Ликаония
Лікаонія пачынаецца з возера Татта, што межыць з Кападокіяй. Татта - гэта натуральная солевырабніца. Вада ў возеры лёгка пераўтвараецца ў саляны крышталь вакол любога прадмету апушчанага ў яго. Менавіта таму і праходзілі тут сур’ёзныя разборкі паміж народамі і плямёнамі. Зямля лікаонцаў - гэта халодная і высокая даліна, дзе пасьвяцца дзікія аслы і дзе вельмі мала вады. Але ёсьць і нейкая перавага, бо тут заўсёды пасьвіліся авечкі з вельмі жорсткай і доўгай поўсьцю. І гэта было каштоўнасьцю. Паўлу тое не было навіною, бо ён добра ведаў доўгапоўстных авечак кілікійскага Таўру, якія былі асноваю іхняга сямейнага рамяства. Усё гэта ведаў Павал з маладосьці, калі нейкія спазнаньні засталіся ў яго ад географа і гісторыка Страбона, які быў пэўным аўтарытэтам у Тарсе, дзе ў мясцовым універсітэце вывучалася ягоная «Геаграфія».
Страбон паходзіў з Понту, навучаўся ў Пергаме і быў добрым знаўцам гісторыі ды геграфіі Малой Азіі. Страбон, як дарэчы і Павал, меў рымскае грамадзянства дадзенае ім абоім праз недалёкіх продкаў Гнэем Пампэем, але на гэтым іхняе агульнае і закончваецца. Павал гэтага ня ведаў, калі атрымліваў нейкія веды пра тое, што казаў Страбон. Але зараз, ідучы да Іконіі, ён чамусьці прыпамятаў Страбона, калі аглядаў гэтыя высокія горныя даліны, якіх ён ніколі яшчэ ня бачыў, але якія, як быццам бы, яго і не зьдзівілі. Павал не казаў пра Страбона Барнабе, бо ў гэтым не было асаблівай неабходнасьці. Яны проста ішлі па дарозе, калі перад імі адкрылася ў-ва ўсёй сваёй прыгажосьці Іконія.
Іконія ніяк не сустрэла вандроўнікаў, бо жыла сваім асабістым жыцьцём. Гэта быў старажытны горад старажытных культаў, якія, у-ва многіх адносінах, набліжаліся да гебрайскіх. Норавы былі тут строгія, а дух - сур’ёзны і шчыры. Неўзабаве горад атрымаў ад Кляўдыя статус калёніі і таму перажываў пэўны рост. І менавіта таму тут пашыралася і гебрайская абшчына, якая трымала гандль і рамяство. Зразумела і тое, што тут была і сынагога, куды і прыйшлі Павал з Барнабаю, пасьля таго як яны разьмясьціліся ды адпачылі пасьля пакараньня і няпростага пераходу. Сынагога сустрэла іх па звычаю. Павал атрымаў магчымасьць сказаць слова да прысутных у сынагозе і ён прамовіў так, як і ў Антыёхіі Пісідзкай. Такі ж быў і першапачатковы посьпех, бо вялікая колькасьць юдэяў і мясцовых паганаў паверылі. Павал глядзеў на гэты цуд і бачыў у гэтым кожную царкву як яднаньне рас і народаў, бо народжаныя грэкі, мясцовыя жыхары і гебраі сталі адзінымі ў Хрысьце Ісусе. Але ня ўсё так проста і апосталы адчулі вельмі сур’ёзнае процістаяньне няверуючых гебраяў супраць сябе.
Юдэі, якія адмовіліся паверыць, што Ісус ёсьць абяцаны Збаўца, неадкладна пачалі свой наступ. Нованавернутыя адчувалі новае вымярэньне жыцьця, а ў той жа час супраціўнікі займаліся плёткамі, якія выклікалі толькі пэўны ўздрыг. Такім чынам Іконія, прадуваемая вятрамі між двумя вяршынамі, стала тым месцам у сьвеце, які ўбачыў вобраз паводзінаў таго як людзі, што пачыналі жыць у Хрысьце, у той жа час сустракалі людзей, якія намагаліся нейкім чынам іх ачарніць. Апосталы ўсё гэта разумелі, але адважна працягвалі сваю апостальскую дзейнасьць. Стварылася царква і яны старанна служылі гэтым людзям, настаўляючы іх у Ісусе Хрысьце.
