В крепости Антония
І вось Павал паўстаў перад сынэдрыёнам, куды, не дазволіўшы натоўпу распарадзіцца жыцьцём апостала па свойму, начальнік рымскай кагорты перадаў разгляд справы Паўла. Тысячнік загадаў вызваліць яго ад ланцугоў і асабіста праводзіў Паўла ў суд, каб паказаць юдэям, як многа азначае прыналежнасьць да рымскага грамадзянства. Потым рымлянін выйшаў з Залі Зьзяючых Камянёў, але застаўся стаяць каля ўваходу, каб дачакацца вынікаў разгляданьня справы. Павал стаяў на тым жа месцы, дзе стаяў калісьці і Стэфан. Нават і некалькі судзьдзяў былі тыя ж, што і ў тыя часы. Тут жа, у прысутнасьці тысячніка, ворагі Паўла дзейнічаюць супраць яго са значна меньшым шумам, але са значна большым падступствам. Ці разумеў Павал тое, якая гаворка будзе з ім ў сынэдрыёне? Можа і так. Ён памятаў, як яго судзілі сярод паганаў, дзе, як сталася, яго не маглі зразумець па вызначэньню. Але, магчыма тут, у сынэдрыёне, яго зразумеюць тыя, хто ведае Госпада. І вось, такая нагода зьявілася яму ў Ерусаліме, але ці здарыцца так, каб ягоныя добрыя падахвочваньні, хоць нейкім чынам, былі прынятымі на ўвагу?
Мужы браты. Менавіта так зьвярнуўся Павал да сынэдрыёну, бо ў высокім усьведамленьні сваіх апостальскіх добрых якасьцяў Павал ставіў сябе як бы нароўні са старэйшынамі народу, паказваючы пры гэтым, што зьняволеньне не адбірае ў яго правасьці перад ягонымі судзьдзямі. Але ня ўсё так проста, бо першасьвятар Ананія, а Павал ужо ведаў гэта ад братоў, чалавек «горды і грубіянскі». Дык вось, сын Нэведэя, пераемнік Якуба, сына Камілы, папярэднік Ізмаіла, сына Фабі, гэты Ананія быў адпраўлены папярэднікам тагачаснага кіраўніка Юдэяй Фэлікса - Квадратам у Рым для апраўданьня перад цэзарам за свае правіны. Пасьля вяртаньня, на некаторы час, ён захоўваў сваю пасаду, але быў адстаўлены Фэліксам і перадаў сваю пасаду Ізмаілу, сыну Фабі. Па характару і вобразу жыцьця гэта быў самы разбэшчаны з садукеяў самага хужэйшага часу юдэйскіх першасьвятароў. Усе ведалі пра ягоную неразумную і жорсткую помсту адносна самаранаў. Гэты грабежнік і тыран, сваёй непамернай сквапнасьцю, давёў да галечы ніжэйшых сьвятароў, адбіраючы ў іх дзесяціны, нават і гвалтоўна. Дарэчы, ён будзе забіты пад час паўстаньня супраць Рыма ў 66 годзе па Р. Х. І вось гэты Ананія сустракаецца з апосталам Паўлам, усё жыцьцё якога было прысьвечана любові Божай да чалавека, а таму і ягонай любові.
Характарыстыка Ананіі дае яснае ўяўленьне, як будзе паводзіць сябе гэты першасьвятар. Ён загадаў Паўла біць, падкрэсьліваючы сваю жорсткасьць і грэбаваньне Закону. Напэўна яму не падабаліся першыя словы Паўла: «Мужы браты!», бо які ён ім брат? Адказ Паўла таксама не «падарунак», калі ён прамовіў да Ананіі: «Бог будзе біць цябе, сьцяна пабеленая». «Пабеленая сьцяна» - вобразнае азначэньне пустэчы і ганебнасьці гэтай велічы, скрыўленьні асобы і крывадушнасьці. Знаўца Пісаньня Павал яўна зьвяртаўся да Езэкііля: «І вось, абваліцца сьцяна; тады ці скажуць вам: “Дзе тая абмазка, якою вы абмазвалі?”» Апостал хутка схамянуўся ад сваіх жа словаў, бо прыпамятаў рэакцыю Ісуса ў такой жа сітуацыі, калі Яго таксама білі па вуснах у доме першасьвятара Анны: «Калі Я сказаў кепска, засьведчы, што кепска, а калі добра, за што б’еш Мяне?» Павал зразумеў гэта адразу і таму ён выбачыўся перад першасьвятаром, але і не чакаў ад Ананіі нічога добрага адносна сваёй асобы.
