Начало в Тарсе
Тарс. Галоўны горад Кілікіі - урадлівай даліны паўднёва-заходняй частцы Малой Азіі. Горная града Таўра велічнай дугой абгортвала гэтую даліну, каб стварыць добрыя ўмовы для жыцьця чалавека. Таўр ўздымаўся грознымі цясьнінамі і скаламі, будучы падобным на магутную крэпасьць, каб узьвялічыцца зімнімі сьнягамі. Горы Таўра, пачыналіся ад самога захаду даліны і геаграфічнаю, на поўнач і ўсход, дугою, скончваліся каля горада Іс, што знаходзіўся непадалёк ад Антыёхіі Сірыйскай, якая, ў будучым, згуляе не малую ролю ў стаўленьні хрысьціянства. Вузкая, але хуткая рака Кідон працякала праз горад Тарс. Крыштальная чысьціня ракі некалькі забруджвалася толькі пасьля дажджу, а таму была ў любасьці жыхароў гэтага гораду. Рака ўпадала ў штучна зробленую гавань - цудоўную працу ранейшых будаўнікоў, што давала магчымасьць швартоўкі марскіх караблёў, якія падвозілі розныя тавары з усходу, каб потым адпраўляць іх у паўночным напрамку па рымскім шляху праз горы Таўра.
Існавала толькі адна кропка пераадоленьня Таўра - Кілікійская брама. Гэта быў праход у цясьніне, штучна пашыраны так, каб гандлёвыя караваны мелі магчымасьць праходзіць толькі ў адным напрамку. Яшчэ адзін цудоўны твор старажытных будаўнікоў Тарсу.
За сорак гадоў да нараджэньня Ісуса Хрыста на бераг гавані, каля Тарсу, зыходзіла Клеапатра, каб сустрэць Антонія. Увесь Тарс дзівіўся срэбранымі вёсламі яе караблёў, барты якіх былі абітыя золатам. Яны бачылі і дзіўныя пурпурныя ды духмяныя ветразі караблёў Клеапатры, якая жадала зьдзівіць усёй гэтай веліччу самога Антонія.
Насельніцтва Тарса - стракатая сумесь самых розных народаў, якія ўжываліся пад кіраўніцтвам Рыму. Тут жылі тубыльцы-кілікійцы, хетэі - продкі якіх валадарылі ва ўсёй Малой Азіі, грэкі, асірыйцы, персы, а таксама і македонцы, якія прыйшлі сюды з вялікім Александрам пад час ягонага вайсковага паходу ў Індыю. Калі імперыя Александра распалася, Тарс апынуўся часткаю дзяржавы Сэлеўкідаў, сталіца якой знаходзілася ў Сірыі. І вось увага. Каля 170 года да нараджэньня Хрыста тагачасны валадар Антыёх IV Сэлеўкід дазволіў і юдэям заснаваць сваю калёнію ў Тарсе. Сюды і перасяліліся з Галілеі продкі героя нашага апавяданьня - апостала Паўла. Гебраі, заснаваўшы сваю калёнію, жылі ў згодзе з іншымі жыхарамі Тарсу, але і асобна, як гэта патрабаваў Закон Майсея. Менавіта тут, у гебрайскай сям’і з калена Веніяміна, якая стаяла ў непарушнай фарысэйскай традыцыі, нарадзіўся яшчэ адзін грамадзянін Тарсу і Рыму - хлопчык, якому прадвызначана было пражыць складанае, але цікавае і насычанае жыцьцё, каб пакінуць свой яскравы сьлед у стаўленьні першых хрысьціянскіх цэркваў і даць ўсім наступным пакаленьням грунтоўнае хрысьціянскае вучэньне.
На восьмы дзень, згодна Закону, немаўлятка быў абрэзаны, атрымаўшы гебрайскае імя - Саўл, што літаральна азначае «той, пра каго прасілі». Чаму так невядома, але гэта можа азначаць позьнія роды маці хлопчыка ці тое, што першай у сям’і нарадзілася дзяўчынка. А можа і таго прасьцей, бо ў тыя часы не існавала медыцынскіх магчымасьцяў, акрамя нейкіх фізічных прыкметаў, вызначыць, да нараджэньня, пол дзіцяці. Таму і прасілі бацькі ў Госпада менавіта хлопчыка, бо бацьку патрэбны быў той, хто працягне ягоную мужчынскую справу ў сям’і. На радасьць бацькоў нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Саўлам, але гэты маленькі Саўл нарадзіўся, да таго ж, і грамадзянінам Рыму, а таму, ужо па рымскаму закону, павінен быў мець патройнае імя. Як напрыклад поўнае імя Пампэя, які і ўзнагародзіў дзеда Саўла гэтым грамадзянствам.
