Этот человек - римлянин

XXIX. ГЭТЫ ЧАЛАВЕК - РЫМЛЯНІН

Пракуратарскі палац, добра знаёмы Паўлу, значна вызначаўся сярод іншых мурмурных будынкаў Цэзарэі. Каманда апостала прайшла па галоўнай плошчы міма гэтага велічнага будынку ў накірунку больш сьціплай вуліцы, да дому вядомага дабравесьніка Філіпа, які ў свой час прапаведаваў у Афрыцы, уверх па плыні ракі Ніл. Адзін з тых першых шасьці дыяканаў, які, разам з нявінна забітым Стэфанам, дапамагаў удовам у царкве Ерусаліму, сустрэў Паўла і ягоных сяброў з радасьцю і гасьцёўна. Філіп добра памятаў ролю Паўла ў ганеньнях вучняў Ісуса пасьля сьмерці Стэфана, але ён ведаў і шматгадовую апостальскую працу Паўла, а таму ён вырашыў нават і не ўзгадаваць тыя падзеі ў прысутнасьці апостала. У Філіпа былі чатыры нямужніх дачкі, якія мелі дар прароцтва, але пра будучае Паўла яны захоўвалі маўчаньне. Але вось, праз некалькі дзён, у Цэзарэю прыйшоў знакаміты прарок Агаў, той самы Агаў, які, шмат гадоў таму ў Антыёхіі Сірыйскай, прадказаў голад у Юдэі. Павал добра памятаў той выпадак, бо менавіта з-за гэтага ён атрымаў магчымасьць, пасьля шматгадовага выгнаньня, наведаць Ерусалім. Увайшоўшы ў дом Філіпа, Агаў убачыў шырокі і доўгі пояс. Сеўшы, ён зьвязаў сабе поясам рукі і ногі, а потым прамовіў: «Гэтак кажа Дух Сьвяты: “Мужа, чый гэты пояс, так зьвяжуць юдэі ў Ерусаліме і аддадуць у рукі паганаў”». Гэта быў пояс Паўла.

Агаў не рабіў з гэтага нікіх высноваў, - ён проста канстатаваў факт будучага дзеяньня. Сябры апостала не маглі больш бачыць тое, як іхні настаўнік сам ідзе насустрач немінучай небясьпецы. Таксама думаў і Філіп са сваімі хатнімі. Усе, хто быў каля Паўла, кінуліся прасіць яго не хадзіць у Ерусалім. Ну сапраўды, чаму ён ня можа пачакаць тут, пакуль ахвяраваньні не аднясуць у Ерусалім? Усе лічылі, што апостал чыніць няправільна, калі не прыслухоўваецца да меркаваньняў сяброў. Скаргі сяброў і ўпэўненасьць Агава зрабілі сваю справу. Павал адчуваў сябе стомленым ад зьнешніх і ўнутраных супярэчнасьцяў. Ён ведаў, што сябры просяць яго ад усяго сэрца, жадаючы абараніць яго. Але пасьля вандроўкі з Траады ў Ас Павал адчуваў тое, што вышэйшая любоў, любоў да Ісуса Хрыста, заклікае яго ў Ерусалім. Можа ягоная сьмерць, як калісьці сьмерць Стэфана, паслужыць на добрае хрысьціянству, а можа юдэі прымірацца з хрысьціянамі і ўсе сынагогі зьвярнуцца да Хрыста. І стомлены Павал, сабраўшы ўсю волю ў адно, адказаў ім: «Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Бо я ня толькі гатовы быць зьвязаным, але і памерці ў Ерусаліме дзеля імя Госпада Ісуса». Пасьля гэтых слоў апостала прысутныя супакоіліся разумеючы, што Паўла са сваёй пазыцыі не скрануць і таму прамовілі між сабою; «Няхай станецца воля Госпадава!» Хрысьціяне Цэзарэі вылучылі верхавых мулаў для Паўла і ягоных сяброў і паслалі наперад сваіх ганцоў, каб падгатаваць апостальскай камандзе дах і ежу.

Ерусалім, у гэты час, быў перанаселены паломнікамі, але ганцы вырашылі даручаную ім справу. Вырашана было прыпыніцца ў Мназона Кіпрыйца, старадаўняга вучня Хрыста, які, у адрозьненьні ад многіх ерусалімскіх хрысьціянаў, спрыяльна ставіўся да хрысьціянаў з паганаў. А Павал з сябрамі, едучы па ерусалімскаму шляху, бачылі неверагодную карціну руху паломнікаў у бок Ерусаліму. На кожным перакрыжаваньні гэтага шляху, выходзілі на яго ўсё новыя групы паломнікаў. Да дня Пяцідзясятніцы сюды імкнуліся юдэі з усіх канцоў Рымскай імперыі. Іншыя дарогі ў Ерусалім таксама былі перапоўненымі паломнікамі з Персіі, Арабіі, паўночнай Афрыцы і нават з вытокаў Нілу. Кожны паломнік меў сваё прынашэньне Храму і Закону продкаў, радасна прадчуваючы вялікае сьвята.

