Коринф
Карынт знаходзіўся крыху на поўдзень ад вузкага пярэсмыку, які яднаў Пелапанэскую паўвыспу з правінцыяй Ахая. Праз Карынт праходзіў сухапутны гандлёвы шлях у паўночным і паўдзённым накірунку, а таксама і марскія шляхі усходняга ды заходняга напрамкаў. Два марскія порты адносіліся да Карынту: Лэхэум на беразе Адрыятычнага мора і Кенхрэі - на ўзбярэжжы мора Эгейскага. Так склалася, што да Пелапанэса прычальваць караблям было зусім небясьпечна, так што гандлёвыя караблі швартаваліся ў гэтых портах, а адтуль тавары перапраўляліся непасрэдна ў Карынт. Што тычыцца гістарычных зьвестак, дык вядома тое, што ў 146 годзе да Р. Х. рымляне зьнішчылі Карынт цалкам, але, ў наступныя сто гадоў, горад быў зноў адбудаваны, бо высьветліліся пэўныя стратэгічныя якасьці гэтага месца. І вось зараз, напоўнены іншаземцамі і гандлярамі з усяго рымскага сьвету, горад стаўся месцам марнатраўства і распусты. Становішча горшылася тым, што менавіта тут знаходзіўся цэнтр пакланеньня Афрадзіты, багіні любові, служэньне якой вызначалася распустай у пэўнай рэлігійнай форме. Палітычна ж Карынт быў рымскай калёніяй і адміністратыўным цэнтрам правінцыі Ахая.
Павал стаяў на цэнтральнай плошчы гораду і глядзеў на поўдзень, дзе высока ўздымаўся патухлы вулкан Акракарынт, на схіле якога знаходзіўся храм Афрадзіты, вельмі падобны на вялікую чашу. Служэньне гэтай багіні складалася з узьвялічваньня фізічнай любові. Тысяча дзяўчат служылі гэтаму культу. Яны складалі розныя працэсіі, служылі ў храме і прыносілі асабістыя ахвяры, аддаючыся мужчынам¬паломнікам, мноства якіх зьбіраліся ў Карынце для падобных задавальненьняў. На самой плошчы знаходзіўся храм Апалона, адбудованы рымлянамі як даніна культу мужчынскай дасканаласьці і прыгажосьці. Гэты культ таксама ўзвышаў фізічную любоў на адным узроўні з музыкай і паэзіяй. Няцяжка ўявіць, якая атмасфэра маралі была ў горадзе і што адчуваў ад гэтага Павал.
Можна толькі ўявіць сабе становішча Паўла па прыбыцьці ў Карынт: «І я прыйшоў да вас, браты, прыйшоў прапаведаваць вам сьведчаньне Божае ня ўзвышаным словам ці мудрасьцю, бо я судзіў ня ведаць у вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго, Які ўкрыжаваны. І быў я ў вас у немачы, і ў страху, і ў вялікім трымценьні. І слова маё, і пропаведзь мая былі не ў пераканаўчых словах чалавечае мудрасьці, але ў выяўленьні Духа і сілы, каб вера ваша была ня ў мудрасьці чалавечай, але ў сіле Божай». Немач, страх і вялікае трымценьне адчуў Павал па прышэсьці ў Карынт. Чаму? Па-першае, ён прыйшоў у Карынт адзін. Па-другое, цяжкасьці і перашкоды з якімі ён сутыкнуўся ў Македоніі маглі настройваць Паўла на песімістычны лад. А што казаць пра залімітавае распуства, якое ўбачыў ён у Карынце? Але, ня гледзячы ні на што, «выбраная пасудзіна» Госпада Павал павінен быў несьці вестку пра Ісуса Хрыста.
