Деяния 22 1-30

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 22:1-30

Як Агаў і прарочыў, калі зьвязаў сабе рукі і ногі поясам Паўла, што павінен будзе пацярпець Павал ад юдэяў у Ерусаліме, так яно і сталася, бо, ў выніку, ён быў зьвязаны двума ланцугамі рымскімі жаўнерамі. Мы ж бачым, што Павал, да часу, зьвязаў і свае вусны, але, калі тысячнік дазволіў Паўлу казаць да народу, апостал быў вольны ў слове для для сваёй абароны і служэньня Ісусу Хрысту. Так, ён быў зьвязаны ланцугамі, але гэта не перешкодзіла яму, вольна і радасна, зьвярнуцца да юдэяў. Дык вось.



Дзеі 22 1-11
«“Мужы браты і бацькі! Паслухайце цяпер маю перад вамі абарону”. Пачуўшы, што ён прамовіў да іх на гебрайскай мове, яны больш замаўчалі і ён сказаў: “Я сам юдэй, народжаны ў Тарсе Кілікійскім, а ўзгадаваны ў горадзе гэтым ля ног Гамаліэля, старанна дысцыплінаваны ў Законе бацькоў, руплівец дзеля Бога, як і вы сёньня. Я перасьледаваў шлях гэты ажно да сьмерці, зьвязваючы і аддаючы ў вязьніцу мужчынаў і жанчынаў, як засьведчыць пра мяне і першасьвятар, і ўсе старшыні, ад якіх я, узяўшы пасланьні да братоў, пайшоў у Дамаск, каб і тых, якія там былі, прывесьці зьвязаных у Ерусалім дзеля пакараньня. Сталася ж, калі я і набліжаўся да Дамаску, каля паўдня неспадзявана агарнула мяне вялікае сьвятло з неба. І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які гаварыў мне: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?” А я адказаў: “Хто Ты Госпадзе?” І Ён сказаў мне: “Я - Ісус з Назарэту, Якога ты перасьледуеш”. Тыя ж, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, а голасу Таго, Які гаварыў да мяне, ня чулі. А я сказаў: “Што мне рабіць, Госпадзе?” Госпад жа сказаў да мяне: “Устаўшы, ідзі ў Дамаск, і там будзе табе сказана ўсё, што вызначана табе рабіць”. А як ад славы сьвятла гэтага я ня бачыў, дык прыйшоў у Дамаск, ведзены за руку тымі, што былі са мною» (Дзеі 22: 1-11).
Да сваіх суайчыньнікаў Павал зьвярнуўся з тымі ж словамі, што некалі казаў і Стэфан: «Мужы браты і бацькі!» Ці гэта не паказальна, і відавочна, што сказанае калісьці Стэфанам, як і ягоная пакутніцкая сьмерць запалі ў памяць і сьвядомасьць апостала Паўла. Народ жа, унізе, супакоіўся, калі пачуў гаворку ад Паўла на роднай мове, які таксама валодай і грэцкай моваю, што не магло не падабацца як юдэям, так і рымлянам. Пачынае ж апостал з важнай дэталі сваёй біяграфіі. Так, ён нарадзіўся і выхоўваўся ў Тарсе, але сталае выхаваньне і адукацыю ён спазнаў ля ног Гамаліэля, які быў безумоўным аўтарытэтам сярод гебраяў і які, дарэчы, выступіў у абарону Пятра на сынэдрыёне: «І цяпер кажу вам: адыйдзіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх; бо калі ад людзей рада гэтая ці справа гэтая, будзе зьнішчаная, а калі ад Бога, вы ня здолееце зьнішчыць яе, і каб самі не апынуліся змагарамі з Богам» (Дзеі 5:38-39).

