На Кипре

X. НА КІПРЫ

Падыйшоў час, калі перад місіянэрамі паўстала працяглае зялёна-карычневае ўзьбярэжжа. На фоне дальніх высокіх гор, яны ўбачылі горад Саляміну. Кіпр выглядаў таемным і прыгожым, з туманамі, якія ранкам спаўзалі велічнымі вэлюмамі з ня меньш велічных вяршынаў кіпрыйскіх гор. Розныя пачуцьці былі ў гэтых трох сэрцах, калі сябры падыходзілі да порту Саляміны. Барнаба вяртаўся на радзіму, дзе ён нарадзіўся, узрос і сустрэў Хрыста, каб потым служыць Яму ў Ерусаліме і Антыёхіі. Ян Марк, пляменьнік Барнабы, ніколі ня быўшы тут, быў зачараваны ўбачаным, адчуўшы крыніцу лагоднага і вернага характару свайго родзіча Барнабы. Павал таксама ніколі ня быў на Кіпры, хаця і жыў непадалёк ад яго. Пачуцьці Паўла вельмі адрозьніваліся ад пачуцьцяў Марка, бо Павал ведаў велічны Таўр, але і ён адчуваў нешта такое, што ён яшчэ не сустракаў у сваім жыцьці. Таўр, даліна Ярдану, берагі Галілейскага мора, гара Гэрмон і горы Сыная не былі падобнымі да гарыстай мясцовасьці гэтай прыгожай выспы, якая, усім сваім выглядам, усяляла ў сэрца чалавека супакой ды пэўную разважлівасьць. Сябры стаялі ля поручняў борту і разглядалі густыя лясы і хмызьнякі, якія падыходзілі да самога беражку прыбоя. Яны набліжаліся да зямлі, дзе ўсе ведалі міт пра вырабленыя медныя дасьпехі Агамэнона і нараджэньне Афрадыты з марской пены. Спадарожнікі высадзіліся ў порце Саляміны, дзе іхнім гідам стаўся кіпрыец Барнаба.

Кіпр - тагачасная рымская правінцыя, вядомая сваімі меднымі руднікамі і караблебудаваньнем. Зрэшты Кіпр называлі Макарыем, што азначала «Шчасьлівая выспа». Клімат Кіпра лічыўся вельмі спрыяльным, а багацьце прадуктаў харчаваньня і выкапняў дазваляла кожнаму знайсьці тут усё неабходнае для дабрабыту. Саляміна - адзін з буйнейшых портаў імперыі Рыму і гандлёвая сталіца рымскага Кіпру не была адначасова сталіцай адміністратыўнай, бо адміністратыўныя функцыі ў кіраваньні выспай ажыцьцяўляла адміністрацыя ў горадзе Паф. Гебрайская прысутнасьць тут была даволі значнай. У тыя часы існавала безпамылковае правіла, якое ведалі ўсе. Калі ў якім-небудзь горадзе існавала хоць адна сынагога, яго сьмела можна было адносіць да пасьпяховага месца гандлю, бо гебраі папросту не сяліліся ў бедных мясьцінах. На Кіпры яны аб’явіліся за некалькі стагодзьдзяў да нараджэньня Ісуса Хрыста і займаліся, у асноўным, экспартам аліўкавага алею, садавіны, віна і медзі. Гебрайская абшчына існавала тут ужо дастаткова даўно, каб быць уплывовай і набыць багацьце ды ўладу. Барнаба шмат што распавёў сваім спадарожнікам пра хараство гэтай выспы, але ёсьць тое, што ён мог і ня ведаць увогуле пра такі мілы ягонаму сэрцу Кіпр.

Па свайму абрысу выспа Кіпр нагадвае расьпятую жывёльную скуру, дзе ролю хваста выконвае доўгая паласа зямлі ва ўсходнім напрамку і якая закончваецца мысам Андрэас. Наогул падаецца, што памеры Кіпру ідэяльныя для выспы, бо ён і не вялікі, і не малы. Вакол яго ёсьць мора, але ўнутры яго існуюць тэрыторыі, дзе людзі займаюцца ўсякімі справамі і якія ня маюць ніякіх адносінаў да марскога промыслу. Горы і раўніны Кіпру - гэта ідэяльная прапорцыя жыцьцёвай прасторы для насельніцтва выспы. Адзін горны хрыбет знаходзіцца ўздоўж паўночнага ўзьбярэжжа, паралельна лініі прыбою, які горнымі пікамі стаўся ахоўным валам гэтых мясьцінаў. У другай жа, заходняй частцы выспы знаходзіцца горны камлюк - Траадас, з ягонымі сасновымі лясамі і цудоўнымі ўмовамі для пражыцьця ў гэтых мясьцінах. Гэтае цудоўнае зьмяшэньне гор і раўнінаў ёсьць асноўнае хараство выспы, дзе маляўнічыя ўзгоркі алівамі спускаюцца да марскіх затокаў, ад якіх ласкавы плёскат хваляў гучыць на значныя прасторы ўзьбярэжжа.