Служэньне апостала Паўла - гэта заўсёды нейкі гераізм, але ці ня так павінен паводзіць сапраўдны служыцель Ісуса Хрыста? Павал так сябе і паводзіў, але прыналежнасьць да грэшнага роду чалавечага нікуды ня зьнікла. Таму і клаліся яму на сэрца гэтыя немач, страх і вялікае трымценьне. Але Госпад вёў Свайго апостала на гэтую справу і таму Ён даў яму сустрэць гэтую гебрайскую пару: Акілу і Прыскілу. Гэтыя людзі прыйшлі ў Карынт з Рыму не па сваёй волі, але, усё ж, гэта Божае дзеяньне, бо Бог захоўваў Паўла на шляху ягонага служэньня. Павал добра ведаў рамяство Акілы і таму ён, сваёю працаю, мог забясьпечыць сябе пэўным матэрыяльным дастаткам, каб, у сваю чаргу, кожную суботу прапаведаваць у сынагогах Карынту. Які вынік пропаведзі Паўла? Падобны на вынікі папярэднія,- праціўленьне значнай частцы юдэяў пропаведзі апостала. І гэта пераломны момант, бо Павал парывае пропаведзі ў сынагогах, калі кажа: «Ад цяпер іду да паганаў». Павал застаецца ў Карынце на даволі доўгі тэрмін. І для гэтага ёсьць некалькі прычынаў.
Паўла, па-першае, адсюль ніхто не выганяе. Па-другое ж, вялікі ды касмапалітычны горад даваў у сабе месца і прапаведніку Паўлу. Таксама і значная колькасьць юдэяў, якая паверыла ў Ісуса Хрыста, затрымлівала Паўла ў гэтым горадзе. Але галоўнае нават і ня ў гэтым, а ў тым начным відзежы, які апостал атрымаў ад Госпада: «Ня бойся, але гавары і не маўчы, бо Я з табою, і ніхто ня ўчыніць табе зло, бо шмат Майго народу ў горадзе гэтым». Па ўсёй верагоднасьці Павал меў патрэбу ў гэтых словах, бо проста так такія відзежы не здараюцца. Павал павінен быў застацца ў Карынце, каб працягваць менавіта ў гэтым месцы, сваё служэньне Госпаду. Тым больш, што ў горадзе заставалася шмат народу для Госпада. І гэта зусім не азначае толькі тых, хто ўжо паверыў і навярнуўся да Хрыста. Гэта азначае і тых, хто павінен быў пачуць Эвангельле ад Паўла, каб прыняць Ісуса Хрыста як свайго Госпада і Збаўцу. Начны відзеж Паўла - адзін са шматлікіх хрысьціянскіх урокаў, які кажа пра тое, што калі табе сапраўды патрабуецца падтрымка і настаўленьне, яна будзе, але ў той час, які вызначыў Госпад.
Карынт быў самым вялікім з гарадоў, якіх у сваім жыцьці, на гэты час, пабачыў Павал. На параўнальна невялікай прасторы сканцэнтравалася амаль што чвэрць мільёну людзей, большая частка якіх паходзіла з самых розных куткоў імперыі і ня мела тут значных каранёў, бо іхнія роды былі з іншых земляў. У параўнаньні з юдэямі гэтыя людзі ня мелі тут хоць невялікіх абшчынаў адзінаверцаў. Карынт быў горадам перанаселеным і матэрыялістычным, поўным распусты і забабонаў, якія хаваліся за тварам падманлівай рэлігійнасьці. Паўлу прыходзілася бачыць, як хрысьціянскія цэрквы ўзрастаюць у сельскагаспадарчых і паўпустынных раёнах Сірыі, Галятыі і Македоніі, а нават і ў пустыні Арабіі. Але калі любоў да Хрыста мае пусьціць карані і тут, у самым населеным, багатым, камерцыйным і распусным горадзе усходу імперыі, дык гэта можа азначаць толькі тое, што вера здольная квітнець і паўсюдна. І таму, пасьля начнога відзежу, Павал застаецца ў Карынце, каб з новымі сіламі працаваць у славу Госпада, бо калі Бог ускладае на чалавека даручэньне, Ён дае яму і сілы для яго выкананьня. І з Божай дапамогаю Павал набываў сваю мужнасьць і свае сілы.