Як і ў Антыёхіі вестка пра Ісуса Хрыста хутка выйшла за межы горада і праз новых вучняў распаўсюдзілася нават і па далёкіх ваколіцах. Дайшла вестка пра пасьпяховую, а нават і цудоўную, дзейнасьць апосталаў і да Цімафея, які, вельмі прывязаўшыся да Паўла, адчуў у сабе вялікую патрэбу сустрэцца са сваім настаўнікам. Адгукнулася на гэта і маці Цімафея. І вось яны ўжо на дарозе з Лістраў да Іконіі. Павал сустрэў Цімафея як роднага сына, а той толькі дзівіўся хрысьціянскім пераменам, якія склаліся дзякуючы стараннай працы Паўла і Барнабы. З дазволу маці Цімафей на некаторы час застаўся ў Іконіі, дапамагаючы апосталам у пропаведзі і стаўленьні царквы. Для яго гэта быў вельмі дабраславёны час для служэньня і навучаньня.
Але Цімафей бачыў і тое, як надыходзілі хмары варожасьці з боку юдэяў і тых паганаў, якія лічылі апосталаў за чараўнікоў, што маюць зносіны са злымі духамі. Цімафей сам бачыў і чуў, што гэтыя плёткі прыносілі да паганаў менавіта тыя юдэі, якія жадалі зьнішчыць апосталаў. Цімафей бачыў адкуль бярэцца асноўная частка тых знакаў і цудаў, што чынілі апосталы. Вера ў Ісуса Хрыста вызваляла многіх мужчын і жанчын ад розных хваробаў ці сьвядомага служэньня злым духам. Але як гэта было данесьці няверуючым паганам і ці зразумеюць яны? Так думаў Цімафей сваім юнацкім розумам, але адказу на гэта ў яго пакуль што не было.
Тым часам напруга ў горадзе нарастала, які падзяліўся на дзьве процілеглыя часткі. Тых, хто быў з апосталамі ці спачуваў ім і тых, хто іх ненавідзіў. То тут то там узнікалі розныя славесныя сутычкі, дзе Павал атрымліваў значныя порцыі абраз. Апостала гэта хвалявала ня вельмі і ён меў намер застацца ў Іконіі на зіму. Але аднойчы, ужо глыбокай восеньню, Цімафею перадалі, што супраць апосталаў гатуецца змова з мэтаю ўкаменаваць іх. Уплывовыя людзі змаглі ўгаварыць мясцовых начальнікаў, якія і паабяцалі не заўважыць той несудовай расправы, якая павінна ў хуткім часе адбыцца. На сходзе царквы было вырашана, што апосталы павінны тэрмінова бегчы з гораду, бо гэтае забойства, фактычна падтрыманае уладамі, можа справакаваць сур’ёзныя рэпрэсіі супраць хрысьціянскага супольства. Павал ужо не сумняваўся ў сіле і адзінстве царквы, а таму ён, разам з Барнабай і Цімафеем, неадкладна выйшаў, як толькі адчынілася гарадзкая брама, з гораду ў напрамку Лістры. Зноў споўніліся словы Ісуса, Які сказаў аднойчы вучням: «Калі ж будуць перасьледаваць вас у адным горадзе, уцякайце ў другі».
Лістра, бліжэйшы да Іконіі горад, знаходзіўся ў паўдзённа-заходнім напрамку ад Іконіі і быў горадам самастойным, бо меў статус калёніі. Спадарожнікі прайшлі даліну, гледзячы зьлева на войструю вяршыню гары Чорная, якая заставалася нерухомай пад час усяго іх падарожжа да Лістры. Пад вечар гэтага ж дня яны ўбачылі горад, які разьмясьціўся ў верхняй частцы неглыбокай лагчыны. Вячэрняе сьвятло выразна падкрэсьлівала велічную постаць храма Зэўса, які ўзвышаўся перад горадам. Цімафей, разам са старэйшымі братамі, накіраваўся да дому, дзе іх ветліва сустрэлі маці ды бабуля Цімафея. Пасьля сумеснай малітвы і пераламленьня хлеба, Павал і Барнаба адыйшлі ў адведзены ім пакойчык, каб адпачнуць пасьля нялёгкага дзённага пераходу. Барнаба заснуў адразу ж, а Павал у думках яшчэ бачыў гэтую цудоўную сям’ю. Ён нібыта яшчэ размаўляў з Лойдай, Эўнікай і асабліва з верным Цімафеем, якога ён вельмі палюбіў. Павал разважаў пра пражытыя дні ў Іконіі, пра небясьпекі, якія падцікоўвалі іх і пра тое невядомае, што чакае іх тут, у Лістры. Але зноў, у думках, вяртаючыся да Цімафея, Павал, засынаючы, упэўніваў сябе ў тым, што той ніколі яго не падвядзе. Так і будзе Павал, бо недарма ў будучым ты напішаш аднойчы Цімафею: «А ты пайшоў сьледам за мной у навучаньні, ладзе жыцьця, намерах, веры, доўгацярплівасьці, любові, непахіснасьці, перасьледваньнях, пакутах, якія здарыліся са мною ў Антыёхіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя пераследваньні я перанёс, і з усіх выбавіў мяне Госпад».
