Первый шаг
Насьцярожвала толькі тое, што прайшло ўжо два дні, але нічога пакуль што не адбывалася. Што задумаў гэты Саўл? Жыхары Дамаска абмяркоўвалі розныя варыянты дзейнасьці Саўла, але ніхто ня бачыў Саўла, які недзе захаваўся, магчыма гатуючы пачатак пакуль незразумелай дзейнасьці супраць назарэяў. Грамада падзялілася на тых, хто спачуваў назарэям, бо нічога дрэннага ад іх ня бачылі, і тых, асабліва з ліку фарысэяў, хто з нецярпеньнем чакаў самага жорсткага пакараньня гэтай незаконнай секты.
Ананія яшчэ маліўся да Госпада Хрыста, калі пачуў голас, які клікаў яго: «Ананія!» Ананія не зьдзівіўся і не ўсумніўся, а таму адразу адказаў: «Вось я, Госпадзе!» Голас Госпада працягнуў: «Устаўшы, ідзі на вуліцу, называную Простай, і ў доме Юды пашукай тарсяніна на імя Саўл, бо вось ён моліцца і бачыў у відзежы мужа на імя Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў». Ананія здрыгануўся, калі пачуў гэтае імя, бо чуў шмат што дрэннага пра гэтага чалавека і таму палічыў неабходным заўважыць: «Госпадзе, я чуў ад многіх пра мужа гэтага, колькі ліха ўчыніў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме; і тут ён мае ўладу ад першасьвятароў зьвязваць усіх, хто прызывае імя Тваё». Ананія зьбянтэжыўся на словы Госпада, бо ён ведаў настрой збору назарэяў, якія малілі Бога абараніць іх. Ці можа так стацца, што Госпад памыліўся? Бог ведаў сумненьні Сваіх верных, але яны пакуль што ня ведалі плану Госпада на гэтага Саўла. І таму Госпад сказаў да Ананіі, раскрываючы гэты план: «Ідзі, бо ён - Мая выбраная пасудзіна, каб несьці імя Маё перад паганамі, і валадарамі, і сынамі Ізраіля, бо Я пакажу яму, колькі ён мусіць перацярпець за імя Маё». Тады, ня кажучы больш ні слова, Ананія ўстаў і апрануўся.
Ананія выйшаў з дому і перайшоўшы да вуліцы Простай, пайшоў у накірунку дома Юды, дзе знаходзіўся Саўл. Сонца ўжо асьвятліла вяршыні гор на поўначы ад Дамаску, калі Ананія падыходзіў да дому Юды. Яму хацелася сьпяваць, славячы Госпада, бо вялікая сіла Яго. Бог працягнуў сваю руку і воўк мірна лёг побач з ягняці, як і было сказана ў старажытным прароцтве. А ён, Ананія, выбраны Богам, каб выканаць даручэньне Госпада адносна Саўла. Упершыню ў гісторыі здарылася тое, што нікому невядомы прыхільнік Ісуса заклікаў да служэньня аднога з найвялікшых служыцелей Госпада Ісуса Хрыста. Саўл, які ўначы бачыў відзеж ад Госпада, адразу ж запрасіў Ананію ў свой пакой.
Саўл вельмі хваляваўся, але адчуваў, што гэты чалавек прыйшоў ня проста так, а з мэтай, якая кардынальна пераверне ягоную дзейнасьць на ўсё астатняе жыцьце. Ананія, увайшоўшы, уважліва паглядзеў на чалавека, які ляжаў на ложку. Твар Саўла выразна адлюстроўваў адсутнасьць сну ад перажытага і перадуманага. Але Ананію ўразіў супакой і мір, які ён убачыў на твары гэтага чалавека і не было на ім ніякай важнасьці ды фарысэйскай пыхі. Вочы Саўла, якія нікога і нічога ня бачылі, былі накірованыя некуды ўверх. Ананія падыйшоў да Саўла і ўсклаў свае рукі на ягоную галаву.
