Родные Филлипы

XXV. ЭФЭС, ЭФЭС

Судовы працэс, які пачаўся ў вясну 54 году пад старшынствам Сілана, скончыўся не на карысьць юдэяў. Сабраных сьведчаньняў аказалася недастаткова для доказу віны. Суд пастанавіў, што Павал ня ўтойваў і ня краў грошай, прызначаных для храму Ерусаліма. Калі юдэі не жадалі ахвяраваць на патрэбы Храму, дык у гэтым ніяк не назіралася злачынства з боку Паўла. Суд быў па рымску аб’ектыўным, бо нікому не выказвалася перавагі, але галоўнае ў рашэньні суду было тое, што яно паставіла Паўла ў становішча чалавека, які скарыстаўся заступніцтвам Рыму. Але з гэтым не пагадзілася значная частка мясцовага насельніцтва, наступствы чаго ўжо высьпявалі жахлівымі падзеямі. А пакуль што Павал сутыкнуўся з яшчэ адной праблемаю. З Карынту прыйшла трывожная вестка пра немінуючы раскол веруючых у царкве. Яе прынесьлі хрысьціяне, якія былі ў Эфэсе па сваіх гандлёвых справах. Павал ужо вызначыў значную праграму пропаведзі Эвангельля ў глыбіні Азіі, якая павінна была працягнуцца да Пяцьдзясятніцы наступнага году. Пасьля ж гэтага ён намерваўся накіравацца ў Карынт праз Македонію.

Але ягоныя планы, у сувязі з гэтым, павінны былі, хоць і нязначна, зьмяніцца. Апостал прыняў рашэньне нанесьці непрацяглы візіт у Карынт, каб падтрымаць і наставіць царкву ў праўдзе Ісуса Хрыста. Як раз быў пачатак навігацыі і Павал, разам з Цімафеем даволі хутка дасягнулі Карынту. Царква сустрэла іх стрымана, але і паважліва. Апосталы, разумеючы ўсю дэлікатнасьць становішча, пастараліся данесьці да царквы бачаньне Ісуса Хрыста на Сваю Царкву. Наставіўшы карынцянаў, яны выправіліся ў адваротны шлях, абяцаючы ім прыйсьці да іх у наступны год. Павал узяў з сабою Састэна, былога начальніка сынагогі Карынту, бо будучая праца ў глыбіні Азіі патрабавала ня толькі вытрымкі ды падгатаванасьці, але і значнай колькаснай падтрымцы.

Калі Павал, Цімафей і Састэн дасягнулі Эфэсу, зьбіраючыся да запланаванай эвангелізацыйнай вандроўцы, да іх зноў прыйшлі нядобрыя весткі з Карынту. Хрысьціяне Карынту заблыталіся ў сетках заганага гораду. Апостал тэрмінова напісаў ліст да царквы Карынту, даючы ёй парады і настаўленьні, спадзяючыся на тое, што гэта прыпыніць нядобрыя дзеі сярод хрысьціянаў Карынту. Калі Цімафей, па загаду Паўла, накіраваўся ў Філіпы, ён, акрамя гэтага, павінен быў наведаць Карынт і разабрацца ў змане мясцовай царквы. Сам Павал таксама меў намер у бліжэйшым будучым наведаць Філіпы і Карынт, але зараз, разам з Састэнам, ён гатаваўся да пропаведзі ў глыбіні Малой Азіі. Яны не пасьпелі адыйсьці, бо былі вымушаныя затрымацца, таму што па горадзе пракацілася хваля нядобрай весткі - забойства Марка Юнія Сілана.

