, але быў адноўлены з такой пышнасьцю, што лічыўся адным з сямі цудаў сьвету. Маленькія мадэлі храма і статуэткі багіні карысталіся вялікім попытам: імі ўпрыгожвалі пакоі, яны служылі кудменямі ў вандроўках г. д. І таму натуральна, што рамяство Дэмэтра было вельмі выгадным, а ягонае прадпрыемства давала добры заробак мастакам і рамесьнікам, якія працавалі на Дэмэтра і якіх, у гэтым выпадку, так лёгка можна было ўзьняць на хваляваньне.

Дык што такога сказаў Дэмэтры? Па сутнасьці ен сказаў праўду і гэтым самым засьведчыў пра вялікі посьпех пропаведзі Паўла як у Эфэсе, так і па ўсёй правінцыі. Але што гэтым людзям да гэтае праўды, калі яна адчувальна б’е па іхнім прыбыткам і, як сьледства, дабрату? Можа Дэмэтры шчыра абараняе веліч багіні Артэміды, а ня свой гаманец? На гэтае пытаньне вельмі добра адказаў Жан Кальвін, калі, у свой час, заўважыў, што калі б пропаведзь Паўла не чыніла яму (Дэмэтру) шкоду, ён спакойна заставаўся б дома, ня думаючы асабліва пра культ Артэміды і не хваляваў бы астатніх. Дэмэтры спасылаецца на рэлігійны, паважаны для многіх повад, каб захаваць свае асабістыя інтарэсы. А ў выніку мы маем хваляваньне ў Эфэсе і разгляд у тэатры хрысьціянства праз Гая і Арыстарха.

Безумоўна што Павал палаў жаданьнем абараніць Добрую Вестку і гэтым прыняць выклік сваіх ворагаў. Але яго ўтрымалі ад гэтага кроку. І ня толькі браты хрысьціяне, але і начальнікі горада, якія, спачуваючы Паўлу, не хацелі і абвастрэньня з Рымам. А можа і тое, што некаторыя з начальнікаў ужо прынялі да сэрца хрысьціянскую думку. Можа і так, але цікава назіраць, што большасьць у тэатры ня ведала навошта яны тут, але пакрычаць за штой-та: чаму не. Але вось, новы паварот. Юдэі выпіхнулі наперад нейкага Аляксандра, які павінен быў нешта сказаць. Павінен быў, але не сказаў нічога, бо яму гэта не дазволіла грамада Эфэсаў. Чаму? Таму што юдэйства ніяк не спрыяла шанаваньню мясцовых багоў, а таму мы і чуем гэтыя воклікі: «Вялікая Артэміда Эфэская». І гэта ў працяглы час. Але ёсьць і парадак.

Сакратар мясцовай управы быў, без усякага сумненьня, чалавекам мудрым. Ён, па-першае, аддаў пашану гораду і ягонаму культу Артэміды, назваўшы багіню і Дыяпэтай, што азначае як «звалілася ад Зеўса», бо, па народнаму міту, яна і звалілася з неба ў выглядзе метэарытнага камяню. Ці жадаў гэты сакратар падтрымаць пропаведзь Паўла? Па аповяду Лукі гата не адчуваецца. Але тое, што былі абаронены Гай і Арыстарх, дык гэта адназначна, а тым самым «апраўдваўся» і сам Павал. Натоўп заклікалі да вырашэньня спрэчнага пытанья па існуючым законам. Больш таго, гэтае хваляваньне магло прывесьці да афіцыйнага дасьледваньня таго што было і, як вынік, пазбаўленьня нейкіх свабодаў, якія меў у рымскай дзяржаве горад Эфэс. Мы ж павінны ведаць і тое, што менавіта тут, пад час свайго служэньня, быў напісаны першы афіцыйны ліст да Карынцянаў, бо, як кажуць, быў яшчэ і папярэдні ліст, які не ўвайшоў у тэкст Новага Запавету.


Рецензии