Родные Фмллипы

XXVI. РОДНЫЯ ФІЛІПЫ

З самога ранку, амаль што кожны дзень, Павал прыходзіў на гарадзкі мур і глядзеў на вяршыню Карэса. Вось і сёньня, стоячы на муры, ён бачыў, як хмары, пераадольваючы горныя вышыні, фармуюцца і павялічваюцца над Эфэсам, як быццам бы і над ім фармаваліся новыя хмары выпрабаваньняў. Адпраўлены ліст у Карынт непакоіў яго і ён, гледзячы на гару і на хмары, думаў пра тое, што будзе ў царкве Карынту, калі яна азнаёміцца з ягоным пасланьнем. Павал разумеў, што той тон, які ён задаў у сваім лісьце, спадабаецца ня ўсім, а таму ў ягоным сэрцы высьпявала імкненьне самому прыйсьці ў Карынт і патлумачыць усё гэта. Хмары над Эфэсам праліліся дажджом і Павал, думаючы пра будучае падарожжа і не зважаючы на праліўны дождж, пайшоў да дому, каб падгатавацца да будучых прыгодаў. Састэн сустрэў сябра мокрага да ніткі і, прывітаўшы, даў яму сухое адзеньне. Павал падзяліўся з сябрам сваімі думкамі і разважаньнем пра тое, як ён бачыць іхняе будучае. Ясна як ніколі ён убачыў, што той, хто падзяляе пакуты Хрыста, падзяляе і пацяшэньне Госпада. Састэн быў з ім і гэта было ад Госпада, бо хто яго падтрымае ў цяжкі час на гэтай зямлі? Яны раіліся і планавалі свае наступныя дзеі, калі ўзьнікла новая небясьпечнасьць.

Кожную вясну горад напаўняўся шматлікімі паломнікамі з усёй Азіі, каб пакланіцца Артэмідзе Эфэскай. Тут праводзілася грандыёзнае штогадовае сьвята, пад час якога квітнелі гандль і рамёствы. Ад храму Артэміды шматлюдныя працэсіі накіроўваліся да паўночнай брамы гораду, ідучы міма тэатру. Па мурмурнай дарозе людзі ішлі да цэнтру горада і выходзілі праз процілеглую браму. Вуліцы горада былі напоўненыя ўзбуджанымі людзьмі, якія віншавалі адзін аднога і куплялі на памяць розныя сувеніры. Гандлявалася розная ежа і пітво, якія з задавальненьнем набывалі паломнікі храму Артэміды. У гэты час асабліва ажыўляўся гандль срэбранымі статуэткамі Артэміды і маленькімі копіямі самога храму. На гэты тавар заўсёды быў вельмі вялікі попыт, але зараз нешта пайшло ня так. Сотні людзей адмаўляліся ад гэтых пакупак, бо гэта былі хрысьціяне, якія прыйшлі ў сьвяточны горад, каб наведаць і прывітаць братоў ды сёстраў у Хрысьце. Павал таксама скарыстаў гэты час, калі сабралося столькі рознага народу, каб сьведчыць ім пра Ісуса Хрыста. Пропаведзь ягоная была пасьпяховай і многія з прысутных адгукнуліся на гэта і паверылі ў Ісуса. Але гэта не засталося незаўважаным рамесьнікамі і гандлярамі сувеніраў Артэміды, якія гублялі на гэтым немалыя грошы.

Гаспадар адной з буйнейшых майстэрняў па вытворчасьці срэбных вырабаў Дэмэтры, сабраў іншых уладальнікаў і працаўнікоў такога самага рамяства і сказаў ім: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтае работы - наш дабрабыт. І вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Павал, пераканаўшы, даволі народу адвярнуў, кажучы, што гэта ня богі, якія рукамі зробленыя. А гэта ня толькі пагражае, што нашае рамяство прыйдзе ў заняпад, але і што сьвятыня вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, і зьнішчаецца веліч тае, якой пакланяецца ўся Азія і ўвесь сусьвет». Слухачы Дэмэтрыя людзі, якія пачулі ягонае слова, прыйшлі ў лютасьць і пачалі выкрыкваць храмавы лёзунг: «Вялікая Артэміда Эфэская». Шмат людзей, пачуўшы гэта, насьцяражыліся, бо, пачуўшы знаёмы лёзунг, былі гатовыя да абароны сваёй багіні. Мноства людзей, падхопленыя гэтым заклікам, беглі туды, дзе жыхары гораду зьбіраліся ў выніку нейкай небясьпечнасьці - у тэатр на схіле гары Піён, што было месцам штомесячнага народнага сходу, членам якога быў кожны дарослы мужчына Эфэсу. Але і іншыя прысутныя не забараняліся, а таму на сход пацягнуліся і тыя, хто прыйшоў на сьвята ў Эфэс. Прысутныя паломнікі беглі, крычучы: «Вялікая Артэміда Эфэская» і многія кідалі свае, нават і важныя, справы накіроўвачыся за імі з упэўненасьцю, што здарылася нешта жахлівае.

