Путь в Европу
Стомленыя вандроўнікі ўспрынялі Трааду такой жа стомленай, як і яны самыя. Уладкаваўшыся на начны адпачынак, яны спадзяваліся адзіна на Госпада, каб Ён прывёў іх на тое месца, дзе яны могуць і здольныя прыносіць Яму пэўную карысьць. Адпачнуўшы ж яны ўбачылі зусім іншы горад, чуючы грэцкую мову і дабразычлівыя ўсьмешкі. Адчуваючы, што Госпад не дарма прывёў іх у гэты горад, яны былі ў чаканьні таго прызначэньня, для чаго яны тут і апынуліся. Ня трэба думаць, што яны ня ведалі свайго асноўнага жыцьцёвага прызначэньня, але чаму менавіта тут і менавіта зараз? Дзейны Павал адразу ж пачаў нешта рабіць, калі яны апынуліся на гандлёвай плошчы гораду. Устрэўшы ў размову мясцовых філосафаў, ён пачаў сваю пропаведзь пра адзінага Бога і Ягонага Сына Ісуса Хрыста. Слухачы, якія адразу ніяк не ўспрымалі ягоныя словы, паступова заціхалі і ўважліва пачыналі слухаць Паўла. Некалькі зацікаўленых пачалі задаваць пытаньні, але сярод іх асабліва вызначаўся лацінскага выгляду чалавек, які адразу спадабаўся Паўлу сваёй адукаванасьцю і разважлівасьцю. Пасьля некалькіх адказаў на пытаньні, апостал запрасіў гэтага чалавека на сумесную вячэру з ягонымі сябрамі.
Чалавек гэты назваўся Лукою і пагадзіўся на сустрэчу. Ён выявіў сябе чалавекам дабразычлівым і спакойным, праніклівым позіркам вывучваючы людзей, і зьявы каля іх, з дакладнасьцю і акуратнасьцю лекара. Уважліва дасьледваўшы ўсе так і супраць, Лука ўпэўніўся ў тым, што Ісус уваскрос, што Ён Сын Божы і Збаўца гэтага сьвету. Ён ясна адчуваў і бачыў штодзённае ды непасрэднае ўзьдзеяньне Бога на жыцьцё ўсіх людзей. І там, дзе іншыя бачылі толькі выпадковасьць ці ўдачу, Лука заўважаў руку Божую. Так гэты Лука назаўсёды ўвайшоў у жыцьцё апостала Паўла. А гэта і было адным з тых шляхоў Госпада, якія, пакуль што, не разумелі Ягоныя вучні. Лука, лекар і вучоны, прыняў Ісуса Хрыста пад узьдзеяньнем пропаведзі Паўла і вырашыў пасьвяціць сваё астатняе жыцьцё свайму Госпаду і Збаўцу. Але і ня толькі, бо Лука ўжо бачыў незайздросны жыцьцёвы стан Паўла, а таму прапанаваў панаглядаць за ім і дапамагчы яму. Павал пагадзіўся, але, па-перш, з-за таго што Лука стаўся верным вучнем Ісуса Хрыста.
Павал пахрысьціў Луку, але пакуль што ня ведаў таго галоўнага, што падгатаваў для іх Госпад - гэта ня толькі лекар, але і вучоны гісторык, у думках якога ўжо сасьпявала думка данесьці да нашчадкаў гісторыю пра пачатак і стаўленьне той хрысьціянскай Царквы, што складалася ў гэты час. Лука адчуваў гісторыю ўвогуле, а таму адчуваў стварэньне гэтай цудоўнай яе часткі, як цуд ад Ісуса Хрыста. Лука старанна вучыўся ад Паўла навуцы Ісуса і ўжо думаў пра тое, каб гэтае вучэньне дасягнула ягонае радзімы. І вось аднойчы, у начы, Павал пачуў словы ад Госпада пра просячага македонца: «Перайшоўшы ў Македонію, дапамажы нам». Рашэньне Паўла ісьці ў Македонію як жаданьне Лукі? Гэта можна пахаваць, бо хто такі Лука? Але. Ён размаўляў пра гэтае з Паўлам і ці не таму, што гэта было звыш? Македонскі грэк Лука ўпэўніваў Паўла, што Македонія ёсьць добрая глеба для сеяньня хрысьціянскага зерня. Адукаваны Лука распавёў Паўлу гісторыю македонцаў, пачынаючы ад Філіпа, бацькі Вялікага Аляксандра. Македонскі народ згубіў сваю незалежнасьць пад уціскам Рыму, але захаваў свае лепшыя рысы, якія складаліся стагодзьдзямі. І пад рымскім валадарствам гэтая краіна засталася месцам, поўнай годнасьці і чэсьці.
