Иерусалим

XXVIII. У ЕРУСАЛІМ

Вандроўка. Заманлівае мерапрыемства для большасьці людзей у гэтым сьвеце. Мы з цікавасьцю чытаем пра знакамітыя вандроўкі ў літаратурных творах. Адысэю Гамэра ці фантастычныя вандроўкі Жуля Верна. Ды і многія іншыя. Мы ведаем і знакамітую вандроўку, да зямлі абяцанай, гебраяў, якая працягвалася на працягу сарака гадоў. Кожны з нас, нейкім чынам, вандроўнік, нават і аднаго дня. Але кожная вандроўка, доўгая ці не, мае сваю мэту. Нехта жадае пабачыць нешта новае, а хтосьці мае на ўвазе і іншыя мэты (і не заўсёды добрыя). Што ж тычыцца вандроўніка Паўла, дык ягонай мэтаю было адзіна служэньне Ісусу Хрысту, каб пашыраць Божае Валадарства ў гэтым сьвеце. Многія з нас ня маюць схільнасьці адрывацца ад роднай мясьціны нават і на кароткі час. Але. Мы ідзем па жыцьці, а таму мы вандруем па часе. Мы пакідаем за сабою нейкія падзеі і накіроўваемся ў невядомую будучыню. Невядомую? Павал ведаў і вельмі жадаў, каб гэтая будучыня была вядомаю для ўсіх нас.

Сакавік ужо размалёўваў зялёна - смагардавымі колерамі абуджаную зямлю. Сяляне выходзілі араць свае палеткі, радуючыся пачатку часу, які дае адлік пачатку будучага ўраджаю. Весела падганяючы валоў, яны пачыналі сваю звыклую вясновую працу, якая, як і тысячы гадоў таму, давала жыцьцё і дабрабыт. Павал назіраў гэтае ажыўленьне прыроды і людзей, калі зноў выходзіў на схілы Акракарынту быццам бы разьвітваючыся з гэтымі цудоўнымі мясьцінамі. Горы таксама разьвітваліся з ім, даючы яму ў зацішных месцах першую сонечную цяплыню. Горны ручай сустракаў яго сваім цурчаньнем як добры знаёмы, нагадваючы пра іхнія восеньскія сустрэчы. Вясновае мора дадало сабе смагардавых фарбаў сонечнага неба і прыцягвала да сябе, запрашаючы вандроўніка на карабель сярод хваляў. Павал, сідзячы каля ручая, ужо ўяўляў сябе на гэтым караблі сярод ласкавых вясновых хваляў, які накіроўваўся ў бок Сірыі.

Кінхрэі - марскі порт Карынту ўжо чакаў Паўла і прадстаўнікоў хрысьціянскіх абшчынаў, якія павінны былі суправаджаць апостала і дапамагчы яму даставіць ахвярныя грошы на патрэбы бедным братам царквы ў Ерусаліме. Павал з задавальненьнем адзначыў хуткую арганізацыю гэтай экспедыцыі і дзякаваў Госпада за кожнага чальца іхняй каманды. Павал нагадаў імёны гэтых сямі, ня лічачы Лукі, якія пойдуць з ім у Ерусалім: Сасіпатр з Бэрэі, які прысутнічаў пры напісаньня пасланьня ў Карынце; Арыстарх з Тэсалонікаў - так, той самы Арыстарх, які ледзь не пацярпеў пад час бунту ў Эфэсе; Сэкунд - жыхар Тэсалонікаў; Гай з Дэрбы і добра вядомы ўсім Цімафей, а таксама азійцы - Тыхік і Трафім. Павал запланаваў ужо адплыцьцё на караблі паломнікаў, каб быць у Ерусаліме да Вялікага Посту, але гэтаму плану не павінна было зьдзейсьніцца.

Юдэі Карынту даведаліся пра маючую адбыцца марскую вандроўку Паўла ў Ерусалім і вырашылі скарыстаць гэтую нагоду, каб забіць апостала. План быў просты і ў духу юдэяў, бо не яны забівалі, але іхнія грошы. Юдэі вырашылі падкупіць частку каманды карабля, каб уначы, пад нейкай падставай, выклікаць Паўла на палубу і выкінуць яго за борт у мора. Удар па галаве і вясновае халоднае мора зробяць сваю справу - ніхто і не пачуе. Але тайны на ўсходзе маюць своеасаблівасьць - яны чамусьці не трымаюцца, а таму Павал хутка даведаўся пра гэтую змову і замах на ягонае жыцьцё. Ён не зьбіраўся так безсэнсоўна паміраць і таму вырашыў ісьці пехатою праз Македонію і Трааду, каб быць у Ерусаліме не пазьней Пяцідзясятніцы.

