Сын утешения
Саўл адчуваў сябе далёка ня так, як папярэднія тры гады ў Дамаску. Ён прыйшоў у Ерусалім, свой духоўна родны горад, як знайшоўшы Ісуса Хрыста юдэй, каб прыяднацца да хрыстовага народу, да Ягонай Царквы. Безумоўна ж ён не чакаў ад іх цёплай сустрэчы з ім, але ён ім павінен быў распавесьці пра сваю сустрэчу з Ісусам, якая, у сваю чаргу, павіна была зьмяніць іхнія адносіны да яго. Хрыстос аб’ядноўваў іх і гэта, калі і абмяркоўваецца, не павінна несьці на сябе нейкі негатыўны вынік. Саўл вельмі чакаў гэтага, але ён гэтага ня ўбачыў. Халодны і недзе абыякавы погляд – гэта зусім ня тое, што чакаў ён ад свайго прыходу ў Ерусалім. Насычаны любоўю Ісуса і пяць гадоў быўшы з Ім, Саўл не чакаў такіх адносінаў да сябе. Нейкі адчай ахапляў яго, бо няўжо ён тут непатрэбны толькі з-за таго, што калісьці перасьледаваў гэтых людзей.
Так, ён памыляўся. Але Госпад прабачыў яго і паслаў для служэньня ўсім: паганам і юдэям. Дык чаму яго не разумеюць? Саўл сумаваў, але і не губляў надзеі, якая аднойчы да яго і прыйшла.
Барнаба. Чалавек, бачнай зьнешнасьці і велічы ў постаці, убачыў Саўла сярод веруючых у Хрыста, які распавядаў ім пра сваю сустрэчу з Ісусам Хрыстом. І якія, дарэчы, не занадта верылі Саўлу. Барнаба, і гэта ведалі ўсе, даволі добра ведаў пра гэтага чалавека Саўла, бо як можна было забыць пра Стэфана: той дыспут у сынагозе, суд у сынэдрыёне і сьмерць пад гарою Пакараньня? Як можна было забыць пра тое, што рабіў Саўл, калі арыштоўваў і адпраўляў на пакараньне, пасьля допыту, многіх і многіх верных Ісусу людзей? Расьцярушэньне царквы Ерусаліму - гэта таксама справа рук менавіта гэтага чалавека.
Але што здарылася? Чаму Саўл сярод іх і кажа што ён прабачаны Госпадам? Барнаба вучыўся ў Пятра і ведаў, што нават і апостал Мацьвей быў калісьці пагарджаным сярод юдэяў мытнікам, а таму Госпад можа прабачыць кожнага чалавека. Дык чаму Ён ня можа прабачыць і Саўла? Добрае сэрца Барнабы, кіруючае Ісусам, ужо ішло насустрач Саўлу, каб сустрэць яго братам у Ісусе Хрысьце. Барнаба, лявіт з Кіпру, прыйшоў у Ерусалім пасьля сьмерці Ісуса Хрыста да свайго, яшчэ маладога пляменьніка Яна Марка, які шмат бачыў і чуў вучэньне Ісуса пры Ягоным жыцьці і ўваскрасеньні. Усім сваім сэрцам ён паверыў у Ісуса і аддаў сваё жыцьцё на карысьць свайго Госпада і стаўленьня Ягонай Царквы. Барнаба ведаў, як пераўтвараліся ў Ісусе людзі, якія прыходзілі да Яго, а таму ён і падыйшоў да Саўла.
Ёсія Барнаба, які аддаў сваё сэрца Хрысту прыйшоўшы з Кіпру, быў адным з першых гебраяў дыяспары, што прыйшлі да Ерусаліму, каб быць з Ягонай Царквою. Больш таго, ён так прыхіліўся да Хрыста, што, прадаўшы сваё поле, прынёс атрыманыя за гэтае грошы і паклаў ля ног апосталаў. Ён вучыўся ў іх Хрысту, Які выказваў міласэрнасьць і прабачэньне многім грэшнікам, што прыходзілі да Яго. Барнаба шчыра служыў Яму, а таму і не адмовіў гэтаму Саўлу выслухаць яго, каб даведацца пра ягоны шлях да Хрыста. Недарма ягонае імя азначала «Сын пацяшэньня» і недарма менавіта ён быў вызначаны Госпадам для практыкі шляху «выбранага Госпадам посуду», для прапаведваньня ўсім народам зямлі. Сын пацяшэньня Барнаба запрасіў Саўла да сябе, каб у дэталях адчуць пра казанае Саўлам. Ён зьдзівіўся гэтаму аповяду пра вучэньне непасрэдна ад Ісуса ў гэтыя няпростыя для Саўла гады. Але, ад ранку, яны выйшлі ад Барнабы супрацоўнікамі Хрыста, каб рабіць агульную справу.
