Порций Фест

XXXII. ПОРЦЫЙ ФЭСТ

Вільготная міжземнаморская зіма саступала лету 59 года. З мора дзьмулі сьвежыя вятры, прыносячы ўсё новыя караблі ў порт Цэзарэі. Павал, прыкаваны да суправаджаючага жаўнера лёгкім ланцугом, меў магчымасьць выходзіць за межы прэторыі і перасоўвацца па гораду. Ён часта выходзіў на бераг мора, назіраючы партовую мітусьню, непазьбежную спадарожніцу разгрузцы ці пагрузцы караблёў. Сідзячы ў порце, ён з сумам глядеў на адыходзячыя караблі, уяўляючы, што ў хуткім часе і ён апынецца на адным з іх, каб рухацца па загаду Госпада ў Рым. Між тым, жыцьцё ў прэторыі праходзіла спакойна, што было зусім нязвыклым для дзейнага і актыўнага Паўла. Вучні, якія прыйшлі разам з апосталам у Ерусалім, даўно рызыйшліся па сваіх месцах, а з Паўлам засталіся толькі Арыстарх і Лука. Арыстарх пасяліўся разам з настаўнікам у прэторыі, каб у-ва ўсім дапамагаць яму. Лука ж застаўся ў Філіпа і асноўную частку свайго часу прысьвяціў зьбіраньню па ўсёй Юдэі розных зьвестак пра жыцьцё і дзейнасьць Ісуса Хрыста. Ён сустракаўся з рознымі людзьмі, якія бачылі і чулі Ісуса, сярод якіх быў былы мытнік Закхей і той самы сьляпы, якога Ісус ацаліў у Ерыхоне. Пасьля такіх творчых вандровак, Лука наведваў Паўла і падрабязна распавядаў яму пра ўсё, што бачыў і чуў. Наведваў Паўла ў прэторыі і Філіп, які, у прысутнасьці сяброў, казаў пра жыцьцё той першай царквы, якая склалася пасьля сьмерці і ўваскрасеньня Ісуса Хрыста. Казаў Філіп і пра Стэфана, якога добра ведаў і з якім разам працаваў. Павал што-нішто дадаваў да гэтага ад сябе, бо быў таксама сьведкам тых даўніх падзеяў, хаця і варожа ставіўся да Ісуса ды Ягоных вучняў. Так час і ішоў. Павольна, але і непазьбежна. Як непазьбежна набліжаўся той час, калі зьявіцца і новая надзея.

Быў яшчэ пачатак лета, калі, пасьля чарговага бунту ў Юдэі, Фэлікс быў адкліканы ў Рым, а на ягоную пасаду быў прызначаны рымскі патрыцый Порцый Фэст. Кожны раз, калі на рымскі пасад узыходзіў новы імператар ці ў Юдэі зьяўляўся новы намесьнік, у людзей пачынала цепліцца новая надзея на паляпшэньне эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне. Але, як гэта будзе на самой справе і як будзе складацца сітуацыя пры новым рымскім намесьніку Порцыі Фэсту? Якім будзе ягонае кіраваньне? І што будзе з апосталам Паўлам? Фэст вельмі адрозьніваўся ад Фэлікса, бо быў справядлівым чалавекам і за свой нядоўгі час на пасадзе кіраўніка правінцыі, не запляміў сваё імя благімі ўчынкамі. Яму, як сапраўднаму рымляніну - патрыцыю, было ўласьцівым пачуцьцё справядлівасьці. Больш таго, Фэст быў дзейным і адказным чалавекам, а таму, прыбыўшы ў Цэзарэю, ён, праз тры дні, адправіўся з візітам ветлівасьці ў Ерусалім, рэлігійную сталіцу даручанай яму тэрыторыі. Што да Паўла, дык ён адчуў, што ягоныя асьцярогі за сваю бясьпеку былі цалкам спраўджаныя, бо першасьвятары не зьмірыліся з рашэньнем Фэлікса і, ведаючы, што Павал так і знаходзіцца ў прэторыі, вырашылі націснуць на Фэста.

Нягледзячы на тое, што пасьля суду Фэлікса прайшло ўжо два гады, юдэі не забыліся пра Паўла, а іхняя нянавіць да яго зусім ня згасла. Мяркуючы, што яны маюць магчымасьць разлічваць на міласьць новага кіраўніка, першасьвятар і першыя з юдэяў зноў абвесьцілі абвінавачваньне супраць Паўла, просячы адправіць апостала ў Ерусалім на суд сынэдрыёну. План забойства юдэямі Паўла ніяк не зьмяніўся, бо ён павінен быў быць забітым па дарозе ў Ерусалім. Лука падкрэсьліў ў гэтым цікавую рэч, калі запісаў, што перад Фэстам быў першасьвятар і першыя з юдэяў, а ня толькі старшыні сынэдрыёну, як гэта было ў выпадку з Кляўды Лізі і Фэліксам. Першасьвятары зноў прынесьлі скаргу на Паўла, прадставіўшы справу апостала, як справу ўсяго народу - найважнейшую нацыянальную справу, якая ня церпіць адкладаньня. Сапраўды людзі, прасякнутыя смагаю помсты, хутчэй за ўсё, выглядалі ў вачах пасьведчанага Фэста даволі сьмешна, але дзяржаўны муж імперыі вядзе справу на поўным сур’ёзе. Ён запрашае абвінавацеляў Паўла у Цэзарэю, на суд намесьніка Рыму.

