Пути Господа
Зіма ўжо падыходзіла да сайго завяршэньня і звычайныя ў гэты час паўдзённа-заходнія вятры ўжо дзьмулі з боку мора, прыносячы пакрысе вясновае цяпло ў Антыёхію Сірыйскую. Павал і Барнаба, увесь гэты час, разам з іншымі, прапаведывалі на вуліцы Сінгон, зрэдку выходзячы за межы Антыёхіі, каб вучыць і настаўляць невялікія цэрквы, што нараджаліся ў акрузе горада. Будчы за горадам яны бачылі, як мясцовыя сяляне ўжо гатуюць свае няхітрыя прылады, каб пачаць апрацоўку сваіх кавалкаў зямлі. Гатаваўся да сваёй духоўнай пашы і Павал, які меў даручэньне ад Хрыста прапаведаваць там, дзе яшчэ ня чулі Эвангельля. Ён гатаваўся да гэтага ўвесь апошні месяц, складаючы ў думках маршрут гэтага вандраваньня. Павал абавязкова павінен быў прайсьці праз гарады Галятыі, куды ён дасылаў сваё пасланьне, каб пазбавіць галятаў ад ілжывай пропаведзі хрысьціянаў з фарысэяў, а ад Антыёхіі Пісідзкай павярнуць у поўночным напрамку. Павал, даволі працяглы час, не вырашаўся сказаць пра гэтыя планы Барнабе, бо адчуваў, што ў іхнія адносіны нейкім чынам залежаць ад родзіча Барнабы Яна Марка, які знаходзіўся тут, у Антыёхіі, хаця і знаходзіўся ў пэўнай аддзеленасьці ад Паўла. У рэшце рэшт Павал прапанаваў Барнабе: «Вярнуўшыся, адведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведвалі слова Госпадава, як яны маюцца». На што Барнаба пастанавіў узяць з сабою Яна Марка. Павал жа палічыў ня вартым браць яго з сабою, бо Марк адыйшоў ад іх у Памфіліі. Так разгарнуўся канфлікт паміж Паўлам і Барнабай.
Немагчыма было ўявіць сабе, што лагодны Барнаба (сын пацяшэньня) парывае, можа і назаўсёды, з Паўлам. Гэтыя разлад хавае у сабе шмат негатыву ў адносінах Паўла і Барнабы. Вельмі ганебны эпізод, які трэба разумець як папярэджаньне таго, што падобнаму ня месца ў царкве. У сваіх будучых лістах Павал неаднаразова будзе заклікаць хрысьціянаў не паддавацца гняўлівасьці: напэўна, у будучым, яму ня раз было сорамна за свае паводзіны ў гэтай гісторыі. Але гэта ў будучым, а зараз Павал паказаў сваю «прынцыповасьць». Гісторыя гэтага канфлікту пачалася ня сёньня, а значна раней, калі Ян Марк адыйшоў ад іх у Пэргіі да Ерусаліму. Павал прыпамятаў падзеі ў Антыёхіі Пісідзскай, Іконіі, Лістры і Дэрбы. Ян Марк ня вытрымаў цяжару гэтага падарожжа яшчэ да таго, як пачаліся сапраўдныя непрыемнасьці. А што калі на іх зноў паўстане натоўп і паляцяць камяні? Дзе будзе Ян Марк? Павал цьвёрда ведаў, што яму патрэбны людзі, на якіх можна будзе пакласьціся у самых небясьпечных абставінах. Для Паўла існавала яшчэ адна думка, згодна якой Марк, які практычна не выходзіў з Ерусаліму, не да канца пагаджаўся з радыкальным выхадам пропаведзі за межы юдэйства.
І вось сам Барнаба. Дакладней адносіны Паўла да Барнабы. У сваім лісьце да галятаў Павал паказаў няўстойлівую пазіцыю Барнабы адносна паганаў у той момант, калі прыйшлі некаторыя з Ерусаліму ад Якуба: Ён так і напісаў ім: «І з ім (Пятром) крывадушнічалі іншыя юдэі, так што нават Барнаба быў захоплены іхняй крывадушнасьцю». Можна толькі ўявіць, што адчуваў Барнаба, калі Павал галосна абвяшчаў гэтыя факты пра яго. Супрацоўнік прынцыповага Паўла крывадушнічаў. Ці можна такое ўявіць? Безумоўна, што Павал быў у шаку. Але. Наперадзе быў Ерусалімскі сабор і дзеля гэтага сябры прымірыліся, каб атрымаць сумесную перамогу. А стрэмка ў адносінах з-за крывадушнасьці Барнабы засталася і нікуды ня зьнікла. Яна і выявілася пры дыктоўцы ліста да галятаў. Але і ў Барнабы былі свае довады, каб уступіць у спрэчку з Паўлам.