Шлях іх ішоў у накірунку да дому Яна Марка, дзе зьбіраліся прыхільнікі Ісуса Хрыста, каб праславіць свайго Госпада і вучыцца паглыбляцца ў тое Слова, якое казаў, ня так і даўно, Госпад Ісус. Шмат што яны сказалі адзін адному, а Ісус, Які аб’яднаў іх, аб’яднае іх і на будучыя гады. Але гэта будзе ў будучым, а зараз яны ішлі да ўдаскаленьня Саўла, які і сам дакладна ня ведаў, што ён атрымае ў выніку гэтага мерапрыемства. Марк быў сьведкам арышту Ісуса, пра што ён, у будучым, і напіша: «І пакінуўшы Яго ўсе паўцякалі. І адзін юнак, апрануўшы палатніну на голае цела, ішоў за Ім, і жаўнеры схапілі яго, але ён, пакінуўшы палатніну, голы ўцёк ад іх».
Марк распавядзе Саўлу ня толькі гэта, але і яшчэ шмат таго, што ўклалася тым часам у ягоны юнацкі розум. Вельмі важна было і тое, што Ян Марк быў у вельмі цесных зносінах з апосталам Пятром, які быў з Ісусам увесь час Ягонага служэньня. Марыя, маці Марка, якая таксама бачыла і чула Ісуса, рабіла ўсё магчымае, каб у іхнім доме зьбіраліся прыхільнікі Ісуса Хрыста. Саўл знайшоў тут чалавечую і хрыстовую цяплыню, якая так неабходна была яму тут, у некалі так важным для яго горадзе Ерусаліме. Дом Марка і ўсе прысутныя ў імя Ісуса Хрыста добра прынялі Саўла, які дзякаваў за гэта Госпада і Ягонага вучня Барнабу. Саўл мала казаў пра сваё служэньне, але больш слухаў людзей, якія зьбіраліся ў доме Марка, молячыся разам з імі, пераламляючы хлеб і каштуючы віно ў імя Госпада Ісуса Хрыста. Але, тым ня меньш, Саўл з нецярпеньнем чакаў і іншага - сустрэчы з апосталам Пятром.
Сьпякота яшчэ не ахапіла Ерусалім, калі раньнім часам да дому Пятра ішлі тры чалавекі. Марку і Барнабе не было неабходнасьці прадстаўляцца Пятру, бо яны добра ведалі адзін аднога. Але вось Саўл? Нельга сказаць і тое, што Пётр зусім ня ведаў Саўла, бо хто ня ведаў таго фарысэя, які прынёс столькі гора вучням Ісуса? Ды і пра Стэфана ніхто не забыўся. Але зараз Саўл прыйшоў не адзін. Ён быў з Ісусам Хрыстом і сваімі братамі. Прысутнасьць Ісуса Пётр заўважыў адразу, а таму, назваўшы Саўла братам, запрасіў яго ў свой дом. Пасьля агульнай малітвы і цёплай размовы Пётр, разам з жонкай, запрасілі Саўла прыпыніцца ў іх для пражыцьця на той час, які ён вызначыць сам. Цёплая хваля агарнула сэрца Саўла, бо Госпад Ісус даваў яму такую цудоўную магчымасьць дадаць праз апостала Пятра тое, што яшчэ не ўсьвядоміў Саўл у вучэньні Ісуса. Саўл з радасьцю пагадзіўся з прапановаю Пятра, каб яшчэ больш пазнаць вучэньне Ісуса і ўжыць пазнанае для прывядзеньня да Хрыста паганаў, ды і ня толькі. Саўл застаўся ў Пятра і першыя пятнаццаць дзён ад яго і не адыходзіў.
