В Галатию

XI. У ГАЛЯТЫЮ


Місіянэры, цёпла разьвітаўшыся з хрысьціянамі Пафы, накіраваліся ў порт, дзе іх ужо чакаў карабель да Аталіі на памфілійскім ўзьбярэжжы. Зноў іх сустрэла мора, даволі спакойнае ў гэты час года. Лёгкі заходні вецер напаўняў ветразі і карабель быццам бы сьлізгаў па паверхні невялікіх хваляў, якія рабілі карціну мора яшчэ прыгажэйшай. Сябры былі ў захапленьні, бо лёгкі ласкавы вецер, невялікія марскія хвалі і, унушальных памераў, тугія ад спрыяльнага ветру ветразі,- усё гэта цешыла сэрцы вандроўнікаў. Паўлу вельмі падабаліся такія марскія шпацыры, бо яны радавалі сэрца і давалі магчымасьць, сярод гэтай прыгажосьці, спакойна разважыць пра скончаную першую частку іхняга падарожжа, а таксама і скласьці нейкі план на далейшае. Павал ня ведаў, што чакае іх у Малой Азіі, але ўжо ведаў некалькі важных рэчаў. Ён, па даручэньню Ісуса Хрыста, нясе Добрую Вестку туды, дзе яе яшчэ ня чулі і, разам з тым, ён адказны за гэтае падарожжа, а значыць і за сваіх спадарожнікаў.

Ён глядзеў на Барнабу, які нешта казаў свайму пляменьніку Марку, паказваючы таму бераг Кіпра, які, ўсё больш і больш, аддаляўся ад іх. Ці пабачаць яны яшчэ калі-небудзь гэтыя берагі? Час пакажа. Павал ня чуў іхняй размовы, але, гледзячы на Марка, адчуваньне нейкага невыразнага неспакою не пакідала сэрца апостала. І гэты неспакой нарадзіўся не зараз. Яшчэ ў Пафе, пасьля візіту да Сяргея Паўла, апостал заўважыў ноткі незадавальненьня ад Марка ў бок ягоных рашэньняў адносна іхняга падарожжа. Але, адагнаўшы ад сябе гэтыя думкі, ён засяродзіўся на сузіраньні прыгажосьці мора і моцы карабля, які весела імчаўся да берагу Памфіліі.

Пераадолеўшы палову шляху да Аталіі спадарожнікі ўбачылі зьлева, па борту карабля, набліжаючыя горы Лікіі з велічнай сваёй вяршыняй, якая ўзвышалася па-над усім аталійскім залівам. Заліў сустрэў карабель амаль што цалкам спадарожным ветрам, бо ў гэтым месцы заходні вецер, агінаючы лікійскае ўзьбярэжжа, закручваў у бок памфілійскіх Аталіі і Пэргіі, становячыся заходне-паўдзённым. Гэтая ветравая перамена надало караблю больш хуткасьці і ён, ідучы ўздоўж лікійскага берагу, спрытна набліжаўся да порту прызначэньня - Аталіі. Павал ніколі ня быў у гэтых мясьцінах. Ён не пераходзіў на другі бок гор Таўра, але добра ведаў з якіх краін складалася Малая Азія, бо, будучы кілікійцам, і сам быў яе часткаю. Павал выхоўваўся ў адукаваным Тарсе, дзе знаходзіўся знакаміты універсітэт. Таксама і гандлёвая складаючая Тарсу была вельмі моцнай, а кілікійская брама праз горы Таўра зьвязвала Кілікію з рымскім гандлёвым шляхам, які ішоў праз розныя гарады і краіны. Адсюль Павал і ведаў, што, акрамя Кілікіі, ёсьць яшчэ такія краіны як Лікаонія, Памфілія, Пісідзія, Лікія, Фрыгія, Асія і іншыя.