Гнэй Пампей Магн - вось поўнае імя гэтага знакамітага ваяводы, які ўсталёўваў уладу Рыма ў гэтых мясьцінах і які кіраваў Рымам разам з Гаем Юліем Цэзарам ды Маркам Ліцыніем Красам. Першыя два імёны - Гнэй Пампэй былі агульнымі для сям’і Пампэяў, бо бацька гэтага Пампэя быў Гнэям Пампэем Старбонам, таксама выдатным ваяводам, які займаў вышэйшыя пасады сярод кіраўніцтва Рыму. Так што незразумела чаму гістарычныя крыніцы называюць Пампэя Магна проста Пампэем. Невядома чаму першых два агульных для сям’і Саўла рымскіх імёнаў нідзе ня гучыць, але трэцяе ведаюць усе - Павал. У будучым Павал ніколі пра гэтае не казаў, а ягоны супрацоўнік грэк, які апісваў жыцьцё Паўла, як падаецца, не зьвяртаў на гэтае ўвагу, бо грэкі ня мелі такіх традыцыяў. Але зразумела і тое, што ў гебрайскім і элінскім асяродзьдзі, гэта было толькі запісам у кнізе рымскіх імёнаў і, амаль што, ніколі не агучвалася ў штодзённым жыцьці, а таму мы і ведаем толькі трэцяе рымскае імя гебрайскага хлопчыка Саўла.
Бацька Саўла, як дарэчы і ягоны дзед, займаўся вытворчасьцю намётаў і шатроў. Гэта было сямейнаю справай, якая прыносіла такія грошы, якія дазвалялі ім жыць даволі заможна і быць у пашане сярод жыхароў Тарсу. Гэтыя шатры і намёты мелі чорны колер і карысталіся вялікім попытам сярод кіраўнікоў караванаў, качэўнікаў, а самае галоўнае - сярод войскаў па ўсёй Сірыі і Малой Азіі. Матэрыялам для гэтых вырабаў была скура і асобная «кілікійская тканіна», якая выраблялася з доўгай і шчыльнай поўсьці чорных коз, якія, дарэчы, і па сёньня пасьвяцца на схілах Таўра. Нічога не вядома пра маці Паўла, але вядома, што ў яго была сястра і што гэтая сям’я была пад абаронаю Рыма. Як гэта сталася? Гісторыя кажа, што Магн Пампэй пачаў сваю ваенную кампанію ў Азіі менавіта з Кілікіі, дзе жыў у гэты час дзед Паўла. Магн Пампэй меў паўнамоцтвы вырашаць тут усё ад імя Рыму, а да таго ж рыхтаваўся да вайны з войскам Понту Мітрыдатам. Агульнае войска Пампэя дасягала 50 тысячаў жаўнераў, а гэта прадуглядала вялікія выдаткі на забясьпячэньне войска. У тым ліку на шатры і намёты. Тут дзед Паўла не разгубіўся і прапанаваў Магну Пампэю свае вырабы. І не памыліўся, бо якасць, практычнасьць, а таксама і кошт гэтых намётаў упэўніла Магна ў правільнасьці выбару. Практычнасьць ды якасьць шатроў і намётаў ухвальваліся ўсім войскам і таму, як і ў гішпанскі час сваёй вайсковай дзейнасьці, Пампэй Магн даруе грамадзянства Рыма юдэю з Тарсу - дзеду Паўла.