Вобраз думак і дзеяў новага рымскага намесьніка выяўляе ягоную рашучасьць і справядлівасьць, гэтак уласьцівую для рымскага ўрадавага чыноўніка, які меў уладу на суд: праўдзівы, хуткі і міласьцівы. Параўнаем жа ж гэтую добрую якасьць паганіна з ганебнасьцю народнага юдэйскага кіраўніцтва, якое, пад выглядам літасьці, выпрошвала вераломнага забойства вязьня на дарозе да сынэдрыёну. Фэст жа, прабыўшы ў Ерусаліме нямалы для візіту час, тым ня меньш не саступіў прашэньню юдэяў займець Паўла ў Ерусалім. І ўсё таму, што Фэст ужо ведаў пра іхнюю змову супраць Паўла. Ён быў інфармаваны тысячнікам Лізі пра падзеі, якія адбыліся два гады таму і, як мудры кіраўнік, Фэст паабяцаў юдэям магчымасьць выступу ў судзе, калі яны змогуць прыйсьці ў Цэзарэю.

Прабыўшы ў Ерусаліме поўных два тыдні, Фэст, са сваімі чыноўнікамі і ўзброенным атрадам суправаджэньня, вярнуўся ў Цэзарэю, дзе яго ўжо чакаў першасьвятар са сваімі набліжанымі. Ранкам наступнага дня Фэст, як Вярхоўны Судзьдзя правінцыі, увайшоў у вялікую залю, дзе яго ўжо чакала юдэйская дэлегацыя. Прывялі Паўла і ён стаў на тое ж месца, дзе ўжо стаяў два гады таму. Юдэі кінуліся ў напад, абвінавачваючы Паўла яшчэ больш чым на судзе папярэднім, але яны ня мелі доказу ні на адно з абвінавачваньняў. Павал жа, бачачы слабасьць вінавацелей, абыйшоўся простым адмаўленьнем. Ён ніколі не выступаў супраць Закону, сьвятыні і цэзара. Ад Фэста не схавалася тое, што Павал кажа пра цэзара. У папярэднім судзе, як падказалі намесьніку, гэтага не было і гэта можа казаць толькі пра тое, што юдэі дадаткова прыклалі да свайго абвінавачваньня яшчэ і палітычную складаючую. Але, як бы тое не было, апошняе слова на гэтым судзе было за дасьведчаным Порцыям Фэстам.

Павал, нейкім чынам, прадбачыў гэтыя падзеі, бо за два гады ў яго было шмат часу ўсё абдумаць і памаліцца. Ён разумеў галоўнае. Ніякі рымскі чыноўнік не адважыцца засудзіць рымскага грамадзяніна без грунтоўных доказаў злачынства супраць улады. А іх не існавала. Павал разумеў і тое, што калі Фэст вызваліць яго, дык ён можа апынуцца ў вялікай небясьпецы, бо яшчэ не забыліся тыя сорак чалавек, якія далі зарок ня есьці і ня піць пакуль не заб’юць Паўла. Лука ня кажа, што сталася з гэтымі юдэямі, але зусім магчыма, што старшыні адтэрмінавалі гэты зарок да часу, калі Павал апынецца на волі ці складзецца іншая спрыяльная сітуацыя. А з гэтага і парадаксальны факт - наяўнасьць рымскай варты рэч непрыемная, але жыцьцё яна абараняе.

І вось, «момант праўды». Фэст павінен нешта вырашыць і, як вышэйшы чыноўнік і дыпламат, ён зьвярнуўся да Паўла за згодаю ісьці ў Ерусалім пад свае гарантыі бясьпекі. Фарысэй з фарысэяў Павал добра ведаў, што калі ён на гэта пагадзіцца, дык да Ерусаліму ён наўрад ці дойдзе і таму ён кажа, што суд у Цэзарэі яго цалкам задавальняе. Калі ж ён вінаваты перад Рымам, ён гатовы і памерці, а калі не, дык якія законныя падставы існуюць для выданьня яго ў рукі юдэяў? Адмова Паўла дыхае дастойнасьцю і сваёй поўнай невінаватасьцю. Ён кажа Фэсту, што суд намесьніка цэзара і ёсьць суд цэзара, а на ніжэйшы суд ён ніколі не пагадзіцца, тым больш, што ніякае віны ў яго перад юдэямі няма і быць ня можа. Калі ж склалася такая сітуацыя, дык Павал вымушаны скарыстаць сваё права рымскага грамадзяніна - патрабаваць суду цэзара ў Рыме. Калі ж Павал прамовіў рашучае: «Прызываю суд цэзара», у Фэста не заставалася выбару і такім чынам Павал, зусім у іншых абставінах, чым ён, напэўна, сабе ўяўляў, зрабіў свой першы крок па дарозе ў Рым.