Па ўсёй верагоднасьці Барнаба разважаў па іншаму. Так, Марк, па сваёй маладосьці, схібіў, але ён дзесяць разоў раскаяўся за гэта і таму яму трэба даць магчымасьць выправіцца. Гэты вывад узьнікнуў у Барнабы пад час наведваньня Ерусаліму, калі ён шчыра паразмаўляў са сваім сваяком Янам Маркам. Безумоўна, што цяжка ўявіць сабе ход думак чалавека, які жыў дзьве тысячы год таму, але, тым ня меньш, карціна гэтай спрэчкі выглядае больш меньш зразумелай. Барнаба таксама знаходзіўся ў гняўлівасьці. Калісьці ён прывёў Паўла да апосталаў і зьняў той недавер, які быў моцна прычэплены да Паўла. І ці ня ён, Барнаба, выцягнуў Паўла з невядомасьці ў Тарсе, каб даць таму шанец стаць сур’ёзным прапаведнікам у Антыёхіі? А тыя нягоды і цяжкасьці, якія яны разам перажылі ў першым місіянэрскім падарожжы? Увогуле, Павал быў яму шмат чым абавязаны. І дзе тая падзяка? Дык хто правы, Павал ці Барнаба? Віна за разрыў іхніх адносінаў, па ўсёй верагоднасьці, ляжала на іх абоіх, бо кожны быў вінаваты ў пыхлівасьці, хаця абодва добра ведалі словы Старога Запавету: «Пыхлівасьць толькі да звадкі прыводзіць». Але супакойвае ў гэтай гісторыі тое, што Марк, у рэшце рэшт, адновіць да сябе давер апостала Паўла, які ў сваім будучым другім лісьце да Цімафея накажа таму: «Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэньня».
Гэтая, на першы погляд, негатыўная гісторыя мае і пазітыўны бок, бо ў выніку атрымаліся два місіянэрскіх падарожжы замест аднаго. Барнаба і Марк адплылі на Кіпр, дзе яны прапаведавалі і кансалідавалі працу кіпрыйскіх цэркваў. Павал жа, паклікаў Сілу пайсьці з ім ў падарожжа, якое, у выніку, апынецца нашмат большым, чым паўторны візіт у Сірыю і Кілікію, бо з гэтага геаграфія хрысьціянскай пропаведзі значна пашырыцца. З гэтай нагоды ўспамінаецца псальм, дзе гаворыцца пра тое, што Госпад усё можа пераўтварыць на добрае, нават і гнеў чалавека: «І гнеў чалавечы абярнуўся на славу Табе, рэшту гневу Ты ўтаймуеш». Такім чынам Павал, вясною 50 года, паслаўшы ліст да Сілы ў Ерусалім, выправіўся ў адзіноцтве праз Кілікію ў Дэрбы, дзе павінен быў сустрэцца з Сілаю.
Павал выклаў свой план перад царквою і атрымаўшы дабраславеньне хрысьціянаў Антыёхіі, рушыў у няблізкі шлях. Ідучы ў паўночна-заходнім накірунку, ён прайшоў праз Сірыйскую браму - праход да Александрыйскага заліву праз сірыйскую частку Таўра. Ідучы па прыбярэжай даліне з нізкімі пагоркамі, Павал набліжаўся да гораду Іс, аглядаючы маляўнічыя месцы, дзе трыста гадоў таму Вялікі Аляксандр разьбіў войска Дарыя. На сэрцы Паўла таксама была вайна, а дакладней аскепкі той вайны-спрэчцы з Барнабай, дзе ён ужо не адчуваў сябе пераможцам і ўсё больш схіляўся да таго, што ягоная прынцыповасьць у гэтай спрэчцы была насычана гневам і пэўнай ганарлівасьцю. Павал ужо шкадаваў пра створанае, але назад ужо шляху не было і трэба было ісьці далей, выконваючы працу для Ісуса Хрыста.