Сябры не затрымаліся ў Саляміне, хаця наведалі сынагогу і царкву хрысьціянаў, якая ведала Барнабу і ягонае служэньне ў Ерусаліме. Сынагога сустрэла іх стрымана і лагодна, а хрысьціянская царква з пашанаю і надхненьнем. Усё ж разам надало падставы, каб ім ісьці ў адміністратыўную сталіцу выспы Паф. Шлях да Пафы пралягаў праз Кітыум, але, па дарозе яны адхіліліся ад свайго маршруту, каб наведаць горад Тамасос, дзе знаходзіліся знакамітыя медныя руднікі. У свой час імператар Аўгуст аддаў гэтыя руднікі ў распрацоўку Іраду Вялікаму. Зразумела таму, што ў гэтых мясьцінах знаходзілася і буйная гебрайская абшчына, якая і вабіла ўвагу Барнабы з Паўлам. Падыходзячы да гораду яны ўбачылі аліўкавы гай, дзе знаходзіліся дрэвы вялікіх памераў. Чаму яны такія? Яны пачулі адказ мясцовых жыхароў пра тое, што алівы наогул ніколі не паміраюць, бо калі дрэва засыхае, яно дае новыя пабегі і жыцьцё дрэва пачынаецца наноў. Паглядзем у будучыню, бо ці ня так жыло хрысьціянства, калі яго зьнішчалі, а яно ўсё адно аднаўлялася і ўсё больш мацнела? Сынагога Тамасосу сустрэла вандроўнікаў ветліва, але, ніяк пакуль што не адрэагавала на заклік апосталаў зразумець праўду пра прыход Мэсіі. Ветліва ж разьвітаўшыся, вандроўнікі працягнулі свой шлях да Пафу.

У сярэдзіне наступнага дня яны ўжо спускаліся ў зялёную даліну, дзе перад імі адкрылася цудоўная панарама адміністратыўнай сталіцы Кіпру. Марскія хвалі павольна набягалі на камяністае ўзьбярэжжа заходняга Кіпру, аблізваючы нагрэтыя сонцам скалы. Бязвоблачнае блакітнае неба адлюстроўвала свае фарбы ў моры, паказваючы, пры гэтым, на будучае сухое і сьпякотнае надвор’е. Спадарожнікі ўваходзілі ў гэты велічны і цудоўны горад, дзе жылі найбагацейшыя людзі Кіпру. А дзе і жывуць багатыя людзі як не ў сталіцы, дзе знаходзілася і рэзідэнцыя рымскіх праконсулаў. Праконсул Сяргей Павал быў разумным і вельмі адукаваным чалавекам. Падобна аднаму са сваіх папярэднікаў на гэтай пасадзе, знакамітаму аратару Цыцэрону, ён быў вельмі дапытлівым і зацікаўленым чалавекам, бо недарма стаўся аўтарам сур’ёзнага трактату па гісторыі Кіпра. На ўсходзе любая навіна разыходзілася з вялікай хуткасьцю і таму праконсул ня мог ня ведаць, што ў ягоны горад увайшлі тры вандроўных філосафа, якія прапаведуюць новую рэлігію. Безумоўна, што Сяргей Павал нешта ведаў пра ўкрыжаваньне Хрыста, але вось тут, у горадзе, зьявіліся дасьведчаныя і адукаваны людзі, які маглі распавесьці яму шмат што цікавага.