Выслухаўшы патрабаваньне Паўла, Фэст стаў раіцца са сваімі набліжанымі. Кожны рымскі грамадзянін меў права апеляваць да суду імператара, але намесьнік сам павінен вызначыць, ці дастаткова гэта сур’ёзная справа, каб перадаваць яе ў вышэйшы суд. Патрабаваньне Паўла было нечаканым для Фэста, але для самога апостала нічога нечаканага тут не было. У яго было два гады, каб абдумаць гэты рашучы крок. Ён павінен быць у Рыме, а таму і скарыстае гэтую сітуацыю, каб споўнілася абяцаньне Госпада. Бог ускладае адказнасьць на чалавека і заклікае яго прымаць адказныя рашэньні згодна Ягонага слова і праз шчырую малітву. Так Павал і ўчыніў.

Прайшлі яшчэ тры сьпякотныя летнія дні. Зранку Павал адчуваў прахалоду ранішняга брызу, які выцягваў караблі ў адкрытае мора, а ў дзень хаваўся ў цяні на тэрыторыі прэторыі, каб паслухаць сяброў пра справы царквы Цэзарэі і выказаць ім тое, што было ў яго на сэрцы ды наставіць царкву ў слове Божым. Увечары варта зьмянялася і новыя жаўнеры прыносілі навіны, якія адбываліся ў палацы пракуратара. Зараз жа прыйшлі звесткі, што ў Цэзарэю, каб прывітаць Фэста і павіншаваць таго з гэтым прызначэньнем, прыйшоў валадар Агрыпа у суправаджэньні сваёй сястры Бэрнікі. Валадар Агрыпа II прыбыў ў Цэзарэю, разам з сястрою Бэрнікай, каб асабіста павіншаваць Фэста з новым прызначэньнем, а таксама, каб усталяваць сяброўскія адносіны паміж імі. Звычайна валадары рабілі такія справы праз сваіх паслоў, але, у дадзеным выпадку, Агрыпа зьявіўся сам, каб яшчэ раз падкрэсьліць сваю адданасьць да рымскай улады ў асобе Порцыя Фэста. Хто ж такія гэтыя Агрыпа і Бэрніка?

Гэты Агрыпа быў сынам Ірада Агрыпы, які стварыў ганьненьне на хрысьціянаў, забіўшы апостала Якуба і гатаваўшы тое ж для апостала Пятра. Павал ведаў, як скончылася гісторыя жыцьця гэтага валадара. У хуткім часе, пасьля пасьля цудоўнага вызваленьня Пятра з вязьніцы, ён раптоўна памёр у Цэзарэі, будучы зьедзеным чарвямі.

Язэп Флавій кліча гэтага новага валадара Агрыпай Меньшым, можа таму, што ягоная ўлада вельмі адрозьнівалася ад улады свайго бацькі, бо была значна абмежаванаю як тэрытарыяльна, так і палітычна. Цэзар Кляўдый паставіў яго валадаром Халкіса ды чверцьуладнікам у Ітурэі і Траханіцкага краю. Юдэі ставіліся да яго лагодна, асабліва пасьля выпадку, які апісваюць юдэйскія гістарычныя крыніцы: «Чытаючы ўсенародна Закон, а было гэта, як і прызначалася, на канец году адпушчэньня, валадар, прамовіўшы словы з кнігі Другазаконьня: “Дык пастаў над сабою валадара, якога выбера Госпад, Бог твой; спасярод братоў тваіх пастаў над сабою валадара; ня можаш паставіць над сабою іншаземца, які ня брат табе», заплакаў і сьлёзы ручаём пацеклі па ягоных шчаках, бо ён ня быў ад семя Ізраіля, але, назіраючы гэта, грамада ўскрычала: «Адважвайся, валадар Агрыпа, ты наш брат”; так і сказалі, бо ён падзяляў іхнюю веру, хаця і ня быў іхняе крыві».

І вось Бэрніка. Родная сястра Агрыпы, удава ягонага дзядзькі Ірада, валадара Халкіса, пасьля сьмерці якога яна апынулася пры двары брата. Існавала падазронасьць, што Бэрніка знаходзіцца ў недапушчальнай блізкасьці з братам Агрыпай і, каб зьняць гэтую падазронасьць, яна бярэ шлюб з валадаром Кілікіі Палемонам. Але, у хуткім часе, гэты шлюб парываецца і яна вяртаецца да свайго брата. Рымскі паэт і сатырык Ювэнал у сваёй кнізе «Сатыры» кажа пра пярсьцёнак з дыямантам, які Агрыпа падараваў блудніцы Бэрнікі. Рымскія гісторыкі Тацыт і Сьветоній таксама даюць зьвесткі пра Бэрніку, якая мела грахоўную сувязь з Цітам Вэспасіянам, які ў 70 годзе разбурыў Храм і Ерусалім, а пасьля гэтага апынуўся на пасадзе рымскага цэзара. Вядома і тое, што сястрой Бэрнікі была Друзіла, жонка Фэлікса, якая таксама не замарочвалася на «маральных каштоўнасьцях». Гэтыя прыгожыя жанчыны былі істотамі сапсаванымі, як, дарэчы, і большасьць тагачасных валадароў гэтага сьвету.

