Победа в Иерусалиме

XV. ПЕРАМОГА Ў ЕРУСАЛІМЕ

Дэлегацыя антыяхийскай царквы не сьпяшаючыся прасоўвалася праз Фінікію і Самарыю. Павал добра ведаў, што зерне Эвангельля тут было пасеяна яшчэ ў тыя часы, калі ён, будучы актыўным і ваяўнічым супраць хрысьціянства фарысэем, змагаўся з хрысьціянамі не жыцьцё, а на сьмерць. Калі ён тэрмінова імкнуўся ў Дамаск, каб арыштаваць тамтэйшых хрысьціянаў, Павал меў у планах, на зваротным шляху, прайсьці праз Самарыю і расправіцца з мясцовымі хрысьціянамі. Але зараз сітуацыя кардынальна зьмянілася і Павал ужо ішоў праз Самарыю прапаведнікам Ісуса Хрыста, але ніяк ня ворагам самаранаў. Самаране добра сустрэлі Паўла і ягоных спадарожнікаў, а Павал прапаведаваў ім, успамінаючы сваю сустрэчу з Ісусам на дарозе каля Дамаску.

Хутка яны ўжо падымаліся да Ерусаліму, які велічна адкрываўся перад імі. У Ерусаліме Паўлу наладзілі цёплы прыём, так не падобны на той, першы пасьля Дамаску, калі яго ўсе цураліся і ніхто не хацеў з ім размаўляць. Павал прыгадаў гэта, як ніколі не забываў і тое, што толькі Барнаба паверыў яму і паручыўся за яго перад хрысьціянамі. Зараз жа два гэтыя апосталы, выпраменьваючы любоў, бадзёрасьць і дабразычлівасьць, распавядалі пра тое, як Бог стварыў новых хрысьціянаў у далёкай краіне. Аповяд апосталаў уважліва выслухалі, але потым выступілі наперад хрысьціяне з фарысэяў і зноў прагучала іхняе патрабаваньне: «Пагане павінны абразацца і выконваць Закон Майсея». Справа абвастрылася, але Павал і не чакаў іншага, а таму быў вызначаны час для фармальнага абмеркаваньня і прыняцьця рашэньня па гэтай праблеме.

Калі ў царкве ўзьнікалі нейкія спрэчныя пытаньні, дык звычайна зьбіраліся апосталы са старостамі і дыяканамі, зьвяртаючыся дзеля гэтага да старога Запавету і вучэньню Ісуса. Але ў тым, што тычылася абразаньня, не было ніякіх ясных указаньняў, бо Ісус не пакінуў ні аднаго настаўленьня на конт гэтага ні да ўкрыжаваньня, ні пасьля ўваскрасеньня. Але Ён казаў, што Сьвяты Дух прывядзе веруючых да праўды, а гэта азначала, што кіраўнікі царквы павінны зараз сабрацца і даведацца пра тое, што ім адкрые Дух Сьвяты. Сталася ж так і шматлікая царква Ерусаліму сабралася ў вызначаны час, каб вызначыцца ў гэтым пытаньні. Паколькі хрысьціяне Ерусаліму падпарадкоўваліся юдэйскаму Закону, дык іхні сход, нейкім чынам, нагадваў юдэйскі Сынэдрыён. Спачатку сваю думку выказвалі малодшыя члены сходу, а потым, адпаведна і тыя, хто больш сталы і так далей. Дыскусія зацягнулася, калі падыйшла чарга апостала Пятра.

Пётр падняўся і вымавіў тое, што вельмі парадавала Паўла: «Мужы браты! Вы ведаеце, што ад дзён старадаўных Бог выбраў сярод нас, каб праз мае вусны пачулі пагане слова Эвангельля і паверылі. І Знаўца сэрцаў, Бог, засьведчыў ім, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам, і ніяк не адрозьніў між намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія. Дык цяпер навошта вы спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ані бацькі нашыя, ані мы? Але мы верым, што збаўленыя праз ласку Госпада Ісуса Хрыста, гэтак сама, як і яны». Пётр змоўк і ніхто не парушаў цішыні, пакуль ня выступіў наперад Барнаба, які, пасьля кароткага ўступу, даў слова Паўлу. Павал жа, гледзячы на Барнабу, пачаў свой падрабязны аповяд пра тыя дзіўныя і цудоўныя падзеі, якія адбыліся з іхнім удзелам у Галятыі. Павал завалодаў увагаю слухачоў на некалькі гадзін, пакуль перад вачамі ерусалімцаў разгортваліся гэтыя эпічныя карціны стварэньня новых цэркваў. Ніхто не перарываў Паўла і не спрачаўся з ім. Але вось Павал скончыў сваю прамову і слова ўзяў старшыня сходу Якуб, які быў кіраўніком гэтае царквы.

