Между прошлым и будущим

VII. ПАМІЖ МІНУЛЫМ І БУДУЧЫМ

Саўл ішоў уздоўж ракі Кідон, хуткія воды якой несьліся ад гораў Таўра да мора, дзе яны супакойваліся ў вялікай марской прасторы. Ён глядзеў на імклівыя воды ракі, як і на сваё жыцьцё, якое, у свой час, як нястрымна неслася ў фарысейскіх клопатах, так і працягвала свой рух у жыцьці хрысьцьціянскім. Саўл, ідучы каля ракі, глядзеў на прыемныя ягонаму сэрцу карціны ягонага дзяцінства і юнацтва, ад якіх ужо прайшло нямала гадоў. Але ён адчуваў сябе так, што быццам бы і не адыходзіў адсюль. А вось і бацькоўскі дом, які ён убачыў здалёк і, падыходзячы да яго, хваляваўся так, як і ў той момант, калі выпісваў першыя літары свайго асабістага Пісаньня. Як жа яго сустрэне бацька і ягоная сястра, якая так любіла яго, яшчэ маленькага Саўла? Але вось і момант сустрэчы.

Бацька Саўла, любячы яго ад нараджэньня, бо недарма ён назваў яго «той, пра каго прасілі», сустрэў яго са слязьмі на вачах і надзеяй на тое, што ягоны блудны сын вярнуўся, пасьля, больш чым за пяць гадоў невядомасьці, у родны дом і сваю родную веру. Першыя дні ў бацькоўскім доме Саўл адчуваў асалоду адпачынку ды супакою. Ён шпацыраваў каля ракі, успамінаючы свае юнацкія гады і ягонае сэрца напаўнялася радасьцю роднага дому, дзе бацька, па-ранейшаму, даваў яму напамін пра тыя ці іншыя старонкі Закону Майсея. Але ўсё зьмянілася і трэба неяк давесьці да родных пра тое, што ён прыхільнік Ісуса Хрыста. А як гэта зрабіць? Усё гэта трывожыла Саўла, але ён, аднойчы усё ж, не стрымаўшыся, распавёў сваім родным пра Ісуса Хрыста і пра тое, як Ён прыйшоў да яго.

Мудры бацька прапанаваў Саўлу не распаўсюджваць незразумелае новае вучэньне, але быць тым, кім ён і ёсьць - фарысэем іхняга імя і прозьвішча. З цяжкасьцю падбіраючы словы, ён сказаў сыну: «Ты памятаеш, як ты вучыўся ў Гамаліэля, як выдатна прапаведаваў ў сынагозе, як гатаваў сябе для пасады настаўніка юдэяў. Я бачыў, як ты ставіўся да гэтага Ісуса і сэрца маё радавалася, бо ты абараняў Закон і нашыя традыцыі. Але што здарылася за час тваёй адсутнасьці і чаму гэты Ісус стаўся для цябе ўсім?» Саўл добра ведаў, што ягоныя родныя шчыра служылі Госпаду так, як умелі - выконваючы Закон Майсея. І таму ён казаў родным пра Ісуса Хрыста так, каб яны зразумелі, што менавіта ў Ім адбылося выкананьне Закону і прарокаў. Словы Саўла ў сям’і не былі пачутымі, а на сэрцы бацькі засталася горыч, бо сын вярнуўся дадому, па сутнасьці, нікім. Ён не зрабіў сабе кар’еры на фарысэйскай службовай лесьвіцы, але галоўным было тое, што сын адмаўляўся ад усяго фарысэйскага. Ён больш не апранаўся як фарысэй і вырашыў не выконваць асноўныя фарысэйскія традыціі, лічачы галоўным у Пісаньні ня гэта, а тое, што паказвала на гэтага Хрыста.