Павал вельмі палюбіў Луку, бо той быў вельмі мяккага складу, з душою пяшчотнаю, сьціплым і верным свайму настаўніку ў Ісусе Хрысьце. Ураджэнец гораду Нэапаля, марскога порту Філіпаў, нядрэнна ведаў марскую навуку мораплаваньня, што вельмі падабалася Паўлу, які таксама ведаў асновы марской справы. Лука ведаў Македонію, яе людзей і гісторыю, а таму іхняе прадпрыемства набывала яшчэ большую ўпэўненасьць. На працягу тыдня прапаведнікі чакалі спрыяльнага ветру, каб пераплыць праліў да Македоніі, запаўняючы гэты час малітвай і ўмацаваньнем той невялічкай царквы, якая ўжо склалася ў Траадзе.
Нарэшце, на пачатку жніўня 50 году, падзьмуў паўдзённы вецер, што давала ім шанец за некалькі дзён дасягнуць македонскага берагу. Лука любіў мора і захоўваў у сваёй памяці ўсё, што адбывалася пад час марскіх падарожжаў. Але на гэты раз усё было спакойна і карабель весела разразаў невялікія хвалі, давяраючы хуткасьць свайго ходу, напоўненым пругкім спадарожным ветрам, ветразям. Кожны быў заняты сваімі думкамі і разважаньнямі, але Лука не адыходзіў ад Паўла, распытваючы таго пра ягонае жыцьцё ад нараджэньня. Асабліва цікавіла яго навяртаньне апостала, бо Лука ўжо ведаў, што не бывае аднолькавага ў гэтай справе. Павал шчыра распавядаў свайму новаму сябру ўсю гісторыю свайго жыцьця, ня ведаючы пакуль таго, што Лука ўсё гэта скурпулёзна запіша ў свой асабісты сьвітак, каб, у свой час, сфармаваць усё гэта ў нейкі асаблівы літаратурны твор.
Мінуючы правым бортам выспу Тэнедас, дзе грэкі калісьці пабудавалі знакамітага драўлянага каня для Троі, карабель прайшоў каля праліву Гэлеспонт (Дарданэлы). Вузкі мыс выспы Гэлес, бліскучы ад блакітных хваляў, дрыжэў ад сьпякоты дзённага паветра, застаўшыся па леваму борту карабля. Да наступу ночы яны прышвартаваліся ў порце выспы Саматракія, а зранку, працягнуўшы шлях, ужо да поўдня расьсякалі хвалі мора паміж выспай Фасас і берагам Македоніі. Прапаведнікаў зусім не хваляваў той факт, што яны пераплывалі з Азіі ў Эўропу, бо усе берагі гэтага мора лічыліся грэцкімі. Паўла хвалявала іншае. Ён разумеў, што Македонія - гэта толькі пачатак вялікага шляху распаўсюджваньня Эвангельля Хрыста, бо далей будзе Ахая, за ёй Італія, каб потым пайсьці ў Галію, Гішпанію, Германію, а нават і Англію, якая ня так і даўно была прыяднаная да Рыму. Амаль што ўвесь сьвет ня чуў Добрай весткі і таму прапаведнікі гатаваліся высадзіцца ў Эўропе. Яны наступалі - бяз зброі ў руках і палітычнай прапаганды. Іх было чацьвёра, але з імі быў яшчэ Адзін, Нявідзьмы, Той, Каму былі вядомыя абрысы ўсіх берагоў і мораў задоўга да Ахіла і Адысея. Той, Хто мог бы скрышыць усе імперыі і гарады адным Сваім подыхам. Які, між тым, выбраў іншы і сьціплы шлях, такі жа слабы і ўразьлівы, якім зьвіўся Ягоны Сын паўстагодзьдзя таму ў юдэйскім Бэтлееме.