Якуб, брат Ісуса Хрыста, падобна Паўлу, сустрэўся адзін з увасросшым Ісусам і паверыў. Якуб ня верыў у Яго пра жыцьці Ісуса, але пасьля сустрэчы з Ім, жыцьцё ягонае перамянілася. Якуб, тым ня меньш, быў прыхільнікам Закону Майсея, а таму нават і няверуючыя юдэі паважалі яго. Але, тым ня меньш, галоўным для яго было падпарадкавацца волі ўваскросшага Госпада. І вось зараз ён ясна ўбачыў з чаго складаецца воля Ісуса, хаця можна было гэта зразумець і раней, калі Сьвяты Дух загадаў Пятру парушыць юдэйскія традыціі і ўвайсьці ў дом рымляніна Карнэля. Аповяд Паўла і Барнабы вельмі паўзьдзейнічаў на хрысьціянаў з юдэяў да таго, каб зьмяніць кропку свайго погляду на ўзьнікшую праблему і пранікнуцца поглядам Паўла на разьвіцьцё хрысьціянства сярод паганаў.

Якуб, падводзячы вынік дыскусіі, спаслаўся на Пятра і пацьвердзіў ягоныя словы з Пісаньня, прамаўляючы наступнае: «Мужы браты! Паслухайце мяне! Сымон распавёў, як спачатку Бог нагледзеў узяць з паганаў народ дзеля імя Свайго, і з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана: “Пасля гэтага вярнуся, і адбудую намёт Давіда, які зваліўся, і зруйнаванае ў ім адбудую, і выпрастую яго, каб шукалі Госпада пазасталыя людзі і ўсе народы, на якіх будзе прызвана імя Маё, - кажа Госпад, Які робіць усё гэта”. Ад вякоў вядомыя Богу ўсе справы Ягоныя. Дзеля гэтага я суджу ня мучыць тых з паганаў, якія зьвярнуліся да Бога, але напісаць ім, каб высьцерагаліся гідотаў ідальскіх, і распусты, і душанага, і крыві; бо Закон Майсея старадаўных пакаленьняў мае ў гарадах тых, хто абвяшчае яго, чытаны ў сынагогах кожную суботу».

Павал, слухаючы спачатку Пятра, а потым Якуба бачыў, што менавіта Бог кіруе гэтым сходам. Апостал Пётр зьвярнуўся да сходу з напамінам пра навяртаньне Карнэля, бо менавіта тады і было вырашана пытаньне пра збаўленьне паганаў па ласцы Божай. І сьведчаньне таму, што Бог даў ім Духа Сьвятога таксама як і юдэям, кажучы тым, што няма ніякай розьніцы паміж юдэямі і паганамі, бо сэрцы тых і другіх атрымалі ачышчэньне вераю. Пётр казаў, што ўсе спробы выкананьня Закону і намаганьне заслужыць такім чынам збаўленьне выніку не далі і не дадуць, а таму застаецца адзін шлях да збаўленьня - у самаадданай веры прыняць свабодны дар Божай ласкі. Па сутнасьці Пётр ставіў пытаньне: «Ці можа чалавек заслужыць дабразычлівасьць Бога, ці ён павінен прызнаць сваю бездапаможнасьць і ў пакоры веры прыняць тое, што прапануе яму Бог у Сваёй міласэрнасьці?» Пётр як бы казаў, што мір ня зыйдзе на чалавека да таго часу, пакуль ён не ўсьвядоміць, што ніколі ня зробіць Бога сваім даўжніком, і што яму застаецца прыняць тое, што дасьць яму, па міласьці Сваёй, Бог.

Павал падумаў, слухаючы апосталаў, і пра тое, што хрысьціянства, у адрозьненьні ад астатніх рэлігій, складаецца, як гэта не парадаксальна, з таго, што шлях да перамогі ляжыць праз прызнаньне сваёй паразы, а шлях да моцы ляжыць праз прызнаньне сваёй слабасьці. Павал з хваляваньнем чакаў слова ад Якуба, бо добра ведаў ягоныя фарысэйскія погляды адносна выкананьня Закону Майсея І вось гэты Якуб стаіць перад вялікім сходам, маючы да яго сваё слова. Ён цытуе прароцтва Амоса пра Тысячагадовае Валадарства ў доказ таго, што збаўленьне паганаў ніяк не процістаіць Божаму плану для Ізраіля. Якуб хоча сказаць, што прарок Амос ня кажа пра тое, што пагане павінны стаць празэлітамі ў юдэйстве. А калі так, дык няма патрэбы, каб пагане станавіліся празэлітамі і ў гэтым веку. Павал быў задаволены, бо калі такі чалавек будзе на баку паганаў, дык справа будзе вырашана найлепшым чынам. І Якуб давёў сходу сваю думку пра тое, што новым вучням Хрыста з паганаў ня сьлед рабіць залішніх перашкодаў. Але пытаньне пра ўзаемаадносіны юдэяў і хрысьціянаў з паганаў заставалася. І тады, каб спросьціць гэтую праблему, Якуб прапанаваў вызначыць пэўныя нормы, якіх павінны прытрымлівацца ў сваім жыцьці хрысьціяне з паганаў.