Ранак сустрэў місіянэраў ня толькі ўзыходзячым сонцам, але і смачным сьняданкам ад жанчынаў гэтага дому. Павал распытаў Цімафея пра агульнае становішча грамадзтва ў горадзе. Сынагогі тут не было, але было нешта адметна нацыянальнае. Мясцовае насельніцтва размаўляла паміж сабою па лікаонскі, хаця грэцкую мову гандляроў ведала таксама. Рымляне ж, якія несьлі службу ў гэтым горадзе размаўлялі на латыні. Атрымаўшы гэтыя даведкі, апосталы склалі сваю простую тактыку на першапачатковыя дзеяньні. Яны накіраваліся на рынкавую плошчу, дзе гучала грэцкая мова і дзе можна было пачаць сваю пропаведзь. Плошча сустрэла іх звыклым усходнім гоманам рознамоўных галасоў. Яны прыйшлі на месца, дзе звычайна адбываліся спрэчкі і дыскусіі па розных тэмах грамадзкага жыцьця, у тым ліку і філасофскіх. Павал адразу ж умяшаўся ў нейкую дыскусію, майстэрскі пераводзячы тэму размовы на пачатак сваёй пропаведзі пра адзінага Бога, Які стварыў неба і зямлю. Прысутныя, кінуўшы спрачацца, пачалі слухаць апостала. Асаблівую ўвагу ў вачах людзей убачыў Павал, калі ён пачаў казаць пра Мэсію Ісуса Хрыста, Які Сваёй сьмерцю і ўваскрасеньнем нясе для іх жыцьцё вечнае. Рымляне ставіліся да пропаведзі абыякава, некаторыя лікаонцы прыслухоўваліся, але грэкі слухалі Паўла ўважліва. Павал і атрымаў у першы ж дзень свайго служэньня некалькі грэкамоўных вучняў.
Так працягвалася некалькі дзён, калі ў адзін сонечны зімні дзень ня здарылася нешта незвычайнае. Побач з тым месцам, дзе прапаведаваў Павал, кожны дзень сядзеў чалавек, які быў народжаны калекай, бо зусім ня мог хадзіць. Кожны дзень яго прыносілі сюды сябры, каб той мог пасядзець, прытуліўшыся да калоны, слухаючы разважаньні і спрэчкі розных людзей. Зьяўленьне і пропаведзь незвычайнага прапаведніка вельмі ўсхвалявала яго надзеяй на нейкую шчасьлівую будучыню. У гэты дзень Павал казаў пра ўсемагутнага Бога, Які ўваскрасіў Хрыста з мёртвых. Ён глядзеў на прысутных слухачоў і бачыў розную рэакцыю на свае словы. Адны былі абыякавымі, другія ўсьміхаліся, а іншыя слухалі з увагай і надзеяй. І вось раптам Павал заўважыў твар гэтага калекі і прыпыніў сваю пропаведзь. Ён адчуў, як Сьвяты Дух напаўняе яго і вочы яго запаліліся Божым сьвятлом.
Павал ясна ўбачыў, што вера гэтага няшчаснага настолькі вялікая, што здольна ацаліць ня толькі ягоны дух, але і цела. Тая вялікая сіла, якая падняла калеку ў Галілеі, толькі і чакала свайго часу, чакала шчырай веры - веры Паўла і гэтага калекі ад нараджэньня. Павал, крыху падыйшоўшы, громка прамовіў: «Стань на ногі твае проста». І цуд ад складзенай веры гэтых двух людзей атрымаўся. Калека падняўся на свае ногі і пайшоў без ніякага хістаньня і ніякіх пробных спробаў стаяць ці хадзіць. Ён проста і хутка пайшоў. Натоўп як быццам бы працьцяла электрычным токам. Людзі добра ведалі гэтага калеку з маленства і тут такі цуд. Прысутныя пачалі хутка і ўзбуджана перамаўляцца паміж сабою на мясцовай мове, якой ні Павал, ні Барнаба не разумелі. А казалі яны дзіўныя рэчы па лікаонску: «Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас» Апосталы не разумелі сэнсу сказанага, а толькі адчувалі на сабе позіркі жыхароў гораду, якія выяўлялі сабой глыбокую пашану. Павал заўважыў пры гэтым, як ад натоўпу аддзяліліся некалькі маладых хлопцаў і кудысьці хуценька пабеглі.