Увечары другога дня марскога вандраваньня сябры выйшлі на бераг у Нэапалі і Лука, які ведаў тут усё, вельмі хутка вызначыў месца адпачынку, узяўшы гаспадарчую сітуацыю ў свае рукі. Адпачнуўшы, прапаведнікі падзякавалі гаспадароў за добры прытулак і накіраваліся ў бок Філіпаў па горнай дарозе Эгнацыйскага шляху - адным з самых знакамітых рымскіх шляхоў пад назваю «Віа-Эгнацыя». Выйшаўшы на гэты шлях яны азірнуліся, ўбачыўшы невялікую гавань Нэапаля над якім ўзвышаўся Пангейскі хрыбет, а наперадзе ўжо быў бачны горад Філіпы, у даліне перад якім, як распавёў Лука, Актавіян Аўгуст у знакамітай бітве ўшчэнт разьбіў войска забойцаў Цэзара. Каменныя муры Філіпаў велічна ўзвышаліся па абоіх баках дарогі, а над мурамі, на вышыні трохсот метраў, бачыўся акропаль.
Горад Філіпы, пра гэта таксама распавёў прапаведнікам Лука, быў названы ў чэсьць бацькі Аляксандра Вялікага і падпарадкаваўся Рыму пасьля даволі кравапралітнай бітвы. Горад быў буйнейшым у-ва ўсходняй Македоніі, але ня быў цэнтрам адміністрацыйнай улады. Тым ня меньш горад меў права самакіраваньня, як рымскай калёніі. У гэтым «маленькім Рыме» усе размаўлялі на лаціне і ўсе справы вяліся на лацінскай мове. Тут панаваў дух мужнасьці, націску і здаровага сэнсу. Прапаведнікі ўбачылі тут шмат маладых легіянэраў і ўжо сталых ветэранаў са сваімі сем’ямі, якія былі вельмі гордыя тым, што рымскі арол панаваў на форуме і ў галоўным храме. Рымскае грамадзянства тут шанавалі, але фракійскае насельніцтва тут было ў вялікай колькасьці. Гэта былі працавітыя людзі, якія жылі ў міры і парадку, а таксама былі вельмі рэлігійнымі. Тут квітнелі рэлігійныя братэрствы, асабліва пад заступніцтвам бога Сільвана, якога шанавалі як ахоўніка рымскага валадараньня. Наогул адмысловая мясцовая рэлігійнасьць несла ў сабе зярняты монатэізму і ідэі вечнага жыцьця. Усё гэта і складала тую добрую глебу для хрысьціянства, пра якую і казаў Паўлу Лука.
Праходзячы праз зялёную раўніну перад горадам падарожнікі ўбачылі, як апрацоўвалася гэтая зямля. Паўсюдна яны бачылі гародніну і разнастайныя па прыгажосьці кветкі. Цудоўныя крыніцы, якія білі з мурмурнай гары прыносілі ценю і сьвежасьць. На лугах, залітых вадою і пакрытых чаротам, былі бачныя статкі валоў з вялікімі рагамі, стоячымі ў вадзе, а шматлікія матылі і пчолы кружылі над кветкамі гэтай даліны. Гара Пангей з велічнымі вяршынямі, якія да ліпеня пакрытыя сьнегам, як быццам бы насоўвалася на горад, жадаючы прасунуцца да яго праз балоты. З усіх астатніх бакоў горад аблямоўваюць цудоўныя горныя ланцугі, пакідаючы вольным толькі адзін прамежак, праз які ўцякае неба і ў яснай далічыні дазваляе здагадацца пра раку Стрымон. Колішняя слава Філіпаў - гэта залатыя руднікі, якія на сёньня ўжо ня дзейнічалі, але ваеннае значэньне гораду, сьціснутага паміж гарой і балотам, надала яму новую жыцьцёвасьць. Бітва Аўгуста перад брамамі гораду сталася прычынаю нечаканага росквіту, калі Рым заснаваў тут значную сваю калёнію. Філіпы і для прапаведнікаў уяўляліся вельмі зручным полем дзеяньня, а таму яны ўжо шукалі месца для адпачынку і пражыцьця. Лука спрытна справіўся з гэтай задачай і ўжо ў хуткім часе прапаведнікі маліліся ў пакоі, дзе, на іхнюю думку, яны павінны былі застацца на значна працяглы час.