Заходняя частка Малай Азіі, асабліва яе ўзьбярэжжа, здаўна прымалі ўдзел у вялікім віру агульнай цывілізацыі. Усё пачалося ад Аляксандра Македонскага, а пасьля заняпаду Грэцыі і Эгіпту Пталемеяў гэтая мясцовасьць лічылася найбольш адукаванай у тагачасным рымскім сьвеце. Імператар Аўгуст надаваў вялікую ўвагу разьвіцьцю гэтых земляў і іх гарадоў. Менавіта рымляне праклалі гандлёвыя шляхі, пабудаваўшы дарогі, якія даглядаліся і пэўным чынам ахоўваліся. Жыхары гарадоў Малой Азіі вельмі шанавалі Аўгуста, а яго палітычны тэстамэнт набыў тут ролю рэлігійнага культу, які абслугоўвалі сьвятары ў шматлікіх храмах, што былі пабудаваныя ў гонар гэтага імператара. Цывілізацыя імкліва распаўсюджвалася на прасторы Малой Азіі. Паўсюдна адчувалася і мудрая дзяржаўная дейнасьць Кляўдыя, бо ўся паўвыспа з радасьцю прымала рымскае валадараньне. Тут не было такога пратэстовага руху, як гэта назіралася ў Юдэі. Гарады і плямёны ўголас выказвалі сваю вернасьць і адданасьць рымскім кіраўнікам. Знаходзілася нямала вучоных людзей, якія пісалі рымскую гісторыю так, каб паказаць суайчыньнікам знойдзеныя агульныя карані з рымлянамі і што слава Рыма нейкім чынам прыналежыць і ім.

Павал стаяў у насавой частцы карабля і, абапіраючыся на борт, углядаўся на набліжаючыйся бераг Аталіі і думаў пра свае мінулыя годы жыцьця, як, дарэчы, і пра тое невядомае, што чакае яго на гэтым беразе. Думкі былі розныя і адна з іх пра тое, што звычайны чалавек, узрост якога няўмольна падкрадаўся да пяцідзесяці гадоў, аддае перавагу супакою і пэўнаму камфорту ў цішы свайго дому. Павал жа накіроўваецца ў невядомае і, па ўсёй верагоднасьці, цяжкае ды небясьпечнае вандраваньне. Ён адчуваў, што яму будзе процістаяць паганская філасофія і тагачасныя рэлігіі, але Павал цьверда верыў у перамогу Ісуса Хрыста. Госпад паслаў яго ў гэтую вандроўку да паганаў, не абяцаючы лёгкага жыцьця, але і перамагчы апостала было немагчыма, бо Хрыстос быў з ім. Павал зноў паглядзеў на сваіх спадарожнікаў, якія стаялі разам непадалёк і зацікаўлена глядзелі на набліжаючы і прыгожы бераг Аталіі. Павал быў упэўнены ў сабе, але як успрымуць невядомыя пакуль што цяжкасьці яны,- ягоныя супрацоўнікі і сябры?

Карабель ня стаў швартавацца ў бухце Аталіі, а, скарыстаўшыся спадарожным ветрам, падняўся ўверх па рацэ Цэстар і кінуў якар у невялікай бухце непадалёк ад умацаванага ўнушальным мурам Пэргіі. Нягледзячы на тое, што горад знаходзіўся ў 10 км. ад мора, ён быў горадам партовым, бо гэтую магчымасьць давала яму судаходная рака са штучна вырабленай бухтай. Сябры сышлі на бераг, але пакуль што ў горад не пайшлі, бо дапытлівы Павал адразу ж патрапіў ветлівага і гаваркога мясцовага жыхара, які адразу ж коратка пераказаў вандроўнікам гісторыю свайго гораду. Трэці па велічыні горад Памфіліі лічыўся вельмі старажытным. Легенда кажа, што заснаваў яго прадказальнік Калхас прыкладна ў дзесятым стагодзьдзі да нараджэньня Хрыста. Усе ведалі, як у 333 годзе да раства Хрыстова горад бязкроўна захапіў Аляксандр Македонскі. Чаму так? Мудрыя ды практычныя жыхары дабраахвотна адчынілі брамы гораду і гэтым пазьбеглі канфлікту з грозным войскам Аляксандра. Невялікі горад знаходзіўся ў межах гарадзкога муру з круглымі вежамі. Да адной з іх, у суправаджэньні гэтага мясцовага суразмоўцы і накіраваліся місіянэры.