Пётр і Саўл, як дарэчы і Барнаба, былі прыкладна аднаго і таго ж узросту, што значна спросьціла іх асабістыя ўзаемаадносіны, каб ня проста размаўляць, але і задаваць адзін адному нават і непрыемныя пытаньні. Пётр, з маючым правінцыйным акцэнтам галілейскага рыбака, быў, тым ня меньш, даволі адукаваным і дасьведчаным у Пісаньні, бо тры гады каля Ісуса далі яму вельмі многае. Саўл жа таксама атрымаў неблагую адукацыю ад самога Гамаліэля. Але вось іронія часу. Саўл перасьледаваў Хрыста ў Ягоных пасьлядоўніках, а Пётр, значна раней, тройчы зрокся Ісуса пры Ягоным арышце. Пра гэта казаў Марк і Барнаба, але і сам Пётр выказаў тое самае Саўлу. Але яны, нягледзячы ні на што, былі прабачаны Ісусам, што наблізіла іх адзін да аднога і аб’яднала як адно ў Госпадзе Ісусе. І як бы ў далейшым не складаліся адносіны паміж імі, яны заўсёды памяталі сваё гэтае аб’яднаньне ў Ісусе Хрысьце.
Пятнаццаць дзён Саўл уважліва слухаў Пятра, як некалі слухаў свайго фарысэйскага настаўніка Гамаліэля. Саўл захоўваў кожнае слова Пятра ў сваёй памяці, каб склаўшы ўсё вядомае і пачутае, сфармаваць, праз пэўны час, дасканалае хрысьціянскае вучэньне. Але гэтаму час яшчэ не настаў, а зараз ён смагнуў пачуць столькі словаў Ісуса, колькі іх толькі магло існаваць, а дакладней захавацца. Безумоўна, што гісторыя не захавае ўсяго таго, што казалі пра Ісуса і Ягонае вучэньне Пётр, Барнаба і Саўл, бо столькі і не магло быць запісаным у тыя часы. Япостал Ян скажа пра гэта ў будучым наступнае: «Ёсьць таксама шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але, каб напісаць гэта асобна, дык, я мяркую, і самому сьвету не зьмясьціць бы напісаных кнігаў. Амэн». Саўл мог пакласьціся на дакладнасьць і пэўнасьць успамінаў Пятра, бо юдэі, ўсё яшчэ традыцыйна строга, выконвалі звычай даслоўнага пераказу, калі вучань ніяк не павінен быў зьмешваць свае домыслы з тым, што сказаў сам настаўнік.
Сказанае Пятром цалкам адпавядала Пісаньням, якім былі для Пятра і Саўла Закон, Псальмы і Прарокі. Сам Саўл напіша пра гэта ў будучым сваім лісьце: «Паведамляю вам браты Эвангельле, якое я дабравесьціў вам, і якое вы прынялі, і ў якім стаіцё, і праз якое збаўляюцеся, калі будзеце трымацца таго слова, якое я дабравесьціў вам, калі толькі не дарма паверылі. Бо я найперш перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя паводле Пісаньняў, і што Ён быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень, паводле Пісаньняў, і што Ён зьявіўся Кіфе, а пасьля - Дванаццаці, пасьля зьявіўся больш чым пяцістам братам за раз, з якіх многія дагэтуль жывуць, а некаторыя паўміралі: пасьля зьявіўся Якубу, пасьля ўсім апосталам, а апошняму з усіх зьявіўся і мне, быццам неданоску. Бо я - найменьшы з апосталаў, які ня варты называцца апосталам, бо я перасьледаваў царкву Божую, але з ласкі Бога ёсьць тым, кім ёсьць, і ласка Ягоная ў-ва мне не была дарэмнай, але я больш за іх усіх працаваў; дый ня я, але ласка Божая, якая са мною».
Саўл, будучы ў Арабіі, глыбока спасьціг Пісаньне і, пасьля сваёй сустрэчы з Хрыстом каля Дамаску, можа і мог бы азначыць сваё апостальства, але толькі тыя дні, якія ён правёў з Пятром у Ерусаліме, заклалі тую непарушную аснову ягоных ведаў пра свайго вялікага Настаўніка Ісуса Хрыста.