Супакоіўшыся і адчуўшы ўсю адказнасьць моманту, Павал выбраў вельмі правільны тактычны ход у сваю абарону. Як фарысэй і адказны службовец сынэдрыёну ў мінулым, ён добра ведаў пра наяўнасьць у сынэдрыёне двух фракцыяў: садукеяў і фарысэяў, сярод якіх былі вялікія сацыяльныя і рэлігійныя разыходжаньні. Павал ведаў што казаў, калі ўзьняў пытаньне пра ўваскрасеньне і зьвярнуўся да фарысэяў у сваю падтрымку: «Мужы браты! Я - фарысэй, сын фарысэя. За надзею і ўваскрасеньне мёртвых судзяць мяне». Павал быў упэўнены, што большасьць фарысэяў паверылі б у Ісуса Хрыста, калі б ім давялося сустрэцца з Ім, як яму, фарысэю, пашчасьціла ўбачыць Ісуса на дарозе ў Дамаск. І паколькі уваскрасеньне Ісуса Хрыста зьяўляецца асноўнай тэмай хрысьціянства, дык спробу Паўла раскалоць сынэдрыён ён не палічыў нейкай правакацыяй, але ўважліва назіраў за рэакцыяй прысутных. Адбылася ж тое, што пасьля гэтай заявы Паўла, сталася спрэчка паміж фарысэямі і садукеямі. Садукеі не прызнавалі ўваскрасеньне, бо вызнавалі з Пісаньняў толькі Пяцікніжжа, якое ня вучыць пра будучае ўваскрасеньне. Фарысэі ж верылі ў уваскрасеньне і жыцьцё пасьля сьмерці. А гэта азначала, што пазіцыя фарысэяў была бліжэй да хрысьціянскай чым да садукейскай.
Характэрна, што Новы Запавет дае шматлікія факты навяртаньне фарысэяў, якім быў і сам Павал, але ня знойдзецца выпадкаў навяртаньня садукеяў. Прысутныя ўбачылі цікавую рэч, бо гэтая багаслоўская спрэчка настолькі захапіла фарысэяў, што яны наважыліся абараніць Паўла, нягледзячы на тое, што ён быў апосталам варожай для іх секты хрысьціянаў. «Нічога дрэннага мы ня бачым у гэтым чалавеку», ¬ крычалі фарысэі, - «Калі ж дух ці анёл казаў яму, ня будзем супрацівіцца Богу». Садукеі, да якіх прыналежыў і сам першасьвятар, рэзка спрачаліся з фарысэямі, выкрыкваючы абразы ў іхні адрас. Суд ператварыўся ў зваду, а некаторыя фарысэі нават паўскоквалі з месцаў, каб, пры неабходнасьці, абараніць Паўла.