Апостал ясна дае зразумець тым, хто моўчкі слухаў яго, што ён выхоўваўся старанна дысцыплінаваным Закону, а вучэньне Ісуса было для яго зусім непрымальным. Ён быў рупліўцам Закону. Ды такім, што перасьледаваў Царкву ўсімі даступнымі яму метадамі. Павал заклікае ў сьведкі першасьвятара і старшыняў, якія далі яму афіцыйныя лісты для карнай экспедыцыі супраць прыхільнікаў новай веры ў Дамаск. Зразумела, што гэтыя факты павінны былі станоўча ўзьдзейнічаць на натоўп, бо далёка ня кожны юдэй мог нават і пагаварыць з першасьвятаром, а тым больш атрымаць, непасрэдна ад першасьвятара, нейкае даручэньне. Так што толькі сіла звыш магла падштурхнуць Паўла на такое глыбіннае ўнутранае ператварэньне. І таму ён распавядае юдэям пра тое, як гэта зьдзейсьнілася.

Безумоўна, калі б мы апынуліся сярод гэтага натоўпу, дык убачылі б і пачулі розную рэакцыю на апошнія словы Паўла. Нехта вельмі зьдзіўлены, нехта ставіцца да гэтага скептычна, а яшчэ нехта падбірае нейкія альтэрнатыўныя тлумачэньні таго, што адбылося з Паўлам на падыходзе к Дамаску. І нічога з тых часоў не зьмянілася, бо і зараз рэакцыя няверуючых людзей на тое, што адбылося з Паўлам, была б такая ж, бо няма, напрыклад, недахопу ў тэорыях, што Павал падмануўся, прыняўшы нябеснае адкрыцьцё за якую-небудзь асабістую галюцынацыю ці фантазію. І такім чынам кажуць яны, Павал прыняў унутраную падзею за зьнешнюю. Але галоўнае пытаньне ня ў тым, што адбывалася з псіхікай Паўла, а ў тым, што гэта была за вера. А вера апостала тлумачыла ўсё і тысячы разоў пацьверджвала сябе на працягу ўсяго ягонага служэньня Ісусу Хрысту. Менавіта Ісус Хрыстос стаяў у цэнтры гэтай веры. І таму зразумела, што ва ўсе часы многія намагаліся знайсьці тлумачэньні іншыя, чым тыя, што, Ісус сапраўды жывы і зьвяртаецца да людзей, ператвараючы іх з ганіцеляў у прапаведнікі.

Мы бачым, што Павал яшчэ ня скончыў сваёй прамовы, але таго крохкага міру, які на нейкі час усталяваўся паміж Паўлам і юдэямі, ужо няма. Чаму? Таму што Павал абвясьціў імя Ісуса, Які прадвызначыў ягонае будучае служэньне і якое абвесьціць яму ў Дамаску Ананія. Павал хоча паказаць юдэям, што ягонае артадаксальнае выхаваньне і руплівасьць па Богу, прывялі яго роўна на шлях Мэсіі і, апынулася, што гэты Мэсія - Ісус Хрыстос. І вось зараз менавіта Ісус паставіў яго перад натоўпам з тысячаў такіх людзей, якім калісьці быў і ён сам. З аднога боку, Павал быў зусім такім, як і тыя, да якіх ён гаварыў, а з другога боку, ён вельмі адрозьніваўся ад іх. Менавіта такі і кожны хрысьціянін. Ён жыве ў сьвеце, але Бог выбраў, асьвяціў і прызначыў яго для выкананьня пэўнай задачы.