Яны ўвайшлі ў горад праз паўдзённую браму, ступіўшы адразу на галоўную вуліцу, якая адкрылася перад імі ў-ва ўсёй сваёй прыгажосьці. Стоячы яшчэ каля брамы і аглядаючыся, сябры ўбачылі здалёк храмавы цэнтр Пэргіі Акропаль, які разьмясьціўся ў гарыстай паўночнай частцы і ўзвышаўся таму над усім горадам. Перад імі паўстала шырокая вуліца са штучна зробленым цэнтральным каналам, які праходзіў па ўсёй даўжыні, аж да месца дзе вуліца брала свой пачатак. Менавіта тут, сабраная з гор вада, з манументальнай крыніцы Німфэй, упрыгожанай статуяй бога ракі Цэстар, падавалася у гэты канал, які праходзіў праз увесь горад. Прыемна было ісьці ўздоўж канала, адчуваючы прахалоду хутка бягучай вады. Невялікія масткі праз канал упрыгожвалі велічную карціну ўбачанага. Велічна глядзеліся і шэраг антычных калон, якія знаходзіліся па баках уздоўж усяго гэтага прасьпекту. За калонамі разьмяшчаліся крытыя порцікі са шматлікімі і разнастайнымі крамамі. Уся гэтая прыгажосьць зачароўвала і радавала вока, але Павал адчуваў сваё знаходжаньне тут, як і сваё прызначэньне, у іншым. Яны выконваюць даручэньне Ісуса Хрыста і павінны гэтаму адпавядаць. Але ён не зьбіраўся затрымлівацца ў гэтым горадзе і лічыў, што трэба ісьці далей, на поўнач ад Пэргіі, каб пасьлядоўна несьці імя Хрыста да буйных гарадоў, праз якія праходзіць гандлёвы рымскі шлях. Павал даволі хутка знайшоў прытулак, каб праз дзень ці два выйсьці з Пэргіі ў накірунку Антыёхіі Пісідзкай. Дзень ужо саступаў ночы, калі вандроўнікі ўклаліся на адпачынак. Кожны са сваімі думкамі.

У думках Павал быў ужо ў Антыёхіі, каб хутчэй пачаць эвангелізацыйнае служэньне. Ён не зьвяртаў увагі на немінучыя цяжкасьці пераходу да Антыёхіі праз сур’ёзныя горы Пісідзіі. Ён павінен быць там, і як мага хутчэй. Абдумваючы спосаб будучага пераходу да Антыёхіі, Павал забыўся ў спакойным сьне. Барнабе ж і Марку не спалося. Барнабе вельмі хацелася застацца ў гэтым прыгожым і ветлівым горадзе на больш доўгі час, але ён для сябе ўжо вырашыў, што пойдзе за Паўлам як бы цяжка яму не было. Яшчэ ў у Пафе ён адчуў гэта, калі, пасьля візіту да праконсула Сяргея Паўла, негалосна аддаў Паўлу лідарскія функціі іхняга місіянэрскага прадпрыемства. Барнаба, да таго ж, вельмі перажываў за пляменьніка Марка, які інакш ставіўся да лідарства Паўла і ягоных планаў на гэтае падарожжа. Не спалося і Яну Марку, які напружана думаў пра заўтрашні дзень, калі ён агучыць сваё рашэньне не ісьці далей, а вярнуцца да дому ў Ерусалім. Яму адразу не спадабалася думка Паўла, што Кіпр - малаперспектыўная тэрыторыя для выкананьня ягонай вялікай задачы і што трэба, для гэтага, неадкладна ісьці ўглыб Малой Азіі. Марку не спадабаліся і камандныя ноткі, якія праявіліся ў Паўла пасьля сустрэчы з рымскім кіраўніком Кіпру.

