Путь вперед

VIII. ШЛЯХ НАПЕРАД

Прыемная ранішняя прахалода яловых і ясеневых лясоў сустракала Саўла на схілах Таўра. Саўл назіраў у захапленьні цуд Божага стварэньня, калі ўзьбіраўся даволі высока ў гору. Вышэй яго загадкава застылі каменныя глыбы і войстрыя скалы, а ўнізе сьцяліліся альпійскія сенажаці і велізарныя зялёныя плямы лясоў. У месцах, дзе горы павольна пераходзілі ў даліну туліліся невялікія вёсачкі, каля якіх раскідваліся фруктовыя сады і на розныя каляры перамежаваліся палеткі. Саўл сядзеў каля невялікага вадапада і глядзеў уніз, дзе на зялёных сенажацях Таўра пасьліся чорныя кілікійскія козы пад наглядам пільных пастухоў.

Ён у думках перанёсься ў юнацкія гады, калі яны з бацькам прыязжалі ў гэтыя мясьціны, каб закупаць скуры і доўгую чорную поўсьць кілікійскіх козаў для сваёй вытворчасьці намётаў і шатроў. «Як хутка ляціць час для чалавека і як ён зьнешне зьмяняецца»,- падумаў Саўл, а вось тут, на схілах Таўра, як быццам бы нічога і не зьмянілася. Тыя ж горы, горныя ручаі і невялікае, але глыбокае горнае возера з бліскуча-блакітным колерам паверхні вады. Гоман птушак дзіўным чынам супакойваў сэрца Саўла і ён дзякаваў за ўсё ўбачанае і пачутае Госпада, Які ёсьць Гаспадаром ня толькі ўсяго гэтага, але і ягонага жыцьця. Ён прысьвяціў сябе Хрысту, Які стаўся сэнсам і мэтаю ягонага жыцьця. І вось зараз Саўл, гледзячы на гэтае прыроднае хараство, бачыў хараство Ісуса Хрыста, свайго Збаўцу і Госпада, Які даў яму, Саўлу, вялікае даручэньне - павялічваць Божае Валадарства як колькасна, так і якасна.

Некалькі дзён таму Саўлу быў відзеж, дзе Госпад ясна сказаў яму гатавацца да вялікіх справаў і што дзеля гэтага Ён дашле да яго Свайго чалавека. А зараз ён павінен працаваць тут, у гэтых мясьцінах, пакуль ня прыдуць за ім. Саўл чуў ад Госпада «нявыказаныя словы, якія чалавеку нельга пераказаць». У наступныя годы свайго служэньня, маючы расчараваньні і часовыя паразы, у пакаяньні і ў муках, ён захаваў нязгасную памяць пра гэты водбліск вечнасьці. Ад гэтага дня Саўл будзе казаць нованавернутым: «Вочы ня бачаць і вухі ня чуюць і сэрца чалавечае ня месьціць таго, што Бог прыгатаваў для любячых Яго». Паўтараючы словы Ісаі, ён, па свайму вопыту, ведаў пра што кажа, бо мог параўнаць веліч адкрыцьця з тым малым, што дадзена чалавеку ад прыроды: «Для мяне мукі жыцьця гэтага - нішто перад славаю, якая адкрыецца ў нас». Дык вось, гэты саракагадовы, амаль што лысы і крываногі чалавек, слабы фізічна, але моцны духоўна, у адзіноцтве і невядомасьці выйшаў сеяць зерне Эвангельля Хрыста сярод паганаў кілікійскага Таўра.

Вандруючы па сьцежках лясоў, што пакрывалі схілы Таўра, ён пераходзіў ад вёскі да вёскі, прапаведваючы збаўленьне і жыцьцё вечнае ў Валадарстве Божым. Тут не было юдэяў, а мясцовыя жыхары прымалі Саўла даволі ветліва, уважліва слухаючы вучонага чалавека. Ён не прысьпешваў падзеі і цярпліва казаў ім пра стварэньне сьвету Госпадам за шэсьць дзён, пра грэхападзеньне Адама і Евы і пра Божы план па збаўленьню чалавецтва ад грэху праз ахвярную сьмерць Ісуса Хрыста. Адказваючы на пытаньні, ён чытаў Пісаньне з свайго асабістага сьвітка і паказваў на прыкладах, што рабіў Бог па зьдзяйсьненьню Свайго плану, каб вярнуць чалавека ў Сваю прысутнасьць. Добрая Вестка пра Ісуса Хрыста дасягнула многіх сэрцаў і Саўл стварыў першыя групы вучняў у маленькіх весках, закінутых сярод гораў Таўра. Саўл старанна навучаў іх таму, што ведаў сам ад Хрыста і тое, што сьведчылі яму апосталы. Ён нястомна хадзіў ад абшчыны да абшчыны, каб падтрымліваць і паглыбляць іх у слова Божае.