Павал аддана працаваў ў царкве, якая памалу складалася ў Карынце, тым больш, што да яго прыйшоў Цімафей і прынёс станоўчыя зьвесткі пра царкву ў Тэсалоніках. Тамтэйшыя веруючыя ня толькі не паслаблі ў веры, але ўмацаваліся ня толькі ў веры, а і колькасна. Павал глядзеў на Цімафея і радаваўся, бо добра ведаў, што посьпехі тэсалонцаў наўпрост залежалі ад працы ягонага вучня. Разам з Цімафеем праца ў царкве і эвангелізацыя гораду толькі нашмат узмацнілася. Выявілася дзіўная рэч. У гэтым разбэшчаным горадзе ёсьць вельмі шмат рознага люду, якія жадалі б адысьці ад грэху і таму прымалі вучэньне Хрыста, як сваё вызваленьне. Служэньне разам з Цімафеем радавала сэрца Паўла, але ён, памятаючы аповяд Цімафея пра царкву Тэсалонікаў, намерыўся напісаць ім свой ліст, які б мог яшчэ больш умацаваць гэтую царкву.
Павал запрасіў Цімафея паўдзельнічаць у гэтым, каб той запісаў тое, што прадыктуе яму Павал. Узрадаваны Цімафей узяўся за пяро, раскруціўшы ліст папіруса і ўважліва паглядзеў на свайго брата ды настаўніка. Павал вырашыў, не адкладваючы, выказаць сваю любоў да тэсалонцаў і пачаў дыктаваць: «Павал і Сілуан, і Цімафей - царкве тэсалонцаў у Богу Айцу і Госпадзе Ісусе Хрысьце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякуем Богу заўсёды за ўсіх вас, успамінаючы вас у малітвах нашых, несупынна памятаючы пра вашыя ўчынкі веры, і працу любові, і непахіснасьць надзеі на Госпада нашага Ісуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым, ведаючы, умілаваныя Богам браты, выбраньне вашае». Павал зрабіў невялікую паўзу, абдумваючы далейшаыя свае словы і працягнуў сваю прамову так, як быццам бы ён стаяў перад хрысьціянамі Тэсалонікаў: «Вы сталіся браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысьце Ісусе, бо і вы гэтаксама нацярпеліся ад зямлякоў сваіх, як і тыя ад юдэяў, якія і Госпада Ісуса забілі, і сваіх прарокаў, і нас павыганялі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям супрацівяцца, забараняюць нам прамаўляць да паганаў, каб тыя былі збаўленыя, і гэтак дапаўняюць грахі свае заўсёды; але дасягнуў іх гнеў да канца».
Павал не клапаціўся пра пэўны стыль гэтага зьвяртаньня, бо галоўнае было ў тым, каб кожны чалавек гэтае зразумеў. Ён ведаў пра тое, што ў тэсалонцаў былі і пэўныя цяжкасьці, але, акрамя гэтага, былі людзі, якія аддаліся гультайству, кажучы іншым, што зарабляць сабе на жыцьцё ня мае сэнсу, маючы на ўвазе хуткае прышэсьце Ісуса Хрыста. Таму Павал пажадаў выказаць і сваю думку адносна гэтага непаразуменьня ды скажэньня вучэньня Госпада Хрыста. Ён палічыў патрэбным паглядзець у самую глыбіню свайго характару, бо Павал ніколі не прыбягаў да падману, нават і ў самых лепшых мэтах, каб усталяваць хрысьціянскую царкву. Павал жадаў жыць у міры з братамі па веры, але ён адвяргаў бязьдзеяньне і безклапотнасьць, падтрымліваючы маладушных з вялікай цярплівасьцю: «І намагайцеся жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы загадалі вам; каб вы хадзілі прыстойна перад тымі, што звонку, і ні ў чым ня мелі патрэбы».
