О, бездумные галаты
Павал сабраў кіраўнікоў царквы, разам са сваім сябрам Барнабам, каб ягонае пасланьне было падмацована аўтарытэтам царквы, якая паслала яго прапаведаваць галятам. Ён прынёс з сабою сьвітак папіруса, запрасіўшы для напісаньня ліста да галятаў і добрага пісца. Калі ўсе расьселіся, Павал узьняўся перад усімі і прыгатаваўся дыктаваць. Ён ведаў, што гэты ліст галяты будуць чытаць у голас, а таму стаяў перад прысутнымі і ўяўляў сабе, што ён стаіць перад галятамі і кажа ім гэтыя словы. Аратарскія здольнасьці Паўла павінны былі толькі ўзмацніць сілу напісанага тэксту.
Павал падняў руку, азначаючы, што гатовы да працы і пачаў сваю прамову да галятаў: «Павал, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых, і ўсе браты, што са мною, - цэрквам Галятыі: ласка вам і супакой ад Бога Айца і Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які аддаў Сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з цяперашняга веку злога паводле волі Бога і Айца нашага, Якому слава на вякі вякоў. Амэн. Дзіўлюся, што вы гэтак хутка перакінуліся ад Таго, Які паклікаў вас да ласкі Хрыста, да іншага дабравесьця, якое ня ёсьць іншае, а толькі ёсьць некаторыя, якія вас трывожаць і хочуць перамяніць Эвангельле Хрыстовае. Але калі нават мы ці анёл з неба будзе дабравесьціць насуперак таму, што мы дабравесьцілі вам, няхай будзе адлучаны! Як раней мы сказалі, і цяпер ізноў кажу: калі хто дабравесьціць вам насуперак таму, што вы прынялі, няхай будзе адлучаны! Бо ці ж я на людзей спадзяюся, ці на Бога? Ці шукаю, каб спадабацца людзям? Бо калі б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыста. Паведамляю ж вам, браты, што Эвангельле, якое я дабравесьціў, ня ёсьць ад чалавека; бо я не праз чалавека прыняў яго і быў навучаны, але праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста».
Павал ведаў свой характар як і тое, што ў некаторыя моманты жыцьця яго адольвалі воплескі гняўлівасьці, няхай і стрыманай. Ён разумеў, што нават і праведны гнеў вядзе да грэху. І наогул ярасьць ды гнеў - вельмі дрэнная зброя ў руках хрысьціяніна. Але зараз, дыктуючы гэты ліст, Павал дазволіў вырвацца вонкі свайму незадавальненьню і горычы. Гэтае першае пасланьне Паўла было выклікана надзвычайнымі абставінамі, што склаліся ў Галятыі, а таму яно палае полымем, якое не пакінула месца іншым пачуцьцям апостала. Павал ужо вучыў галятаў таму, што ён намерваўся зафіксаваць у гэтым сьвітке, але ў гэтым выпадку трэба было данесьці ўсё гэта яшчэ больш ярка і запамінальна. Гарачая любоў Паўла да хрысьціянаў Галятыі, ягоная здольнасьць безкампрамісна прытрымлівацца праўды дазваляла яму імгненна знаходзіць тыя словы, якія выразна паказвалі самы цэнтр хрысьціянскае веры: прабачэньне грахоў даецца чалавеку па міласьці Божай, а не па заслугах веруючага. Першай задачай Паўла было адхіленьне тых сумненьняў, што ён зьяўляецца, дастойным даверу, сапраўдным пасланцам Ісуса Хрыста. І таму ён зноў вяртаецца ў сваё фарысэйскае мінулае і ў сваю сустрэчу з Госпадам. Ён кажа пра сваё дзеяньне пасьля навяртаньне, калі ён не пайшоў у Ерусалім, але ягоны шлях праклаўся ў Арабію, дзе ён вучыўся адзіна ў Хрыста. Пасьля ж служэньня ў Дамаску ён сустракаўся з Пятром, які калісьці казаў Ісусу: «Ты - Хрыстос, Сын Бога Жывога». Ісус жа адказваў яму: «Ня цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, Які ёсьць на нябёсах». Таксама і зараз ня цела і кроў адкрылі Паўлу праўду. Ён атрымаў яе непасрэдна ад Бога.