Дзеі 22:12-22
«А нейкі Ананія, муж пабожны паводле Закону, засьведчаны ўсімі тамтэйшымі юдэямі, прыйшоўшы да мяне і стаўшы, сказаў мне: “Саўле, браце! Глядзі!” І я ў тую ж гадзіну ўгледзеў яго. А ён сказаў: “Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, і ўбачыў праведнага, і пачуў голас з вуснаў Ягоных, бо ты будзеш сьведкам Яму перад усімі людзьмі пра тое, што ты бачыў і чуў. І цяпер што ты марудзіш? Устаўшы ахрысьціся і змый грахі твае, прызваўшы імя Госпадава”. Сталася ж, як я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў сьвятыні, ахапіла мяне захапленьне і я ўбачыў Яго, Які казаў да мяне: “Сьпяшайся і ідзі хутчэй з Ерусаліму, бо ня прымуць сьведчаньня твайго пра Мяне”. А я сказаў: “Госпадзе, яны ведаюць, што гэта я арыштоўваў і біў у сынагогах тых, якія вераць у Цябе. І калі пралівана была кроў Стэфана, сьведкі Твайго, і я быў там, стоячы і згаджаючыся на забойства яго, і пільнуючы адзеньне тых, што забівалі яго”. І Ён сказаў да мяне: “Ідзі, бо Я да паганаў далёка пашлю цябе”. А яны слухалі яго да гэтага слова, і паднялі голас свой, кажучы: “Забяры з зямлі такога! Бо не належыць жыць яму!”» (Дзеі 22:12-22).

Зноў Павал падкрэсьлівае сваё адзінства зь юдэямі, бо калі ён прыйшоў у Дамаск, ён атрымаў указаньні ад Ананіі, мужа пабожнага паводле Закону, якога юдэі Дамаска ведалі з самага добрага боку. Менавіта Ананія аздаравіў Паўла на вочы і заклікаў яго змыць з сябе ўсе грахі. І тут узьнікае некалькі пытаньняў: калі Павал атрымаў збаўленьне - на падыходзе ў Дамаск ці ў доме Юды, куды прыйшоў да яго Ананія? Пэўнае меркаваньне падказвае, што гэта адбылося на шляху ў Дамск і непасрэдна ад Ісуса Хрыста: «Паведамляю ж вам, браты, што Эвангельле, якое я дабравесьціў, ня ёсьць ад чалавека; бо я не праз чалавека прыняў яго і быў навучаны, але праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста» (Гал 1:11-12). І пытаньне другое. Што азначае фраза: «Змый грахі твае?» Ці ня тое, што збаўленьне прыходзіць пад час воднага хрышчэньня? Гледзячы на тое, што духоўна Павал быў ачышчаны Хрыстом, гэтая фраза мае значэньне сымбалічнае. Воднае хрышчэньне - гэта вобраз той працы, якую зьдзяйсьняе Бог ва ўнутраным «я» чалавека, змываючы ягоныя грахі і выпраўляючы недасканаласьць: «Гэтак і нас цяпер на ўзор гэтага хрышчэньне - не абмыцьцё бруду цела, але абяцаньне Богу добрага сумленьня, - збаўляе праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста» (1 Пят 3:21).
Павал падкрэсьлівае, што ён прыйшоў не таму, каб разбураць веру бацькоў, але дадаць да яе. Ён назваў Бога «Богам бацькоў нашых». Ён назваў Ісуса «Праведным», а гэты тытул поўны значнасьці для пабожнага юдэя. Так, ён моліцца ў Храме і таму зусім ня лічыць Храм нічым. Ён там маліўся, калі з ім гаварыў Ісус, Які папярэдзіў Паўла, каб той хутчэй зыходзіў з Ерусаліму. Павал жа ня мог не сказаць Ісусу пра тое, што прымаў актыўны ўдзел у ганеньнях на хрысьціянаў, а таксама і тое, што згаджаўся на забойства Стэфана.

Можа і гэта было б нічога, але Павал сказаў пра Госпада зусім не да спадобы юдэям: «Ідзі, бо Я да паганаў далёка пашлю цябе». Якія доказы яшчэ былі патрэбныя для іх? Так, ён менавіта той, кім яны яго і лічылі. Ён той, хто ўпэўніваў паганаў, што ім можна і заставацца паганамі. Больш таго, ён вучыў гебраяў па ўсім сьвеце жыць як пагане, напрыклад падзяляць трапезу з кожным, хто падзяляе веру ў хрысьціянскага Мэсію. І няўжо Павал лічыць, што гэткім антыюдэйскім выступам ён сябе абараніў? Ніяк! І яны будуць патрабаваць ягонай сьмерці, бо ён вінаваты як пагане, чыім сябрам ён і стаўся, а таму вінаваты як сам грэх. Адсюль і вокліч натоўпу: «Забяры з зямлі такога! Бо не належыцца жыць яму!»