Супрацоўнікі Дэмэтрыя схапілі двух сяброў Паўла, македонцаў Арыстарха і Гая, пацягнуўшы іх за сабою ў тэатр. Усё больш жыхароў Ээфэсу і паломнікаў гэтага сьвята напаўнялі тэатр, запаўняючы ярус за ярусам, а Дэмэтры і ягоныя сябры, трымаўшы Арыстарха і Гая, стаялі на сярэдзіне сцэны, чакаючы пачатку гэтага сходу. Павал знаходзіўся ў гэты час на другім баку гораду, прапаведаючы людзям Эвангельле. Яму паведамілі пра тое, што адбываецца зараз у гарадзкім тэатры і ён, адважна зазьбіраўся на гэты вялікі збор, каб сьведчыць ім пра Ісуса Хрыста і, праз гэта, збавіць сваіх сяброў. Але вучні не адпускалі яго, асьцерагаючыся за ягонае жыцьцё. Нават і тыя з чынавенства, якія пасябравалі з ім пад час ягонага зьняволеньня, прасілі яго не ісьці на гэты сход.

Тым часам у тэатры адны крычалі адно, а іншыя другое, бо сход быў цалкам бязладным і большая частка прысутных ня ведала сапраўднай мэты гэтага сходу. Старшыні юдэяў баяліся пагрому, а таму, па іхняй прапанове, быў выкліканы Аляксандр, як прадстаўнік народу. Той выйшаў да народу і, падняўшы руку, намагаўся патлумачыць усім, што юдэі таксама ненавідзяць Паўла, а таму з імі ў юдэяў адна і тая ж мэта. Нехта пазнаў юдэя і зноў загучаў вокліч: «Вялікая Артэміда Эфэская». Так гучаў натоўп зноў і зноў. Крыкі гучалі па ўсяму гораду, над караблямі, якія стаялі ў бухце, нават і прыгорках на той бок заліву. Жаўнеры, якія несьлі службу на муры Эфэсу, дзівіліся гледзячы ўніз і чуючы толькі адное: «Вялікая Артэміда Эфэская». Дзіўныя дзеі былі ў горадзе. Праца была закінутая, ежа не прыгатаваная, і ніхто не заўважаў сьпякоты, бо гучаў і гучаў бязсэнсоўны заклік: «Вялікая Артэміда Эфэская».

Адпаведны службовец гораду, які назіраў за парадкам на сваёй тэрыторыі быў надзвычайна ўстрывожаным. Імперыя не прызнавала такіх бязладных збораў, але і не занадта ўмешвалася ў іхні зьмест. Але, калі вышэйшыя ўлады залічаць усё гэта за пачатак паўстаньня? Пакараньне гораду не ўваходзіла ў планы гарадзкіх ўладаў, а таму, пасьля пэўнай вытрымкі адбывалага, гэты службовец, будучы чалавекам разважлівым, выступіў наперад і, падняўшы руку, сказаў: «Мужы Эфэсцы! Які ж чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служыцелем вялікае багіні Артэміды і Дыяпэта? А як гэта бяспрэчна, вы мусіце суцішыцца і нічога неразважна не рабіць. Бо вы прывялі гэтых мужоў, якія ані сьвятыні не абакралі, і ня блюзьнілі супраць багіні вашае. Дык калі Дэмэтры і майстры, што з ім, маюць супраць некага слова, ёсьць суды і ёсьць праконсулы, няхай адны адных абвінавачваюць. А калі шукаеце нечага іншага, няхай будзе вырашана на законным зборы. Бо мы ў небясьпецы быць абвінавачванымі ў паўстаньні дзеля сёньняшніх падзеяў, ня маючы ніякае прычыны, каб магчы даць справаздачу пра гэты сход». Пасарамаціўшы прысутных і астудзіўшы іхні запал, ахоўнік парадку распусьціў збор.

