Антиохия
Барнаба, які паходзіў з выспы Кіпр, быў дасьведчаным у марскіх падарожжах і таму, каб дабрацца найкарацейшым шляхам да Тарсу, ён пайшоў з Антыёхіі да порту Селеўкіі і, адтуль, караблём дасягнуў Тарсу. Так што пытаньняў пра тое, якім шляхам ісьці да Антыёхіі у сяброў не ўзьнікала. З ранку яны спусьціліся ў даліну і выйшлі на шлях ад Кілікійскай брамы да марскога порту, што быў непадалёк ад Тарсу. Дачакаўшыся бліжэйшага карабля да Селеўкіі, яны выправіліся ў нядоўгі марскі шлях, назіраючы аддаляючыя прыгожыя і родныя горы Таўра. Стоячы ля борту, яны моўчкі мінулі горад, бо для Паўла гэта было момантам няпростым. Ён разьвітваўся з Тарсам і ў сэрцы адчуваў, што ня вернецца сюды больш ніколі. Дзяцінства і юнацтва заставаліся тут і з сэрца гэтага ня выкінеш. Бацька і родны дом засталіся тут, а ён, Павал, зыходзіў назаўсёды, каб паслужыць Госпаду свайму Ісусу Хрысту. Карабель, пры спадарожным ветры, весела плёскаў аб невялікія хвалі мора, рухаючыся ўздоўж кілікійскага ўзбярэжжа. Горад ягонага дзяцінства ўжо зьнікаў з вачэй і яны, любуючыся кілікійскай далінай, якая ярка зелянела на фоне войстрых вяршынаў Таўра, ужо размаўлялі пра будучую сумесную працу на ніве Госпада. Спадарожны вецер спрыяў хуткасьці карабля і яны, праз якіх-небудзь шэсьць гадзінаў ўжо кіраваліся ад порту Селеўкіі да Антыёхіі.
Павал ніколі ня быў у гэтых мясьцінах і таму з цікавасьцю разглядаў гэтыя марскія вароты Антыёхіі, якія бралі свой пачатак у Селеўкіі. Порт Селеўкіі быў даволі буйным і вядомым, бо абслугоўваў трэці па велічыні горад рымскага сьвету. Рымскія ўлады вельмі клапаціліся пра гэты порт, бо праз яго праходзіў адзін з важнейшых шляхоў на ўсход імперыі. Павал заўважыў і пэўную асаблівасьць, якая складалася з таго, што сам горад быў адбудаваны на вяршыні гары, якая стромка абрывалася ў мора. Тысяча пяцьсот метраў вышыні падзялялі Селеўкію і марскі порт, да якой былі пракладзены два шляхі: стромкая лесьвіца ўздоўж мора і пакатая дарога, па якой і правозілі з порту грузы ў накірунку да Антыёхіі. Сябры пайшлі па дарозе, якая падымалася ў гору ад порту да горада. Любуючыся блакітным морам і тутавымі дрэвамі, якія густа пакрывалі схілы залацістых гор, яны непрыкметна падыйшлі да гораду і прыпыніліся, каб крыху адпачыць ад гэтага пад’ёму. Пад імі ляжаў унушальных памераў марскі порт, агарожаны ня меньш унушальным мурам, які нейкім чынам яднаўся з морам дзьвума сваімі канцамі. З вышыні горада мора выглядала бясконцым і спакойным, уражваючы вандроўнікаў яркім блакітным колерам. Празрыстае паветра дазваляла ім убачыць і далёкую выспу Кіпр, якая блакітнай ценьню праглядалася на гарызонце і войстрай іголкай кальнуць сэрца Барнабы. Адпачнуўшы, яны прайшлі праз горад і выйшлі на шлях, які павёў іх да Антыёхіі. Іхні шлях пачынаўся сярод гор, паступова пераходзічы ў даліну, напоўненую вінаграднікамі, абрыкосамі і тутавымі дрэвамі. Сябры праходзілі мясьціны, дзе на схілах гор былі бачныя дываны нарцысаў і плямы кустоў алеандра. Наперадзе была бліскучая Антыёхія і пачатак той адказнай працы, да якой і ішоў Павал - гэты выбраны посуд Ісуса Хрыста.