А пабеглі яны да храма Зэўсу, каб паведаміць пра ўбачанае сьвятару, які дакладна распытаў пра тое, што адбылося на плошчы горада. Узбуджэньне было ўсеагульным і вось чаму. У Лістры была свая асабістая старажытная легенда, якую кожны мясцовы жыхар ведаў ад нараджэньня. Аднойчы вялікі бог Зэўс і хуткі Гермэс пераапрануліся ў жабрацкае адзеньне і хадзілі па Лікаоніі, просячы ежы і начлега. Яны стукаліся ў мноства дзьвярэй, але паўсюдна іх гналі прэч. У рэшце рэшт жабракі апынуліся каля старэнькай сялянскай халупы сталых супружнікаў Філямона і Баўкіды, якія ветліва прынялі іх, накарміўшы і разьмясьціўшы на ноч. Пасьля гэтага богі вярнулі сабе сапраўдны воблік і яны ператварылі негасьцінных людзей у жабаў, а халупу Філямона ў мурмурны з золатам храм, які са старажытных часоў узвышаўся над Лістрамі. Філямон і Баўкіда зрабіліся вартаўнікамі гэтага храму, а пасьля іхняй сьмерці яны абярнуліся ў два вялікія дрэвы. Жыхары Лістры заўсёды чакалі таго дня, калі богі прыйдуць зноў, каб на гэты раз не памыліцца і аддаць ім належныя ўшанаваньні. І вось зараз усё склалася з легендай. Адзін з гэтых дзіўных прышэльцаў, будучы высокаго росту, спакойны і негаманлівы, пацьверджваючы тое, што ягоны спадарожнік кажа ад ягонага імя - дык гэта і ёсьць сам Зэўс. А той, невялікага росту, што шмат рухаецца і шмат гаворыць - гэта і ёсьць Гермэс. Сьвятар храма зразумеў усё правільна, бо ён на тое і пастаўлены, каб адсачыць і адрэагаваць на гэтае дзеяньне.
Галоўны сьвятар храму пасьпешліва выбраў некалькі ахвярных быкоў з храмавага статку, упрыгожыў іх вянкамі з аліўкавага вецьця і фарбованай поўсьці і ўрачыста пагнаў іх, пад гукі рытуальных трубаў, у бок гораду. Войстрыя ахвярныя нажы несьлі за сьвятаром ягоныя памочнікі. Ля брамы ахвярную працэсію сустракаў ужо вялікі натоўп, пяючы сьпевы і славячы зьявіўшыхся багоў. Людзі танчылі і сьпявалі вакол Паўла і Барнабы, запрашаючы іх прайсьці па галоўнай вуліцы да брамы, дзе сустракалі сьвятара з ахвярнымі быкамі. Павал запытаўся ў гандляра грэка: «Пра што пяюць гэтыя людзі?» і атрымаў адказ, ад якога яму стала не па сабе: «Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас». А тым часам, поўным ходам, гатавалася ахвярапрынашеньне, каб знайсьці дабраславеньне ў зьявіўшыхся багоў.
Рэакцыя Паўла і Барнабы была імгненнай. Яны разадралі на сабе адзеньне, што ёсьць звычайным дзеяньнем юдэяў ад нараджэньня на блюзьнэрства і абразу. Апосталы кінуліся па вуліцы насустрач сьвятару, просячы таго прыпыніць гэты ахвярны абрад. Узабраўшыся на ўзвышнае месца, каб быць вышэй за натоўп, Павал гучна прамовіў: «Мужы! Што вы гэта робіце? І мы падобныя да вас людзі, якія дабравесьцяць вам, каб адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога Жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі, ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя». Павал казаў яшчэ і яшчэ, пакуль ягоныя словы не пачалі дзейнічаць у розумах гэтых людзей. Сьвятар ужо ня быў упэўненым у неабходнасьці абраду і назіраў за дзеяньнямі натоўпу. А па натоўпу хвалямі праносілася нараканьне, бо людзі баяліся гневу багоў, кім бы яны не апынуліся - няхай сабе іхнімі ідаламі ці тым жывым Богам, пра Якога кажа Павал.
