Стряхнув пыль
Так пачала складвацца царква ў Антыёхіі Пісідзкай. Фенаменальна пасьпяховая пропаведзь Паўла ў сынагозе ўзрушыла ня толькі гебрайскае грамадзтва. Цікавасьць да новага вучэньня сярод паганаў перавысіла ўсе магчымыя чаканьні апосталаў, асабліва пасьля вулічных сустрэч і пропаведзяў Паўла і Барнабы. Вестка пра хуткае збаўленьне і вечнае жыцьцё разьляцелася далёка па-за межамі Антыёхіі. Многія з таго натоўпу, якія слухалі пропаведзь Паўла на плошчы Аўгуста, паверылі ў Ісуса Хрыста і, пакаяўшыся, хрысьціліся. Дзень у дзень працавалі апосталы, хрысьцячы і настаўляючы новых хрысьціянаў. Прыйшлі на сустрэчу з Паўлам і тыя сяляне з вёсак Лімнайскага возера, якія першымі прынялі вестку пра Ісуса Хрыста, каб хрысьціцца ў Паўла і Барнабы. Усё складалася як нельга лепей, але Павал разумеў, што колькасьць павінна перайсьці ў арганізацыйную якасьць. І тут ня сталася праблем, бо ўжо вызначаліся плады хрысьціянскага братэрства ад Духа Сьвятога. Заможны хрысьціянін з рымлянаў прапанаваў для хрысьціянскага служэньня свой прасторны дом з немалым дваром, у цэнтры якога нават знаходзіўся невялікі фантан. Усё складалася цудоўна і апосталы няспынна працавалі ў настаўленьні Божага слова амаль штодня, а на служэньні прыходзілі ўсё новыя і новыя людзі. Ламаньне хлеба, як напамін апошняй вячэры Хрыста, было прынятае навай царквой з вялікай верай і павагай.
Павал казаў перад царквой, перш за ўсё, пра Ісуса Хрыста, Які паставіў яго тут перад паганамі і юдэямі, якія сталі Хрыстовымі. Пранікнёныя пропаведзі Паўла, мелі свой адказ, бо новыя хрысьціяне бачылі, што Госпад Ісус быў для яго настолькі напружанай, жывой рэчаіснасьцю, што ён так верыў у Ягоную блізкасьць, прысутнасьць і тую дзіўную любоў, з якой Ён любіць усіх іх, што і самі адчувалі на сабе прысутнасьць свайго Госпада і Збаўцы. Павал быў здольны ў вышэйшай ступені ўпэўнена казаць пра цудоўную рэальнасьць таго, што сталася ў недалёкім мінулым - пра ўкрыжаваньне Ісуса Хрыста за грахі чалавечыя, і пра той дзіўны факт, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых. Абвесьцячы гэта яшчэ ў сынагозе, Павал зноў і зноў паўтараў гэтыя словы, бо менавіта гэтая падзея - уваскрасеньне - асабліва войстра адбівалася ў сэрцах галятаў. А яны слухалі і верылі, бо, як казаў Павал: «Бог паслаў у сэрцы іхнія Духа». Пагане, стаўшыся хрысьціянамі, адмаўляліся ад сваіх багоў, якія не былі багамі, а хрысьціяне з юдэяў ўжо не выконвалі Закон Майсея цалкам, як гэта патрабавала сынагога для дасягненьня праведнасьці. І хто б вы не былі, казаў Павал, - пагане ці юдэі, у Хрысьце Ісусе ня мае сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але вера, якая дзейнічае праз любоў. Павал вельмі палюбіў гэтую царкву, бо ўсе гэтыя людзі былі ягонымі духоўнымі дзецьмі, таму што ён бачыў усе мукі нараджэньня новага чалавека, а таму і прыкладаў да гэтага максімум клопату, малітвы і высілкаў розуму, укладзеных ім у пропаведзь.