Пётр, разумеючы даручэньне Хрыста адносна Саўла, распавёў таму усё што ведаў, а таму і паказаў Саўлу тыя адметныя месцы Ерусаліму, дзе Ісус ствараў Свае цуды. Яны пайшлі і да сажалцы Сілаам, якая была на самым ускрайку Ерусаліму, каля даліны Кедрон. Пётр падрабязна рапаспавёў Саўлу той самы цуд аздараўленьня сьляпога ад нараджэньня чалавека, які, дарэчы не спужаўшыся, выказаў першасьвятарам праўду пра сваё аздараўленьне. Ён ня бачыў Ісуса, але потым Ісус, знайшоўшы яго, сказаў яму пра Сябе, каб ня толькі ён вызнаў праз Каго ён аздаравіўся, але каб і усе астатнія адкрылі свае вочы ды ўбачылі сьвятло свайго збаўленьня.
Саўл глядзеў на Пятра і бачыў у ім чалавека, які паверыў паводзінам, справам і словам Ісуса задоўга да таго, як ён адкрыў, Хто Ён ёсьць. Саўл жадаў сьведчаньняў пра тое, як любоў і чысьціня адлюстраваліся ў гэтым чалавечым жыцьці, якое, у перакананьні Саўла, цалкам была адкрыцьцём Самога Бога. Шмат што яшчэ сказаў і паказаў Пётр Саўлу ў Ерусаліме пра Ісуса Хрыста у тым самым горадзе, які, здавалася б, быў так калісьці знаёмым фарысэю Саўлу. Шмат што даведаўся Саўл ад Пятра, які, дарэчы, аказаў сур’ёзны ўплыў на ягоную будучую дзейнасьць, што адаб’ецца і на будучую пропаведзь апостала Паўла. Але пакуль што Саўла.
Будучы ў Ерусаліме Саўл не сустрэўся з іншымі апосталамі Ісуса, бо іх, на той час, не было ў горадзе. Так, пытаньне чаму? На тое ёсьць адказ Ісуса Хрыста: «Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі. Дык ідзіце і вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі да сканчэненьне веку. Амэн». Астатнія апосталы Ісуса несьлі сваё служэньне па-за межамі Ерусаліму. Пётр пагадзіўся з гэтым, каб Эвангельле Хрыста вучыла ўсе народы па-за Ерусалімам. У горадзе ж, акрамя Пятра, застаўся кіраўніком царквы Якуб, з якім і сустрэўся Саўл.
Якуб - брат Ісуса Хрыста і кіраўнік царквы Ерусаліму. Саўл ужо ведаў гісторыю Якуба, які ня верыў Ісусу пры Ягоным зямным жыцьці. Ён даведаўся і пра тое, што Ісус прыйшоў пасьля Свайго ўваскрасеньня да яго, каб той паверыў. Якуб стаўся вялікім прыхільнікам Ісуса і вельмі пакланяўся Яму. Больш таго, за сваё адданае служэньне Ісусу, ён узначаліў царкву ў Ерусаліме і стаўся на ўзроўні апосталаў свайго брата Ісуса. Саўл сустрэўся з ім у доме Пятра, калі той запрасіў Якуба да сябе, каб абмеркаваць дзейнасьць царквы і азначыць план працы на будучы час. Саўл убачыў перад сабою, росту вышэй за сярэдняга, аскетычнага складу чалавека, з пранікаючым і строгім позіркам. У размове з Саўлам ён казаў вельмі мала, але і гэтага было дастаткова для разуменьня таго, што Якуб жыве Законам Майсея.
Саўл распавёў яму пра навернутых паганаў у Арабіі і Дамаску, але не адчуў ад яго хоць нейкай радасьці ад таго, што сям’я Хрыста прыбывае паганамі. Гэта было незразумелым, бо, ад часу свайго навяртаньня, Саўл марыў пра тое, каб найбольш паганаў прынікліся да Ісуса, Які заклікаў іх да Сябе. Хаця і не спрачаліся яны паміж сабою, але першыя зярняты іхняга будучага адчужэньня былі ўжо пасеянымі тут, у Ерусаліме. Саўл ужо зразумеў гэта і можа таму ўздымаць пытаньне пра вучэньне сярод паганаў дзеля іхняга навяртаньня Саўл не наважыўся. Усяму свой час. Да таго ж Саўл ня меў ніякага намеру спрачацца на гэты конт з Якубам, бо не для спрэчак ён тут, але дзеля слуханьня.