Мназон шчыра вітаў Паўла і ягоных сяброў, прапанаваўшы ім дах і ежу. Азійскіх і грэцкіх сяброў Паўла цікавіў Ерусалім і яны вельмі хацелі пабачыць гэты знакаміты горад. Павал вадзіў сяброў па вуліцах, паказваючы ім знакамітыя месцы, зьвязаных з гісторыяй Ізраіля. Пад час гэтага шпацыру бачыў ён і сваіх лютых ворагаў, азійскіх юдэяў, якія, безумоўна ж, пазналі яго і Трафіма з Эфэсу. Павал прывёў сваіх сяброў і на храмавы двор, паклапаціўшыся пра тое, каб тыя не пераступілі парог ачышчэньня, які аддзяляў святую сьвятых ад зьнешніх памяшканьняў. І не дарма, бо калі неабрэзаны пераступаў гэтую рысу, ён сам быў вінаваты ў сваёй сьмерці.

Ранкам наступнага дня Павал і прадстаўнікі хрысьціянскіх цэркваў Грэцыі і Азіі былі прынятыя кіраўніком царквы Ерусаліму Якубам у прысутнасьці старостаў царквы. Ахвяраваньні прыйшлі па прызначэньні і старосты, пад роспіс, прынялі гэтыя грошы на патрэбы царквы. Пётр і іншыя апосталы адсутнічалі, бо дабравесьцілі ў іншых мясьцінах, а тут, у Ерусаліме, суровы аскет Якуб вызначаў асьцярожную палітыку царквы, у выніку якой першасьвятары цярпелі гэтую частку суайчыньнікаў, якія вызнавалі Ісуса Мэсіей, але выконвалі, ў той жа час, звычаі продкаў. У сувязі з гэтым большасьць старостаў была ўпэнена ў тым, што Павал, дзе б ён не знаходзіўся, рабіў шкоду іхнім дыпляматычным высілкам. Павал ведаў усё гэта, але ён непакоўся у першую чаргу за тое, каб ахвярныя сродкі пайшлі па прызначэньню і някія палітычныя сэнсы не былі ўкладзены ў іхнюю місію. Ён падрабязна распавёў пра тое, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз ягонае, Паўлава служэньне. Зьвяртаньне да Якуба мела пэўную мэту і накіроўвалася на абуджэньне старостаў да таго, каб царква Ерусаліму сталася царквою Маці для ўсяго народу.

Павал распавёў гэтаму сходу служыцелей царквы Ерусаліма падрабязна тое, што стварыў Бог сярод паганаў. Павал пераказаў і пра тыя небясьпекі, якія напаткалі яго ў гэтых падарожжах. Ягоны аповяд выклікаў сярод братоў немалую радасьць, але адчулі яны і ня меньшы непакой, ведаючы настрой юдэяў у Ерусаліме адносна апостала Паўла. У царкву прыйшло шмат юдэяў, якія былі рупліўцамі Закону і лічылі, што Павал катэгарычна выступае супраць Закону Майсея. Адкуль у іх былі такія чуткі і хто іх гэтаму вучыў невядома, але шмат хто памятаў, як праходзіў першы апостальскі сабор і якая сур’ёзная апазіцыя, з рупліўцаў Закону, склалася супраць Паўла. З гэтага і фармавалася гэтая небясьпечная хваля з веруючых юдэяў, але былі яшчэ юдэі няверуючыя, якія яшчэ больш ненавідзелі апостала. Але ці ўсё гэта было так, як казалі гэтыя людзі? Усё гэта было хлусьнёй. Так, Павал вучыў паганаў, што ім неабавязковае абразаньне і выкананьне юдэйскіх звычаяў, але юдэям ён ніколі не казаў, каб яны не абразалі сваіх дзяцей і адступаліся ад юдэйскіх традыцыяў. Як жа царква магла дапамагчы Паўлу ў такой няпростай сітуацыі?

Прадстаўнік старостаў царквы пасьля вітальных словаў прамовіў: «Бачыш браце, колькі дзясяткаў тысячаў юдэяў, якія паверылі, і ўсе яны рупліўцы Закону. А яны начутыя адносна цябе, што ты вучыш адступніцтву ад Майсея ўсіх юдэяў, што жывуць сярод паганаў, кажучы, каб не абрэзвалі сваіх дзяцей і не хадзілі паводле звычаяў. Дык што гэта? Абавязкова мусіць сабрацца мноства, бо пачуюць, што ты прыйшоў. Дык зрабі, што табе скажам. Ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе шлюбаваньне. Узяўшы іх, ачысьціся разам з імі і выдаткуй за іх, каб яны абстрыглі галаву, і ўсе даведаюцца, што тое, што яны дачуліся адносна цябе, ёсьць пустое, але ты ходзіш адпаведна і захоўваеш Закон».

