Послание к Филлипам

XXIV. ПАСЛАНЬНЕ ДА ФІЛІПАЎ

Эфэс быў марскімі варотамі для тавараў з Рыму і наадварот, а таму чуткі пра зьняволеньне Паўла хутка дайшлі да цэркваў Ахаі і Македоніі. Як і заўсёды царква Філіпаў першай адгукнулася да патрэбаў апостала, паслаўшы свайго пасланца да Паўла. Пасланец філіпійцаў Эпафрадыт прынёс ня толькі пацьверджаньне сваёй царквы пра малітвы за Паўла, але і грашовую падтрымку. Грошы гэтыя прыйшліся вельмі дарэчы, бо, па закону Рыма, вязень павінен быў плаціць за сваё ўтрыманьне, а зарабляць на гэтае Павал ня меў ніякай магчымасьці. Апостал цёпла сустрэў Эпафрадыта, які распавёў яму пра сябра Паўлавага Луку, пра Лідзію і пра ўсіх астатніх хрысьціянаў, уключаючы ў гэты аповяд і галоўнага ахоўніка турмы, які стаўся, разам з усімі сваімі блізкімі, шчырым і актыўным веруючым у царкве Філіпаў. Усё было добра ў царкве Філіпаў і Павал быў гэтаму вельмі рады, але яго ўстрывожыў фізічны стан Эпафрадыта, які, па ўсёй верагоднасьці, набыў у дарозе нейкую хваробу. Усё было вельмі сур’ёзна, але, дзякуючы малітвам хысьціянаў Эфэсу і непасрэдна Паўла, хвароба адступіла і Павал папрасіў Эпафрадыта вярнуцца ў Філіпы. Такім чынам зьявілася цудоўная магчымасьць падзякаваць братоў і сёстраў за іхнюю дапамогу. Павал вырашыў даслаць ім ліст падзякі і гэта было самае шчаснае з пасланьняў апостала. Цімафей усё зразумеў і ўжо на наступны дзень сядзеў каля Паўла з пяром напагатове, каб запісаць гэтае цудоўнае пасланьне Паўла.

«Павал і Цімафей, слугі Ісуса Хрыста, - усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, якія ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне пра вас, заўсёды ў кожнай просьбы маёй за ўсіх вас просячы з радасьцю, за вашую супольнасьць у Эвангельлі ад першага дня аж да цяперашняга, маючы пэўнасьць у тым, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, будзе зьдзяйсьняць яе аж да дня Ісуса Хрыста, як справядліва мне думаць адносна ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы як у путах маіх, так і ў абароне, і ў сьцьвярджэньні Эвангельля, вас, якія ўсе, - удзельнікі са мною ў ласцы. Бо Бог мне сьведка, як я прагну ўсіх вас сэрцам Ісуса Хрыста; і малюся пра тое, каб любоў вашая яшчэ больш і больш памнажалася ў пазнаньні і ўсякім разуменьні, каб, выпрабоўваючы, што лепшае, вы былі чыстымі і без спатыкненьня ў дзень Хрыстовы, напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу і пахвалу Божую»