За некалькі тыдняў да гэтага забойства памёр імператар Кляўдый. Павал ня ведаў таго, што за гэтым стаіць, але забойства праконсула яго ўсхвалявала. Ён разумеў, што ягоная бясьпека можа значна паслабіцца, а з гэтым і стаўленьне ўладаў да царквы. Але што сталося, тое і сталося. Чацьвёрая жонка Кляўдыя, якая была таму кузінаю, зрабіла ўсё, каб ейны сын Нэрон, ад першага шлюбу, стаўся імператарам. У Кляўдыя і Агрыпіны быў агульны прадзед - Аўгуст, а таму Нэрон быў усыноўлены і прызначыны пераемнікам цэзара. У выніку гэтага Кляўдый быў атручаны. Яна дасягнула свайго, але, як ёй падалося, узніклі і пэўныя цяжкасьці да захаваньня ўлады. Агрыпіна баялася, што Нэрон не дасягне тых вышыняў, дзеля якіх яна яго і выхоўвала. І першай перашкодай гэтага плану мог стацца Сілан, які, па сваяцтву, быў бліжэй да Аўгуста за сына Агрыпіны. Яна баялася, што Сілан можа скласьці змову за забойства брата і захапіць пасад, забіўшы, пры гэтым, яе і Нэрона. Такім чынам лёс Сілана быў вырашаны і ён стаўся першай ахвяраю новага валадара, які, дарэчы, у гэтым нават і ня ўдзельнічаў. Па загаду Агрыпіны, вершнік Публій Цэлер і верны яму Гелій, які назіраў за маёмасьцю цэзара ў Азіі, атруцілі праконсула пад час урачыстага абеду, прысьвечанага ўступленьню на пасад новага цэзара. Праконсульская ўлада часова перайшла ў рукі Публія і Гелія, якія пачалі зьнішчаць сваіх ворагаў і жорстка перасьледаваць тых, хто меў заступніцтва ад Сілана. Паўла гэтыя падзеі не кранулі ніяк, бо часовую ўладу правінцыі зусім не хвалявалі справы Ерусаліму. Публій і Гелій выконвалі загад Агрыпіны па прывядзеньню чынавенства правінцыі ў стан беспярэчнай вернасьці новаму цэзару. А ў Паўла вызначыліся іншыя турботы.

З Карынту прыплылі некалькі чалавек з сям’і Хлоіных па сваіх гандлёвых справах. Разам з тым, яны перадалі Паўлу ліст ад кіраўнікоў царквы, дзе тыя прасілі яго патлумачыць некаторыя пытаньні, якія апостал вызначыў у папярэднім сваім лісьце. На словах жа яны распавялі Паўлу тое, што наспраўдзе адбывалася ў царкве Карынту. Паўла вельмі ўсхваляваў той маральны дух, што панаваў сярод хрысьціянаў царквы і якая, у вачах апостала, разбуралася і падала ў прорву паганства. Аказалася, што хрысьціяне судзіліся ў паганскіх судах, а сама царква Карынту загразла ў разладах. Адны заяўлялі, што яны «Паўлавы», іншыя называлі сябе пасьлядоўнікамі Апалёса, а іншыя лічылі сябе партыяй Пятра. Была, у іх ліку, і невялікая група хрысьціянаў, якая лічыла сябе «Хрыстовымі», нічым не абавязаная апосталам. Разам з разладамі ўзьнікла пыха, бо адныя лічылі сябе больш годнымі перад Богам за астатніх. Павал вельмі войстра адчуваў сваю адказнасьць за стан царквы ў Карынце, а таму ён вырашыў неадкладна скласьці да іх грунтоўнае пасланьне. Тое, што адбывалася ў Карынце было яскравым прыкладам цяжкасьцяў, якія суправаджалі Паўла. Мэтаю і жаданьнем Паўла было тое, каб кожны хрысьціянін быў маральна і духоўна дасканалым перад Хрыстом, але кожны раз перашкаджалі чалавечыя слабасьці, а ілжывыя вучэньні бянтэжылі розум. Хрыстос папярэджваў пра гэта калі казаў , што Яму патрэбна любоў вольная і дабраахвотная. Але Павал успрымаў няўдачу кожнага, як сваю асабістую, калі хрысьціяне аддавалі перавагу падзяленьню перад аб’яднаньнем. Ён не разумеў тое, што, пахвала Госпаду падмянялася разуменьнем сваёй асабістай годнасьці, а нават і мудрасьці.