Спрэчка ж паміж фарысэямі і садукеямі настолькі распалілася, што тысячнік Кляўды Лізі занепакоіўся небясьпечным становішчам Паўла, загадаўшы вывесьці яго ў табар. Тысячнік меў безумоўны абавязак ня толькі захоўваць парадак, але і абараняць правы рымскага грамадзяніна. Кляўды Лізі быў расчараваны тым, што ён так і не атрымаў адказу ад сынэдрыёну адносна віны ці апраўданьня Паўла. А той таксама адчуваў сябе ня вельмі, бо ягоная спроба дабравесьціць пра Ісуса сваім суайчыньнікам скончылася няўдачай. А што будзе далей і ці ўбачыць ён доўгачаканы Рым? Павал нават не заўважыў, як дзень падыйшоў да вечару, а неба з блакітнага ператварылася ў ружовае. Набліжалася ноч і ў небе зьявіліся першыя зоркі. Ён глядзеў на адну з іх і адчуваў сябе такім жа самотным. Заставалася толькі маліцца. І вось, як у Карынце, пад час такой жа нерашучасьці, да Паўла зьявіўся Сам Госпад і стаўшы перад ім прамовіў: «Будзь пэўны, Паўле! Бо як ты сьведчыў пра Мяне ў Ерусаліме, гэтак будзеш сьведчыць і ў Рыме». Сам Ісус быў перад ім, а таму мір Божы сышоў у ягонае сэрца і розум. Павал адчуў сілу і няўпэўненасьць прайшла, бо ўсё, што адбываецца, адбываецца на добрае любячым Бога.
Гэта адбылося ноччу, а з гэтага паўстаюць два пытаньні: «Гэта было ў сьне ці гэта шэрагавае захапленьне?» Людзям тое невядома, але гэта ня так ужо і важна. Важна тое, што Бог падбадзёрваў Паўла, кажучы, каб той не баяўся юдэяў і працягнуў сваё служэньне ў самым цэнтры паганскага сьвету - Рыме. Камфортнай вандроўкі да Рыму Бог не абяцаў, але абяцаў тое, што апостал туды абавязкова патрапіць. Патрапіць дзеля таго, каб сьведчыць, а слова «сьведка», азначае ня што іншае як «пакутнік». Павал і пачаў да гэтага гатавацца, але калі ўсё гэта адбудзецца?
Безвыніковасьць гэтага суду вельмі абурыла і засмуціла многіх юдэяў, якія зьбіраліся групамі, каб вызначыць свае адносіны да няўдалага пакараньня апостала паганаў. Пасьля бурных дэбатаў, у наступны дзень пасьля няўдалага паседжаньня сынэдрыёну, вызначыліся больш за сорак юдэяў, якія далі клятву і зарок з намерам забіць Паўла.
На гэтым месцы чытач павінен прыпыніцца і засяродзіцца ў сваіх разважаньнях. Хто былі гэтыя юдэі, якія паставілі сабе за мэту ўсьмерціць Паўла? Як бачыцца, можна вызначыць тры групы гэтых юдэяў: юдэі - паломнікі з Азіі, юдэі - фарысэі і юдэі - садукеі. Зразумела, што першая група магла мець пэўную прыналежнасьць да двух астатніх. Зразумела, што кожная група мела «зуб» на Паўла, а таму і здольна была сфармаваць гэтыя сорак чалавек, якія маглі паклясьціся, каб забіць ненавіснага ім апостала паганаў. А зараз, метадам выключэньня, можна паспрабаваць вызначыць найбольш верагодных кандытатаў на ролю забойцы апостала Паўла.
Першым, хто ўзьняў вэрхал супраць Паўла - гэта група юдэяў з Азіі, якая, дарэчы, пасягала на ягонае жыцьцё нашмат раней. І ці ня мог быць працяг гэтай гісторыі ў Ерусаліме? Усе юдэі памяталі учорашнюю спрэчку фарысэяў з садукеямі, дзе фарысэі адстойвалі невінаватасьць Паўла. Умоўна гэта азначае, што другі радок у гэтым сьпісе займаюць юдэі з садукеяў. Хаця мы ведаем, што садукеі - гэта заможныя гебраі, якія валадаюць высокімі пасадамі ў краіне. Але, хто ведае? Дык вось, рэйтынг магчымых забойцаў Паўла мог выглядаць і так: юдэі з Азіі; садукеі і фарысэі. Але Госпад упэўніў Паўла, што яму нічога не пагражае ў Ерусаліме, бо ён павінен сьведчыць пра Яго ў Рыме. А што будзе з тымі, хто даў публічны зарок ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць Паўла? Можа знойдуць шчыліну ў Законе, каб выйсьці з гэтага зароку ці памруць? Сітуацыя і сьмешная, і трагічная. Бо зарокі людзей бяз Божага дабраславеньня могуць быць, у выніку, ніякімі. Што і атрымаецца з гэтымі сарака юдэямі.