Калі мы закрыем вухі ад ляманта натоўпу, можна ў цішы запытацца ў самога сябе: «Няўжо ўсё гэта было непазьбежна?» Сам Павал бы адказаў на гэта, што так, непазьбежна, але гэтая трагедыя не канчатковая і грунтуецца яна па словах Паўла ў сваім лісьце да рымлянаў да сваіх суайчыньнікаў юдэяў, напісаным незадоўга да гэтага зьвяртаньня Паўла і ганебнага на яго адказу: «Браты! Упадабаньне сэрца майго і просьба да Бога пра Ізраіль на збаўленьне. Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, але не паводле пазнаньня. Бо, не разумеючы праведнасьці Божае і шукаючы паставіць сваю праведнасьць, яны не падпарадкаваліся праведнасьці Божай» (Рым 10:1-3).

Павал кажа, што юдэі імкнуцца зацьвердзіць асабістую праведнасьць, даючы сабе статус «праведных», статус народа, які павінен чуць ад ад Бога ня меньш як: «Ты Мой улюблёны народ і ў табе Маё ўмілаваньне». Бог прапануе ім ўсё, што яны мелі, і яшчэ шмат чаго звыш. Ён прапануе ім выкананьне запавету, дар Закону ня проста як кнігі, якую трэба вывучаць, але як самое біцьцё іхніх сэрцаў, і па-перш усяго Мэсію, бо толькі Мэсія - мэта, завяршэньне і вянец усяго. Толькі з ім дасягае кульмінацыі доўгая і цяжкая гісторыя народу Божага. Ісус бярэ на Сябе ўвесь гнеў, увесь страх, усю боль вякоў і здымае іх з усіх, нават і тых, хто так зьяднаўся з гэтым сьветам і гневам, што ня можа і ўявіць сябе без яго. Але яны не жадаюць гэтага збаўленьня, бо недарма сказаў Бог праз Ісаю: «Кожны дзень працягваў Я рукі Мае народу непакорліваму, што хадзіў шляхам нядобрым, паводле сваіх намыслаў» (Іс 65:2).

Але і гэта яшчэ ня ўсё, бо магчыма Павал спадзяваўся, як гэта заўсёды і было, што спрацуе разуменьне сказанага ім у сваім лісьце да рымлянаў: «Бо кажу вам, паганам: як апостал паганаў я ўслаўляю служэньне маё, ці, можа, збуджу рупнасьць у маіх паводле цела і ці ня збаўлю некаторых з іх» (Рым 11:13-14). «Рупнасьць», пра якую казаў Павал і выявілася ў Ерусаліме ў недапушчальна негатыўным сэнсе, калі натоўп прыўшоў у лютасьць пры адным толькі нагадваньні пра паганскую місію. Не каб задумацца пра тое, што пагане ўдзельнічаюць у іхніх абяцаньнях, іхніх патрыярхах, і іх Мэсіі і ня быць падобным на старэйшага брата з прыповесьці Ісуса, а своечасова супакоіцца, усьміхнуцца, узрадвацца - і ўвайсьці ці запрасіць у дом.

Толькі такая надзея можа растлумачыць адчайную спробу Паўла прапаведаваць гэтаму натоўпу, укладаючы ў сваю пропаведзь і ўсю сваю дыпламатычнасьць. Гэтая сцэна, якую паказвае нам Лука, вельмі важная, бо сьведчыць пра тое, што гебраі Ерусаліму беззваротна адпрэчылі Дабравесьце Хрыста і тым самым вынесьлі прысуд самім сабе. Пройдзе каля пятнаццаці год, і ў 70 годзе па Р. Х. Ерусалім, разам з Храмам, будзе разбураны ў груду камянёў. Але гэта не азначае, што ў будучым Ізраіль ня будзе адноўлены, як і кажа Павал у сваім прароцкім слове: «Бо не хачу браты, каб вы ня ведалі гэтае тайны, каб вы ня былі мудрымі праз сябе, што скамяненьне сталася ў Ізраілі часткова, аж пакуль ня ўвойдзе поўнасьць паганаў, і гэтак увесь Ізраіль збаўлены будзе, як напісана: “Прыйдзе з Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якуба» (Рым 11:25-26).