Павал павінен быў узяць юдэйскі зарок і ачысьціцца разам з чатырмя юдэйскімі хрысьціянамі, якія зьвязалі сябе зарокам назарэйства. Больш таго, Павал павінен быў выдаткаваць за іхнюю ахвяру ў Храме і тым самым паказаць, што ён шануе Закон Майсея і ніякім чыным не жадае парушыць яго. Невядома, што стаіць за гэтым зарокам і які ў гэтым сэнс, акрамя ачышчэньня. Але гэта быў юдэйскі звычай, які і быў накіраваны да незадаволеных юдэяў. Трэба сказаць, што гэтае дзеяньне апостала заўсёды выклікала як крытыку, так і апраўданьне. У абарону Паўла можна казаць, што ён заўсёды і прынцыпова рабіў так, каб быць для ўсіх сваім: «Бо, будучы вольным ад усіх, я паняволіў сябе ўсім, каб многіх здабыць. І я стаўся для юдэяў, як юдэй, каб здабыць юдэяў; для тых, якія пад Законам, каб здабыць тых, якія пад Законам; для тых, якія без Закону перад Богам, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, якія без Закону». З іншага боку можна абвінаваціць Паўла ў сьцьвярджэньні, што хрысьціянін ня мае ніякае патрэбы ў Законе для апраўданьня: «Мы паводле прыроды юдэі, а не з паганаў грэшнікі, ведаючы, што чалавек апраўдваецца не праз учынкі Закону, а толькі праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз учынкі Закону, бо праз учынкі Закону ня будзе апраўданае ніводнае цела». Ведаючы ж усё гэта трэба быць вельмі асьцярожнымі, даючы адзнакі дзеям апостала. Але як бы тое не было, сэнс дзеяньняў Паўла ня можа быць да канца асэнсаваным. А тым часам хваля юдэйскага гневу набліжалася да апостала Паўла.

Павал тэрмінова пакінуў дом Мнасона і пасяліўся ў адным з двароў Храму з чатырмя беднымі юдэямі, якіх ён раней ня бачыў. Там, па правілу ачышчэньня, яны павінны былі прабыць два дні. Павал заплаціў неабходныя грошы і разам з іншымі пасьціўся, гатуючыся да гэтага абраду. І кожную хвіліну гэтага часу ён усьведамляў, што паклаў сваю галаву ў адкрытую пашчу ільва, назіраючы, як многія з паломнікаў з нянавісьцю паглядвалі на яго. Час абраду падыходзіў да свайго завяршэньня і наступным ранкам шлюбаваныя павінны былі спаліць свае астрыжаныя валасы на ахвярным агні. Павал збіраўся пасьля гэтага вярнуцца да Мнасона, а потым накіравацца ў Рым. Паломнікі бясконцаю плыняй струменіліся па Храму, праяўляючы ў сабе нацыянальную і рэлігійную гордасьць. Павал быў гатовы да любой небясьпекі, але, усё ж, спадзяваўся на лепшае. А небясьпека ўжо набліжалася, бо юдэі з Азіі, бачыўшыя яго разам з неабрэзаным Трафімам, вырашылі, што адзін з чатырох шлюбаваных - гэта і ёсць Трафім, якога Павал тайна прывёў у Храм і гэтым зьдзейсьніў страшэннае блюзьнерства.

І вось Павал, разам з іншымі шлюбаванымі гатаваўся да абраду, які, у хуткім часе, павінен быў адбыцца. Павал - місіянэр, Павал - грамадзянін Рыму, Павал - прапаведнік, пабіты камянямі ў Іконіі, Павал - выступоўца ў арэапагу, Павал - падсудны трыбуналу ў Карынце, Павал - «вінаваты» у парушэньні спакою Эфэсу, той самы Павал абстрыгае галаву і ўваходзіць у Храм, каб абвесьціць пра сваё ачышчэньне. Сэрца падказвала яму, што з гэтага нічога добрага не атрымаецца. Той цёплы і ветлівы прыём, які аказаў Паўлу і ягоным сябрам Мназон, як і станецца, будзе апошнім гасьцінным прытулкам для апостала ў Ерусаліме.

Сьвяточны Ерусалім бурліў. Павал чакаў чаргі для выкананьня абраду, а пагроза ўжо навісла над апосталам, бо натоўпы паломнікаў лёгка падбухторыць крыкамі пра злоўленага здрадніка. І нікога ўжо не ўхвалюе стрыжаная галава, шлюбаваньне і ачышчэньне. Дастаткова паказаць на чалавека, які вучыць, што юдаізму канец, што юдэйскі народ, юдэйскі Закон і юдэйскі Храм - гэта нішто. І гэта станецца апошняй кропляй, якая падштурхне гэтую хвалю дзейнічаць. Так і здарылася. Нехта хлусьліва абвесьціў, што Павал увёў у сьвятыню грэкаў, маючы на ўвазе Трафіма, якога яны бачылі у горадзе разам з Паўлам. Апаганіць сьвятыню прысутнасьцю грэкаў - гэта ўжо занадта. Хваляваньне ахапіла ўвесь горад і натоўп, схапіўшы Паўла, пацягнуў яго вонкі з Храму, адразу ж зачыніўшы дзьверы сьвятыні. Лука потым падкрэсьліць гэты факт, бо для Паўла яны зачыніліся назаўсёды, што ж тычыцца самога Храма, дык і яму засталося існаваць толькі каля пятнаццаці гадоў, каб ніхто з юдэяў больш ня ўвайшоў ў гэтыя дзьверы. Павал чуў, як гулка зачынілася брама, калі яго ўжо цягнулі ўніз па прыступках, узнагароджваючы ўдарамі і штурхелямі. Ён яшчэ ня падаў, але ўжо губляў сілы. Хутка яго паваляць і жорстка даб’юць. Чакаць заставалася нядоўга, але ў галаве вызначалася адно пытаньне: «Няўжо прыдзецца памерці, не сказаўшы ім ніводнага слова?»