«Саўле, браце!» - пачаў ён, адчуўшы, што яму зусім няпроста далося назваць братам чалавека, які прынёс столькі ліха ягоным братам ў Ісусе Хрысьце. Але перамогшы сябе і адчуўшы радасьць ад гэтага, пасьля невялікай паўзы працягнуў: «Госпад паслаў мяне, Ісус, Які зьявіўся табе на дарозе, па якой ты ішоў, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым». Нібыта луска, якая аддзяляла вочы Саўла ад сьвятла адразу ж зляцела і сьвятло зноў вярнулася да яго. Ён ясна ўбачыў менавіта таго чалавека, якога ён выразна бачыў у відзежы сёняшняй ноччу.
Але Ананія яшчэ ня скончыў, бо павінен быў давесьці да Саўла Божую волю адносна далейшага ягонага жыцьця і ягонай дзейнасьці: «Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, і ўбачыў Праведнага, і пачуў голас з вуснаў Ягоных, бо ты будзеш сьведкам Яму перад усімі людзьмі, што ты бачыў і чуў». Ананія дадаў ад імя Госпада і пра тыя цяжкія выпрабаваньні, якія чакаюць Саўла за імя Госпада Ісуса Хрыста. Ананія вызначыў і тую наўгалоўнейшую задачу, якую паставіў перад Саўлам Ісус: «Пасылаю цябе да паганаў, каб адчыніць вочы іхнія, зьвярнуць ад цемры да сьвятла і ад улады шатана да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі адпушчэньне грахоў і жэрабя сярод асьвечаных». Размах і значэньне гэтай місіі ўзрушылі Саўла так, што ён пазбавіўся на нейкі момант дара гаворкі. Але Ананія перапыніў гэтае замяшаньне нечаканымі словамі: «І цяпер што ты марудзіш? Устаўшы, ахрысьціся і змый грахі твае, прызваўшы імя Госпадава».
Ананія дапамог Саўлу падняцца з ложку і апрануцца. Цела Саўла ня слухалася яго і ня толькі ад адсутнасьці ежы ці адсутнасьці сну, але і ад горкіх ды цяжкіх думак пра тыя злачынствы, якія ён нарабіў у ранейшым жыцьці. Падтрымліваючы Саўла за руку, Ананія павольна павёў яго да ракі, якая працякала ў некалькіх сотнях метраў ад дому Юды. Рака Абан, працякаючы каля паўночнага муру горада, несла на дзіва чыстыя воды і давала прыемную прахалоду ў сьпякотныя дні. Па берагу ракі расьлі абрыкосавыя і персікавыя дрэвы, ярка зялёныя ў гэты вясновы час. Гарадзкі мур, складзены з бежава-жоўтых камянёў, засланяў рэчку значную частку дня ад палаючага сонца. Саўл, пацьвердзіўшы, што вызнае Ісуса сваім Госпадам і Збаўцам, быў ахрышчаны Ананіем праз поўнае пагружэньне ў ваду. Саўл адчуў радасную палёгку і супакой сваёй утрапёнай душы. Выйшаўшы на бераг ён стаў на калені і прамовіў да Госпада словы Псальма: «Хай будуць словы з вуснаў маіх і помыслы сэрца майго даспадобы Табе, Госпадзе, цьвярдыня мая і Збаўца мой».
Абсохнуўшы, яны зноў выйшлі на вуліцу Простую і павольна пайшлі ў накірунку дома Юды. Павал адчуў у сабе цялесную бадзёрасьць, унутраная напруга зьнікла і ён супакоіўся. Хутка Ананія зьвярнуў у правулак у накірунку да свайго дому, а Саўл павольна пайшоў па вуліцы, разглядаючы горад і яго жыхароў. Ніхто ня ведаў яго ў твар і таму ён мог спакойна зьдзяйсьняць свой шпацыр, з цікавасьцю аглядаючы гэтае асяродзьдзе. Міма яго праходзілі гебраі, арабы і нават парфяне ў сваіх войстраканечных капялюшах. Бачыў ён і рымскіж жаўнераў, якія назіралі за парадкам на вуліцах гораду. Саўл зазірнуў і на рынкавую плошчу, дзе пабачыў гандляроў рэзкімі затаўкамі і рамесьнікаў: меднікаў, чаканшчыкай і розных іншых.