У гэты час, узбуджаны Павал, ня бачыў, што за ім ужо варожа назіралі з дзясятак юдэяў, якія тэрмінова прыйшлі з Антыёхіі і Іконіі, каб зьдзейсьніць тое, што ў іх не атрымалася раней - укаменаваць апостала. Вестку пра знаходжаньне тут Паўла яны атрымалі ад гебраяў гандляроў, якія наязжалі сюды з Іконіі. Момант для нападу на Паўла стаўся для іх ідэяльным. Узбуджаны і разгублены натоўп, што можа быць лепей, каб згуляць сваю гульню? Юдэі зьмяшаліся з натоўпам і пачалі падбіваць яго выкрыкваючы, што гэтыя прапаведнікі ёсьць шарлатаны і падманшчыкі, асабліва вось той крываногі, які ганіць мясцовых багоў і мясцовыя традыцыі. Хваляваньне ўзрастала кожную хвіліну і з жахлівай хуткасьцю натоўп ад пакланеньня перайшоў да лютасьці і гневу. Юдэі казалі ў натоўпе, што гэты Павал хітрасьцю пазьбег справядлівага пакараньня ў Іконіі. Так што зараз ён павінен быць пакараны па юдэйскаму звычаю праз укаменаваньне. Адзін з юдэяў падняў камень і кінуў у Паўла. Барнаба і сябры не пасьпелі адцягнуць Паўла, бо гнеў натоўпу ўжо выліваўся на апостала і ён апынуўся пад градам камянёў. Камяні білі яго ў грудзь, твар, галаву, ногі і сьпіну. Павал упаў, ужо не адчуваючы першапачатковай болі і страціўшы прытомнасьць. Напужаны сьвятар Зэўсу, амаль што бягом, пагнаў сваіх валаў да храму, каб ня ўдзельнічаць у гэтым злачынстве. Некалькі чалавек з натоўпу выцягнулі цела Паўла за браму гораду і хуценька разьбегліся, каб рымская стража не пасьпела заўважыць удзельнікаў гэтага забойства. Юдэі ж, якія справакавалі гэтае злачынства расьсеяліся з натоўпу першымі, удала, як ім падалося, выканаўшы свой план па ўкаменаваньню апостала.
Павал нерухома ляжаў за брамаю, калі да яго дабраліся ягоныя вучні і Барнаба. Яны, разгубленыя і ў шокавым стане, атачылі цела Паўла, ня ведаючы што рабіць. Але, на радасьць прысутных, Павал варухнуўся. Усе было, як у тумане. Вочы апостала амаль што нічога ня бачылі, бо засьцілаліся крывёю. Невыносна балела ўсё цела і да горла падкатвала ташната, але Павал прымусіў сябе прыўстаць. Вучні дапамаглі яму ўстаць на свае ногі і Павал, абапіраючыся на іх, павольна пайшоў да дому Цімафея. Яму ніхто не перашкаджаў, бо горад, у гэты дзённы час нібыта вымер, бо ўсе пахаваліся па дамах, баючыся пакараньня ад рымскіх уладаў за гэтае злачынства, а юдэі, што ўзрушылі жыхароў, былі ўжо на дарозе да Іконіі. Непрыемнасьці ад уладаў таксама не ўваходзілі ў іхнія планы, а сваю задачу яны выканалі і таму, з неблагім настроем, вярталіся да дому. Павал жа ня спраўдзіў чаканьняў юдэяў і па волі Божай застаўся жывым. Ці быў Павал сапраўды памёршым пасьля таго, як яго пабілі камянямі? У сваім будучым другім лісьце да карынцянаў ён узгадае пра гэта: «Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць год таму, ці ў целе - ня ведаю, ці па-за целам - ня ведаю, Бог ведае, быў падхоплены да трэцяга неба». Павал ведаў аднак тое, што ягонае аздараўленьне было цудоўным. Ці ня Ісус Хрыстос быў з ім, калі пасылаў яго ў гэтую небясьпечную, але такую неабходную вандроўку?
Зьбітаму Паўлу клапатліва апрацавалі і перавязалі раны, але заставацца ў горадзе больш чым на адну ноч было вельмі небясьпечным, бо што можна было чакаць ад людзей, якія ўбачаць жывога Паўла і адчуюць непакаранасьць свайго ўчынку. І на наступны дзень, нягледзячы на тое, што ягонае цела, як быццам бы ірвалі на кавалкі, Павал, разам з Барнабаю, выйшаў з гораду. Іх праводзіў Цімафей і ішоў з імі з гадзіну, дапамагаючы Паўлу і ўважліва слухаючы ад яго настаўленьне на будучае. Павал жа паабяцаў Цімафею пра будучую сустрэчу і сумеснае служэньне ў імя Ісуса Хрыста. Разьвітаўшыся Цімафей пайшоў у бок гораду, а апосталы працягнулі свой шлях па рымскім гандлёвым шляху на ўсход да Дэрбы.