Ён ішоў па прыгожай і ўрадлівай зямлі Кілікіі, сваёй роднай зямлі, дзе прайшлі ягоныя дзяцінства і маладосьць. Павал добра памятаў свой родны дом, майстэрню па вырабу кілікійскіх намётаў і той прыемна спецыфічны пах ад вырабленых скураў і доўгай чорнай поўсьці кілікійскіх коз, што пасьвіліся на схілах Таўра. Менавіта туды, мінуючы родны Тарс, які амаль што пакалечыў яго сваімі жорсткімі пакараньнямі ад сынагогі і накіроўваўся Павал. Ён намагаўся ўявіць сабе бацьку і сястру, якія сьвядома адмовіліся ад яго за здраду фарысэйству і веру ў Ісуса Хрыста. Не, у сэрцы Паўла не было ніякай крыўды на сваіх родных, але ён не зайшоў у Тарс, накіраваўшыся да маленькіх вёсак на схілах Таўра, дзе ён прапаведаваў і дзе былі ягоныя вучні.
Два тыдні правёў Павал у горах Таўра, настаўляючы тыя маленькія цэрквы, якія заснаваліся там яшчэ да прыходу сюды Барнабы. Барнабу таксама памяталі тут і гэта зноў кальнула сэрца апостала. Трэба было ісьці далей і Павал, разьвітаўшыся з веруючымі, выйшаў на ажыўлёны і людны гандлёвы шлях ад Тарсу да Дэрбы праз Кілікійскую браму, якая давала магчымасьць праходу праз непрыступныя горы Таўра ў Галятыю. Гандлёвы рымскі шлях прывёў Паўла да Дэрбы, дзе перад ім зноў адкрылася, ва ўсёй сваёй велічы сьнежнай вяршыні, гара Чорная. Вясна дабралася ўжо і да высокагорнай Дэрбы, радуючы вока вандроўніка сьвежаўзаранымі плямамі зямлі ўздоўж дарогі і вакол гораду. Хрысьціяне сардэчна сустрэлі Паўла, а праз тры дні царква сустракала і Сілу, які прыйшоў з Ерусаліму. Павал усё разьлічыў правільна, бо добра ведаў той марскі шлях, які прывёў Сілу да Тарсу, а потым і рымскі гандлёвы шлях да Дэрбы.
Радасьці Паўла не было мяжы, бо зараз яны з Сілаю - ўжо значная сіла, тым больш, што сам Сіла, як дарэчы і Павал, быў грамадзянінам Рыму і гэта надавала ім абоім значную бясьпеку ў іхнім далейшым і невядомым вандраваньні. Павал і Сіла абвесьцілі хрысьціянам Дэрбы рашэньне Ерусалімскага сабору як пацьверджаньне таго, што напісаў Павал у сваім лісьце да галятаў. Тыя ж хто падтрымаў вучэньне фарысэяў пра абразаньне і сур’ёзнага выкананьня Закону Майсея, адмаўляліся ад гэтага, вяртаючыся ва ўлоньне сапраўднага хрысьціянскага вучэньня. Царква Дэрбы, у прысутнасьці Паўла і Сілы, быццам бы атрымала вялікі глыток сьвежага паветра і прачнулася для новага жыцьця. Павал разумеў, што царква Дэрбы і была першай, хто атрымаў вялікую дозу фарысэйскай атруты, а зараз яна стала першай, хто прачнуўся ад гэтай геразі аздароўленай. Задаволеныя вынікамі сваёй працы апосталы вырашылі ісьці далей. Наперадзе ў іх была Лістра.