Але гэтая напружаная, амаль што без адпачынку праца, памножанная на тыя немачы якія ён вынес з Тарсу, надала новы імпульс хваробе, якая ўклала яго на некалькі тыдняў у ложак. Жар цела і запалёныя вочы прыціснулі Паўла так, што казаць пра служэньне было вельмі несур’ёзным. Браты і сёстры новай царквы вельмі клапаціліся пра свайго настаўніка і брата. Яны праяўлялі сапраўдную любоў да хворага, як Павал аднойчы і выказаўся пра гэта: «А вы ведаеце, што я ў нядужасьці цела дабравесьціў вам раней, і вы не пагардзілі спакусай маёй, і не адапхнулі, але прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса. Дык якое было шчасьце вашае! Бо сьведчу вам, што калі б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, вы далі б мне». Павал не перапыніў пропаведзь і настаўленьне, бо, нават лежачы ў ложку, прамаўляў да кожнага, хто да яго прыходзіў. Асноўную ж частку працы па стаўленьні царквы, пад час хваробы Паўла, выконваў Барнаба. А працы было зашмат, бо ўсё новыя і новыя пагане прыходзілі да яго каб пакаяцца ды хрысьціцца ў сьмерць і ўваскрасеньне Ісуса Хрыста. Нарэшце хвароба адступіла ад Паўла і ён, яшчэ зусім слабы, прыходзіў на вечаровыя служэньні, каб кароткім словам служыць хрысьціянам Антыёхіі. Так прайшоў яшчэ адзін тыдзень і Павал адчуў, што фізічныя кандыцыі дазваляюць вярнуць яго ў напружаную лідарскую працу па ўмацаваньню новай царквы.
Павал быў уважлівым і актыўным. Як толькі прыкметы нараджэньня новай асобы пачыналі выяўляцца ў навернутым, Павал дазваляў яму хрысьціцца. Ён памятаў Дамаск, каля яго хрысьціў Ананія праз тры дні пасьля свайго навяртаньня. І адным з асноўных прынцыпаў Паўла было тое, што зьмяненьне характару асобы ёсьць найлепшы доказ сапраўднага навяртаньня ў веру. Калі Дух Хрыста зыйшоў на чалавека, дык праявяцца і плады Духа: любоў, радасьць, супакой, доўгацярплівасьць, ласкавасьць, добрасьць, вера, ціхасьць, стрыманасьць. Падобныя якасьці не былі распаўсюджаныя ў Антыёхіі і таму новыя праявы характару былі вельмі заўважлівымі. Для звычайнага раба даведацца, што ён не павінен больш ілгаць і падманваць было чымсьці неверагодным, але яшчэ больш дзіўным для яго было высьветліць тое, што ён больш ня хоча ілгаць і падманваць, што ён любіць свайго гаспадара, якога ён раней пазьбягаў і баяўся.
Хрысьцячы і настаўляючы навернутых, Павал добра ведаў, што кожны з іх адчувае ўнутраны канфлікт, бо новая хрысьціянская асоба не адразу зьмяняе старую паганскую. І таму Павал лічыў мэтазгодным папярэджваць наноў нарадзіўшыхся хрысьціянаў пра тыя небясьпекі як учынкі цела, якіх трэба цурацца: «А ўчынкі цела яўныя, яны ёсьць чужалоства, распуста, нячыстасьць, бессаромнасьць, ідалапаклонства, чараўніцтва, варожасьць, сваркі, рэўнасьць, ярасьць, сварлівасьць нязгода, герэзіі, зайздрасьць, забойствы, п’янства, гулянкі і падобнае гэтаму». Гэтыя хібы старога жыцьця цікавалі кожнага нованавернутага, каб выканаць асноўную задачу д’ябла - пазбавіць чалавека Божага Валадарства. І Павал старанна працаваў дзеля таго, каб умацаваць сваіх вучняў у Ісусе Хрысьце. Ён вучыў іх малітве, як і Ісус вучыў маліцца Сваіх вучняў. Новыя вучні Паўла жадалі як можна болей даведацца пра Ісуса Хрыста так, што апостал успамінаў свае першыя дні ў хрысьціянстве, калі ён таксама прагнуў гэтага ж. І ён казаў ім ўсё што ведаў і вучыў іх - паганаў і юдэяў - разумець Пісаньне як слова Божае, што спраўдзілася ў Ісусе Хрысьце.