Раптам пачуўся выразны металічны гук - гэта ішлі рымскія жаўнеры. Пра хваляваньне сярод юдэяў неадкладна даклалі рымскай ахове, на чале якой стаяў тысячнік Кляўды Лізі, які адразу вызнаў у гэтым прыкметы сьляпога ўсходняга масавага вар’яцтва. На свае ўласныя вочы ён бачыў факт грамадзянскага непадпарадкаваньня, а таму неадкладна трэба было прыняць пэўныя меры. Сотня добра напрактыкаваных жаўнераў тэрмінова спусьціліся па сьпецыяльных прыступках крэпасьці Антонія, якая ўзвышалася па-над паўночна-заходнім вуглом Храма. Атрад жаўнераў напрактыкавана расьсёк натоўп і ўварваўся ў самы цэнтр беспарадку. Натоўп спыніў зьбіцьцё і саступіў дарогу жаўнерам. Тысячнік, падыйшоўшы да акрываўленай ахвяры натоўпу, запытаўшы ў раз’юшаных людзей: «Хто гэта і што ён тут робіць?» Сярод няскладнага гоману натоўпу яму чуліся толькі выкрыкі: «Сьмерць яму! Сьмерць яму!»

Але застаецца яшчэ адно нявызначанае пытаньне: «Якую ролю ў гэтым хваляваньні і арышце Паўла адыграла тая частка царквы, пра якую старосты казалі : “Рупліўцы Закону” і якая ставілася да апостала не тое што скептычна, але і варожа?» Няўжо і яны, гэтыя рупліўцы, крычалі да тысячніка: «Сьмерць яму!»? Так, мы ведаем, што ўзрушылі натоўп і ўсклалі рукі на Паўла юдэі з Азіі, якія, як бачыцца, прымалі ўдзел у барацьбе супраць Паўла пад час ягонага тамтэйшага служэньня. Безумоўна тое, што Павал быў для гэтых юдэяў ворагам Закону Майсея, а значыць і іхнім ворагам. Лука нічога пра актыўны ўдзел хрысьціянаў - рупліўцаў супраць Паўла ня скажа, пакінуўшы гэтае пытаньне на роздум будучым пакленьням хрысьціянаў. Што ж тычыцца непасрэдных удзельнікаў зьняволеньня апостала, дык тыя ведалі тое, што ня ведаем мы. Большасьць дасьледчыкаў Новага Запавету старанна абыходзяць гэтае непрыемнае пытаньне, а некаторыя ж катэгарычна сьцьвярджаюць, што хрысьціяне не маглі ўдзельнічаць у гэтым па вызначэньню. Але гісторыя падказвае, што падобныя выпадкі сярод хрысьціянаў неаднаразова здараліся і таму гэтая кніга прапануе кожнаму з нас разважыць на гэтую тэму асабіста.

Сітуацыя для Паўла больш чым небясьпечная, бо юдэі шукалі, не хаваючы свайго намеру, забіць яго. Ерусалім насычаўся духам гневу і помсты. Але самасуду ня сталася, бо на сцэне гісторыі зьяўляецца тысячнік кагорты з крэпасьці Антонія, які, па сваіх службовых абавязках, і павінен быў адрэагаваць на хваляваньне, якое ахапіла Ерусалім. Забраўшы Паўла з натоўпу, ён, на ўсякі выпадак, загадаў зьвязаць яго дзьвумя ланцугамі. Пытаньне рымляніна да натоўпу пытаньнем і засталося, бо ён нічога не зразумеў, таму што кожны крычаў нешта сваё. Тысячнікамі ў рымскім войску былі, як правіла, маладыя і перспектыўныя людзі, якія гатаваліся да палітычнай ці сацыяльнай кар’еры ў імперыі. Такім і быў гэты тысячнік, але наўрад ці ён штосьці разумеў у палітычных і рэлігійных плынях тагачаснага Ізраіля. І таму, нічога не даведаўшыся, ён загадаў весьці Паўла ў вайсковы табар. Натоўп жа, пры гэтым, крычаў: «Забі яго». Апостал чуў гэтыя словы натоўпу, як бы даючы напамін пра крыкі натоўпу перад Понціем Пілатам: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!». І вось зараз пачынае Павал, які не выпускаў, не выпускае і ў далейшым не жадаючы выпускаць хоць самую малую магчымасьць, каб прапаведаваць Ісуса Хрыста.

