Эфес
Акіла і Прыскіла, разам са сваёй майстэрняй, пераязжалі з Карынту ў Эфэс і гэта для Паўла было своеасаблівым ды стратэгічным крокам. Пакуль ён будзе зьдзяйсьняць паломніцтва ў Ерусалім, сябры падгатуюць усё для ягонай пропаведзі, а таксама і майстэрню, якая дазволіць ім зарабляць на жыцьцё. Усё гэта будзе крыху пазьней, а зараз, усе разам, яны накіраваліся ў Кэнхрэі, што ёсьць портам на ўзьбярэжжы Эгейскага мора, які прыналежыў Карынту. Менавіта тут, у мясцовай сынагозе, Павал абстрыг галаву, каб зрабіць шлюбаваньне. Правёўшы ноч у доме хрысьціяніна Фэба, вандроўнікі зранку адплылі на караблі ў Эфэс. І зноў Павал адчуў хараство марскога паветра і прыгажосьць марскіх хваляў. Іхні шлях пралягаў між прыгожых Кікладскіх выспаў і сябры атрымлівалі асалоду ад убачаных марскіх пейзажаў. Павал адчуваў асаблівую асалоду ад гэтага марскога вандраваньня, бо ён ня быў абыякавым да прыгажосьці ўсяго, што бачыў. Ён думаў і пісаў пра прыгажосьць зорак і чалавечага цела, бо ягонае сэрца было поўнае паэзіяй псальмаў і вандруючы, Павал заўсёды ўспамінаў гэтыя радкі з Пісаньня: «Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх».
Нарэшце карабель увайшоў у невялікую бухту Эфэса і перад сябрамі адкрылася велічная карціна гораду. Зьлева ўзвышаліся прыгоркі, што аддзялялі Эфэс ад заліва Сьмірны. Справа ж ад гораду яны ўбачылі гару Карэс і частку дзесяцікіламетровага кальцавога муру, які быў пабудаваны Лісімахам яшчэ за тры стагодзьдзі да прыбыцьця сюды Паўла. У самым канцы заліву стаяла даволі высокая вартаўнічая вежа. Уражаны Павал успомніў, як некалькі гадоў таму Сьвяты Дух забараніў яму ісьці сюды, але зараз усё было інакш, бо Павал ужо меў за плячыма вопыт Карынту. Яркія каляры асьляплялі вочы. Вандроўнікі бачылі безьліч жылых дамоў, якія цясьніліся ў даліне. Быў бачны і тэатр, які быў высечаны ў схіле гары Піён, а ў паўночным накірунку ад гэтай гары, каля невысокага прыгорку, велічна зьзяў аграменны храм Артэміды, які лічыўся адным з сямі цудаў сьвету, будучы ў чатыры разы больш за Парфенон у Атэнах. Гэты храм меў сваю знакамітую гісторыю, якую Павал ведаў яшчэ з юнацтва, выхоўваючыся ў Тарсе. Фанатык Герастрат спаліў гэты храм у тую самую ноч, калі нарадзіўся ў Македоніі Аляксандр Вялікі, але яго адбудавалі наноў у сваёй папярэдняй велічы. Нарэшце карабель прышвартаваўся і сябры, сыйшоўшы на пірс, накіраваліся ў горад.