Павал вучыў, што ніхто ня можа быць у адзіноцтве пасьля свайго навяртаньня, бо ўсе вучні складалі адзіную сям’ю, зьбіраючыся разам на служэньні ды і ня толькі. Але зусім незвычайным было тое, што ў гэтай сям’і ўсе былі роўнымі перад Ісусам Хрыстом. Рымскі сьвет быў падзелены на пэўныя пласты грамадзтва і кожны з іх, у большасьці, антаганістычна ставіўся адзін да аднаго. Колер скуры, паходжаньне ці рэлігія значылі нашмат меньш, чым месца, якое чалавек займаў у грамадзтве. Любы чалавек з пасадаю і рымскім грамадзянствам быў значна вышэй чым, напрыклад, сын пераможанага валадара, які лёгка мог перайсьці ў становішча раба. У процілегласьць гэтаму Павал вучыў зусім ня так: «А цяпер вы адкіньце ўсё: гнеў, ярасьць, ліхоту, блюзьнерствы, брыдкаслоўе з вуснаў вашых; не хлусіце адзін аднаму, распрануўшыся са старога чалавека з учынкамі ягонымі і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобразу Таго, Хто яго стварыў, дзе няма грэка і юдэя, абразаньня ці неабразаньня, барбара, скіфа, слугі, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос». Сьвяты Дух прамаўляў у сэрцы нованавернутым, што гэта ёсьць менавіта так, як кажа ім настаўнік Павал.
Барнаба і Павал, які толькі толькі ачуняў пасьля хваробы, бачылі многіх сваіх вучняў, пераходзячы з аднога месца на другое і настаўляючы ў веры Ісуса Хрыста. Настаўленьне гэтае тычылася розных людзей: юдэя, гандляра, рымскага ветэрана, селяніна, гаспадара і раба, сталых і дзяцей, вайскоўцаў і чынавенства. І з усімі апосталы дзялілі сваю чашу Божых дабраславеньняў, пераламляючы хлеб Божы. Павал падтрымліваў гэтыя пачынаньні. Ён чакаў, што Сьвяты Дух зробіць вялікія перамены для тых, хто пераймае Яго. Так і было, бо галяты-хрысьціяне імкнуліся служыць блізкаму і Збаўцу, прапаведуючы Ягонае вучэньне. Усе яны былі ўпэўненыя, што з верай у Госпада Ісуса толькі пачынаецца тая поўная сэнсу жыцьцё, якое адкрывае ім вечны шлях. Склалася вельмі цікавая сітуацыя, калі вучні апосталаў, навярнуўшыся самі, навярталі і іншых. Такім чынам Звангельле Хрыста распаўсюджвалася па ўсёй Галятыі. Навернутыя хрысьціяне, не зьвязаныя пэўнай няволяй, пайшлі ў прыгоркі вакол Лімнэйскага возера, а таксама праз горны хрыбет, які падзяляе землі Антыёхіі і цэнтральную Малую Азію. Прапаведаючы Божую ласку яны ведалі, што Ісус працуе разам з імі, бо бачылі яны, як радасьць прасьвятленьня зьзяе на тварах слухачоў. Гэта быў вельмі дабраславёны час.