Ідучы да Антыёхіі сябры разважалі пра тое, што адбываецца дзіўная гісторыя навяртаньня вялікай колькасьці паганаў да Ісуса Хрыста. Але ці ня тое меў на ўвазе Ісус, калі казаў Сваім вучням: «Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў¬ва ўсе дні да сканчэньня веку». Павал і Барнаба рухаліся ў Антыёхію памятаючы гэтыя словы Ісуса Хрыста, каб ісьці і навучаць у імя свайго вялікага Настаўніка. Нядоўгі шлях адкрыў ім цудоўную панараму горада, які, у большасьці, знаходзіўся за Аронтам, пад гарою Сільпій. Рака Аронт, праходзячы праз паўночную частку горада, праклала свой шлях праз граду камяністых узгоркаў, каб вынесьці свае воды ў Міжземнае мора. Барнаба ж і Павал, наадварот, прыйшлі ад мора, несучы з сабою струмень жывое вады ад Ісуса Хрыста.
Яны прыйшлі ў гэты горад каля 47 году, у першыя гады цэзара Кляўдыя, які, дарэчы, займаўся ў гэты час заваяваёвай Брытаніі. Эха гэтых падзеяў даходзіла да Антыёхіі, дзе таксама славілі перамогі Кляўдыя, даўшы яму ўсенародна тытул «Брытанік». І ў гэтыя ж часы здарылася тое, што юдэйскай грамадзе падалося больш значным, чым заваёва цэзарам нейкага паўночнага народу. Усіх усхвалявала раптоўная сьмерць Ірада Агрыпы ў Цэзарэі. Казалі, што ён, папярэдні, забіў апостала Ісуса Якуба, а потым арыштаваў і апостала Пятра. Пётр жа, нейкім цудоўным чынам выйшаў з вязьніцы, а расчараваны Агрыпа з’ехаў да сябе ў Цэзарэю, дзе яго і напаткала раптоўная сьмерць ад невядомай хваробы.
Пра ўсё гэта яшчэ даведаецца Павал, а зараз яны ўваходзілі ў цудоўны горад, які даваў велічную карціну ўбачанага. Вялікі горад быў падзелены на чатыры частцы, кожная з якіх была агароджана асобным мурам, а разам яны абараняліся мурам агульным, які ўзыходзіў на гару Сільпій, дзе разьмясьцілася вайсковая крэпасьць, гарнізон якой назіраў з вышыні за бясьпекай гораду ад сірыйскага нагор’я. Паўла зьдзівіў і сам горад, які быў распланаваны вельмі строга, бо ўсе вуліцы, ад галоўнай і паміж сабою, разьмяшчаліся пад роўнымі вугламі адносна адзін аднаго. Сябры ўвайшлі ў горад праз Маставыя вароты і накіраваліся да дому, дзе прытуліўся Барнаба. Пасьля кароткага адпачынку Павал выйшаў у горад, каб паглядзець і крыху азнаёміцца з ім. Ён быў уражаны ўбачаным нават і тым, што можна было ўбачыць за некалькі гадзінаў шпацыру па вуліцам Антыёхіі. Галоўная вуліца з портыкам, амфітэатр, тэатр цэзара і форум Валенты вельмі ўразілі яго. Немагчыма было аглядзець усё адразу, а гэта было і немагчымым, бо Антыёхія займала вялікую тэрыторыю і налічвала каля 500 тысячаў сваіх жыхароў. Уражаны Павал прыйшоў да Барнабы калі ўжо хавалася сонца, але яны яшчэ доўга сядзелі, разважаючы пра хрысьціянскую будучыню гэтага гораду і ўсяго астатняга сьвету.