Любячы сваіх родных, Саўл больш за ўсё любіў дасканалага Ісуса Хрыста, Які даў прыказаньне Сваім вучням любіць усіх людзей, а Саўла, асаблівым чынам, накіраваў служыць паганам, дзеля іхняга навяртаньня да Госпада. Саўл адважна пайшоў у сынагогу, дзе казаў пра Хрыста Мэсію, праз Якога быў выкананы Закон і прарокі. Спасылаючыся на Ісаю і тлумачачы тэксты Пісаньня, ён дакладна паказваў юдэям, што Ісус і ёсьць той самы Хрыстос Мэсія, якога чакаў Ізраіль. Прысутныя насьцярожана, але і адносна спакойна ўспрынялі словы Саўла, бо добра ведалі ягонага бацьку - паважанага грамадзяніна гораду і гебрайскай абшчыны. Яны памяталі і бліскучыя пропаведзі Саўла ў гэтай сынагозе, калі, яшчэ да ад’езду ў Ерусалім, ён прапаведаваў сярод іх. Усё гэта стварала даволі цярпімыя ўмовы вакол дзейнасьці нейкім чынам перамененага Саўла. Стварала б магчыма і на далей, каб не адна сур’ёзная акалічнасьць.

Гебрайская абшчына ў Тарсе не была маленькай, але большасьць жыхароў гораду складалася з паганскага грэкамоўнага насельніцтва. Юдэі жылі сярод большасьці мірна, але гэта не прадугледжвала паміж імі сяброўскіх, а тым больш нейкіх блізкіх сувязяў. Так выхоўваўся і Саўл, якому з дзяцінства было забаронена сябраваць з паганскімі дзецьмі, бо гэта магло прывесьці да наведваньня іхніх дамоў і ўжываньня там ежы, чаго юдэйскія традыцыі катэгарычна забаранялі. Але зараз Саўл меў дакладнае даручэньне Хрыста, каб быць Ягоным прадстаўніком сярод паганаў і сваёй пропаведзьдзю прыводзіць іх да Госпада. І Саўл, пасьля пропаведзі ў сынагозе, пачаў дзейнічаць і на гэтай пашы.

«І я стаўся для юдэяў, як юдэй, каб здабыць юдэяў; для тых, якія пад Законам, - як той, што пад Законам, каб здабыць тых, якія пад Законам; для тых, якія без Закону, - як без Закону перад Богам, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, якія без Закону; я стаўся для тых, якія слабыя, каб здабыць тых, якія слабыя. Для ўсіх я стаўся ўсім, каб хоць некага збавіць». Гэта словы будучага Паўла, якія ён напіша ў лісце да карынцянаў, але якія фармаваліся ўжо зараз: у пустыні Сыная, Дамаску і зараз у Тарсе. Так будзе і потым, на ўсім працягу служэньня Саўла Ісусу Хрысту. Але зараз ягонае збліжэньне з паганамі раздражняла юдэйскую абшчыну горада, бо чалавек, які заўсёды пазьбягаў суседзяў - паганаў, зараз уважліва і з цікавасьцю выслухоўваў іх пра свае праблемы, асьцярогі і жаданьні. Ён паступова ўваходзіў у кола паганаў, чым выклікаў незадаволенасьць сынагогі, бо, на іх погляд, Саўл пазбаўляўся іхняга духоўнага кола, каб пераймаць «няверных». Ён і даваў пэўны повад для такой незадаволенасьці. У маладосьці розум Саўла быў закрытым для разуменьня паганаў, бо прадузятасьці фарысэя ахоўвалі яго. Але зараз было ўсё ня так, бо ў яго ўжо фармаваўся адказ на загадку спраў і лёсаў чалавека. Незалежна ад таго, што гэта былі юдэі ці пагане. Менавіта гэтаму вучыў яго Ісус, а Саўл заўсёды быў старанным вучнем. Дзеля гэтага ён пачаў знаёміцца з грэцкай літаратурай, якой фарысэі пагарджалі і якую ненавідзелі. Саўл пазнаёміўся з Менандрам, Аратам і Эпемэнідам - паэтам з выспы Крыт. Пазнаёміўся Саўл з асновамі філасофіі Платона і мог працытаваць радкі з «Эўмэніды» Эсхіла. Так што канфлікт з гебрайскім супольствам аб’ектыўна высьпяваў.

