Решение Галиона
Новыя цэрквы ўжо ўзьніклі ў многіх месцах Ахаі і Павал, па меры магчымасьці, наведваў іх. Павал радаваўся гэтаму, тым больш, што весткі з Тэсалонікаў вельмі гэтаму спрыялі. Павал мог патлумачыць паўсюль, што царква Тэсалонікаў сапраўды зрабіла вялікі крок наперад і ўзаемная любоў веруючых пачала прыносіць свае станоўчыя плады. Павал паўсюдна казаў пра гэта, але ён ведаў і тое, што ў тэсалонцаў былі свае цяжкасьці, а нават і расчараваньні. Вярнуўшыся, пасьля нядоўгага падарожжа па новых цэрквах, Павал вырашыў напісаць яшчэ адзін ліст да тэсалонцаў. Сіла і Цімафей выказаліся за падтрымку ды дапамогу ў гэтым мерапрыемстве. Павал пачаў з таго, што пакуты робяць людзей яшчэ больш жаданымі ў Валадарстве Хрыста. А тыя, хто гэтага няўспрыме, паспытае на сабе.
Словы Паўла не разыходзіліся з вучэньнем Ісуса, Які заўсёды рашуча перасьцерагаў тых, хто адмаўляе Ягоную любоў. Павал мякка казаў пра другую магчымасьць збаўленьня, але ён меў мужнасьць казаць пра асуджэньне, нават і тады калі потым ён павінен быў гэта ўсё тлумачыць. А справа была ў тым, што некаторыя з тэсалонцаў паверылі чуткам пра тое, што «Дзень Госпада» ужо пачаўся і таму можна сябе паводзіць так, нібыта ўсякія нормы паводзінаў ужо ня мелі ніякага сэнсу. Павал заклікаў іх не сьпяшацца хістацца розумам і не бянтэжыцца ад духа ці слова, ці пасланьня. Павал коратка, але выразна нагадаў ім пра азнакі, якія будуць папярэднімі дню Госпада: «Таямніца беззаконьня ўжо дзейнічае, няхай толькі той, што трымае цяпер, будзе забраны спасярод. І тады адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прыйсьця Свайго, таго, якога прыйсьце праз дзеяньне шатана, будзе з усёй сілаю, і знакамі, і фальшывымі цудамі, і з усякім ашуканаствам няправеднасьці для тых, якія гінуць з-за таго, што не прынялі любові праўды, каб ім быць збаўленымі. І з-за гэтага пашле ім Бог дзеяньне аблуды, каб верылі хлусьні, каб былі асуджаныя ўсе, якія не паверылі праўдзе, але ўпадабаліся неправеднасьці».
Асабліва хвалявала Паўла паходжаньне ілжывых чутак, якія давалі глебу для хістаньня ў веры, а нават і адступніцтва. Павал гэта ўжо праходзіў у Галятыі, а таму мог меркаваць пра карані таго, што адбывалася ў тэсалонцаў. Апостал прыпыніў сваю дыктоўку і абдумаў свае будучыя словы. Ён павінен данесьцці тэсалонцам тое, што яны павінны вынконваць пастановы Хрыста і ні адзін з хрысьціянаў не павінен быць лайдаком і падхалімам, але крочыць прыкладу апосталаў і зарабляць свой хлеб надзённы. Таксама ён павінен сказаць і пра адносіны да адступнікаў.
Заўважыўшы уважлівыя позіркі Цімафея і Сілы, Павал працягнуў дыктаваць сваё пасланьне: «Загадваем вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, які ходзіць свавольна і не паводле традыцыі, прынятай ад нас, бо вы самі ведаеце, як трэба насьлядаваць нас, бо мы не сваволілі між вамі, таксама дарма ні ў кога хлеба ня елі, але ў працы і стоме рабілі ўначы і ўдзень, каб не абцяжарыць каго з вас, не таму, што ня маем улады, але каб сябе саміх даць вам за прыклад дзеля перайманьня нас. Бо калі мы былі ў вас, дык загадалі вам: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць. Але чуем, што некаторыя ў вас ходзяць свавольна, нічога ня робяць, але мітусяцца. Гэтакім загадваем і молім у Госпадзе нашым Ісусе Хрысьце, каб яны, працуючы моўчкі, елі свой хлеб. А вы, браты, не журыцеся, робячы дабро. Калі ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго мейце на прыкмеце і ня мейце справы з ім, каб быў асаромлены; але не лічыце яго за ворага, але настаўляйце, як брата. Сам жа Госпад супакою няхай дасьць вам супакой заўсёды і ў-ва ўсім. Госпад з усімі вамі». Узяўшы ў Цімафея пяро Павал скончыў гэтае пасланьне сам: «Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсім пасланьні; пішу я гэтак: ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн».