Але дзейная натура Саўла не абмяжоўвалася гэтым і ён пашыраў геаграфію сваіх вандраваньняў. Ён дабіраўся да порта Тарсу і на розных караблях дасягаў тых вёсак на ўзьбяржжы, да якіх немагчыма было дабрацца за атсутнасьцю дарог. Гэтыя вандроўкі не былі бясьпечнымі і Саўл некалькі разоў трапляў у самыя непрыемныя становішчы, пра што ён у будучым і напіша: «Тройчы разьбіваўся карабель, ноч і дзень я быў у глыбіні». Вандруючы, Саўл стаў злучным зьвяном паміж абшчынамі Ісуса Хрыста ў Кілікіі. Ён заўсёды казаў пра важнасьць такіх сувязяў паміж цэрквамі Ісуса, у якім бы месцы яны не знаходзіліся і пра яднаньне паміж пераходзячым з месца на месца прапаведнікам і тымі, хто падтрымлівае яго. Так прайшло некалькі гадоў працы Саўла, як той падмурак ці правобраз будучых ягоных місіянэрскіх падарожжаў. Госпад убачыў вернасьць і працу Саўла, а таму, выконваючы Сваё абяцаньне, паслаў да яго Свайго чалавека.

Вяртаючыся з чарговага марскога вандраваньня, Саўл ішоў па вызначанаму маршруту, каб наведаць некалькі невялікіх цэркваў. Ён склаў план дзеяньняў і, ідучы, разважаў на тыя тэмы, якія ён планаваў раскрыць перад братамі і сёстрамі. Яшчэ не ўвайшоўшы ў вёску, ён сустрэў аднаго з братоў, які працаваў на сваім полі. Убачыўшы ж Саўла ён, павітаўшыся, паведаміў яму, што суседзі, якія езьдзілі па справах у Тарс, распавялі пра тое, што Саўла шукае нейкі чалавек з Сірыі. Сэрца Саўла ўздрыганулася, памятаючы словы Госпада: «Павінен ты працаваць тут, пакуль не прышлю да цябе Свайго чалавека». «Няўжо гэта той чалавек?», - думаў Саўл, ідучы далей у вёску. Думкі пра хуткую пропаведзь адціснулі гэтую навіну на другі план, але ён не забыўся пра гэта і пасьля вечаровай малітвы і пропаведзі, запрасіў увагі і абвесьціў навіну ўсяму сходу. Саўл яшчэ нікому не казаў пра загад і абяцаньне Госпада, але зараз ён распавёў сходу пра колішні відзеж, мяркуючы, што, магчыма, гэта і ёсьць воля Божая. Ён папрасіў некалькіх братоў пайсьці ў Тарс і прывесьці сюды гэтага чалавека. Ён добра ведаў дзе шукаць яго, бо, па логіцы, ён пойдзе ў сынагогу, а можа прыйдзе і да бацькі Саўла. У любым выпадку ён даведаецца пра ўсё, што тут адбылося, а нават і прыблізнае месцазнаходжаньне адлучанага юдэя. Ён будзе чакаць зьвестак ад Саўла ў гасьцініцы пры гебрайскай абшчыне і Саўл, менавіта туды і накіраваў сваіх пасланцаў.