Гебрайскі хлопчык Саўл нарадзіўся праз тры ці чатыры гады пасьля нараджэньня Ісуса Хрыста. Безумоўна, што гебраі Тарсу ведалі пра тыя жудасныя падзеі ў Бэтлееме, калі валадар Ірад загадаў забіць усіх дзяцей ад двух гадоў і малодшых дзеля нейкага свайго суперніка. На радасьць бацькоў хлопчыку зараз нічога не пагражала і перад ім было усё ягонае жыцьцё. А жыцьцё не было такім простым, бо фарысэйскі склад сям’і Саўла накладаў на сябе абавязак безумоўна прытрымлівацца Закону Майсея і жыць з гэтым усім сярод атачэньня паганаў. Калоны паганскіх храмаў былі на кожным кроку, а грэцкая мова была паўсюднаю і міжнароднаю, што кажа пра веданьне юным Саўлам гэтай мовы. Але гэта і ня ўсё, бо рымскі грамадзянін Павал павінен быў разумець мову рымскага грамадзянзтва, а таму ён вывучаў і мову лацінскую. Ці падабалася гэта бацькам Саўла? Можа і не, бо іхняя прыхільнасьць была ў Ерусаліме і Храме. Яны былі фарысэямі, а таму самыя галоўныя каштоўнасьці іхняга жыцьця былі менавіта ў Ерусаліме. Кожны год азначэньня найвялікшых гебрайскіх сьвятаў, яны намагаліся быць у сьвятым горадзе, а з імі быў і маленькі хлопчык Саўл.
Навучаньнем падлетка займалася школа пры сынагозе ў Тарсе, дзе на першым месцы было вывучэньне Сьвятога Пісаньня. Разам з настаўнікам «хазанам», мальчукі хорам паўтаралі старажытныя тэксты. І немалаважнае значэньне надавалася таму, што ўсе галосныя, ціскі, а таксама і рытм, адпавядалі юдэйскай традыцыі. Саўл быў старанным вучнем, бо пераймаў усю гэтую навуку, паступова перапісваючы Пісаньне асабіста ў асобны папірусны сьвітак, які ён захаваў на ўсё сваё жыцьцё. Да трынаццатага году свайго жыцьця юнак Саўл ведаў усю гебрайскую гісторыю, паэзію псальмаў і велічную прозу прарокаў. Слых, прывучаны да дасканалага гучаньня тэкстаў, у спалучэньні з успрымальным розумам, дазваляў яму ўспрымаць усё тое, што ён чуў ад сваіх настаўнікаў.
Усё гэта бачыў бацька юнака Саўла, а таму і паўстала пытаньне пра далейшае навучаньне ягонага сына. У Тарсе была свая знакамітая вышэйшая навучальная ўстанова. Знакамітая таму, што адсюль выйшаў Афінадор, настаўнік і бліжэйшы раднік імператара Аўгуста, а таксама і ня меньш знакаміты Нэстар. Усе гэтыя знакамітыя людзі вярнуліся з часам ў Тарс і былі вельмі паважанымі грамадзянамі гораду. Але гэта была грэцкая і рымская культура, а будучы фарысэй Саўл павінен уразумець зусім іншую і, адпаведна, фарысэйскую адукацыю. У сям’і юнака вырашылі, што ён павінен ехаць у Ерусалім да школы Гамаіэля. І вось Саўл, упершыню самастойна, марскім шляхам праз Цэзарэю, падняўся ў Ерусалім.
Наступныя шэсьць гадоў свайго жыцьця Саўл знаходзіўся ля ног Гамаліэля, што азначала стараннае вывучэньне навукі свайго настаўніка. Гамаліэль - знакаміты і набожны фарысэй, які вельмі добра ведаў Закон і меў шэраг сваіх вучняў, сярод каторых быў і Саўл з Тарсу. У тыя часы існавалі дзьве асноўныя багаслоўскія школы: настаўнікаў Шамая і Гілеля, якія стварыліся за пакаленьне да нараджэньня Ісуса Хрыста. Шамай займаў даволі жорсткую багаслоўскую пазыцыю, бо лічыў, што да выкананьня Закону трэба ставіцца патрабавальна і калі гэта азначае гвалт супраць парушальнікаў Торы, дык няхай так і будзе. Гілель жа разважаў інакш. Бог хоча, каб Ізраіль выконваў Закон, але, паколькі выкананьне Закона гэта ўнутранае пытаньне стану сэрца чалавека, дык прымушаць людзей зусім неабавязкова. Фарысэй Гамаліэль працягваў традыцыі школы Гілеля і меў сярод гебраяў вялікі аўтарытэт і пашану.