Тайны такога кшталту як змовы - рэч сур’ёзная. Але тайна, калі яе ведае шмат людзей, вельмі хутка перастае быць ёю, бо ці маглі ведаць змоўшчыкі, што сярод прысутных пры гэтым апынецца пляменьнік Паўла, які шмат што ведаў пра дзядзьку і спачуваў таму. Пляменьнік, ня надта раздумваючы, хутка накіраваўся да крэпасьці Антонія, каб распавесьці нешта важнае вязьню Паўлу. Ён быў упэўнены, што яго прапусьцяць, а прапусьціўшы правядуць куды трэба, бо быў, як і Павал, грамадзянінам Рыму. Шчыра павітаўшы дзядзьку, ён распавеў яму ўсё, што чуў нядаўна на адной з плошчаў Ерусаліму. А Павал, паклікаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: «Завядзі гэтага дзяцюка да тысячніка, бо ён мае нешта паведаміць яму». Сотнік жа, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і кажа: «Вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў прывесьці да цябе гэтага дзяцюка, які мае нешта сказаць табе». Тысячнік, ўзяўшы яго за руку і адыйшоўшы на бок, спытаў: «Што такое маеш паведаміць мне?”» А той сказаў: «Юдэі дамовіліся прасіць цябе, каб заўтра ты вывеў Паўла да сынэдрыёну, быццам маючы нешта дакладней запытацца адносна яго. Дык ты ня дай пераканаць цябе ім, бо на яго цікуюць больш за сорак мужоў з іх, якія далі клятву ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць яго, і цяпер яны гатовыя, чакаючы абяцаньня ад цябе». Кляўды Лізі, падзякаваўшы Паўлавага пляменьніка, адпусьціў яго, але загадаў таму нічога нікому не казаць пра іхнюю сустрэчу, а сам пачаў дзейнічаць.
Ці можна вынесьці з гэтага нейкі ўрок? Калі ўрок і ёсьць, дык ён тычыцца Божага плану, як пра гэта кажа старазапаветны псальм: «Госпад дае ласку і славу; дабра не адмаўляе тым, хто ў беззаганнасьці ходзіць». Гэта зусім не азначае, што з добрымі людзьмі нічога дрэннага не здараецца ці добрыя людзі заўсёды атрымліваюць пажаданае. Зусім не. І гэтая кніга сьведчыць пра гэта неаднаразова. Але такім можа быць падыход да жыцьцёвых праблемаў у малітве. Калі ёсьць небясьпека, няхай яна будзе пазьбегнута. Калі ёсьць гнеў, няхай ён будзе пазьбегнуты. Калі ёсьць спакуса, дай мне сілы выдужаць. Калі мне нешта патрэбна, няхай я гэта атрымаю. Але заўсёды ня мая воля, але Твая Госпадзе. Бо Тваё Валадарства, як у небе так і на зямлі. Зноў і зноў сэрца хрысьціяніна вяртаецца да малітвы Госпада.
