Пленник Феликса
Юрыдычная дэмагогія. Так можна ахарактарызаваць план будучага выступу Тэртула. Ёсьць такая юрыдычная прафэсія - адвакат. Кожны, хто сустракаўся з гэтай дзейнасьцю ведае тое, што добры адвакат можа зрабіць неверагоднае і выйграць у судзе самую пройгрышную справу. Інструмантаў для гэтага шмат. Юрыдычнае і псіхалагічнае ўзьдзеяньне, перакручваньне фактаў, акцэнтаваньне дробязяў, якія становяцца значнымі, а таксама і лісьлівасьць перад судом, падкрэсьліваючы ягоную «сьвятую» непагрэшнасьць і «аб’ектыўную» справядлівасьць. Такія адвакаты вельмі дорага каштуюць і таму абслугоўваюць, як правіла, людзей заможных. Так ёсьць у сучаснасьці, але так было і ў старажытнасьці. Людзі, маючыя грошы і ўладу, здольныя наняць лепшых адвакатаў, якія здолеюць дасягнуць практычна любога рашэньня, неабходнага кліенту.
Пачаўся пяты дзень знаходжаньня Паўла ў прэторыі рэзыдэнцыі кіраўнікоў правінцыі Юдэя, у мінулым палацы Ірада Вялікага. Летняе сонейка ўзыходзіла рана і Павал ужо ня спаў, але маліўся да свайго Госпада, разважаючы пра існуючую сітуацыю тут, у прэторыі. Ён ужо ведаў тое, што яго верны Лука і ўсе іншыя ягоныя спадарожнікі ўжо тут, у горадзе. Філіп паклапаціўся пра вучняў і яны знаходзіліся ў ягоным доме, у малітве чакаючы таго, як будуць разьвівацца далейшыя падзеі. Гэтым ранкам яны былі асабліва ўстрывожанымі даведаўшыся, што дэлегацыя з Ерусаліму, на чале з першасьвятаром, прыйшла да Фэлікса, каб запатрабаваць Паўла на суд сынэдрыёну. Казалі, што разам з Ананіем прыйшоў і нейкі знакаміты рытар, які павінен быў упэўніць Фэлікса ў неабходнасьці перадачы Паўла ў рукі сынэдрыёну. Павольна бягучыя гадзіны дадавалі напружанасьці, але вучні, молячыся, пакорліва чакалі. А тым часам дэлегацыя з Ерусаліму ўжо ўваходзіла ў палац да Антонія Фэлікса.
Фэлікс вырашыў прыняць судовую дэлегацыю ў вялікай залі прыёмаў. Ён загадаў памочнікам сустрэць і размясьціць гасьцей на сьпецыяльна адведзеныя для гэтага месцы. Была дазволена таксама прысутнасьць вольных слухачоў, падкрэсьліваючы гэтым, што тут будуць разглядаць справу рымскага грамадзяніна. Лука, будучы грэкам, неадкладна скарыстаўся гэтым правам і, у хуткім часе, ужо знаходзіўся сярод прысутных вялікай залі прыёмаў. Прайшла гадзіна і толькі шэпт ды ціхая гаворка чуліся ў чаканьні пачатку паседжаньня. Нарэшце варта абвесьціла пачатак і ў залю хуткім крокам увайшоў Антоній Фэлікс - намесьнік цэзара ў Юдэі. Апрануты ў судзейскую мантыю, і аглядзеўшы прысутных, ён сеў на сваё месца, даючы варце знак увесьці Паўла. Памочнікі праводзілі падсуднага на вызначанае месца, каб ягоны твар быў бачны Фэліксу і баку абвінавачваньня. Падняўшы галаву, Павал уважліва агледзеў прысутных і сэрца яго ўзрадавалася, калі ён убачыў сярод прысутных такую родную постаць свайго сябра Лукі. Пранізьлівая цішыня яшчэ вісела ў залі, калі яе прарэзаў голас Фэлікса. Ён абвесьціў прысутным мэту гэтага паседжаньня і даў першае слова прадстаўніку дэлегацыі юдэяў.
