От Антиохии до Антиохии

XIV. АД АНТЫЁХІІ ДА АНТЫЁХІІ

Разьвітаўшыся з царквою апосталы накіраваліся да выхаду з горада. Значная частка царквы выпраўляла іх да гарадзкой брамы. Яны зноў, як і год таму, прайшлі праз велічныя аркі Аўгуста і выйшлі з гораду. Яшчэ нейкі час хрысьціяне Антыёхіі суправаджалі іх і Павал прыпамятаў, як яны з Барбнабаю, зьбітыя прутамі, выходзілі з Антыёхіі праз іншую браму і абтрасалі пыл гэтага гораду з ног сваіх. Але вось сітуацыя перамянілася кардынальна і яны выходзяць з гораду у суправаджэньні сяброў, а не вартаўнікоў. На сэрцы спакойна і радасна, бо горад прыняў іх і ня трэба больш абтрасаць пыл гэтага гораду. Разьвітаўшыся з сябрамі, апосталы пайшлі ў бок Лімнэйскага возера і ўжо хутка яно сустрэла сяброў сваім незвычайным бірузовым колерам. Яны нясьпешна ішлі ўздоўж возера, ўспамінаючы як год таму іх сустракалі тут як чужаземцаў. Але зараз усё было па іншаму і іх прымалі як родных.

Кожны дзень якая-небудзь хрысьціянская сям’я запрашала іх да сябе, а назаўтра праводзіла іх да жытла іншай. Апосталы ня ў чым ня мелі нястачы. Некаторыя дзённыя пераходы яны пераадольвалі на аслах, а некаторыя і па ваде, на чаўнах. Па вечарах хрысьціяне з усёй акругі зьбіраліся сем’ямі ў дамах, дзе прыпыняліся апосталы і маліліся, слухаючы пропаведзі ды настаўленьні Паўла і Барнабы. Глыбокае адчуваньне прысутнасьці Ісуса Хрыста авалодвала прысутнымі, калі апосталы размаўлялі з імі, падбадзёрвалі іх, давалі парады і пасьвячалі старостаў. А ранкам яны ішлі далей. Паветра было чыстым і спакойным, а роўныя і прыгожыя воды возера радавалі вока. Мімаволі Паўлу прыгадаліся словы з псальма, якія дакладна адлюстроўвалі настрой ягонай душы: «Госпад - Пастыр мой; я ніякай нястачы ня маю. Ён пасьвіць мяне на пашах зялёных, на ціхія воды водзіць мяне. Ён душу маю мацуе, кіруе мяне на сьцежкі праўды дзеля імя Свайго». Немагчыма было ў гэта паверыць, але ўсе нягоды і цяжкасьці гэтага вельмі няпростага вандраваньня засталіся ў мінулым, а перад імі адкрыўся акропаль Пэргіі, за якім, унізе, знаходзіўся і сам горад.

Апосталы ўвайшлі ў горад і пайшлі па знаёмаму адрасу, дзе яны прыпыняліся, ідучы ў Галятыю. Яны зноў знайшлі тут прытулак і засталіся на нейкі час. Павал прыгатаваўся да адпачынку, але сон не прыходзіў. Ён прыпамятаў тую размову, калі Марк абвесьціў яму, што вяртаецца да дому, у Ерусалім. Вяртаючыся да гэтай размовы, калі Павал выказаў яму даволі рэзка пра здраду іхняе справы, ён вызначыў залішнюю рэзкасьць свайго выказваньня і наадварот вылучыў цярплівасьць Барнабы ў падобных выпадках. Гэта прыклад, але такі вось у яго характар, які, дарэчы, з малітвай і постам трэба было супакойваць. Але прынцыповасьць так лёгка не зьнікае і Павал заснуў з гэтым процілеглым адчуваньнем. Ранак апосталаў пачаўся з малітвы і звычайнай выпрацоўкі плану дзённых дзеяньняў. Яны вырашылі не ісьці ў сынагогу, каб не бударажыць юдэйскае грамадзтва, а пайсьці на плошчу і паспрабаваць эвангелізацыю паганскага насельніцтва Пэргіі.