Павал і Барнаба мелі намер заставацца ў Галятыі да таго часу, пакуль мясцовая царква не ўмацуецца ў Госпадзе Ісусе Хрысьце. Але, праз два месяцы, у жнівеньскай сьпякоце, сур’ёзная бяда абрынуліся на галовы апосталаў. Нічога не абвяшчала пра гэта, бо звычайныя пастухі размаўлялі пра Ісуса, а калі байды з ранішнім уловам вярталіся з Лімнэйскага возера, можна было бачыць, як рыбакі схіляюць галовы ў малітве. Жанчыны, сустракаючыся на рынку, аднойчы выяўлялі, што яны вераць у Ісуса Хрыста. Раб, працуючы на поле, адчуваў, што апошні і самы цяжкі час перад захадам сонца становіцца лягчэй і карацей толькі таму, што Ісус Хрыстос працуе разам з ім. Нават і жаўнер, які нясе сваю стражу ў самы адказны час, напяваў новы хрысьціянскі сьпеў, - падбадзёрлівы, ўмацавальны і ўмацоўваючы дух.
Увесь гэты час юдэі, што не прынялі веру ў Ісуса, ніяк публічна не рэагавалі на апосталаў. Ды і не маглі яны гэтага, бо Павал і Барнаба больш не заходзілі ў сынагогу, а ўлады горада не атрымлівалі ніякіх скаргаў у бок гэтых мірных і законапаслухмяных вандроўнікаў. Але колькасьць і ўплыў хрысьціянаў на жыхароў гораду, у тым ліку і юдэяў, пагрозьліва павялічваліся, а таму нязгодныя юдэі пачалі дзейнічаць. Яна сталі размаўляць з некалькімі пабожнымі жанчынамі-арыстакраткамі, каб упэўніць іх, што тое чаму вучыць Павал сваіх вучняў, можа, у далейшым прывесьці да непадпарадкаваньню ўладам і арыстакратычнай эліце гораду. Жанчыны ж, у сваю чаргу, упэўнілі сваіх высокапастаўленых мужоў, што новыя прапаведнікі ня тыя за каго яны сябе ўяўляюць, бо гэта ёсьць валацугі, якія заклікаюць да непавагі ўладаў.
Уплывовыя асобы ў горадзе склалі абвінавачваньне і прад’явілі яго гарадзкім магістрам, бо адміністрацыя правінцыі такімі справамі не займалася. Мэтаю абвінавацеляў было прагнаць Паўла і Барнабу з гораду, але гэтая працэдура суправаджалася заўсёды і пэўным пакараньнем. Згодна паданага абвінавачваньня, апосталаў арыштавалі і адвялі да суду ў вязьніцу, дзе яны і даведаліся, што пакараньня ім не пазьбегнуць. Хаця? Паўла магло гэта і ня тычыцца, бо ён быў грамадзянінам Рыму і таму мог пазьбегнуць фізічнага пакараньня. Але ён быў не адзін і таму ня мог сабе дазволіць кінуць Барнабу ў гэтым выпрабаваньні. Ён нічога не сказаў пра сваё рымскае грамадзянзтва і, разам з Барнабаю, чакаў суду і пакараньня.
Суд жа адбыўся вельмі хутка. Ужо зранку іх, разам з іншымі затрыманымі, прывялі на плошчу, дзе адбываліся судовыя паседжаньні. Павал убачыў, як займаюць свае месцы на адмысловым узвышэньні магістраты і як зьбіраецца натоўп, каб паглядзець на гэтае судовае дзеяньне. Па баках ад судзьдзяў стаялі фізічна моцныя ліктары, якія трымалі ў руках фасцыі, - сякеркі, абгорнутыя пучком дубцоў і асаблівым чынам абвязаныя чырвоным шнурком, як сымбаль улады магістратаў рымскіх калоніяў. Судзьдзі вырашылі пачаць з простага, - з разгляданьня справы Паўла і Барнабы. Ніякіх фактаў парушэньня грамадзкага парадку не было, але абвінавачваньне было прад’яўлена паважанымі грамадзянамі гораду, а таму магістры вырашылі, не ўнікаючы ў падрабязнасьці, вызначыць мінімальнае пакараньне і выгнаньне з гораду. Слуханьне справы было непрацяглым, а прысуд добра прагназаваным, - дваццаць удараў драўлянымі дубцамі і выгнаньне з гораду. Пакараньне было публічным, так што многія людзі, у тым ліку і хрысьціяне, назіралі за гэтым дзеяньнем. Паўла і Барнабу вытаўкалі наперад і прывязалі да перакладіны, агаліўшы іхнія сьпіны. Наперад выступіў ліктар і першая частка прысуду пачала зьдзяйсьняцца. Балючая, але ня вельмі жорсткая працэдура скончылася хутка. Асуджаным ня далі адпачынку і яны, нацягнуўшы сваё адзеньне на акрываўленыя сьпіны, пайшлі з ахоўнікамі на выхад з гораду.