Агрыпа і Бэрніка былі ў Цэзарэі даволі працяглы час, пакуль не падыйшлі да завяршэньня урачыстыя і фармальныя сустрэчы з Фэстам. Заставаўся яшчэ вольны час, калі можна было паразглядаць і нейкія іншыя пытаньні. Адным з такіх пытаньняў і сталася справа апостала Паўла, які, па ранейшаму, знаходзіўся на тэрыторыі прэторыі пад наглядам аховы. Ініцыятарам гэтага стаў Фэст, які распавёў Агрыпе гісторыю нейкага вязьня, якога перасьледуюць першасьвятары і які, ня маючы віны, запатрабаваў апеляцыі да цэзара. Фэст засяродзіў увагу на тым, што справа Паўла была ў непаразуменьні тлумачэньня Закона Майсея, а таксама і ў тым, што ён казаў пра ўваскрасеньне нейкага Хрыста, Які жывы і зьвязаны са Сваімі вернікамі. Агрыпа, на радасьць Фэста, зацікавівіўся гэтай гісторыей і зараз, што зразумела, ён быў рады скарыстацца магчымасьцю паслухаць гэтага прапаведніка і настаўніка хрысьціянаў. А Фэст мог скарыстаць дасьведчанасьць Агрыпы ў пытаньнях юдаізму, каб правільна скласьці суправаджальны ліст да цэзара.

Агрыпа і Бэрніка прыйшлі на судовае паседжаньне з вялікай пышнасьцю. Іх суправаджалі тысячнікі і найпаважанейшыя грамадзяне. Потым прывялі і Паўла, які моўчкі, але з радасьцю, кіўнуў прысутнаму тут Луке. Агрыпа са зьдзіўленьнем глядзеў на гэтага невысокага і крываногага сталага чалавека з сівой барадою, у якім, між тым, захавалася пэўная лёгкасьць рухаў. Фэст, адкрыўшы слуханьне, зноў пераказаў гісторыю гэтае справы, як і тое, што ён не знаходзіць за апосталам ніякае віны, каб быць пакараным да сьмерці. Ён распавёў і пра патрабаваньне Паўла стаць на суд цэзара. І гэта паставіла Фэста ў цяжкае становішча, бо ён вымушаны выканаць патрабаваньне Паўла, хаця ніякага законнага абгрунтаваньня ягонае віны ня мае. Фэст шчыра і выказаў тое, што вельмі спадзяецца на дапамогу Агрыпы, бо, у рэшце рэшт, было б вельмі неразважлівым паслаць у Рым вязьня і не паказаць ніякіх на яго абвінавачваняў. Працэс гэты быў больш падобны на грамадзкае слуханьне, чым суд, бо на ім не прысутнічаў абвінавачваючы Паўла бок, а ад Агрыпы ніхто і не чакаў абавязваючага да чаго-небудзь рашэньня. Фэст чакаў дапамогі ад Агрыпы ў незнаёмых яму пытаньнях, але ці дасьць яму што-небудзь гэтае чаканьне?

Павал старанна гатаваўся да свайго выступу перад прысутнымі ў залі суда прэторыі і вызначыў, што гаворка будзе ісьці пра тое, што пры ўсёй розьніцы паміж Саўлам з Тарсу перад навяртаньнем і апосталам Паўлам пасьля навяртаньня, паміж імі даволі выразна выяўляецца і пераемнасьць. У гэтым сэнсе слова «навяртаньне» не зусім характэрнае для Паўла, бо сам апостал неаднаразова казаў, што ён ніколі не сумняваўся, што Бог Абрагама, Ісака і Якуба быў і застаецца адзіным Богам Творцай. Павал ніколі багоў не зьмяняў, як ніколі не зьмяняў і рэлігіі. Ён заўсёды кіраваўся тым, што Бог заўсёды абяцаў весьці свой народ да ўваскрасеньня. Асноўная ж багаслоўская розьніца паміж Саўлам і Паўлам у тым перакананьні, што адзін Чалавек ужо адрымаў уваскрасеньне, а для астатніх яно будзе ў будучым.

Калі, пасьля ўступнага слова, намесьнік сеў на сваё месца, Агрыпа прамовіў да Паўла: «Дазваляецца табе гаварыць за сябе». Тады Павал, выцягнуўшы руку, адказаў: «Валадару Агрыпа, я ўважаю сябе шчасьлівым, маючы сёньня адказваць перад табою адносна ўсяго, што закідаюць мне юдэі, тым больш, што ты знаўца ўсіх звычаях юдэйскіх і спрэчак. Дзеля гэтага прашу цябе выслухаць мяне доўгацярпліва. Дык вось, усё жыцьцё маё ад юнацтва, якое ад пачатку праходзіла сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе юдэі, ведаючы мяне раней, калі захочуць, засьведчаць, што я жыў як фарысэй паводле найдасканальнейшага накірунку набажэнства нашага. І цяпер стаю, як падсудны, за надзею на абяцаньне, дадзенае бацькам нашым ад Бога, асягнуць якое спадзяюцца дванаццаць каленаў нашых, служачы ўночы і ў дзень безупынна. За гэту надзею і абвінавачваюць мяне юдэі, валадару Агрыпа! Што? Вы судзіце, што неверагодна, каб Бог уваскрашаў мёртвых? Дык і я думаў у сабе, што я мушу шмат зрабіць супраць імя Ісуса з Назарэту, што і рабіў ў Ерусаліме, і, узяўшы ўладу ад першасьвятароў, я шмат сьвятых замыкаў у вязьніцу, і як іх забівалі, я даваў голас. І па ўсіх сынагогах, шмат караючы іх, я змушаў іх блюзьніць, і, яшчэ больш разьярыўшыся супраць іх, перасьледаваў нават і ў чужых гарадах».