Жыльлёвыя кварталы Антыёхіі, як і гай Дафны прывабліваў многіх, і да таго часу, калі Павал прыйшоў сюды, хрысьціянская абшчына адлюстроўвала ўсю шматстатнасьць насельніцтва гэтага «перакрыжаваньня» Усходу. Юдэі мелі тут вельмі значную суполку, але Павал не адчуваў ад суайчыньнікаў нейкай пагрозы, як гэта было ў родным Тарсе. Павал мог спакойна прапаведаваць і тлумачыць Эвангельле ў розных прысутных месцах гэтага гораду. Яго прымала і сынагога, дзе ён тлумачыў тэксты Сьвятога Пісаньня і вызначаў прысутнасьць у ім Ісуса Хрыста. Галоўным жа былі сходы хрысьціянаў Антыёхіі, якія зьбіраліся па нядзелям на вуліцы Сігон, у доме аднога з заможных братоў царквы. Павал даведаўся, што на схіле гары Сільпій, якраз непадалёк ад вуліцы Сігон, адна са скалаў гары была нейкім чынам ператворана ў скульптурную кампазіцыю, якая малявала галаву Харона. Паўлу распавялі пра гэтага Харона, які быў мітавым персанажам, што перавозіў душы памерлых праз падземную раку Сьцікс. Казалі яшчэ, што гэтая скульптура была выраблена па загаду аднаго з імператараў за сто пяцьдзясят гадоў да гэтага, каб перапыніць эпідэмію чумы. Так гэта ці ня так, а гэты Харон стаўся выбітнасьцю гэтага месца і прывабліваў многіх да сваёй асобы, але ніяк не перашкаджаў тым хрысьціянскім сходам, якія адбываліся каля гэтай скалы.
Павал бачыў у Антыёхіі розныя погляды насельніцтва на хрысьціянства, але, увогуле, становішча ў грамадзтве было спакойным. Ён добра ведаў, што фарысэі ненавідзелі новую веру, але публічна не выказвалі гэта. Празэліты добра ставіліся да хрысьціянаў, а грэкі і рымляне ўспрымалі вучняў Хрыста лагоднай усьмешкаю, жывучы па прынцыпу: «Чым больш багоў, тым лепш». І ў выніку горад меў сярод людзей мір, бо, як заўважыў адзін мудры чалавек: «Народ шанаваў розныя віды культаў у рымскім сьвеце, лічачы іх аднолькава сапраўднымі; філосафы лічылі іх аднолькава прыдуманымі; а ўлады гораду - аднолькава карыснымі».
Так у Антыёхіі Павал знайшоў свой новы дом, новых сяброў і мог, хоць неяк, ацаліць тыя раны, якія нанесла яму жыцьцё за апошнія, амаль што дзесяць гадаў. Ён апынуўся ў галоўнай плыні хрысьціянскага руху, якога ён і намагаўся сустрэць. Павал адчуваў тут сардэчны супакой і імкненьне паглыбляцца ў праўду Ісуса Хрыста, якой ён яшчэ да канца ня ведаў, але кожны дзень просячы Госпада даць яму гэтае веданьне. Павал разумеў, што гэты час толькі прыемны адпачынак перад будучым, якога ён ня ведаў, але адчуваў будучыню ў тым, што Ісус не паклікаў яго быць у супакоі і харастве жыцьця ў Антыёхіі. Ён пакліканы служыць Хрысту сваім жыцьцём там дзе людзі ня чулі пра Ісуса Хрыста, але павінны пачуць. Але час не прыйшоў і Павал працаваў у імя Хрыста тут, у цудоўным горадзе Антыёхіі, каб, умацаваўшыся ў пропаведзі, несьці слова Хрыста ў іншыя мясьціны сьвету, як і вызначыў яму гэта ягоны Настаўнік і Госпад Ісус Хрыстос.
Павал адчуваў усё гэта і нейкім чынам гатаваўся да невядомага яшчэ новага служэньня. Сьвет чакаў яго і Павал хутка вызнае тое, што менавіта яму будзе дадзена даручэньне на пачатак будаўніцтва сусьветнай Царквы. І гэта ня кажа пра тое, што менавіта Павал будзе ствараць новыя цэрквы, аб’ядноўваючы іх у нейкую сусьветную структуру. Зусім не, бо ў розных месцах імперыі цэрквы ўжо існавалі, дзякуючы тым, невядомым гісторыі людзям, якія разносілі Эвангельле Хрыста, засноўваючы пры гэтым хрысьціянскія абшчыны. У самім Рыме царква ўжо існавала і паводзіла сябе даволі актыўна, бо недарма гэта заўважыў і сам Кляўдый. Місія Паўла бачылася ствараючай і аб’ядноўваючай, бо менавіта яму будзе дадзена грунтоўна сфармуляваць і давесьці да цэркваў вучэньне Ісуса Хрыста. Менавіта яму будзе дадзена роля павітухі, каб перарэзаць пупавіну народжанага хрысьціянства ад сваёй юдэйскай маці. Усё гэта яшчэ будзе, а зараз Павал старанна працуе на ніве пропаведзі ў Антыёхіі.
