Деяния 21 1-40
Дзеі 21:1-40
Лука даволі сьцісла даводзіць да нас ход карабельнага вандраваньня апостала Паўла. І ня дзеля таго толькі, каб мы ведалі, што адбывалася ў тым ці іншым месцы, але, каб мы бачылі і памяталі пра мужнасьць апостала дзеля служэньня Ісусу Хрысту. Лука паскарае тэмп свайго аповяду з тым, каб мы ўбачылі і адчулі, што, з набліжэньнем Паўла да Ерусаліму, набліжаецца і вялікая бура.
Дзеі 21:1-14
«Калі ж мы, пакінуўшы іх, паплылі, ідучы наўпрост, мы прыйшлі ў Кос, а на наступны дзень - у Радос, а адтуль - у Патару, і, знайшоўшы карабель, які меўся плыць у Фінікію, узыйшлі на яго і паплылі. А ўбачыўшы Кіпр і пакінуўшы яго зьлева, мы плылі ў Сірыю і зыйшлі ў Тыры, бо там карабель меў разладаваць тавар. І, знайшоўшы вучняў, мы былі там сем дзён, а тыя праз Духа казалі Паўлу, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім. А калі мы пражылі тыя дні, выйшаўшы мы пайшлі, і ўсе праводзілі нас з жонкамі і дзецьмі ажно за горад, і на беразе, укленчыўшы, маліліся. І, разьвітаўшыся адны з аднымі, мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся да дому. А мы, скончыўшы плаваньне ад Тыру, прыйшлі ў Пталемаіду, і, прывітаўшы братоў, засталіся ў іх на адзін дзень. А на заўтра тыя, што былі з Паўлам, пайшоўшы, прыйшлі ў Цэзарыю, і, увайшоўшы ў дом Філіпа дабравесьніка, засталіся ў яго. У яго ж былі чатыры дачкі дзяўчыны, якія прарочылі. А як мы заставаліся шмат дзён, прыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаў, і, увайшоўшы да нас і ўзяўшы пояс Паўла, і зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: “Гэтак кажа Дух Сьвяты: “Мужы, чый гэта пояс, так зьвяжуць юдэі ў Ерусаліме і аддадуць у рукі паганаў”. Калі ж мы пачулі гэта, і мы, і тамтэйшыя прасілі, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім. А Павал адказаў: “Што вы робіце, плачучы і разрываючы мае сэрца? Бо я ня толькі гатовы быць зьвязаным, але і памерці ў Ерусаліме дзеля імя Госпада Ісуса”. І не пераканаўшы яго, мы супакоіліся, кажучы: “Няхай станецца воля Госпадава!”» (Дзеі 21:1-14).
Паўлу цяжка было раставацца з лідарамі эфэскай царквы, але ён павінен быў працягнуць свой шлях да Ерусаліму. Яны (Павал і ягоныя спадарожнікі) і паплылі да выспы Кос, каб адтуль, пасьля адпачынку, у паўдзённа-усходнім накірунку дасягнуць выспы Радос, дзе, дарэчы, стаяла велізарная статуя Калоса Радоскага, якая лічылася адным з сямі цудаў тагачаснага сьвету. Пасьля начнога адпачынку яны накіраваліся ў Патар - вялікі партовы горад на самым поўдні Малой Азіі. Адсюль яны накіраваліся на больш вялікім караблі праз Міжземнае мора да Тыру. Тут трэба адзначыць, што да Патары каманда Паўла вандравала на маленьніх судах, якія ажыцьцяўлялі толькі дзённыя пераходы і, пры тым, недалёка ад берагу. Верагодна Павал зразумеў, што ён ніколі не дасягне Ерусаліму да Пяцідзясятніцы, калі будзе рухацца ўздоўж узьбярэжжа. Таму яны і знайшлі вялікі карабель, які за пяць дзён, без усякіх прыпынкаў, мог дасягнуць порта Тыру, дзе планаваўся сямідзённы прыпынак, бо карабель павінен быў разладаваць тавар.