Павал даволі хутка знайшоў прытулак для сваіх сяброў, бо звычайна гебраі сустракалі ветлівасьць з боку юдэяў у іншаземных гарадах. Павал пакінуў Акілу і Прыскілу на ўладкаваньне сябе і сваёй майстэрні, а сам накіраваўся ў бок сынагогі. Ён вельмі хваляваўся, памятаючы свой папярэдні негатыўны вопыт, але служэньне Хрысту было вызначальным і таму Павал увайшоў на суботняе служэньне. Як гэта і было прынятым, Паўлу далі слова для пропаведзі. І ён казаў тое, што казаў і паўсюды: пра сьмерць і ўваскрасеньне Ісуса Хрыста. Ён абвяшчаў Ісуса Мэсіяй, якога чакалі гебраі ў-ва ўсе часы. На зьдзіўленьне Паўла яго не адпрэчылі, але наадварот запрасілі застацца ў Эфэсе і працягнуць пропаведзь і дыялог. Але Павал, не адмаўляючыся ад гэтага, выказаў ім свае бліжэйшыя планы: «Я мушу абавязкова справіць надыходзячае сьвята ў Ерусаліме. А зноў вярнуся да вас, калі Бог захоча». У далейшае падарожжа Павал выправіўся адзін, бо шлях да Ерусаліму ён ведаў вельмі добра ад свайго юнацтва. З порту Эфэса Павал накіраваўся марскім шляхам да Цэзарэі, адкуль, з натоўпам такіх-жа паломнікаў, ён накіраваўся да Ерусаліму. Выканаўшы ўсе сьвяточныя фармальнасьці паломніка, Павал сустрэўся з кіраўнікамі царквы Ерусаліму. Менавіта ў гэты час і сасьпеў план грашовай дапамогі для хрысьціянаў Ерусаліму.
Павал бачыў і ведаў незайздроснае становішча царквы таго месца, дзе быў укрыжаваны Ісус Хрыстос. Павал ведаў, што царква Ерусаліму жыла сама ў сабе і ніякай місіянэрскай дзейнасьцю не займалася. Можа з-за недахопу сродкаў і таму Павал спадзяваўся, што сабраныя грошы змогуць даць штуршок да місіянэрства на ўсход ад Юдэі. Павал не затрымаўся ў Ерусаліме і выправіўся ў Антыёхію Сірыйскую. Ён прайшоў праз Галілею, дзе сустрэўся з тымі, хто бачыў жывога Ісуса пасьля ўваскрасеньня, што дадала апосталу новыя сілы для служээньня свайму Госпаду і Збаўцу Ісусу Хрысту. Антыёхія ветліва сустрэла Паўла і ён адчуваў сябе як у сваім доме, бо менавіта тут ён атрымаў цудоўную магчымасьць пачаць актыўную дзейнасьць прапаведніка Эвангельля Ісуса Хрыста. Павал радаваўся духам, бо гэта быў ягоны дом, дзе ён мог адпачыць у горадзе, які дабраславіў ягонае місіянэрства.
Лета 52 года ўжо саступала восені, а дзённая сьпякота як быцца бы гэтага не заўважала, але вопытны падарожнік Павал добра ведаў, як з гэтым спраўляцца. Шлях Паўла ляжаў да Эфэсу, але вось яшчэ адна акалічнасьць, якую нельга не заўважыць. Павал падарожнічае без памочнікаў, адзін. І гэтаму ёсьць пэўнае тлумачэньне, бо ў першым і другім падарожжы ён ішоў у «невядомасьць», а таму бяз верных супрацоўнікаў гэта было неверагодным. Павал памятаў, якія цяжкасьці яго падсьцерагалі, так што Госпаду аднойчы трэба было сур’ёзна ўмяшацца, каб падтрымаць укамянованага Паўла ў месцы Лістра. Павал памятаў і той страх, калі ён адзін прыйшоў з Атэнаў у невядомы Карынт. Але час зьмяняўся, бо ствараліся цэрквы, а з імі ўзрастала і хрысьціянская сям’я. Паўлу было ўжо на каго абаперціся і да каго зьвярнуцца, а такі каштоўны прапаведніцкі матэрыял, як Сіла, Цімафей, Лука і іншыя вучні, патрэбны былі на месцах, каб колькасьць пераўтвараць у якасьць. А Павал рабіў сваю справу, як гэта загадаў яму Госпад Ісус Хрыстос. Павал яшчэ прыйдзе ў Эфэс, дзе ў гэты час адбываліся даволі цікавыя падзеі.