Тут Павал зрабіў невялічкую паўзу, уяўляючы сябе ў жывых зносінах з хрысьціянамі Тэсалонікаў. Узьняўшы руку ён працягнуў дыктаваць Цімафею мабыць тое самае галоўнае, што ён жадаў данесьці да тэсалонцаў: «Молім вас таксама, браты, настаўляйце свавольных, пацяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх. Глядзіце, каб ніхто нікому не аддаваў ліхам за ліха, але заўсёды імкніцеся да дабра і адзін да аднаго, і для ўсіх. Заўсёды радуйцеся. Несупынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая для вас воля Божая ў Хрысьце Ісусе. Духа не гасіце. Прароцтвамі не пагарджайце. Усё выпрабоўвайце; добрага трымайцеся. Высьцерагайцеся ад усякага роду зла. Сам жа Бог супакою няхай асьвяціць вас у-ва ўсёй поўні, і ўвесь ваш дух, і душа, і цела няхай захаваюцца без заганы ў прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста. Верны Той, Які вас паклікаў, Ён і зробіць гэта».
Павал даў знак Цімафею прыпыніцца і, узяўшы пяро, дапісаў гэты ліст асабіста: «Браты! Маліцеся за нас! Прывітайце ўсіх братоў пацалункам сьвятым. Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасланьне ўсім сьвятым братам. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амэн». Павал паставіў свой подпіс і падняўся з месцу. Цімафей зачаравана глядзеў на Паўла і бачыў ў ім крыніцу сьвятла ды любові да ўсіх людзей. Ён упершыню пісаў пад дыктоўку Паўла і быў вельмі ўражаны паводзінамі апостала пад час гэтай працы. Складалася ўражаньне, што Павал прапаведуе перад тымі каму ён адрасаваў гэтыя радкі. Цімафей ўсё астатняе жыцьцё будзе памятаць гэтыя незабыўныя радкі ад Паўла, якія ён запісаў асабіста: «Заўсёды радуйцеся. Несупынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая для вас воля Божая ў Хрысьце Ісусе. Духа не гасіце. Прароцтвамі не пагарджайце. Усё выпрабоўвайце; добрага трымайцеся. Высьцерагайцеся ад усякага роду зла». Ліст Паўла быў адпраўлены, а жыцьцё і служэньне місіянэраў у Карынце працягвалася звычайным чынам.
Кожны тыдзень, па нядзелям, можна было бачыць, як невялікія групы людзей заходзяць у дом Юста, які знаходзіўся побач з сынагогай. Нядзеля ёсьць дзень працоўны для юдэяў, у адрозьненьні ад паганаў, а таму хрысьціяне сустракаліся на праслаўленьне ў даволі раньні час, калі нават і рабы былі вольнымі ад працы. Узыходзіла сонца, гучалі гімны Хрысту ды Богу Айцу і Павал, гледзячы на прысутных, думаў: «Бо паглядзіце, браты, на пакліканьне вашае, што ня шмат сярод вас мудрых паводле цела, ня шмат магутных, ня шмат і высокародных, але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і слабое сьвету выбраў Бог, каб асароміць магутных, і бязроднае сьвету і пагарджанае, і тое, што ёсьць нічым, выбраў Бог, каб зьнішчыць тое, што нечым ёсьць, каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім. А вы з Яго ў Хрысьце Ісусе, Які стаўся для нас мудрасьцю ад Бога, і праведнасьцю і асьвячэньнем, і адкупленьнем, каб было, як напісана: “Хто хваліцца, няхай у Госпадзе хваліцца”».
Думкам Паўла былі падставы, бо большасьць гэтых людзей былі адарванымі ад роднага дому і, часьцей насільна, апынуліся тут. І ня толькі такіх людзей выбраў Бог, бо былі людзі нашмат маральна горшымі. Распусьнікі, злодзеі, п’яніцы і безумоўна веруючыя ў паганскіх багоў - усе яны маліліся і, здавалася, што ўсё іхняе мінулае зьнікла, як начны кашмар. Павал радаваўся гэтаму, але агульны ўзор Карынту прымушаў яго выходзіць падалей з гораду, з ягонымі грахоўнымі пахамі і размовамі, на далёкія схілы Акракарынту, дзе дзьмуў сьвежы вецер горных лугоў, а прыгожы выгляд мора і далёкіх гор даваў адпачынак позірку пад час малітвы.