Апошнюю гадзіну чаканьня пачатку паседжаньня Тэртул прыкметна хваляваўся, яшчэ і яшчэ раз абдумваючы пабудаваньне свайго выступу перад намесьнікам. Гатуючыся да гэтай прамовы ён улічваў усё: ад метадаў кіраваньня правінцыяй да асабістых рысаў характару Фэлікса. У выніку ж Тэртул вырашыў выкарыстаць лісьлівасьць, бо з намесьнікам, безумоўна, бяз гэтага абысьціся аніяк не атрымаецца. І вось, выйшаўшы на сярэдзіну залі, ён з пашанаю зьвярнуўся да Фэлікса: «Дазнаючы праз цябе вялікага спакою і дабрабыту, якія сталіся ў народзе гэтым праз тваю апеку, заўсёды і паўсюль прымаем мы гэта, вяльможны Фэліксе, з усёю ўдзячнасьцю. І каб табе шмат не дакучаць, прашу цябе коратка выслухаць нас паводле спагаднасьці тваёй. Бо, знайшоўшы, што муж гэты - пошасьць, будзіцель бунту сярод юдэяў па ўсім сусьвеце і правадыр герэзіі назарэйскае, які сьвятыню спакусіўся зьняважыць, мы затрымалі яго і хацелі судзіць паводле нашага закону. А тысячнік Лізі, прыйшоўшы, з вялікім гвалтам забраў яго з нашых рук, загадаўшы абвінавальнікам ягоным ісьці да цябе. Ад яго ты сам можаш, дасьледаваўшы ўсё гэта, даведацца, у чым мы вінавацім яго». Першасьвятар і ягоныя памочнікі ў голас падтрымалі гэтае абвінавачваньне, але ад Паўла ня ўкрылася тое, што сярод юдэяў няма тых, азійскіх, якія і закруцілі ўсю гэтую гісторыю.
Лука, стоячы паміж прысутных слухачоў, уважліва назіраў за рэакцыяй залі на выступ Тэртула. Ён бачыў, што лісьлівасьць рытара прыходзіцца да спадобы Фэліксу і гэта вельмі выразна адлюстроўвалася на ягоным твары. Лука таксама не губляў часу ў апошнія дні, вызнаючы ад Філіпа пра гэтага Фэлікса і ўнутрыпалітычныя абставіны у Юдэі. Філіп распавёў яму пра тое, што менавіта Фэлікс справакаваў крывавы бунт 52 году, які прынёс шмат гора народу Юдэі. І менавіта Фэлікс арганізаваў забойства былога першасьвятара Манафана на тэрыторыі Храма. Лука ведаў ня ўсё і таму тое, наколькі адпавядала рэчаіснасьці гэтая лісьлівая пахвала, для яго пытаньне спрэчнае, але бясспрэчна тое, што Тэртул, гэтым чынам намагаўся ўзьдзейнічаць на Фэлікса, каб вырашыць гэтае пытаньне на сваю карысьць. Спакой жа, пра які казаў Тэртул, існаваў у краіне ня больш чым фармальна, бо пад паверхняй гэтага спакою кіпела глыбокая незадаволенасьць, якая магла выплюхнуцца на паверхню ў любы момант. Яна і выплюхнецца, бо, ў самым хуткім часе, тыя ж гебраі прынясуць на яго свае скаргі цэзару, а яшчэ пазьней усё гэта выльецца ў паўстаньне супраць Рыму. Але зараз Тэртул, рассыпаючы лісьлівыя кампліменты перад Фэліксам, зьвяртае ўвагу на «спагадлівасьць» ваяводы, што таксама, мягка кажучы, было перабольшваньнем, але, тым ня меньш, падабалася Фэліксу. З большага.