У Тыры была царква, заснаваная, як бачыцца, юдэямі з дыяспары, якія вымушаны былі бегчы з Ерусаліму пасля пакутніцкай сьмерці Стэфана. Яны і сустрэлі Паўла, але, пасьля малітваў за апостала, хрысьціянам з Тыру адкрылася ў Духу, што ў Ерусаліме Паўла сустрэнуць вялікія непрыемнасьці. Натуральна ж, што яны і адгаворвалі Паўла ад наведваньня Ерусаліму, але апостал меў загад ад Ісуса Хрыста і таму гаворкі каб не ісьці да Ерусаліму не магло і быць. Калі ж гэтыя сем дзён прайшлі, усе тырскія хрысьціяне выйшлі на бераг разьвітацца з місіянэрамі, што, безумоўна, сьведчыць пра іхнюю хрысьціянскую любоў.
Наступным прыпынкам быў марскі порт Пталемаіда, які знаходзіўся прыкладна ў 40 км. ніжэй на поўдзень ад Тыру, названы ў чэсьць Пталемея. У старазапаветныя часы горад называўся Ако, што азначана ў кнізе судзьдзяў: «І Асір не выганяў жыхароў Ако і жыхароў Сідона і Ахлава, Ахзіва, Хэлвы, Афэка і Рэхова» (Суд 1:31). Цікава ж і тое, што сучасная назва гэтага гораду - Ако і знаходзіцца гэты горад непадалёк ад Хайфы. Аднадзённы ж прыпынак дазволіў Божым служыцелям наведаць мясцовых братоў хрысьціянаў.
І вось пачаўся апошні этап іхняй марской вандроўкі, калі яны прайшлі каля 60 км. на поўдзень, каб прыйсьці ў Цэзарэю, якая, як мы ведаем, разьмясьцілася ў даліне Шарон. У Цэзарэі яны спыніліся ў доме Філіпа дабравесьніка, чым Лука хоча падкрэсьліць, што гэта той самы дыякан Філіп, які, пасьля сьмерці Стэфана, дабравесьціў у Самарыі, навярнуў этыёпскага эўнуха, а пасьля служыў Госпаду у Цэзарэі. У гэтага Філіпа былі чатыры дачкі дзяўчыны, якія прарочылі, а гэта азначае, што Сьвяты Дух даў ім здольнасьць атрымліваць пасланьні ад Госпада і перадаваць іх іншым. Некаторыя хрысьціяне робяць з гэтага выснову, што жанчыны маюць права прапаведаваць і вучыць у царкве. Але Пісаньне кажа, што гэтаму быць не павінна: «Жанчыны вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, але каб былі паслухмяныя, як і Закон кажа. А калі хочуць нечаму навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх, бо сорамна жанчынам гаварыць у царкве» (1 Кар 14:34-35).
Яшчэ раз засяродзімся на тым, што жанчына можа гаварыць у царкве, бо гаворка ідзе пра праведваньне і вучэньне. І з гэтага можна зрабіць выснову, што прароцкае служэньне гэтых чатырох дзяўчынаў зьдзяйсьнялася па-за царквой ці на хатніх служэньнях. Аўтар жа гэтых радкоў ня згодны з апосталам Паўлам, але трэба ўлічваць час служэньня Паўла і сучасны, наш з вамі, час.