Праз два дні яны сустрэліся і Саўл, убачыўшы свайго сябра Барнабу, зразумеў, што гэта і ёсьць той чалавек ад Госпада. Цяжка перадаць радасьць і хваляваньне абоіх, якія сядзелі дзень і ноч, распавядаючы адзін адному ўсё тое, што адбылося пад час іхняга растаньня. Барнаба глядзеў на Саўла і бачыў перад сабою зусім не таго чалавека, якога ён ведаў у Ерусаліме. Ён ужо ведаў адкуль такія перамены, бо яшчэ ў Тарсе яму распавялі пра тое, колькі пацярпеў Саўл за Ісуса Хрыста і таму ня дзіва, што яго сустрэў амаль што лысы і крываногі чалавек. Барнаба ведаў пра даручэньне Госпада Саўлу быць Ягоным сведкай сярод паганаў, але ён быў вельмі ўражаным той працай, якую правёў Саўл тут, у горах Таўра. Ён упэўніўся ў тым, што недарма прайшоў такі шлях ад Антыёхіі да Тарсу, а адтуль яшчэ забраўся і ў горы Таўра, бо Госпад дзейнічаў у Саўле, каб даць яму яшчэ больш адказнае даручэньне.

Такім чынам Барнаба ведаў усё пра жыцьцё Саўла ў Кілікіі, але і Саўла цікавілі навіны, якія адбываліся па-за Кілікіяй. Барнаба ж прынёс навіны вельмі важныя: вера ўмацавалася ў Антыёхіі Сірыйскай і што вельмі значна - вера распаўсюдзілася сярод паганаў Антыёхіі. Барнаба распавёў і пра Пятра, які хрысьціў сотніка Італійскай кагорты Карнэля. Няпроста даўся Пятру гэты хрост, таму, для гэтага, Бог даў яму загадкавы відзеж, дзе паказаў, што Ён адчыніў дзьвер веры паганам. Нацыянальныя і рэлігійныя адрозьненьні павінны зьнікнуць, і ўсе веруючыя ў Ісуса Хрыста павінны стаць роўнымі ў Хрыстовым братэрстве. Усё гэта дзяньне Ісуса Хрыста і, сьведчаньняў таму, у-ва ўсе будучыя часы, будзе яшчэ шмат і шмат. Так ёсьць у сьвеце і так будзе заўсёды.

Ня ўсё так проста, але перамены ідуць і Барнаба яшчэ распавядзе Саўлу, што ж адбылося ў доме сотніка Карнэля. Пётр жа добра ведаў, што, згодна Пісаньняў, Ізраіль павінен асьвятляць сьвет, як памятаў і тое, што Ісус казаў пра час, калі людзі прыйдуць да Яго з усіх канцоў зямлі. Працягваючы, Барнаба сказаў Саўлу: «Але, калі мы разумеем усё гэта, мы павінны разумець і тое, што пагане таксама маюць жаданьне быць збаўленнымі і набыць жыцьцё вечнае. Як і сказаў Ісус, Пётр ёсьць той, якому Ён даручыў зямную Сваю дзейнасьць, а таму мы і ўбачылі дзейнасьць Ісуса ў Пятры. Пётр яшчэ ня ведаў дакладна, што робіць у ім Хрыстос, але ён разумеў, што павінен выконваць тое, што скажа яму Бог».

Слухаючы Барнабу, Саўл раптам падумаў пра прадузятасьць, што ёсьць тое, калі чалавек вырашае свае думкі да таго, як вызнае факты. Вельмі часта людзі падтрымліваюць свае прадузятасьці, гледзячы на тое, што ўказвае на іхнюю карысьць, а на астатняе яны неяк і не зьвяртаюць асаблівай увагі. Што зьмянілася ад старажытнасьці да нашага часу? Па сутнасьці, нічога. Так было і ў часы апостала Пятра, які лічыў, нягледзячы на нейкі зрух у хрысьціянскім сьветапоглядзе, што ёсьць «чыстае і нячыстае». І, ў сувязі з гэтым, Барнаба распавядае пра дзіўныя падзеі, якія перакрэсьліваюць уяўленьні юдэяў адносна паганаў, якіх яны павінны, быццам бы, цурацца. Прававерны юдэй ніколі ня стаў бы зносіцца з паганамі, а нават і з гебраямі, якія не трываюць Закону Майсея. Але, што робіць Пётр? Калі слугі Карнэля, па юдэйскаму звычаю, не пайшлі далей брамы, Пётр прывітаў іх і запрасіў у дом на адпачынак. Бар’ер, які адлучаў юдэяў ад паганаў, дзіўным чынам пачаў разбурацца. Пасьля прамога наказу Бога Пётр, хаця і няхочучы, увайшоў у дом «няверных», дзе гаспадар дому Карнэль таксама меў да гэтага відзеж ад Госпада, які і прывёў Пятра ў гэты дом.