Састэн з радасьцю пагадзіўся запісаць словы Паўла і праца пачалася. Павал прадыктаваў Састэну выраз падзякі і веры, дзіўнае па свайму супакою і ўпэненасьці. Але потым ён перайшоў да самай балючай праблеме, заклікаючы да царквы Карынту: «Ці разьдзяліўся Хрыстос? Ці Павал быў укрыжаваны за вас? Ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаныя?» Так, Павал хрысьціў некалькі чалавекаў у Карынце, але і ня больш. І гэта таму, што Хрыстос паслаў яго не за гэтым, але дзеля таго, каб дабравесьціць Ісуса Хрыста. Павал падкрэсьлівае гэтую думку, каб адразу ж пачаць абмяркаваньне гэтага пытаньня на больш высокім узроўні, чым гэта рабілі сучасныя яму мысьліўцы, якія бачылі вышэйшую карысьць у чалавечай думцы і чалавечых умовах. Павал так і прадыктаваў Састэну: «Бо калі сьвет праз мудрасьць не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, спадабалася Богу праз глупства пропаведзі збавіць тых, якія вераць. Бо і юдэі просяць знакаў, і грэкі шукаюць мудрасьці; а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для юдэяў - згаршеньне, а для грэкаў - глупства, а для тых, якія пакліканыя, і юдэяў, і грэкаў, - Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць».

Сваім далейшым разважаньнем Павал тлумачыць, што чалавек няздольны спазнаць Бога сілаю свайго розуму. І нават, калі б Павал ведаў пра тое, што адбудзецца праз дзьве тысячы гадоў, у сэнсе веданьня чалавека, ён, як падаецца, сказаў бы тое ж самае, што казаў і зараз: «Бо хто з людзей ведае, што ў чалавеку, акрамя духа чалавечага, які ў ім? Гэтак і таго, што ў Бога, ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага. А мы атрымалі ня духа сьвету, але Духа, Які ад Бога, каб ведаць, што падаравана нам ад Бога. І гэта мы гаворым ня словамі, якімі навучыла мудрасьць чалавечая, але якіх навучыў Дух Сьвяты, параўноўваючы духоўнае з духоўным. А душэўны чалавек ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо гэта глупства для яго, і ня можа зразумець, бо пра гэта судзіцца духоўна. А духоўны судзіць усё, сам жа ён ня судзіцца. Бо хто зразумеў розум Госпада, што будзе нешта даводзіць Яму? А мы маем розум Хрыстовы».
Сэрцам сваім Павал намагаўся, каб ягоныя чытачы ўспрымалі ўсё на высокім духоўным узроўні, а не на звычайным чалавечым. Ён хуткае разбурае пазыцыю тых, хто падзяліўся на групы, паказваючы, што кожны апостал ці прапаведнік служыць адзінаму Богу, а ўсе веруючыя адзіныя ў Богу. Павал даў знак Састэну і працягнуў: «Я пасадзіў, Апалёс паліваў, але расьціў Бог. Так што ані той, які садзіў, ані той, які паліваў, ня ёсьць нейкім, але Той, Які дае расьці - Бог. А хто садіць і хто палівае, ёсьць адно, і кожны атрымае сваю нагароду паводле сваёй працы. Бо мы - супрацоўнікі Божыя, вы - Божая ніва». Павал падкрэсьліў, што з духам раз’яднанасьці прыходзіць пыхлівасьць: «Ніхто няхай ня зводзіць сам сябе. Калі хто з вас думае быць мудрым у гэтым веку, няхай будзе дурным, каб быць мудрым. Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць глупства перад Богам, бо напісана: “Ён ловіць мудрых у падступнасьці іхняй”». Узбуджаны апостал прадыктаваў Састэну апошнія словы, каб зрабіць перапынак і працягнуць пасланьне наступным днём: «А як я не прыходжу да вас, некаторыя ўзганарыліся, але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і даведаюся ня словы гаварліўцаў, а сілу, бо Валадарства Божае ня ў слове, але ў сіле. Што хочаце? Каб я з кіем прыйшоў да вас ці з любоўю і духам ціхасьці?»