У гэты ж час прыйшоў з Юдэі нейкі прарок, на імя Агаў. Магчыма, што гэта той самы прарок, які прыйшоў у Антыёхію з Ерусаліму і прадказаў голад пад час цэзара Кляўдыя (Дзеі 11:28). І вось зараз ён узяў пояс Паўла і прадказаў ягонае вязьненьне праз тое, што ён абвязаў гэтым поясам самога сябе. Цікава ж і тое, што служэньне Паўла юдэям (сымбалем якога і быў пояс Паўла) скончыцца тым, што яны ж і схопяць яго. Калі ж спадарожнікі Паўла і хрысьціяне Цэзарэі пачулі пра будучае апостала, яны пачалі прасіць, каб ён не ішоў у Ерусалім. Чыста чалавечае пачуцьце. А мы памятаем хрысьціянаў з Тыру, якія прасілі Паўла пра тое ж самае. Але Лука не казаў, што тырскія хрысьціяне казалі пра нейкае прароцтва ці адкрыцьцё. Але вынік той жа. Павал не падзяляў іхняга непакою. Іхнія сьлёзы толькі разьбівалі сэрца апостала, але, ці мог страх вязьніцы утрымаць яго ад таго, што апостал лічыў волей Бога. Хрысьціяне павінны былі ведаць, што ён гатовы на ўсё, нават і памерці за імя Ісуса Хрыста. Такім чынам склалася агульная думка: «Няхай станецца воля Госпадава!» Няхай станецца.
Дзеі 21:15-26
«А пасьля гэтых дзён, узяўшы рэчы, мы ўзыходзілі ў Ерусалім. Ішлі ж з намі і вучні з Цэзарэі, ведучы да нейкага Мназона, кіпрыйца, старадаўняга вучня, у якога мы мелі гасьцяваць. А як мы апынуліся ў Ерусаліме, браты прыхільна прынялі нас. І на другі дзень увайшоў Павал разам з намі да Якуба; і прыйшлі ўсе старосты. І, прывітаўшы іх, ён распавядаў падрабязна, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае. Яны ж, пачуўшы, праславілі Госпада і сказалі яму: “Бачыш, браце, колькі дзясяткаў тысяч юдэяў, якія паверылі, і ўсе яны рупліўцы Закону. А яны начутыя адносна цябе, што ты вучыш адступніцтву ад Майсея ўсіх юдэяў, што жывуць сярод паганаў, кажучы, каб не абрэзвалі сваіх дзяцей і не хадзілі паводле звычаяў. Дык што гэта? Абавязкова мусіць сабрацца мноства, бо пачуюць, што ты прыйшоў. Дык зрабі, што табе скажам. Ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе шлюбаваньне. Узяўшы іх, ачысьціся разам з імі і выдаткуй за іх, каб яны абстрыглі галаву, і ўсе даведаюцца, што тое, што яны дачуліся адносна цябе, ёсьць пустое, але ты ходзіш адпаведна і захоўваеш Закон. А адносна паганаў, якія паверылі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб нічога гэткага не захоўвалі, а толькі высьцерагаліся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты”. Тады Павал, узяўшы мужоў гэтых, на наступны дзень ачысьціўшыся з імі, увайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, калі за кожнага з іх прынесены будзе дар Богу» (Дзеі21:15-26).
Да заканчэньня трэцяга місіянэрскага вандраваньня заставалася 80 км., якія падзялялі Цэзарэю і Ерусалім. Далей будуць арышт, суд, шлях да вязьніцы Рыма і г. д. І вось зараз Павал, разам з хрысьціянамі, якія былі з ім, узыходзіў у Ерусалім. Яго прывялі ў дом нейкага Мназона, кіпрыйца і, як кажа Лука, старадаўняга вучня. Мназон, па ўсёй верагоднасьці, быў адным з першых хрысьціянаў дыяспары, якія прыйшлі ў свой час да царквы ў Ерусаліме. Верагодна што ён ня быў сярод расьсеяных пасьля сьмерці Стэфана, а застаўся ў Ерусаліме. Магчыма ён добра ведаў і «дзеі» фарысэя Саўла, а нават і бачыў яго. І вось, той самы Саўл, у якасьці хрысьціянскага апостала, прыходзіць у ягоны дом як госьць і пастаялец. Наогул Паўла і яго спадарожнікаў добра прынялі браты, бо на наступны дзень адбылася сустрэча з кіраўніком царквы Якубам і ўсімі старостамі. Лука нічога ня кажа пра іншых апосталаў. Магчыма таму, што яны знаходзіліся ў той самы час па-за межамі Ерусаліма з пропаведзьдзю настаўленьня ці па нейкім іншым прычынам.