Юдэі цудоўна бачылі, што ён праводзіць час са сваімі новымі сябрамі, уваходзячы ў іхнія дамы, а значыць і ўжывае разам з імі ежу, забароненую для юдэя. Старэйшыны сынагогі папярэдзілі Саўла, што юдэю, Законам Майсея, не дазваляецца паводзіць сябе такім чынам, бо ў іншым выпадку яму пагражае суровае пакараньне - «сорак без аднаго», што азначае трыццаць дзевяць удараў бічом.

Гэтае пакараньне, у вачах юдэяў, было выпраўленьнем блізкага, якое прызначалася для ачышчэньня парушальніка і пакрыцьця крыўды, нанесенай абшчыне. Па выніках гэтага пакараньня, чалавек лічыўся ачышчаным і меў права зноў заняць сваё месца ў сынагозе. Пакараньне, тым ня меньш, не было абавязковым і парушальнік мог адмовіцца ад гэтага, але з наступствамі адлучэньня ад народу Ізраіля, а гэта значыць прыпыненьня з ім усякіх адносінаў, прыраўняўшы апошняга да паганаў. Саўл не зьбіраўся выходзіць з юдэйства, бо па-ранейшаму лічыў, што сынагогі павінны стаць зброяй у бітве за Хрыста, а таму і не зьбіраўся адмаўляцца ад падобнага пакараньня, не губляючы надзеі набыць для Хрыста юдэяў.

Так і сталася, а папярэджаньне старэйшынаў вельмі хутка перарасло ў суд. Бацька Саўла, з больлю ў сэрцы, даў згоду на гэты суд, спадзяючыся на тое, што пакараньне ачысьціць сына і верне яго ў фарысэйскае грамадзтва. Паўстаўшы перад судом старэйшынаў, Саўл успомніў абяцаньне Хрыста, якое Ён даў Сваім вучням: «Калі ж будуць выдаваць вас, не клапаціцеся пра тое, як ці што вам гаварыць, бо вам у тую гадзіну будзе дадзена, што гаварыць. Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас». Ён карыстаўся выпадкам абвесьціць Ісуса Хрыста і спакойна чакаў прысуду, памятаючы, што Госпад праз Ананію папярэдзіў яго пра будучыя цяжкасьці і выпрабаваньні. Судзьдзі мелі права вызначыць колькасьць удараў з трыццаці дзевяці, бо ўсё залежала ад цяжкасці парушэньня і фізічнага стану парушальніка. Але ў дадзеным выпадку сумненьняў не было. Выслухаўшы прамову Саўла, і бачачы перад сабою яшчэ маладога і фізічна здаровага чалавека, яны абвесьцілі прысуд: «Сорак удараў без аднаго».

Перад усім сходам юдэяў Саўла прывязалі паміж двух слупоў. Служыцель сынагогі ўрачыста скінуў з яго адзеньне, агаляючы торс парушальніка, і падняў над галавою доўгі біч, які складаўся з чатырох вышчэрбленых палос тялячай і двух палос асьлінай скуры. Даўжыня біча разьлічвалася так, каб пры ўдары па сьпіне, ён дасягаў аж да жывата асуджанага. Кат стаяў на каменным узвышэньні і апускаў свой біч на плечы Саўла так, каб спаласаваць усю грудзь і жывот. Гэта былі першыя трынаццаць удараў, пакуль чытальнік дэкламаваў урывак з Закону: «Калі ня будзеш старанна выконваць усе словы закону гэтага, напісаныя ў гэтай кнізе, і ня будзеш баяцца слаўнага і страшнага імяні Госпада, Бога твайго, дык Госпад пакарае цябе і нашчадкаў тваіх незвычайнымі язвамі». Пасьля трынаццатага ўдару яго бачалі біць ужо не па грудзі, а па сьпіне - трынаццаць разоў праз адно плячо і трынаццаць праз другое, бьючы ўжо па крывацечным рубцам. Судзьдзі маглі прыпыніць бічаваньне, калі асуджаны траціў прытомнасьць ці выклікаў жаласьць прысутных. Але ўсё гэта ня ў дадзеным выпадку. Саўл атрымаў усе трыццаць дзевяць удараў, пакаштаваўшы ўсе мукі, на якія ён раней аддаваў іншых людзей і падзяляючы пакуты Ісуса Хрыста. Бацька Саўла бачыў пакараньне сына, ён бачыў і тое, як акрываўлены сын, хістаючыся, пайшоў у бок роднага дому. Бацька зьнешне захоўваў выгляд супакою, бо ня сьлед выказваць сваю боль іншым людзям. Але ягонае сэрца не было на месцы, бо тое, што адбылося - гэта была ганьба на ўвесь горад.