Так Барнаба і Павал атрымалі афіцыйнае запрашэньне на сустрэчу да праконсула Кіпру. Ня меньш дапытлівы Павал запытаўся ў Барнабы пра тое, чаму кіраўнік Кіпру ня ёсьць пракуратарам, але праконсулам. Барнаба, які быў мясцовым выхаванцам, ведаў ужо апошнія навіны і таму з задавальненьнем адказаў Паўлу на ягонае пытаньне. Да свайго прыбыцьця на Кіпр, Сяргей Павал быў куратарам раёну ракі Тыбр у Рыме. Ён быў блізкі да сэнату Рыма і таму атрымаў прызначэньне на кіраваньне выспай Кіпр, якая, па заканадаўству, прыналежала да юрысдыкцыі сэнату з зацьверджанай пасадай праконсула. Прадстаўнікі ж выканаўчай улады імперыі мелі пасады пракуратараў, легатаў і некаторых іншых. Праконсул Сяргей быў вельмі адукаваным чалавекам, бо нават Пліній Стары ў сваёй працы «Натуральная гісторыя» спасылаецца на яго як на сур’ёзны знаўчы аўтарытэт. Чалавек, схільны да разважаньняў, Сяргей, у той жа час, быў згодлівым да забабонаў, што ўрэшце і ўбачылі апосталы ў яго на прыёме.

Палац праконсула знаходзіўся бліжэй да гор, а таму і вышэй за ўсю астатнюю частку горада. Барнаба і Павал падняліся ўверх, убачыўшы пры ўваходзе ў палац позалочаныя статуі багоў і бліскучыя медныя шаломы легіянэраў, якія паднялі дзіды ў знак прывітаньня шаноўным гасьцям. Сяргей Павал усьсядаў на праконсульскім пасадзе ў прасторнай залі для прыёмаў важных гасьцей. Сярод мурмурных калонаў павяваў пяшчотны ветрык, а блакітнае мора, як быццам бы, кідала на іх свой водбліск. Сяргей запрасіў іх бліжэй да сябе і прыгатаваўся ўважліва слухаць гэтых філосафаў. Пачаў размову Барнаба і разам з Паўлам яны пачалі свой аповяд пра Госпада Ісуса, Які прыйшоў у гэты сьвет, каб сваёй сьмерцю і ўваскрасеньнем прынесьці збаўленьне і вечнае жыцьцё тым, хто ў гэтае паверыць. Праконсул зацікаўлена слухаў апосталаў, але гэта зусім не спадабалася прысутнаму тут чалавеку, які стаяў за сьпіной Сяргея. Чалавек гэты прэтэндаваў на ролю ўсходняга тэосафа і вучонага, а па сутнасьці гэта быў юдэй - адступнік з гучным імянем Бар-Ісус (Сын збаўцы), які абвяшчаў сябе прарокам сапраўднага Бога. Бар-Ісус абвяшчаў сябе прарокам, займаючыся, тым часам, астралогіяй і акультнымі навукамі, што зусім несумяшчальна з Пісаньнем і вераю у адзінага Бога. Ён называў сябе мудрацом усходу і гэта дало падставу многім называць яго Элімай, што ёсьць чараўнік. Эліма ня вытрымаў і распачаў зласьлівы напад на вучэньне апосталаў, намагаючыся адвярнуць праконсула ад гэтага вучэньня, каб захаваць свой уплыў на Сяргея Паўла.

Некаторы час Павал стаяў у нерухомасьці, молячыся да Госпада і адчуваючы ў сабе гнеў і абурэньне. Нарэшце ён адчуў, што мір і супакой увайшлі ў ягонае сэрца і што ягоныя словы ды справы былі ва ўладзе Сьвятога Духа. Павал, часамі няцярплівы і прынцыповы, быў настолькі спакойным, што ягоныя словы сталіся нейкім чынам і жахлівымі. Ён паглядзеў на Эліму і ягоны позірк працьцяў самую сутнасьць гэтага чалавека: «О, сыне д’ябла, поўнае ўсякае падступнасьці і ўсякай ліхоты, вораг усякае праведнасьці! Ці не перастанеш ты крывіць простыя шляхі Госпада? І вось цяпер рука Госпада над табою, і будзеш ты сьляпы, ня бачачы сонца да часу». Прысутныя ў залі зацікаўлена глядзелі на адбываючае, а тое, што яны ўбачылі было вельмі незвычайным. Сьвятло ў вачах Элімы перамянілася ў змрок, а потым яго і зусім напаткала цемра. Падобна Паўлу на дарозе ў Дамаск, ён пачаў шукаць рукамі нейкага апірышча ці таго, хто б вёў яго за руку. Сяргей Павал быў уражаны надзвычайна і нічога ня здольна было ўпэўніць гэтага адукаванага рымляніна як тое, што ён зараз убачыў. І ён паверыў, дзівячыся навуцы Госпадавай.