Павал распавёў гэтаму сходу служыцелей царквы Ерусаліма падрабязна тое, што стварыў Бог сярод паганаў. Безумоўна, што Павал пераказаў і пра тыя небясьпекі, якія напаткалі яго ў гэтых падарожжах. Ягоны аповяд выклікаў сярод братоў немалую радасьць, але адчулі яны і ня меньшы непакой, ведаючы настрой юдэяў у Ерусаліме адносна апостала Паўла. У царкву прыйшло шмат юдэяў, якія былі рупліўцамі Закону і лічылі, што Павал катэгарычна выступае супраць Закону Майсея. Адкуль у іх былі такія чуткі і хто іх гэтаму вучыў Лука ня кажа, але мы добра памятаем, як праходзіў першы апостальскі сабор і якая сур’ёзная апазіцыя, з рупліўцаў Закону, склалася супраць Паўла. З гэтага і фармавалася гэтая небясьпечная хваля з веруючых юдэяў, але былі яшчэ юдэі няверуючыя, якія яшчэ больш ненавідзелі апостала. Усё ж гэта было хлусьнёй. Так, Павал вучыў паганаў, што ім неабавязковае абразаньне і выкананьне юдэйскіх звычаяў, але юдэям ён ніколі не казаў, каб яны не абразалі дзяцей і адступаліся ад юдэйскіх традыцыяў. Як жа царква магла дапамагчы Паўлу ў такой няпростай сітуацыі?
З гэтай нагоды ўзгадваецца легенда пра караля Англіі Кнута, які валадарыў у XI стагодзьдзі па Р. Х. Дык вось, гэты Кнут вырашыў загадаць марскому прыліву спыніцца, дзеля чаго паставіў свой пасад на самым беразе мора. Але хвалі не слухаліся загаду Кнута і ўпарта насоўваліся на бераг, што прымусіла Кнута адступіць падалей ад хваляў, разам са сваім пасадам. Што намагаўся паказаць гэтым учынкам Кнут? Тут ёсьць розныя думкі, але мы іх абмяркоўваць ня будзем. Гэты прыклад нам патрэбны як нейкая аналёгія, няхай і прыблізная, да дзеяў царквы Ерусаліму да той набліжаючай хвалі, якая павінна была абрынуцца на Паўла. Юдэйскія браты Паўла мелі задумку, якая павінна была суцішыць гэтую хвалю і захаваць Паўла. Далейшае пакажа, што хваля гневу юдэяў не паслухалася дзеяў царквы і нагнала Паўла ў храме Ерусаліму. Але што прапанавала царква?
Павал павінен быў узяць юдэйскі зарок і ачысьціцца разам з чатырмя юдэйскімі хрысьціянамі, якія зьвязалі сябе зарокам назарэйства. Больш таго, Павал павінен быў выдаткаваць за іхнюю ахвяру ў Храме і тым самым паказаць, што ён шануе Закон Майсея і ніякім чыным не жадае парушыць яго. Мы ня ведаем, што стаіць за гэтым зарокам і які ў гэтым сэнс, акрамя ачышчэньня. Але гэта быў юдэйскі звычай, які і быў накіраваны да незадаволеных юдэяў. Трэба сказаць, што гэтае дзеяньне апостала заўсёды выклікала як крытыку, так і апраўданьне. У абарону Паўла можна казаць, што ён заўсёды і прынцыпова рабіў так, каб быць для ўсіх сваім: «Бо, будучы вольным ад усіх, я паняволіў сябе ўсім, каб многіх здабыць. І я стаўся для юдэяў, як юдэй, каб здабыць юдэяў; для тых, якія пад Законам, каб здабыць тых, якія пад Законам; для тых, якія без Закону перад Богам, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, якія без Закону» (1 Кар 9:19-21).