Вылечваючы раны ў доме свайго бацькі, Саўл шмат працаваў над вырабленьнем намётаў, думаючы пры гэтым пра сваё далейшае жыцьцё ў Тарсе. Ці варта яму заставацца ў бацькоўскім доме? А можа яму зрачыся сваіх паганскіх сяброў і перастаць прапаведаваць збаўленьне, якое набываецца праз веру ў Ісуса Хрыста? Так, чалавек слабы, а пад ўзьдзеяньнем фізічнай болі і грамадзкай асуды - тым больш. Саўл перабіраў у думках усе бакі свайго папярэдняга жыцьця - і фарысэйскага, і цяперашняга ў Хрысьце. Ён уяўляў сабе карціны з мінулага, калі сам адпраўляў вучняў Ісуса на такія ж пакараньні, прымушаючы іх зрачыся Хрыста. І толькі адзінкі зракаліся Ісуса, а астатнія выходзілі з бязьлітаснага бічаваньня ўсьміхаючыся, кажучы што яны пацярпелі за Ісуса Хрыста і былі гатовымі нават і памерці за Яго. Яны памяталі словы Ісуса, як разумеў іх зараз і Саўл: «І будуць вас ненавідзець за імя Маё, але хто вытрывае да канца, збаўлены будзе». Саўл думаў пра гэта, сідзячы на беразе ракі і раптам задаў самому сабе простае пытаньне: «Ці ж ён з тых адзінак, якія, пад узьдзеяньнем фізічнай болі, зракліся Ісуса Хрыста?» Ён нават здрыгануўся ад гэткага параўнаньня і раптам яму ўсё стала зразумелым: «Калі ён згубіць Хрыста, ён згубіць свабоду, якую даў яму Госпад. І нішто не кампенсуе гэтую свабоду, а калі так, дык адносна гэтай свабоды любая фізічная боль, а нават і сьмерць, - гэта проста дробязь». Праз некаторы час Саўл напіша пра гэта ў лісьце да галятаў: «Дык стойце ў свабодзе, якою вызваліў нас Хрыстос, і не патрапляйце ізноў пад ярмо няволі».

Саўл і працягваў стаяць у свабодзе, якую даў яму Ісус Хрыстос. Ён працягваў, па магчымасьці, несьці слова пра Ісуса Мэсію ў сынагозе. Працягваў ён прапаведаваць і сярод паганаў, ніяк не зьмяніўшы свае адносіны да іх. У юдэйскім асяродзьдзі назіраліся гнеў і абурэньне паводзінамі Саўла. Яны ніяк не маглі зразумець, што юдэй, пагадзіўшыся на такое жорсткае пакараньне, каб захаваць месца ў сынагозе, працягвае парушэньне Закону і юдэйскіх традыцыяў. Не, не ачысьціўся Саўл, а таму старшыні сынагогі павінны прымаць нейкія кардынальныя меры. Старшыні ж, ведаючы настрой юдэйскай грамады, знайшлі новы, больш суровы, метад для расправы з Саўлам.

На гэты раз яны выкарысталі адзін з пунктаў юдэйскага заканадаўства, які казаў пра тое, што абвінавачваемы, парушыўшы дзьве забароны і знойдзены вінаватым у кожнай з іх, павінен пацярпець першае бічаваньне, а пасьля загаеньня ранаў належыць біць яго яшчэ раз. Зразумела што такі прысуд і ўтварыўся, чым Саўлу далі выбіраць: пакаяцца і адыйсьці ад Ісуса Хрыста і паганаў ці не перанесьці адразу два цяжэйшых пакараньня бічамі. І калі, у выніку, атрымаецца сьмерць, дык служыцель сынагогі, які будзе катаваць Саўла, не панясе ніякай адказнасьці ў магчымым сьмяротным выхадзе. Але ня ведалі юдэі праўды Ісуса Хрыста, што не дапусьціць Ён сьмерці Свайго выбранага посуду тут, у сынагозе Тарсу, бо выкананьне плану па эвангелізацыі паганскіх народаў толькі пачынаўся, а таму Бог быў з Саўлам і абараняў яго.