Саўл падоўгу размаўляў з Пятром у прахалодзе ягонага дому і шпацыруючычы з ім на Аліўнаў гары, дзе Ён казаў Сваім вучням: «Маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу». Пётр пераказаў Саўлу ўсё тое, што адбылося ў тую незабыўную ноч, а той, што слухаў Пятра, як быццам бы сам пабыў у гэтым месцы і ў той час. Ён памятаў аповяд пра гэта ад Яна Марка і таму яскрава ўявіў тое, што адбылося на гэтым месцы, як і тое, што адбылося далей. Як быццам бы Саўл прайшоў шляхам Хрыста і быў укрыжаваны ў сваім грэху, каб сьвятасьцю Хрыста ўваскрэснуць для жыцьця новага і вечнага. Саўл лавіў кожнае слова Пятра - сьведку і ўдзельніка тых падзеяў, што ствараліся Ісусам Хрыстом. Ён насычаўся сваім Госпадам, каб аддаць Яго іншым, сваім служэньнем. Дзейны характар Саўла ня мог толькі насычацца Хрыстом, ён павінен быў і аддаваць Хрыста тым, для каго ён і быў прызначаны сваім Госпадам. І ён пачаў дзейнічаць.
Прыняты царквой Ерусаліма і бліжэйшымі вучнямі Хрыста, Саўл адчуў магчымасьць пропаведзі ў бліжэйшых гарадах ад Ерусаліму, каб выконваць аднойчы сказанае яму Ісусам Хрыстом. Ён запытаўся пра гэтае ў Барнабы і атрымаў ня толькі ўхвалу, але і падтрымку гэтага мерапрыемства. Барнаба быў у многіх гэтых невялікіх падарожжах. Людзі, якія ведалі фарысэя Саўла дзівіліся пераменаю ў ягоным жыцьці і пыталіся ў яго пра гэта. Шчыры адказ упэўніваў і многія, гледзячы на Саўла, прыходзілі да Госпада Ісуса. Пропаведзь Саўла не абмяжоўвалася людзьмі, якія яго раней ня ведалі, а нават і ня чулі. Саўл прыйшоў у Лібертынскую сынагогу, дзе прапаведаваў Стэфан і дзе адбыўся іхні дыспут. Ён сьмела ўвайшоў у юдэйскі сход і на правах госьця пачаў рабіць тое, што калісьці рабіў і Стэфан. Саўл добра памятаў, якую нянавісьць выклікаў у яго Стэфан пад час ягоных прамоваў. І таму, прапаведаючы, Саўл добра разумеў, што сярод прысутных магчыма знойдзецца і на яго свой «Саўл», які паўстане на яго, як ён калісьці паўстаў на Стэфана.
Але Саўл мужна казаў і мужна спрачаўся. Гэта выклікала розную рэакцыю сярод юдэяў, але галоўным з гэтага былі хваляваньні, а нават і незадаволенасьць самой прысутнасьцю Саўла сярод іх. Саўл добра ведаў прыроду гэтых хваляваньняў, бо ведаў сябе, таго папярэдняга Саўла, які арганізоўваў такія ж правакацыі супраць Стэфана. За ўсім гэтым уважліва назіраў Барнаба, які, у хваляваньні, прыйшоў да Пятра, каб абмяркаваць тое, што адбываецца вакол Саўла. Сітуацыя распальвалася з кожнай гадзінай і таму трэба было нешта кардынальна вырашаць. Царква, апошнім часам, жыла ў юдэйскім асяродзьдзі даволі мірна і таму падобныя хваляваньні з удзелам Саўла ўспрымаліся кіраўнікамі царквы з вялікім неспакоем. Больш таго, стала вядома, што супраць Саўла ўжо склалася змова забойства. Не, не даравалі першасьвятары здрады іхнім інтарэсам. Пётр і Якуб даручылі Барнабе асаблівую місію - вывесьці Саўла з Ерусаліму. Было прынятае рашэньне прапанаваць Саўлу зьехаць на якісьці час дадому ў Тарс, дзе ён, на думку братоў, мог быць у значнай бясьпецы. Саўла праводзілі ў Цэзарэю і пасадзілі яго на бліжэйшы карабель, які адплываў у паўночным напрамку, з заходам у порт Тарсу.