З іншага боку можна абвінаваціць Паўла ў сьцьвярджэньні, што хрысьціянін ня мае ніякае патрэбы ў Законе для апраўданьня: «Мы паводле прыроды юдэі, а не з паганаў грэшнікі, ведаючы, што чалавек апраўдваецца не праз учынкі Закону, а толькі праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз учынкі Закону, бо праз учынкі Закону ня будзе апраўданае ніводнае цела» (Гал 2:15-16). Ведаючы ж усё гэта, мы павінны быць вельмі асьцярожнымі, даючы адзнакі дзеям апостала Паўла. Як бы тое не было, але сэнс дзеяньняў Паўла ня можа быць да канца асэнсаваным. А мы, тым часам, ўжо бачым, што хваля юдэйскага гневу набліжаецца да апостала Паўла.
І вось Павал, разам з іншымі шлюбаванымі пайшоў. Павал - місіянэр, Павал - рымскі грамадзянін, Павал - прапаведнік, пабіты камянямі ў Іконіі, Павал - выступоўца ў арэапагу, Павал - падсудны трыбуналу ў Карынце, Павал - «вінаваты» у парушэньни спакою Эфэсу, той самы Павал абстрыгае галаву і ўваходзіць у Храм, каб абвесьціць пра сваё ачышчэньне. Хутчэй за ўсё ён разумеў, што з гэтага нічога добрага не атрымаецца. Той цёплы і ветлівы прыём, які аказаў Паўлу і ягоным сябрам Мназон, як мы і пабачым, станецца апошнім гасьцінным прытулкам для апостала.
Дзеі 21:27-36
«А калі меліся скончыцца сем дзён, юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў сьвятыні, узрушылі ўвесь натоўп і ўсклалі на яго рукі, крычучы: “Мужы Ізраільцяне, дапамажыце! Гэта чалавек, які паўсюль навучае супраць народу і супраць Закону, і супраць месца гэтага. Ды яшчэ грэкаў увёў у сьвятыню і апаганіў гэтае месца сьвятое”. Бо яны раней бачылі з ім у горадзе Трафіма Эфэсца і думалі, што Павал увёў яго ў сьвятыню. І ўвесь горад узварушыўся, і пазьбягаўся народ. І, узяўшы Паўла, пацягнулі яго вонкі са сьвятыні, і адразу дзьверы былі зачынены. А калі шукалі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узрушаны. Ён, неадкладна ўзяўшы жаўнераў і сотнікаў, пабег на іх, а яны, убачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі біць Паўла. Тады, наблізіўшыся, тысячнік узяў яго і загадаў зьвязаць двумя ланцугамі і пытаўся, хто ён і што зрабіў. А ў натоўпе кожны крычаў нешта сваё. І ня могучы праз замяшаньне нешта пэўнае даведацца, загадаў весьці яго ў табар. А калі Павал апынуўся ля сходаў, жаўнерам прыйшлося на руках несьці яго дзеля гвалту натоўпу, бо мноства народу ішло за імі, крычучы: “Забі яго”» (Дзеі 21:27-36).
Сьвяточны Ерусалім бурліць. Лука ня кажа ці пасьпеў Павал на сьвята Пяцідзясятніцы, але прысутнасьць шматлікіх паломнікаў, у тым ліку і юдэяў з Азіі, наводзіць на думку, што апостал знаходзіцца ў самым цэнтры гэтага сьвята. Натоўпы паломнікаў лёгка падбухторыць крыкамі пра злоўленага здрадніка. І нікога ўжо не хвалюе стрыжаная галава, шлюбаваньне і ачышчэньне. Вось чалавек, які вучыць, што юдаізму канец, што юдэйскі народ, юдэйскі Закон і юдэйскі Храм - гэта нішто. І вось апошняя кропля, якая падштурхнула гэтую хвалю дзейнічаць. Нехта хлусьліва абвесьціў, што Павал увёў у сьвятыню грэкаў, маючы на ўвазе Трафіма, якога яны бачылі у горадзе разам з Паўлам. Апаганіць сьвятыню прысутнасьцю грэкаў - гэта ўжо занадта. Хваляваньне ахапіла ўвесь горад і натоўп, схапіўшы Паўла, пацягнуў яго вонкі з Храму, адразу ж зачыніўшы дзьверы сьвятыні. Лука не дарма падкрэсьлівае гэты факт, бо для Паўла яны зачыніліся назаўсёды, што ж тычыцца самога Храма, дык і яму засталося існаваць толькі каля пятнаццаці гадоў, каб ніхто з юдэяў больш ня ўвайшоў ў гэтыя дзьверы.