Лістра сустрэла іх тым звыклым ранішнім гоманам, які назіраецца ў кожным усходнім горадзе. Рынкавая плошча канцэнтруе ранішняе жыцьцё гэтых гарадоў, бо, акрамя гандлю, нават і грамадзкае жыцьцё простых людзей пачынаецца менавіта адсюль. Было выразна чутна рыпаньне вазоў, крыкі паганятых, запрашэньне гандляроў і нават творчыя спрэчкі мясцовых філосафаў пра сэнс жыцьця чалавека. І ўсё гэта зьлівалася ў адзіны гул ранішняга часу гэтага гораду. Апосталы ня мелі намеру неяк прысутнічаць у гэтым балагане і хуткім крокам накіраваліся да вельмі знаёмаму для Паўла месца - дому Цімафея. Безумоўна, што яны тут сустрэлі цяплыню і шчырую радасьць вяртаньня Паўла, а з ім і знакамітага прарока з Ерусаліму. Пасьля смачнага сьняданку Цімафей распавёў апосталам усё, што адбывалася сярод хрысьціянаў Лістры. Нічога з гэтага не зьдзівіла Паўла, бо ў агульных рысах ён пра ўсё гэтае ведаў, калі дыктаваў свой ліст да галятаў. Ягоны ліст тут быў прачытаны, але нейкія хістаньні ў гэтых пытаньнях яшчэ засталіся. Служэньне ў мясцовай царкве павінна было быць як раз сёньня і апосталы, разам з Цімафеем, наважыліся сустрэцца з хрысьціянамі Лістры. Усё адбылося менавіта так, як і прадбачыў Павал і як гэта было ў царкве Дэрбы. Сіла распавёў ім пра рашэньне Ерусалімскага сабору адносна паганаў, а Павал, тэзісна, распавёў пра свой ліст адносна ілжэвучэньняў прыхадняў юдэяў. Павал відавочна бачыў, што царква Лістры аздараўляецца, вяртаючыся на пазіцыі сапраўднага вучэньня Ісуса Хрыста. І гэта было добрым пачаткам ягонага другога місіянэрскага падарожжа па распаўсюджваньню Эвангельля Хрыста.
Прабыўшы ў Лістры тыдзень, вучачы і ўмацоўваючы царкву, апосталы павінны былі ісьці далей і ў сувязі з гэтым Павал зьвярнуўся да свайго ўлюбёнага Цімафея. Цімафею споўніўся толькі 21 год, але хрысьціяне Лістры вельмі добра ставіліся да яго за ягоную адданасьць Хрысту і шляху збаўленьня. Павал зьвярнуўся да яго, каб ён пакінуў сваю маці і пайшоў з ім, дадаўшы, што ён ня ведае, калі Цімафей зможа вярнуцца дамоў. Цімафей ведаў, што ягоны, ня вельмі здаровы страўнік, а таксама маладзёвая нерашучасьць ня ёсьць дабрымі памочнікамі ў сур’ёзнай вандроўчай і эвангелізацыйнай справе, але ён адразу пагадзіўся з прапановаю Паўла, бо недзе і баяўся вымовы апостала ня крочыць вучэньню Ісуса Хрыста. А Павал бачыў, што Цімафею, ўжо ў хуткім будучым, можна будзе даручаць самыя складаныя задачы. Ад свайго паганскага бацькі, чалавека разумнага і ведаючага, Цімафей успадкаваў інтэлектуальныя здольнасьці і цікаўнасьць. Маці ж Эўніка навучыла яго чытаць Пісаньне, а Павал падараваў яму ключ да разуменьня Старога Запавету. Да свайго навяртаньня ў хрысьціянства Эўніка выхоўвала сына як юдэя, але яго не абрэзалі, бо гэта была забарона ад бацькі. Можа таму, каб сыну было больш камфртна ў асяродзьдзі аднагодкаў у Лістры, дзе гебраяў было вельмі мала. Але Павал вырашыў па свойму і, перад будучай вандроўкай, асабіста абрэзаў Цімафея. Ён меў для гэтага навыкі, бо шмат гадоў вучыўся на рабіна, якія павінны былі рабіць і гэткую працу.
Што ж здарылася з Паўлам, калі ён вучыць пра адно, а робіць зусім іншае? Ці не супярэчыць гэта ягонай барацьбе з тымі, хто бянтэжыць веруючых, прымушаючы абразацца? Гэтае, даволі простае, пытаньне і ёсьць для Паўла нескладаным. Сына паганіна ад юдэйкі юдэі вызнаюць за свайго толькі ў выпадку абразаньня, бо неабразаны лічыўся незаконным сынам. У гарадах Галятыі і далей, дзе Паўлу мела быць пропаведаваць, памочнік - незаконны сын - мог адмоўна паўплываць на ўсю эвангелізацыйную працу. Больш таго, Павал ніколі не казаў супраць абразаньня сярод юдэяў, але сьцьвярджаў, што гэты звычай неабавязковы для хрысьціяніна. Калі б Цімафей быў выхаваны як паганін, нішто б не прымусіла Паўла абрэзаць яго дзеля юдэяў, якіх яны яшчэ сустрэнуць і ў немалой колькасьці. Але прайшоў яшчэ тыдзень, калі Цімафей ужо аздаравіўся пасьля гэтай аперацыі і зараз ужо нічога не стрымлівала апосталаў, каб, разам з Цімафеем, выйсьці з Лістры ў напрамку Іконіі.