Сталася ж так, што з Ерусаліму прыйшлі браты, якія лічыліся прарокамі і былі здольнымі адкрыць Божую волю ня толькі ў сёняшнім дні, а нават і ў будучым. Царква прыняла іх з вялікай пашанаю, бо як яшчэ павінны прымаць браты адзін аднога? На аднаго прарока Агава зыйшоў Сьвяты Дух, калі ён выказаў бліжэйшую будучыню ў голадзе і нястачы. Хрысьціяне Антыёхіі ўспрынялі гэтае прароцтва як адкрыцьцё Госпада і вырашылі зрабіць нешта ў дапамогу тым, хто будзе мець у гэтым патрэбу. Хто як ні Павал ведаў біблейскую гісторыю Язэпа, які прадказаў фараону будучы голад у Эгіпце. Павал з задавальненьнем назіраў мудрасьць антыяхійскіх хрысьціянаў, якія вырашылі назапасіць зерня і іншых прадуктаў харчаваньня, каб забяспечыць у будучым ня толькі сябе, але, калі гэта спатрэбіцца, і іншых сваіх братоў і сёстраў у Хрысьце Ісусе. Найбольш заможныя браты паехалі ў розныя бакі ракі Аронт, каб, на асабліва пладародных далінах, выкупіць усё зерне, якое было выстаўлена на продаж. Арганізацыя гэтай справы была па душы Паўлу і ён, нягледзячы на вялікую занятасьць у пропаведзі, як мог дапамагаў гэтай ініцыятыве. Ён ясна адчуваў, што гэтая справа даволі хутка станецца выратавальнай ня толькі для Антыёхіі, але і для іншых цэркваў.
Як і належала чакаць, наступным годам, адбыўся няўраджай, які асаблівым чынам крануў зямлю Юдэі. Заможныя грамадзяне абаранілі сябе і свае сем’і тым, што закупілі зерне і іншыя прадукты ў Эгіпце і на Кіпры, але што рабіць тым, хто ня меў такой магчымасьці? Ерусалім пагрузіўся ў жорсткі голад, нягледзячы на пэўныя намаганьні ўладаў неяк супрацьстаяць гэтаму. Увосень гэтага няўраджайнага году царква Антыёхіі даручыла Барнабе і Паўлу даставіць значную прадуктовую дапамогу царкве Ерусаліму. Але вось што важна ў гэтай гісторыі. Менавіта ў гэты час упершыню выявілася гэтая кранальная братэрская любоў і яднаньне хрысьціянскіх грамадзтваў у адносінах адно да аднога. Тым больш прыемна, што хрысьціяне з паганаў працягнулі руку дапамогі юдэйскім хрысьціянам. Антыяхійцы сабралі дапамогу сваім братам ў Ерусаліме і гэта было сьведчаньнем таго, што мур, які падзяляў юдэяў і паганаў, разбураецца, а старажытная непрыязнасьць зьнішчаецца крыжом Ісуса Хрыста. І вось, Павал і Барнаба ідуць у Ерусалім, каб выканаць даручэньне дапамогі ад хрысьціянаў Антыёхіі.
Зьбіраючыся ў дарогу, Павал узяў з сабою свайго маладога памочніка Ціта, які быў неабрэзаным грэкам і гэта было сьвядомым крокам, бо Павал, ужо адчуваючы сваё пакліканьне, пачаў сваю нялёгкую барацьбу за ўсьведамленьне таго, што пагане могуць стаць хрысьціянамі, не пераўтвараючыся дзеля гэтага ў юдэяў.