Гэтае пасланьне Паўла, як дарэчы і папярэдняе, стала вельмі вядомым у Карынце, дзе былі заўважнымі вельмі значныя падзеі. Царква значна павялічылася, а пропаведзі Паўла выклікалі вялікі інтарэс ня толькі сярод хрысьціянаў, але і сярод паганскага насельніцтва. Таксама і значная колькасьць гебраяў зацікаўлена слухалі прамовы Паўла, а новы начальнік сынагогі Састэн стаў хрысьціянінам, захаваўшы за сабою пасаду начальніка сынагогі. Састэн, як дарэчы і Павал, лічыў, што сынагогі могуць зьяўляцца цэнтрамі распаўсюджваньня новае веры. Іншыя ж кіраўнікі юдэйскай абшчыны Карынту былі абураныя гэтымі падзеямі і таму вырашылі якім-небудзь чынам зьнішчыць хрысьціянскую царкву горада.
Магчымасьць для гэтага выдалася ім, калі, на пачатку 51 году, зьмяніўся кіраўнік правінцыі Ахая, якім стаў Люцый Юній Галіён. Папярэдні праконсул ня вельмі добра ставіўся да гебраяў, але вось Галіён. Можа ён спраўдзіць наконт Паўла і хрысьціянаў? Праконсул Галіён - чалавек адукаваны і вядомы ў Рыме, быў братам знакамітага філосафа Сэнэкі, які быў вельмі набліжаным да імператара Кляўдыя і выхавацелем Нэрона. Сэнэка пісаў пра брата наступнае: «Ні адзін сьмяротны ня ўмее быць такім прыемным іншым, як Галіён». Старшыні юдэяў добра ведалі рэпутацыю новага кіраўніка Ахаі і таму вельмі спадзяваліся, што Галіён будзе станоўча разьмешчаны і да іх. Яны склалі абвінавачваньне супраць Паўла і накіравалі яго Галіёну. Адначасова яны падбухторылі супраць хрысьціянаў невялікую групу паганаў, якія, замест працы, шукалі розных прыгодаў за пэўную ўзнагароду. І вось юдэі, разам з нанятымі паганамі, пацягнулі Паўла на суд да Галіёна.
Калі абвінаваўцы, абвінавачваны і яго абаронцы паўсталі перад узвышэньнем для судзьдзяў на паўднёвым баку агоры, Павал быў у супакоі, бо ён памятаў абяцаньне Ісуса, што ніхто ў гэтым горадзе ня зробіць яму злога. Але рашэньне Галіёна было надзвычайна важным у Грэцыі, бо ён быў кіраўніком вельмі важнай правінцыі ў маштабе ўсёй імперыі. А ўлічваючы значнасьць асобы Галіёна ў Рыме, ён, як ніхто іншы, мог зрабіць вялікую шкоду хрысьціянскім цэрквам па ўсёй Грэцыі і, як ніхто іншы, мог і дапамагчы хрысьціянству расьці і пашырацца. Юдэі пабудавалі сваё абвінавачваньне на сьцьвярджэньні таго, што Павал вучыць шанаваць Бога не па закону, гэта значыць прапаведуе рэлігію ня прызнаную дзяржавай. Павал, падняўшы руку папрасіў слова для свайго апраўданьня, але Галіён яму гэтага не дазволіў. Ён прыпыніў суд і зьвярнуўся да юдэяў. Павал адразу ацаніў вялікае значэньне тых слоў, якія прамовіў Галіён на гэтым судзе. Праконсул павярнуў зброю юдэяў супраць іх саміх, разумеючы пад «законам» нешта зусім іншае, чым меркавалі абвінаваўцы.