У кожным усходнім горадзе існуюць такія месцы, дзе зьбіраюцца людзі, каб паразважаць на самыя розныя тэмы існаваньня чалавека. Тут можна сустрэць філосафа, які разважае пра сэнс жыцьця і розныя накірункі дзейнасьці дзеля гэтага. Тут будуць і людзі, якія разважаюць на рэлігійныя тэмы, бо вялікая колькасьць багоў вызначае і ўзаемаадносіны паміж імі. Розныя людзі сустракаюцца тут, як і тое разнагалосьсе тэмаў, што яны нясуць разам з сабою. Павал адразу ж ўступіў у спрэчку з чалавекам, які выказваўся на карысьць вучэньня стоікаў, як сэнсу і ладу жыцьця. У нечым пагадзіўшыся з філосафам, Павал выказаў думку, што чалавечую гісторыю стварае ня нейкая вялікая мэта, а адзіны Бог, які стварыў неба і зямлю. Прысутныя спрачальнікі раптам змоўклі і пачалі ўважліва слухаць апостала, а Павал, адчуўшы гэтую ўсеагульную ўвагу, пачаў прапаведаваць пра Мэсію Хрыста і жыцьцё вечнае ў Валадарстве Божым.

Посьпех пропаведзі быў нечаканым, бо многія з прысутных пачалі задаваць пытаньні і ўдакладняць нейкія часткі пропаведзі Паўла. Да гэтай частцы размовы актыўна падлучыўся і Барнаба, бо цікавасьці і пытаньняў было столькі, што Павал ня зладзіўся б адказаць на іх і за некалькі дзён. Так яны працавалі да вячэрняга часу, атрымаўшы запрашэньне працягнуць гэтую размову зранку. Плённая праца апосталаў прынесла свае вынікі, бо многія з паганаў пакаяліся і Павал з Барнабаю хрысьцілі іх за горадам у ручаі, што выліваўся з гарадзкога каналу, які праходзіў праз усю галоўную вуліцу Пэргіі. Былі сярод нованавернутых і юдэі, якія, пачуўшы пра Мэсію Збаўцу, прынялі веру ў Ісуса Хрыста. Знайшлося і месца для служэньняў. Такім вось дзіўным чынам даволі хутка склалася царква, якую апосталы, на працягу чатырох тыдняў, умацоўвалі і настаўлялі. Але прыйшоў час разьвітаньня і апосталы, пасьвяціўшы ў старосты хрысьціяніна з юдэяў, выйшлі з Пэргіі ў бок Аталіі.

Мора сустрэла апосталаў ранішнім лёгкім брызам, які прыемна абдзімаў целы апосталаў. Павал глядзеў на блакітныя воды і радаваўся, бо знудзілася душа ягоная па мору і караблю. Як жа ён любіў гэтыя марскія вандроўкі, нягледзячы на тыя небясьпекі, якія, час ад часу, ўзьнікалі з ім. Але толькі ня ў гэтую пару года, бо пачатак лета не вызначаўся сур’ёзнымі штармамі, а таму заставалася толькі атрымліваць асалоду ад пругкіх ветразяў, якія гналі карабель спадарожным ветрам у бок порту Селеўкіі. Яны прайшлі левым бортам уздож берагу Памфіліі і параўнаўшыся з пачаткам кілікійскага берагу, выразна ўбачылі берагі выспы Кіпр, з якога і пачалося іхняе вандраваньне. Кіпр, Памфілія, Пісідзія з фрыгійскай Антыёхіяй, Лікаонія і Камагена. Павал стаяў ля борту, гледзячы як карабель лёгка разразае невялікія хвалі мора і перабіраючы ў памяці ўсе дэталі ўжо мінулага вандраванья. Ці ўсё было зроблена так, як жадаў гэтага Ісус Хрыстос? Ці выклаўся ён цалкам у служэньні Божаму Валадарству? Безумоўна што не, але наперадзе ў яго будуць новыя землі, новыя людзі і новае служэньне. Ёсьць час і ёсьць магчымасьць выкарыстаць гэты першы і цяжкі вопыт, каб улічыць памылкі і прамашкі гэтага падарожжа. Карабель жа, са спадарожным заходнім ветрам, весела набліжаўся да порту Селеўкіі. Пасьля швартоўкі карабля, апосталы сыйшлі на бераг па гнуткаму трапу і апынуліся ў сьпякотнай прасторы марскога порту. Паўлу быў добра знаёмы гэты вясёлы рознамоўны партовы гоман грузчыкаў, якія падымаліся і спускаліся з караблёў, пераносячы грузы ў склады порту і наадварот. Жыцьцё кіпела і пот ліўся ручаямі, а апосталы, тым часам, выйшлі з порту і накіраваліся ў бок Антыёхіі Сірыйскай, уздоўж правага берагу ракі Аронт.