Ён сядзеў каля горнага ручая, але думкі ягоныя былі сярод тых, дзеля каго ён прыйшоў сюды, знайшоўшы тут свабоду пропаведзі і асабістую бясьпеку. Думкі апостала, якія ён, у будучым, яшчэ данясе хрысьціянскім цэрквам, фармаваліся тут - на вольнай прасторы Акракарынту і там - на цесных вуліцах Карынту. Думкі Паўла наўпрост сьвідравалі ягоны розум і складаліся ў нейкае пасланьне: «Яны зьмянілі праўду Божую на хлусьню, і пакланіліся, і служылі стварэньню замест Таго, Які стварыў, Які дабраславёны на вякі. Амэн. Дзеля гэтага аддаў жа іх Бог у ганебныя жарсьці, бо жанчыны іхнія замянілі прыродныя зносіны на супрацьпрыродныя. Падобна і мужчыны, пакінуўшы прыродныя зносіны з жанчынамі, распаляліся ў пажадлівасьці сваёй адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі непрыстойнасьць робячы і атрымліваючы ў саміх сабе належную адплату за свой падман. І, як яны не спрабавалі мець пазнаньне Бога, аддаў іх Бог няздатнаму розуму рабіць, што не належыць, напоўненыя ўсякай няправеднасьцю, распустаю, зласьлівасьцю, хцівасьцю, ліхотаю, поўныя зайздрасьці, забойства, сваркі, подступу, благіх звычаяў, абмоўнікі, паклёпнікі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, ганарыстыя, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам, няцямкія, нязгодлівыя, бязьлітасныя, няўмольныя, неміласэрныя. Яны, пазнаўшы пастанову Божую, што тыя, хто гэткае ўчыняе, вартыя сьмерці, ня толькі гэтае робяць, але і згаджаюцца з тымі, хто робіць».
Вось такім людзям і прапаведаваў Павал у Карынце. Пасьля дзённага горнага шпацыру і адпачынку, ён прапаведаваў у царкве, дзе ягоная пропаведзь мела даволі дзіўны, але шчыры характар. Ён выказваў свае адносіны да Хрыста, апосталаў і вучняў Збаўцы, а потым і да самога сябе: «Бо я найперш перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя паводле Пісаньняў, і што Ён быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень, паводле Пісаньняў, і што Ён зьявіўся Кіфе, а пасьля - Дванаццаці, пасьля зьявіўся больш чым пяцістам братам за раз, з якіх многія дагэтуль жывуць, а некаторыя паўміралі; пасьля зьявіўся Якубу, пасьля - усім апосталам, а апошняму з усіх і мне, быццам неданоску. Бо я - найменьшы з апосталаў, які ня варты называцца апосталам, бо я перасьледаваў царкву Божую, але з ласкі Бога ёсьць тым, кім ёсьць, і ласка Ягоная ў-ва мне не была дарэмнай, але я больш за ўсіх працаваў; дый ня я, але ласка Божая, якая са мною». Ніколі не казаў гэтага Павал карынцянам, але зараз яго быццам бы прарвала. Ён выклаў усё сваё сэрца сваім вучням і братам. Цішыня слуханьня перамянілася ў адабральны гул, пасьля чаго яны пераламлялі хлеб і славілі свайго Госпада. Павал жа меў супакой на сэрцы, гледзячы на тое, як царква ўмацоўваецца ў веры.