Сьвяты скончыліся і паломнікі разыйшліся па сваіх родных месцах, а Павал, па прашэсьцю некалькіх дзён, вырашыў зьбірацца ў падарожжа. Спачатку будзе Македонія, потым Ахая і Ерусалім, а пасьля гэтага ён намерваўся прыйсьці ў Рым, каб адтуль пракласьці новыя шляхі, пачынаючы з Гішпаніі. Але Паўла вельмі непакоіла рэакцыя карынцянаў на ягонае няпростае і строгае пасланьне, а таму, яшчэ да «сьвяточных прыгодаў», ён паслаў у Карынт свайго маладога супрацоўніка Ціта, каб той прынёс яму пэўную інфармацыю пра тое, як успрынялі ягонае пасланьне хрысьціяне Карынту. Па плану Паўла, Ціт павінен быў прыплыць з Карынту ў Трааду, адкуль прыйсьці ў родныя яму Філіпы. Павал дасягнуў Траады морам, бо вясновая навігацыя і спрыяльныя вятры рабілі гэтае падарожжа лёгкім ды спакойным. Траада сустрэла апостала нечакана ветліва і ён меў цудоўную магчымасьць несьці Эвангельле Хрыста ў гэтай мясцовасьці. Цімафей усё яшчэ быў у Македоніі, а Ціт павінен быў прыяднацца да Паўла ў Траадзе. Павал чакаў Ціта, прапаведваючы ў Траадзе вельмі пасьпяхова, але ішоў час, а Ціта так і не было. І Павал вырашыў плыць у Філіпы без яго, даўшы даручэньне мясцовым братам, накіраваць Ціта да яго, ў Македонію.

Карабель прышвартаваўся ў Нэапалі, пакінуўшы ззаду цудоўнае марское падарожжа, якое не пакінула Паўла абыякавым. Добрае, яшчэ не сьпякотнае надвор’е і цудоўнае спакойнае мора, аддаючы смарагдавымі фарбамі, напоўніла сэрца Паўла супакоем і радасьцю хуткай сустрэчы з братамі і сёстрамі Філіпаў. Невялікі шлях ад Нэапаля да Філіпаў толькі дадаў яму надхненьня і радасьці хуткай сустрэчы. Горад сустрэў яго так ветліва, як тое вясновае сонейка, якое сагравала яго пяшчотна і ласкава. І не засталася ніякай горычы ад мінулага ды даволі жорсткага зьняволеньня ў мясцовай вязьніцы. Лідзія, тая самая Лідзія, ў радасьці сустрэла яго, і, як ў папярэднія часы, запрасіла яго да сябе. Павал з радасьцю пагадзіўся, бо ведаў дабраславеньне Госпада да Лідзіі і яе дому.

Радасьць сустрэчы з Лідзіяй падвоілася з прыходам Лукі, які пачуў пра знаходжаньне тут Паўла. Сябры абняліся і пасьля сьняданьня адасобіліся, бо вельмі шмат чаго хацелі распавесьці адзін адному за гэтыя доўгія гады расстаньня. А рассталіся яны яшчэ пад час першага наведваньня Паўлам Філіпаў, калі Лука застаўся тут, на радзіме, і служыў Хрысту ў Філіпах і навакольных мясьцінах. Лука распавёў Паўлу і пра тое, што ўвесь гэты час, апроч іншага, ён зьбіраў і запісваў зьвесткі пра жыцьцё і дзейнасьць Ісуса Хрыста. Менавіта дзеля гэтага ён некалькі разоў наведваў Ерусалім і Капэрнаум, дзе сустракаўся са сьведкамі служэньня Ісуса і, слухаючы, старанна запісваў пачутае. Павал уважліва і зацікаўлена слухаў Луку, які адкрываў некаторыя невядомыя старонкі служэньня свайго Госпада.