Прысутныя былі ўражаныя эмацыйнасьцю Паўла, а сам апостал разумеў усю важнасьць гэтага пасланьня і таму вырашыў, абдумаўшы працяг гэтага ліста, перанесьці дыктоўку на наступны дзень. Памаліўшыся разам, прысутныя разыйшліся, каб заўтра сустрэцца зноў. Павал жа ніяк ня страціў рашучасьці свайго пасланьня, бо маральныя хібы карынцянаў вельмі ўсхвалявалі яго. Маліўшыся потым у адзіноцтве, ён прасіў Госпада даць яму неабходныя словы, каб упэўніць братоў Карынту пра іхнюю няправасьць у ацэнцы маральнасьці некаторых хрысьціянаў царквы. Няпростая ноч для Паўла, але ён спадзяваўся на Госпада свайго Ісуса Хрыста. А на заўтра, пасьля ранішняй малітвы, ўсё працягнулася.

«Паўсюль чуваць, што ў вас распуста, і такая распуста, пра якую ня кажуць у паганаў, што нехта мае жонку свайго бацькі. І вы ўзганарыліся, і ня плачаце шмат, каб узяты быў спясярод вас той, хто зрабіў гэткую рэч? Бо я адсутны целам, але прысутны духам, ужо прысудзіў, як прысутны, таго, хто гэткае зрабіў, сабраўшыся разам у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і з духам маім, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста, аддаць такога шатану на зьнішчэньне цела, каб дух быў збаўлены ў дзень Госпада Ісуса. Няма добрай пахвалы вашай. Хіба вы ня ведааеце, што малая кісьля ўсё цеста квасіць? Дык ачысьціце старую кісьлю, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша, Хрыстос, заколены за нас. Так што будзем сьвяткаваць не са старою кісьляю, ня з кісьляй ліхоты і зласьцівасьці, але з праснакамі шчырасьці і праўды. Я пісаў вам у пасланьні ня мець справы з распусьнікамі. І наогул з распусьнікамі гэтага сьвету, ці хціўцамі, ці рабаўнікамі, ці ідалапаклоньнікамі, бо вам трэба было хіба выйсьці з гэтага сьвету, але я пісаў вам цяпер ня мець справы з тым, хто называючы братам, ці распусьнік, ці хцівец, ці ідалапаклоньнік, ці абмоўнік, ці п’яніца, ці рабаўнік; з гэтакім ня есьці разам! Бо што мне судзіць тых, якія звонку? Ці ня тых, якія пасярод судзіце вы? А тых, якія звонку, будзе судзіць Бог. Дык выкіньце злыдня спасярод вас».

У глыбіні свайго сэрца Павал адчуваў няўпэўненасьць і насьцярожнасьць, калі прамаўляў апошнія свае словы. Ён добра памятаў сваё фарысэйскае мінулае, добра ведаў агульны маральны стан разбэшчанага Карынту, як добра ведаў і тое, што асабіста прапаведаваў любоў у адносінах да хрысьціянаў, ды і ня толькі. Ісус не любіў грэх, але любіў грэшнікаў, аддаючы ім Самога Сябе. Павал трывожыўся за гэта, прадчуваючы, што ў будучым нехта «літаральна зразумее» гэтыя словы, бо адна справа ня есьці з такімі, а другая - «выкінуць злыдня». Ён добра ведаў пра тое, як ён асабіста арганізоўваў расправы над хрысьціянамі з юдэяў, як памятаў і на сваёй асабістай скуры пакараньні ў сынагозе за парушэньне Закону - «сорак без аднаго». Тут не было любові, а Павал вучыў доўгацярплівасьці і любові Ісуса Хрыста. Сітуацыя ж у Карынце бачылася яму адзінкавай і гэтыя жорсткія меры павінны былі прынесьці значны выхаваўчы эфект.