Пад пакрывам ночы з крэпасьці Антонія выступіў вялікі атрад рымскіх жаўнераў у накірунку Цэзарэі. 470 добра узброеных вайскоўцаў, былі прызначаны тысячнікам, каб даставіць таго да кіраўніка правінцыі і забяспечыць бясьпеку Паўлу. Тыя, хто гатаваўся катаваць Паўла, зараз абараняюць яго. А нічога, між тым, дзіўнага і няма, бо Госпад сказаў Паўлу, што той павінен сьведчыць пра Яго ў Рыме. І таму Ён створыць усе неабходныя ўмовы, каб сталася па слову Яго. Нават і рукамі паганаў. А тактыка тысячніка была разумная. Ён выправіў чатырыста пехацінцаў і семдзесят вершнікаў, у ноч, да Антыпатрыды, што знаходзілася ў 40 км. ад Ерусаліму. Шлях да Антыпатрыды быў вельмі небясьпечным, бо гэтыя мясьціны былі заселены цалкам юдэямі, пры тым, што шлях праходзіў праз горы, што давала магчымасьць варожай засады. Але за Антыпатрыдай мясцовасьць была адкрытай і зусім не прыдатнай да засады, ды і заселена яна была ў асноўным паганамі. Таму, ад Антыпатрыды, большая частка вайсковага канвою рымлянаў вярнулася ў Ерусалім, пакінуўшы ахоўваць Паўла толькі коньнікаў.
Перад адбыцьцём Паўла ў Цэзарэю, тысячнік напісаў кіраўніку Фэліксу інфарматыўную справаздачу пра гэтае здарэньне. Усё па справе, але нешта ён і ўтоіў. Яму здалося залішнім казаць намесьніку пра тое, што ён зьвязаў Паўла і ледзь не тартураваў яго, ня ведаючы пра ягонае рымскае грамадзянства. Таму ён зьмяніў пасьлядоўнасьць падзей на сваю карысьць. З ягонага ліста Фэлікс павінен быў зразумець, што ён, даведаўшыся пра грамадзянства Паўла, збавіў яго ад ад гневу натоўпу. Але Кляўды Лізі распавёў і сапраўднае, калі ён, як рымскі вайсковы чыноўнік, нічога не знайшоў, каб пакараць нейкім чынам, гэтага чалавека. Гэтай ноччу Кляўды Лізі спаў спакойна, бо ён збыў праблему з рук, аддаўшы яе свайму начальніку ў Цэзарэю, дзе была рэзыдэнцыя рымскага намесьніка ваяводы Фэлікса. Вершнікі даставілі Паўла ў прэторыю Цэзарэі, дзе ён паўстаў перад Антоніем Фэліксам, намесьнікам Юдэі, пераемнікам пракуратараў правінцыі Юдэя.
Афіцэр, што камандаваў атрадам суправаджэньня, перадаў Фэліксу ліст ад Лізі: «Кляўды Лізі - вяльможнаму ваяводзе Фэліксу: радавацца! Мужа гэтага, якога юдэі схапілі і меліся забіць, я, стаўшы з войскам, вырваў, даведаўшыся, што ён - рымлянін. А хочучы даведацца віну, дзеля чаго вінавацяць яго, я прывёў яго ў сынэдрыён іхні і знайшоў, што яго вінавацяць дзеля спрэчак у Законе іхнім, а няма ніякага абвінавачваньня, вартага сьмерці ці путаў. А калі паведамілі мне пра змову супраць мужа гэтага, што мелася ў юдэяў, я неадкладна паслаў яго да цябе, загадаўшы, каб тыя, што абвінавачваюць яго, гаварылі супраць яго перад табою. Бывай здаровы». Намесьнік Фэлікс ня быў у захапленьні ад гэтых, невядома адкуль прыйшэлых складанасьцяў, якія зваліліся на яго. Але як гэтага пазбавіцца? Можа адправіць Паўла на радзіму, што ёсьць правінцыя Кілікія? Але не, ня пойдзе, бо Кілікія, як і Юдэя падпарадкоўвалася адміністрацыі, якая была ў Цэзарэі. Нічога ня зробіш і прыдзецца вырашаць гэтае пытаньне самому Фэліксу.