Хутка набліжалася субота, але, па словах Лукі, у Філіпах не было сынагогі, а гэта азначала толькі тое, што ў горадзе было меньш чым дзесяць веруючых мужчынаў юдэяў. Але Лука ведаў і тое, што нешматлікія гебраі, і спачуваючыя ім, зьбіраюцца па-за горадам, каб праславіць Госпада і аддаць Яму належныя ахвяраваньні. Таму суботнім ранкам Павал, Сіла, Цімафей і Лука праклалі сабе шлях паміж сялянскіх вазоў, якія зьехаліся на кірмаш. Сябры выйшлі з гораду праз паўночна-заходнюю браму, якая была пабудаваная ў чэсьць Аўгуста. Пройдзячы каля паўгадзіны яны выйшлі да вузкай і хуткай ракі Гангіт. Непадалёку ад мосту ўбачылася невялікая група, якая гатавала ахвярапрынашэнье на беразе гэтай ракі.
Прапаведнікі прыселі побач і пазнаёміліся з прысутнымі, якія і паказалі галоўную прысутную гэтага дзейства - Лідзію. Заможная жанчына, тут у Філіпах, гандлявала пурпурам. Але пурпур неабходна было прыгатаваць, для чаго патрэбна была адпаведная фарба, прыгатаваньнем якой і займалася Лідзія, якая паходзіла з гораду Тыятыра, які і быў знакаміты вытворчасьцю адмысловай фарбы. Баграніца - назва гэтае фарбы, якая зьбіралася па кроплям з ракавінаў багранкі і была вельмі, і вельмі каштоўнай. Малюск багранкі меў так званую пурпуровую залозу, якая вылучала чырвоную вадкасьць, здольную афарбоўваць тканіны ў пурпур. І вось, гэтая заможная жанчына навярнулася да Хрыста. Пра навяртаньне Лідзіі Лука выказаўся даволі проста: «Госпад адчыніў сэрца ейнае, каб зважала на прамову Паўла». Часам ўсё бывае зусім ня так, як з сотнікам Карнэлем. Перад намі жанчына, якая малілася і шукала Госпада, адкрываючы сабе магчымасьці таго, што Бог, у Сваю чаргу, ўбачыць гэта і пакліча яе. І, як бы тое не было, у выпадку з Лідзіяй слова Паўла стукалася ў дзьвер, якая была ўжо адчыненай. І вось вынік. Унутр дома, унутр ейнага сэрца ўварвалася сьвятло - Вестка пра Госпада Ісуса Хрыста, і яна, разам са сваімі блізкімі, хрысьцілася.
Ахрысьціўшыся ж Лідзія прапанавала вандроўнікам місіянэрам застацца ў яе доме на той тэрмін, які яны самі б і выбралі. І гэта не выпадкова, бо сам Павал, пералічваючы душэўныя ўласьцівасьці хрысьціяніна, даводзіў, што хрысьціяне павінны раўнаваць пра гасьціннасьць, кажучы: «У надзеі радуйцеся; у прыгнёце будзьце вытрывалымі; у малітве - сталымі; у патрэбах сьвятых бярыце ўдзел; імкніцеся да гасьціннасьці» Таксама і апостал Пётр, настаўляючы нованавернутых хрысьціянаў казаў пра гасьціннасьць і служэньне аднаго да аднога: «Будзьце гасьцінныя адны да адных без нараканьняў. Служыце адзін аднаму кожны тым дарам ласкі, які атрымаў, як добрыя аканомы разнастайнае ласкі Божае». Павал спачатку адмовіўся ад прапановы Лідзіі, але гэтая настойлівая жанчына ўсё ж упэўніла прапаведнікаў і яны пагадзіліся.