Адкінуўшы ад сябе гэтыя нялёгкія думкі, апостал працягнуў тэму маральнасьці сярод хрысьціянаў, заклікаўшы іх бегчы ад распусты: «Усякі грэх, які робіць чалавек, ёсьць звонку цела, а распусьнік грашыць супраць уласнага цела. Або вы ня ведаеце, што цела вашае ёсьць бажніца Духа Сьвятога, Які ў вас, Якога вы маеце ад Бога, і што вы не свае? Бо вы куплены дарагою цаною. Таму слаўце Бога у целе вашым і ў духу вашым, якія ёсьць Божыя».

Узяўшы паўзу Павал паглядзеў на Састэна, які падказаў яму, што карынцяне чакаюць адказу на сваё пытаньне пра адносіны паміж мужчынай і жанчынай. Згодна кіўнуўшы, апостал працягнуў сваю дыктоўку і, па-перш, выказаў сваю асабістую думку наконт гэтага пытаньня: «Адносна таго, пра што вы пісалі да мяне, дык добра чалавеку не дакранацца да жанчыны, але, з увагі на распусту, кожны няхай мае сваю жонку, і кожная няхай мае свайго мужа. Муж няхай аддае жонцы належную зычлівасьць; падобна і жонка мужу. Жонка не валодае сваім целам, але муж; падобна і муж не валодае сваім целам, але жонка. Не ўхіляйцеся адзін ад аднаго, хіба па згодзе, на час, каб быць свабоднымі для посту і малітвы, і зноў у гэтым будзьце разам, каб не спакушаў вас шатан праз няўстрыманасьць вашую. А кажу гэтае я як дазвол, а ня як загад». Крыху падумаўшы, Павал дадаў, што загад на гэтае дае толькі Госпад. Павал патлумачыў яшчэ адну балючую праблему сям’і, калі, ў такім горадзе як Карынт, не было дзіўным, што муж з жонкай маглі і ня быць аднолькава веруючымі хрысьціянамі: «А іншым кажу я, ня Госпад: калі нейкі брат мае жонку бязьверную, і яна згаджаецца жыць з ім, няхай ён не пакідае яе; і жонка, якая мае мужа бязьвернага, і ён згаджаецца жыць з ёю, няхай не пакідае яго. Бо муж бязьверны асьвячаецца ў жонцы, і жонка бязьверная асьвячаецца ў мужу; бо інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер яны - сьвятыя. А калі бязьверны разлучаецца, няхай разлучаецца; брат ці сястра ў гэтакіх выпадках не прыняволеныя, бо да супакою паклікаў нас Бог. Бо з чаго ты ведаеш, жонка, ці ня збавіш мужа? Або ты, муж, з чаго ведаеш, ці ня збавіш жонку? Толькі кожны няхай ходзіць так, як Бог яму надзяліў, і кожны, як Госпад паклікаў. І гэтак я загадваю ва ўсіх цэрквах».

Павал ня скончыў гэтую тэму і зьвярнуўся да пакліканьня чалавека, якое цесна зьвязанае з сужонствам. Ён завойстрыў увагу прысутных на факце дзявоцтва: «Адносна дзявоцтва ня маю загаду ад Госпада, але даю параду, як той, над кім зьлітаваўся Госпад, каб быць Яму верным. Дык лічу за добрае дзеля цяперашняе патрэбы, што добра чалавеку гэтак быць». Логіка Паўла простая: «Нежанаты клапоціцца пра тое, што Госпада, як дагадзіць Госпаду, а жанаты клапоціцца пра тое, што сьвету, як дагадзіць жонцы. Ёсьць розьніца між жонкай і дзяўчынай: незамужняя клапоціцца пра тое, што Госпада, як дагадзіць Госпаду, каб быць сьвятою і целам, і духам; а замужняя клапоціцца пра тое, што сьвету, як дагадзіць мужу. І гэта кажу дзеля вашай жа карысьці, не каб накінуць на вас пятлю, але каб вы паважна і адпаведна стаялі пры Госпадзе без перашкодаў». Не, Павал зусім ня супраць шлюбу, але кажа не зусім звычайныя для хрысьціяніна словы, спасылаючыся на Духа Сьвятога: «Так што хто аддае замуж, добра робіць; а хто не аддае, лепш робіць. Яна шчасьлівейшая, калі застанецца так, паводле маёй парады; а я думаю, што і я маю Духа Божага».