Зерне і іншыя прадукты харчаваньня перавозілі ў Селеўкію, адкуль па мору гэтыя грузы перапраўлялі да Ёппы, а потым на мулах у Ерусалім. Гэта было вельмі нялёгкае прадпрыемства, але Госпад захаваў усіх і ўсё, каб вызначаная дапамога царкве Ерусаліму была дастаўлена без пашкоджаньняў і перашкод тым, хто меў у гэтым вялікую патрэбу. Усё дастаўленае ў Ерусалім было перададзена дыяканам, згодна вызначаным правілам царквы, а пасланцы з Антыёхіі прынялі пасільны ўдзел у размяркоўваньні харчаваньня сярод тых, хто ў гэтым меў патрэбу. І ня толькі сярод юдэяў, якія сталі хрысьціянамі, але і сярод тых галодных, што ня ведалі Хрыста. Усё ж гэта цудоўным чынам спрыяла таму, што ўсё больш і больш людзей прымала Ісуса Хрыста як свайго Збаўцу. Але ў Паўла была і іншая справа ў Ерусаліме. Ён павінен быў убачыцца з Пятром і іншымі кіраўнікамі царквы Ерусаліму, каб абмяркаваць з імі тое Дабравесьце, якое ён прапаведаваў паганам, каб упэўніцца ў правільнасьці сваёй дзейнасьці.
Барнаба і Павал сустрэліся з Пятром і дамовіліся абмяркаваць усё гэта разам з апосталам Янам і Якубам, братам Госпада, які быў кіраўніком царквы Ерусаліму. Прайшло дзесяць гадоў ад іхняй апошняй сустрэчы і Павал быў ужо зусім ня тым, якім яго ведалі апосталы Ерусаліму. Яны бачылі перад сабою сур’ёзнага служыцеля Ісуса Хрыста, які ня пойдзе на кампрамісы ў вучэньні Госпада Ісуса. Павал абвесьціў, што ён таксама мае права на апостальства, бо ён таксама быў сьведкам уваскрасеньня Хрыста, калі сутрэў Яго на дарозе ў Дамаск і Які даручыў яму прапаведаваць Хрыста паганам. У Арабіі Паўлу было адкрыцьцё, што яму трэба рабіць у імя Хрыста. Ці ня тое пачулі апосталы ад Ісуса ў Галілеі і Юдэі? Павал цьвёрда вырашыў для сябе, што ні адзін чалавек на зямлі ня здольны паўстаць паміж ім і Госпадам Ісусам. Павал хваляваўся, калі размаўляў пра гэта з Пятром, Янам і Якубам. Але, з палёгкай, Павал вызначыў, што яго зразумелі і ніхто не зьбіраецца ставіць яго ў падпарадкаваньне Ерусаліму. Наадварот, яны прынялі Паўла з цяплынёю і ўпэўнілі, што не знайшлі ў ягоных словах нічога такога, што было б адмоўным адносна вучэньня Ісуса Хрыста, Які быў сярод іх пасьля Свайго ўваскрасеньня.
Усе яны бачылі, што ўсё зробленае Паўлам ёсьць ад Госпада, а таму відавочна дадзенае Паўлу служэньне для паганаў, як і Пятру для юдэяў. Нават і Якуб, гэты прыхільнік юдэйства, быў вымушаны пагадзіцца з довадамі Паўла адносна паганскага хрысьціянства. Сустрэча скончылася поціскам рук і добрымі пажаданьнямі. Было вырашана, што Барнаба і Павал пойдуць працаваць сярод паганаў, у той час як астатнія застануцца прапаведаваць у Юдэі, Самарыі і Галілеі. Адзіна прапанавалася Паўлу, дык гэта памятаць пра патрэбы жабракоў Ерусаліму і, па магчымасьці, дапамагаць ім.