Карынцяне, прыняўшыя Хрыста, даволі павольна сасьпявалі ў веры. Гэта добра бачыў Павал, думаючы пра тое, што вельмі многаму патрэбна яшчэ навучыць іх. Павал вельмі засмучваўся тым, што замест здаровай духоўнай ежы, якую ён меў у дастатку, яму прыпадала частаваць новых хрысьціянаў малаком, як немаўлятак, растлумачваючы яшчэ і яшчэ раз найпростыя асновы веры. Даволі павольна, але ў духоўных дзецях Паўла пачалі выяўляцца новыя якасьці і дары Духа Айца і Сына, Духа, Які заўсёды быў з імі, нявідзьмы, але дзеючы і выклікаючы да жыцьця розныя здольнасьці розных людзей з адзінаю мэтай - пабудаваць Сваю царкву. Царква Карынту ўмацоўвалася і многія грамадзяне гораду не маглі гэтага не заўважаць, хаця і не разумелі крыніцу гэтых пераменаў. Тая маральнасьць, пра якую казаў Павал; тыя маральныя правілы, якімі крочылі хрысьціяне, рэзка кантраставалі з прынятымі ў паганскім сьвеце нормамі паводзінаў. У маральнасьці хрысьціянаў было нешта зусім незнаёмае: любоў чалавека да чалавека, нягледзячы на нацыянальнасьць і колер скуры. Усёдараваньне замест помсты за зло, радасьць замест суровага цярпеньня. Рабы - хрысьцьціяне больш не жылі па тагачаснаму прынцыпу: «Любі іншых рабоў, але мей нянавісьць да гаспадароў; крадзі і аддавайся блуду; і ніколі не кажы праўды». Яны, сваімі паводзінамі і малітвай, рабілі ўсё наадварот. Бачачы ў самім гаспадары проста грэшнага чалавека, яны намагаліся данесьці да яго праўду пра чысьціню і збаўленьне ў Ісусе Хрысьце.
У Карынце зьявілася новае ўяўленьне пра любоў. Гэта рэзка процістаяла ня толькі разбэшчанасьці прыхільнікаў Афрадзіты, але і наведвальнікаў храма Апалона. Сваёй радаснай маральнаю сілай хрысьціяне Карынту ўносілі нешта нявідзьмае і невядомае, што было новым і чыстым. Пры ўсім тым Павал бачыў, што ня ўсё так проста ў гэтым пытаньні, бо нават і веруючых адольвалі паганскія жарсьці. Павал быў упэўнены ў тым, што няправільныя фізічныя адносіны разбураюць чалавечыю асобу, бо парушаюць Божы парадак, а таму зьнішчаюць духоўны пачатак у чалавеку. Яны павінны навучыцца жыць у свабодзе Хрыстовай і быць моцнымі Ягонаю сілай. Менавіта так думаў Павал і пра гэта ён казаў сваім вучням ды братам. Тая мараль, што несьлі ў сабе хрысьціяне, рэзка канстраставала з тым, пра што казаў апростал. Усё было вельмі няпроста, але Павал быў вельмі ўпэўнены у тым, што Хрыстос выправіць тое няправільнае, што ёсьць у фізічным жыцьці чалавека. Гэтыя людзі павінны былі навучыцца жыць у свабодзе Хрыстовай і быць моцнымі сілаю Хрыста.
Нешматлікія і слабыя, нават і недарэчныя перад большасьцю ў шматлюдных паганскіх працэсіях па прыступках паганскіх храмаў, якія выглядалі так, быццам бы ім адводзілася для гэтага тысячы гадоў, хрысьціяне сустрэліся, тым ня меньш, з і пэўнымі цяжкасьцямі. У кожнай мясной краме цяжка было знайсьці кавалак, які б не прайшоў праз абрад пасьвячэньня ідалу, што лічылася сярод хрысьціянаў як удзел у ідалапаклонстве. Звычайна сямейныя і іншыя ўрачыстасьці праходзілі ў храмах, дзе ідалы вызначаліся пачэснымі гасьцямі. Хрысьціянам было няпроста, бо спакусы ў традыцыях ці звычках падцікоўвалі іх на кожным кроку. Павал, усё гэта добра бачачы, думаў пра ўсё гэтае так: «Вас наведала спакуса ня іншая, як чалавечая. Але верны Бог, Які не пакіне вас быць спакушаемымі больш, чым вы можаце, але са спакусай зробіць і выхад, каб вы маглі перанесьці». Так праходзіла служэньне Паўла у гэтым шматлюдным і разбэшчаным горадзе. Але і тут, здавалася б ў небясьпечных умовах, яго падсьцерагала пэўная пагроза з юдэйскага боку.
Свидетельство о публикации №226020700748