Саўл не пазнаваў сябе. Яго перапаўняла любоў да ўсіх гэтых людзей, бо ён памятаў, што пасланы Госпадам да ўсіх іх з надзвычайным даручэньнем - прапаведаваць Ісуса Хрыста. Дайшоўшы да дому Юды, ён увайшоў у свой пакой і, упершыню за некалькі дзён, у супакоі заснуў. Саўл спаў да таго часу, пакуль да яго, ўвечары, не прышоў Ананія, каб паклікаць яго на збор назарэяў. Саўл вельмі хваляваўся гэтай сустрэчы, бо, як яму стала вядома ад Ананіі, сярод іх былі і тыя, хто пацярпеў ад Саўла ў Ерусаліме. Напружанасьць зьняў Ананія, падрабязна расказаўшы гісторыю навяртаньня Саўла і ягоны сёняшні хрост. Усе прысутныя павіншавалі Саўла і першымі з іх былі тыя самыя пацярпелыя, якія, пацалаваўшы Саўла, запрасілі падзяліць з імі хлеб і віно. Такім чынам Саўл і яго новыя браты ды сёстры аб’ядналіся ў Ісусе, бо хлеб гэты быў укрыжаванай плоцьцю Яго, а віно - крывёю, пралітай на Крыжы за ўсіх іх. Так вучыў вучняў Ісус на апошняй вячэры перад Ягоным арыштам і ўкрыжаваньнем.
Саўл вярнуўся ў свой пакой у добрым настроі і ў вялікім надхненьні на будучае служэньне Ісусу Хрысту. І пачне ён з галоўнай сынагогі Дамаску, дзе яго чакалі ўжо тры дні. Саўл бачыў сынагогі, як месцы, дзе зьбіраюцца людзі, дасьведчаныя ў Пісаньні. Застаецца толькі правільна давесьці да іх тое, што ўсе Пісаньні вядуць, у рэшце рэшт, да Ісуса Хрыста - Сына Божага. Ён ўжо бачыў гэтую стратэгію. Шматлікія сынагогі павінны стаць тымі апорнымі кропкамі, адкуль магутнымі патокамі распаўсюдзіцца Добрая Вестка пра Ісуса Мэсію, Які нарадзіўся сярод Ізраіля і памёр на Крыжы, узяўшы на Сябе грахі сьвету і Які ўваскрос, даўшы пачатак Божаму Валадарству, дзе ўсе Яго верныя будуць з Ім на вякі вякоў. Ён, Саўл - сьведка Ісуса і калі ён убачыў святло Госпада, дык убачаць і іншыя. Ён, разам з іншымі юдэямі, разьнясе Добрую Вестку пра Ісуса Хрыста ўсім паганскім народам. І пачатак гэтаму будзе пакладзены тут, у Дамаску. Саўл заснуў, поўны планаў і надзеі.
Пятнічным прыгожым ранкам, Саўл апрануў сваё фарысэйскае адзеньне і пайшоў да начальніка ўзброенага атраду, які прыбыў сюды разам з ім і чакаў, распараджэньняў ад паўнамоцнага прадстаўніка сынэдрыёну. Саўл падзякаваў начальніка атраду за цярпеньне і службу, але, чамусьці, загадаў яму вяртацца ў Ерусалім. Ён вылучыў вайскоўцу неабходныя сродкі на зваротны шлях, патлумачыўшы іхняе вяртаньне зьмяненьнем сітуацыі ў Дамаску. Саўл будзе дзейнічаць па іншаму, а таму прысутнасьць пры ім узброенных людзей ня мае ніякай неабходнасьці.
Ён пачакаў, гледзячы як спрытна і хутка зьбіраецца ў зваротны шлях атрад ягоных жаўнераў і, з некаторым хваляваньнем, думаючы пра заўтрашні суботні дзень. Саўл праводзіў атрад да гарадзкой брамы і, развітаўшыся з начальнікам атраду, вярнуўся ў цэнтр гораду, дзе, назіраючы прыгожыя мясьціны Дамаску, абдумваў свае дзеі на заўтрашні дзень. Увечары ён зноў, разам з Ананіем, быў на зборы назарэяў і ўся царква малілася за яго і ягоны план, які ён распачне заўтра ў галоўнай сынагозе Дамаску.