Хрысьціяне Антыёхіі Сірыйскай сустрэлі апосталаў вельмі цёпла. Ніхто ня ведаў дакладнага прыходу Паўла з Барнабаю, якія больш за год таму выправіліся з Антыёхіі ў місіянэрскае падарожжа. І вось, увечары, калі летняя сьпякота ўжо крыху спала, хрысьціяне сабраліся ў атрыуме багатага дому на вуліцы Сінгон, дзе размяшчалася царква Антыёхіі. Усе чакалі апосталаў, якіх яны выправілі ў адказнае місіянэрскае вандраваньне. Побач сядзелі хрысьціяне з юдэяў і паганаў, каб сустрэць ды паслухаць апосталаў Паўла і Барнабу. Гэта быў 48 год па Р. Х. Справаздача апосталаў зацягнулася далёка за поўнач. Спачатку казаў Павал, потым Барнаба, а разам яны склалі даволі поўную карціну гэтага місянэрскага вандраваньня. Слухачы адчулі ўсю, нават і сьмяротную небясьпечнасьць гэтага мерапрыемства, якая падцікоўвала місіянэраў. Яны распавялі пра ўсё, пачынаючы з Кіпру і заканчваючы вяртаньнем з Антыёхіі Пісідзкай у Пэргію, дзе яны пасьпяхова эвангелізавалі і стварылі там хрысьціянскую царкву. Апосталы вызначылі сваю місію як небясьпечнай, так і пасьпяховай і царква шчыра памалілася за тое, што Валадарства Божае значна павялічылася дзякуючы адданым дзеяньням Паўла і Барнабы.

Падсумоўваючы вынікі падарожжа апосталаў, якое зацягнулася амаль што паўтары гады, царква Антыёхіі вызначыла пэўныя вынікі. Місіянэры прайшлі пешкам каля паўтары тысячы кіламетраў, ня лічачы часу і адлегласьці марскіх пераходаў. Павал прыйшоў у Антыёхію сур’ёзна параненым і, ад гэтага, яшчэ больш крываногім, але гэта ніяк не адбілася на ягонай накіраванасьці на служэньне Госпаду свайму Ісусу Хрысту. Галоўнай жа тэмаю аповяду апосталаў было ўсё ж не выпрабаваньні ў падарожжы, але тое, што Бог стварыў з імі. А стварыў Ён з імі тое, што адчыніў дзверы паганам у Божае Валадарства. Гэта і было доказам, што Антыёхія Сірыйская ня ёсьць выключэньнем, а Ісус Хрыстос аддаў Сябе ў ахвяру дзеля ўсіх людзей.

Павал і Барнаба вярнуліся да сваіх абавязкаў у царкве Антыёхіі. Яны прапаведавалі і накіроўвалі духоўнае жыцьцё царквы, выходзячы прапаведаваць далёка за межы Антыёхіі. Нясуцішны Павал парываўся ісьці прапаведаваць у Азію ці Віфінію, але вырашыў усё ж пачакаць, каб аднавіць свае фізічныя кандыцыі ды ўмацаваць і свае духоўныя сілы. Чакаць жа гэтага яму прыйшлося нашмат больш чым ён мяркаваў. Павал сэрцам быў там, дзе павінна было прагучаць слова пра Ісуса Хрыста і ён, фізічна ды духоўна, імкнуўся да гэтага. Але абставіны прымусілі яго адкласьці на нявызначаны час будучы місіянэрскі шлях для служэньня Госпаду Ісусу Хрысту. У Антыёхію прыйшоў Пётр і Павал сардэчна сустракаў апостала, які вітаў ўсю царкву і непасрэдна Паўла ды Барнабу. Пётр быў безумоўным аўтарытэтам сярод хрысьціянаў Антыёхіі, бо яны ведалі ягоныя сьмелыя прамовы і падобныя ж дзеяньні, на прыкладзе навяртаньня сотніка Карнэля. Пётр, як калісьці і Барнаба, вельмі ўзрадаваўся, бачучы адзінства і любоў хрысьціянаў Антыёхіі. Юдэі і пагане былі разам у-ва ўсім, паказваючы Пятру прыклад царквы Ісуса Хрыста. Яны разам славілі Госпада, разам абедалі і ніхто не патрабаваў ад паганаў абразаньня ці выкананьня Закону Майсея. Пётр з задавальненьнем увайшоў ў гэтую сям’ю і стаўся адным з іх, такім чынам паказаўшы, што ягоная вера - тая ж, што і ў Паўла: паганін, які стаў хрысьціянінам, зусім не абавязаны жыць як гебрай, што выконвае пастановы Закону Майсея.