Чакаючы Пятра, Карнэль сабраў у сваім доме блізкіх яму людзей і гэта таксама ёсьць ласка Божая, калі прысутныя з Карнэлем відавочна ўбачаць, як пагане і гебраі становяцца братамі і сёстрамі. Калі Пётр увайшоў, Карнэль упаў да ног Пятра, але апостал забараніў яму гэтае дзеяньне, сказаўшы, што ён ня большы чым чалавек. Сьціпласьць Пятра - вялікі прыклад, бо ў наступныя вякі знаходзіліся «пераемнікі Пятра», якім падабалася, калі перад імі схіляюцца калені. Пётр жа, ніколі і нікому такога поваду не даваў. Зараз жа, убачыўшы мноства людзей, Пётр патлумачыў, што, як юдэй, ён не павінен быў заходзіць у гэты дом, але Бог яму адкрыў, што ён не павінен больш лічыць паганаў нячыстымі. І таму ён тут. Карнэль распавёў свой відзеж да прысутных, калі анёл Божы прапанаваў запрасіць Пятра, каб было сярод іх пачутае слова Божае. Безумоўна ж, дастойна хвалы і тая смага, з якой сэрца гэтага паганіна прагнула слова Божага і таму Пятра кранулі словы Карнэля: «А цяпер мы ўсе прыйшлі перад Богам, каб слухаць усё, што загадана табе ад Бога».

Пётр пачаў сваю прамову са шчырага сьведчаньня. Так, ён лічыў, што Божая міласьць распаўсюджваецца толькі на Ізраіля. Але зараз, па адкрыцьцю Госпада, ён зразумеў, што Бог не глядзіць на нацыянальнасьць, а глядзіць на сэрца чалавека - шчырае і пакаянае: «Але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і чыніць праведнасьць». Вельмі важныя словы Пятра, як, дарэчы, і ўсё напісанае ў Бібліі. Але, тлумачыць гэтыя словы можна па рознаму. Некаторыя людзі выкарыстоўваюць гэта на свой лад. Яны, «бачачы» сябе дабрачыннымі людзьмі, лічаць, што Бог таксама бачыць іхнія добрыя ўчынкі і таму прымае ахвяру Ісуса Хрыста, у тым ліку і за іх. Усё проста і няма патрэбы незразумелага нараджэньня звыш, як няма патрэбы і напружвацца ў служэньні Ісусу Хрысту. І можна лічыць, што Валадарства Божае ўжо ў кішэні. Але з гэтым нельга пагадзіцца, бо, нават, калі чалавек дабразычлівы і робіць па справядлівасьці, гэта яшчэ не азначае збаўленьня. Збаўленьне прыходзіць па веры ў Ісуса Хрыста. Бог бачыць сэрца чалавека і калі Ён там знаходзіць імкненьне да Яго, Ён паклапоціцца пра тое, каб гэты чалавек пачуў Добрую Вестку і, такім чынам, атрымаў збаўленьне.

Словы Ісуса спаўняюцца, бо многія бачылі зыходжаньне Сьвятога Духа ў Ерусаліме і Самарыі. І вось Сьвяты Дух зыходзіць на паганаў. Безумоўна тое, што Цэзарэя – гэта яшчэ ня край зямлі, але мы бачым, што Добрая Вестка прыйшла да рымлянаў. А гэта, між тым, вялічэзны крок дабравесьця, бо ўсе ведалі памеры імперыі рымлянаў і якія краіны туды ўваходзілі.