Лука, як заўсёды, ўважліва слухаў прамоўцаў, робячы паметкі ў сваім папірусе. Як валадар і ганаровы госьць рымскага намесьніка, Агрыпа першынствуе ў зборы, адкрываючы і закрываючы паседжаньне. Лука заўважыў, пры гэтым, цікавую дэлікатнасьць Агрыпы ў адносінах да Фэста, калі ён кажа да Паўла: «Дазваляецца (а не дазваляю) табе гаварыць пра сябе». Гэтая сцэна красамоўна характарызуецца наступнымі словамі: «Валадар у ланцугах і раб на пасадзе». Агрыпа гэтаму і адпавядаў у параўнаньні з Паўлам, які быў вольны духам і высока ўзносіўся крыламі веры па-над зямным існаваньнем. Павал, ужо вопытны прапаведнік, ведаў як узмацніць уражаньне ад сваёй прамовы і таму ён, найперш, працягнуўшы руку пачаў свой хвалюючы аповяд пра тое, як ён стаў хрысьціянінам. Але, па-перш за ўсё, ён выказаў падзяку за магчымасьць распавесьці гэта чалавеку, які добра знаёмы са звычаямі і спрэчнымі пытаньнямі сярод юдэяў. І гэта ня трэба лічыць Тэртулавай лісьлівасьцю, бо гэта было толькі формай хрысьціянскай ветлівасьці, ды і проста праўдаю.

С самога свайго юнацтва апостал быў ўзорным фарысэем, што маглі пацьвердзіць многія юдэі, бо Павал жыў у строгай адпаведнасьці да Закону. І вось зараз яго судзяць за «злачынства», якое складалася з таго, што ён захоўваў надзею на абяцаньне, дадзенае ад Бога бацькам юдэяў у Старым Запавеце. Сапраўды, Бог заключаў розныя запаветы з правадырамі гебрайскага народу: Абрагамам, Ісакам, Якубам, Давідам і Салямонам. Галоўны ж запавет - гэта абяцаньне прышэсьця Мэсіі, Які вызваліць Свой народ і ўсталюе Валадарства ў-ва ўсім сьвеце. Але ўсе гэтыя людзі памерлі, не дачакаўшыся выкананьня гэтага абяцаньня. Ці азначае гэта, што Бог не выканае Свайго абяцаньня?

Павал кажа, што Бог зробіць гэта праз уваскрашэньне з мёртвых і такім чынам ён зьвязвае абяцаньні дадзеныя бацькам, з уваскрашэньнем. Апостал добра ведаў юдаізм, справядліва лічачы уваскрасеньне магістральным юдэйскім вучэньнем, але Лука не зусім зразумеў, што меў на ўвазе Павал, калі казаў пра дванаццаць каленаў Ізраіля, бо, як вядома, гадоў восемсот таму дзесяць з іх былі выдалены з Ізраіля ў іншыя краіны, дзе і асіміляваліся. Магчыма Павал лічыў гэтыя калены ня згубленым, але асобным народам, служачым Богу і чакаючым абяцанага Збаўцу. Лука вырашыў, што гэта ёсьць тэма для асобнай размовы з апосталам, а зараз, у думках, ён вярнуўсяся да прамовы Паўла.

Дык з чаго складалася «злачынства» Паўла? Ён верыў, што Бог выканае Свае абяцаньні і таму пытаньне Паўла да Агрыпы і іншых прысутных абгрунтованае і лагічнае: «Што неверагоднага ў тым, каб Бог уваскрашаў мёртвых?» З Ісуса пачаў стварацца новы Божы сьвет, бо пачалі зьдзяйсьняцца абяцаньні Госпада, згодна якім усе народы павінны атрымаць дабраславеньне праз Абрагама. І ў гэтым новым сьвеце сталася тое, што нейкія рэчы, якія юдэі лічылі вечнымі, на самой справе часовыя. Падрабязна пра гэта апостал ужо казаў у лісьце да галятаў: «Але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб абяцаньне з веры Ісуса Хрыста было дадзена тым, якія вераць. А перш, чым прыйшла вера, мы былі пад аховаю Закону, замкнёныя дзеля атрыманьня веры, якая мела адкрыцца. Так што Закон стаўся нашым выхавацелем да Хрыста, каб нам быць апраўданымі з веры. А калі прыйшла вера, мы ўжо не пад выхавацелем, бо ўсе вы - сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса. Бо ўсе тыя, хто ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Няма ані юдэя, ані грэка, няма ані слугі, ані свабоднага; няма ані мужчыны, ані жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе. А калі вы - Хрыстовыя, дык вы - насеньне Абрагама і паводле абяцаньня - спадкаемцы».