Але цікава і тое, што ў будучым вучань Гамаліэля Саўл (Павал) больш схіляўся да вучэньня Шамая, калі вёў жорсткую барацьбу з першахрысьціянскай царквою. Але гэта будзе потым, а зараз Саўл, пад кіраўніцтвам Гамаліэля, вучыўся паглыбляцца ў тэксты Пісаньня так, каб праз шматлікія тлумачэньні законьнікаў і кніжнікаў па рэгуляваньню пунктаў Закону, бачыць сапраўдны сэнс гэтых тэкстаў. Юны фарысэй Саўл не адмаўляў гэтым выкананьне Закону, але, як будучы рабін, ён павінен быў бачыць супрэчнасьці тлумачэньняў, каб рэгуляваць узаемаадносіны паміж юдэямі і Законам. Саўл вучыўся разважаць у форме «дыятрыбы» - лагічна збудаваных пытаньняў і адказаў. Усё гэта патрэбна было будучаму рабіну - прапаведніку і настаўніку, які, да таго ж, павінен быў выконваць абавязкі судзьдзі, каб абвінавачваць ці абараняць парушальнікаў Закону Майсея. Юнак безумоўна быў лепшым з вучняў Гамліэля, а тым часам заняткі ў Ерусаліме падыйшлі да свайго завяршэньня. Але гэта зусім не азначала, што ад Гамаліэля выйшаў новасьпечаны дваццацігадовы рабін. Гэта яшчэ наперадзе, бо трэба яшчэ набыць практыку пропаведзі і тлумачэньня Пісаньня ў сынагозе, а таксама і набыць прафесію, каб забясьпечваць сябе і сваю сям’ю. Сапраўдны рабін не павінен браць грошы за сваё настаўніцтва. Ён павінен утрымоўваць сябе сам. І калі першую ўмову можна было зьдзейсьніць і ў Ерусаліме, дык другая ўмова зьдзяйсьнялася ў Тарсе, у сямейнай вытворчасьці чорных кілікійскіх шатроў і намётаў. Такім чынам дваццацігадовы Саўл пакідае Ерусалім і накіроўваецца ў родны Тарс.
Шлях да дому быў добра знаёмы. Спачатку Цэзарэя, а потым морам да Тарсу. Саўлу заўсёды падабаўся гэты маршрут сваёй практычнасьцю і прыгажосьцю. Спрыяльныя заходнія вятры рабілі гэтае падарожжа прыемным марскім шпацырам. Марскія хвалі і сузіраньне берагоў Фінікіі і Сірыі дадавалі падарожжу рамантычнасьці. Пры падыходзе да Тарсу, калі карабель зварочваў ад сірыйскага берагу ў мора, былі бачны нават і абрысы Кіпру. Але вось і родная гавань, а праз некалькі гадзін малады чалавек уваходзіў у родны дом, адкуль ён зыйшоў шэсьць год таму. Гэта ўжо ня быў той чатырнаццацігадовы хлопец, якога родныя калісьці выпраўлялі ў Ерусалім.
Дорслы ўжо юдэй з радасьцю абдымаў бацьку і сястру, якія віталі яго ў роднай хаце. Не было толькі маці, якая рана зыйшла з жыцьця і якую Саўл нават і ня памятаў. Можа таму, у сваіх будучых творах, ён ніколі не казаў пра маці, як, дарэчы і пра сваю будучую жонку, якую Саўл згубіць яшчэ ў маладосьці. Але зараз у хаце панавала радасьць і сьвята, а сьвяточная ежа ўжо чакала іх на стале. Нельга казаць, што яны не сустракаліся ўсе гэтыя шэсьць гадоў, бо бацька, як сапраўдны фарысэй, хоць раз на год прыходзіў разам з дачкою ў Ерусалім, каб быць у Храме і сустрэцца з сынам, які навучаўся ў Гамаліэля. Да таго ж, навучэнцу Саўлу, патрэбны былі сродкі для пражыцьця ў Ерусаліме. І вось ён дома, якога ня бачыў ужо шэсьць гадоў. Нічога асабліва не зьмянілася, але хваля пяшчотнай радасьці агарнула яго да самых глыбіняў, калі ён адчуў любоў сваіх родных і сваю любоў да іх.