Невядомы і небяспечны шлях у невядомай краіне таксама пужаў яго, але гэты страх быў зьвязаны з тым, атрыманым у Антыёхіі, лістом з дому, дзе маці Марыя вельмі прасіла, а нават і патрабавала, вярнуцца Марку ў Ерусалім. Думка пра слабы стан здароўя маці не пакідала яго. Адбываючы на знаёмы Барнабе і бясьпечны Кіпр, ён ня ведаў пра далейшыя планы старэйшых. Але Павал, ўзяўшы ўладу ў свае рукі, перакруціў далейшы маршрут па свойму і хутка накіраваў сваю групу ў Пэргію. Гэты горад спадабаўся Марку і ён пагадзіўся б некаторы час папрацаваць тут. Павал жа не дазволіў гэтаму адбыцца і неадкладна накіраваў іх праз небясьпечныя горы ў Антыёхію Пісідзкую. Марк прызнаваўся сабе, што не гатовы ўспрыняць палёт Паўлавай думкі, пікі і бездані ягонага розуму, якія ня меньш жахлівыя, чым у рэальных гарах. І перш чым пад ранак заснуць, Ян Марк прыняў для сябе канчатковае рашэньне.

Сонца толькі пачало ўзыходзіць, калі Барнаба пабудзіў пляменьніка на ранішнюю малітву. Пасьля малітвы і сьняданку Марк і адкрыў старэйшым сябрам сваё рашэньне пра вяртаньне ў Ерусалім. Барнаба успрыняў гэта спакойна, бо ведаў пра ліст ад маці і пра сумненьні пляменьніка адносна Паўла, але для Паўла гэта стала нечаканым ударам. Павал мог быць мякькім і спагадлівым як жанчына, але калі справа тычылася распаўсюджваньня Эвангельля Хрыста, ён станавіўся непахісным як скала. Ён палічыў гэта за здраду і цьвёрда выказаў гэта Марку, бо лічыў, што ніякія абставіны, нават і сямейныя, не павінны прыпыняць служэньне Ісусу Хрысту, нават і небясьпечнае. Павал халодна разьвітаўся з Маркам, але ня так было з дабразычлівым Барнабай. Ён праводзіў пляменьніка да порту Аталіі, дзе той сеў на карабель, які, праз кіпрскі Паф, накіроўваўся да порту Цэзарэі. Барнаба вярнуўся да Паўла ўжо к вечару, а з узыходам сонца яны выправіліся ў незнаёмы і цяжкі шлях.

Пакуль не было Барнабы, дзейны Павал гатаваў ім гэты шлях. Ён ведаў што рабіць, бо меў для гэтага значны вопыт, калі вандраваў з Дамаску ў Арабію і зноў вяртаўся ў Дамаск. Ён пайшоў на тое месца, дзе фармаваліся гандлёвыя караваны і дамовіўся, каб ісьці разам з адным з іх. Барнаба быў зьдзіўлены такім вынаходніцтвам Паўла, бо яму ніколі не прыходзілася ісьці ў складзе каравану і адчуваць знутры што гэта такое. Яны перасеклі вялікі дол і на наступны дзень падняліся ў горы па крутой дарозе сярод распалёных сонцам шэрых скал. Караван дасягнуў непрыемных на погляд месцаў, дзе там і сям сустракаліся аграменныя валуны, між якіх мясьціліся невялікія сосны. Усе ведалі, што рымскія дарогі з большага даглядаліся і ахоўваліся, але ў гэтых мясьцінах адзінкавыя падарожнікі мелі небясьпеку нападу мясцовых разбойнікаў. Таму Павал і Барнаба, каб мець пэўную бясьпеку, і ішлі з караванам. Кожны вечар караваншчыкі распальвалі вялікае вогнішча, каля якога людзі клаліся спаць нагамі да цяпла. Як і ўсе астатнія, па чарзе, Павал і Барнаба несьлі начную стражу, загарнуўшыся ў скуру з поўсьцю авечкі, бо ночы ў гарах былі вельмі халоднымі. На сьвітанку, зьбіраючыся ісьці далей, усе елі аліўкі і казіны сыр, а для ўнутраняга саграваньня пілі цёплае віно. Краналіся ў шлях да ўзыходу сонца, каб пасьпець прайсьці як мага болей да наступу сьпякоты. Атрымлівалася ня болей за 20-25 км. Сьпякота спыняла караван і людзі, схаваўшыся ў цені дрэваў ці скалаў адпачывалі.