Павал зноў вяртаецца да свайго папярэдняга жыцьця і кажа пра тую жорсткую барацьбу, якую ён вёў супраць пасьлядоўнікаў хрысьціянскага вучэньня. Усімі сіламі ён процістаяў Ісусу з Назарэту і таму ўладаю, дадзенай яму першасьвятарамі, ён многіх хрысьціянаў у Ерусаліме аддаваў у вязьніцы і даваў свой голас за іхняе забойства. Тагачасны Павал знаходзіў гэтых людзей па сынагогах і, аддаючы на мукі, рабіў усё, каб змусіць іх блюзьніць супраць Ісуса Хрыста і адступіцца ад свайго Госпада. Павал ня кажа пра вынікі гэтага націску, бо, хутчэй за ўсё, у яго гэта не атрымлівалася. Але ягоная нянавісьць да вучняў Ісуса была такой высокай, што перасьлед хрысьціянаў распаўсюдзіўся і на іншыя гарады. Але, у хуткім часе, у жыцьці Паўла ўсё кардынальна зьмянілася.

Павал зрабіў невялікую паўзу і, паглядзеўшы на прысутных, працягнуў: «І з гэтым, ідучы ў Дамаск, з уладаю і дазволам ад першасьвятароў, пасярод дня, валадару, убачыў я на шляху сьвятло з неба, ярчэйшае за зьзяньне сонца, якое асьвяціла мяне і тых, што ішлі са мной. А калі ўсе мы ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які гаварыў да мяне і казаў на гебрайскай мове: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне? Цяжка табе супраць ражна ўпірацца”. А я сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” Ён жа сказаў: “Я - Ісус, Якога ты перасьледуеш; але паўстань і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб выбраць цябе паслугачом і сьведкам таго, што ты бачыў і што Я зьяўлю табе, вырываючы цябе з народу гэтага і паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе, каб адчыніць вочы іхнія, зьвярнуць ад цемры да сьвятла і ад улады шатана да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі адпушчэньне грахоў і жэрабя сярод асьвечаных”. Адгэтуль, валадару Агрыпа, я ня быў не паслухмяным відзежу нябеснаму, але абвяшчаў спачатку жыхарам Дамаску і Ерусаліму, а пасьля ўсёй краіне юдэйскай і паганам, каб навярнуліся і зьвярнуліся да Бога, робячы ўчынкі, вартыя навяртаньня. За гэта юдэі, схапіўшы мяне ў сьвятыні, спрабавалі забіць мяне. Але я, атрымаўшы дапамогу ад Бога, да гэтага дня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога звыш ня кажучы, як што гаварылі прарокі і Майсей, што мае стацца: што Хрыстос мае пакутаваць і як Першы з уваскрасеньня мёртвых мае прапаведаваць сьвятло народу гэтаму і паганам».

Лука, слухаючы ўжо трэцюю прамову настаўніка ў гэтай залі, вызначыў пра сябе гэтыя прамовы як адну мелодыю, якая раскладзена, пры гэтым, на тры галасы. Кожны музыка, ды і ня толькі, ведае, што простая мелодыя, раскладзеная на галасы, гучыць нашмат багацей, а значыць і ў большай гармоніі. Як разумець у гэтым Луку? Калі Павал пачынае распавядаць пра сваю сустрэчу з Ісусам, тут і чуецца гэтая мелодыя. Расклад жа на гэтыя галасы пачаўся значна раней, а зараз гэтая мелодыя атрымала канчатковае і непаўторнае гучаньне. Лука не прысутнічаў пры навяртаньні Паўла, але чуў першы голас гэтай мелодыі ад самога Паўла. Ён чуў другі голас як прамову перад гебраямі ў Ерусаліме і вось зараз ён чуе прамову Паўла перад Агрыпай і Фэстам у Цэзарэі, як трэці голас гэтай цудоўнай мелодыі.

Тры прамовы Паўла - гэта тыя тры галасы, якія расклаў Лука, каб людзі адчулі Паўлавы твор у самой гармоніі. Чаму так сталася? Лука запісаў гісторыю навяртаньня Паўла са словаў апостала. Ён прысутнічаў пад час выступу Паўла перад юдэямі, калі тысячнік Лізі абараніў яго ад раз’юшаных суайчыньнікаў. І вось зараз Лука запісаў і ягоны выступ перад валадаром Агрыпаю, як трэці голас гэтага твору - высокі і гучны, што выказаў Ісус да Паўла: «Цяжка табе супраць ражна ўпірацца». Упіраліся супраць ражна - доўгай тычкі з металёвым наканечнікам быкі, якія не жадалі падпарадкоўвацца гаспадару, што было небясьпечна для непаслухмяных быкоў. Лука, яшчэ ды яшчэ раз, пракручваў у галаве сустрэчу апостала Паўла з Ісусам у трох варыянтах, каб адчуць усю паўнату пераўтварэньня Саўла ў Паўла. Так і склалася гэтая мелодыя Паўла, на тры галасы раскладзеная Лукою.

Але, дзеля чаго быў пакліканы Ісусам Павал? Як адказ на сваё ж асабістае пытаньне, Лука, у думках, вызначыў наступнае. Па-першае, ён павінен сьведчыць пра тое, што бачыў і чуў, і што ўбачыць і пачуе ў будучым ад Хрыста. І па-другое. Ён пасылаўся да паганаў, дзе ягоная задача, у сваю чаргу, падзялялася на чатыры, што ёсьць прычынаю атрыманьня Паўлам найбольшых непрыемнасьцяў з боку ўладаў і простых юдэяў спачатку ў Азіі і Грэцыі, а зараз і ў Юдэі. Але, што гэта за чатыры задачы?