Хто ж такі гэты Фэлікс? Зьвесткі пра яго можна чэрпаць у Язэпа Флавія, Сьветонія і Тацыта. Калі Кляўды Лізі ўзьняўся на пэўны сацыяльны прыступак, купіўшы рымскае грамадзянства, дык Фэлікс прайшоўся па ўсёй сацыяльнай лесьвіцы зьнізу і даверху. Ён нарадзіўся рабом, але, будучы каля цэзара Кляўдыя, ён, разам з братам Палантам, які быў блізкі да Нэрона, атрымаў волю і верна служыў Кляўдыю. Кляўдый жа, як і многія цэзары, баяўся высокапастаўленных зайздросьнікаў, а таму давяраўся людзям, чыя асабістая падзяка да яго была вельмі вялікіх памераў, што значна памяньшала нявернасьць з іхняга боку. Натуральна тое, што рымскія вяльможы глядзелі на яго звысока і, паміж сабою, насьміхаліся з яго. Намесьнікам Рыму ў Юдэі ён быў, мягка кажучы, дрэнным, хаця і прабыў у гэтых мясьцінах сем гадоў, з 52 па 59 год па Р. Х. Ён быў першым у гісторыі рабом, якому даручылі кіраўніцтва правінцыяй. Тацыт, рымскі гісторык, казаў пра яго так: «Ён правіў справамі валадара душою раба». Ён шлюбаваўся пашэрагава на трох прынцэсах. Імя першай невядомае, другая была ўнучкаў Антонія і Клеапатры, а трэцяя была дачкой Ірада Агрыпы. Гэта быў чалавек бяз прынцыпаў, які быў здольны таемна забіць свайго бліжэйшага саюзьніка. З такім вось чалавекам і прыйшлося Паўлу сустрэцца ў Цэзарэі. Менавіта пры ягоным кіраўніцтве сітуацыя ў Юдэі ўсё больш і больш напружвалася, а ў гебраяў зьяўлялася ўсё больш і больш прычынаў ненавідзець рымлянаў і руплівець пра Бога і Закон, руплівасьцю, якая і прывядзе напрыканцы 60-х гадоў да антырымскага паўстаньня і нацыянальнай катастрофы.
А тым часам, у доме Ананіі, праходзіла тэрміновая нарада першасьвятара са старшынямі сынэдрыёну. Ужо зранку яны даведаліся, што рымляне вывезьлі Паўла з Ерусаліму ў бок Цэзарэі. Было відавочным тое, што тысячнік даведаўся пра змову юдэяў на забойства Паўла. Падступнае забойства. Ананія хваляваўся, што ягоная згода на гэты замах станецца вядомым Фэліксу, а таму ён, разам са старшынямі, радзілі на тое, каб знайсьці выйсьце з гэтай непрыемнай сітуацыі, бо зьвесткі пра пазасудовую расправу рымскага грамадзяніна, няхай і юдэя, у Рым, нічога добрага Ананіі не абяцалі. Але, спакойна разважыўшы, замаху не адбылося і Павал жывы, што добра для гэтай сітуацыі. І гэта азначае, што можна перавесьці гэтую гісторыю з Паўлам у дыпламатычна - юрыдычныя стасункі з намесьнікам Фэліксам. Па прапанове аднога са старшыняў да Ананіі запрасілі добра вядомага ў Ерусаліме гебрая элініста Тэртула, які навучаўся рыторыцы ў Рыме і выконваў юрыдычныя паслугі заможным і ўплывовым людзям у Юдэі. Тэртул, ужо добра ведаючы складзеную сітуацыю вакол Паўла згадзіўся з прапановаю першасьвятара, запрасіўшы за гэтую паслугу патроены памер узнагароды. Атрымаўшы згоду ад Ананіі, ён атрымаў і два дні для падрыхтоўцы звароту да Фэлікса. Тэртул асабліва не хваляваўся, бо ў яго ўжо высьпяваў неабходны яму план, але трэба было яшчэ папрацаваць над формай звароту і тымі акцэнтамі, якія ён павінен быў вылучыць пры сустрэчы з кіраўніком правінцыі Юдэя.
Свидетельство о публикации №226021302203