Гэты шлях для Паўла стаўся сур’ёзьнейшым выпрабаваньнем, але ён ведаў, што пакутуе за Ісуса Хрыста, а таму боль адступала і яны нясьпешна працягвалі свой шлях. Яны прайшлі праз прыгоркі і спусьціліся ў вялікую даліну, дзе лютавалі жорсткія зімнія вятры, а месцамі іх накрывала сьнежная завіруха. Крок за крокам яны ішлі па гэтай дзікай і бязьлюднай краіне, над якой высілася вялікая гара Чорная. Яны набліжаліся да Дэрбы, землі вакол якой адносіліся да іншага адміністрацыйнага раёну. Гэта было невялічкае аўтаномнае валадарства Гамагена, дзе на той момант валадарыў Антыёх. Дэрба была горадам лікаонскім, але Кляўдый, які пабываў тут за некалькі гадоў да прыходу апосталаў, перакроіў мапу Малой Азіі так, як яму было заўгодна. Так і ўзьнікла валадарства Антыёха, які, на правах васала, кантраляваў тэрыторыю паміж Галятыяй і Кілікіяй.
Дасягнуўшы Дэрбы скатаваны і хворы Павал знайшоў тут прытулак, клопат і лячэньне. Верны сабе і свайму служэньню, ён, у хуткім часе, перамагаючы свае раны, пачаў пропаведзь дабравесьця Ісуса Хрыста. Жахлівыя раны на целе Паўла ўвесь час давалі яму напамін пра чалавечую грахоўнасьць і жорсткасьць. Але ў той жа час ён называў гэтыя раны крыжовымі ранамі Госпада Ісуса, а ўсьведамленьне асабістай чалавечай слабасьці і любові Божай абвастраліся ў ім на працягу ўсяго часу аздараўленьня. Гэтай зімой, у Дэрбах, апосталы многіх навярнулі ў сваю веру, склаўшы тут немалую царкву. Апосталы старанна працавалі, настаўляючы і ўмацоўваючы веруючых Дэрбы. Але вось у далінах і прадгор’ях пачаў таяць сьнег і вясна ўпэўнена ўваходзіла ў свае правы. Павал адчуваў сябе дастаткова добра, а таму і паўстала пытаньне пакінуць Дэрбу і вярнуцца ў Антыёхію Сірыйскую. Геаграфічна Дэрба знаходзілася непадалёк ад Таўра і таму да Кілікійскай брамы шлях недалёкі. Адтуль, праз Тарс, да мора і на караблі невялікі пераход да Селеўкіі, а там побач і Антыёхія. Але Павал вырашыў інакш. Калі ў спакойнай Дэрбы ён умацаваў царкву, дык Лістра і Іконія выклікалі ў яго вялікі непакой. І гэта было аб’ектыўным, бо ганеньні на апосталаў ня далі ім магчымасьці для ўмацаваньня створаных імі цэркваў. Справа была недаробленай і таму Павал прымае рашэньне ісьці на Лістру і Іконію, а адтуль на Антыёхію Пісідзскую, каб умацаваць і наставіць існуючыя там створаныя імі цэрквы. Павал разумеў усю небясьпеку гэтага падарожжа, але доўг перад Ісусам Хрыстом быў вышэй за які заўгодна страх.
Відавочна, што апосталы не зьвярталі ўвагі на абставіны асабістай бясьпекі. Лістра, Іконія і Антыёхія - гэта той шлях, на якім Павал і Барнаба сустрэлі вялікі негатыў з боку юдэяў, а Павал, нават, быў пабіты камянямі. Але, у той жа час, яны пасеялі на гэтым шляху семя Эвангельля, якое дало неблагі плод. Утварыліся хрысьціянскія цэрквы, да якіх і ідуць апосталы з Дэрбы, каб умацаваць душы і веру хрысьціянаў у гэтых цэрквах. Калі служэньне місіянэраў ў Лістры завяршылася, яны пайшлі ў Іконію і Антыёхію Пісідзкую, дзе ўжо былі заснаваныя хрысьціянскія цэрквы. Мэтаю іхняга наведваньня на гэты раз было ня толькі эвангелізацыя, але, у першую чаргу, праца з нованавернутымі хрысьціянамі. Эвангелізацыя - гэта толькі першы этап працы для Госпада, другім жа, і абавязковым, этапам служэньня было і ёсьць умацаваньне навернутых у веры, тлумачачы ім вучэньне пра Царкву Хрыста і яе месца ў Божым плане збаўленьня. З чаго ж павінна складацца гэтае настаўленьне?