Павал і Барнаба ішлі з паднятымі галавамі, бо ведалі, што пацярпелі за Ісуса Хрыста. Ахоўнікі былі зьдзіўленыя гэтымі людзьмі, якія, як ім падалося, нават і радаваліся гэтыму публічнаму прыніжэньню. За імі ішло і нямала народу: акрамя звычайных разявакаў тут былі спачуваючыя хрысьціяне і тыя актыўныя юдэі, якія і намагаліся гэтага прысуду. Праз 5 км. ад гарадзкой брамы ахоўнікі і няверучыя юдэі павярнуліся ды пакрочылі ў бок гораду, а апосталы прыпыніліся аточаныя сваімі вучнямі. Павал і Барнаба ўрачыста абтрэсьлі пыл са сваіх ног, выконваючы наказ Ісуса Хрыста, які ён даў Сваім вучням: «І калі прыйдзеце ў які горад, і ня прымуць вас, то выйшаўшы на вуліцу, скажыце: “І пыл, які прыліп да нас ад вашага гораду, абтрасаем вам. Аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”». Гэты жэст быў накірованы да ўладаў і тых юдэяў, якія справакавалі пакараньне апосталаў, а зараз яны стаялі пасярод хрысьціянаў і бачылі, што яны ня толькі не засмучаныя, але спакойныя і нават вясёлыя. Бог быў на іхнім баку і яны не баяліся нічога з таго дрэннага, што можа зыходзіць ад чалавека. Павал відавочна бачыў, што ягоныя вучні напоўненыя радасьцю і Духам Сьвятым.
Сярод хрысьціянаў, якія спачувалі апосталам пад час дубцовага пакараньня былі сталая юдэйка на імя Лойда, яе дачка Эўніка і сын Эўнікі Цімафей. Спачатку Лойда, потым Эўніка і падлетак Цімафей прынялі Хрыста. Гэтая сям’я была з Лістраў і таму гэты няблізкі шлях, у які яны пайшлі разам, стаўся настолькі збліжаючым, што Павал адчуў вельмі пранікнёны і цесны кантакт з Цімафеем і ягонымі роднымі. Выгнаньне з Антыёхіі зусім не азначала, што апосталы губляюць свабоду руху. Яны мелі магчымасьць прыпыніцца ў братоў хрысьціянаў, якія жылі непадалёк ад шляху Аўгуста, які цягнуўся праз узгоркі на ўсход і па якому яны зараз і ішлі. Але Павал і Барнаба не скарысталіся гэтым, бо раны, атрыманыя пры пакараньні, не былі сур’ёзнымі, а таму маленькая група вандроўнікаў працягвала свой шлях па дарозе Аўгуста. Маленькія заездныя двары сустракалі іх увечары, а ранкам, яшчэ да ўзыходу сонца, яны працягвалі свой шлях у бок Іконіі. На сёмы дзень іхняга вандраваньня, пасьля таго, як яны мінулі возера на пачатку пладароднай даліны, дарага падзялялася на две. Настаў час падзяліцца і спадарожнікам. Жанчыны з Цімафеем павярнулі ў бок Лістры, а апосталы, накіраваліся да Іконіі.
Свидетельство о публикации №226020301961