Што ж прапанаваў Якуб? Пагане павінны былі ўстрымлівацца апаганенага ідаламі. Сучаснаму чалавеку гэта можа падацца дзіўным, але ў тыя часы існавала праблема, зьвязаная з ужываньнем мяса, якое было прынесена ў ахвяру ідалам. Нават апостал Павал, у сваім будучым першым лісьце да карынцянаў, даволі падрабязна разгледзіць гэтую праблему. Справа ў тым, што калі паганін прыносіў ахвяру сваім багам, дык, як правіла, тая ахвярная частка мяса накіроўвалася сьвятарамі на «рэалізацыю» праз гандлёвыя кропкі. І ў гэтым існавала праблема, каб хрысьціянін не ўжываў гэтага апаганенага мяса. Хрысьціяне павінны былі ўстрымлівацца ад блуду, бо ў нячыстым сьвеце яны павінны былі заставацца чыстымі. Яны павінны былі цурацца душанага і крыві. Што гэта азначае? Для юдэя кроў азначала жыцьцё, а жыцьцё прыналежала адзіна Богу. Разам з крывёю сыходзіла і жыцьцё, а таму ўсё мяса, якое ўжывалі гебраі, гатавалася так, каб уся кроў выходзіла з яго. Больш таго, гебраі не практыкавалі забой жывёлаў удушэньнем. Такім чынам, хрысьціянам з паганаў прапанавалася ўжываньне мяса па юдэйскіх правілах, што зьнімала апошнюю перашкоду для ўзаемаадносінаў і ўсталёўвала прынцып таго, што юдэі і веруючыя з паганаў - аднолькавыя перад Богам. Павал быў цалкам згодным з Якубам, бо немагчыма так хутка скасаваць усе абрады, таму што многія стагодзьдзі гебраі маюць звычку выконваць Закон, да і Майсей мае ў сынагогах сваіх абвяшчальнікаў. Таму, на некаторы час, трэба пайсьці на ўзаемныя саступкі, таму што свабода, дадзеная Хрыстом, павінна праявіцца для хрысьціянскага народу паступова. Як кажуць у народнай прымаўцы: «Старажытныя абрады трэба пахаваць, але з пэўнымі ўшанаваньнямі». Менавіта гэта і прысутнічала ў слове і думцы Якуба.

Рашэньні гэтага сабору было пацьверджана ўсёй царквой Ерусаліму. Павал быў задаволены гэтай перамогай, але як данесьці гэта да ўсяго астатняга хрысьціянскага сьвету? Справа, вырашаная Ерусалімскім саборам, была вельмі важнай весткаю, а таму спосаб і момант абвяшчэньня ўсім веруючым таксама бачыўся вельмі важным. Царква ў Антыёхіі павінна ведаць, што рашэньне сабора ў Ерусаліме, якое вельмі ўзгоднівалася з пазіцыяй Паўла, ня ёсьць ягоныя асабістыя домыслы і што Павал не выдае афіцыйны дакумант за плод асабістай творчасьці. Адсюль і выявіліся аўтарытэтныя пасланцы з Ерусаліму. Юда і Сіла дададуць асабістае адценьне пасланьню, якое, шчыра кажучы, выглядала сухім і безэмацыйным. Яны дадуць і дадатковае тлумачэньне, каб ніхто ня меў сумневу ў гэтым царкоўным вучэньні. Сход жа, пасьля непрацяглых дэбатаў, пастанавіў напісаць паганскім цэрквам наступнае: «Апосталы, і старосты, і браты - братам з паганаў у Антыёхіі і Сірыі, і Кілікіі: радавацца! Пачуўшы, што некаторыя прыйшлі ад нас, стрывожылі вас словамі, захістаўшы душы вашыя, кажучы абрэзвацца і захоўваць Закон, чаго мы не загадвалі, надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных мужоў разам з улюблёнымі нашымі Барнабам і Паўлам, людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста. Дык паслалі мы Юду і Сілу, і яны словамі паведамяць тое самае. Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, акрамя гэтага неабходнага: сьцерагчыся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты. Захоўваючы сябе ад гэтага зробіце добра. Бывайце здаровыя».