Намесьнік уважліва слухаў Тэртула і, акрамя пэўных кампліментаў, яму чулася нейкая пагроза з боку першасьвятара: «Калі ты, Фэлікс, жадаеш спакойнага жыцьця і каб кожны займаўся сваёй справай, зьвярні ўвагу на гэтага чалавека, які ёсьць пошасьць і хадзячая праблема, бо бунтуе юдэяў па ўсім сьвеце, зьяўляючыся правадыром назарэйскае герэзіі». Ён бачыў тое, што пагардлівыя словы Тэртула пра хрысьціянства мелі сваёй мэтаю стварыць вобраз Паўла як правадыра нейкай секты, якая ўяўляе пагрозу Рыму. Фэлікс нічога не зразумеў пра назарэйскую герэзію, але бунт яму быў зусім не да патрэбы, бо гэта магло стаць канцом ягонай палітычнай кар’еры. Як бы Фэлікс не кіраваў, ён добра разумеў тое, што Рыму не патрэбны ніякі бунт, бо супакой прыносіў добры гандль і харчовую бясьпеку імперыі. Тэртул кажа, што Павал намагаўся зьняважыць Храм, а гэта, па вялікім рахунку, ніяк не чапала ваяводу, бо, што там казаць, ён і сам быў бы ня супраць гэты Храм зьнішчыць. Але зьневажэньне Храму было б найлепшым повадам для бунту і таму Тэртул з вялікай хітрынёй навешвае ўсё гэта на Паўла.
Фэлікс з задавальненьнем назіраў, як лоўка Тэртул упэўнівае яго, што Павал робіць усё, каб падпаліць супакой грамадзтва і што ён зрабіў бы гэта, каб яго не перапынілі юдэі. Павал абразіў рэлігію юдэяў, а таму ён павінен падлягаць суду сынэдрыёну. Тэртул паскардзіўся і на тысячніка Лізі, які пазбавіў іх іхняга законнага права і ў гэтым таксама праглядваецца хітрасьць таго, што Тэртул заклікае ваяводу вярнуць ім тое, чаго тысячнік іх несправядліва пазбавіў. Скарга на Лізі толькі выклікала ўнутраную ўсьмешку намесьніка, бо ён ведаў свайго падначаленага, як добрага і разважлівага службоўца.
Тэртул спадзяваўся, што рымляне прымуць бок прарымскай партыі садукеяў, а Фэлікс павядзецца на тую небясьпечную сумесь напалову праўды і перакручаных фактаў. Намесьнік, выслухаўшы Тэртула, даў таму знак сесьці на сваё месца і абвесьціў, што слова, у сваю абарону, мае Павал. Апостал выйшаў на тое ж месца, дзе толькі што стаяў Тэртул і, зьвяртаючыся да Фэлікса сказаў: «Ведаючы, што ты шмат год судзьдзя гэтага народу, я ахвотней буду адказваць адносна справы маёй. Ты можаш даведацца, што ня больш, як дванаццаць дзён прайшло, як узыйшоў я пакланіцца ў Ерусалім. І ані ў сьвятыні не знайшлі мяне, што я з некім вяду гутарку ці бунтую натоўп, ані ў сынагогах, ані ў горадзе, і яны ня могуць давесьці таго, у чым цяпер вінавацяць мяне. Але прызнаюся табе, што паводле шляху, які яны гэрэзіяй называюць, я гэтак служу Богу бацькоў, верачы ўсяму, што напісана ў Законе і ў Прарокаў, маючы надзею на Бога, што мае быць уваскрасеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго яны і самі чакаюць. Дзеля гэтага я сам намагаюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі. Праз шмат год я прыйшоў чыніць міласьціны для народу майго і дары. Пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні некаторыя юдэі з Азіі, а не з натоўпам і не з замяшаньнем. Яны мусяць прыйсьці да цябе і абвінавачваць, калі нешта маюць супраць мяне. Або самыя гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне якую крыўду, калі я стаяў перад сынэдрыёнам. Ці адно тое слова, якое я крыкнуў, як стаяў сярод іх, што сёньня вы судзіце мяне за ўваскрасеньне мёртвых».