Саўл зноў і зноў станавіўся распранутым паміж слупоў, з кожным ударам біча ўсё больш упэўніваючыся ў праўдзівасьці папярэджаньня, якое даваў Ісус Сваім вучням: «Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і шчырыя, як галубы. Сьцеражыцеся людзей, бо яны будуць выдаваць вас у сынэдрыёны і сынагогах сваіх будуць бічаваць вас». У тыя часы жорсткія пакараньні не былі чымсьці незвычайным, але для асуджаных гэта не было палёгкай, а тым больш таму, хто, як мінімум тры разы запар, атрымаў па трыццаць дзевяць вельмі балючых удараў бічом, які разрывае мноства разоў скуру чалавека на сьпіне і грудзі. Псіхічнае здароўе ў Саўла ад гэтага не пахіснулася, бо ён быў разам з Ісусам Хрыстом. Больш таго, бічаваньне здавалася яму вельмі малой цаной за набыцьцё Ісуса Хрыста і служэньне Яму. Але па факту Саўл фізічна пацярпеў на ўсё астатняе жыцьцё.

Больш позьняя хрысьціянская традыцыя апісвае апостала Паўла, як чалавека амаль што лысага, з доўгім носам і крывымі нагамі. Сучасная медыцына сьцьвярджае, што дэфармацыі і скрыўленьні костак чалавека часта бываюць вынікам цяжкіх фізічных пакараньняў - такіх, як бічаваньне. Сто дзевяноста пяць сур’ёзных расьсяканьняў цела Саўла ад біча ката пакінулі свой сьлед на здароўі ў-ва ўсе далейшыя гады жыцьця апостала, бо вельмі часта, у будучым, яго непакоілі ягоныя балячкі. Саўл, у будучым, напіша карынцянам: «І каб я не вывышаўся празьмернасьцю адкрыцьцяў, дадзены мне бадыль у цела, анёл шатана, каб біць мяне, каб я не вывышаўся. Дзеля гэтага тройчы прасіў я Госпада, каб ён адыйшоў ад мяне. І Госпад сказаў мне: “Хопіць табе ласкі Маёй, бо моц мая спаўняецца ў слабасьці”. Дык ахвотна больш буду хваліцца слабасьцямі маімі, каб жыла ў-ва мне моц Хрыстовая».

Яшчэ двойчы бічавалі Саўла, але і пасьля гэтых пакараньняў Саўл не перамяніўся і працягваў рабіць тое, што і рабіў раней. Рада старшыняў, параіўшыся, вызначыла безсэнсоўнасьць далейшых судоў і пакараньняў, бо Саўл ад гэтага не ачышчаўся і не перамяняўся. Яны вырашыліся на крайнія меры, у выніку чаго Саўл быў адлучаны ад сынагогі і юдэйскага грамадзтва. Суайчыньнікі Саўла адвярнуліся ад яго, прыпыніўшы з ім усякія зносіны, што, у сваю чаргу, прымусіла бацьку канчаткова разарваць свае адносіны з сынам, як бы не балюча было яму гэта зрабіць. Доўгачаканы сын, за нараджэньне якога ён так прасіў Госпада, у рэшце рэшт, не апраўдаў даверу і стаўся адхіленым ад юдэйскай грамады. Большай ганьбы ён не чакаў, а будучы паважаным фарысэем павінен быў быць узорам падпарадкаваньня юдэйскім традыцыям. Такім чынам, пасьля высьвятленьня адносінаў, Саўл быў выгнаны з дому і пазбаўлены спадчыны.