Але зусім ня так было ў Ерусаліме, дзе царква складалася адзіна з юдэяў. Адзінкі празэлітаў не ў разьлік. І Пётр паводзіў сябе ў Ерусаліме так, як і ўсе астатнія юдэі, выконваючы ўсе пастановы Закону. Ісус Хрыстос ня даў на гэты конт выразных указаньняў. Можа таму, што сярод Ягоных вучняў не было паганаў і пытаньня выкананьня паганамі Закону Майсея проста не ўзьнікала. Бо калі б гэта было, дык як бы вучні селі абедаць разам з паганамі без умяшальніцтва Ісуса? І вось адказ на гэтае пытаньне пачалі ўсталёўваць людзі, а дакладней хрысьціяне з фарысэяў. Першы званочак прагучаў у выпадку з Карнэлем, калі Пётр увайшоў у дом і ёў разам з паганамі. На той раз аўтарытэт Пятра, які спасылаўся на Госпада, перамог, але пазіцыя большасьці хрысьціянаў Ерусаліму пачала выразна вымалёўвацца, тым больш, што ўсе ведалі пра новую царкву, дзе знаходзіліся супольна юдэі з паганамі. Юдэі з фарысэяў цьвёрда лічылі, што збаўленьня, адзіна вераю ў Ісуса Хрыста, ня будзе, калі ты не абрэзаны і не выконваеш усе пастановы Закону Майсея. Трымаўся гэтага і брат Ісуса Якуб, які быў кіраўніком царквы Ерусаліму. Менавіта ён і пагадзіўся на прапанову юдэяеў паслаць у Антыёхію дэлегацыю, каб давесьці гэтыя ўмовы тамтэйшай царкве.

Праз два тыдні пасьля прыходу Пятра Павал даведаўся, што з Ерусаліму прыйшла група юдэяў, якая дзіўным чынам вучыць царкву юдэйскаму Закону. Павал, у гэты час, быў за межамі Антыёхі, дзе прапаведаваў мясцовым хрысьціянам, калі прыйшоў з Антыёхіі чалавек і літаральна перадаў Паўлу тое, што казалі юдэі з Ерусаліму: «Калі ня будзеце абрэзаны паводле звычаю Майсея, ня можаце быць збаўленыя». Павал пасьпяшаўся ў Антыёхію і ўбачыў вельмі непрывабную карціну пачатку разбурэньня царквы. З жахам ён убачыў і тое, што і Пётр паддаўся гэтай крытыцы юдэяў і зараз, цураючыся паганаў, больш не абедае з імі. Больш таго, нават і Барнаба, гледзячы на Пятра, адгукнуўся на крывадушнасьць юдэяў і пачаў ігнараваць сумесныя абеды з неабрэзанымі паганамі. І гэта быў той самы Барнаба, які быў сьведкам таго, як Госпад навяртае паганаў у сапраўдных хрысьціянаў у Галятыі і які так радаваўся стаўленьню царквы і міру сярод хрысьціянаў Антыёхіі. Гэта быў нейкі масавы псіхоз і Павал павінен быў неадкладна дзейнічаць, каб прыпыніць разбурэньне антыяхійскай царквы.

Што ж адбылося пад час ягонай адсутнасьці? Пасланцаў царквы Ерусаліму ўзрушыла тое, што яны ўбачылі ў Антыёхіі і асабліва іх уразілі паводзіны Пятра. Яны з жахам ўбачылі, што юдэі ядуць разам з паганамі і грэшнікамі, што для юдэяў было адным і тым жа. Фарысэі выявілі і тое, што пагане вызвалены ад абавязковаў для кожнага юдэя працэдуры абразаньня. Даволі актыўна дзейнічаючы, фарысэі заяўлялі, што калі пагане ня будуць выконваць Закон, дык адзін Ісус не дапаможа ім увайсьці ў Божае Валадарства. Павал разумеў, што сапраўдны сэнс падобных заяваў мае на ўвазе нешта нашмат большае, чым «выпраўленьне нораваў» у Антыёхіі, бо гэта вяло да расколу і зьнішчэньню царквы.