Пасьля непрацяглага адпачынку будучы рабін пачынае сваё практычнае навучаньне. У дзень суботы тарсійская сынагога была запоўнена так, што ўсім не хапіла месца. Прыйшлі нават і «спачуваючыя» з паганаў. Усе ведалі, што вярнуўся з Ерусаліму малады Саўл, які шэсьць гадоў навучаўся ў самога Гамаліэля, што самое па сабе ўздымала чалавека на высокі прыступак грамадзкай павагі. Але, каб замацаваць гэты ўзровень грамадзкай думкі, трэба ўпэўніцца ў гэтым, паслухаўшы маладога вучонага фарысэя. Зайшоўшы ў сынагогу бацька і сын заўважылі, што ім падгатавалі ганаровыя месцы сярод шматлікіх прысутных. З хваляваньнем яны селі на свае месцы, выразна адчуваючы стук сваіх сэрцаў. Невядома, хто больш хваляваўся - бацька ці сын. Гэта быў іспыт і справаздача для абоіх.
Саўл павінен быў пацьвердзіць, што бацька не дарэмна пасылаў яго да Гамаліэля, як і тое, што ягоны настаўнік не дарэмна навучаў яго ў Ерусаліме. Саўл пакажа ім, што ён навучаны і пакліканы служыць юдэям. І ня толькі ў Тарсе, а можа і ў самым Ерусаліме. Іспыт быў здадзены на выдатна. Прачытаны тэкст з Пісаньня быў патлумачаны так, што ўсе прысутныя былі ў захапленьні, а сэрца бацькі Саўла больш не хвалявалася, але было напоўнена радасьцю і гордасьцю за свайго сына, як і за тое, што ён недарэмна выхоўваў яго. Ён ўжо ведаў, што Саўл у поўнай меры спасьцігне іхняе сямейнае рамяство, каб стаць сапраўдным рабінам і настаўнікам народу.
Наступныя годы Саўл старанна працаваў, спасьцігаючы майстэрства вырабу знакамітых чорных кілікійскіх шатроў і намётаў. Ён, фарысэй і будучы рабін, павінен быў быць узорам у працы і рэлігійным служэньні, а таму ён старанна працаваў і ў сынагозе, калі прапаведаваў Пісаньне і тлумачыў асобныя тэксты. Саўл зьвяртаў увагу і на паганаў, якія цягнуліся да веры гебраяў. Ён прапаведаваў ім пра адзінага Бога і Ягоны Закон, заклікаючы іх, праз абразаньне, далучацца да выбранага народу, каб набываць дабраславеньне Госпада і ў выніку вечнае жыцьцё.
На радасьць сям’і Саўл набываў аўтарытэт сярод дыяспары гебраяў Тарсу, гатуючы сябе да новых вышыняў сьвятарскага служэньня. Да тарсійскіх гебраяў даходзілі чуткі з Юдэі і Галілеі пра нейкага дзіўнага Прарока, Які яўляў розныя цуды і дзіўна прапаведаваў. Але ці ня ведалі яны і тое, што ў розныя часы на зямлі Ізраіля зьяўляліся розныя дзівакі, якія абвяшчалі сябе духоўнымі настаўнікамі народу, а нават і самім Мэсіей? Але вось прыйшла новая навіна пра тое, што гэты самы Прарок Ісус быў укрыжаваны Пілатам па патрабаваньню сынэдрыёну. І гэта ня ўсё, бо быццам бы гэты Ісус уваскрос, што здавалася неверагодным. Саўл цяжка перажываў усе гэты навіны, бо сапраўдны фарысэй павінен змагацца за чысьціню веры згодна Закону і не паддавацца уплыву розных авантурыстаў, якія ўявілі сябе Мэсіямі. Упэўнены фарысэй Саўл адчуў, што час прыйшоў і ён павінен прысьвяціць сваё служэньне Ерусаліму.
Праз год пасьля ўкрыжаваньня Ісуса, трыццацігадовы Саўл накіроўваецца тым жа марскім шляхам у Ерусалім. Але не адзін, а з маладой жонкаю. Гісторыя ня кажа пра яе нічога, бо хто такі быў малады фарысэй Саўл, каб пра гэта распававёў, напрыклад, Язэп Флавій. Нічога ня кажа пра гэта, у будучых сваіх творах, і сам сёняшні Саўл, але вялікая верагоднасьць таго, што гэта было менавіта так, бо фарысэй і рабін Саўл ня мог парушыць юдэйскай традыцыі і адмовіцца ад шлюбу і юдэйскай сям’і. Іншая справа, што здарылася з гэтай жанчынай у Ерусаліме і як Саўл згубіў яе ў сваім жыцьці. Гэтая трагедыя наклала вялікі адбітак на будучага апостала, бо Саўл ведаў пра заўчасную сьмерць сваёй маці, а тут яшчэ і жонка. Не дарма ў будучым Саўл (Павал) пазьбягаў жанчын і вызначыў асабістае адмаўленьне шлюбу, не адмаўляючы гэтага астатнім.