Калі Сьвяты Дух зыйшоў на паганаў, усе яны казалі рознымі мовамі, усхваляючы Госпада. Веруючыя юдэі, якія прыйшлі разам з Пятром, дзівіліся на тое, што пагане прынялі Духа Сьвятога, ня будучы празэлітамі-юдэямі. Пётр, які ўжо ў значнай ступені адыйшоў ад юдэйскіх забабонаў адразу зразумеў, што Бог ня робіць ніякай розьніцы паміж юдэем і паганінам і таму, адразу, прапанаваў хрысьціцца ўсяму дому Карнэля. Саўл зьвярнуў увагу на словы Пятра: «Якія атрымалі Духа Сьвятога, як і мы». Яны казалі пра тое, што гэтыя пагане збавіліся таксама, як і юдэі - простай вераю. Не было і гаворкі пра выкананьне Закону, абразаньня ці якога іншага юдэйскага абраду. З гэтага ж зразумела і тое, што ніякія этнічныя, геаграфічныя і культурныя бар’еры больш не перашкаджаюць ніводнаму чалавеку набыць прабачэньне і новае жыцьцё. І тут няма месца нейкай лёгкадумнасьці і нават саступкі паганам. Карнэль жа гэтага і не намагаўся. Ён жадаў, каб яго шчыра прынялі, ацалілі і пераўтварылі ў новае жыцьцё. І ён гэта атрымаў.

Слухаючы ўсё гэта Саўл ўжо бачыў сваю будучыню, дзе было шмат цікавага і небясьпечнага. Але ўсё гэта павінна было быць дзеля Ісуса Хрыста, Які паклікаў яго на гэтую даволі цяжкую працу. Саўл цягнуўся да гэтага, бо ў ягоным розуме да гэтага часу гучалі тыя самыя словы: «Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?» Гучалі, але тое што адчуваў Саўл казала яму пра тое, што ён, Саўл, павінен вельмі шмат што зрабіць, каб паслужыць Ісусу Хрысту. Саўл вельмі ўважліва слухаў Барнабу, бо тое, што ён пачуў вельмі ўсхвалявала яго. Ён быў, у думках, разам з Пятром, калі яго сустрэлі ў Ерусаліме холадна і з недаверам. Адчувалася, што гісторыя з паганамі Цэзарэі падштурхнула тагачасную царкву да сур’ёзнага разнагалосься. Многія памяталі першы канфлікт у царкве Ерусаліма, калі абмяркоўвалася пытаньне адносінаў да эліністскіх удоваў, але ў дадзеным выпадку ўсё было нашмат сур’ёзьней. І гэты канфлікт ня скончыцца тлумачэньнем Пятра і згодай некаторых з абрэзаных, бо гэтае пытаньне яшчэ ўзьнікне, асабліва супраць апостала Паўла, а гісторыя пакажа сур’ёзныя сутычкі той партыі юдэяў, якія жадалі бачыць хрысьціянства ў рэчышчы Закона Майсея.

Спачатку юдэі абвінавачвалі Пятра ў тым, што ён еў з паганамі і, такім чынам, ён парушаў закон продкаў і традыцыі свайго народу. Барнаба адзначыў, што Пятра папракалі не за тое, што ён прапаведаваў паганам і хрысьціў іх, а за тое, што ён хадзіў да неабрэзаных і ёў з імі. Па сутнасьці абрэзаныя юдэі не маглі адмаўляць пропаведзі Хрыста паміж паганамі, бо Сам Ісус казаў гэта да вучняў: «Дык ідзіце і вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, Сына, і Сьвятога Духа». Яны патрабавалі, каб пагане, праз абразаньне, станавіліся чыстымі і тады, калі ласка, будзь з намі і Ісусам Хрыстом. Абараняючыся Пётр не спрачаўся, а проста канстатаваў факты, бо хто б што не казаў, а факт застаецца фактам – Сьвяты Дух незвычайным чынам зыйшоў на паганаў. Пётр кажа, што з ім пайшлі ў Цэзарэю шэсьць братоў, так што іх было сем чалавек, якія гэты факт і засьведчылі. Саўл зразумеў, што гэтыя шэсьць братоў пайшлі з Пятром ня проста так, але іх, безумоўна, паслаў Бог, прадбачачы сітуацыю абвінавачваньня Пятра.