Супакоіўшы прысутных, Галіён зьвярнуўся да юдэяў: «Калі б праўда была нейкая крыўда ці злачынства, о юдэі, я б меў прычыну цярпець вас. Калі ж спрэчка ідзе пра слова, і імёны, і Закон ваш, разглядайце самі, бо я судзьдзём у гэтым быць не хачу». Апошняя фраза ў рымскім судзе азначала, што магістрат адмаўляецца ад разгляданьня гэтай справы. Але гэты выпадак важны для разуменьня яшчэ да аднаго чыньніку. Пытаньне таго часу фармулявалася так: калі чалавек прыналежыць да хрысьціянства, ці азначае гэта тое, што ён не парушае рымскі закон? Іншымі словамі, ці існуюць ў рымскай дзяржаве свае прычыны, ня маючыя адносінаў да багаслоўскіх спрэчак юдэйскага вучэньня, перасьледаваць і вынішчаць хрысьціянства? А можа хрысьціянства трэба разглядаць як адзін з варыянтаў юдаізму, а таму і пакінуць яго ў супакоі? Гэтыя пытаньні зусім няпростыя для тых часоў, бо заканадаўства Рыма давала юдаізму статус «дазволенай рэлігіі» і таму пытаньне хрысьціянства, як маючая народзіны ў юдэйстве, было відавочным, але і спрэчным.
Менавіта таму і пацягнулі Паўла на суд да Галіёна. Юдэі паспрабавалі ўпэўніць праконсула ў тым, што хрысьціянства ёсьць нешта новае і недазволенае, але атрымалі ў адказ зусім ня тое, на што яны спадзяваліся. Праконсул Галіён, будучы чалавекам адукаваным і, безумоўна, валодаючы пытаньнямі рымскага права ведаў, што хрысьціянства зьявілася на сьвет пад эгідай юдаізму. А калі так, дык гэта не павінна разглядацца ў грамадзянскім судзе. І што гэта, наогул, унутраная справа юдэйства. Але, як бы тое не было, слова Галіёна сталася нечаканасьцю як да юдэяў, так і для хрысьціянаў, якія атрымлівалі легальны статус, як мінімум, у правінцыі Ахая. Мараль жа гэтага ў тым, што нават і чынавенства паганаў рабіла рэчы, якія спрыялі ўзрастаньню Божага Валадарства.
Скончыўшы сваю кароткую прамову, Галіён, не даючы слова нікому, загадаў жаўнерам вывесьці з судовага пасаду юдэяў і тых паганаў, якія былі з імі. Раз’юшаны натоўп смагнуў помсты. Паўла кранаць юдэі не хацелі, бо ён быў адлучыны ад сынагогі, ды і ўлады маглі абараніць апраўданага чалавека. А вось Састэн, які прысутнічаў на судзе, вельмі для гэтага падыходзіў. Юдэі, як заўсёды, не хацелі самі зьбіваць начальніка сынагогі, бо для гэтага стаяла перад судовым пасадам група паганаў, у якіх «часаліся» рукі і яны з радасьцю ўспрынялі знак ад юдэяў адносна Састэна. Начальніка сынагогі жорстка пабілі, але ён мужна ўспрыняў усё гэта, лічачы, што ён пакутуе за свайго Госпада і Збаўцу Ісуса Хрыста. Прайшоў нейкі час і раны Састэна загаіліся, затое юдэі сьцішыліся, не перашкаджаючы Паўлу ў ягоным служэньні. Сам Павал і ягоныя вучні маглі вольна перасоўвацца па ўсёй правінцыі з пропаведзьдзю Эвангельля, не баючыся арышту і вязьніцы. Такім вось дзіўным чынам Рым стаўся абаронцам хрысьціянства.
А Павал нястомна працаваў, прапаведваючы ў розных кутках Ахаі. Сяляне і пастухі часта бачылі гэтага крываногага гебрая з чорнай сівеючай барадой і хусткай на галаве, каб абараніцца ад пякучага сонца. Многія бачылі, як ён, у суправаджэньні маладых людзей, сьпяшаўся ў нейкі невялікі правінцыйны гарадок, дзе яго чакалі сябры, якія наведвалі Карынт і чулі пропаведзь Паўла. Эвангельле Хрыста дасягнула Спарты і Алімпіі, схілаў Парнаса і да самых Дэльфаў. Гэта быў вельмі плённы і мірны час у жыцьці апостала, бо спраўджваліся словы Ісуса: «Ня бойся, але гавары і не маўчы, бо Я з табою, і ніхто ня ўчыніць табе зло, бо шмат Майго народу ў горадзе гэтым».