Але застаецца яшчэ адно нявызначанае пытаньне: «Якую ролю ў гэтым хваляваньні і арышце Паўла адгуляла тая частка царквы, пра якую старосты казалі : “Рупліўцы Закону” і якая ставілася да апостала ня тое што скептычна, але і дрэнна?» Няўжо і яны, гэтыя рупліўцы, крычалі да тысячніка: «Забі яго!»? Так, мы ведаем, што ўзрушылі натоўп і ўсклалі рукі на Паўла юдэі з Азіі, якія, як бачыцца, прымалі ўдзел у барацьбе супраць Паўла пад час ягонага тамтэйшага служэньня. Безумоўна, што Павал быў для гэтых юдэяў ворагам Закону Майсея, а значыць і іхнім ворагам. Лука нічога пра актыўны ўдзел хрысьціянаў-рупліўцаў супраць Паўла ня кажа, пакідаючы гэтае пытаньне на роздум будучым пакленьням хрысьціянаў. Што ж тычыцца непасрэдных удзельнікаў зьняволеньня апостала, дык тыя ведалі тое, што ня ведаем мы. Большасьць дасьледчыкаў Новага Запавету старанна абыходзяць гэтае непрыемнае пытаньне, а некаторыя ж катэгарычна сьцьвярджаюць, што хрысьціяне не маглі ўдзельнічаць у гэтым па вызначэньню. Гісторыя падказвае, што падобныя выпадкі сярод хрысьціянаў неаднаразова здараліся і таму мудры Лука прапануе кожнаму з нас разважыць на гэтую тэму асабіста.
Сітуацыя для Паўла больш чым небясьпечная, бо юдэі шукалі забіць яго. Але. Лука выводзіць на сцэну гісторыі тысячніка кагорты з крэпасьці Антонія, які, па сваіх службовых абавязках, і павінен быў адрэагаваць на хваляваньне, якое ахапіла Ерусалім. Забраўшы Паўла з натоўпу, ён, на ўсякі выпадак, загадаў зьвязаць яго двумя ланцугамі. Пытаньне рымляніна да натоўпу пытаньнем і засталося, бо ён нічога не зразумеў, таму што кожны крычаў нешта сваё. Лука падкрэсьлівае гэта, і зноў недарма, бо тысячнікамі ў рымскім войску былі, як правіла, маладыя і перспектыўныя людзі, якія гатаваліся да палітычнай ці сацыяльнай кар’еры ў імперыі. Такім, хутчэй за ўсё, быў і гэты тысячнік, але наўрад ці ён штосьці разумеў у палітычных і рэлігійных плынях тагачаснага Ізраіля. І таму, нічога не даведаўшыся, ён загадаў весьці Паўла ў вайсковы табар. Натоўп жа, пры гэтым, крычаў: «Забі яго». Зноў Лука пакрэсьлівае словы натоўпу, як бы даючы напамін пра крыкі натоўпу перад Понціем Пілатам: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» (Лук 23:21). І вось зараз пачынае Павал, які не выпускаў, не выпускае і ў далейшым не жадаючы выпускаць хоць самую малую магчымасьць, каб прапаведаваць Ісуса Хрыста.
Дзеі 21:37-40
«І як меліся ўвайсьці ў табар, Павал кажа тысячніку: “Ці магу нешта сказаць табе?” Той жа сказаў: “Ты ведаеш грэцкую?” Дык ці ня ты той егіпцянін, які перад гэтымі днямі збунтаваў і вывеў у пустыню чатыры тысячы чалавек сікарыяў?” А Павал сказаў: “Я - юдэй з Тарсу, грамадзянін знакамітага гораду Кілікіі. Прашу ж цябе, дазволь мне гаварыць да народу”. Калі ж той дазволіў, Павал, стаўшы на сходах, даў знак народу рукою, і як сталася вялікая ціша, прамовіў на гебрайскай мове, кажучы:» (Дзеі 21:37-40).