Пётр пераканаўча давёў гісторыю з паганамі тым, хто папракаў яго ў здрадзе традыцыям і якія супакоіліся, кажучы: «Можа і паганам даў Бог навяртаньня дзеля жыцьця». Саўл вельмі добра адчуў, што зусім няўпэўнена гучаць гэтыя словы, бо слова «можа»пакінула адчуваньне адценьня недаверу таму, што распавёў ім Пётр. На гэта ёсьць і пэўныя тлумачэньні. Палітычная сітуацыя гебрайскага грамадзтва ў 40-50-я гады была вельмі напружанай, бо паступова высьпявалі падзеі, якія, ў хуткім будучым, прывядуць да вайны з Рымам і разбурэньню Ерусаліма. Царква ж Ерусаліма заставалася часткаю юдэйскага грамадзтва, а гэтае палітычнае напружаньне адбівалася і на ёй. І таму многія веруючыя маглі разважаць і такім чынам, што вітаць паганаў як братоў і сясьцёр і лічыць іх роўнымі – ці не азначае гэта братаньне з ворагам? Таму і ня ўсё так проста было ў гэтай гісторыі, але шлях Царквы быў прадвызначаны Богам і таму словы Ісуса Хрыста: «Ідзіце і вучыце ўсе народы» вечныя і ніхто іх адмяніць ня можа. І першым сьведчаньнем гэтага сталіся эвангелізацыйныя падзеі ў Антыёхіі.

У антычным сьвеце існавалі гарады, якія стаялі на перакрыжаваньнях розных культур і гандлю. Адным з такіх гарадоў і была Антыёхія, якая, дарэчы, была трэцім па вялічыні, пасьля Рыма і Александрыі, горадам тагачаснага старажытнага сьвету. Гэты горад зваўся таксама Антыёхіяй Сірыйскай, бо была яшчэ Антыёхія Пісідзкая, якая геаграфічна знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Антыёхія Сірыйская стаяла ў вусьце ракі Аронта, у, прыблізна, 25 км. ад Міжземнага мора. Дарэчы, непадалёк ад Антыёхіі (асабліва, калі пракласьці свой шлях па мору) знаходзіўся горад Тарс, каля якога ў дадзены час і жыў Саўл, які зьбёг з Ерусаліму, а потым і з самога Тарсу. Антыёхія - прыгожы рознамоўны горад, які, да таго ж, быў сінонімам раскошы і амаральнасьці. У гэтым горадзе існаваў культ Дафны, у якую, па легендзе, быў закаханы Апалон. Існаваў і храм Дафны, які знаходзіўся ў 8 км. ад гораду сярод лаўровага гаю. Жрыцы гэтага храма былі блудніцамі і па начах, у гэтым лаўравым гаі, разгульваліся сцэны перасьледаваньня гэтых блудніц іхнімі паклоньнікамі. І таму можа падацца неверагодным, што менавіта ў гэтым горадзе хрысьціянства зрабіла вельмі важны крок для зьдзяйсьненьня загаду Ісуса Хрыста: «Ідзіце і вучыце ўсе народы».

Саўл чуў ад Барнабы адну з найвялікшых падзеяў гісторыі, бо ўпершыню Добрая вестка сьвядома і масава прапаведавалася паганам. Але, да гэтага ўсё і ішло. Спачатку Філіп прапаведаваў самаранам, але самаране не былі паганамі. Потым Пётр уводзіць у Царкву Карнэля, але, ў гэтым выпадку, ініцыятыва была за сотнікам. Хрысьціянская Царква не шукала Карнэля, бо гэта Карнэль смагнуў хрысьціянскай Царквы. Тым больш, што Карнэль быў чалавекам блізкім да юдаізму. У Антыёхіі ж Царква ішла не да юдэяў і празэлітаў і не чакала, калі да яе прыйдуць пагане. Яна сьвядома пачала прапаведаваць Эвангельле паганам. Такім чынам хрысьціянства перайшло ў фазу сусьветнай місіі. Саўл выразна адчуў, што гэты гістарычны пералом важна разумець усім, бо хто былі тыя, якія пачулі ад яго пропаведзь Ісуса Хрыста і навярнуліся да Яго? Тымі ж, як і ў Антыёхіі, жыхарамі разбэшчанага сьвету, якія падпарадкаваліся грэху. І вось што цікава. Пераважаная большасьць хрысьціянаў, якія навярнуліся да Хрыста, ніколі не лічылі сябе паганамі. Але гэта ня так, бо яны і былі тымі паганамі Антыёхіі, да якіх дайшла Добрая вестка.