Лука, слухаючы настаўніка, уважліва назіраў за рэакцыяй бакоў на словы Паўла. Ён выразна бачыў войстры позірк Фэлікса пасьля словаў Паўла пра міластыню і дары для Ерусаліму. Не схавалася ад яго і нярвовасьць Тэртула, які вызначыў, што Павал вельмі трапна выкарыстаў адсутнасьць асноўных абвінавачвальнікаў - юдэяў з Азіі. Луку гэтыя абставіны ніяк не зьдзівілі, бо ён добра ведаў методыку дзеяньняў гебраяў дыяспары - заварыць кашу, падбухторыць натоўп і зьнікнуць ад адказнасьці. Ён з задавальненьнем адзначыў і спакойны стан Паўла, які адказваў на абвінавачваньні без раздражненьня і з розумам. Першасьвятар і старшыні напружана чакалі разумеючы, што лёгкай перамогі не атрымаецца. А ці атрымаецца яна і ўвогуле? Тэртул, ня кажучы нікому нічога, як падалося Луке, унутрана ужо падгатаваўся да гэтай юрыдычнай паразы.
Павал жа, меньш за ўсё думаючы пра паразу ці перамогу, жадаў данесьці да ўсіх важную маральную, багаслоўскую і біблейскую праўду. Для яго хрысьціянства - не адыход ад Пісаньня і юдэйскай традыцыі невядома куды, але гэта ёсьць Шлях, праз Які выконваюцца Божыя абяцаньні. Адпаведна і тое, што Павал не адступнік, але чалавек, які адданы юдаізму, бо заўсёды казаў, што Ісус не адвярнуў яго ад веры бацькоў, але адкрыў сапраўдны сэнс і твар Бога Абрагама. Зусім яшчэ нядаўна Павал казаў пра сваё былое жыцьцё і пра тых , хто падзяляе кропку погляду, якую ён і сам калісьці падзяляў. Ён казаў, што яны маюць руплівасьць па Богу, але яны ня ў згодзе з веданьнем: «Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, але не паводле пазнаньня».
Для Паўла пазнаньне Бога ў Ісусе Хрысьце азначала не здраджаньне веры продкаў, але самае глыбокае прытрымліваньне яе. У прыватнасьці і тут прамова Паўла падзяляе асноўную надзею юдаізму. Безумоўна тое, што яе падзялялі ня ўсе, як Павал і ведаў, але тут ён выступае дзёрзка і правакацыйна: ці адважацца садукейскія першасьвятары не пагадзіцца з гэтай надзеяю? Уваскрасеньне праведных і няправедных ня ёсьць нейкім дзіўным вучэньнем. Яно непарыўна зьвязана з канчатковым Божым судом над усім сусьветам. Такая і ёсьць вялікая надзея Ізраіля: «Скажэце народам: “Валадарыць Госпад! Таму сусьвет цьвёрды, не пахісьнецца. Ён будзе судзіць народы па праўдзе. Хай весяляцца нябёсы, і хай радуецца зямля; хай шуміць мора і ўсё, што ў ім; хай радуецца поле і ўсё, што на ім, і хай сьпяваюць тады ўсе дрэвы ў дубровах прад абліччам Госпада, бо ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет па праўдзе, і народы паводле праўды Сваёй”».
Бог Творца, Які ў будучым закліча ўвесь сьвет да адказу, даручыў чалавечым уладам зьдзяйсьняць хоць частку гэтай справядлівасьці. Улады ж часам адпавядаюць свайму прызначэньню, а часам і не, а таму народ Божы павінен ня толькі абараняцца, але і нагадваць чынавенству пра іхнія абавязкі. Уваскрасеньне - ня толькі цэнтр хрысьціянскае веры, але і тое, што ляжыць у аснове хрысьціянскага тлумачэньня таго, навошта патрэбныя зямныя судзьдзі. Павал добра памятаў пра даволі частыя судовыя працэсы над ім і гэта зусім не выпадковасьць. Эвангельле вучыць, што Бог выправіць сьвет і што гэты працэс пачаўся ад нараджэньня Ісуса, а скончыцца з другім Ягоным прышэсьцем. Што ж павінна быць у гэтым прамежку? Хрысьціянскае жыцьцё. Камфортнага існаваньня чакаць ня варта і ня трэба думаць, што хрысьціянская пропаведзь будзе сустрэтая ўсеагульным ухваленьнем. Калі аднаўленьне сьвету сапраўды праходзіць праз хрысьціянаў, дык можна чакаць рознае. Як пакутніцтва, так і апраўданьне.