Саўл разьвітаўся з суправаджаючымі, але асаблівая разьвітальная размова адбылася паміж ім і Барнабаю, які, як ніхто іншы ў Ерусаліме, ведаў пра пакліканьне Саўла быць апосталам паганаў у-ва ўсім рымскім сьвеце. Ананія з Дамаску таксама, а нават і першым ведаў гэта, бо менавіта ён абвесьціў пра гэта Саўлу ад імя Госпада, што той будзе служыць на ніве Ісуса сярод паганаў. Саўл вельмі любіў добрага і шчырага Ананію, але дасьведчаны і адукаваны Барнаба разумеў яго нашмат больш, а таму і іхняе разьвітаньне было шчырым і кранальным. Барнаба быў упэўненым, што час навяртаньня паганаў хутка настане і ён, Барнаба, ад гэтага ў баку не застанецца. А калі так, дык хутка ён пакліча да гэтага і Саўла. Яны яшчэ, разам з астатнімі, стаялі на прычале ў размовах і з малітвамі, калі раптам прагучаў сігнал да адплыцьця і, яшчэ раз абняўшыся з братамі, Саўл узыйшоў на карабель, які пачаў адыходзіць ад берагу.
Адыходзячы ад Цэзарэі, Саўл глядзеў на блакітныя хвалі Міжземнага мора, добра, між тым, знаёмыя яму, бо яшчэ з дзяцінства ён таксама ў захапленьні глядзеў на іх, калі з бацькам яны плылі на сьвяты ў Ерусалім. Той самы мілы сэрцу Ерусалім, які зараз адапхнуў яго, ня маючы ніякай спробы нават яго і зразумець. Саўл разважаў пра гэта спакойна, бо ягоны Госпад Ісус даў яму гэта ў сэрца для далейшага жыцьця. Ён глядзеў на марскія хвалі вачамі дзіцяці, бо менавіта так ён убачыў мора вачамі свайго Госпада. Яны прайшлі Пталемаіду і Тыр, каб зрабіць невялікі перапынак у Сідоне. Некалькі гадзінаў на вуліцах гэтага гораду ўзгадалі яму гістарычныя падзеі Пісаньня, але галоўнае што ён бачыў, дык гэта тое, што Эвангельле Хрыста патрабавала працы такіх як Саўл, каб сьвятло адолела цемру.
Узгадаў Саўл і Дамаск, які быў ад Сідону ня так і далёка. Цёплая хваля агарнула сэрца Саўла, калі ён успамянуў Ананію, любасную царкву і тых паганаў, якія прыйшлі да Ісуса Хрыста. Ад Сідону яны паплылі ўздоўж сірыйскага ўзбярэжжа, калі можна было паслабіцца і проста паназіраць за прыгажосьцю ўзбярэжжа праз набягаючымі на бераг марскімі хвалямі. За назіраньнямі і думкамі непрыкметна прабёг час, калі наблізіўся кілікійскі бераг і карабель прышвартаваўся ў бухце Тарсу.
Ніхто не сустракаў Саўла, але ягоны шлях ляжаў дадому, які выхаваў яго ад дзяцінства. Уздоўж ракі Кідон ён пайшоў ад гавані ў горад, дзе быў ягоны родны дом. Як яго прымуць там? Саўл ведаў свайго бацьку і ягоныя патрабаваньні ў выкананьні Закона Майсея, а таму ён і хваляваўся, бо прыйшоў сюды зусім ня тым чалавекам. Саўл напружана думаў пра ўсё гэта, але адступіцца ад Ісуса Хрыста ён ужо ня мог. Ніяк і ніколі.
Свидетельство о публикации №226013102162