Павал выйшаў з Антыёхіі ў паўночным напрамку. Ён вырашыў выкарыстаць гэтае падарожжа, каб пабачыць сваіх старых сяброў. Павал пайшоў добра знаёмым шляхам праз Кілікію. Звыкла абмінуўшы Тарс, ён накіраваўся да Кілікійскай брамы скрозь горы Таўра. Павал наведаў невялікія цэрквы на схілах Таўра, але не затрымаўся тут, а пасьпяшаўся па рымскаму шляху ў бок Дэрбаў. Прывітаўшы царкву, ён некалькі дзён прабыў у Дэрбах, настаўляючы царкву і адпачываючы ад нялёгкага горнага пераходу. Цэрквы Лістры, Іконіі і Антыёхіі Пісідзкай таксама ветліва і шчыра сустракалі апостала, а той упэўніўся ў тым, што гэтыя цэрквы пазбавіліся ілжывых вучэньняў і іхні духоўны ўзровень знаходзіўся ў добрым стане. Дарэчы ў Дэрбіі Павал узяў з сабою новага вучня на імя Гай, які пайшоў з апосталам у далейшы шлях да Эфэсу. Павал не заставаўся на працяглы час ў гэтых гарадах, але пэўны час, на ўмацаваньне цэркваў, ён аддаваў як апостальскае служэньне. Рознаколерная восень ўжо падыходзіла да свайго завяршэньня і на пачатку зімы Павал нарэшце прыйшоў у Эфэс. Павал адразу накіраваўся да Акілы з Прыскілай, якія вельмі цёпла сустрэлі апостала і за сталом распавялі яму ўсё, што адбылося тут пад час ягонай адсутнасьці. Майстэрня па вырабу намётаў надзейна працавала і Паўла чакала знаёмая яму праца, але галоўная навіна была ня ў гэтым.
Яны распавялі Паўлу пра аднога выбітнага місіянэра, які прыйшоў з афрыканскай Александрыі. Апалёс - адукаваны гебрай александрыйскай дыяспары, які добра ведаў Пісаньні, ведаў пра Хрыста і вучыў пра Яго даволі правільна. Але ён казаў пра Ісуса хутчэй, як пра гістарычную асобу, а не як пра Госпада. Апалёс даволі падрабязна распавядаў пра жыцьцё, сьмерць і ўваскрасеньне Ісуса Хрыста. Але ён ведаў толькі хрост па спосабу Яна Хрысьціцеля, які зьдзяйсьняўся ў знак пакаяньня веруючых перад будучым Божым Валадарствам. Пачуўшы пропаведзі Апалёса ў сынагозе, Акіла з Прыскілай запрасілі гэтага прапаведніка да свайго дому. Апалёс, які добра ведаў Біблію, ня ведаў нешта такое, што ведалі Прыскіла з Акілай. Яны размаўлялі з ім, пакуль ён не спасьціг таямніцы новага стварэньня асобы Сьвятым Духам Бога Айца і Сына Ісуса. І з гэтага часу пропаведзь Апалёса ў Эфэсе стала яшчэ больш гарачай і надхнёнай.