Павал ясна бачыў, што перакананьні хрысьціян з фарысэяў знаходзяцца ў поўнай супярэчнасьці з той праўдай, якую яму было дадзена спазнаць на дарозе ў Дамаск. Ён быў упэўнены, што пачуцьцё ганарлівасьці і ўласнай правасьці, заўсёды і ва ўсім, зьяўляецца дзёрзкасьцю і суперніцтвам з Богам, што не дае праявіцца міласэрнасьці. Асноўным жа прадметам спрэчкі стала традыцыйнае ўяўленьне юдэяў пра апаганьваньне. Абаронцы абразаньня выкладалі свае погляды з такім запалам і настойлівасьцю, што нават і Пётр перастаў есьці разам з паганамі. Павал быў абураны такімі паводзінамі Пятра, хаця і разумеў, што той не хацеў сварыцца з-за гэтага з Ерусалімам. Безумоўна тое, што Пётр ня верыць у правату юдэяў з Ерусаліму, але ён падпарадкоўваецца ім з-за страху перад іхнімі злымі языкамі. Пётр, тым самым, непакоіўся пра тое, каб захаваць мір і супакой унутры царквы, захоўваючы нейкае падабенства адзінства, якога ўжо не было. Гэта было прытворствам. І калі хто і аддаваў перавагу абыходным шляхам, дык гэта быў Пётр, а не крываногі Павал.

Юдэі з Ерусаліму вельмі паспрыялі таму, што юдэі антыяхійскай царквы перасталі есьці з паганамі. Павал убачыў вельмі сумную карціну таго, што адбываецца і вырашыў выказаць усё, што назапасілася ў ягонай душы. Гэтую расколіну на целе хрысьціянскай царквы нельга было залатаць як-небудзь для выгляду, патураючы то адным, то іншым. Спрэчка была не па дробязях - не пра нейкі кавалачак скуры ці пра правілы сумеснага абеду. Усё было нашмат сур’ёзней, бо падвяргаўся сумневу фундаментальны прынцып, які казаў пра тое, што простай веры дастаткова для збаўленьня кожнага.

Павал ня мог гаварыць з Пятром пры зачыненых дзьвярах. Шкода царкве была нанесеная публічна. Вера ж павінна быць адна для ўсіх, усюды і заўсёды, і пра гэта павінны чуць усе. Тая ж мужнасьць напаткала Паўла, калі ён супрацьстаяў чараўніку Эліме ў прысутнасьці ягонага заступніка, праконсула Кіпру. Такая ж мужнасьць прачнулася ў ім і зараз, калі Павал павінен быў процістаяць усімі паважанаму апосталу Пятру, непасрэднаму вучню Ісуса перад усёю антыяхійскай царквой. Павал гэтага не баяўся, хаця і лічыў сябе найменьшым з апосталаў і былым ганіцелем хрысьціянаў. У апостальскім пакліканьні усе роўныя, а Павал быў апосталам паганаў і не саромеўся гэтага перад юдэямі. Для свайго выступу Павал выбраў момант, калі сабралася ўся царква.

Павал выступіў ад імя многіх прысутных, выказаўшы свой погляд на паводзіны Пятра: «Калі ты, будучы юдэем, жывеш па -паганску, а не па-юдэйску, чаму паганаў змушаеш жыць па-юдэйску? Мы паводле прыроды юдэі, а не з паганаў грэшнікі, ведаючы, што чалавек апраўдваецца не праз учынкі Закону, а толькі праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз учынкі Закону, бо праз учынкі Закону ня будзе апраўдана ніводнае цела. А калі, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы самі аказаліся грэшнікамі, дык ці Хрыстос - служыцель грэху? Няхай ня станецца! Бо калі я зноў будую тое, што зруйнаваў, сам сябе зьяўляю парушальнікам. Бо праз Закон я памёр для Закону, каб жыць для Бога».

У гэтую хвіліну царква магла разбурыць сама сябе, але чалавек, які плакаў, калі тройчы адмовіўся ад Ісуса па Ягонаму прадказаньню - гэты чалавек ня мог не прызнаць справядлівасьці слоў Паўла. Пётр пакаяўся перад царквой і Госпадам і падтрымаў пазіцыю Паўла пра апраўданьне толькі вераю ў Ісуса Хрыста. Але юдэі з Ерусаліму не здаваліся і гэта прывяло царкву Антыёхіі да высновы, што Паўлу і Барнабе трэба пайсьці ў Ерусалім, каб канчаткова высьветліць пытаньне пра абразаньне і выкананьне Закону Майсея паганамі. Ня доўга зьбіраючыся, Павал, Барнаба і яшчэ некалькі прадстаўнікоў царквы накіраваліся з Антыёхіі Сірыйскай ў бок Ерусаліму, каб разам з ерусалімскімі хрысьціянамі выпрацаваць агульную пазіцыю ў гэтым сур’ёзным пытаньні.


Рецензии