Адсюль зразумела, чаму Павал паўтарае сказанае ў сынэдрыёне. Ён намагаецца жыць з чыстым сумленьнем, бо будзе вялікае выпраўленьне, а калі так, дык лепш тут і зараз, жыць без плямаў на сумленьні. Так, памылак не пазьбегнуць, але заўсёды трэба іх вызнаваць, што Павал і рабіў, калі нічога не рабіў суперак Божай волі ці на шкоду іншым людзям. Калі ж хто і лічыць Паўла бунтаром, няхай зьвярнецца да ягонага звароту да карынцянаў: «Дык ці ясьцё, п’іцё, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую. Ня станьцеся спатыкненьнем ані для юдэяў, ані для грэкаў, ані для царквы Божай. Як і я дагаджаю ўсім у-ва ўсім, шукаючы не для сябе карысьці, але для многіх, каб яны былі збаўленыя». Гэтым правілам Павал намагаўся кіраваўся заўсёды, таму і кажа гэтыя словы: «Дзеля гэтага я сам намагаюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі».
Лука адарваўся ад сваіх думак і ўважліва паглядзеў на Фэлікса, які, як бачылася, напружана разважаў пра тое, што ён бачыў і чуў у гэтай залі. Улічваючы ўсе гэтыя факты, думаў той, можна сьцьвярджаць, што абвінавачваньні супраць Паўла ня маюць сваёй асновы. Застаюцца абвінавачвальнікі, юдэі з Азіі, якія сьцьвярджалі, між тым, што Павал увёў паганіна ў Храм. Але, дзе яны? Ці могуць яны пацьвердзіць абвінавачваньне супраць Паўла? Ніяк, а таму лісьлівыя словы рытара хаця і клаліся цяплом на сэрца, але ня здольныя былі падштурхнуць Фэлікса не паверыць свайму тысячніку і аддаць рымскага грамадзяніна гэтым юдэям. Нарэшце, узьняўшыся, ён адарваўся ад сваіх думак і прамовіў да ўсіх прысутных: «Дакладней даведаўшыся пра шлях гэты, як прыйдзе тысячнік Лізі, разглежу справу вашую».
Ваявода Фэлікс адклаў гэтую справу па фармальнай прычыне - не было галоўных абвінавацеляў з Азіі, а таму ня можа быць ніякага прысуду. Фэлікс, між тым, за гэтыя пяць дзён да прыходу першасьвятароў, быў добра падгатаваны і наперад ведаў, што ніякае віны за Паўлам няма. Ліст тысячніка Кляўдыя Лізі пра невінаватасьць Паўла значна пераважвала лісьлівыя словы да Фэлікса і абвінавачваньне Паўла ад Тэртула. Гэта па-першае. А па-другое, Фэлікс ведаў пра хрысьціянства нашмат больш, чым уяўлялі сабе першасьвятар і старшыні сынэдрыёну. Фэлікс жыў у Цэзарэі даволі працяглы час і ў яго склалася сваё меркаваньне пра хрысьціянскае вучэньне, якое ніяк не цягнула на грамадзкае зло.
Менавіта тут атрымаў Сьвятога Духа праз Ісуса Хрыста сотнік Карнэль, менавіта тут працяглы час прапаведаваў Філіп, а ўсё гэта кажа за тое, што хрысьціянскае грамадзтва было значным і якое не парушала законаў Рыма, прапаведваючы любоў і цярплівасьць. Але, Фэлікс ёсьць Фэлікс. Ён не апраўдаў Паўла, каб ня выклікаць праблемаў з боку юдэяў, і, каб падтрымаць супакой у грамадзтве, вырашыў, што найлепшым рашэньнем будзе атсутнасьць гэтага рашэньня. Фэлікс звыкла зхітрыў, не намерваючы нават і выклікаць тысячніка, бо Лізі, у сваім лісьце, выказаў сваю думку вельмі выразна.