Павал, гледзячы на Прыскілу, яшчэ і яшчэ раз азначаў такую значную ролю жанчын ў гісторыі разьвіцьця першапачатковага хрысьціянства. Прыскіла дапамагае мужу ўмацаваць ў хрысьціянстве чалавека з буйнога універсітэцкага гораду Александрыя, але справа ня толькі ў гэтым. Галоўнае ў-ва ўсім гэтым зьвязана з хрысьціянскім хростам Апалёса ў імя Ісуса з Сьвятым Духам. Павал не даваў выразных правілаў адносна таго, як людзі павінны прыходзіць у сям’ю веруючых, бо ўсё бывае па рознаму. Галоўнае, як Апалёс, быць адкрытымі на тое каб вучыцца, пры гэтым часта і з нечаканых крыніцаў, каб убачыць нечаканае ў Пісаньні. Каб убачыць і тыя перамены, якія адбываюцца ў жыцьці хрысьціяніна. Узброены новым вучэньнем, Апалёс, пераплыўшы Эгейскае мора прыйшоў у Карынт з рэкамендацыйным лістом ад Акілы з Прыскілай, дзе ён мужна сьведчыў і добра прапаведаваў, паказваючы ў Пісаньнях Ісуса Хрыста. Апалёс, ведаючы гістарычнага Хрыста, усьвядоміў у Ім Мэсію, Які заўсёды прысутнічае ў сэрцах веруючых людзей, што павялічыла сілу ягонай пропаведзі ў шмат разоў. Павал не застаў Апалёса ў Эфэсе, але ён быў задаволены тым, як зерне хрысьціянства сеялася ў гэтым горадзе.
Любасныя сэрцу Паўла Акіла з Прыскілай не бязьдзейнічалі ў адсутнасць апостала, але і не атрымалі значных посьпехаў у справе разьвіцьця новай царквы. Настаўлены Апалёс і яшчэ некалькі нованавернутых хрысьціянаў - гэта і быў іхні вынік хрысьціянскага дабравесьця ў Эфэсе. Павал добра разумеў сваіх сяброў, бо ведаў іх не адзін год. Яны былі простымі рамесьнікамі, якія любілі Ісуса і, між тым, распавядалі атачаючым іх людзям пра сваю веру і Ісуса Хрыста. Але Павал быў у гэтым сэнсе прафесіяналам дабравесьця, а рамяством Акілы ён займаўся, па неабходнасьці, каб не абцяжарваць сваіх сяброў асабістым матэрыяльным забясьпячэньнем. Вольная ж частка свайго часу пасьвячалася пропаведзі і стаўленьню царквы. Адначасова Павал знаёміўся з горадам і ягонымі жыхарамі, праводзячы шматлікія эвангелізацыйныя размовы.
Ходзячы па гораду, у падножжы гары Піён, адкуль адкрываліся самыя нечаканыя краявіды, ён уважліва слухаў і размаўляў з самымі рознымі людзьмі. І нарэшце ён пачуў амаль што неверагоднае. Яму падказалі, што ў горадзе існуць людзі, якія прапаведуюць нешта такое, што і Павал. Апосталу падказалі іхняе месца і ён сустрэўся з гэтымі людзьмі. Іх было дванаццаць чалавек і ўсе яны раней былі паганамі, але верылі яны прыкладна ў тое ж, што і калісьці Апалёс да сустрэчы з Акілай і Прыскілай. Паходжаньне іхняе веры было нявызначанай, але Павал адразу ж выявіў, што вера гэтых людзей шчырая, але мае важныя недагляды і ён хутка вызначыў сутнасьць іхняе праблемы. Адбыўся просты дыялог, дзе Павал запытаў: «Ці прынялі вы Духа Сьвятога, паверыўшы?» Яны ж адказалі , што пра гэта і ня чулі, а на пытаньне Паўла ў-ва што яны хрысьціліся, яны адказалі: «У хрышченьне Янавае». Павал, пасьля непрацяглай паўзы, сказаў ім вызначальныя для іх словы: «Ян хрысьціў хрышчэньнем навяртаньня, кажучы народу, каб верылі ў Таго, Які ідзе за ім, значыць у Хрыста Ісуса». Суразмоўцы Паўла адразу ж пажадалі прыняць новае хрышчэньне і Павал прывёў іх да ракі Цэстар, непадалёк ад храму Артэміды, і зьдзейсьніў гэты просты абрад. Выйдзячы з вады, новыя веруючыя ўсталі на калені і Павал ўсклаў на іх свае рукі, молячыся за тое, каб на кожнага з іх сыйшоў Сьвяты Дух. І раптам здарылася тое, што было некалі і ў дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусаліме. Навернутыя казалі мовамі, молячыся і праслаўляючыся імя Ісуса. Потым яны казалі кожнаму чалавеку, як раптоўна адкрылася ім праўда, схаваная ў Пісаньні, хаця яны чыталі Стары Запавет і раней. Панавала атмасфэра прасьвятленьня і радасьці, бо Божае Валадарства атрымала ня толькі сваіх вучняў, але і служыцелей.