Прыбыўшы ў Ерусалім Саўл накіраваўся да Гамаліэля, які з радасьцю прыняў свайго лепшага вучня, якога ён заўсёды чакаў, бо ведаў, што гэты здольны фарысэй павінен быць уведзеным у вяршыні сьвятарства. Гамаліэль хутка знайшоў яму пасаду пры сабе ў сынэдрыёне, бо гэты вучань, прайшоўшы дзьве асноўных ступені навучаньня і стаўленьня рабіна, павінен зараз засвоіць і адміністратыўна - палітычныя асновы гебрайскага грамадзтва. Так Саўл увайшоў у рэлігійна - палітычную эліту Ерусаліму і старанна намагаўся гэтаму адпавядаць.
Ён апранаўся ў доўгую шату з блакітнай аблямоўкай і насіў адмысловы цюрбан з кудменем, якія паказвалі, што ён адносіцца да партыі фарысэяў. Праходзячы па дварах Храма, ён захоўваў напышлівы выраз твару, які падкрэсьліваў ягонае асаблівае становішча. З вялікай стараннасьцю Саўл выконваў усе рытуалы абмываньняў і ачышчэньняў цела, а таксама ежы і пітва. Кожны тыдзень ён пасьціўся і ў дакладнай пасьлядоўнасьці прамаўляў усе неабходныя малітвы. Ён быў упэўнены, што паважлівыя вітаньні людзей, ягоны высокі стан і асобнае месца ў сынагозе - усё гэта прыналежыць яму па праву.
Дні Саўла былі запоўненыя афіцыйнымі абавязкамі і асабістымі даручэньнямі Гамаліэля. Акрамя гэтага ён старанна гатаваў свой дух да ўзьнясеньня ў нябёсы, выконваючы пастановы Закону Майсея. У яго не было часу на жабракоў, а да грэшнікаў і мытнікаў ён ставіўся пагардліва. Саўл быў упэўнены, што добры чалавек павінен трымацца падалей ад дурных, а таму ён бы падтрымаў таго фарысэя, які лічыў, што Ісус, дазволіўшы абмыць Свае ногі сьлязьмі нейкай блудніцы, якая, да таго ж, мазала іх мірам, ўжо толькі з гэтага ня мог быць сапраўдным прарокам. Прыповесьць Ісуса пра фарысэя і мытніка абурыла б Саўла, бо яна была ў дакладнасьці пра яго. Як і фарысэй з прыповесьці ён лічыў, што мае заслугі перад Богам, а таму і права на дабраславеньні ад Госпада. Малітва Саўла такой і была. Ён дзякаваў Бога за тое, што ён не падобны на несправядлівых і грэшных, а асабліва на нячыстых на руку мытнікаў, бо пасьціўся і аддаваў у Храм дзесяціны з усяго.
Саўлу не давялося сустракацца з Ісусам пад час Ягонага служэньня, але Саўл быў упэўненым у тым што ён, адукаваны фарысэй, уступіўшы ў спрэчку з гэтым новым прарокам, які ня меў пэўнай адукацыі і выйшаў невядома адкуль, абавязкова паставіў бы яго на месца, разьбіўшы ў пух і прах усе ягоныя вучэньні. Прайшло ўжо некалькі гадоў пасьля ўкрыжаваньня Ісуса, але ў сьвятым горадзе было шмат людзей, якія верылі таму, што гэты Ісус уваскрос з мёртвых. І колькасьць гэтых людзей нечакана павялічвалася за кошт юдэяў дыяспары, якія цягнуліся ў гэтую новую секту з усіх куткоў імперыі Рыму. Адным з такіх прышлых гебраяў і быў нейкі Стэфан.
Свидетельство о публикации №226012801887