Асабліва ўразіла Паўла сустрэча Лукі з маці Ісуса Хрыста, якая і распавяла яму гісторыю нараджэньня і ўзрастаньня Ісуса. Павал горача падтрымаў жаданьне свайго вучня аформіць матэрыялы свайго дасьледаваньня ў асобную кнігу. Павал ведаў адукаванасьць Лукі, ягоную гістарычную зацікаўленасьць і жаданьне пакінуць для нашчадкаў гісторыю нараджэньня і стаўленьня Царквы Ісуса Хрыста. Ён памятаў іхнюю першую сустрэчу ў Траадзе, хрост Лукі і ягонае гарачае жаданьне ведаць старонкі жыцьця свайго настаўніка, абставіны ягонага навяртаньня і далейшага служэньня дабравесьця. Павал ведаў гэта, але ня ведаў тое, што Лука занатаваў ягоны аповяд пра сваё жыцьцё ў свае асабістыя сьвіткі. І ён ніяк не зьдзівіўся, калі Лука зноў запрасіў яго распавесьці яму ўсё, што адбылося з ім за ўвесь час іхняга расстаньня. Апостал пагадзіўся з ім, але з адной умоваю,- Лука павінен пайсьці далей з ім, каб на свае ўласныя вочы, пабачыць тое, што будзе далей адбывацца ў жыцьці Паўла. Апостал быў упэўненым у складаным разьвіцьці далейшых падзеяў, а таму ці будзе ў будучым магчымасьць распавесьці каму-небудзь тое, што павінна адбыцца? Лука з радасьцю пагадзіўся з прапановаю Паўла.

Сустрэча з царквою была пачатая з малітвы і ўзаемнымі сьведчаньнямі пра тое, што адбылося пад час іхняе разлукі. Філіпійцы дабраславілі далейшыя шляхі апостала разам з Лукою, бо даведаліся пра ня вельмі зайздросны стан здароўя Паўла. Лука вырашыў ісьці адсюль разам з апосталам, каб назіраць за ім і, у выпадку чаго, дапамагчы яму ня толькі ў пропаведзі, але і ў лячэньні. Мясцовая царква вытрымала ўсе нягоды, дзякуючы за гэта Госпада, прапаведуючы па многіх мясьцінах вакол Філіпаў і атрымаўшы ў гэтым значны посьпех. Павал даведаўся, што і сюды прыходзілі ілжэ-апосталы, а таксама фракцыянэры з Карынту. На радасьць апосталу нічога з гэтага тут не прышчапілася і ён засяродзіўся на пропаведзі, радуючыся ў сэрцы сваім.

Прайшло яшчэ некалькі вясновых тыдняў, як нарэшце з Траады зьявіўся Ціт, які прынёс станоўчыя весткі ад царквы Карынту. Карынцяне правільна ўспрынялі пасланьне Паўла, якое папракае, з той Паўлавай боляй, але як належнае і неабходнае, каб перадужаць сябе. Што ж тычыцца распусьніка, дык яго нават і не адлучылі ад царквы, але прыпынілі з ім усялякія зносіны. Наогул Ціт вёў гэтую справу надзвычайна асьцярожна і мудра, як павёў бы яго і сам Павал. Многія з царквы Карынту жадалі пабачыць у сябе любага брата Паўла. Але ня ўсё так было добра ў Карынце, а Ціт казаў і пра гэтае. Павал зразумеў, што карынцянам патрэбна падтрымка і настаўленьне. А повад для гэтага быў, бо некаторыя з іх не былі ўпэўненымі ў Паўле, лічачы частку ягонага пасланьня неабгрунтавана жорсткім, а таму і непрымальным для царквы. Яны скардзіліся і на тое, што Павал абяцаў прыехаць да іх яшчэ з Эфэсу, але да гэтага часу яго і няма. На самой жа справе ўсё было нашмат сур’ёзьней, бо карынцянаў зьбянтэжвалі прыхадні з Ерусаліму, якія мелі вышэйшыя рэкамэндацыі і падаваліся вышэй за Паўла. Але, дзіўная рэч. Яны бралі за свае пропаведзі грошы, чаго ніколі не рабіў Павал.

А як бы тое не было, іхняя прапаганда прывяла да таго, што царква Карынту патрабавала ад Паўла доказу таго, што ён і ёсьць сапраўдны апостал. Асабіста для Паўла гэта ня стала нечаканасьцю, але ён не зьбіраўся адказваць на гэта гняўлівасьцю. Наадварот, ён хоча зьвярнуцца да карынцянаў з пакораю і любоўю. Павал разумее і тое, што трэба адказаць на абвінавачваньні і аднавіць свой статус апостала. І ён вырашаецца на яшчэ адно пасланьне да карынцянаў, запісаць якое выклікаўся Цімафей у прысутнасьці Састэна, Ціта і Лукі.