Усё што адбылося ў прысутнасьці праконсула вельмі ўразіла апошняга, але яшчэ большае ўражаньне ўзьдзейсьніла на яго вучэньне ад Барнабы і Паўла. Такім вось «дзіўным» чынам гэты рымскі праконсул стаў сапраўдна веруючым у Госпада Ісуса і першым высокапастаўленым хрысьціянінам сярод рымскага чынавенства выспы Кіпр. Больш таго, тое што Павал наводзіць часовую сьлепату на Эліму, кажа пра першы цуд апостала. Але і гэта ня ўсё, бо гэтае дзеяньне было зроблена супраць юдэя, які перашкаджаў данясеньню Добрай Весткі да паганіна Сяргея Паўла. Выпадак жа гэты вельмі значны па трох прычынах. Па-першае, ён кладзе пачатак кіраўнічай ролі Паўла ў гэтай першай месіянэрскай вандроўцы. Па-другое, гэтае апостальскае служэньне набывае відавочны перавес у бок паганаў. І, па-трэцяе, сьлепата Элімы, як у кропле вады, адлюстроўвае «сьлепату» Ізраіля.

Бог разарваў сувязі, якія зьвязвалі праконсула з д’яблам, які неверагодным чынам зьнявольвае розум падпарадкованых яму людзей. Павал жа, сваімі дзеяньнямі, адкрыў розум праконсула да праўды. Наогул разумеючы, што чараўнік Эліма – вораг праўды, Павал выкрывае яго перад вачыма праконсула, называючы апошняга сынам д’ябла, які намагаўся ўсякім чынам сказіць Божую праўду. Сьлепата Эліма часовая, каб усе зразумелі некалькі рэчаў. Паколькі Эліма намагаўся трымаць сваіх слухачоў, у тым ліку і праконсула, у цемры, ён быў пакараны фізічнай сьлепатою: «І ён, блукаючы, шукаў, хто б яго вёў за руку». Чараўніка Эліму ёсьць сэнс лічыць атаясамленьнем Ізраіля, які не жадаў прыняць Госпада Ісуса Хрыста. Але і ня толькі, бо ўсімі сіламі намагаўся перашкаджаць іншым гэтае зрабіць. Вынік вельмі сумны, бо Ізраіль, як бы, асьлеплены Госпадам за тое, што не пазнаў Хрыста Месію. Але, як і ў выпадку з Элімаю, гэта справа часовая і ёсьць надзея, што, ў рэшце рэшт, Ізраіль навернецца да Хрыста, як гэта і павінна было быць ад пачатку.

Некалькі дзён яны гасьцявалі ў палацы Сяргея Паўла, адказваючы на ягоныя пытаньні і настаўляючы яго ў вучэньні Ісуса Хрыста. Яны ведалі, што Сяргей Павал знойдзе сябе ў целе Ісуса, бо на Кіпры нямала гадоў ужо існавала хрысьціянская суполка, якая і прыме яго - рымляніна і праконсула Кіпру. Павал і Барнаба вярнуліся ў горад і, сустрэўшы Яна Марка, пасьпяхова прапаведавалі ў сынагозе і сярод паганскага насельніцтва. Ва ўзаемаадносінах Барнабы і Паўла адбыліся і пэўныя перамены. Павал, будучы негалосна ў падпарадкаваньні да Барнабы, пасьля візіту да Сяргея Паўла, адчуў сваю сілу і ўзначаліў групу місіянэраў. Барнаба моўчкі пагадзіўся з гэтым, бо бачыў веру і надхнёнасьць Паўла, якую падтрымаў Сам Госпад на прыкладзе сутычкі з чараўніком Элімай.

Гэта зусім не спадабалася Марку, які бачыў свайго родзіча Барнабу галоўным у іхнім місіянэрскім прадпрыемстве. Узяўшы кіраўніцтва ў свае рукі Павал вырашыў скараціць іхняе знаходжаньне на Кіпры і перамясьціць свае намаганьні на тэрыторыі, дзе яшчэ не гучала слова пра Ісуса Хрыста. Кіпр ужо даўно пачуў Эвангельле Хрыста, а ў вушах Паўла настоўліва гучалі словы Ісуса: «Ідзі, бо Я да паганаў далёка пашлю цябе». А Кіпр гэта не далёка, а таму даручэньне Хрыста Паўлу тут асабліва не выконвалася. Трэба было ісьці далей, дзе, ня ведаючы, чакалі вестку пра Ісуса Хрыста. І Павал прымае рашэньне садзіцца на карабель, накіроўваючыся да берагу Памфіліі ў Малой Азіі.


Рецензии