Пропаведзь Хрысьціцеля зьяўлялася прыступкам на шляху Таго, Хто ішоў за ім. Але гэты прыступак ёсьць рэч неабходная, бо шлях да веры мае два прыступкі. На першым чалавек ўсьведамляе сваю бездапаможнасьць і асуджанасьць. Гэты прыступак зьвязаны з жаданьнем добрых учынкаў, але гэта выніку ня мае, бо чалавек мае спадзяваньне на свае асабістыя высілкі. На другім жа прыступку ён ўсьведамляе, што ягонае абвінавачваньне самога сябе можа быць зьнятым толькі ласкаю Ісуса Хрыста. З гэтым другім прыступкам непарыўна зьвязана ўсьведамленьне, што асабістыя высілкі чалавека кіруюцца і ўзмацняюцца Сьвятым Духам. Менавіта з Ім можна зрабіць тое, на што мы, самі па сабе, не зьяўляемся здольнымі. Гэтыя дванаццаць вучняў, якіх сустрэў Павал у Эфэсе, усьведамлялі сваю асуду, як і маральны доўг жыць лепш, але яны ня ведалі ні ласкі Хрыста, ні дапамогі Сьвятога Духа. Іхняя рэлігія вылівалася ў асабістую барацьбу з самімі сабою, а таму яны ня мелі ўнутранага супакою і міру. Усё зьмянілася пасьля сустрэчы з апосталам Паўлам, бо яны зразумелі, што ня можа быць сапраўднага хрысьціянства без прысутнасьці Сьвятога Духа.
Дык вось, гэтыя дванаццаць чалавек, разам з Акілай і Прыскілай і тымі нававернутымі імі, сталі цэнтрам першай хрысьціянскай царквы ў Эфэсе. А Павал, як і абяцаў, увайшоў у сынагогу, памятаючы сваё абяцаньне старшыням. Усе тры месяцы зімы 52-53 году Павал прапаведаваў, размаўляючы пра Божае Валадарства ў сынагозе. Юдэі Эфэсу былі ня так непрыязны да хрысьціянства, як іхнія браты з Тэсалонікаў і Карынту. Яны спрачаліся, але не адмаўляліся слуханьня і многія пагане, якія заходзілі ў сынагогу, паверылі ў Хрыста. І зноў бачыў Павал, як Хрыстос разьбівае мур, які падзяляе паганаў і юдэяў. Але як бы тое не было, самая нязгодная з вучэньнем Паўла частка юдэяў пачала хвалявацца, нападаючы на веруючых і абражаючы імя Ісуса Хрыста. Апостал зразумеў, што далейшая пропаведзь у сынагозе непажаданая і ён пачаў шукаць іншае месца, дзе б можна было праводзіць служэньні ў імя Госпада Ісуса Хрыста.