Павал разумеў, што ягоныя ворагі далёка не саступілі яму, бо пасланьне апостала выклікала ў іх лютасьць і яны рэзка крытыкавалі яго. Яны абвінавачвалі апостала ў ганарыстасьці і пахвальбе. Ягоную строгасьць адносна распусьніка атаясамлялі з асабістай нянавісьцю. Паўла называлі вар’ятам, дзіваком і фанабэрыстым ды безтактоўным. Паўла гэта ня вельмі кранала, але ён памятаў, што апошні ліст ён пісаў ім са сьціснутым сэрцам і са сьлязьмі. Але зараз усё забытае і ён амаль што забыўся пра ўсе тыя незадавальненьні. Іншым разам ён адчуваў раскаяньне, думаючы пра тое, што засмуціў сваіх любых карынцянаў, але потым адчуў і тое, што гэтае засмучэньне прынесла свае плады. Смутак дзеля Бога збаўляльны ў процілегласьць таму, што смутак у сьвеце вырабляе сьмерць. Можа, у сваім лісьце, Павал і быў занадта строгім, бо, што тычыцца распусьніка, ганьба, якая ўпала на яго - дастатковае яму пакараньне. Апостал адчуваў, што трэба суцешыць яго, каб не даводзіць справу да сьмерці, бо кожны мае права на Божую міласэрнасьць. Часам Павал раскайваўся, што засмуціў такія добрыя душы, але потым, бачачы тое дзіўнае дзеяньне, якое мела ягоная строгасьць, ён ня памятаў сябе ад радасьці.

Павал ня доўга думаў пра тое, як ён пакажа сябе і у ніякім разе не паказваючы свайго першынства для царквы Карынту. Павал вырышыў не сьпяшацца ў Карынт і дачакацца выніку ягонага гэтага пасланьня, якое будзе яшчэ напісанае і якое, як гэта ўжо вызначыў Павал, даставіць той жа Ціт. Павал, патрабаваўшы цішыні, пачаў дыктаваць: «Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага пацяшэньня, Які пацяшае нас у кожным прыгнёце нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, якія ў-ва ўсялякім прыгнёце, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас! Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовыя, гэтак праз Хрыста памнажаецца і пацяшэньне нашае».

Павал добра разумеў, што царкве ў Карынце патрэбна падтрымка і вучэньне, а для гэтага ён зараз і дыктаваў сваё пасланьне, каб выправіць становішча ў гэтай мясцовай царкве. І таму ён кажа, што сам д’ябал прымае выгляд анёла сьвету, а таму ня дзіўна, што ягоныя служыцелі прымаюць від праўды, але кожнаму будзе па іхнім справам. Павал зьдзівіў усіх сваёй пакораю, але, так ці інакш, ён павінен быў адказаць на абвінавачваньні і пацьвердзіць свой статус. Цімафей, паглядзеўшы на настаўніка і, ведаючы ягоныя погляды, наважыўся запісваць наступныя словы Паўла: «Бо любоў Хрыстовая панукае нас, якія гэтак пастанавілі, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі. І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, якія жывуць, больш ня дзеля сябе жылі, але дзеля Таго, Які памёр за іх і ўваскрос».

Павал, як і іншыя апосталы, не абвяшчаў ніколі свайго першынства, бо за ўсіх першынствуе Ісус Хрыстос. Усё ад Бога Які, праз Ісуса Хрыста, прымірае з Сабою і дае магчымасьць новага і вечнага жыцьця: «Усё ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня. Бо Бог быў у Хрысьце, пагаджаючы з Сабою сьвет, не залічваючы ім праступкаў іхніх, і ўклаў у нас слова прымірэньня. Дык мы спаўняем пасольства замест Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: “Пагадзіцеся з Богам”. Бо Таго, Які грэху ня ведаў, Ён зрабіўся за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцю Божай». Павал настаўляе царкву ў любові і супакоі, напісаўшы на прыканцы сваёй рукою: «Прывітайце адзін аднаго ў сьвятым пацалунку. Вітаюць вас усе сьвятыя. Ласка Госпада Ісуса Хрыста, і любоў Божая, і супольнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амэн». Ціт адправіўся ў Карытнт з гэтым пасланьнем, а Павал прыгатаваўся да новых і невядомых вандраваньняў.