Словы любові і падтрымкі перапаўнялі Паўла так, што Цімафей ледзь пасьпяваў запісваць за апосталам. Павал казаў ім пра тое, што ягонае зьняволеньне пайшло на добрае хрысьціянству: «Хачу браты, каб вы даведаліся, што тое, што са мной сталася, выйшла больш на посьпех Эвангельля, так што путы мае ў Хрысьце сталіся яўнымі ў-ва ўсёй прэторыі і ўсім іншым, і многія з братоў у Госпадзе, перакананыя путамі маімі, яшчэ больш адважыліся бяз страху гаварыць Слова». Павал заўважыў, што стаіць перад дылемай - працягваць сваё служэньне ці памерці, атрымаўшы з ёй больш радаснае вызваленьне. У глыбіні ж свайго сэрца, ён хваляваўся пра тое, каб не адступіцца ад Хрыста, калі яго выпхнуць на арэну перад лютымі драпежнікамі. Малітвы ж філіпянаў у сіле Сьвятога Духа ўпэўнілі яго ў наступным: «Бо я ведаю, што гэта станецца мне на збаўленьне праз вашыя просьбы і дапамогу Духа Ісуса Хрыста, паводле спадзяваньня і надзеі маёй, што я ня ў чым ня буду асаромлены, але з усёю адвагай, як заўсёды, гэтак і цяпер, будзе ўзьвялічаны Хрстос, і сьмерць - набытак. А як жыцьцё ў целе дае плод маёй справе, ня ведаю, што і выбраць. Бо цягне адно і другое. Маю жаданьне разьвязацца і быць з Хрыстом, і гэта нашмат лепш, а заставацца ў целе больш патрэбна дзеля вас. І я напэўна ведаю, што застануся і затрымаюся з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці веры, каб пахвала вашая ў Хрысьце Ісусе памнажалася ў-ва мне, калі зноў прыйду да вас».

Павал вытрымаў паўзу, а Цімафей, узьняўшы галаву, уважліва паглядзеў на Паўла, бо яго вельмі ўразіла кароткая і безсьмяротная фраза жывога перакананьня ўсіх хрысьціянаў сьвету: «Бо для мяне жыцьцё - Хрыстос, і сьмерць - набытак». Цімафей зноў пачаў пісаць, а Павал дыктаваў і дыктаваў. Ён вярнуўся да практычных справаў, просячы філіпянаў ставіцца да блізкіх так, як гэта вучыць Эвангельле і не баяцца процідзеяньня. Ён будзе цалкам шчасьлівы, калі яны аб’яднаюцца ў любові сэрца і розуму, безкарысьліва дапамагаючы адзін адному, не спадзяючыся на якую-небудзь карысьць, акрамя карысьці ўзаемнай любові. Усхваляваны Павал, незаўважна для сябе, перайшоў ад справаў сьвету да выразаў найважнейшай для ўсіх хрысьціянаў праўдзе. Ён прыпамятаў Філіпы, калі ён, разам з Сілай, сьпяваў у вязініцы праслаўленьне Госпаду: «Бо няхай тое ў вас думаецца, што і ў Ісусе Хрысьце, Які, маючы постаць Бога, не лічыў захопам быць роўным Богу, але прынізіў Сябе, прыняўшы постаць слугі, стаўшыся на падабенства людзей і знойдзены выглядам, як чалавек, панізіў Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да сьмерці, і сьмерці крыжовай. Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя, каб у імя Ісуса схілілася ўсякае калена нябесных, зямных і падземных і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад Ісус Хрыстос у славу Бога Айца».

Здавалася што пакой, дзе адбываўся запіс пасланьня, нібыта напоўніўся музычнымі гукамі праслаўленьня Госпада. Павал праслаўляў Хрыста і шчыра дзякаваў філіпійцаў за іхнюю дапамогу. У ягоных словах гучала такое пачуцьце, што вучні апостала і ягоныя ахоўнікі сабраліся каля пакою, дзе запісвалася пасланьне. Яны з цікавасьцю слухалі словы Паўла і ім першым выпала радасьць пачуць неўмяручыя словы апостала: «Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе. Ізноў кажу: радуйцеся. Спагаднасьць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка! Не турбуйцеся ні пра што, але ў-ва ўсякай малітве і просьбе з падзякай няхай адкрываюцца жаданьні вашыя перад Богам, і супакой Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Ісусе Хрысьце». Усе прысутныя зацікаўлена глядзелі і слухалі, як Павал адкрывае філіпійцам таямніцы свайго розуму, каб ні ў каго не засталося ніякага сумненьня ў ягонай шчырасьці: «Нарэшце, браты, што ёсьць праўдзівае, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што добрай славы, калі ёсьць якая цнота і якая пахвала, - пра тое думайце. І чаго вы навучыліся, і што прынялі, і чулі, і бачылі ў-ва мне, тое рабіце, і Бог супакою будзе з вамі».