Саўл пачуў і тое, што калі кіраўнікі царквы ў Ерусаліме пазналі пра гэты гістарычны факт, яны паслалі ў Антыёхію Барнабу, каб той, на месцы, разабраўся ў сітуацыі. І гэта рука Бога, што ў Антыёхію быў пасланы Барнаба, бо ніхто ня ведаў, што б магло здарыцца, калі б туды пайшоў чалавек, які прытрымліваўся Закону і ягоных патрабаваньняў. Але туды пайшоў чалавек, які праяўляў сваім жыцьцём хрысьціянскую любоў і шчодрасьць у адносінах да тых, хто меў у гэтым патрэбу. Калі ж Барнаба ўбачыў Божую ласку да тых новых хрысьціянаў з паганаў, ён ўзрадаваўся, але і зразумеў, што адзін ён ня ўправіцца з новай царквою. Ён адчуў, што тут патрэбны чалавек, які пацягне гэтую нялёгкую працу з былымі паганамі. Барнаба ведаў такога чалавека, якога Бог, ад пачатку, паклікаў прапаведаваць паганам. Ён ужо дапамог яму аднойчы ў Ерусаліме, калі сваім аўтарытэтам увёў яго ў грамадзтва братоў і сёстраў. І таму Барнаба ідзе ў Тарс, а потым знаходзіць Саўла тут, у горах Таўра.

Яшчэ адну цудоўную і цікавую навіну прынёс Барнаба, бо менавіта ў Антыёхіі вучні Ісуса пачалі называцца хрысьціянамі. Але чаму будучыя пакаленьні так часта называлі хрысьціянамі першых веруючых Ерусаліма, Самарыі і нават Ёппы? Таму што з вышыні будучых часоў адчувалася, што ўсе яны былі хрысьціянамі, бо былі ад Хрыста. Гэта для ўсіх звыкла. А як, на самой справе, адбылася гэтая дзіўная падзея, калі вучні Ісуса Хрыста сталі хрысьціянамі? Саўл ня толькі не зьдзівіўся, але і пагадзіўся з гэтым адразу. Шлях жа да гэтага быў даволі цікавым. Справа ў тым, што жыхары Антыёхіі вызначаліся здольнасьцю даваць людзям, ці групам людзей, розныя, у тым ліку і насьмешлівыя, мянушкі. Казалі, што калі Антыёхію наведаў барадаты цэзар Юліян, дык антыяхійцы празвалі яго мянушкай «Казёл». Наогул, канчатак слова «янін» азначала прыналежнасьць да якой-небудзь партыі ці народу. Так нарадзілася, нейкім чынам, нават і пагардлівая мянушка – хрысьціянін. За прыналежнасьць да руху Хрыста. Вядома, што гэтую мянушку прыдумалі людзі няверуючыя. Але, дзіўная справа. Веручыя людзі прынялі гэтую пагардлівую мянушку на поўным сур’ёзе і праславілі яе на ўвесь сьвет, пераўтварыўшы ў імя, якое, у-ва ўсе часы, выклікае павагу і захапленьне. Зьменіць сваё імя і Саўл на сваё рымскае імя, калі прыйдзе ў Антыёхію Паўлам.

Яшчэ шмат чаго казаў Барнаба і шмат пра што прасіў распавесьці яго і Павал, бо ён уваходзіў у новы этап свайго жыцьця і свайго служэньня Ісусу Хрысту. Павал, разам з Барнабай, абыйшоў усе невялікія абшчыны, якім і паведаміў, што яны ад сёньня называюцца хрысьціянамі. Даючы настаўленьні на будучыя часы ён разьвітваўся з імі, кажучы, што сэрцам яны ў адзінстве паміж сабою і ў Ісусе Хрысьце. Ён ня будзе далёка і заўсёды падтрымае іх, калі ў гэтым станецца патрэба. Частка ж ягонага вялікага сэрца застанецца тут, сярод іх і гэтых цудоўных мясьцінаў паміж гор велічнага Таўра. Шлях жа Паўла быў накіраваны ў Антыёхію, як і абяцаў яму ягоны Госпад і Збаўца Ісус Хрыстос.


Рецензии