Дзеі 22:23-30
«А як яны крычалі, і кідалі адзеньне, і пыл падкідалі ў паветра, тысячнік загадаў весьці яго ў табар, сказаўшы тартураваць яго, каб даведацца, дзеля якое віны гэтак крычалі на яго. А калі расьцягнулі яго рамянямі, сказаў Павал да сотніка, які стаяў: “Ці ж можна вам тартураваць рымскага чалавека і без суду?” Пачуўшы ж гэта, сотнік, пайшоўшы паведаўміў тысячніка, кажучы: “Глядзі, што ты маеш рабіць. Бо гэты чалавек - рымлянін”. Падыйшоўшы, тысячнік сказаў яму: “Скажы мне, ці ты рымлянін?” А ён прамовіў “ Так”. І адказаў тысячнік: “Я здабыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы”. А Павал прамовіў: “А я нарадзіўся ў ім”. Дык адразу адступіліся ад яго тыя, што меліся тартураваць яго. І тысячнік спалохаўся, даведаўшыся, што ён рымлянін і што яны былі зьвязаўшы яго. А на заўтра, хочучы даведацца напэўна, у чым абвінавачваюць яго юдэі, зьняў з яго путы і загадаў прыйсьці першасьвятарам і ўсяму сынэдрыёну іхняму, і, вывеўшы Паўла, паставіў перад імі» (Дзеі 22: 23-30).

Успамін пра паганаў выклікаў новую хвалю лютасьці натоўпу. Юдэі пагаджаліся з тым, каб хто-небудзь прапаведаваў паганам, але яны былі супраць таго, каб яны атрымлівалі юдэйскія прывілеі, ня зьдзейсьніўшы абразаньне і прыняцьце Закону. Калі б Павал прапаведаваў паганам асновы юдаізму, юдэяў бы гэта задаволіла. Але яны шалелі з таго, што Павал прапаведаваў паганам ласку хрысьціянства і таму дэманстравалі сваю нязгоду звычайным для іх спосабам: яны крычалі, кідалі сваё адзеньне і падкідвалі пыл у паветра.

Сітуацыя накалялася і стала зусім небясьпечнай. Хутчэй за ўсё тысячнік арамейскай мовы ня ведаў і не разумеў, што кажа Павал, але разумеў відавочнае - ён не павінен дазволіць узьняцца бунту. І ён прымае рашэньне дапытаць Паўла праз тартураваньне, што было звычайнай традыцыяй таго часу. Чаму? Перадумова гэтага ў тым, што калі чалавека на допыце ня мучыць, ён абавязкова будзе хлусіць. Сучаснага чалавека гэта шакуе, але, па шчырасьці, у сьвеце хапае яшчэ дыктатарскіх рэжымаў, дзе з чалавекам робяць, амаль што, тое ж самае.

І вось загаварыў Павал: «Ці ж можна вам тартураваць рымскага чалавека, і без суду?» Такім чынам, узьнікае відавочнае пытаньне: чаму паверылі на гэтае Паўлу і ці існаваў нейкі доказ таго, што ён сапраўды ёсьць рымскі грамадзянін? Па-першае, хлусьня такога кшталту магла прывесьці да сьмяротнага пакараньня і таму чалавек павінен быў добра падумаць, каб не патрапіць з агню ды ў полымя. І па-другое тое, што пэўны доказ гэтага павінен быў быць. Можа гэта быў сьпецыяльны жэтон на шыі Паўла, а можа нейкі афіцыйны знак (сучасны пашпарт), схаваны ў надзейным месцы. Павал кажа, што ён рымскі чалавек сотніку, які ўпэўнена кажа пра гэта тысячніку: «Глядзі, што ты маеш рабіць. Бо гэты чалавек - рымлянін».