Зусім не дарэмна Павал выбраў месца для сваёй пропаведзі да народу, які, можа дзесяць хвілін таму, намагаўся забіць яго. Заўважым, што да гэтага часу Павал маўчаў, але зараз ён зьвяртаецца да тысячніка на грэцкай мове: «Ці магу нешта сказаць табе?» Што ж зьдзівіла рымскага вайсковага начальніка ў словах апостала? Грэцкая мова Паўла ці падазронасьць у прыналежнасьці гэтага чалавек да правадыра бунтаўшчыкоў - егіпцяніна? Гэта ж кажа і пра тое, што той егіпцянін не казаў па грэцку, пра што было вядома тысячніку. Язэп Флавій кажа пра гэтага егіпцяніна, што той быў чарадзеем, які выдаваў сябе за прарока і меў шмат пасьлядоўнікаў.
Сваімі прароцтвамі ён прывабіў юдэяў на Аліўную гору, каб паказаць ім відовішча - разбурэньне гарадскога муру. Пасьледствы гэтага нам невядомыя, але вядомае тое, што гэты егіпцянін з чатырмя тысячамі юдэяў прайшоў праз усю краіну з разбоем і гвалтаваньнем (Флавій кажа, што прыхільнікаў сікарыяў было каля 30000 чалавек). Кіраўнік краіны Фелікс перамог і захапіў іх, але сам іхні правадыр здолеў убегчы. Флавій кажа пра сікарыяў (sica - кінжал), што гэта была партыя нажоўшчыкаў, якая забівала найбольш шкодных, з кропкі погляду юдэя, паслугачоў Рыма. Ад Флавія ж мы ведаем, што сікарыі прымалі ўдзел у абароне Ерусаліма і, пасьля ягонага разбурэньня рымлянамі, яшчэ тры гады ўтрымлівалі апошні аплот юдэйскага паўстаньня - гару Масад.
Павал адмаўляецца ад прыналежнасьці да егіпцянаў тым, што паведамляе тысячніку наступнае. Па-першае - ён юдэй, а па-другое - ён грамадзянін знакамітага гораду Тарсу, які быў вядомым цэнтрам адукацыі і культуры правінцыі Кілікія. Заўважым і тое, што пра сваё рымскае грамадзянства Павал, пакуль што, ня кажа нічога. Атрымаўшы ж дазвол зьвярнуцца да натоўпу, ён будзе казаць да яго на гебрайскай мове (хутчэй за ўсё, на арамейскай). Вось ён увесь Павал. Толькі што жорстка зьбіты і маючы быць пакараным да сьмерці юдэямі, пяшчотна любіць гэты падмануты народ і хоча зьвярнуцца да іх не з праклёнам, але з любоўю. Як ён і напісаў пра іх зусім нядаўна у сваім лісьце да рымлянаў: «Бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела, якія ёсьць ізраільцяне, якіх ёсьць усынаўленьне, і слава, і запаветы, і даньне законаў, і служэньне, і абяцаньні, якіх і бацькі іх, і з якіх Хрыстос паводле цела, Які ёсьць над усімі, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн» (Рым 9:3-5). Безумоўна, што ён вельмі жадаў зьвярнуцца да юдэяў, каб распавесьці ім пра іхняга Мэсію. Гэты крок Паўла мае рызыку, але мы ведаем яго як чалавека, які адважна прапаведаваў у няпростых, а нават і крытычных сітуацыях. Павал здолеў сьцішыць народ і загаварыў да яго на гебрайскай мове. Ці здолее ён ачысьціць сваё імя, растлумачыць ім свае дзеяньні і распавесьці сваю гісторыю так, што ягоная невінаватасьць станецца відавочнай?
Свидетельство о публикации №226012600764