Зусім не дарэмна Павал выбраў месца для сваёй пропаведзі да народу, які, можа дзесяць хвілін таму, намагаўся забіць яго. Да гэтага часу Павал маўчаў, але зараз, на верхніх прыступках лесьвіцы, ён зьвярнуўся да тысячніка на грэцкай мове: «Ці магу нешта сказаць табе?» Што ж зьдзівіла рымскага вайсковага начальніка ў словах апостала? Грэцкая мова Паўла ці падазронасьць у прыналежнасьці гэтага чалавек да правадыра бунтаўшчыкоў - эгіпцяніна? Павал чуў пра гэтага эгіпцяніна, што той быў чарадзеем, які выдаваў сябе за прарока і меў шмат пасьлядоўнікаў. Сваімі прароцтвамі ён прывёў юдэяў на Аліўную гору, каб паказаць ім відовішча - разбурэньне гарадзкога муру. Мур разбураны ня быў, але гэты эгіпцянін з чатырмя тысячамі юдэяў прайшоў праз усю краіну з разбоем і гвалтаваньнем. Кіраўнік краіны Фелікс перамог і захапіў іх, але сам іхні правадыр здолеў убегчы. Павал ведаў пра сікарыяў (sica - кінжал), што гэта была партыя нажоўшчыкаў, якая забівала найбольш шкодных, з кропкі погляду юдэя, паслугачоў Рыма. У зусім ужо хуткім будучым сікарыі прымуць ўдзел у абароне Ерусаліма і, пасьля ягонага разбурэньня рымлянамі, яшчэ тры гады ўтрымліваць апошні аплот юдэйскага паўстаньня - гару Масад.

Павал адмовіўся ад прыналежнасьці да эгіпцянаў тым, што паведаміў тысячніку наступнае. Па-першае - ён юдэй, а па-другое - ён грамадзянін знакамітага гораду Тарсу, які быў вядомым цэнтрам адукацыі і культуры правінцыі Кілікія. Пра сваё рымскае грамадзянства Павал, пакуль што, ня кажа нічога. Атрымаўшы ж дазвол зьвярнуцца да натоўпу, ён будзе казаць да яго на гебрайскай мове. Вось ён увесь Павал. Толькі што жорстка зьбіты і маючы быць пакараным да сьмерці юдэямі, пяшчотна любіць гэты падмануты народ і хоча зьвярнуцца да іх не з праклёнам, але з любоўю. Як ён і напісаў пра іх зусім нядаўна у сваім лісьце да рымлянаў: «Бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела, якія ёсьць ізраільцяне, якіх ёсьць усынаўленьне, і слава, і запаветы, і даньне законаў, і служэньне, і абяцаньні, якіх і бацькі іх, і з якіх Хрыстос паводле цела, Які ёсьць над усімі Бог, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн». Безумоўна, што ён вельмі жадаў зьвярнуцца да юдэяў, каб распавесьці ім пра іхняга Мэсію. Гэты крок Паўла меў нямалую рызыку, але яго ведалі як чалавека, які адважна прапаведаваў у няпростых, а нават і крытычных сітуацыях. Павал здолеў сьцішыць народ і загаварыў да яго на гебрайскай мове. Ці здолее ён ачысьціць сваё імя, растлумачыць ім свае дзеяньні і распавесьці сваю гісторыю так, што ягоная невінаватасьць станецца відавочнай?

Як Агаў і прарочыў, калі зьвязаў сабе рукі і ногі поясам Паўла, што павінен будзе пацярпець Павал ад юдэяў у Ерусаліме, так яно і сталася, бо, ў выніку, ён быў зьвязаны двума ланцугамі рымскімі жаўнерамі. Павал, да часу, зьвязаў і свае вусны, але, калі тысячнік дазволіў Паўлу казаць да народу, апостал быў вольны ў слове для для сваёй абароны і служэньня Ісусу Хрысту. Так, ён быў зьвязаны ланцугамі, але гэта не перешкодзіла яму, вольна і радасна, зьвярнуцца да юдэяў: «“Мужы браты і бацькі! Паслухайце цяпер маю перад вамі абарону”. Пачуўшы, што ён прамовіў да іх на гебрайскай мове, яны больш замаўчалі і ён сказаў: “Я сам юдэй, народжаны ў Тарсе Кілікійскім, а ўзгадаваны ў горадзе гэтым ля ног Гамаліэля, старанна дысцыплінаваны ў Законе бацькоў, руплівец дзеля Бога, як і вы сёньня. Я перасьледаваў шлях гэты ажно да сьмерці, зьвязваючы і аддаючы ў вязьніцу мужчынаў і жанчынаў, як засьведчыць пра мяне і першасьвятар, і ўсе старшыні, ад якіх я, узяўшы пасланьні да братоў, пайшоў у Дамаск, каб і тых, якія там былі, прывесьці зьвязаных у Ерусалім дзеля пакараньня. Сталася ж, калі я і набліжаўся да Дамаску, каля паўдня неспадзявана агарнула мяне вялікае сьвятло з неба. І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які гаварыў мне: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?” А я адказаў: “Хто Ты Госпадзе?” І Ён сказаў мне: “Я - Ісус з Назарэту, Якога ты перасьледуеш”. Тыя ж, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, а голасу Таго, Які гаварыў да мяне, ня чулі. А я сказаў: “Што мне рабіць, Госпадзе?” Госпад жа сказаў да мяне: “Устаўшы, ідзі ў Дамаск, і там будзе табе сказана ўсё, што вызначана табе рабіць”. А як ад славы сьвятла гэтага я ня бачыў, дык прыйшоў у Дамаск, ведзены за руку тымі, што былі са мною».