Дзень непрыкметна падыходзіў да заходу сонца і пачатку агульнай малітвы. Працяг напісаньня ліста быў адкладзены на заўтра і пасьля малітвы, прысутныя з Паўлам, разыйшліся па сваіх дамах. Застаўся толькі Састэн, які яшчэ працяглы час разважаў разам з апосталам над ужо напісаным і якія ўвогуле абмяркавалі тыя тэмы, якія павінны былі яшчэ легчы на аркуш пасланьня. Гэта было неабходна для выніковай працы, бо пытаньняў, на якія Павал павінен быў даць адказ, назьбіралася нямала, а Састэн, трымаючы ўсё гэта ў сваёй галаве, мог падказаць апосталу вызначаны парадак напісаньня таго ці іншага вучэньня. Павал яшчэ быў у думках ад напісанага гэтым днём, спадзяючыся на тое, што хрысьціяне зразумеюць яго. Ён упэўнівае іх, што ягонай мэтаю зьяўляецца дапамога, але ніяк не асуда. Асноўным жа фактарам у вырашэньні такіх пытаньняў павінны быць праявы дабра і Божай славы. Засынаючы, Павал узьнёс падзяку і славу Госпаду з надзеяй на плённы заўтрашні дзень. А з чаго пачаць ён ужо дакладна ведаў.

«Адносна ахвяраў ідалам мы ведаем, бо маем усякае веданьне. Але веданьне робіць ганарыстым, а любоў будуе. А калі хто думае, што ён нешта ведае, той яшчэ нічога не разумее, як трэба разумець. А калі хто любіць Бога, той мае разуменьне ад Яго». Састэн з захапленьнем зірнуў на Паўла, дзівячыся той лёгкасьці, з якой выходзілі апостальскія словы, што фармавалі ягоную думку. І гэта быў зусім ня ўчорашні дзень, калі Павал напружана, а нават недзе і няўпэўнена, дыктаваў яму словы пасланьня. Зараз жа апостал нібыта стаяў у нейкім сьвятле і, падняўшы руку, дыктаваў яму: «Дык адносна ежы, ахвяраванай ідалам, мы ведаем, што ідал у сьвеце - нішто, і што няма іншага Бога, акрамя Аднаго. У нас адзін Бог Айцец, з Якога ўсё, і мы для Яго; і адзін Госпад Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё, і мы праз Яго. Але не ў-ва ўсіх такое веданьне; некаторыя і дагэтуль з сумненьнем, якое прызнае ідалаў, і ядуць ахвяраванае ідалам як ахвяры ідалам, і слабое сумленьне іхняе апаганьваецца. А ежа не набліжае нас да Бога, бо ані калі ямо, не набываем, ані калі не ямо, не губляем. Але глядзіце, каб вашая ўлада ня сталася спатыкненьнем для нядужых. Бо калі хто ўбачыць, што ты, які маеш веданьне, узьлягаеш у паганскай бажніцы, ці сумленьне яго, як слабога, не збудуецца, каб есьці ахвяры ідалам? І праз тваё веданьне загіне нядужы брат, за якога памёр Хрыстос. А гэтак грэшачы супраць братоў і б’ючы па слабым сумленьні іхнім, вы грашыцё супраць Хрыста. Дзеля гэтага, калі ежа горшыць брата майго, ня буду есьці мяса да веку, каб ня горшыць брата майго».