У 51 годзе, непадалёк ад Карынту, праводзіліся традыцыйныя Істмійскія гульні, дзе разам з музыкамі і паэтамі бралі ўдзел і атлеты. Павал ўпершыню бачыў падобнае мерапрыемства, дзе зьбіралася мноства людзей з усёй Грэцыі і ён, разам з сябрамі, скарыстаў гэта на карысьць дабравесьця. Праца была пленнай, але Паўла вельмі крануў спаборніцкі дух атлетаў, якія імкнуліся да ўзнагароды пальмавай галінай і ганаровым вянком. Гледзячы на гэтых атлетаў, Павал правёў паралель з духоўным узрастаньнем веруючых. У ягоных думках ужо высьпела настаўленьне хрысьціянам, якое ён, праз некалькі год, агучыць хрысьціянам Карынту: «Ці вы ня ведаеце, што тыя, якія бягуць на стадыёне, бягуць усе, але адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце, каб атрымаць. А кожны, хто змагаецца, устрымліваецца ад усяго: тыя, каб атрымаць вянок зьнішчальны, а мы - незьнішчальны. Дык я бягу, не як на няпэўнае, змагаюся, не як паветра б’ючы, але я вымучваю і няволю цела маё, каб абвяшчаючы другім, самому ня стацца няздатным».
Даволі працяглая праца ў Карынце, пацьверджнае рашэньнем праконсула Галіёна, быў адным з самых спакойных перыядаў у хрысьціянскім жыцьці Паўла. У Галятыі ён меў доказ, што пагане могуць быць паўнавартаснымі хрысьціянамі. У Карынце ж ён паказаў, што хрысьянства можа пусьціць глыбокія карані нават ў такіх буйных і распусных гарадах, а адсюль распаўсюджвацца па ўсёй правінцыі. На дадзены момант у Паўла была выдатная магчымасьць свабодна прапаведаваць на законнай падставе амаль што па ўсёй Грэцыі, але Павал адчуваў, што ягоная місія была ў загадзе Хрыста: ісьці ў новыя месцы і пашыраць Божае Валадарства. Разумеючы свой вопыт служэньня ў Карынце, ён вырашыў зьвярнуць свой позірк на буйнейшы горад узьбярэжжа Эгейскага мора - Эфэс. Розум Паўла парываўся да служэньня ў Эфесе, Карынце, Рыму і невядома куды далей, але сэрца гебрая клікала яго ў Ерусалім. Ён усё яшчэ смагнуў прапаведаваць у сталіцы свайго народу, і словы выгнаньніка Давіда гучалі ў ягоным сэрцы: «Усьцешыўся я, калі мне сказалі: “Пойдзем у дом Госпада. Вось стаяць ногі нашыя ў браме тваёй Ерусаліме,- Ерусалім, пабудаваны як горад, зьліты ў адно, куды сходзяцца плямёны, плямёны Госпада паводле закону Ізраіля славіць імя Госпада. Там стаяць пасады суду, пасады дома Давідавага”».
І Павал вырашыў, па-перш чым прыйсьці ў Эфэс, сустрэць Пасху ў Ерусаліме. Ён заставаўся юдэем і таму крочыў юдэйскаму звычаю, выконваючы зарок, абавязковы для тых, хто вяртаецца ў Ерусалім пасьля доўгіх падарожжаў. У гэтых выпадках валасы не стрыгуць ня меньш за трыццаць дзён, каб потым абстрыгшы іх пакласьці ў торбу і ўрачыста спаліць іх у Ерусалімскім храме на сьвятым агні. У сакавіку 52 года Павал быў гатовы выправіцца ў Ерусалім, як толькі адкрыецца навігацыя. Нарэшце гэты момант настаў і Павал разьвітаўся з царквою Карынту. Ён ведаў, што пасьля ягонага ад’езду ўзьнікнуць пэўныя праблемы, але пакуль усё было добра і ў царкве панавалі мір ды любоў. Апошні вечар апостала ў Карынце хрысьціяне правялі ў ламаньні хлеба, якому і навучыў іх апостал Павал. Паламаўшы хлеб, Павал сказаў словы Ісуса Хрыста, якія ён чуў ад Пятра: «Гэтак сама і келіх узяў пасьля вячэры, кажучы: “Гэта келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй, якая за вас праліваецца”».
Свидетельство о публикации №226020701719