Дык вось, Фэлікс апынуўся, як кажуць, з рымскім грамадзянінам на руках. Зьняволеньне пад варту не зьяўлялася пакараньнем, пакуль працягваецца сьледства, тым больш, што Павал атрымаў адносную волю ад Фэлікса бачыцца з братамі і перасоўвацца па тэрыторыі прэторыі. Намесьнік ня меў з Паўлам ніякіх праблемаў, таму што рымская сістэма зьняволеньня ня мела опцыі харчаваньня вязьняў, бо ўскладала гэта на родных і блізкіх зьняволенага. Хітры ж Фэлікс, каб скласьці ўражаньне працягу сьледства, час ад часу, пасылаў за Паўлам і гутарыў з ім у прыватных размовах. Але, як вызначыў Павал далей, большасьць гэтых сустрэч насілі характар намёкаў на хабар, каб Павал атрымаў сапраўдную волю. Лука, будучы побач, запісаў гэтую першую, пасьля суду, сустрэчу Фэлікса з Паўлам. Можа таму, што разам з Фэліксам, на гэтай сустрэчы, прысутнічала ягоная жонка Друзіла.
Друзіла - жонка Фэлікса, была дачкой Ірада Агрыпы I. Таго самага Агрыпы, які забіў апостала Якуба, намагаўся забіць Пятра і які раптоўна памёр у Цэзарэі ад жудаснай хваробы. Друзіла, вельмі прыгожая дваццацігадовая жанчына, спачатку была жонкай Эмэскага валадара ў Сірыі, але Фэлікс, пры дапамозе чараўніка кіпрыйца Сымона ўгаварыў Друзілу парваць сужонства з мужам і шлюбавацца з ім. Сам жа Фэлікс, дзеля гэтага, парваў шлюб з жонкай, якая зьяўлялася ўнучкай Антонія і Клеапатры. Менавіта так гэтую гісторыю распавядае Язэп Флавій. Дык вось Фэлікс: «Паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Хрыста». Ня дзеля судовай абароны паклікаў і слухаў Паўла Фэлікс, але зацікавіўшыся ягонай асобаю і хрысьціянскім вучэньнем. Ініцыятарам гэтай сустрэчы і была гэтая юдэйка Друзіла, якая, па ўсёй верагоднасьці, шмат што чула пра Хрыста і хрысьціянаў. Прыйшоўшы ж на сустрэчу Павал казаў ім пра тры рэчы: праведнасьць, стрыманасьць і будучы суд. Павал ведаў, што казаць гэтым людзям, бо пропаведзь Паўла заўсёды ўлічвала духоўны стан слухачоў, адказваючы ня толькі іхняй зацікаўленасьці хрысьціянствам, але кранаючы і тое, што яны, магчыма, пачуць і не жадалі. Гэта прыклад для ўсіх людзей, бо менавіта такой і павінна быць хрысьціянская пропаведзь, дзе кранаюцца такія куткі сэрца чалавека, за якія сорамна і балюча.
Праведнасьць, стрыманасьць і будучы суд. Несправядлівы, хітры, жорсткі ды падступны Фэлікс ня мог не адчуваць дакораў сумленьня, калі Павал казаў пра праведнасьць, а Друзіла не магла не чырванець, слухаючы, як Павал кажа пра ўстрыманьне. Для іх жа абоіх павінна было ўявіцца вельмі жахлівым абвяшчэньне Паўла пра будучы і жахлівы суд. Горды ваявода пасьпяшаўся прыпыніць гэтую грозную для ягонага сумленьня гаворку і адправіў ад сябе Паўла пад ранейшы нагляд. Так, Фэлікс яшчэ ня раз выклікаў Паўла, але, ня дзеля праўды, а дзеля магчымага атрыманьня хабару. Фэлікс чуў ад Паўла, што той прывёз у Ерусалім немалыя сродкі ахвяраваньня на карысьць тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Ён ведаў таксама, што Павал выдаткаваў ахвяры за трох хрысьціянаў у Храме, а гэта, як кажуць, грошы таксама немалыя. І ўсё гэта магло азначаць, што Павал мае грошы, каб купіць сабе волю. У рэшце рэшт у Цэзарэі існавала значная групоўка хрысьціянаў, сярод якіх было шмат і заможных людзей, якія лёгка маглі сабраць пэўную колькасьць грошаў, каб адкупіць Паўла на волю.