Павал і ягоныя сябры ішлі на поўнач, у накірунку Філіпаў. Вясна - прыгожы час у Грэцыі. Позірк вандроўнікаў вылучаў гэта ў квітнеючых ірысах уздоўж шляху. Дзікія ружы і макі вабілі да сябе, а маладое лісьце дрэваў упрыгожвала навакольле. Даліна, ўнізе дарогі, размалёвана плямамі сялянскіх палеткаў, на якіх вылучаліся жывёлы і людзі. З другога боку дарогі ўзвышаўся над імі вечназялёны лес, які ўзыходзіў увысь і губляўся ў разломах сярод гор. Павал ішоў сярод сяброў і сэрца яго напаўнялася гэтай вясновай сьвежасьцю, калі ён гледзеў на хараство вакол іх. Гледзячы на гэты цуд Божаго стварэньня, ён, тым ня меньш, напружана разважаў пра запланаваны ім шлях да Ерусаліма, а найбольш пра тое, як яго сустрэне горад, што прымаў яго і адпрэчваў яго. Пакуль жа яны падыходзілі да Бэрыі, дзе планавалі сустрэчу з хрысьціянамі мясцовай царквы і дзённы адпачынак перад працягам далейшага шляху.

Разьвітаўшыся з бэрыйцамі пасьля адпачынку, Павал з сябрамі рушылі ў далейшы шлях да Тэсалонікаў, дзе вырашана было правесьці час па той жа праграме, што і ў Бэрыі. Нарэшце, пасьля адпачынку ў Тэсалоніках, яны выйшлі на Эгнацыйскі шлях, з якога адкрывалася велічная карціна Тэсаланікійскага заліву. Эгейскае мора вітала спадарожнікаў смагардавымі фарбамі, дзякуючы адлюстраваньнем у ім блакітнага неба Македоніі. Сябры пайшлі паміж морам і гарамі праз густыя лясы і праз палі. Яны прайшлі каля магілы Эўрыпіда па праходу вырубленым у скале. Прыгажосьць дрэваў, чысьціня паветра, хараство кустарнікаў і дзікіх кветак - усё гэта напаўняла сэрцы вандроўнікаў радасьцю і супакоем. Павал ужо ішоў па гэтаму шляху разам з Сілай шмат год таму, але тут нічога не зьмянілася. Тыя ж мурмурныя пліты шляху, дзе пад кожным платанам быў калодзеж з талай горнаю вадой. Скалы з белага мурмуру даюць выхад маленькім празрыстым ручаям, якія срэбранымі ніткамі беглі да калодзежаў, напаўняючы іх. Павал прыпамятаў свой першы прыход у Філіпы і сустрэчу з Лідзіей, якая адгуляла важнейшую ролю ў стаўленьні філіпійскай царквы і якая, час ад часу, дапамагала грашыма ў ягоным няпростым служэньні.

З вышыні Эгнацыйскага шляху вандроўнікам адкрыўся горад Філіпы, зьлева агароджаны цудоўнымі гарамі з галоўнай сваёй вышынёй Пангей, якая радавала вока зіхаценьнем сьнежнага капялюшу. Правей ад гораду адкрываўся зялёны ўжо дол, які даваў людзям кветкі, смачныя фрукты і добрыя ўраджаі гародніны. На сенажацях, яшчэ месцамі пакрытымі вадой, пасьвіліся статкі валоў, а розныя птушкі вілі свае гнёзды, непакоячыся за сваіх будучых дзяцей. Апостал ведаў, што яны пойдуць у дом да Лідзіі, якая заўсёды была рада Паўлу і ўсім, хто будзе з ім. Павал добра памятаў тую першую сустрэчу з Лідзіяй, калі ён, разам з Сілай, першы раз прыйшоў у Філіпы. Ён памятаў і тую першую пропаведзь калі ракі, пасьля якой хрысьцілася Лідзія і ўвесь яе дом. Павал, у той час, пасяліўся ў гэтым доме, ніколі ў далейшым не зьмяняючы гэтай традыцыі і таму зараз, уваходзячы ў Філіпы, ён упэўнена накіраваўся да дому Лідзіі.