Павал выказаў усё што адбывалася ў Галятыі, уключаючы свой нядаўні канфлікт з Пятром, пераходзячы, нерасрэдна, да сутнасьці справы. Чалавек апраўдваецца ня справамі Закону, але толькі вераю ў Ісуса Хрыста. Тут ён выкарыстаў свой звычайны прыём, калі ўсё паказаў на сваім асабістым прыкладзе. Папярэдні Павал, які намагаўся заслужыць нябёсы памёр, пра тое ён і казаў галятам: «Бо праз Закон я памёр для Закону, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ўжо не жыву, але жыве ў-ва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, жыву праз веру ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і выдаў Сябе за мяне. Не адкідаю ласкі Божае. Бо калі праз Закон праведнасьць, дык Хрыстос надарма памёр». Павал думаў пра галятаў, а таму ягоны характар і вызначыў гэтыя ня вельмі прыемныя для галятаў словы: «О, бяздумныя галяты! Хто зачараваў не пакарацца праўдзе вас, перад вачыма якіх быў раней апісаны Ісус Хрыстос, нібыта ў вас укрыжаваны? Гэтае толькі хачу даведацца ад вас: ці праз учынкі Закону вы атрымалі Духа, ці праз слуханьне веры? Ці вы гэткія бяздумныя, што, пачаўшы духам, цяпер сканчваеце целам? Ці гэтулькі перацярпелі вы надарма? Дый каб жа надарма! Дык ці Той, Які дае вам Духа і робіць між вамі цуды, праз учынкі Закону робіць ці праз слуханьне веры?»
Павал уявіў сабе, што галяты, прачытаўшы гэты ліст, запытаюць самі сабе: «Навошта навогул патрэбны ім Закон Майсея? А як быць з тым, што сам Павал спасылаўся ў сваіх пропаведзях на Стары Запавет, калі тлумачыў свае думкі?» І Павал пачынае, зьвяртаючыся да прысутных, казаць пра карыснасьць Закону, але ў якасьці «выхавацеля» малых дзяцей і падлеткаў. Аналёгія з жыцьця ляжала на паверхні і была добра вядомай галятам. Маленькі сын багатага чалавека падпарадкоўваўся рабу-выхавацелю і толькі пасьля дасягненьня адпаведнага ўзросту станавіўся вольным спадкаемцам свайго бацькі.
І Павал працягваў, узьняўшы руку перад слухачамі: «Дык ці Закон супраць абяцаньняў Божых? Няхай ня станецца! Бо калі б быў дадзены закон, які можа ажыўляць, праўдзіва, праведнасьць была б па закону. Але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб абяцаньне з веры Ісуса Хрыста, было дадзена тым, якія вераць. А перш, чым прыйшла вера, мы былі пад аховаю Закону, замкнёныя дзеля атрыманьня веры, якая мела адкрыцца. Так што Закон стаўся нашым выхавацелем да Хрыста, каб нам быць апраўданымі з веры. А калі прыйшла вера, мы ўжо не пад выхавацелем, бо ўсе вы - сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса. Бо ўсе тыя, хто ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Няма ані юдэя, ані грэка, ані свабоднага; няма ані мужчыны, ані жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе. А калі вы - Хрыстовыя, дык вы - насеньне Абрагама і паводле абяцаньня - спадкаемцы». Павал, не прыпыняючыся, працягваў сваю думку: «Кажу вось: увесь час, пакуль спадкаемца - немаўля, ён ня чым ня лепшы за слугу, хоць ён пан усяго, але ён пад наглядчыкамі і аканомамі аж да вызначанага бацькам часу. Гэтак і мы, калі былі немаўлятамі, былі паняволеныя стыхіям сьвету. А калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, Які быў з жанчыны і быў пад Законам, каб адкупіць тых, якія пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне. А як вы - сыны, Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які кліча : Абба Ойча!»