Улічваючы такі графік перасоўваньня каравану гэта быў доўгі шлях, бо ад Пэргіі да Антыёхіі Пісідзкай прыкладна 140 км. Дзень за днём яны паціху набліжаліся да Антыёхіі. Аднастайнае харчаваньне, дзённая сьпякота і начны холад гэтых гор зусім не спрыялі жаданьню путнікаў паскорыцца ў сваім вандраваньні. Гэтая вандроўка Паўла было адным з найбольш цяжкіх, але, будучы ўжо вопытным вандроўнікам, ён падбадзёрваў Барнабу ды і іншых стомленых падарожнікаў. У рэшце рэшт яны перайшлі гэтыя горы і апынуліся ў вялікай правінцыі Галятыя, якая займала большую частку цэнтральнай Малой Азіі. Там, на раўніне, караван падзяліўся на часткі і Павал з Барнабаю працягнулі свой шлях самастойна. Хутка яны дайшлі да вельмі прыгожага Ліманайскага возера, бірузовыя воды якога ласкава сустрэлі падарожнікаў. Атачальныя яго ўзгоркі і пакрытая сьнегам гара зьлева падкрэсьлівалі незвычайны колер возера. Сябры пайшлі па праваму берагу, знайшоўшы прыбярэжную сьцежку. На працягу чатырох дзён яны павольна прасоўваліся ўздоўж возера, прыпыняючыся на ноч у вёсках, якія мясьціліся там, дзе прыгоркі ад возера адступаліся.

Сустракалі іх вельмі ветліва і яны ні ў чым не меля нястачы. Утульныя трысьняговыя хаты былі паўсюдна, бо трысьнягу па берагам возера расло ў вялікай колькасьці. Дабразычлівасьць і гасьціннасьць гэтых людзей прыемна зьдзівіла Паўла і таму місіянэры не маглі не казаць тут пра сваю місію. Яны казалі мясцовым пра стварэньне сьвету, пра грэх Адама і пра Збаўцу грэшнікаў Ісуса Хрыста. Так, Павал імкнуўся засяваць поле духоўнымі зярнятамі ў буйных гарадах, але ён зноў убачыў, што ветлівасьць, духоўны голад і дапытлівасьць тых, хто даваў ім прытулак, зьяўляліся цудоўным закладам будучых дзіўных перамен. Пасеяўшы тут духоўнае зерне, місіянэры выйшлі на рымскую дарогу, якая цягнулася ад заходняга ўзьбярэжжа Малой Азіі. Сябры сьпяшаліся, бо намагаліся дайсьці да месца прызначэньня раней суботы. Яны ўзышлі на апошні невялікі ўзгорак, як перад імі ўзьнік горад, які ўбачыўся ім з вышыні прыгорка маленькім на фоне вялікіх гор. Гэта была Антыёхія Пісідзкая, гордая сваімі храмамі, раскошнымі брамамі, а галоўнае - статусам рымскай калоніі.