Праз два дні спадарожнікі Паўла выправіліся на караблі ў Трааду, дзе павінны былі чакаць Паўла і Луку. Павал жа застаўся ў Філіпах да нядзельнага служэньня, каб паслужыць пропаведзьдзю у царкве. Гэты дабраславёны час прабёг вельмі хутка і трэба было зьбірацца, каб аб’яднацца з сябрамі ў Траадзе і працягнуць далейшы шлях у Ерусалім. Павал і Лука даволі хутка пераадолелі тры мілі пешага шляху і дасягнулі порту Нэапаль, дзе іх ужо чакаў карабель на Трааду. Падыйшоўшы да мора Лука заўважыў, што дзьме даволі моцны ўсходні сустрэчны вецер, а гэта азначала, што звычайны двудзённы шлях да Траады такім ня будзе, але будзе нашмат даўжэйшым. Так і атрымалася, бо сябры дасягнулі Траады толькі праз пяць дзён, дзе іх чакалі астатнія вандроўнікі. Пасьля цёплай сустрэчы і малітвы Цімафей паведаміў Паўлу, што мясцовая царква вельмі прасіла яго затрымацца, каб словам умацаваць хрысьціянаў Траады. Павал пагадзіўся застацца на сем дзён.

Ужо быў знодзены карабель, які адплываў да Патары наступнай раніцай, пасьля нядзельнага служэньня і ламаньня хлеба. Хрысьціяне Траады зьбіраліся ў арэндаваным доме, які знаходзіўся ў цэнтральнай частцы гораду і быў зручна прыстасаваны для правядзеньня набажэнстваў. Павал і прапаведаваў тут, умацоўваючы духоўны стан царквы. Зараз жа ўсе хрысьцяне Траады былі разам, каб разьвітацца з апосталам і ягонымі сябрамі. У гэты вечар у залі не было ні воднага вольнага месца, бо сабраліся хрысьціянскія сем’і ў поўных складах. Заля асьвятлялася алейнымі сьвяцільнямі, цяпло і дым ад якіх стваралі ў памяшканьні пэўную задуху. Адчыненыя вокны ня вельмі дапамагалі, бо начное паветра гораду, нават у красавіку, было даволі сьпякотным. У гэты вечар Павал прапаведаваў да паўночы, пасьля чаго планавалася ламаньне хлеба. Але здарылася нешта непрадбачанае. Юнак Эўтых сядзеў у праёме вакна і зачаравана слухаў Паўла, які, вучачы, раскрываў таямніцы веры. Пасьля невялікай сумеснай вячэры, якая называлася вячэрай любові, апостал працягваў вучыць, а Эўтых, седзячы, непрыкметна заснуў. Веруючы ўжо пачалі разламваць хлеб і наліваць у кубкі віно - у паўтор Трапезы Госпадавай, як раптам раздаўся крык адчаю і жаху. Юнак Эўтух, змораны ў сьне, упаў з трэцяга паверху ўніз і быў падняты мёртвым. Вакно, на якім сядзеў Эўтух было над каменнай пляцоўкай, на якую так няўдала юнак і ўпаў.

Адным з першых да Эўтуха выбег Лука, які і абвесьціў пра сьмерць юнака. Павал выйшаў на двор усьлед за іншымі і ўбачыў гэтую сумную карціну. Усе абступілі апостала, ня ведаючы што і рабіць, бо жах скаваў іхнія сэрцы. Павал, стаўшы на калені, схіліўся над юнаком і моцна прыціснуў яго да сваёй грудзі, спакойна сказаўшы прысутным: «Не хвалюйцеся, бо душа ягоная ў ім». Эўтыха, пакуль што непрытомнага, але дыхаючага, унесьлі ў дом і паклалі на лаву. А Павал працягнуў сваю бяседу, запрасіўшы астатніх пакаштаваць хлеба і віна. У хуткім часе прывялі і хлопца, які быў жывы і здаровы, нягледзячы на некалькі ранкаў на плячы і галаве. Лука глядзеў на Эўтыха і радасна дзівіўся. Ён, прафесыйны лекар, ня мог памыліцца ў канстатацыі факту сьмерці юнака. Але і тое факт, што хлопец жывы. Несумнёўна гэта цуд - цуд ад Ісуса Хрыста праз Свайго вернага служыцеля Паўла. Амаль што да сьвітанку доўжылася бяседа Паўла з веруючымі Траады, перш чым тыя паразыходзіліся па дамах.