Але што Павал? Ён быў невінаваты і не жадаў купляць сабе волю нейкім недазволеным чынам. Не дазваляў сабе Павал і скарыстацца любоўю хрысьціянаў Цэзарэі, што мелі магчымасьць сабраць грошы, якіх не было ў Паўла. Ён не жадаў прымешваць да Божага наканаваньня адносна свайго лёсу сумнёўныя чалавечыя сродкі і таму аддаваў перавагу шчырую няволю волі вінаватай. І з гэтага было бачна, як побач з прыгажосьцю душы Паўла, вымалёўваецца агіднае сумленьне і сквапнасьць Фэлікса, які, добра ведаючы невінаватасьць Паўла, трымаў яго пад арыштам, да апошняга спадзяючыся на хабар за вызваленьне апостала. Так што спасылкі на тое, што Фэлікс трымаў Паўла, каб не хваляваць першасьвятароў і не ўздымаць напружаньне сярод юдэяў крытыкі не вытрымліваюць, бо, нягледзячы ні на якіх юдэяў, ваявода быў гатовы за грошы вызваліць апостала Паўла.
Але не атрымалася і, праз два гады, Фэлікс быў адкліканы ў Рым пасьля скаргаў на яго юдэяў і заменены на Порцыя Фэста. Імператар Нэрон адклікаў Фэлікса, дзе яго чакала сур’ёзнае пакараньне, але, як было вядома, брат Фэлікса Палас быў набліжаным да цэзара, а таму і сталася магчымым гэтага пакараньня пазьбегнуць. Новы гаспадар рэзыдэнцыі ў Цэзарэі, у адрозьненьні ад Фэлікса, быў рымскім патрыцыем. Ад Флавія вядома, што быў ён на гэтай пасадзе зусім невялікі тэрмін і памёр праз два гады. Флавій характарызуе Фэста нашмат лепш за ягонага папярэдніка, што ж тычыцца Паўла, дык ён застаўся, па волі Фэлікса, у зьняволеньні. Безумоўна, што гэтыя два гады былі для Паўла сур’ёзным выпрабаваньнем, бо ягоная дзейная натура патрабавала нашмат большага чым эвангелізацыя сярод рымлянаў на тэрыторыі прэторыі, што, ведаючы Паўла, было бяз усякага сумненьня.
Але як быць з тым, што абяцаў яму Госпад. Ісус ясна абяцаў, што Павал будзе сьведчыць пра Яго ў Рыме. І дзе ўсё гэта? Адказу пакуль што няма, але Павал шмат маліўся і зьвяртаўся да псальмаў, атрымліваючы падтрымку, суцяшэньне і адлюстраваньне сваіх пачуцьцяў: «Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я - як посуд разьбіты, бо чую ліхаслоўе многіх; адсюль жудасьць, калі яны змаўляюцца супраць мяне, намышляюць вырваць душу маю. А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; я кажу: “Ты мой Бог. У Тваёй руцэ дні мае; вызвалі мяне ад рукі маіх ворагаў і ад тых, што гоняць мяне. Пакажы сьветлае аблічча Тваё рабу Твайму; уратуй мяне літасьцю Тваёю”».
У выніку Павал дасягне Рыму і адправіць яго туды Порцый Фэст. Як вязьня. Але Бог і не абяцаў яму лёгкага ды прыемнага вандраваньня, а Павал, між тым, быў гатовы падзяліць з большасьцю чалавецтва іхнюю долю, распавядаючы пра Госпада Ісуса Хрыста. Магчыма, што гэта і ёсьць часткаю выпраўленьня гэтага сьвету.
Свидетельство о публикации №226021500285