Антыёхія Пісідзкая была заснаваная імпэратарам Аўгустам як калонія для вайскоўцаў, якія падтрымлівалі мір і супакой на цэнтральнай частцы Малой Азіі. Гэта быў даволі ўмацаваны горад. Ягоны паўдзёна-усходні мур, быў прызначаны вытрымаць удар ад усходніх плямёнаў, узвышаючыся над глыбокай цясьнінай, на дне якой бурліла рака Анфій. З тых вайскоўцаў, для якіх Аўгуст і будаваў гэты горад нікога ўжо не засталося, але тут жылі іхнія нашчадкі, якія, разам з рымскай адміністрацыяй паўдзёнай Галятыі, і складалі мясцовую арыстакратыю, якая мела рымскае грамадзянства. Быў тут і рымскі вайсковы гарнізон, які назіраў за парадкам ня толькі ў горадзе, але і на асноўных гандлёвых шляхах. Сярэдні клас Антыёхіі складаўся з перасяленцаў грэкаў, а ў ніжэйшую, працоўную, частку насельніцтва трапілі мясцовыя фрыгійцы. Была тут і сынагога з даволі значнай юдэйскай абшчынай, якая не лічылася арыстакратычнаю, але, тым ня меньш, мела значныя прывілеі ад цэзара. Антыёхія Пісідзкая, нягледзячы на сваю назву, знаходзілася не ў Пісідзіі, а ў адным з раёнаў Фрыгіі. Фрыгійцы былі фізічна моцным народам, але неадукаваным, а таму і ня вельмі разьвітым. Не дарма па ўсёй імперыі слова фрыгіец было сінонімам слова раб. Але як бы тое не было, а грамадзяне гэтага гораду адносна мірна ўжываліся паміж сабою.

Аглядваючы новы для іх горад, Павал і Барнаба прайшлі праз велічныя аркі, на франтонах якіх былі пералічаныя вайсковыя перамогі Аўгуста. Яны выйшлі на плошчу, якая была названая ў гонар Аўгуста і над якой велічна ўзвышаўся мурмурны храм, дзе служылі і пакланяліся культу таго ж Аўгуста. Тут усё было прапітана Аўгустам і людзі гэтым ганарыліся, бо горад гэтых людзей квітнеў і па сёньня. Юдэі, якія жылі тут, былі даволі багатымі, вельмі пасьпяхова разьвіваючы гандль і рамёствы. Яны не працавалі ў суботу і рымскія ўлады ім гэта дазвалялі, бо гэта было патрабаваньнем рэлігіі, а юдэі выконвалі гэты пункт Закону Майсея няўкосна. Вечарэла і ўсе крамы ды майстэрні былі ўжо зачыненымі, бо юдэі ўжо пачыналі гатавацца да суботняга служэньня ў сынагозе. Запытаўшы мясцовых жыхароў Павал даволі хутка знайшоў даволі танны пакой і сябры накіраваліся туды, каб адпачыць, бо назаўтра пачыналася іхняе служэньне ў гэтым горадзе Аўгуста.

Павал і Барнаба ўвайшлі ў сынагогу і селі на асобных месцах для гасьцей. Пасьля малітвы і чытаньняў Пісаньня начальнікі сынагогі паслалі да гасьцей хазана, які перадаў ім ветлівае запрашеньне: «Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова пацяшэньня для народу, кажыце». Павал падняўся, заўважыўшы, што сярод юдэяў былі ня толькі празэліты, але і тыя пагане, якія цягнуліся да Бога. Падняўшы руку і супакоіўшы прысутных, Павал прыцягнуў усеагульную ўвагу незвычайным зьвяртаньнем да прысутных, бо ў сынагозе было прынята не заўважаць прысутнасьці паганаў. Ён зьвярнуўся да усіх: «Мужы ізраільцяне і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце!» Павал пачаў сваю прамову з кароткага агляду Старога Запавету, якая была вельмі падобная на знакамітую прамову Стэфана ў сваю абарону. Але там, дзе Стэфан, дойдучы да валадара Давіда, абвінаваціў сваіх раз’юшаных судзьдзяў у забойстве Ісуса Хрыста, Павал працягваў ня так: «З ягонага насеньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Збаўцу Ісуса». Усхваляваны Барнаба пра сябе адзначыў, што Паўла працягвалі слухаць і слухаць уважліва. Павал жа адзначыў, што ўпершыню, прапаведуючы ў сынагозе, ён прамаўляў да вельмі зацікаўленай аудыторыі. І ён працягваў: «Мужы браты, сыны роду Абрагамавага і тыя сярод вас, якія Бога баяцца! Вам пасланае слова збаўленьня гэтага. Бо жыхары Ерусаліму і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і асудзіўшы, споўнілі словы прарокаў, чытаныя кожную суботу, і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб Ён быў забіты».