Павал павінен адчыніць вочы паганам, як адчыніліся і Паўлавы вочы па дарозе ў Дамаск, каб яны навярнуліся ад цемры ў сьвятло, як гэта сталася з Паўлам пасьля непасрэднай сустрэчы з Госпадам і праз Ананію. Сэнс гэтага ня ў нейкім абстрактным «бачаньні сьвятла», але ў тым, што яны павінны прыняць адзінага і праўдзівага Бога ўсім сваім сэрцам.

Пагане павінны зьвярнуцца ад улады шатана да жывога і праўдзівага Бога, пра Якога Павал казаў паўсюль. І гэта кажа пра тое, што пагане могуць займець пакаяньне як дар ад Бога, бо гэта і абяцаў Ісус Хрыстос ад пачатку.

Яны атрымаюць прабачэньне грахоў - адзін з найвялікшых дароў дабравесьця. Сэнс гэтага дабравесьця ў тым, што ачышчаецца сумленьне і зьяўляецца пачуцьцё блізкасьці Бога, каб быць паўнавартаснымі чальцамі сям’і Ісуса Хрыста.

Каб праз веру ў Хрыста людзі атрымалі адпушчэньне грахоў і жэрабя сярод асьвечаных. Вось гэты шлях, бо, згодна Самому Ісусу, пагане прыналежаць да той жа сям’і, што і юдэі. Але праўдзівая сьвятасьць і чысьціня ўзьнікаюць толькі тады, калі сэрцы ачышчаюцца вераю, што можа быць як з юдэямі, так і з паганамі.

Павал тлумачыць Агрыпе, што ён павінен быў выконваць тое, што загадаў яму Бог. Менавіта так і павінен быў чыніць законапаслухмяны фарысэй, а Павал такім і быў. Павал дапамагаў паганам, па волі Бога, пазбаўляцца ідалаў і прыходзіць да Госпада праз пакаяньне. Здавалася б лагічным, што юдэі, Божы народ і дзеці Абрагама, павінны гэтаму радавацца, але апостал кажа пра адваротнае. Яны незадаволеныя гэтым. Бог жа быў з Паўлам, каб той выканаў прызначанае яму Госпадам, а сутнасьць гэтага зводзіцца да наступнага:

Вестка Паўла грунтуецца на Пісаньнях Ізраіля, якія былі дадзены Майсеем і прарокамі, а зараз дасягнулі сваёй кульмінацыі.

Вестка Паўла - гэта вестка пра Ісуса Мэсію, бо Ён і ёсьць выкананьне ізраільскай надзеі.

Вестка Паўла - гэта вестка пра пакуты Мэсіі і неабходнасьці гэтых пакутаў у межах Божага замыслу, выкладзенага ў Пісаньні і якія зьяўляюцца неабходнымі для збаўленьня ад грэху.

Вестка Паўла пра першага ўваскросшага з мёртвых. Лука не стамляецца казаць пра тое, што менавіта на Пасху пачалося Божае Валадарства. Са сьмерцю і ўваскрасеньнем Ісуса Хрыста.

Вестка Паўла пра тое, што Божае сьвятло для ўсіх людзей аднолькавае. Таму ўвесь сэнс Добрай весткі, з кропкі погляду Паўла, Лукі і наогул Новага Запавету, складаецца з таго, што ўсе людзі павінны адгукнуцца на заклік Госпада да пакаяньня.

Вестка Паўла яшчэ і ў тым, што Ісус Хрыстос, абяцаны ў Пісаньні, памёршы і ўваскросшы, і ёсьць чалавечы твар Адзінага і Жывога Бога. Так што пытаньне пра тое, што Ісус – Сын Божы было выключна важным для Паўла з таго незабыўнага дня каля Дамаску, калі ён сустрэў Ісуса.

У заканчэньні сваёй прамовы Павал кажа прысутным, што яго, да гэтага часу, захаваў Бог, а таму ён і стаіць зараз перад судом у цэлым стане. Ці спадабаліся гэтыя словы Порцыю Фэсту? Лука ўважліва зірнуў на намесьніка, якому, як ён вызначыў, не да спадобы сталіся апошнія словы Паўла, бо значна прыніжалі ягоную асабістую заслугу ў тым, што гэты апостал паганаў стаіць тут у цэласьці, замест таго, каб быць забітым юдэямі ў Ерусаліме. І таму Фэст, моцным голасам і відзьмай раздражнёнасьцю прамовіў да Паўла: «Ты вар’яцееш Павал! Вялікая вучонасьць даводзіць цябе да шаленства». «Не вар’яцею, вяльможны Фэсьце», - паважліва адказаў апостал, - «Я не вар’яцею, але прамаўляю словы праўды і здаровага розуму, бо разумее гэта валадар, перад якім я гавару адважна, бо перакананы, што нішто з гэтага перад ім ня ўтоілася, бо нічога з гэтага ў закуцьці ня дзелася». Лука з задавальненьнем заўважыў, як разумна і дыпляматычна Павал перавёў сваю гаворку на Агрыпу: «Ці верыш ты прарокам, валадару Агрыпа? Ведаю, што верыш». Узьніклае напружаньне было зьнятае і Агрыпа вымушана адказаў Паўлу: «Ты мала не пераканаў мяне стацца хрысьціянінам». Павал жа адказаў яму, зьвяртаючыся да ўсіх прысутных у гэтай залі: «Маліў бы я Бога, каб па малу ці па многу, ня толькі ты, але і ўсе, што слухаюць мяне сёньня, сталіся такімі, як і я, акрамя гэтых путаў». І ён падняў у гору свае рукі, на якіх вісеў доўгі і лёгкі ланцуг, як знак свайго несправядлівага зьняволеньня.