Калі Павал і Барнаба прынесьлі гэты ліст у Антыёхію, усе хрысьціяне парадаваліся. Юда і Сіла абвесьцілі ў Антыёхіі волю Божую. Ды так, што Павал і Барнаба сядзелі ў іхніх ног. Павал наколі не пераставаў вучыцца, а ў гэтых прапаведнікаў павучыцца было чаму. Гэта была зіма 49 года, калі Юда, а потым і Сіла вярнуліся ў Ерусалім, а Паўла напаткала вельмі непрыемная навіна, якая прыйшла з Галятыі. Апынулася, што ў гэты самы час яшчэ адна група хрысьціян з фарысэяў прыйшла ў галятыйскія цэрквы праз Кілікію, дзе іх вельмі добра сустрэлі. Яны і навучылі галятаў абразаньню, як і іншым рэчам для выкананьня Закону Майсея. Распытаўшы падрабязна пра гэта Павал зразумеў, што адбылося ў Галятыі. Перш за ўсё гэтыя ілжывыя настаўнікі падарвалі аўтарытэт Паўла, падкрэсьліваючы, што той асабіста ніколі ня быў вучнем Ісуса. Павал, з іхніх словаў, быў звычайным чалавекам, які нахапаўся выслоўяў і думак Ісуса з другіх рук і таму ягонае вучэньне не заслугоўвае большай павагі, чым пазіцыя любога іншага чалавека. Так, ягоная пропаведзь добрая, але яна не ахоплівае ўсёй сутнасьці веры, а яны прыйшлі, каб папоўніць упушчанае Паўлам - увесьці абразаньне і падпарадкваацца юдэйскаму Закону.

Галяты папаліся ў пастку. Калі Павал прапаведаваў сярод галятаў, іх патрэсла вялікая Божая міласьць, якая прынесла ім поўную і неабмежаваную свабоду. Старое грахоўнае жыцьцё, напоўненае страхам і недаверам, зьмянілася вераю ў Ісуса Хрыста, Які пачаў жыць у іх. Усё, што ім было патрэбным, дык гэта пераймаць жыцьця і паводзінаў Хрыста, каб напоўніцца Ягонаю сілай. Так было ў прысутнасьці Паўла, але, калі ён сышоў, дык некаторыя вярнуліся да ранейшых памылкаў. Так, яны каяліся ў сваіх грахах, але ім было цяжка паверыць таму, што для поўнага прабачэньня і ацаленьня дастаткова толькі пакаяцца і верыць. Гэтым людзям здавалася, што Бог патрабуе ад іх заслужыць Ягоную міласьць нейкім асобным чынам. Прыродны інстынкт прымушаў іх спадзявацца ня толькі на Ісуса Хрыста, але і на асабістыя намаганьні ўласкавіць Госпада. Вялікая прастата добрай весткі апынулася неадольнай для іхняга розуму, які звыкся да таго, што любую карысьць трэба заслужыць цяжкаю працай.

І вось зараз, новыя прапаведнікі, якія аспрэчвалі Паўла, вучылі таму, што ён памыляўся, а прыродны інстынкт галятаў быў правы. Абрэзваючыся і выконваючы Закон, яны маюць заслужыць збаўленьне, а вельмі немалаважна і тое, што юдэі будуць лічыць іх сваімі. Гэтыя весткі вельмі зьбянтэжылі Паўла і Барнабу. У зьбянтэжаных пачуцьцях Павал бязмэтна блукаў па вуліцах Антыёхіі. Ён быў абураны паводзінамі ілжывых братоў і ўзрушаны тым, як хутка галяты атдступіліся ад сапраўднае веры. Усё гэта раніла і расчароўвала яго. Паклёп і хлусьня ў ягоны адрас не маглі прычыніць яму засмучэньне, бо ён быў да гэтага звыклы, але падзеньне галятаў, падзеньне новай царквы жахала яго. Павал адчуваў непераадольнае жаданьне дапамагчы ім, сваім малым дзецям, каб адчуваньне нараджэньня новых сэрцаў зноў авалодалі імі. І ён вырашыў не пакладаць сваіх рук, але вярнуць іх на шлях праўды, бо гэта было жыцьцёва важным ня толькі для яго, але для Ісуса Хрыста.

Паўлу невыносна было думаць пра тое, што крыжовыя пакуты Ісуса разглядаюцца ўласнымі вучнямі як нешта другаснае. Ён ня мог пагадзіцца з тым, што палавіністая, незавершаная і нездаровая вера ў Ісуса можа зрабіць чалавека хрысьціянінам, нават і калі царква, папоўніўшыся такімі людзьмі, стане больш шматлікай. Усе гэта адбілася на Паўле тым, што ён вырашыў неадкладна напісаць ліст да галятаў.


Рецензии