Апостал ясна даў зразумець тым, хто моўчкі слухаў яго, што ён выхоўваўся старанна дысцыплінаваным Закону, а вучэньне Ісуса было для яго зусім непрымальным. Ён быў рупліўцам Закону. Ды такім, што перасьледаваў Царкву ўсімі даступнымі яму метадамі. Павал заклікаў у сьведкі першасьвятара і старшыняў, якія далі яму афіцыйныя лісты для карнай экспедыцыі супраць прыхільнікаў новай веры ў Дамаск. Зразумела тое, што гэтыя факты павінны былі станоўча ўзьдзейнічаць на натоўп, бо далёка ня кожны юдэй мог нават і пагаварыць з першасьвятаром, а тым больш атрымаць, непасрэдна ад першасьвятара, нейкае даручэньне. Так што толькі сіла звыш магла падштурхнуць Паўла на такое глыбіннае ўнутранае ператварэньне. І таму ён распавядае юдэям пра тое, як гэта зьдзейсьнілася.

Безумоўна, калі б хто з сучасьнікаў апынуўся сярод гэтага натоўпу, дык убачыў бы і пачуў розную рэакцыю на апошнія словы Паўла. Нехта вельмі зьдзіўлены, нехта ставіцца да гэтага скептычна, а яшчэ нехта падбірае нейкія альтэрнатыўныя тлумачэньні таго, што адбылося з Паўлам на падыходзе к Дамаску. І нічога з тых часоў не зьмянілася, бо і зараз рэакцыя няверуючых людзей на тое, што адбылося з Паўлам, была б такая ж, бо няма, напрыклад, недахопу ў тэорыях, што Павал падмануўся, прыняўшы нябеснае адкрыцьцё за якую-небудзь асабістую галюцынацыю ці фантазію. І такім чынам кажуць яны, Павал прыняў унутраную падзею за зьнешнюю. Але галоўнае пытаньне ня ў тым, што адбывалася з псіхікай Паўла, а ў тым, што гэта была за вера. А вера апостала тлумачыла ўсё і тысячы разоў пацьверджвала сябе на працягу ўсяго ягонага служэньня Ісусу Хрысту. Менавіта Ісус Хрыстос стаяў у цэнтры гэтай веры. І таму зразумела, што ў-ва ўсе часы многія намагаліся знайсьці тлумачэньні іншыя, чым тыя, што, Ісус сапраўды жывы і зьвяртаецца да людзей, ператвараючы іх з ганіцеляў у прапаведнікі Хрыста.

Павал яшчэ ня скончыў сваёй прамовы, але таго крохкага міру, які на нейкі час усталяваўся паміж Паўлам і юдэямі, ужо няма. Чаму? Таму што Павал абвясьціў імя Ісуса, Які прадвызначыў ягонае будучае служэньне і якое абвесьціць яму ў Дамаску Ананія. Павал хоча паказаць юдэям, што ягонае артадаксальнае выхаваньне і руплівасьць па Богу, прывялі яго роўна на шлях Мэсіі і, апынулася, што гэты Мэсія - Ісус Хрыстос. І вось зараз менавіта Ісус паставіў яго перад натоўпам з тысячаў такіх людзей, якім калісьці быў і ён сам. З аднага боку, Павал быў зусім такім, як і тыя, да якіх ён гаварыў, а з другога боку, ён вельмі адрозьніваўся ад іх.
Пацягнуўшыся наперад, Павал паднёс свае закаваныя рукі да вачэй, выціраючы кроў, і прамовіў да народу, працягваючы свой аповяд: «А нейкі Ананія, муж пабожны паводле Закону, засьведчаны ўсімі тамтэйшымі юдэямі, прыйшоўшы да мяне і стаўшы, сказаў мне: “Саўле, браце! Глядзі!” І я ў тую ж гадзіну ўгледзеў яго. А ён сказаў: “Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, і ўбачыў праведнага, і пачуў голас з вуснаў Ягоных, бо ты будзеш сьведкам Яму перад усімі людзьмі пра тое, што ты бачыў і чуў. І цяпер што ты марудзіш? Устаўшы ахрысьціся і змый грахі твае, прызваўшы імя Госпадава”. Сталася ж, як я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў сьвятыні, ахапіла мяне захапленьне і я ўбачыў Яго, Які казаў да мяне: “Сьпяшайся і ідзі хутчэй з Ерусаліму, бо ня прымуць сьведчаньня твайго пра Мяне”. А я сказаў: “Госпадзе, яны ведаюць, што гэта я арыштоўваў і біў у сынагогах тых, якія вераць у Цябе. І калі пралівана была кроў Стэфана, сьведкі Твайго, і я быў там, стоячы і згаджаючыся на забойства яго, і пільнуючы адзеньне тых, што забівалі яго”. І Ён сказаў да мяне: “Ідзі, бо Я да паганаў далёка пашлю цябе”».