Выйшаўшы ад Пятра, усхваляваны і надхнёны, ён пайшоў у бок Храма, каб у малітве распавесьці Госпаду тое, што было задумана ім у справе будаўніцтва сусветнай царквы. Усё павінна пачацца з Ерусаліму, дзе Павал заваюе грэкамоўныя сынагогі і менавіта адсюль ён павядзе новых братоў у шматлікія сынагогі, што раскіданы па ўсім абшары імперыі Рыму, каб на падмурку мясцовых сынагогаў складаліся цэрквы Хрыста сярод тысяч і тысяч паганаў. Сітуацыя зьмянілася і яго больш ня лічаць здраднікам фарысэйства, бо ўсе ўбачылі тую канкрэтную дапамогу, якую ён прывёз з далёкай Антыёхіі. Трэба выкарыстаць сітуацыю, якая склалася ў Ерусаліме і тэрмінова ісьці ў сынагогі. Зайшоўшы ў Храм ён так заглыбіўся ў малітву, што ня бачыў і ня чуў таго, што адбывалася навокал. Павал адчуваў прысутнасьць Ісуса, Які цалкам запоўніў усю істоту апостала. Сэрца Паўла ў трымценьні палала, напоўненае Духам Хрыста і ён убачыў свайго Госпада, Які прамовіў да яго: «Сьпяшайся і ідзі хутчэй з Ерусаліму, бо ня прымуць сьведчаньня твайго пра Мяне». Такі стройны і грандыёзны план Паўла развальваўся на вачах і ён, як у свой час Ананія і Пётр, пачаў спрачацца з Госпадам, кажучы: «Госпадзе, яны ведаюць, што гэта я арыштоўваў і біў у сынагогах тых, якія вераць у Цябе. І калі пралівана была кроў Стэфана, сьведкі Твайго, і я быў там, стоячы і згаджаючыся на забойства яго, пільнуючы адзеньне тых, што забівалі яго». Ісус перарваў апостала і сказаў яму спакойна, але цьвёрда: «Ідзі, бо Я да паганаў далёка пашлю цябе».
Павал апамятаўся, калі ўжо быў за варотамі Храма. Ідучы да дому Яна Марка, дзе чакаў яго Барнаба, ён разважаў і ў думках задаваў сабе пытаньні: «Што гэта было і чаму Ісус не пагадзіўся з ягоным, як падавалася, прывабным планам?» Нечакана здагадка, нібыта стрэліла ў самае сэрца Паўла: «Ісус не пагадзіўся з ягоным - з ягоным планам. Павал, Павал! Як ты мог не параіцца з Госпадам ці запытаць у Яго пра свой далейшы шлях? Як мог ты, Павал ставіць Госпада толькі перад фактам сваіх дзеяньняў? Ці ня ведаеш ты Павал, што шляхі Божыя не твае шляхі? Ты павінен падпарадкоўвацца Божаму плану, але не свайму - чалавечаму». Ён зразумеў усё і, сустрэўшы Барнабу ў доме Марка, пачаў гатавацца да адбыцьця з Ерусаліму ў Антыёхію. Павал падзяліўся гэтым відзежам з Барнабаю і Маркам, якія былі настолькі ўражанымі ад пачутага, што Ян Марк запрасіўся разам з апосталамі зьдзяйсьняць загад Ісуса Хрыста. Праз два дні, разьвітаўшыся з маці, Марк, разам з Барнабаю, Цітам і Паўлам, выйшаў з Ерусаліму, каб з братамі, праз Цэзарэю і Селеўкію прыйсьці ў Антыёхію.
Антыёхія сустрэла сяброў прыгажосьцю гор і цудоўным выглядам ракі Аронт. Марк быў у захапленьні ад убачанага, адчуваючы сардэчную радасьць ад ветлівасьці гэтага гораду і той цяплыні, якую яны сустрэлі ад хрысьціянскай грамады. Яны прыйшлі ў Антыёхію ў сярэдзіне зімы, але веруючых царквы не пакідала адчуваньне чагосьці новага і невядомага. І не дарэмна, бо аднойчы, у адну з начэй, калі прарокі і прапаведнікі маліліся, на іх зыйшоў Сьвяты Дух, Які прамовіў да іх: «Аддзяліце Мне Барнабу і Паўла на справу, на якую Я паклікаў іх». Царква ж, памаліўшыся за іх, дабраславіла, як прадбачылася, на нялёгкую працу Дабравесьця. Яны ж, у першыя ж вясновыя дні, пайшлі ў Селеўкію, каб адплыць на выспу Кіпр. Побач з Барнабаю і Паўлам быў і Марк, які быў у захапленьні ад убачанага ў Антыёхіі. Усё ж гэта азначала, што хрысьціянства зьдзейсьніла вельмі важны крок, бо сьвядома пачало місіянскае служэньне, каб значна пашырыць Божае Валадарства. Але ці ўсё было такім простым? Гэта пакажа час, а зараз сябры любаваліся блакітам вясновага мора, адчуваючы подых сьвежага марскога ветру. Яны стаялі на носе карабля, углядаючыся ў марскую даль, а наперадзе ў іх быў Кіпр.
Свидетельство о публикации №226020200017