Павал выбраў карабель, які не павінен быў заходзіць у Эфэс. Яму не хацелася затрымлівацца, бо шматлікая і гасьцёўная царква знайшла б шмат спосабаў і прычынаў, каб, хоць на нейкі тэрмін, затрымаць апостала. І Павал, пераступаючы праз сябе, адмаўляў гэтай сустрэчы, каб у вызначаны тэрмін быць у Ерусаліме. Першы прыпынак карабель павінен быў зрабіць у горадзе Ас, абмінуўшы мыс Лектум. І тут Павал прыняў нечаканае для спадарожнікаў рашэньне ня плыць разам з усімі да Асу, а ісьці пешшу. Усе добра ведалі прыхільнасьць Паўла да марскіх вандраваньняў і таму такое рашэньне выклікала агульнае зьдзіўленьне. Але апостал мякка настаяў на сваім і выправіў сяброў да Асу па моры. Сам жа Павал вырашыў ісьці наўпрост па сухапутнай дарозе, каб пераадолець сорак кіламетраў да Асу і яшчэ да вечара сустрэць сваіх сяброў. Ранішняя прахалода сустрэла Паўла на прыгорках, па якіх звіліста, як зьмяя, пралягала дарога, якая прыняла і вяла яго. Першыя прамені сонца, што выбіваліся з-за далёкіх гор, рэзка выяўлялі абрысы высокіх вяршынаў гор з усходу і, як быццам бы накідвалі на іх найтонкую кісейную тканіну, каб асьцярожна і з пяшчотай расфарбаваць горы ў зачаравальныя фарбы. Гледзячы на гэтае хараство, Павал нібыта вярнуўся ў думках у той далёкі час, калі ён сустрэўся з Ісусам Хрыстом, а потым тры дні знаходзіўся ў апраметнай цемры. Зрок вярнуўся ад Госпада праз Ананію ў такі ж ранішні час і першае што ён убачыў, выйшаўшы з дому, гэта былі горы на ўсходзе ад Дамаску, з-за якіх вось так жа выходзіла сонца. І ўсё гэта было як учора. Павал падзякаваў Госпада за тое, што Ён нагадаў яму гэта праз такі цудоўны ранак і тую прыгажосьць, якую мог стварыць толькі Бог.

Прыняўшы рашэньне ісьці аднаму, Павал хацеў паразважаць пра будучае, але толькі зараз ён зразумеў гэтую сувязь будучага з той мінулай сустрэчы з Ісусам, калі Той сказаў Ананіі: «Ідзі, бо ён - Мая выбраная пасудзіна, каб несьці імя Маё перад паганамі, і валадарамі, і сынамі Ізраіля, бо Я пакажу яму, колькі ён мусіць перацярпець за імя Маё». Павал ўжо чуў ад прарокаў, што яму ня сьлед ісьці ў Ерусалім, бо там яго чакаюць вялікія непрыемнасьці. Ен выйшаў у гэты шлях з пытаньнямі, на якія павінны быць знойдзены адказы. Павінен ён прыняць папярэджаньні прарокаў, як папярэджаньне ад Бога, каб не рабіць гэтага, а ісьці непасрэдна ў Рым? Ці належыць яму пацярпець нягоды, якія чакаюць яго ў Ерусаліме? І ці вытрымае ён гэтыя выпрабаваньні? Сонца ўзьнімалася ўсё вышэй, але Павал ўжо не заўважаў гэтага, бо думкі, ахапіўшыя ягонае сэрца падкрэсьлівалі тое, што крызіс сумненьня яшчэ не прайшоў і спрэчныя пытаньні яшчэ ўзьнікалі ў галаве апостала: «Павярнуць назад ці ісьці наперад?» Дарога вывела Паўла да прыбярэжных скалаў, з вышыні якіх ён убачыў зіхаценьне сапфіравых водаў заліва, за якім бачыліся блакітныя прыгоркі выспы Лесбас. Сьнежна-белыя вясеньнія аблокі гулялі сьвятлом і ценьню, адкрывыючы і закрываючы сонца. У цішыні сенажацяў былі чутныя калакольцы авечых статкаў, якія перамешваліся з брэхам сабак. Раптам Павал ясна адчуў, што ён спасьціг волю Госпада і цьвёрда вырашыў мужна ісьці насустрач выпрабаваньням за імя Госпада свайго Ісуса Хрыста.