Павал уважліва і асьцярожна тлумачыць хрысьціянам, што ім дадзена воля рабіць учынкі па свайму разуменьню, але так, каб не пашкодзіць іншым. Так, ідал - гэта толькі камень ці дрэва, і мяса ад ахвяраў ніякіх сваіх якасьцяў не зьмяняла. Але ня так думалі нованавернутыя хрысьціяне і самі пагане. Таму, калі мясьнік ці гандляр давалі зразумець, што гэты прадукт харчаваньня ідалаахвярны, дык больш сьпелы хрысьціянін не павінен быў набываць гэтае мяса, каб не засмучаць сваіх малодшых братоў, якія маглі памылкова думаць, што Госпад Ісус знаходзіцца ў нейкай сувязі з выдуманымі багамі.

Павал зрабіў невялікі перапынак, пасьля якога, як быццам бы, тэма ягонага пасланьня раптам зьмянілася, але апостал так не лічыў, бо ведаў, што многія карынцяне злоўжывалі хрысьціянскай свабодай, бо дазвалялі сабе тое, што забаранялася нованавернутым. Менавіта на гэта Павал адказвае пералікам прывілеяў, якімі ён мог бы і скарыстацца, але не скарыстаўся, каб гэта ня стала перашкодай дабравесьцю Ісуса Хрыста. Павал кажа пра свае правы на апостальства, што ставіць яго ў адмысловае становішча. Ён бачыў уваскросшага Госпада Ісуса Хрыста і гэта ёсьць факт надзвычайнай важнасьці. Павал мог бы разьлічваць на падтрымку ад царквы, у тым ліку і ад карынцянаў. Іншыя апосталы і атрымлівалі яе для сябе і сваёй сям’і, але толькі ня Павал. Будучы ў мінулым рабінам, ён ведаў, што той павінен быў вучыць сваіх вучняў бясплатна, маючы для свайго жыцьця нейкае рамяство. Але Павал ведаў і тое, што гебраі ахвяравалі грошы на ўтрыманьне рабіна, каб забясьпечыць сабе месца ў раі. Ці меў ён права атрымліваць пэўную падтрымку ад царквы?

Павал прыводзіць чалавечыя аналёгіі сваёй думцы. Ні адзін жаўнер ня служыць у войску за свой кошт, дык чаму гэта не павінен рабіць жаўнер Хрыста? Чалавек, які садзіць вінаград, бярэ з яго пладоў, дык чаму чалавек стварыўшы царкву, ня можа рабіць гэтага ж? Павал жа разглядае ўскладзеную на яго задачу прапаведваньня Эвангельля як прывілей і не зьбіраецца браць грошы за працу для Хрыста. Павал упэўнівае карынцян, што трэба сур’ёзна адносіцца да сябе, каб дабегчы да жаданай мэты дасканалай веры і таму ён прыводзіць ім на прыклад спартоўцаў, якія бягуць па стадыёне, каб атрымаць узнагароду - вянок з лаўра, які зьвяне праз непрацяглы час. Але апостал прапануе хрысьціянам нашмат большае: «А кожны, хто змагаецца, устрымліваецца ад усяго: тыя, каб атрымаць вянок зьнішчальны, а мы - незьнішчальны. Дык я бягу, ня як на няпэўнае, змагаюся, ня як паветра б’ючы, але я вымучваю і няволю цела маё, каб, абвяшчаючы другім, самому ня стацца няздатным».