Агрыпа не хацеў больш слухаць. Страх і раздражненьне ахапілі яго. І гэткая адмоўная рэакцыя была тым больш, чым больш ён унутрана схіляўся да Паўлавай праваты. Агрыпа рэзка ўзьняўся з месцу, каб хутчэй скончыць слуханьне гэтае справы. Бэрніка і ўсе набліжаныя да валадара таксама пасьпешна ўзьняліся і пасьпешна пайшлі за Агрыпай у суседні пакой, куды, сьледам за Агрыпай, зайшоў і Фэст. Намесьнік быў некалькі расчараваны тым, што так і не атрымаў падказкі ад Агрыпы наконт таго, што ён напіша цэзару адносна Паўла. Агрыпа ж, з хваляваньня, ня ведаў што параіць пракуратару і сказаў толькі тое, што ведаў і сам Фэст: «Можна было б вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не прызваў цэзара». Між тым слуханьне скончылася і вартаўнік адвёў Паўла ў ягоны пакой, а Лука, крыху затрымаўшыся ў залі і, будучы пад узьдзеньнем моцнага крыку намесьнікаа, напружана разважаў пра гэты фінальны эпізод у слуханьні.

Дык што так не спадабалася Фэсту ў словах Паўла, што ён, узьняўшы свой голас, закрычаў на апостала? Уяўляецца, што гэта былі тыя словы Паўла, дзе ён спасылаецца на дапамогу Госпада, Які абараніў і захаваў яго да гэтага часу, даючы магчымасьць нават і прапаведаваць. Лука ўявіў сябе на месцы няверуючага Фэста, які мог разважаць і так: « Як жа гэта так? Ці ня тысячнік Кляўды Лізі сілай вайскоўцаў абараніў Паўла ад разьюшанага натоўпу гебраяў, якія мелі намер забіць яго? І ці ня той жа Лізі ўначы, пад вялікай аховай, пераправіў Паўла ў Цэзарэю, бо даведаўся пра змову гебраяў супраць Паўла?. Ці ня Фэлікс адмовіў першасьвятару і старшыням выдаць ім Паўла ў Ерусалім, захаваўшы яго ў прэторыі? А ён, Порцый Фэст, колькі ўжо зрабіў для Паўлавай бясьпекі? Дзякуй табе Павал за гэткія словы. Ты вар’яцееш ад свай вучонасьці і зацыкленасьці на пропаведзі». Непрыемны момант, але як яшчэ мог рэагаваць няверуючы паганін Фэст, які цалкам спадзяваўся на сілу і ўладу чалавека? Павал жа, добра разумеючы думкі Фэста, вельмі дэлікатна адказаў намесьніку, пераводзячы свае словы да валадара Агрыпы, які, на думку Паўла, добра разумеў сказанае апосталам і ня бачыў у словах апостала ніякага шаленства. Больш таго, Агрыпа выказаў Паўлу амаль што неверагоднае: «Ты мала не пераканаў мяне стацца хрысьціянінам!» Якое ж тут вар’яцтва? Такім чынам канфлікт быў вычарпаным, а Фэст з Агрыпаю адыйшлі ў суседні пакой, каб правесьці выніковую нараду.

Як бы тое не было, разважаў Лука ідучы да Паўла, а агульнае ўражаньне ад прамовы Паўла засталося спрыяльным і віны за ім ніхто не палічыў. Але чаму усё ж Паўла не вызваляюць? Толькі таму, што ён патрабаваў суду цэзара? Але які суд, калі няма віны? Фэст цалкам мог выявіць асабістую сьмеласьць і вызваліць Паўла, бо ў Рыме ніхто ня ведаў пра існаваньне гэтага дзіўнага гебрайскага вязьня, які, да таго ж, ня быў у чым-небудзь вінаватым. Але ня ўсё так проста для Фэста, і Лука гэта разумеў, бо існавала яшчэ і першасьвятарская ўлада, якая мела магчымасьці паднесьці намесьніку пэўную неспадзёўку. Юдэі чулі, як Павал выкарыстаў права рымскага грамадзяніна, запрасіўшы суду цэзара і таму скарга ад першасьвятароў на гэтую справу магла лёгка пайсьці ў Рым, а гэта зусім непрыемна. Тым больш, што Фэст бачыў вялікую нянавісьць юдэяў да Паўла. Лука ведаў словы юдэяў да Понція Пілата, калі ён разглядаў справу Ісуса: «Калі адпусьціш Яго, ты ня сябра цэзару». Фэст не жадаў няміласьці свайго імператара. А потым, разважыў Фэст, калі грамадзянін апелюе да цэзара, ён ня толькі мае права на гэты суд, але і абавязаны стаць перад імператарам. Такім чынам перад Паўлам паўстае адзін накірунак - Рым.


Рецензии