Такое месца хутка і знайшлося ў школе рытара Тырана, які даваў урокі філасофіі і рыторыкі. Павал вучыў у гэтай школе з 11 гадзін раніцы да 4 гадзін папоўдні. Чаму так? Таму што гэта быў самы сьпякотны час, калі жыцьцё горада з-за гэтага замірала і памяшканьне было вольным. Вядома, што ў першую гадзіну папоўдні ў Эфэсе адпачывала больш людзей, чым у першую гадзіну ночы. З ранку і ў вечары, Павал займаўся добра знаёмым яму рамяством. Тым больш, што Акіла і Прыскіла былі побач, а яны ўжо працавалі разам у Карынце. Павал вельмі сур’ёзна ставіўся да гэтага навучаньня, а хрысьціяне, у сваю чаргу, рупліва ставіліся да вучэньня Паўла, не губляючы магчымасьці вучыцца ў той час, калі іншыя людзі адпачывалі. Прыклад для ўсіх тых, каму «не хапае часу» для вывучэньня Божага Слова, але можна ўпэнена казаць тое, што гэта была першая добра арганізаваная хрысьціянская школа па падрыхтоўцы прапаведнікаў і лідараў царквы. Каля двух гадоў апостал гатаваў вучняў, пасылаючы іх прапаведаваць іншым. Менавіта такім чынам, па ўсёй правінцыі Азія, жыхары і пачулі пропаведзі пра Госпада Ісуса. Як юдэі, так і эліны.
Так атрымалася, што галоўная праца Паўла ў Эфэсе сталася менавіта ў школе Тырана, дзе ён, вучачы хрысьціянаў, казаў наступнае: «Дык будзьце пераймальнікамі Бога, як дзеці ўлюбёныя, і хадзіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе за нас, як дар і ахвяру Богу, на водар салодкі. А распуста і ўсякая нячыстасьць або хцівасьць няхай і называюцца ў вас, як і належыць сьвятым, ані агідныя і пустыя словы або жарты непрыстойныя, але лепш падзяка. Бо ведайце, што ніякі распусьнік, або нячысты, або хцівец, які зьяўляецца ідалапаклоньнікам, ня мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога. Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў непакорнасьці. Дык ня будзьце супольнікамі іх. Вы былі некалі цемрай, цяпер - сьвятло ў Госпадзе; хадзіце ж, як дзеці сьвятла, бо плод Духа ёсьць на ўсякай добрасьці, і праведнасьці, і праўдзе. Выпрабоўвайце, што падабаецца Богу, і ня ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а лепш дакарайце. Бо пра тое, што робіцца імі патаемна, сорамна і гаварыць. Але ўсё, дакаранае сьвятлом, робіцца яўным, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло, і таму сказана: “Устань, ты, які сьпіш, і ўваскрэсьні з мёртвых, і асвеціць цябе Хрыстос”. Дык глядзіце, хадзіце дакладна, не як бязглуздыя, але як мудрыя, выкупляючы час, бо дні злыя. Дзеля гэтага ня будзьце неразумнымі, але пазнавайце, якая ёсьць воля Госпада».
Павал казаў яшчэ і яшчэ пра хрысьціянскую праўду. Яго ўважліва слухалі, а пісьменныя запісвалі на папірусе ўсё тое, што ім прапаведаваў іх апостал. Пасьля працяглага часу навучаньня ад Паўла, вучні зьбіралі гэтыя запісы ў адзіны сшытак. Гэта не былі доўгія скруткі, але былі кароткімі, якія дазавалялі скласьці іх у невялікі фармат, змацаваўшы іх з аднога боку. Такім вось чынам, у Эфэсе, упершыню ўзьнікла хрысьціянская форма кнігі ці сшытку. Пропаведзі Паўла зьнешне нагадвалі лекцыі навучальнай установы, прычым адкрытай установы, калі нованавернутыя прыводзілі на гэтыя заняткі сваіх сяброў і знаёмых. Вядомасьць Паўла значна пашырылася, бо эфэсцы адчувалі ягоную любоў да іх. Эфэсцы адчувалі, як ён любіць іх, як ён стараецца перадаць усё лепшае, што ў яго ёсьць. І ягоны штодзённы заклік: «Пераймайце мяне, як і я пераймаю Госпада Хрыста», - не заставаўся без адказу. У гэтыя дні Павал заставаўся вясёлым і рухомым, бо навальнічныя тучы папярэдніх гадоў расьсеяліся і боль сьціхла. Праца ягоная была пасьпяховай і нічога не прадвесьціла будучых нягодаў.
Свидетельство о публикации №226020800101