Сотнік ¬ гэта (па сучаснаму) ротны камандзір у палку, афіцэр і вельмі адказная адзінка ў рымскім войску. Дык вось, гэты сотнік, не атрымаўшы доказ ад Паўла, ня быў бы такім упэўненым перад сваім начальнікам, які, дарэчы купіў сваё рымскае грамадзянства за вялікія грошы. Але, як кажуць: давярай ды правярай. І тысячнік асабіста ўпэўніўся на тое, што Павал сапраўды грамадзянін Рыму. І тут яго ахапіў страх, бо ён добра памятаў словы Цыцэрона: «Зьвязаць грамадзяніна Рыму - злачынства; біць яго - злачынства нашмат горшае; забіць яго - амаль што тое ж, як забіць бацьку». Юрыдычныя правы рымскага грамадзяніна ахоўваліся ў імперыі вельмі строга (па закону Валерыяна і Порцыя) і парушальнікі гэтых правоў маглі панесьці вельмі суровае пакараньне.

Кранаючы ж пытаньне рымскага грамадзянства Паўла, у якім ён нарадзіўся, можна сказаць наступнае. Гісторыкі кажуць, што Антоній падараваў грамадзянства тым гебраям, якія сур’ёзна дапамаглі яму ў ягоных ваенных кампаніях у сярэдзіне I стагодзьдзя да Р. Х. Прысутнасьць жа гебраяў у Тарсе датуецца недзе 170 годам да Р. Х. Так што існуе вялікая верагоднасьць таго, што ня толькі грамадзянства Паўла было спадчынным, але і бацькі, а можа і дзеда. Што ж тычыцца грамадзянства тысячніка, набытага за вялікія грошы, дык гэта было даволі распаўсюджана пад час цэзара Кляўдыя.

Дык вось, рымскі грамадзянін Кляўды Лізі (гэта наш тысячнік) зразумеў, што ён ледзь не зрабіў тое, што магло пазбавіць яго высокай пасады, а можа і самога жыцьця. І вось яшчэ адна акалічнасьць. Заява Паўла пра сваё рымскае грамадзянства вызваліла яго ад тартураваньня, але ланцугі з яго здымаюць толькі на наступны дзень. Як бачыцца, у гэтым выявілася капрызная зацьцятасьць тасячніка, які хоць і «спужаўся», але не жадаў паказаць сваю слабасьць неадкладным вызваленьнем Паўла.

Тысячнік загадвае першасьвятарам і ўсяму сынэдрыёну прыйсьці да яго, каб высьветліць справу Паўла. Падкрэсьлім слова загадвае, бо гэта сьвядомае прыніжэньне ўлады гэтага вышэйшага судовага органу юдэяў. Мы ж бачым, што ня толькі кіраўнік правінцыі, што з Цэзарэі, але і просты камандзір палка «загадвае» сынэдрыёну ня проста сабрацца, але і прыйсьці да яго. Тут ёсьць і іншы бок гэтага загаду, бо весьці Паўла, рымскага грамадзяніна, у іншае месца было вельмі небясьпечным, таму што яшчэ чуліся словы натоўпу: «Забяры з зямлі такога! Бо не належыць яму жыць!» Тысячнік, да таго ж, добра ўсьвядоміў, што абвінавачваньні Паўла ад юдэяў мелі «ўнутраны характар» і менавіта сынэдрыён быў здольны высветліць тое, у чым яго абвінавачваюць. І калі суд юдэяў вызначыць Паўла невінаватым, яго можна будзе вызваліць, а калі гэтыя абвінавачваньні сапраўды сур’ёзныя, дык нескладана будзе перадаць гэтую справу ваяводзе Фэліксу, што ў Цэзарэі. І вось з гэтага Павал і быў «пастаўлены» перад сынэдрыёнам.


Рецензии