Павал зрабіў паўзу, каб прысутныя ўсьвядомілі ўсю важнасьць зьдзейсьненага. І вось, узвысіўшы голас, Павал абвесьціў неверагодную добрую вестку: «Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых». Ён казаў прысутным пра ўваскрасеньне Ісуса, пра сьведкаў уваскрасеньня і пра тое, як яно было прадказана. А далей, дасягаючы вяршыні думкі сваёй пропаведзі, Павал парушыў усе межы паміж юдэямі і паганамі, абвяшчаючы, што Ісус даруе прабачэньне Сваё кожнаму чалавеку: «Дык няхай будзе вядома вам, мужы браты, што праз Яго прапаведуецца вам адпушчэньне грахоў, і ў-ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца ў Законе Майсеевым, у Ім апраўдваецца кожны, хто верыць». Павал убачыў, як прасьвятлелі твары па ўсёй сынагозе і не было розьніцы - юдэй гэта ці паганін. І, каб замацаваць свой заклік Павал дадаў: «Дык глядзіце, каб не прыйшло да вас сказанае ў прарокаў: “Пабачце, вы, якія пагарджаеце, і зьдзівіцеся, і шчэзьніце, бо Я раблю справу, якой вы не паверыце, калі хто распавядзе вам”».

Калі Павал і Барнаба выйшлі з сынагогі, іх з усіх бакоў атачылі людзі, просячы іх казаць яшчэ і ў наступную суботу. Узбуджаны натоўп пайшоў за гэтымі прапаведнікамі туды, дзе яны прыпыніліся на начлег і ўвесь гэты час, задаючы пытаньні, яні чулі грунтоўныя адказы апосталаў. Гэты стыхійны сход працягваўся яшчэ не адну гадзіну. У рэшце рэшт яны дамовіліся, што назаўтра Павал і Барнаба прыйдуць на рынкавую плошчу, каб працягнуць размову пра збаўленьне праз Ісуса Хрыста. Гэта быў поспех, але вопытны Павал ведаў ад Ісуса, што лёгка ня будзе і што пропаведь Эвангельля - гэта штодзённая і напружаная праца, а таму посьпех сёняшняга дня трэба ўмацоўваць у будучым, каб пасеянае сёньня зерне ўзрасло заўтра. Памаліўшыся сябры адпачывалі, бо заўтра яны зноў павінны працаваць на Божай ніве.

Калі Павал і Барнаба прыйшлі на плошчу іх ужо чакаў натоўп людзей, а некаторыя з паганаў нават прыйшлі ранкам да дому Паўла, каб правесьці яго і Барнабу да плошчы, дзе іх ужо чакалі. Павал сардэчна павітаў прысутных і ўзьнёс малітву да Госпада, каб атрымаць дабраславеньне на гэтае сьвята слова Божага. Павал пачаў з аповяду свайго жыцьця,- спачатку фарысэйскага, а потым хрысьціянскага. Ён апісаў сваю сустрэчу з Ісусам Хрыстом каля Дамаску і тыя падзеі, якія адбыліся з ім у Дамаску. А галоўнае, якую свабоду і радасьць адчуў ён, калі прызнаў Ісуса сваім Госпадам і Збаўцам, бо ён набыў жыцьцё вечнае. І як гэта цудоўна адчуваць, што Бог прысутны ў тваім сэрцы, што ты можаш размаўляць з Ім і атрымліваць адказы. І што Бог накіроўвае сваіх верных у сьвятасьці і праведнасьці Сваёй. Ён стварыў кожнага з іх для Сябе, а таму вельмі хоча, каб усе людзі, незалежна юдэй ты ці не, паклікалі Ісуса Хрыста і навярнуліся да Бога. Барнаба распавёў пра жыцьцё Ісуса, пра тыя цуды, якія Ён стварыў і пра той запавет, які Ён даў усім сваім вучням - ісьці і навучаць усе народы аж да краю зямлі. Натоўп слухаў апосталаў затаіўшы дых і сэрцы людзей напаўняліся надзеяй, а трывога адступала, бо існуе Той, Хто супакоіць іх і дасьць ім жыцьцё вечнае. Яшчэ працяглы час Павал і Барнаба адказвалі на пытаньні гэтага сходу, а на прыканцы сустрэчы пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай. Разыходзячыся па дамах людзі дзівіліся і радаваліся таму, што толькі простая вера ў Ісуса можа даць ім неадкладнае прабачэньне і новае жыцьцё ў Ісусе Хрысьце. І ня трэба будзе рабіць юдэйскае абразаньне і выконваць патрабаваньні юдэйскага Закону. Вестка пра гэта з хуткасьцю маланкі распаўсюджвася ня толькі ў межах Антыёхіі, але і далёка ў ваколіцах. Усе астатнія дні тыдня Павал і Барнаба сустракаліся з рознымі людзьмі, вучачы і настаўляючы іх у веры. Але вось і наступіла субота.