Іконія сустрэла іх спакоем сярэдзіны дня, але апосталы гатаваліся да вечару, калі павінна была быць ў зборы мясцовая царква. Сіла і Павал зрабіла тую ж самую працу, што і ў Лістры, убачыўшы, што хрысьціяне Іконіі ня так падвергліся таму ўзьдзеяньню, што прынесьлі з сабою ілжэнастаўнікі з фарысэяў. Яны ня сталі затрымлівацца ў Іконіі і накіраваліся ў Антыёхію Пісідзкую, да якой, праз пэўны час, і дасягнулі. Місіянэры затрымаліся тут на тыдзень, умацоўваючы царкву ў пастанове сабору Ерусаліму і таго, што тычылася ліста Паўла да галятаў.
Але цяжкасьці, узьнікшыя ў сувязі з юдэйскім законам, прымусілі Паўла зьмяніць стратэгію свайго вандраваньня. Ягоныя мэты заставаліся папярэднімі, але ён пачаў разважаць пра тое, што яму належыць вызначыць нейкі цэнтар, вакол якога і будзе распаўсюджваацца хрысьціянская думка. На ролю такога цэнтру ідэяльна падыходзіў галоўны горад і галоўны порт правінцыі Азіі Эфэс. Горад быў густа населены, знаходзячыся на перакрыжаваньні дарог і рэк. Вялікі рымскі шлях, працягласьцю 400 км. праходзіў па цэнтральным плато Малой Азіі, яднаючы Антыёхію Пасідзкую з Эфэсам, адкуль імперскія ганцы і гандляры перапраўляліся ў грэцкую Ахаю, а потым і ў Рым. Павал, Сіла і Цімафей таксама выправіліся па гэтай дарозе, маючы пры сабе вялікія планы навяртаньня Эфэсу, каб потым, праз Эгейскае мора, плыць у Карынт, нясучы хрысьціянскую думку Грэцыі.
Але планам місіянэраў не дазволена было споўніцца, бо шляхі Госпада не чалавечыя шляхі. Дух Сьвяты, праз прарока Сілу, забараніў ім ісьці ў Эфэс, да таго ж фізічны стан Паўла, нечакана сур’ёзна пагоршыўся і яны вымушаны былі вярнуцца ў Антыёхію. Місіянэры ня скардзіліся на гэта, бо былі упэўненыя ў тым, што гэта ёсьць воля Бога. Праз некалькі тыдняў, калі Павал умацаваўся, яны вырашылі зрабіць новую спробу і рушылі ў бок Мізіі, каб адтуль дасягнуць паўночна-заходнюю правінцыю Малой Азіі Бітынію. Тут знаходзіліся грэцкія гарады Нікея і Нікамедыя, а таксама Халкідон з Візантыяй, дзе, апроч усяго, жыло і шмат гебраяў. Вандроўнікі, дзень за днём, цярпліва ішлі на пякучым сонцы па няроўнай і пыльнай дарозе поперак горных хрыбтоў, з даліны ў даліну.
І зноў Бог умяшаўся ў планы місіянэраў, калі забараніў ім ісьці далей у Бітынію. Яны толькі мінулі Дарылей, калі Паўлу быў відзеж, дзе Госпад ясна ўказаў яму шлях на Трааду. Расчараваныя спадарожнікі, тым ня меньш, толькі больш зьядналіся паміж сабою, але навошта Госпад паказаў ім Свае шляхі, яны пакуль што не разумелі. Але добра ведалі, што проста так Бог нічога ня робіць, а значыць, абмінуўшы Мізію, яны павярнулі на захад і пайшлі ў Трааду. Дарога вяла іх да ўсходняга берагу Эгейскага мора, дзе знаходзілася Александрыя Траянская, порт, які знаходзіўся непадалёк ад руінаў старажытнай Троі. І зусім недалёка праз мора было ўжо рукою падаць да Македоніі.
Свидетельство о публикации №226020600903