Павал правёў на поўначы Грэцыі амаль што ўвесь год. Падтрымаўшы ўзьнікшыя цэрквы вакол Філіпаў, ён намерыўся працягнуць сваю пропаведзь у некранутых Эвангельлем землях. Паўла цягнула прапаведаваць там, дзе яшчэ ня чулі пра Эвангельле Хрыста і ён прапанаваў сваім сябрам новую эвангелізацыйную вандроўку. Павал вызначыў для гэтага Ілірык, які знаходзіўся паўночней Македоніі. Горная краіна на ўзбярэжжы Адрыятыкі ня ведала Эвангельля і таму Павал імкнуўся да гэтага краю. Апостал узяў з сабою Луку і Састэна, а Цімафея ён пакінуў ў горадзе, для падтрымцы пропаведзі ў царкве. Яны і пайшлі ў трохмесячнае падарожжа, каб несьці Добрую Вестку ў гэтую краіну. Эгнацыйскі шлях прывёў іх да адрыятычнага порта Дзірахій, а ўжо адтуль яны пайшлі на поўнач, углыб Ілірыку. Пра тое Павал скажа крыху пазьней: «А пры гэтым я намагаўся дабравесьціць ня там, дзе быў абвешчаны Хрыстос, каб не будаваць на чужым падмурку, але як напісана: “Тыя, якім не было абвешчана пра Яго, убачаць, і тыя, якія ня чулі, зразумеюць”». Зерне Эвангельля было кінута ў Ілірыку, дзе былі заснаваныя некалькі новых цэркваў. Падводзячы вынікі свайго вандраваньня, Павал палічыў гэтую вандроўку станоўчай і намерыўся правесьці зіму 56 - 57 году ў Карынце, бо, па прыбыцьці ў Філіпы, ён адчуў тое, што абстаноўка ў царкве Карынту значна палепшылася.

У сьнежні Павал зноў убачыў Карынт, дзе ён так плённа працаваў і дзе, на жаль, зьявіліся такія значныя праблемы. Але тое, што Павал убачыў зараз, парадавала яго. Царква Карынту аздараўлялася і ён не заўважыў сьлядоў былых сутыкненьняў. Яго атачыла атмасфера радасьці і Павал адчуў, што можа, не сьпяшаючы, прыступіць да свайго новага замыслу - складаньня пасланьня да цэркваў, якое давала б выраз ягонай думцы, у якой ён, бліжэй за ўсё, наблізіўся да складаньня філасофскай працы на ўзроўні найлепшых мысьліўцаў ягонага веку.

Павал зьбіраўся аднавіць папярэднія адносіны да хрысьціянаў Карынту якіх ён ведаў, але ён спадзяваўся і на паразуменьне з нованавернутымі хрысьціянамі. Ён ня меў ужо магчымасьці прыпыніцца ў гасьцінным доме Акілы і Прыскілы, а таму Паўла запрасілі да Гая, з якім у яго былі цесныя сяброўскія адносіны і дзе зьбіралася царква Карынту.

Апостал у Карынце заўсёды быў вельмі стрыманым, бо вельмі добра адчуваў небясьпечнасьць гэтага вялікага і распуснага горада, а таму і раіў карынцянам пазьбягаць таго, што прапанаваў ім гэты горад. Прысутнасьць Паўла ў Карынце значна супакоіла рознагалосьсі, якія прычынялі яму, ў апошнія часы, столькі нязручнасьцяў, бо любоў Паўла да карынцянаў была адзіным правілам і адзінаю мэтай, якія ён ставіў сабе, будучы сярод іх. Горыч да дзеяў карынцянаў прайшла і Павал, супакойшыся, знайшоў нейкі перыяд часу, каб адпачыць у доме Гая. Усё складалася добра і Павал прапаведаваў у царкве, але сэрца падказвала яму напісаць усім цэрквам асновы хрысьціянскага вучэньня. Павал адчуваў, што бяз гэтага многія цэрквы могуць адчуць зьнешнія і дрэнныя ўзьдзеяньні супраціўнікаў хрысьціянства. Урэшце Карынт і ягоная царква падштурхоўвала яго на напісаньне багаслоўскага пасланьня, якое тычылася ўсіх цэркваў.


Рецензии