Саўл прачнуўся на сьвітанку і, абмыўшыся вадою, пачаў гатавацца да свайго дэбюту - пропаведзі Ісуса Хрыста ў сынагозе. Ён ня чуў гэтым ранкам заклапочаных галасоў і грукату вазоў, бо ў суботні дзень вуліца Простая, як і большасьць горада заціхала. Крамы былі зачыненыя, рынкавая плошча была бязьлюднай. Юдэі пацягнуліся да сынагогаў, каб праславіць Бога і паслухаць тлумачэньне словаў Пісаньня. Саўл выйшаў з дому разам з Юдай і яны нясьпешна пайшлі да сынагогі на вуліцы Простай. Ніхто, акрамя назарэяў, ня ведаў пра навяртаньне Саўла, якія, ужо ў гэты час, пачалі маліцца за Яго і ягоны посьпех. Ня ведаў пра гэта і Юда, якому Саўл да гэтага часу не адкрыўся. Юдэі меркавалі, што адсутнасьць Саўла тлумачыцца тым, што ён аднаўляў свае сілы пасьля цяжкага вандраваньня з Ерусаліму ў Дамаск, а зараз ён гатовы да той жахлівай працы, дзеля якой ён сюды і прыехаў. Самыя фанатычныя члены абшчыны, пасеўшы на свае месцы, выяўлялі адзін адному задавальненьне тым, што герасьць, нарэшце, будзе вынішчана з іхніх родаў, а найбольш жорсткія радаваліся хуткім катаваньням і праліцьцю крыві.
Заняўшы адведзенае яму ганаровае месца, Саўл дачакаўся таго моманту, калі хаззан, прывітаўшы, узьвёў яго на памост. Саўл быў падобны на іншых фарысэяў, бо быў апрануты ў доўгую шату з блакітнай аблямоўкай і цюрбанам з скураным амулетам. Хаззан перадаў Саўлу сьвітак з Законам. Саўл прачытаў паказаны ўрывак, выконваючы ўсе неабходныя падвышэньні і паніжэньні голаса, паказваючы неблагое майстэрства пры галосным чытаньні Закону. Скончыўшы чытаньне, ён уважліва аглядзеў увесь збор, адзначыўшы цішыню і зацікаўленыя погляды юдэяў. Робячы паўзу паміж чытаньнем і пачаткам пропаведзі, Саўл зьбіраўся з духам і ўрэшце вырашыўся.
У цішыні залі прагучаў голас Саўла: «Ісус ёсьць Сын Божы». Нечаканая заява Саўла не парушыла цішыні сынагогі, бо ніхто не зразумеў дзеля чаго ўсё гэта прагучала. Ён жа, ацаніўшы гэтую цішыню як зацікаўленасьць да ягоных словаў, узяўся за новую справу з тым жа парывам і запалам, з якімі ён, у свой час, пераследаваў назарэяў. Калі ж ён распавёў, як жывы Ісус, зноў у целе, сустрэў яго на дарозе каля гораду і палюбіў яго, дык сярод слухачоў Саўла пачаліся нараканьні. Саўл не чакаў гэтага, а юдэі былі ўзрушаныя і зьбянтэжаныя, кажучы адзін адному: «Ці гэта той самы, які нішчыў у Ерусаліме тых, хто прызывае імя гэтае, і сюды прыйшоў дзеля таго, каб іх, зьвязаўшы, весьці да першасьвятароў?» Прамова Саўла ня толькі ня ўпэўніла, але і раззлавала юдэяў да крайнасьці. «Здраднік і перабежчык!» - крычалі юдэі з усіх бакоў. Яго прынялі ў Дамаску, як прадстаўніка першасьвятара, а ён абвесьціў сябе прадстаўніком Ісуса.