З самога нараджэньня новай царквы, нованавернутыя хрысьціяне пачалі аддана працаваць разам з прапаведнікамі. Радаваў сэрца Паўла Цімафей, які сваёй працай даказваў, што ягонае пакліканьне ў гэтым жыцьці ёсьць дабравесьце. Сьветлы і мірны воблік Паўла, атмасфэра духоўнай прыгажосьці вакол яго, падштурхоўвала філіпянаў ісьці за ім і несьці Добрую Вестку іншым людзям, падзяляючы радасьць і сілу Госпада. Праходзілі дні і ўсё новыя людзі прыходзілі да Хрыста, каб быць з Ім назаўсёды. Паўлу падавалася, што менавіта ў гэтым горадзе ён можа прыпыніцца на даволі працяглы час, каб закласьці тут добры падмурак хрысьціянскае веры.
Але ня ўсё так проста сталася ў гэтым гасьцінным горадзе і адно даволі нечаканае здарэньне парушыла планы місіянэраў. На дванаццаты дзень, пасьля першай суботы, калі прапаведнікі ішлі на малітву, калі па-за Паўла і ягонымі спадарожнікамі пачуўся пранізьлівы крык: «Людзі гэтыя - слугі Бога Найвышэйшага, якія прапаведуюць нам шлях збаўленьня». Крык гэты быў ад дзяўчыны-прадракальніцы, якая была прывезеная з Дэльфаў, дзе на паўдзённым схіле гары Парнас, якая ўзвышалася над Карынтскім пралівам, нават і дзяржаўныя асобы кансультаваліся з Дэльфійскім Аракулам. Гэтая дзяўчына прыносіла немалыя грошы сваім гаспадарам, бо была апантанаю духам праракальніцтва і вельмі каштавалася ў Філіпах. Павал вырашыў не зьвяртаць увагі на гэты выкрык, але падобнае пачало паўтарацца кожны наступны дзень, а гэта не ўваходзіла ў планы прапаведнікаў, калі нейкі злы дух з Дэльфаў будзе «рэкламаваць» іхнюю пропаведзь. І вось аднойчы Павал ня вытрымаў і, павярнуўшыся да дзяўчыны, сказаў духу: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста выйсьці з яе!» Твар дзяўчыны ў той жа час прасьвятлеў, зьнік дзікі погляд, а голас стаў роўным ды спакойным. Гаспадары дзяўчыны, што былі побач яе, з жахам зразумелі ўсё. Ня будзе больш грошай ад гэтай дзяўчыны, а яна зараз годная ня больш чым месьці падлогу ці мыць посуд.
Рэакцыя ўладальнікаў дзяўчыны была імгненнай і жорстай. Яны накінуліся на Паўла і Сілу, абвінавачваючы іх у злачыннасьці і заклікаючы прысутных сьведчыць пра тое, што гэтыя юдэі парушаюць парадак у горадзе. Апосталаў адразу ж пацягнулі да начальнікаў, кажучы: «Гэтыя людзі трывожаць наш горад, а яны - юдэі, і прапаведуюць звычаі, якіх нам, рымлянам, ня сьлед ані прымаць, ані рабіць». Войты, што кіравалі горадам, ня сталі нават і дазнавацца пра гэтае здарэньне, загадаўшы біць іх кіямі. Больш таго, іх, пасьля зьдзекваньня, адвялі ў вязьніцу, дзеля вызначэньня далейшага пакараньня. З юрыдычнага пункту гледжаньня, абвінавачваньне выглядала зусім непераканала, бо закон нічога не казаў пра страту прароцкіх здольнасьцяў пры ўмяшальніцтве трэцяга боку. Але начальнікі не ўхвалялі і неафіцыйных вераваньняў, бо гэта парушала грамадзкі парадак, а парадак яўным чынам быў парушаны. Чым больш хваляваўся і крычаў натоўп, тым больш узьнікала патрэба прыняцьця пэўных мераў па супакойваньню натоўпу. Разбуралася рымская дысцыпліна, а начальнікі былі адказнымі за гэта і зусім не жадалі ад гэтага пацярпець.