У апошнія некалькі гадзінаў шляху, калі сонца ўжо набліжалася да гарызонту мора, перад вачамі Паўла паўстала велічная карціна мудрагелістых скал з нагрувашчваных мурмурных глыбаў, якія ўзвышаліся над горадам. Там, за скаламі, знаходзілася невялікая ціхая бухта, дзе карабель, які ўжо чакаў Паўла, дагружаўся рознымі таварамі з Асу. Лука і астатнія былі крыху занепакоенымі вандроўкай у адзіноцтве іхняга, ўжо немаладога, настаўніка. Нарэшце Павал падняўся на борт і сябры, сустрэўшы свайго настаўніка, не маглі прачытаць на яго твары нічога, акрамя бясконцага і прасьветленага супакою.

Дзень толькі ўздымаўся над морам. Лёгкі ранішні брыз весела выводзіў карабель з прыбярэжжа ў адкрытае мора. Наперадзе была Мітылена - галоўны горад выспы Лесбас, дзе карабель прыпыніўся на дадатковую загрузку і начны адпачынак, каб зранку, яшчэ да ўсходу сонца, працягнуць свой марскі шлях. Мінуючы выспу Хіёс, яны накіраваліся да выспы Самос, дзе і прышвартваліся ў Трагільлі на начны адпачынак. Самос - значных памераў выспа, якая ўтульна разьмясьцілася ў Эгейскім моры насупраць Эфэсу. Павал, між тым, патлумачыў сваім сябрам, што менавіта тут ёсьць радзіма знакамітага матэматыка і філосафа Піфагора, які жыў на пяць стагодзьдзяў раней.

Наступны ранак зноў засьпеў сяброў за вясёлай і спрытнай працай каманды карабля з такелажам. Карабель даволі хутка выйшаў на вольны прастор мора і накіраваўся ў Мілет, якога яны дасягнулі на працягу дня. І вось карабель прайшоў паміж велізарных мурмурных ільвоў, якія вызначалі пачатак гавані Мілета. Мілет, некалі быўшы галоўным горадам гэтага ўзьбярэжжа, з цягам часу саступіў сваё першынства Эфэсу, ня страціўшы ўсё ж значнасьці свайго порту ў гавані вусьця ракі Меандр. Стырнік карабля вырашыў прыпыніцца тут на тры дні, каб, акрамя разгрузкі і пагрузкі тавараў, правесьці планавы рамонт такелажу карабля. Даведаўшыся пра тэрмін стаянкі ў парту, Павал вырашыў скарыстаць гэты час, каб сустрэцца з кіраўнікамі царквы Эфэсу.

Хутка былі знойдзены ганцы з мясцовых хрысьціянаў, якія неадкладна пагадзіліся выканаць даручэньне Паўла. Яшчэ да поўдня яны на вёсельнай лодцы дасягнулі Прыены, адкуль на конях паскакалі ў Эфэс і абудзілі старостаў ужо за поўнач. Яны вярнуліся разам са старостамі у Мілет праз сорак гадзінаў пасьля адплыцьця да Прыены, пераадолеўшы каля васьмідзесяці кіламетраў нялёгкага шляху. Ганцы сьпяшаліся, але і старосты не марудзілі, - Павал клікаў іх.

Пасьля сардэчнага вітаньня, Павал зьвярнуўся да іх у прысутнасьці сваіх спадарожнікаў і мясцовых хрысьціянаў, якія дапамаглі яму. Павал узьняў руку, патрабаваўшы цішыні і прамовіў: «Вы ведаеце, як я ад першага дня, у які прыйшоў у Азію, увесь час быў з вамі, служачы Госпаду з усёй пакораю і з многімі сьлязьмі і спакусамі, якія здараліся са мною ад змоваў юдэйскіх, як не абмінуў я нічога карыснага, каб не абвясьціць вам і не навучаць вас перад грамадою і па дамах, сьведчачы і юдэям, і грэкам пра навяртаньне да Бога і пра веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста. І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ерусалім, ня ведаючы, што там сустрэне мяне, адно Дух Сьвяты сьведчыць па гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і прыгнёт. Але я аніяк не зважаю на гэта і ня дбаю пра сваё жыцьцё, або толькі ў радасьці скончыць бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса - сьведчыць пра Эвангельле ласкі Божае. І цяпер ведаю, што больш ня ўгледзіце аблічча майго вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Божае. Дзеля гэтага сьведчу вам у сёньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх, бо не ўхіляўся абвяшчаючы вам усю волю Божую. Дык сьцеражыце самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за епіскапаў пасьвіць царкву Божую, якую Ён здабыў уласнай крывёю. Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня будуць шкадаваць статак, і спасярод вас саміх паўстануць людзі, якія будуць гаварыць сапсавана, каб пацягнуць вучняў за сабою. Дзеля гэтага чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў са сьлязьмі настаўляць кожнага з вас. І цяпер я аддаю вас, браты, Богу і слову ласкі Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі, хто асьвечаны. Ані срэбра, ані золата, ані адзеньня я ні ад каго не жадаў. Вы ж самі ведаеце, што ў патрэбах маіх і тых, што былі са мною, паслугавалі рукі гэтыя. У-ва ўсім перасьцерагаў я вас, што, гэтак працуючы, мусім падтрымліваць нядужых і памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: “Шчасьлівей даваць, чым браць”».