Саўл адступіў. Гэта была параза. Ён адчуваў сябе падобна таму саракагадоваму Майсею, якога не зразумелі гебраі, калі ён намагаўся дапамагчы ім і, ў выніку, вымушаны быў зьбегчы на сорак гадоў у Мадыямскую зямлю, што ёсьць Арабія. У той жа дзень Саўл пераехаў да Ананіі, пакуль ня вызначыцца далейшы шлях у дзейнасьці Саўла. Зноў па начах ён ня мог заснуць і ў адчаі кідаўся на ложку. Посьпех служэньня Ісусу, пра які ён марыў будучы сьляпым, а потым і пасьля словаў Ананіі - дзе ён? Ананія, бачачы душэўныя пакуты свайго новага сябра і брата, пасьля малітвы да Госпада, параіў Саўлу аддаць гэтую справу ў Божыя рукі, бо нічога немагчымага для Госпада няма, а Ён чуе і абавязкова вырашыць гэтае пытаньне. Саўл паслухаўся Ананію і супакой зноў увайшоў у ягонае сэрца. Яны разам, амаль што кожны дзень зьбіраліся з іншымі назарэямі. Саўл уважліва назіраў, а галоўнае слухаў тое, што казалася на гэтых зборах. Ён бачыў, што мала хто можа распавесьці пра тое, што казаў Ісус пад час Свайго служэньня, бо толькі адзінкі бачылі Яго і то не працяглы час, а таму і паўтаралі толькі некалькі выказваньняў Хрыста.
Адукаванага Саўла гэта цалкам не задавальняла, бо ён намагаўся як мага больш даведацца пра Ісуса Хрыста і падрабязна пазнаць Ягонае вучэньне. Вось калі б апынуцца каля апосталаў Ісуса, каб даведацца пра ўсё з першых рук? Саўл чакаў нейкага відавочнага знаку ці весткі ад Госпада, але нічога не адбывалася. Саўл яшчэ не разумеў, што Божыя шляхі не шляхі чалавечыя. Госпад дзейнічае па рознаму, а Саўлу Ён прагаварыў у сэрца пра далейшы шлях ціха і непрыкметна.
Саўл паступова адчуў, што сэрца падказвае яму тое, што ён павінен сысьці, кінуць усё, пакінуўшы сабе толькі асабісты сьвітак Пісаньня, які ён перапісаў сваёй рукою яшчэ ў дзяцінстве. Але куды ісьці? У Ерусалім, а нават і ў Юдэю яму шляху няма, бо была вялікая рызыка быць арыштаваным і зьнішчаным першасьвятаром і ніякія апосталы не дапамаглі б. Саўл гэта добра ведаў, бо сам не адзін год быў у сістэме адміністрацыі першасьвятара. І Саўл зразумеў, што не апосталы яму патрэбны зараз, але толькі Ісус: ня горад яму патрэбны, але адзінота.
Рашэньне праблемы прыйшло нечакана і Саўл пачаў гатавацца да ад’езду. Значную частку грошай, якую яму выдалі ў першасьвятара, ён ахвяраваў сваёй першай царкве, якая прыняла яго і малілася за яго. Няхай, падумаў ён, гэтыя грошы, які выдаткаваліся супраць Ісуса, паслужаць справе Дамаскай царквы Ісуса Хрыста. Саўл прадаў свайго каня, фарысэйскае адзеньне і розную іншую дробязь. Саўл ўжо ведаў куды ён накіроўваецца, а што там яго чакае вядомым яму не было, а таму грошы былі ў гэтым выпадку зусім ня лішнімі. План Саўла быў просты: Дамск знаходзіўся на перакрыжаваньні многіх шляхоў і адзін з іх кіраваўся ў Арабію, адкуль караваны прывозілі да Дамаску міру і ладан. Саўл з лёгкасьцю дамовіўся з адным з караванаў, які дастаўляў у Арабію розныя тавары, каб ісьці з імі. Ананія, а з ім і ўся царква праводзілі яго ў далёкі шлях, памаліўшыся разам з ім. І вось Саўл, як калісьці Майсей, якога не зразумелі гебраі, адправіўся ў невядомую і далёкую Арабію, каб быць з Ісусам і вучыцца ў Ісуса.
Свидетельство о публикации №226013001814