Так прапаведнікі апынуліся ў вязьніцы, якая была пабудаванаю на схіле гары, непадалёк ад Акропаля. Ахоўнік, ветэран-легіянер атрымаў загад строга сачыць за арыштаванымі і таму ён, у сваю чаргу, загадаў кінуць іх ва ўнутраную вязьніцу, зашчаміўшы іхнія ногі ў калоду. Шырока расстаўленыя ногі вязьня прасоўваліся ў адтуліны паміж цяжкімі драўлянымі дошкамі і моцна заціскаліся. У такім вось незайздросным становішчы і апынуліся апосталы. Яны ляжалі на каменнай падлозе, ня маючы сілаў нават і размаўляць пасьля жорсткага пакараньня. Спроба сесьці ў калодках прынесьлі ім яшчэ больш войструю болю і яны, такім чынам, вымушаныя былі ляжаць з параненымі сьпінамі на халоднай падлозе. Сонца ўжо ўзыходзіла над зямлёю, калі Лука і Цімафей ужо зьбіралі хрысьціянаў, каб маліцца за сваіх сяброў. Павал і Сіла ўсьведамлялі, што з імі, рымскімі грамадзянамі, у рымскай калёніі, учынілі карныя дзеяньні насуперак рымскіх законаў. Абраза, прыніжэньне, боля - як абраніцца ад гэтага, дзе шукаць падтрымку? І яны пачалі маліцца да Таго, Хто любіць іх, Хто заўсёды побач, Хто пацярпеў нашмат больш і перамог. Малітва ішла за малітвай, спачатку ціха і няўпэўнена, а потым усё грамчэй і грамчэй. Потым жа апосталы пачалі пець і ня проста, каб сябе падбадзёрыць, але гэта быў гімн Таму, Чыя прысутнасьць дапамагала пераадоліць болю, цемру і холад: «Дзеля Бога і ўзвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя, каб у імя Ісуса схілілася ўсякае калена нябесных, зямных ды падземных і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад Ісус Хрыстос у славу Бога Айца».
У галоўным памяшканьні турмы, дзе знаходзіліся іншыя вязьні і чакалі прысуду ці пакараньня, дзівіліся на гэтых людзей, якіх прыцягнулі сюды ў непрытомнасьці і якія зараз радасна пяюць, праслаўляючы Госпада. Незвычайнае адчуваньне радасьці і надзеі ахапіла сэрцы тых, хто чуў сьпеў прапаведнікаў. Вязьні слухалі і вось тут здарылася незвычайнае. Усю турму узрушыў моцны штуршок землятрусу. Ніякага македонца ня зьдзівіш землятрусам, але на гэты раз усё было такім моцным, што захісталіся падмуркі вязьніцы; і адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і ва ўсіх паслаблі путы, а ланцугі павыскоквалі з муроў, дзе яны былі замацаванымі. Стварыўся цуд і стаўся вялікі землятрус, які адчыніў дзьверы і паслабіў путы ў зьняволеных. Цуд жа ня толькі ў землятрусе як такім, але і ў тым, што ён адбыўся непасрэдна на месцы разьмяшчэньня гэтай вязьніцы.