Першае. Трэба было ўмацаваць душы вучняў Хрыста ў веры праз разуменьне Слова Божага. У будучым Павал напіша пра гэта ў сваім лісьце да каласянаў: «Якога мы прапаведуем, настаўляючы ўсякага чалавека і вучачы ўсякага чалавека ўсякае мудрасьці, каб нам паставіць усякага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе, дзеля чаго я і працую, змагаючыся паводле дзеяньня Яго, якое дзейнічае ў-ва мне магутна». І другое. Апосталы павінны наставіць іх знаходзіцца ў веры, нягледзячы на многія мукі, якія яшчэ будуць на ўваходзе ў Божае Валадарства. Так, чалавек уваходзіць у Божае Валадарства праз нараджэньне звыш, бо ганеньньні і пакуты не збаўляюць. Але ж шлях да гэтага, як казаў Павал, поўны цярпеньняў: «Гэты Дух сьведчыць духу нашаму, што мы - дзеці Божыя. А калі дзеці, дык і спадкаемцы, спадкаемцы Божыя, суспадчыньнікі Хрыста, калі церпім з Ім, каб з Ім і ўславіцца. Бо лічу, што пакуты цяперашняга часу ня вартыя тае славы, што мае адкрыцца ў нас».
Адначасова з гэтым настаўленьнем апосталы павінны выканаць асьвячэньне старостаў у кожнай царкве, якія стварыліся за гэты час. І гэта вельмі цікавы момант у дзейнасьці першахрысьціянскіх цэркваў. Апосталы не вызначаліся тым, што стварыўшы царкву, тэрмінова прызначалі старосту і ішлі далей. Не. Усё было, як бы мовіць, «эвалюцыйна». Цэрквы самі самаўсталёўваліся і вызначалі свайго лідара - старосту. Логіка падказвае, што гэтыя лідары, ў большасьці, былі гебраямі, якія «выйшлі» з сынагогаў, а таму добра ведалі Пісаньне. Гэта пацьвердзіць і сам Павал у сваім звароце да Цімафея, калі пералічыць тыя жыцьцёвыя якасьці, якія павінен мець кіраўнік царквы: «Мусіць быць не з нованавернутых, каб, узьбіўшыся ў пыху, ня трапіў пад прысуд з д’яблам». Такім чынам, кожная царква павінна была ўмець распазнаць сярод сябе людзей, якія адпавядаюць тым патрабаваньням, што прад’яўляе Бог служыцелям Сваёй Царквы.
Пасьля таго, як Павал і Барнаба маліліся з постам, яны павінны былі перадаваць цэрквы і старостаў ў рукі Госпада. І гэта вельмі важная дэталь. Місіянэры ня мелі магчымасьці падоўгу заставацца на адным месцы, каб грунтоўна ўдзельнічаць у жыцьці і настаўленьні царквы. Але вынікі былі відавочнымі. Цэрквы пасьпяхова існавалі, хаця і не без праблемаў, што і будзе вынікаць з лістоў апостала Паўла да першахрысьціянскіх цэркваў. Справа ж Госпада пасьпяхова разьвівалася і пашыралася, дзякуючы магутнай сіле Сьвятога Духа.
Так разважаў Павал, ідучы па дарозе ў Лістру і так ён бачыў сваё служэньне, як і будучае заснаваных ім цэркваў. Лістра сустрэла іх правінцыйным супакоем і яны без перашкодаў прыйшлі да дому Цімафея, які, разам з маці і бабуляй, цёпла сустрэў апосталаў. Пасьля вячэры Цімафей ледзь дачакаўся той хвіліны, калі ён распавядзе Паўлу пра царкву ў Лістры. Павал глядзеў на юнацкую нецярплівасьць Цімафея і лавіў сябе на думцы, што і ён, ужо даволі сталы чалавек, с той жа юнацкай нецярплівасьцю смагнуў пачуць ад Цімафея тое, што ён жадаў распавесьці. Але на сэрцы Паўла ўжо не было неспакою за царкву, бо ўсё было напісана на твары Цімафея, які выпраменьваў сьвятло і радасьць. Царква ў Лістры не расьсеялася. Больш таго, яна значна павялічылася з ліку тых лікаонцаў, якія, так ці інакш, удзельнічалі ў тым вар’яцтве, калі ўкаменавалі Паўла. Праз некалькі дзён пасьля гэтага настала агульнае ўсьведамленьне злачыннасьці створанага. Як такое магло здарыцца ў іхнім мірным і спакойным горадзе? Як яны маглі павесьціся на правакацыю прыхадняў юдэяў? Усеагульнае адчуваньне віны яшчэ даволі працяглы час вісела над горадам. Гэта ж спадзьвігла многіх прыйсьці да хрысьціянаў, каб атрымаць адказы на шматлікія пытаньні з таго, што казаў ім Павал. Такім вось дзіўным чынам хрысьціянская грамада расла і пашыралася. Павал слухаў Цімафея і разважаў пра тое, як Госпад Ісус выкарыстаў гэтую сітуацыю на карысьць Божага Валадарства і з гэтага сэрца апостала напаўнялася радасьцю.