Павал падкрэсьлівае, што ён прыйшоў не таму, каб разбураць веру бацькоў, але дадаць да яе. Ён назваў Бога «Богам бацькоў нашых». Ён назваў Ісуса «Праведным», а гэты тытул поўны значнасьці для пабожнага юдэя. Так, ён моліцца ў Храме і таму зусім ня лічыць Храм нічым. Ён там маліўся, калі з ім гаварыў Ісус, Які папярэдзіў Паўла, каб той хутчэй зыходзіў з Ерусаліму. Павал жа ня мог не сказаць Ісусу пра тое, што прымаў актыўны ўдзел у ганеньнях на хрысьціянаў, а таксама і тое, што згаджаўся на забойства Стэфана. Можа і гэта было б нічога, але Павал сказаў пра Госпада зусім не да спадобы юдэям: «Ідзі, бо Я да паганаў далёка пашлю цябе». Якія доказы яшчэ былі патрэбныя для іх? Так, ён менавіта той, кім яны яго і лічылі. Ён той, хто ўпэўніваў паганаў, што ім можна і заставацца паганамі. Больш таго, ён вучыў гебраяў па ўсім сьвеце жыць як пагане, напрыклад падзяляць трапезу з кожным, хто падзяляе веру ў хрысьціянскага Мэсію. І няўжо Павал лічыць, што гэткім антыюдэйскім выступам ён сябе абараніў? Ніяк! І яны будуць патрабаваць ягонай сьмерці, бо ён вінаваты як і пагане, чыім сябрам ён і стаўся, а таму вінаваты як сам грэх. Адсюль і вокліч натоўпу: «Забяры з зямлі такога! Бо не належыцца жыць яму!»

Лука, які чуў прамову настаўніка, нават закрыў вухі ад ляманту натоўпа і ў цішы запытаўся ў самога сябе: «Няўжо ўсё гэта было непазьбежна?» Сам Павал адказаў бы на гэта, што так, непазьбежна, але гэтая трагедыя не канчатковая і грунтуецца яна ў лісьце да сваіх суайчыньнікаў у Рыме, напісаным незадоўга да гэтага зьвяртаньня Паўла і ганебнага на яго адказу: «Браты! Упадабаньне сэрца майго і просьба да Бога пра Ізраіль на збаўленьне. Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, але не паводле пазнаньня. Бо, не разумеючы праведнасьці Божае і шукаючы паставіць сваю праведнасьць, яны не падпарадкаваліся праведнасьці Божай». Лука добра памятаў словы Паўла пра тое, што юдэі імкнуцца зацьвердзіць асабістую праведнасьць, даючы сабе статус «праведных», статус народа, які павінен чуць ад ад Бога ня меньш як: «Ты Мой улюблёны народ і ў табе Маё ўмілаваньне». Бог прапануе ім ўсё, што яны мелі, і яшчэ шмат чаго звыш. Ён прапануе ім выкананьне запавету, дар Закону ня проста як кнігу, якую трэба вывучаць, але як самое біцьцё іхніх сэрцаў, і па-перш усяго Мэсію, бо толькі Мэсія - мэта, завяршэньне і вянец усяго. Толькі з ім дасягае кульмінацыі доўгая і цяжкая гісторыя народу Божага. Ісус бярэ на Сябе ўвесь гнеў, увесь страх, усю боль вякоў і здымае іх з усіх, акрамя тых, хто так зьяднаўся з гэтым сьветам і гневам, што ня можа і ўявіць сябе без яго. Яны не жадаюць гэтага збаўленьня, бо недарма сказаў Бог праз Ісаю: «Кожны дзень працягваў Я рукі Мае народу непакорліваму, што хадзіў шляхам нядобрым, паводле сваіх намыслаў».

Лука ведаў, што Павал да апошняга спадзяваўся, як гэта заўсёды і было, што спрацуе разуменьне сказанага ім да паганаў: «Бо кажу вам, паганам: як апостал паганаў я ўслаўляю служэньне маё, ці, можа, збуджу рупнасьць у маіх паводле цела і ці ня збаўлю некаторых з іх». Зараз жа Лука на свае ўласныя вочы пабачыў гэтую самую «рупнасьць», пра якую казаў Павал і якая выявілася ў Ерусаліме ў недапушчальна негатыўным сэнсе, калі натоўп прыўшоў у лютасьць пры адным толькі нагадваньні пра паганскую місію. Не, каб задумацца пра тое, што пагане і ўдзельнічаюць у іхніх абяцаньнях, іхніх патрыярхах і іх Мэсіі, каб ня быць падобным на старэйшага брата з прыпавесьці Ісуса, але своечасова супакоіцца, усьміхнуцца, узрадвацца - і ўвайсьці ці запрасіць у дом. Толькі такая надзея можа растлумачыць адчайную спробу Паўла прапаведаваць гэтаму натоўпу, укладаючы ў сваю пропаведзь ўсю сваю дыпламатычнасьць.