Павал не дапушчаў нават і думкі пра тое, што гэтыя Божыя сыны вяртаюцца да рабскага існаваньня, зьвязваючы сябе шматлікімі пастановамі Закону і таму ён моцна ўсклікнуў да прысутных, як бы зьвяртаючыся да галятаў: «Дык стойце ў свабодзе, якою вызваліў нас Хрыстос і не патрапляйце ізноў пад ярмо няволі. Вось я, Павал, кажу вам, што калі вы абрэзваецеся, Хрыстос вам ня дасьць ніякай карысьці. Зноў жа сьведчу ўсякаму чалавеку, які абрэзваецца, што ён павінен выканаць увесь Закон. Вы, якія апраўдваецеся праз Закон, зьнішчылі ў сабе Хрыста, адпалі ад ласкі. Бо мы духам праз веру чакаем надзеі праведнасьці. Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але вера, якая дзейнічае праз любоў». Павал падкрэсьліў гэтую думку, робячы пэўны акцэнт на любові: «Бо вы да свабоды пакліканыя, браты. Толькі каб свабода ня сталася нагодай для пажаданьняў цела, але праз любоў служыце адзін аднаму. Бо ўвесь Закон у адным слове спаўняецца: “Любі бліжняга твайго як самога сябе”».
Яго непакоілі таксама і тыя штодзённыя праблемы, якія падсьцерагаюць хрысьціянаў у сьвеце і шмат у чым вызначаюць узаемаадносіны паміж людзьмі. Але Павал ведаў і іншае. Падобныя праблемы прыводзяць да грэху, калі пад імі адсутнічаюць правільныя і неабходныя духоўныя асновы. Ён папярэджваў пра гэта галятаў падчас свайго служэньня ў іх, але палічыў незалішнім даць яшчэ адзін напамін: «Хадзіце паводле духа і пажаданьня цела не спаўняйце. Бо цела жадае насупраць духу, а дух - насупраць целу: яны адзін аднаму працівяцца, каб вы рабілі ня тое, што хацелі. Калі ж вы ведзеныя духам, вы не пад Законам». Павал заклікае ўсіх жыць жыць па Духу, пералічваючы Ягоныя плады: «Любоў, радасьць, супакой, доўгацярплівасьць, ласкавасьць, добрасьць, вера, ціхасьць, стрыманасьць. Супраць гэтакіх няма Закону. А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пакутамі і пажаданьнямі. Калі мы жывем паводле Духа, дык і ходзім сьледам за Духам. Не шукайма пустой славы, адзін аднаго раздражняючы, адзін аднаму зайздросьцячы. Браты, калі ўпадзе чалавек у які праступак, вы, духоўныя, выпраўляйце гэткага ў духу ціхасьці, зважаючы на сябе, каб ня быць спакушаным. Насіце цяжары адзін аднаго, і гэтак споўніце закон Хрыстовы».
Яшчэ некалькі настаўленьняў і Павал скончыў свой выступ перад прысутнымі, але ня скончыў свайго пасланьня. Пачуўшы прачытаны пісцом ліст, ён, узяўшы папірус, сеў на месца пісца і сваёй рукою дадаў да напісанага: «Бачыце, якімі вялікімі літарамі напісаў я вам сваёю рукою. Тыя, якія хочуць мець добры выгляд паволе цела, прымушаюць вас абрэзвацца толькі дзеля таго, каб ня быць ім перасьледаванымі за крыж Хрыстовы. Бо нават тыя, што абрэзваюцца, самі не захоўваюць Закон, але хочуць, каб вы абрэзваліся, каб хваліцца целам вашым. А мне няхай не надарыцца хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне сьвет укрыжаваны, і я - для сьвету. Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае аніякай сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але новае стварэньне. І хто ходзіць паводле гэтага правіла, на тых - супакой і міласэрнасьць, і на Ізраіль Божы. Нарэшце, няхай ніхто не дадае мне працы, бо я нашу пазнакі Госпада Ісуса на целе маім. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн».
Свидетельство о публикации №226020502092