Павал і Сіла, зашчамлёныя ў калоды, сьпявалі, пры гэтым, гімны хвалы Госпаду Хрысту і гэта кажа пра тое, што ў хрысьціяніна ніколі нельга адабраць Бога і прысутнасьці Ісуса Хрыста, бо калі веруючы чалавек з Богам, ён вольны нават і ў вязьніцы, і нават у начы для яго ёсьць сьвятло. Землятрус цудоўным чынам не парушыў будынак вязьніцы, але ахоўніка яе ён парушыў, у духоўным сэнсе, вельмі грунтоўна. На пачатку ён хацеў забіць сябе мечам, бо думаючы, што ўсе паўцякалі, чакаў сьмяротнага пакараньня. Але Павал, разумеючы ўсё гэта, усклікнуў да ахоўніка: «Не рабі сябе ніякага ліха, бо ўсе мы тут». Вокліч Паўла вярнуў яго да жыцьця і, як бачна, да жыцьця новага, у Ісусе Хрысьце, бо, у выніку, навярнуўся ён і дом ягоны. І гэта ёсьць цуд, а дакладней частка таго цуду, які пачаўся з землятрусу ў вязьніцы. Але словы ахоўніка: «Панове, што я мушу рабіць, каб быць збаўленым?» патрабуюць асаблівай увагі і пэўнага разважаньня.
Ашалеўшы ад страху, ён толькі што наважваўся на самагубства і тут такія імгненныя перамены. Няўжо гэты чалавек, усьвядоміўшы сваю грахоўнасьць, пытаўся ў Паўла і Сілы пра апраўданьне праз Божую ласку па веры? Гэта наўрад ці, бо добра ведома, што ў антычным сьвеце слова «збаўленьне» азначала пазбаўленьне ад сур’ёзных непрыемнасьцяў (хвароба, фінансавыя праблемы, цяжкія жыцьцёвыя абставіны г. д.). Таму падаецца верагодным, што моцна перапужаны ахоўнік укладаў у свае словы некалькі іншы сэнс: «Падкажыце, калі ласка, як мне выбрацца з гэтага непрыемнага здарэньня?» Іншая справа, што ён атрымаў нашмат больш, чым прасіў у сваіх вязьнікаў. І так таксама бывае. Вядома ж, што хрысьціянскі сьветапогляд кажа пра тое, што ўвесь сьвет знаходзіцца ў вялікай бядзе, якая выяўляецца ў мностве розных рэчаў. Ад бунта супраць Творцы і ад ідалапакланеньня, ад грэху ці скажэньня чалавечага жыцьця, ўзаемаадносінаў, да забруджваньня прыроды, розных дыктатур, грамадзкіх несправядлівасьцяў і любой канкрэтнай бядотнай сітуацыі, любога крызісу канкрэтнага чалавека ў патрэбе і страху, які сваім грахом збудаваў мур паміж ім і Госпадам. Хрысьціянства кажа, што менавіта такі сьвет і ёсьць, але ён ня будзе такім у Хрыстовым будучым. Больш таго, Хрыстос праяўляе Сябе праз веруючых тут і зараз. І таму становяцца зразумелымі словы Паўла і Сілы да свайго ахоўніка: «Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой», бо вера ў Ісуса Хрыста і ёсьць той ключ да збаўленьня, збаўленьня ў-ва ўсіх сэнсах.
Пасьля таго як Павал і Сіла прапаведавалі сям’і ахоўніка, ён паказаў сапраўднасьць свайго навяртаньня, абмыўшы вязьнікам раны і адразу ж хрысьціўшыся. Пасьля, частуючы іх, увесь дом ахоўніка радаваўся таму, што яны паверылі ў Госпада Ісуса Хрыста. Гэтая радасьць і у начны час дае сьвятло, бо пачалося выпраўленьне сьвету і знакам гэтага стаўся начны пачастунак, які зладзіў рымскі ахоўнік вязьніцы для двух служыцелей Ісуса Хрыста. А як настаў дзень, паслалі войты жандараў да ахоўніка кажучы: «Вызвалі людзей гэтых». Ахоўнік жа паведаміў словы гэтыя Паўлу: «Войты паслалі, каб цяпер вызваліць вас. Дык выйшаўшы, ідзіце ў супакоі» А Павал прамовіў да іх: «Нас, людзей рымскіх, без суду зьбіўшы прынародна, кінулі ў вязьніцу, і цяпер цішком выганяюць нас? О, не! Але няхай самі, прыйшоўшы вывядуць нас». Жандары абвесьцілі словы гэтыя войтам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны - рымляне. І прыйшоўшы, перапрашалі іх, і, вывеўшы, прасілі пайсьці з гораду.