Так Саўл стаўся жабраком, як сапраўдны апостал, пра што ён і напіша ў будучым: «Але тое, што для мяне было набыткам, дзеля Хрыста я палічыў за страту. І больш таго, усё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Ісуса Хрыста, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за гной, каб Хрыста здабыць і апрануцца ў Ім, маючы не маю праведнасьць, якая праз Закон, але тую, якая праз веру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога праз веру». Пазбаўлены дома ён перабраўся да аднаго з сваіх паганскіх сяброў, але, праз некаторы час, яго адвялі ў невялікую вёску, якіх было шмат у прадгор’ях Таўра. Там, сідзячы у цішыні садоў і гледзячы на велічныя вяршыны Таўра, ён мог спакойна абдумаць тое, што адбылося з ім у Тарсе. А што ўласна адбылося?
Ён не знайшоў паразуменьня ў сям’і, сярод родных яму людзей. Ён не знайшоў паразуменьня і ў сынагозе, атрымаўшы пяцікратнае пакараньне, кожны раз выкарыстоўваючы суды для абвяшчэньня Ісуса Хрыста. Ён выгнаны з роднага дому і юдэйскай абшчыны, каб служыць для іншых людзей і ў іншых мясьцінах. І ўсё гэта адбылося таму, што ён верыў у Ісуса Хрыста і служыў Яму. Саўл не пабаяўся нічога дзеля Ісуса і шчыра лічыў, што ягонае пакараньне нішто ў параўнаньні з тым, што пацярпеў Ісус Хрыстос за ўсіх людзей. Гледзячы на жыцьцё і служэньне Ісуса, ён браў з гэтага прыклад, а зараз і, нейкім чынам, супаставіў іх. Саўл чуў ад Пятра і Яна Марка, як Ісус прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і увайшоў паводле звычая Свайго ў дзень суботні ў сынагогу, каб абвесьціць пра Сябе, чытаючы месца з Ісаі: «Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздараўляць скрышаных сэрцам, абвяшчаць вязьням вызваленьне і сьляпым - вяртаньне зроку, пусьціць змучаных на свабоду, і абвяшчаць год Госпадаў прыемны». Ісуса не прынялі суайчыньнікі і нават хацелі забіць Яго. На што Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: “Ніводзін прарок не прыймаецца ў бацькаўшыне сваёй”». Ісус пасьля гэтага сыйшоў у Капернаум, дзе і быў, на значную частку служэньня, Ягоны дом. Ён больш ніколі не прыходзіў у Назарэт і не служыў там. Ці не падобнае адбывалася з Саўлам? Ён быў выгнаны з юдэйскай грамады, а фактычна і з Тарсу, каб, потым, ніколі больш сюды не заходзіць.

Яшчэ распавёў Марк Саўлу пра тое, што браты Ісуса, а нават і маці ня верылі ў прыжыцьцёвым Ягоным служэньні, бо калі яны даведаліся пра Ягоную дзейнасьць у Капернауме і навакольлі, дык пайшлі да Ягонага дому, каб узяць Яго, бо лічылі, што Ён зьдзівачэў. Цікавая і рэакцыя Ісуса на тое, што браты і маці шукаюць Яго: «Хто маці Мая і браты Мае? І аглядзеўшы наўкола тых, што каля Яго сядзелі, кажа: “Вось маці Мая і браты Мае! Бо хто выконвае волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці”».

А што з Саўлам? Ягоныя сваякі не паверылі яму і ніяк яго не падтрымалі, ды і напэўна думалі, што ён таксама зьдзівачэў, бо як яшчэ можна было думаць пра чалавека, які пацярпеў пяць цяжэйшых пакараньняў і не адмовіўся ад сваёй геразі і не вярнуўся да фарысэйства. Але Саўл сядзеў каля Ісуса Хрыста і выконваў Ягоную волю, а таму Ісус і быў яму, найперш, і бацькам, і усімі астатнімі сваякамі. Так што Саўл сьвядома зрабіў свой выбар, а Ісус Хрыстос падказаў яму, што яму трэба рабіць у дадзены момант, але Саўл яшчэ ня ведаў, што ягоны Госпад гатаваў для яго вельмі і вельмі вялікую місію, каб Ягоны выбраны посуд набываў для Яго, у першую чаргу, паганаў па ўсёй імперыі Рыму.


Рецензии