На наступны дзень, дыктуючы Састэну, Павал засяродзіў сваю ўвагу на адзінстве царквы. Хрысьціяне павінны зразумець, што разам яны ёсьць цела Хрыста, а паасобку - члены цела Ягонага. У фізічным целе чалавека ўсё ўзаемазьвязана, бо Бог так стварыў чалавека, што кожны член патрэбны і знаходзіцца на сваім месцы. Больш таго, калі пакутуе адзін член, дрэнна ўсім астатнім і наадварот. Такім самым чынам Бог размяркоўвае і члены цела Хрыста, Яго Царквы, даючы кожнаму выяўленьне Духа дзеля карысьці: «Бо аднаму даецца праз Духа слова мудрасьці, а другому - слова веданьня праз таго самага Духа; а іншаму – вера ў тым самым Духу; а другому - дары аздараўленьня ў тым самым Духу; іншаму - прароцтва, іншаму - распазнаваньне духаў, іншаму - разнастайныя мовы, а іншаму - тлумачэньне моваў. А ўсё гэта робіць адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Ён хоча. Бо як цела адно, але мае шмат членаў, і ўсе члены аднаго цела, хоць іх і шмат, ёсьць адно цела, гэтак і Хрыстос. Бо ўсе мы адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці юдэі, ці грэкі, ці слугі, ці вольныя, і усе напоены адным Духам».

Так праходзілі дзень за днём. Праца Паўла і Састэна была вельмі напружанай, бо кожная фраза пасланьня павінна была несьці глыбокую думку і малітву. Павал закрануў многія пытаньні, асабіста прачуўшы многае са сказанага. Ён казаў і непрыемныя рэчы, але вельмі неабходныя для ўяўленьня і пабудовы хрысьціянскага жыцьця. Асабліва шмат было сказана пра любоў, пра тое, як яна зьвязаная з фізічнай любоўю і як належыць сябе паводзіць у розных выпадках. Павал жадаў данесьці да карынцянаў высокае ўяўленьне пра сапраўдную хрысьціянскую любоў, а прыклад такой любові быў у яго перад вачыма і таму ён зьвяртаецца да жыцьця Госпада Ісуса і да вечнага жыцьця Духа Ісуса, Які накіроўвае хрысьціяніна і вядзе яго праз вякі.

З гэтымі словамі Павал узьняўся і паглядзеў на прысутных, убачыўшы на іхніх тварах любоў, якая прысутнічала ў гэтым пакоі. Яму падалося, што ён стаіць перад карынцянамі, каб сказаць найважнейшыя словы пра любоў - словы, якія выходзілі з ягонага сэрца: «Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, я - медзь, якая зьвініць, ці цымбалы якія гудуць. І калі я маю прароцтва, і ведаю ўсе тайны і ўсякае веданьне, і калі маю ўсю веру, каб і горы перастаўляць, а любові ня маю, я - нішто. І калі я раздам усю маёмасьць маю, і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, няма мне ніякае карысьці. Любоў доўга церпіць, робіць дабро; любоў не зайздросьціць; любоў не вывышаецца, не надзімаецца, ня робіць непрыстойнага, не шукае свайго, ня гневаецца, ня думае ліхога, ня радуецца з няправеднасьці, але цешыцца з праўды; усё вытрымлівае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё трывае. Любоў ніколі ня зьнікне, калі нават прароцтвы зьнікнуць, калі мовы змоўкнуць, калі веданьне зьнішчыцца». Павал, падняўшы руку, скончыў гэтую прамову сэрца словамі, якія ўзьнёсла завершылі ягоныя папярэднія словы: «А цяпер застаюцца вера, надзея, любоў - гэтыя тры але большая з іх - любоў».

Яшчэ некалькі дзён працягвалася гэта вельмі складаная і напружаная праца, якая ўзбагаціла веданьне і веру ня толькі Састэна і шматлікіх прысутных, але і самога апостала. Павал вельмі спадзяваўся, што яна пойдзе на карысьць і царкве Карынту. Прыйшоў час да завяршэньня гэтага пасланьня і Павал паведаміў, што застанецца ў Эфэсе да Пяцідзясятніцы, а пасьля накіруецца да іх праз Македонію. Ён павітаў іх ад імя братоў і асабліва ад імя Акілы і Прыскілы, якіх вельмі добра ведалі ў Карынце. Пасьля гэтага ён узяў пяро і сеў на месца Састэна: «Прывітаньне маёй рукою, Паўлавай. Калі хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, няхай будзе адлучаны! Прыходзіць наш Госпад! Ласка Госпада Ісуса Хрыста з вамі. Любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амэн».


Рецензии