Сьлёзы ўжо цяклі па тварах старостаў. Павал стаў на калені і ўсе вакол зрабілі тое ж самае, маліўшыся за Паўла і Царкву Хрыста. Чутны былі ўздыхі і плач, бо словы Паўла: «Больш ня ўгледзіце аблічча майго», як нажом у сэрца ўразілі ўсіх. Па чарзе старосты набліжаліся да Паўла і, абдымаючы, цалавалі яго. Пасьля праводзілі яго ў гавань і не пакідалі берага, пакуль карабель не ўзьняў свае ветразі, уносячы Паўла з таго Эгейскага мора, якое было як бы арэнай ягоных духоўных бітваў і ягонага слаўнага апостальства.

Сьвежы спадарожны вецер панёс апостальскую групу з Мілеты да Косу, а адтуль, на наступны дзень, карабель дасягнуў Радосу і, пасьля начнога адпачынку, накіраваўся да Патары, дзе, пасьля швартоўцы, каманда Паўла сыйшла на бераг. Дробны кабатаж іхняга карабля ўздоўж берагу не задавальняў іх, бо ім патрабавалася б рабіць дробныя пераходы каля берагоў Памфіліі, Кілікіі, Сірыі і Фінікіі, а гэта вельмі затрымлівала сяброў, якія імкнуліся хутчэй дасягнуць Ерусаліму. Вандроўнікі знайшлі больш буйны карабель, які выконваў рэгулярныя рэйсы напрасткі праз адкрытае мора да фінікійскага берагу, у Тыр і Цэзарэю. Карабель весела слізгаў па невялікіх хвалях, з поўнымі і пругкімі ветразямі, што напаўняліся сьвежым заходнім ветрам. Праз некалькі дзён, зьлева па борце, адкрылася велічная карціна Кіпру, з яго прыбярэжнымі скаламі, якія нагадвалі муры вялізарнай крэпасьці. Нават і здалёк чыстае марское паветра адкрыла перад вандроўнікамі панараму горада Паф - сталіцы Кіпру.

Павал прыпамятаў і распавёў сябрам тую даўнішнюю гісторыю, калі ён, разам з Барнабай, быў тут і размаўляў з праконсулам Сяргеем Павалам, навярнуўшы яго пасьля таго, як Павал навёў часовую сьлепату на чараўніка Эліму. Даволі хутка Кіпр застаўся за кармой і наперадзе ўжо быў бачны фінікійскі бераг. Дзякуючы спадарожнаму ветру карабель хутка набліжаўся да Тыру, які уяўляў сабой горадам на выспе, якая ядналася з мацярыком штучнаю дамбай. У Тыры адбывалася разгрузка і пагрузка карабля, якая расцягвалася на тыдзень. Павал і ягоныя сябры хутка знайшлі мясцовых хрысьціянаў, якія праз Сьвятога Духа казалі Паўлу, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім. Апостал быў цьвёрдым у сваім рашэньні і працягнуў далейшы шлях у Ерусалім. Усе хрысьціяне Тыру, разам з жонкамі і дзецьмі, прыйшлі праводзіць Паўла і дружна маліліся на беразе Міжземнага мора за бясьпеку апостала. Карабель зрабіў яшчэ адзін прыпынак у Пталемаідзе, што знаходзілася ў трыццаці кіламетрах на поўдзень ад Тыру. І вось нарэшце, у сярэдзіне траўня, карабель абмінуў мыс Кармэл і стаў на прычал у Цэзарэі, галоўным порце і сталіцы правінцыі Юдэя.


Рецензии