Павал, падняўшы руку, абвесьціў невялікую паўзу заўважыўшы, што ягоныя ахоўнікі - хрысьціяне маюць намер нешта яму сказаць. Выслухаўшы іх ён працягнуў дыктаваць Цімафею: «Я маю ўсё і маю дастатак; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадыта тое, што ад вас, водар салодкі, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу. А Бог мой няхай напоўніць усякую патрэбу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце Ісусе. Богу ж і Айцу нашаму слава на вякі вякоў. Амэн». Сказаўшы гэта Павал, паглядеўшы на прысутных вучняў і сваіх ахоўнікаў, працягнуў на заканчэньне: «Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною. Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, што з дому цэзара. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн».

Павал скончыў дыктаваць, але ў сэрцы яшчэ гучалі словы пра сваё жыцьцё і служэньне Ісусу Хрысту: «Нарэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам гэта для мяне ня цяжка, а для вас карысна. Зважайце на сабак, зважайце на благіх работнікаў, зважайце на нібыта абрэзаных, бо абрэзаныя - гэта мы, якія служым Богу духам, і хвалімся ў Хрысьце Ісусе, і ня ў целе маем спадзяваньне; хоць я маю пэўнасьць і ў целе. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык я больш, абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраіля, з калена Бэн’яміна, гебрай з гебраяў, паводле Закону - фарысэй, які праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, паводле праведнасьці, якая ў Закону, - беззаганны. Але тое, што для мяне было набыткам, дзеля Хрыста я палічыў за страту. І больш таго, усё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за гной, каб Хрыста здабыць і апынуцца ў Ім, маючы не маю праведнасьць, якая праз Закон, але тую, якая праз веру ў Хрыста, праведнасьць праз Бога праз веру, каб пазнаць Яго, і сілу ўваскрасеньня Яго, і супольнасьць пакутаў Яго, прыпадабнябчыся сьмерці Яго, каб толькі дасягнуць паўстаньня з мёртвых. Не таму, што я ўжо атрымаў ці ўжо споўніў усё, але імкнуся, ці не дасягну і я таго, як мяне дасягнуў Хрыстос Ісус. Браты, я не лічу сябе, што дасягнуў, а толькі забываючы пра тое, што ззаду, і імкнучыся да таго, што наперадзе, імчу да мэты, да ўзнагароды пакліканьня Божага, якое з гары ў Хрысьце Ісусе. Дык усе, хто дасканалыя, будзем думаць гэтак. А калі вы што іначай думаеце, і гэтак Бог вам адкрые».

Усе прысутныя пры складаньні гэтага пасланьня ўзьнесьлі хвалу Госпаду, дабраслаўляючы Эпафрадыта і ўсіх тых, да каго панясе ён пасланьне апостала. Павал прасіў Госпада дабраславіць усіх прысутных, а Цімафей узьнёс асобную малітву за апостала, для якога выпрабаваньне зьняволеньнем яшчэ ня скончылася. Сам Павал, застаўшыся адзін, яшчэ знаходзіўся ў думках сярод сваіх словаў, якія леглі на лістП: «Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе. Ізноў кажу: радуйцеся». Ён радаваўся прысутнасьці Госпада, радаваўся сябрам, радаваўся таму, што Эвангельле было пачута нават і тут, у прэтарыянскай вязьніцы. Але пачуцьцё трывогі ўсё ж заставалася недзе ў глыбіні сэрца, бо сьледства па справе Паўла працягвалася і які будзе з гэтага вынік ніхто ня ведаў. У наступныя месяцы яго маглі чакаць такія выпрабаваньні, перад якімі ****нелі ўсе нягоды мінулага і якія правераць на справе, ці дасягнуў ён дасканаласьці, ці можа ён заўсёды радавацца, заўсёды заставацца спакойным, не турбавацца ні пра што? Ці здольны ён сам прытрымлівацца сваіх жа парадаў?


Рецензии