Калі місіянэры падыходзілі да сынагогі, іх сустрэў вялікі натоўп, большасьць якога складалі пагане. Месцы ў сынагозе былі ўжо даўно занятыя і мноства людзей сустраклі Паўла і Барнабу ля ўваходу ў сынагогу. Арыстакраты з рымлянаў, грэцкія гандляры і простыя фрыгійцы стаялі побач з сынагогай, вітаючы апосталаў. Нават жрацы паганскіх храмаў, гледзячы на гэты ўнушальны натоп, дзівіліся супакою, сур’ёзнасьці і жаданьню слухаць гэтых прапаведнікаў. Яны таксама былі ня супраць паслухаць, пра што будуць казаць гэтыя хрысьціяне. Але служэньне ў сынагозе не пачыналася. Рабін і начальнікі юдэяў, замест таго, каб каб вітаць самы вялікі сход сынагогі, прыйшлі ў вялікую лютасьць. Уважліва назіраючы за дзейнасьцю Паўла і Барнабы ўвесь гэты тыдзень, яны ўбачылі непрыемную для сябе рэч. На іхніх вачах адбывалася дзеяньне, якое магло прывесьці да расколу сярод юдэяў, бо недарма шмат юдэяў было заўважана на сустрэчах з Паўлам увесь гэты тыдзень. І яны падгатавалі адказ на пропаведзь апостала. Усё, што яны з павагаю выслухалі ў папярэднюю суботу, было адпрэчана ў-ва ўсіх дэталях. Людзі, якія сабраліся, каб пачуць слова пра любоў і сілу Хрыста, пачулі ад рабіна, што Ісус ёсьць самазванец, а Ягоныя пасланцы ёсьць авантурысты, якія прапаведуюць ілжывае вучэньне.

Паўла гэтае не зьдзівіла, бо яны выказалі тое, што і ён казаў калісьці сам. Але яго не магчыма было абразіць нейкім славесным брудам. Ён мог вытрымаць усё, але яго нельга было прымусіць маўчаць. Пагане і юдэі прыйшлі, каб выслухаць вестку пра Хрыста і ня могуць начальнікі юдэяў забараніць Ісуса Хрыста, як і пропаведзь пра Яго. Місіянэры падняліся і Павал адказаў нязгодным з ім: «Да вас належала спачатку гаварыць слова Божае. А як вы адкідаеце яго і ня лічыце сябе вартымі жыцьця вечнага, вось, мы паварочваемся да паганаў. Бо так загадаў нам Госпад». У дадатак Павал працытаваў з Ісаі: «Я паставіў цябе як сьвятло для паганаў, каб быў ты на збаўленьне да краю зямлі». З гэтым апосталы выйшлі з сынагогі, а за імі пакрочылі яўна задаволеныя пагане ды значная колькасьць юдэяў. Яны прайшлі на плошчу і, каля пастаменту адной са статуй, Павал пачаў сваю пропаведзь.


Рецензии