Так, войты атрымалі зьвесткі пра той землятрус, які адбыўся на тэрыторыь вязьніцы і, магчыма, падумалі пра тое, што гэтых выпрабаваньняў хопіць для арыштаваных. Але гэта проста здагадка, бо яны, хутчэй за ўсё, наўпрост адумаліся ў сваёй несправядлівасьці да гэтых людзей, таму і загадалі вызваліць іх. Але тут Павал кажа: «О, не!» і, нечакана для іншых, паказвае свой характар. Прынародна адбылося пакараньне рымскіх грамадзянаў без усякага суду і сьледства, няхай жа прынародна самі войты і вызваляць іх. Павал вырашыў рабіць так не з-за асабістага славалюбства ці капрызу, а дзеля відавочнага аднаўленьня сваёй невінаватасьці, бо калі б яны ціхенька выйшлі з вязьніцы і пайшлі далей, дык шмат бы хто з людзей патлумачыў гэта на свой лад. Але, што гэта за магічнае слова - «рымскі грамадзянін» і чаму войты так перапужаліся той навіны, што Павал і Сіла рымскія людзі? Робячы невялікі отступ ад плыні нашага апавяданьня, трэба давясьці да чытача нейкія неабходныя для ўспрыманьня тагачаснай рэчаіснасьці пэўныя гістарычныя зьвесткі.
Справа ў тым, што рымскае грамадзянства, па законах Рыма, вызваляла маючых гэты тытул ад цялесных пакараньняў, тым больш без суду і сьледства. І гэтаму папярэднічала цікавая, але павучальная гісторыя, якая і нарадзіла так званы «сіндром Верраса». Гісторыя ж такая. Калісьці, у I стагодзьдзі да Р. Х., Сіцыліяй кіраваў рымскі намесьнік Веррас, які меў вельмі ўплывовых сяброў у Рыме. Гэты Веррас быў зацьцятым хабарнікам ды грабежнікам і ніякія жалобы мясцовых жыхароў да ўладаў не даходзілі, бо сябры ў Рыме затулялі яго. Больш таго, ён укрыжаваў чалавека, які намагаўся данесьці да ўладаў праўду пра ягоныя злачынствы. Укрыжаваны чалавек быў рымлянінам. Гэтай справаю зацікавіўся знакаміты Цыцэрон, які вынес на паверхню злачынствы гэтага Верраса. Нягледзячы на сур’ёзны супраціў уплывовых сяброў Верраса, судовы працэс усё ж адбыўся ў 70 годзе да Р. Х., на якім Цыцэрон бліскуча перамог. Веррас ад пакараньня зьбёг, але, неўзабаве, ён быў забіты па загаду Марка Антонія. Гэтая гісторыя абляцела ўсю імперыю Рыма як папярэджаньне ўсяму чынавенству на месцах. Усе мясцовыя кіраўнікі ведалі як два памножыць на два: яны не павінны паўтараць памылкі Верраса, бо калі яны зробяць нешта падобнае і пра гэта даведаюцца ў Рыме? Не, лепш ня думаць пра тое, што будзе далей.
Войты, выбачыліся перад Паўлам і Сілай, просячы іх пайсьці з гораду, каб, пазбавіцца размоваў вакол гэтай непрыемнай і небясьпечнай для іх гісторыі. Пабыўшы некаторы час у Лідзіі, Павал і Сіла пайшлі далей, пакінуўшы Цімафея і Луку ў Філіпах, каб умацаваць тутэйшую і зусім юную царкву. Што ж тычыцца Цімафея, дык ён, у хуткім часе, павінен будзе прыяднаецца да Паўла і Сілы ў Бэрыі. А пакуль што яны крочылі па рымскаму шляху, кіруючыся на буйны горад Македоніі - Тэсалоніку.
Свидетельство о публикации №226020601832