Карціна, якую з горыччу ўбачыў Лука, вельмі важная, бо сьведчыць пра тое, што гебраі Ерусаліму беззваротна адпрэчылі Дабравесьце Хрыста і тым самым вынесьлі прысуд самім сабе. Пройдзе каля пятнаццаці год, і ў 70 годзе па Р. Х. Ерусалім, разам з Храмам, будзе разбураны ў груду камянёў. Але гэта не азначае, што ў будучым Ізраіль ня будзе адноўлены, як і казаў Павал у сваім прароцкім слове: «Бо не хачу браты, каб вы ня ведалі гэтае тайны, каб вы ня былі мудрымі праз сябе, што скамяненьне сталася ў Ізраілі часткова, аж пакуль ня ўвойдзе поўнасьць паганаў, і гэтак увесь Ізраіль збаўлены будзе, як напісана: “Прыйдзе з Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якуба”».

Успамін пра паганаўаў выклікаў новую хвалю лютасьці натоўпу. Юдэі пагаджаліся з тым, каб хто-небудзь прапаведаваў паганам, але яны былі супраць таго, каб яны атрымлівалі юдэйскія прывілеі, ня зьдзейсьніўшы абразаньне і прыняцьце Закону. Калі б Павал прапаведаваў паганам асновы юдаізму, юдэяў бы гэта задаволіла. Але яны шалелі з таго, што Павал прапаведаваў ім ласку хрысьціянства і таму дэманстравалі сваю нязгоду звычайным для іх спосабам: яны крычалі, кідалі сваё адзеньне і падкідвалі пыл у паветра. Сітуацыя накалялася і стала зусім небясьпечнай. Тысячнік арамейскай мовы ня ведаў і не разумеў, што кажа Павал, але разумеў відавочнае - ён не павінен дазволіць узьняцца бунту. І ён прымае рашэньне дапытаць Паўла праз тартураваньне, што было звычайнай традыцыяй таго часу. Чаму? Перадумова гэтага ў тым, што калі чалавека на допыце ня мучыць, ён абавязкова будзе хлусіць.

Усё ўжо было прыгатавана да тартураваньня і тут загаварыў Павал: «Ці ж можна вам тартураваць рымскага чалавека, і без суду?» У галаве сотніка узьнікла відавочнае пытаньне: «Ці існуе доказ таго, што ён сапраўды ёсьць рымскі грамадзянін?» Усе добра ведалі, хлусьня такога кшталту магла прывесьці да сьмяротнага пакараньня і таму чалавек павінен быў добра падумаць, каб не патрапіць з агню ды ў полымя. Сьпецыяльны жэтон на шыі Паўла, пераканаў сотніка. Павал кажа, што ён рымскі чалавек сотніку, які ўпэўнена кажа пра гэта тысячніку: «Глядзі, што ты маеш рабіць. Бо гэты чалавек - рымлянін». Сотнік - ротны камандзір у палку, афіцэр і вельмі адказная адзінка ў рымскім войску. Дык вось, гэты сотнік, не атрымаўшы доказ ад Паўла, ня быў бы такім упэўненым перад сваім начальнікам, які, дарэчы купіў сваё рымскае грамадзянства за вялікія грошы. Але, як кажуць: давярай ды правярай. І тысячнік асабіста ўпэўніўся на тое, што Павал сапраўды грамадзянін Рыму. І тут яго ахапіў страх, бо ён добра памятаў словы Цыцэрона: «Зьвязаць грамадзяніна Рыму - злачынства; біць яго - злачынства нашмат горшае; забіць яго - амаль што тое ж, як забіць бацьку». Юрыдычныя правы рымскага грамадзяніна ахоўваліся ў імпэрыі вельмі строга па закону Валерыяна і Порцыя, а парушальнікі гэтых правоў маглі панесьці вельмі суровае пакараньне. Ён жа, тысячнік рымскай кагорты Кляўды Лізі, не дазволіць нікому на падуладнай яму тэрыторыі парушыць законы Рыма.

Тысячнік загадаў першасьвятарам і ўсяму сынэдрыёну прыйсьці да яго, каб высьветліць справу Паўла. Так, менавіта загадаў, і гэта было сьвядомым прыніжэньнем ўлады вышэйшага судовага органу юдэяў. Праўда ж у тым, што ня толькі кіраўнік правінцыі, што з Цэзарэі, але і просты камандзір палка «загадвае» сынэдрыёну ня проста сабрацца, але і прыйсьці да яго. Тут ёсьць і іншы бок гэтага загаду, бо аддаць Паўла, рымскага грамадзяніна, у рукі першасьвятароў было вельмі небясьпечным, таму што яшчэ чуліся словы натоўпу: «Забяры з зямлі такога! Бо не належыць яму жыць!» Тысячнік, да таго ж, добра ўсьвядоміў, што абвінавачваньні Паўла ад юдэяў мелі «ўнутраны характар» і менавіта сынэдрыён быў здольны высветліць тое, у чым яго абвінавачваюць. І калі суд юдэяў вызначыць Паўла невінаватым, яго можна будзе вызваліць, а калі гэтыя абвінавачваньні сапраўды сур’ёзныя, дык нескладана будзе перадаць гэтую справу ваяводзе Фэліксу, што ў Цэзарэі. У выніку ж гэтай сустрэчы было вырашана тое, што суд па гэтай справе адбудзецца заўтра, ў судовай залі сынэдрыёну, пад наглядам Кляўдыя Лізі.


Рецензии