Ранак Павал сустрэў адпачнутым і ў добрым настроі. Разам з Барнабаю і Цімафеем яны выйшлі ў горад і прайшлі па галоўнай вуліцы ў напрамку рынкавай плошчы. Павал не зьбіраўся прапаведаваць, але раз за разам яго прыпынялі, задаючы яму розныя пытаньні. І ён адказваў ім, кажучы пра Бога Творцу, пра Збаўцу Ісуса Хрыста і вечнае жыцьцё ў Валадарстве Божым. Так у размовах прайшоў амаль што ўвесь дзень і Павал падумаў пра тое, што хрысьціянскае жыцьцё і прадугледжвае эвангелізацыю там дзе ты ёсьць і ў тых формах, якія адпавядаюць абставінам твайго знаходжаньня ў пэўным месцы. Увечары яны сустрэліся з хрысьціянамі Лістры.
Пасьля агульнай малітвы і невялікай пропаведзі, Павал сьведчыў пра пасьпяховую працу і царкву ў Дэрбах. З невялікім словам зьвярнуўся да царквы і Цімафей, а Павал, гледзячы на гэтага зусім яшчэ маладога чалавека, бачыў у ім сур’ёзнага прапаведніка і кіраўніка царквы. Пасьля служэньня апосталы размаўлялі з вызначаным лідарам царквы і засталіся задаволенымі ўзроўнем ведаў Пісаньня і агульнай прыхільнасьці вучэньню Ісуса Хрыста. Быў вызначаны дзень для посту і малітвы дзеля пасьвячэньня лідара царквы ў старосты. Праз два дні цырымонія пасьвячэньня адбылася і апосталы даручылі царкву і старосту Госпаду, у Якога яны паверылі. Апосталы ж вырашылі, што зранку яны працягнуць свой шлях на поўнач.
Яны ішлі па дарозе ў Іконію назіраючы квітнеючыя дрэвы фруктовых садоў. Сяляне аралі свае кавалкі зямлі, якая ўжо чакала ў-ва ўлоньне сваё зерне, каб даць гэтым людзям ураджай. Пераадолеўшы перавал апосталы ўбачылі Іконію. Бачная здалёк гара Чорная, з пакрытаю сьнегам вяршынаю, нагадвала ім спакойную Дэрбу і тых людзей, якія зараз шчыра маліліся за іх. Увайшоўшы ў горад яны адразу накіраваліся да аднаго з хрысьціянаў, каб праз яго сустрэцца з усёй царквою. Павал вырашыў не займацца адкрытай эвангелізацыйнай працай, а засяродзіцца на ўмацаваньні і настаўленьні царквы. Павал застаўся ўвогуле задаволеным становішчам царквы і, як і ў Лістры, зацьвердзіў вызначанага царквою лідара на пасаду старосты. У вызначаны дзень адбылося пасьвячэньне, а назаўтра апосталы ўжо крочылі па рымскай дарозе ў бок Антыёхіі Пісідзкай. Бліжэй да Антыёхіі, сяляне, якія апрацоўвалі свае надзелы зямлі, выбягалі насустрач сардэчна вітаючы апосталаў. Людзі рознага сацыяльнага статусу падыходзілі да іх, сьпяшаючы паведаміць, што ўсё сказанае раней Паўлам апынулася праўдай, бо Госпад Ісус стаўся для іх усім і іхняе жыцьцё перамянілася, напоўніўшыся Божай любоўю. Апосталы з радасьцю ў сэрцы ўвайшлі ў горад, дзе іх чакалі хвалюючыя сустрэчы з тымі, хто навярнуўся да Ісуса Хрыста ўжо пасьля іхняга ўходу з Антыёхіі. Павал і Барнаба правялі тут тры тыдні, умацоўваючы і настаўляючы пропаведзьдзю хрысьціянаў Антыёхіі. Пасьвяціўшы ж у старосты лідара царквы, яны абвясьцілі свой адыход дадому. Наперадзе ў іх была Антыёхія Сірыйская.
Свидетельство о публикации №226020302313